Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Праграма Казаковай.doc
Скачиваний:
253
Добавлен:
22.02.2016
Размер:
994.82 Кб
Скачать

Хаўтурныя галашэнні.

Хаўтурныя, або пахавальныя, галашэнні вылучаюцца з жанрава-відавой сістэмы сямейна-абрадавай паэзіі сваёй імправізацыйнай адметнасцю: стэрэатыпныя клішыраваныя вобразы выкарыстоўваюцца кожны раз у канкрэтным выпадку пахавання пэўнага нябожчыка; тэкст галашэння павінен быў адлюстроўваць смутак па бацьку, маці, дзеду, бабулі, сыну, дачцэ або блізкаму чалавеку для плакальшчыцы. Менавіта для жанчыны, якая галасіла, таму што мужчыны рэдка вымаўлялі хаўтурныя галашэнні, часцей за ўсё плакалі без слоў1.

Галашэнні гучалі таксама і пры наборы рэкрутаў, і на вяселлі пры развітанні нявесты з роднай сям'ёй. У іх, як і ў хаўтурных галашэннях, выкарыстоўваліся традыцыйныя фальклорныя прыёмы, стэрэатыпныя выразы, сродкі выяўленча-мастацкай вобразнасці, дастасаваныя да пэўнага выпадку.

Хаўтурныя галашэнні ўзніклі ў глыбокай старажытнасці, грунтаваліся на веры ў бессмяротнасць душы, на кульце продкаў, мелі дамінантную магічную функцыю, мэта якой задобрыць нябожчыка, каб ён не шкодзіў жывым, а дапамагаў ім з "таго свету". Паступова гэта функцыя страчвалася, узмацняліся эмацыянальная, валюнтатыўная (уздзеяння) і цырыманіяльная функцыі, якія сталі пераважаць і ў наш час у галашэннях і пахавальным рытуале наогул.

Пахавальны рытуал, звычаі і хаўтурныя абрады складваліся на працягу стагоддзяў, увабралі ў сябе міфалагічныя і рэлігійныя ўяўленні людзей, прымхі і забабоны. Змены ў рытуале і ўспрыняцці іх семантыкі не былі застыўшымі, яны абумоўліваліся развіццём грамадства, навукі і культуры, але шматлікія традыцыі засталіся ўстойлівымі, выконваюцца і зараз. Пры гэтым многае ў іх мае агульнаславянскую аснову і разам з тым нацыянальную і мясцовую адметнасць.

Галашэнні выконваліся каля труны нябожчыка, калі яго выносілі з хаты, калі везлі на могілкі, пры развітанні з ім на могілках і апусканні труны , а таксама ў час памінкаў праз 9, 40 дзён 1 праз год. Пачыналі галасіць па нябожчыку пасля таго, як патухне свечка, якую давалі паміраючаму ў рукі пры агоніі (часцей за ўсё грамнічную). Жанчыны прытульваліся да нябожчыка, галасілі, але імкнуліся плакаць так, каб слёзы не капалі, таму што баяліся пагоршыць яго становішча на "тым свеце", у жыццё на якім яны верылі. Гэта пацвярджалася і апрананнем памершага. Яго "апраналі ў чыстае, белае адзенне хатняга прыгатаўлення і новыя лапці, якія замяняліся ботамі або "чаравікамі" толькі ў больш заможных сем'яў", клалі прыналежнасці для курыва, калі нябожчык курыў, насавую хусцінку і інш. Цела падымалі і клалі ў труну, якую свяшчэннік акрапляў свянцонай вадой. Выносілі з дому і ставілі на воз, засцілалі палатном. На труну клалі хлеб і салянку з соллю. У некаторых месцах (напрыклад, у Селішкоўскай воласці Віцебскага павету) вярталіся ў хату "правіць стол" - на памінальны абед па нябожчыку, які, па словах М.Я. Нікіфароўскага, адбываўся ў некалькі змен і працягваўся дзве-чатыры гадзіны (з-за немагчымасці размясціцца ўсім адразу). Спачатку паміналі родныя і ганаровыя асобы, потым суседзі і іншыя прысутныя ("кто помельче"), апошнімі - старцы. На памінках кожны падымаў чарку са словамі: "Памяні, Госпадзі, яго душаньку, пашлі ёй царства нябеснае і рай прасветлы", успаміналі дабрачыннасць памершага. На "жалобным стале" "не было месца нясціплым размовам, абгаворам, спрэчкам, пярэчанням, лаянкам, "жартам" і наогул усяму, што суправаджала сялянскія зборышчы; мнагалюдны сход гаварыў стрымана, без павышэння голасу, і ў сваёй гутарцы, то агульнай, то прыватнай, не адыходзіў ад нябожчыка, яго спраў і дэтальных падрабязнасцяў пагаснуўшага жыцця"2, - адзначаў М.Я.Нікіфароўскі.

