Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:

belorusy

.doc
Скачиваний:
23
Добавлен:
22.02.2016
Размер:
537.6 Кб
Скачать

На рубяжы XIX—XX стст. у Расіі з'яўляецца кінематограф (ілюзіён). Першыя відавыя і хранікальныя фільмы дэманстраваліся ў 1896 г. у Пецярбургу, затым у Маскве222. А ў 1898 г. хранікальнае здыманне праводзілася ўжо ў Беларусі. 3 пачатку стагоддзя наведванне кінематографа пачынае ахопліваць усё большую колькасць гараджан. Напрыканцы першага дзесяцігоддзя XX ст. кінатэатры меліся ўжо ў кожным буйным горадзе Беларусі. У 1912 г. у Мінску, напрыклад, працавалі тры кінатэатры: «Гігант», «Эдэн» і «Мадэрн», у якіх дэманстраваліся кароткаметражныя неагучаныя фільмы пераважна замежнай вытворчасці223.

Жыхароў невялікіх населеных пунктаў з кінастужкамі калі-нікалі знаёмілі ўласнікі перасовачных кінаўстановак. Справа гэта давала, відаць, някепскі даход, бо гродзенскі губернатар атрымліваў шмат прашэнняў аб дазволе дэманстраваць фільмы па гарадах і мястэчках губерні . Кінематограф аказаў станоўчы ўплыў на культуру сярэдніх слаёў гараджан, таму што сярод першых кінастужак многія спрыялі выхаванню ў гледачоў мастацкага густу, росту інтарэсу да творчасці класікаў рускай і замежнай літаратуры.

Аднак сацыяльная размежаванасць і карпаратыўнасць у формах правядзення вольнага часу захоўваліся і ў пачатку XX ст. У рабочых аб'ём вольнага часу быў вельмі нязначным. Працоўны дзень на прамысловых прадпрыемствах і ў саматужных майстэрнях звычайна пачынаўся ў 6 гадзін раніцы і заканчваўся ў 18-18.30. Гаспадары часта прымушалі працаваць яшчэ і звышурочна225. Цяжкая шматгадзінная праца, непісьменнасць значнай часткі рабочых прыводзілі да таго, што асноўнае месца ў іх вольным часе займаў пасіўны адпачынак, неабходны для ўзнаўлення сіл.

Вольны час рабочыя звычайна праводзілі ў хатніх клопатах: нарыхтоўвалі дровы, працавалі ў агародзе, займаліся рамонтам і будаўніцтвам жылля, дапамагалі жанчынам у наглядзе за дзецьмі і г. д. Некаторыя маладыя работніцы і рабочыя бралі ўрокі танцаў у прыватных настаўнікаў, наведвалі вечарынкі, нядзельныя школы пры гарадскіх народных вучылішчах.

У зімовы час вечарынкі былі самай распаўсюджанай формай правядзення моладдзю вольнага часу. Круг наведвальнікаў вечарынак не выходзіў за межы адной вуліцы або некалькіх хат. Да каго-небудзь у прасторнуго хату запрашалі гарманіста, скрыпача або цымбаліста і пад іх акампанемент спявалі гарадскія песні і рамансы, танцавалі кадрыль, полькі, падыспан, вальсы, часам скакалі «Лявоніху», «Казачка», «Рускага», «Барыню». Збіраліся звычайна па суботах, у выхадныя і святочныя дні. Частка маладых рабочых-мужчын многа часу аддавала баўленню ў вулічных кампаніях, некаторыя часта наведвалі шынкі, корчмы, вечарамі на грошы гулялі ў карты.

У гарадскіх слабодах у маладзёжных формах выкарыстання вольнага часу захоўваліся шмат якія вясковыя традыцыі. Там круг удзельнікаў вечарынак быў значна шырэйшы, моладзь на іх збіралася амаль з усёй слабады. Вечарынкі арганізоўваліся ў хатах, гаспадарам якіх плацілі ў складчыну за карыстанне памяшканнем. Па вясковай традыцыі дзяўчаты бралі з сабой якое-небудзь рукадзелле. Паміж працай спявалі розныя песні, танцавалі гарадскія і народныя танцы, распаўсюджаныя ў навакольных вёсках. У святы слабодскія дзяўчаты, як і ў вёсках, прыносілі на вечарынкі закуску, а хлопцы — семкі, арэхі. Хлопцаў з гарадскіх вуліц на свае вечарынкі не пускалі, а дзяўчатам не дазвалялі «гуляць» з гарадскімі кавалерамі.