Памінальны жалобны стол у большасці месц Беларусі адбываўся пасля пахавання нябожчыка. Працэсія ішла ў пэўным парадку: "Уперадзе хто-небудзь з "крыжом" у адной руцэ і званком у другой; ён званіў амаль няспынна ад дома да могілак. За ім неслі "прочесу", непасрэдна за якою следавала труна; замыкалі процэсію ўсе прысутныя. Само сабой зразумела, што "галасяшчыя" жанчыны ішлі бліжэй да труны, прычым часам яны трымалі рукі на труне. Кончыўшы "галашэнне" ўступалі месца новым плакальшчыцам"3.

М.Я. Нікіфароўскі заўважыў яшчэ адну асаблівасць пахавальнага рытуалу: "Калі нябожчыка заносілі ў царкву для адпявання, то, як паведаміла жыхарка Гарадокскага павета, усе родныя жанчыны і жонка нябожчыка, трымаючы адна другую за рукі, вераніцаю праходзілі пад труною ў той час, калі ён знаходзіўся на шляху ад катафалка да дзвярэй"4.

Пасля вяртання з могілак быў звычай падыйсці да печы, пагладзіць тры разы рукамі і сказаць: "Няхай паміраюць прусакі да тыраканы, а не людзі", а потым памыць рукі5.

Магічны сэнс гэтага звычаю несумненны, як і абрад, які выконваўся ў Бродзецкай воласці Ігуменскага павета. Калі выносілі труну з хаты: сваячка нябожчыка кідала жытнія зёрны ўслед памершаму, "каб ён і пасля смерці сваёй не пазбаўляў жывых радных, якія засталіся, надзённага хлеба". У некаторых вёсках таго ж павета пасля вынасу нябожчыка ставілі васковую свечку. Гаспадар прыходзіў з могілак і гэтай свячой удараў крыжападобна ў верхні касяк дзвярэй і кідаў ад сябе. Насыпаны на месце авёс, дзе ляжаў памершы, збіралі і высыпалі туды, куды ніхто не хадзіў. Старэйшая жанчына брала акраец хлеба, паварочвалася да дзвярэй і звярталася да раней памершых дзядоў, бабулек і іншых, каб прынялі нябожчыка і жылі з ім у згодзе на "тым свеце"6. Гэта сведчыць не толькі аб перакананні сялян у замагільным жыцці, але і шанаванні імі продкаў, веры ў залежнасць ад іх жывых.

Паводле апісання М.Я. Нікіфароўскага, цікава ўшаноўваўся конь, які адвозіў нябожчыка на могілкі ў некаторых паветах Віцебскай губерні: гэтаму каню кланяліся да зямлі, месцамі цалавалі яго капыты, вялі яго не за павады, а за ручнік, або пояс, якімі замяняліся павады. У в.Ратуцічы Станіслаўскай воласці Барысаўскага павета Мінскай губерні старшая дачка нябожчыка, труну з якім выносілі і ставілі ў воз, кланялася да зямлі каню, цалавала яго ў капыты і прыгаворвала нараспеў:

Мой конек варанюсенькі,

Вязі татку памалюсенькі;

Яго костачкі балючыя,

Штоб яны не здрыгануліся,

Штоб яны не скалыхнуліся!7

У галашэннях адлюстраваліся ўяўленні аб "тым свеце", жыцці ў ім памершых, глыбокім смутку па нябожчыку, яго лепшых якасцях, ролі сям'і і ўзаемаадносін з ім, умовах жыцця і побыту і інш.