Пачыналіся вечарынкі рана, як толькі цямнела, і заканчваліся да поўначы, бо вельмі рана патрэбна было ісці на работу. Толькі ў святочныя дні танцы, спевы і весялосць працягваліся на вечарынках амаль да раніцы.

У асяроддзі чыноўнікаў, купцоў і заможных мяшчан, як і ў сярэдзіне стагоддзя, вечарынкі моладзі вызначаліся вузкім і адобраным бацькамі колам удзельнікаў. На такія вечарынкі гаспадары запрашалі дзяцей сваякоў, сябровак дачок і хлопцаў са свайго сацыяльнага асяроддзя. Пры гэтым усе маладыя лгодзі павінны былі мець «добрыя манеры» і сціпла сябе паводзіць, інакш ім «адказвалі ад дома». Разам з моладдзю часта запрашаліся і іх бацькі, якіх гаспадары, пакуль моладзь весялілася, у другім пакоі займалі гутаркай, гульнёй у карты, частавалі чаем. На такіх вечарынках бацькі ўважліва назіралі за моладдзю, падбіраючы дачцэ або сыну выгадную шлюбную «партыю».

Акрамя вечарынак мяшчанская моладзь амаль штодзённа збіралася па вечарах невялікімі таварыскімі кампаніямі для сумеснага баўлення часу. Звычайна прыходзілі дзяўчаты і хлопцы, што жылі па суседству. Такія сустрэчы на поўдні і паўднёвым захадзе Беларусі атрымалі назву «прывашак». На іх маладыя людзі дзяліліся гарадскімі навінамі, спявалі модныя гарадскія рамансы і песні, танцавалі пад грамафон ці фартэпіяна, гулялі ў розныя хатнія маладзёжныя гульні, з якіх найбольш пашыранымі былі «флірт» (гульня з наборам картак, на адной палове якіх былі надрукаваны пытанні, а на другой – адказы), гульні з фантамі, адгадкамі, у «мышку», «сапсаваны тэлефон» і г. д.

Кожны з удзелыіікаў гульні «ў фанты» клаў у капялюш, вазу, міску дробную рэч (грабеньчык, шпільку, ножык, гузік і інш.). Адзін з гульцоў з зажмуранымі вачыма наўгад вымаў адну з гэтых рэчаў і рабіў яе гаспадару жартоўны прысуд нешта зрабіць – спець песню, расказаць гісторыю, пацалаваць каго-небудзь з удзельнікаў гульні і г. д.

Пры гульні «ў сапсаваны тэлефон» усе ўдзельнікі садзіліся ў рад на лаўцы, канапе, крэслах. Крайні з канца лічыўся «тэлефаністам». Ён ідіха гаварыў на вуха сядзячаму побач якое-небудзь слова, той перадаваў яго суседу, і так да канца ланцужка ўдзельнікаў. Апошні з гульцоў называў слова, і, калі яно было названа няправілыіа, «тэлефаніст» шукаў вінаватага. Хто першы ад «тэлефаніста» перадаваў суседу слова няправільна, садзіўся на месца «тэлефаніста» і гульня ішла па другому кругу.

Масавым відам зімовага баўлення часу ў канцы XIX – пачатку XX ст. у гарадской моладзі стала наведванне каткоў, якія заліваліся ў гарадскіх садах (парках), на плошчах. На каткі хадзілі кампаніямі, у асноўным прадстаўнікі сярэдніх і заможных колаў гараджан, маладыя рабочыя, гімназісты, студэнты.

Усё большую папулярнасць сярод гарадской моладзі ў каніды XIX –пачатку XX ст. набываюць вячэрнія гулянні па цэнтральных вуліцах, у гарадскіх садах, па набярэжных рэк. Асноўнымі месцамі гарадскіх шпацыраў у гэты час у Мінску былі Захар'еўская вуліца і Вялікі сквер, у Гомелі – Румянцаўская вуліца, Бабруйску – Мураўёўская, Пінску – Вялікая Кіеўская (для праваслаўных і католікаў) і Завальная (для яўрэйскай моладзі). Гімназістам прымаць удзел у вячэрніх вулічных гуляннях дазвалялася толькі па святах. Для іх у гімназіях па суботах наладжваліся вечары з танцамі, на якія ў мужчынскія гімназіі запрашалі дзяўчат з жаночых гімназій і наадварот.

Матэрыяльная незабяспечанасць дробных чыноўнікаў, настаўнікаў школ і вучылішч прымушала іх траціць шмат сіл і часу на здабыванне дапаможных сродкаў існавання. «Вячэрняя праца існуе не толькі ў казённых установах, – пісаў карэспандэнт «Гродзенскіх губернскіх ведамасцей» у 1901 г., – але і ў земскіх управах, асабістых канторах. У правінцыі вячэрнія заняткі зрабіліся звычайнай з'явай, амаль абавязковай для ўсіх канцылярыстаў. Чыноўнік, які прасядзеў у канцылярыі з 10 да 3 гадзін дня, у 6-7 гадзін вечара ўжо зноў у канцылярыі, дзе працуе разам з усімі да 9-10 гадзін вечара. Такім чынам абавязковы 5-гадзінны працоўны дзень ператвараецца ў 8-гадзінны. Дадому кан-цылярыст ходзіць толькі абедаць і спаць, але адпачынку фактычна не існуе, паколькі некаторыя бяруць яшчэ працу на дом»227.

Такая праца падрывала здароўе, пазбаўляючы дробных чыноўнікаў магчымасці паўнацэнна карыстацца дасягненнямі прафесійнай культуры (літаратурай, тэатрам, музыкай і г. д.).

Па меры развіцця на Беларусі капіталістычных адносін і нарастаючай сацыяльна-класавай дыферэнцыяцыі грамадства ўсё большае распаўсюджанне ў гарадах стала набываць дабрачынная дзейнасць матэрыяльна забяспечаных слаёў гараджан, для якіх лічыўся прэстыжным удзел ва ўсякага роду філантрапічнай дзейнасці розных дабрачынных таварыстваў і папячыцельстваў. Ставячы гуманныя мэты, гэтыя арганізацыі насілі ў той жа час ярка выяўлены саслоўны характар. Членамі іх з'яўляліся прадстаўнікі дваранска-чыноўніцкіх і купецкіх колаў гараджан, багатыя адвакаты, урачы, высокааплачваемыя служачыя прыватных фірм і г. д., якія час ад часу аказвалі матэрыяльную дапамогу тым або іншым групам гарадской беднаты. Сабраныя сродкі ішлі на стыпендыі немаёмным навучэнцам гімназій228, апекаванне і выхаванне сірот229, адкрыццё дамоў працавітасці330, на культурна-асветніцкія і забаўляльныя мерапрыемствы «для простага народа»231, якія звычайна прымяркоўваліся да свят царкоўнага календара.

Адным з каналаў збору грашовых сродкаў на дабрачынныя мерапрыемствы ў канцы XIX – пачатку XX ст. стала правядзенне латарэй-алегры, бяспройгрышных базараў, бочак з сюрпрызамі і г. д.232 Так, напрыклад, у верасні 1899 г. у Слоніме тутэйшае дабрачыннае таварыства арганізавала ў гарадскім парку латарэю-алегры на карысць бедных. Нягледзячы на даждлівае надвор'е, публікі сабралося шмат і агульны збор дасягнуў 2000 рублёў233. У пачатку XX ст. у дабрачынную дзейнасць актыўна ўключаюцца таварыствы і папячыцельствы цвярозасці, а таксама існуючыя пры цэрквах рэлігійныя брацтвы, якія ставілі сваёй мэтай асвету і рэлігійна-маральнае выхаванне народных мас. У дні рэлігійных свят яны праводзілі дабрачынныя зборы сродкаў, наладжвалі на Ражаство для дзяцей беднаты ёлкі234, маладзёжныя танцавальныя вечары, на якіх удзельнікам бясплатна прапанаваліся чай з булкамі, ліманад, арэхі і цукеркі235.

Дабрачыннымі таварыствамі Брэста, напрыклад, 10 ліпеня 1908 г. у гарадскім садзе было арганізавана платнае народнае гулянне на карысць студэнтаў Брэст-Літоўскага зямляцтва пры Маскоўскім універсітэце. Праграма гуляння ўключала платны спектакль драматычнага тэатра, бясплатны паказ кінастужак, правядзенне забаўляльнай гульні «вудачка». У час гуляння быў наладжаны феерверк, праведзена цацачная латарэя, у кіёсках прадаваліся марожанае, кветкі236.