У галашэнні ўдавы па мужу гучыць папрок Богу, які разлучыў яе з мужам, і нябожчыку - навошта ён пакідае яе з дробнымі дзеткамі. У шэрагу рытарычных пытанняў жонка пытаецца, куды ён "прыбраўся? У якую дарогу?" Адкуль яго ждаць, калі ён у госці прыдзе, ці зімовай парой, ці летняй... з роспаччу бедная ўдава галосіць:

А мой гаспадарок! Куды ты пойдзеш...

Ці ты касіць пойдзеш, ці араць пагонісься?

Куды мне табе несці абедаць, а на якую паласу?

А мой гаспадарчык! Ці ты ня чуеш,

Што твае конікі ірзуць і волікі рыкаюць?..

Нібы і хатнія жывёлы чуюць смерць гаспадара, а "дзеткі плачуць", удава прадракае здзекі над імі чужых людзей і яшчэ больш жаласліва звяртаецца да нябожчыка і называе яго ласкавымі словамі:

А мой гаспадарочык, а мой яварочык!

А мае ножачкі! Дзе ж вы хадзіць будзеце?

А мае ручачкі! Што ж вы рабіць будзеце?

Смерць мужа яна абумоўлівае прыроднымі стыхіямі:

Отчаго ты от мене отваліўся?

А ці цябе ветры подвалілі?

Ці цябе дожджы падмылі?

А мой гаспадарочык, а мой яварочык!

Збудовалі табе свяцёлачку цёмною. Нявідною –

Німа ні дзвярэй, ні вакошачык...8

Народ надаваў сур'ёзнае значэнне галашэнням. Па словах настаўніка народнага вучылішчы М.Нікалаевіча, "вераць, што пасля рыданняў нябожчык атрымлівае адпушчэнне грахоў... Плач старых больш паважаецца, чым плач маладых жанчын, плач дарослай дачкі па бацьку мае большую вагу, чым плач жонкі па мужу, плач жа малалетніх лічыцца яшчэ больш важкім"9.

Няўцешная ўдава ў іншых галашэннях шчыра выказвае свой балючы смутак у сувязі са смерцю мужа і пачуцці любові да яго:

"А мой родненькі, а мой мілюсенькі", "А мой ты галубчык!", "Мой жа ты сакалочэк", "Сакалочык жа ты мой ясьненькій!", "Мой мілы салавеічка", "Мой галубчык сізінькі", "Мой шчымялечык"... Галашэнні розняцца па зместу. У залежнасці ад таго, калі напаткала смерць - зімой, вясной, летам; ад таго, колькі засталося дзетак-сіротак; ад таго, наколькі яны забяспечаны матэрыяльна, і г.д.

Горкі смутак па бацьку гучаў у галашэннях дзяцей-сірот: "А мой ты татулечка, а мой ты родненькі". Задчаем яны звяртаюцца да памершага: "А як ты нас пакідаеш, няшчасных і бедных сіротачак?.." Яны баяцца, што не будзе каму за іх заступіцца, магчыма, толькі ён абароніць іхна тым свеце10.

Асабліва душэўна і пранікнёна аплаквала смерць бацькі дачка:

Татулечка мой родненькі!

Нашто ты нас пакідаеш?

Як нам цяпер жыць?..

Як нам цяпер прабыць?..11

Як і ў галашэннях па мужу, у галашэннях дзяцей пачуцці да бацькі выяўляюцца ў памяншальна-ласкальных словах: "А мой татачка", "А мой татулечка, мой кукулечка", "Мой татачка, мой залаценькі", "Татачка мой любенькі, татачка мой дарагенькі", "А мой жа ты татачка, а мой жа ты зязюлёк, а мой жа ты галубок, а мой жа ты родненькі, а мой жа ты лябедзіку, а мой жа ты салавейку, а мой жа ты кроліку" і да т.п.

Такімі ж задушэўнымі пачуццямі і прачулымі былі традыцыйныя галашэнні дзяцей па маці. Дачка называе нябожчыцу: "мамулечка мая, галубачка мая залатая" і выказвае свае пачуцці да яе: "ручачкі міленькія", "ручачкі любенькія", "ножачкі дарагія", і г.д.12

Шчыры адчай, горкія перажыванні адчуваюцца ў эмацыянальных воклічах дачкі да памершай маці: "Мамулечка ж мая родненькая... Галовачка ж мая буйная... А ручанькі ж мае белыя!.. А пчолачка мая дарагая!" Характэрна, што ў тым жа галашэнні выяўляюцца міфалагічныя ўяўленні плакальшчыцы:

Откуль жа мне цябе дажыдаці?