У пачатку стагоддзя стала традыцыяй правядзенне ў Вербную нядзелю своеасаблівых свят дабрачыннасці і збору сродкаў – Дня ружовай кветкі ў Гомелі, а ў Мінску – Дня белай кветкі. У гэты дзень агенты-зборшчыкі, у тым ліку і дзеці, прышпіліўшы да грудзей ружовую штучную кветку (у Гомелі) ці белую (у Мінску), абыходзілі вуліцы з кошыкамі такіх жа штучных кветак і раздавалі іх прахожым, якія ахвяравалі грошы на карысць бедных. Сабраныя грошы размяркоўваліся паміж рознымі дабрачыннымі таварыствамі.

Аднак, нягледзячы на даволі значную колькасць дабрачынных таварыстваў, яны, па сутнасці, не вялі пастаяннай работы. Такія таварыствы былі невялікімі па колькасці членаў. Значную частку іх складалі асобы, якія ўваходзілі ў іх па абавязку службы (святар, урач, гарадскі галава, паліцэйскі спраўнік), другія, будучы галоўнымі ахвяравальнікамі сродкаў, не вялі ніякай працы, з'яўляючыся толькі ганаровымі членамі гэтых арганізацый. Пасля правядзення якога-небудзь мерапрыемства (баль-маскарад, дабрачынны кірмаш, латарэя і г. д.) дзейнасць пераважнай большасці таварыстваў надоўга замірала, не аказваючы значнага ўплыву на вольны час гараджан.

Рост прамысловай сферы гарадоў надаў у пачатку XX ст. масавасць загарадным формам летняга адпачынку гараджан: маёукам, рыбнай лоулі, дачнаму адпачынку. Шырокае распаўсюджанне маёвак сярод мяшчан, рабочых і рамеснікаў выкарыстоўвалася бальшавікамі для правядзення рэвалюцыйнай агітацыі237.

Традыцыйнымі ў вольным часе насельніцтва гарадоў былі і шматлікія формы негатыўных грамадскіх паводзін: наведванне шынкоў, хуліганскія выхадкі, кпіны, лаянка, бойкі. Так, у гарадскім садзе Гродна з дня ў дзень раніцай і ўвечары натоўп хлапчукоў, якія прадавалі тэлеграфныя бюлетэні, размясціўшыся лагерам на лаўках галоўнай алеі, спявалі хуліганскія песні і адпускалі пошлыя жарты і сальнасці па адрасу гуляючай публікі, выразалі на лаўках розныя надпісы239. Там жа некалькі хуліганаў падселі на скамейку да дзвюх дзяўчат і пачалі гаварыць ім усялякія пошласці, так што бедным дзяўчатам чуць не бягом прышлося ратавацца ад іх. У другі раз яны падселі на скамейку да дзяўчыны і хлопца і пачалі рабіць у адрас дзяўчыны двухсэнсоўныя заўвагі і тупыя жарты, што вымусіла маладых людзей буквальна ўцякаць ад хуліганаў239. У некаторых мінскіх чайных, дзе разам з чаем гандлявалі алкагольнымі напоямі, можна было назіраць п'яныя выхадкі наведвальнікаў.

«У так званых «чайных», — пісаў адзін з карэспандэнтаў «Минского листка» ў канцы XIX ст., – дзе разам з чаем знойдзецца і шклянка віна, стаіць дым каромыслам: у адным куце гармонік наігрывае які-небудзь сумны матыў і п'яныя слёзы ліюцца ручаямі, у другім – нейкі п'яны хлопец вытанцоўвае казачка пры ўхваляючых крыках таварышаў...»240 . Шматгадзінная знясільваючая праца ў рамесных майстэрнях і на капіталістычных прадпрыемствах не дазвалялі многім рабочым і рамеснікам знайсці выйсце з галечы і бяспраўя, ламалі іх лёсы, застаўлялі апускацца на самае дно гарадскога жыцця.

Размежаванне прывілеяваных і простанародных форм выкарыстання вольнага часу перашкаджала далучэнню шырокіх слаёў насельніцтва да актыўнай грамадскай дзейнасці і прафесійнай культуры. Цяжкія формы капіталістычнай эксплуатацыі і бяспраўнае становішча працоўных выклікалі ўзнікненне нелегальных рабочых арганізацый, якія падрыхтавалі магчымасць ажыццяўлекня сацыялістычных пераўтварэнняў на Беларусі.

Формы выкарыстання вольнага часу ў ХХ стагоддзі

Перамога Кастрычніцкай рэвалюцыі паклала пачатак карэнным пераўтварэнням у сферы вольнага часу. У пачатковы перыяд станаўлення савецкай улады атрымалі хуткае распаўсюджанне сходы, мітынгі, масавая агітацыя і прапаганда, якія выкарыстоўваліся бальшавікамі як сродак мабілізацыі народа на барацьбу з нямецкай арміяй і белагвардзейцамі. У 1919-1920-х гг. у многіх гарадах Беларусі праводзіліся Тыдні дапамогі фронту, Тыдні абароны, Тыдні раненага чырвонаармейца і іншыя масавыя мерапрыемствы па аказанню дапамогі фронту, палітычнай асвеце працоўных і іх прыцягненню на бок Чырвонай Арміі. Гараджане адлічвалі ў фонды гатых кампаній звышурочны або аднаднеўны заробак, збіралі раненым чырвонаармейцам і іх сем'ям грошы, адзенне, прадукты харчавання241.

3 пачаткам першай сусветнай вайны саматужная вытворчасць у сельскіх мясцовасцях заняпала. Прамысловыя тавары, якіх раней было ў дастатку, аказаліся ў недахопе. Пад уплывам гэтага скараціўся гандаль на кірмашах. Працэс заняпаду кірмашоў яшчэ больш абвастрыўся ў першыя паслярэвалюцыйныя гады. Святочна-забаўляльны характар кірмашовага торгу знік, саступіўшы месца чыстай куплі-продажу.

Значнае месца ў вольным часе працоўных гарадоў Беларусі сталі займаць камуністычныя суботнікі, узнікшыя на хвалі рэвалюцыйнага энтузіязма народа як адна з форм грамадскай дапамогі ўзнаўленню разбуранай Грамадзянскай вайной гаспадаркі. Толькі ў ліпені 1920 г. у Гомелі на чыгуначным вузле і іншых прамысловых аб'ектах у вольны час працавала больш 7,5 тысячы рабочых і служачых, а 4 верасня на станцыі Мінск-Заходні – 8 тысяч чалавек242. На працягу месяца ў некаторых буйных беларускіх гарадах арганізоўвалася па некалькі буйнамаштабных суботнікаў. Паступова сфарміраваўся іх рытуал. Звычайна перад пачаткам работы на месцы збору ўдзельнікаў суботніка праводзіўся мітынг, пасля чаго ўсе са сцягамі і транспарантамі накіроўваліся на працу (243).

У пачатку 1920-х гг. у вольным часе гараджан узніклі новыя масавыя формы святочных зносін, звязаныя галоўным чынам з урачыстасцямі ў гонар поспехаў у барацьбе за абарону савецкай улады на франтах Грамадзянскай вайны. Гэта ўдзел у мітынгах, дэманстрацыях, урачыстых шэсцях, тэатралізаваных прадстаўленнях.

У гэты ж перыяд сталі фарміравацца новыя абрады. 3 антырэлігійнай мэтай напярэдадні вялікіх хрысціянскіх свят праводзіліся «чырвоныя Вялікадні», «чырвоныя Сёмухі» і г. д. На змену вянчанням і хрышчэнням у сямейны побыт гараджан укараняліся камсамольскія вяселлі, акцябрыны, праходзілі ўрачыстыя рэгістрацыі нованароджаных (244).

У 1920-я гг. у сельскай мясцовасці працягвалІ збірацца вечарынкі, на якія пасля працоўнага дня сыходзілася моладзь часта з некалькіх суседніх вёсак адпачыць і павесяліцца. Улічваючы гэта, перад палітпрасветработнікамі і вясковымі камсамольцамі была пастаўлена задача арганізацыі «чырвоных вечарынак» з мэ-тай «навучыць вясковую моладзь новым спевам, гульням; вёска павінна спяваць аб грамаце, чырвонаармейцах, селькораўскім руху, шматполлі, чытаць пра пабудову новага сацыялістычнага жыцця, каб імкнуцца самім зрабіцца ўдзельнікамі гэтай пабудовы»245.