Откуль жа мне цябе пазіраці?

Ці ты ранняю зарей ускінешся, ці ты позднею?

А мамулечка ж ты мая родная!

Ці ты ко мне жаркім солненьком ускоцішся?

Ці ты ка мне ясным месяцэм?

Ці ты, мая мамулечка, дробнымі звёздамі?

Ці мне ж цябе по гаворунцэ спазнаваці,

Ці мне ж цябе по походушке узнаваці?..13

У гэтым галашэнні выкарыстаны не мастацкі прыём, а выказана старадаўняе міфалагічнае ўяўленне аб метамарфозах, якія грунтуюцца на анімістычным успрыняцці свету і прыроды.

Надзвычайнае ўражанне пакідаюць галашэнні маці по дзіцяці, эмацыянальнае ўзрушанне ад якіх не можа пакінуць без суперажыванняў нікога з прысутных. Такое ўздзеянне дасягаецца выказваннем бязмежнага гора маці, падборам эмацыянальна насычаных звароткаў, эпітэтаў:

Яблочко мое недоспелое,

Ягодка моя недозрелая!

Детунько мое міленькое!

Детунько мое любенькое!

Лісточек мой зелененькій,

Цветочек мой чырвоненькій!

Без поры ты отпадаеш,

А мне печаль покідаеш.

Пташэчка моя любенькая!

Соловеінька шырэнькій, шчэбецяннічэк мой!

Ты ж гаворыш, як соловейко шчэбечэш.

Ты ж хоцев быть татку перэменочка,

А цяпер проці лецічка цеплаго,

Сделав нам перэломуньку вялікую.

Усе пташэчкі заспеваюць,

Усе казявочкі поотжываюць,

Усе мурашэчкі павыповзуць.

Усе рэбяткі на вулку павыбегаюць,

А цябе нідзе не будзець:

У пясочэк закопаюць...14

У гэтым урыўку з галашэння, запісанага ў Высокагарадзецкай воласці Сенненского павета, выразна адлюстроўваецца душэўнае перажыванне маці, страціўшай свайго малалетняга сына, на якога сям'я ўскладала надзеі ў будучым. Галашэнне ўяўляе сабой яркі ўзор таленавітага выкарыстання традыцыйнай паэтыкі, што дазваляе адчуць трагізм маці, у якой смерць адняла самае дарагое для яе - роднае дзіця.

Мы не можам разгледзець усе ўзоры асноўных груп галашэнняў з-за абмежаванасці аб'ёму, але і прыведзеных прыкладаў дастаткова для таго, каб пазнаць жанравыя своеасаблівасці беларускіх галашэнняў, тэматычную разнастайнасць іх зместу і мастацкую дасканаласць паэтыкі.

  1. М.Я.Нікіфараўскі. які зрабіў шмат апісанняў хаўтур, прызнаваўся, што "сведкам "галашэння мужчын" ён не быў ні разу". Але аднойчы: "як на нешта "выдаюшееся" указвалі мне, што такой-то "галасіў акурат, як выюць жонкі -дужа доўго галасіў" (Шейн П.В. МатериалыТ.1.Ч.2.С.637).

  2. Шейн П.В. Матерналы. Т.1.Ч.2.С.514.

  3. Тамсама. С.515.

  4. Тамсама.

  5. Тамсама. С.521.

  6. Тамсама. С.533 - 535.

  7. Тамсама. С.523.

  8. Тамсама. С.638 - 639.

  9. Тамсама. С.637.

  10. Тамсама. С.684 - 685.

  11. Пахаванні. Памінкі. Галашэнні/Уклад. У.А.Васілевіча, Т.Б. Варфаламее-вай. Мн., 1986. С.210.

  12. Шейн П.В. Матерналы. Т.1. Ч.2. С.670 - 671.

  13. Тамсама. С.675.

  14. Тамсама. С.654.