Аднак агітацыйны і мітынговы характар «чырвоных» абрадаў, непрафесіяналізм арганізатараў перашкаджалі іх уваходжанню ў абраднасць вясковых жыхароў. Напрыклад, у некаторых вёсках традыцыйныя вечарынкі спрабавалі забараняць пад відам барацьбы з пажарамі, але «ў аднаго гаспадара ці ў адной вёсцы забароняць збірацца, моладзь збіраецца ў другога гаспадара ці ў другой вёсцы»246. БывалІ выпадкі, калі камсамольцы пасылалі аднаго-двух хлопцаў на вечарынку, каб сарваць яе, угаварыць сабраўшыхся разыйсціся, растлумачыць шкоднасць і «непрыемнасць» такога баўлення часу. Аднак часцей за ўсё пасланыя хлопцы самі заставаліся на вечарынцьі і пачыналі “гуляць” (247).

Паступова масавы характар сталі набываць новыя агульнадзяржаўныя святы: гадавіны Кастрычніка, 1 Мая, 8 Марта і інш. Яны суправаджаліся мітынгамі, дэманстрацыямі, урачыстымі сходамі, святочнымі вечарамі, народнымі гуляннямі. За гады савецкай улады народныя гулянні атрымалі шырокае распаўсюджанне ў гарадах Беларусі, фарміраваўся і адшліфоўваўся рытуал іх правядзення. Побач з відовішчнымі формамі ў народныя гулянні ўключаліся разнастайныя спаборніцтвы і шэраг іншых забаўляльных элементаў.

Як і ў мінулыя часы, месцамі правядзення масавых народных гулянняў заставаліся паркі, скверы, плошчы, набярэжныя рэк. Асноўны кантынгент удзельнікаў масавых народных гулянняў складала моладзь, але многія прыходзілі на х сем'ямі, з дзецьмі.

3 прыняццем 8-гадзіннага рабочага дня працоўныя атрымалі магчымасць больш разнастайнага выкарыстання вольнага часу. У першыя два паслярэвалюцыйныя дзесяцігоддзі значная частка вольнага часу ішла на ліквідацыю непісьменнасці і набыццё элементарных навуковых і культурных ведаў, наведванне клубаў, лекцый, кінатэатраў, спартыўных мерапрыемстваў. Усё большая колькасць рабочых і служачых уцягвалася ў грамадскую работу, займалася самаадукацыяй і рознымі відамі мастацкай і навукова-тэхнічнай творчасці.

Паступова для асноўнай масы гараджан Беларусі сталі характэрнымі масавыя формы правядзення вольнага часу. Шырокае распаўсюджанне набылі культпаходы ў тэатры, кіно, на мастацкія выставы, культэстафеты, агляды мастацкай творчасці, у якіх прымалі ўдзел прадстаўнікі ўсіх грамадскіх груп насельніцтва248.

Многія рабочыя сталі наведваць палітшколы, цікавіцца мастацкай літаратурай. Вялікай папулярнасцю сталі карыстацца завадскія і фабрычныя клубы, якія мелі кінаўстаноўкі, бібліятэкі і пры якіх ствараліся гурткі мастацкай самадзейнасці, спартыўныя секцыі. Клубы наведвалі сем'ямі, паколькі практыкаваўся бясплатны паказ рабочым кінафільмаў, арганізоўваліся канцэрты мастацкай самадзейнасці, спартыўныя святы і іншыя м е ра пры е м ств ы249.

Сярод летніх форм выкарыстання вольнага часу новы змест набыло правядзенне маёвак, якія ўсё больш ператвараліся ў сродак палітычнага выхавання працоўных. На іх выязджалі цэлымі вытворчымі калектывамі са сцягамі і транспарантамі. Да іх старанна рыхтаваліся як адміністрацыя, так і грамадскія арганізацыі прадпрыемстваў. Маёўкі ўключалі розныя мерапрыемствы агітацыйнага і культурна-асветніцкага характару: дакла-ды кіраўнікоў заводаў і фабрык, канцэрты самадзейных артыстаў, выступленні агітбрыгад, лекцыі, вусныя газеты і г. д., гэта спалучалася з адпачынкам на прыродзе.

Калектывізацыя беларускай вёскі, раскулачванне і масавая дэпартацыя значнай часткі вясковага насельніцтва нанеслі сакрушальны ўдар па грамадскіх традыцыях сялян. Ламаўся спрадвечны лад жыішя, укараняліся ў побыт санкцыянаваныя дзяржавай формы грамадскіх паводзін: мітынгі, шэсці, палітсуды, дэманстрацыі і г. д., не характэрныя для традыцыйных форм выкарыстання вольнага часу, якія раней рэгламентаваліся гаспадарчай дзейнасцю селяніна, народным календаром, рэлігіяй і полаўзроставымі адрозненнямі.

У сельскай мясцовасці год ад году пашыралася сетка клубаў, хат-чытален, бібліятэк, у сферу ўплыву якіх актыўна ўцягвалася моладзь. Найбольш граматныя і актыўныя сяляне прыгваліся да ўдзелу ў рабоце Саветаў і іншых грамадскіх арганізацый, шпарка павялічвалася ў вёсках колькасць камуністаў і камсамольцаў.

Паспяховая ліквідацыя непісьменнасці, рост адукацыйнага ўзроўню зрабілі для сялян даступнымі крыніцамі інфармацыі газеты, часопісы і кнігі. Радыёфікацыя сельскіх населеных пунктаў садзейнічала хуткаму выхаду культуры насельніцтва за нацыянальныя межы, пашырэнню ў ёй агульнасавецкіх рыс. Росту цікавасці да мастацкай літаратуры спрыяў усебеларускі масавы паход па азнаямленню калгаснікаў з творамі вядучых савсцкіх пісьменнікаў, які праходзіўу 1934 г. Паўсюдна ў калгасах і саўгасах ствараліся гурткі калектыўнага чытання, дзе абмяркоўваліся прачытаныя кнігі. Толькі ў адмым Аршанскім раёне Віцебскай вобласці працавала 150 літгурткоў з лікам удзельнікаў 3500 чалавек250.

Разам з тым, на вёсцы працягвалі існаваць і традыцыйныя для моладзі формы баўлення вольнага часу. Па-ранейшаму юнакі і дзяўчаты ў святочныя і нядзельныя дні збіралІся на вечарынкі, а восеньскімі і зімовымі вечарамі на «попрадкі» {«супрадкі»). Летнімі вечарамі дзе-небудзь за ваколіцай ці на выгане яны сыходзіліся для танцаў, забаў, ваджэння карагодаў і гульняў. Вясною з пагоркаў «гукалі вясну», гушкаліся на арэлях, на Тройцу (Сёмуху, Духа) завівалі бярозкі, «вадзілі куста». Зімой і на Масленіцу каталіся гурбой з гор на вялікіх санях або перавернутых дагары скамейках, «маразянках» (каробках з намарожаным днішчам) і г.д»251

Разбурэнне цэркваў, касцёлаў, малельных дамоў абмяжоўвала адпраўленне рэлігійных абрадаў сферай сямейнага жыцця. У дні царкоўных свят вяскоўцы па традыцыі стараліся не рабіць ніякай цяжкай працы. Толькі ў жніво ці сенакос у святочныя дні пасля абеду (калі звычайна заканчвалася служба ў царквах і касцёлах) сяляне часам выконвалі неадкладныя работы: звозілі сена і снапы з поля, капалі бульбу і г. д.

Пастунова адной з найбольш распаўсюджаных форм грамадскага адпачынку ў 1920-1930-я гг. стаў удзел працоўных у розных відах мастацкай самадзейнасці. У 1937 г. у рэспубліцы дзейнічала 14 тысяч гурткоў мастацкай самадзейнасці, у тым ліку драмгурткоў – 6 тысяч, харавых – 4900, музычных – 2400, танцавальных – 600, выяўленчага мастацтва – 110252. Без канцэрта мастацкай самадзейнасці не абыходзілася ў гэты перыяд ні адно масавае мерапрыемства як у горадзе, так і ў большасці вёсак.

Значны ўплыў на грамадскія формы адпачынку вясковага насельніцтва Беларусі аказалі культурна-шэфскія сувязі горада і вёскі. Работнікі гарадскіх культурна-асветніцкіх устаноў у 1930-я гг. сталі рэгулярна выязджаць у сельскую мясцовасць з канцэртамі, лекцыямі, аказваць дапамогу ў арганізацыі мастацкай самадзейнасці. Толькі ў Мінску ў 1936 г. было запланавана 100 выездаў тэатральных брыгад у калгасы253.

У Заходняй Беларусі з сярэдзІны 1920-х г. адной з форм адначынку сталі спектаклі-вечарыны, якія наладжвала Таварыства беларускай асветы. На іх артысты-аматары ставілі п'есы на беларускай мове, выконвалі беларускія народныя песні і танцы. Так, 8 жніўня 1926 г. моладзь в. Лявонавічы Нясвіжскага павета паставіла спектакль па п'есе Ф. Аляхновіча «Птушка шчасця». Ужо з паўдня да будынка пажарнай каманды, дзе ўвечары павінен быў адбыцца спектакль, сталі збіраціда жыхары навакольных вёсак. Пасля заканчэння п'есы хор выканаў некалькі беларускіх песень, а затым моладзь пад музыку арганізавала танцы254.

Праграма спектакля-вечарыны ў мястэчку Глыбокае, што адбыўся 17 жніўня 1926 г., уключала камедыю Ф. Аляхновіча «Пан міністар», танец «Лявоніха» і масавыя гульні на зале з гледачамі. Наплыў на вечарыну насельніцтва з Глыбокага і яго ваколіц быў настолькі вялікі, што зала была перапоўнена. На спектакль з Вільні прыехаў аўтар п'есы і сыграў ролю пана міністра. Добрае ўражанне рабілі і намаляваныя Язэпам Драздовічам афішы. А тры танцавальныя пары, якія з прыпеўкамі выканалі беларускі народны танец «Лявоніха», гледачы двойчы выклікалі на«біс»255.

Таварыствам беларускай асветы ў Вільні была арганізавана беларуская тэатральная трупа, якая гастраліравала па гарадах і вёсках Заходняй Беларусі. У лютым 1933 г. гэта трупа ў Вілейцы дала спектаклі «Дзядька Якуб» і «Шустрая бабулька» Бажэнава і «Страхі жыцця» Аляхновіча. На спектаклі з'ехалася шмат сялян з бліжэйшых да Вілейкі вёсак, «бо даўным-даўно не чулі тутэйшыя беларусы са сцэны роднай мовы»256.

Значнае месца ў грамадскіх формах адпачынку гарадскога насельніцтва, як і ў дарэвалюцыйны час, працягвалі займаць наведванні ў выхадныя і святочныя дні паркаў, сквераў, набярэжных рэк. Сюды прыходзілі, каб з сям'ёй, сябрамі адпачыць ў прыродным асяроддзі, сустрэць знаёмых, прыняць удзел у масавых забавах.

У 1920-я гг. стаў складвацца новы комплекс масавых забаў гараджан на народных гуляннях. Адно з першых на Беларусі святочных масавых гулянняў адбылося 11 ліпеня 1923 г. у Мінску ў летнім садзе Прафінтэрна. Адкрылася яно шэсцем і спартыўнымі гульнямі камсамольскіх, спартакаўскіх і дзіцячых арганізацый. Для моладзі і дзяцей гулянне працягвалася ўвесь вечар, а для рабочых і чырвонаармейцаў ў гэты час праходзілі тэатралізаваныя прадстаўленні, канцэрты, спектаклі, кінасеансы (257).

Народныя гулянні сталі наладжвацца часцей за ўсё ў дні буйных савецкіх свят як адасобленае ад урачыстай часткі самастойнае масавае мерапрыемства. Звычайна іх арганізоўваюць у парках, скверах, набярэжных рэк, стадыёнах і г. д. Разам з відовішчнымі формамі (тэатралізаванымі шэсцямі, прадстаўленнямі) яны ўтрымліваюць і шэраг забаўляльных ігравых і спартыўных элементаў. На гулянні збіраюцца тысячы гараджан, каб павесяліцца, адпачыць, пакатацца на атракцыёнах, прыняць удзел у жартоўных вясёлых спаборніцтвах, праверыць сваю эрудыцыю ў віктарынах, патанцаваць. Прыходзяць на гулянне сем'ямі, вялікімі і малымі сяброўскімі, суседскімі ці сваяцкімі кампаніямі, з дзецьмі ўсіх узростаў.

Калі ў 1920-я гг. прыярытэт аддаваўся калектыўным святочным зносінам па месцы працы (удзел ва ўрачыстых сходах і г. д.), то ў 1930-я пачынае складвацца хатне-бытавая частка свят са святочным застоллем і гасцяваннем, з тостамі, танцамі, песнямі, анекдотамі.

Шпаркая індустрыялізацыя рэспублікі і рост адукацыі насельніцтва садзейнічалі росту нацыянальнай інтэлігенцыі і кваліфікаваных кадраў ва ўсіх галінах народнай гаспадаркі, спрыялі сціранню сацыяльных, канфесіянальных і рэлігійных адрозненняў як сярод гараджан, так і сярод вясковых жыхароў.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]