Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:

РУЖАНЫ

.docx
Скачиваний:
7
Добавлен:
22.02.2016
Размер:
333.5 Кб
Скачать

Ружанскі палац называюць “беларускім Версалем”. Справа ў тым, што планіроўка Ружанскага палацава-паркавага комплексу сапраўды нагадвае французскі Версаль – сімвал магутнасці і абсалютнай ўлады караля Людовіка XIV. Ёсць меркаванне, што Я.С. Бекер, які планаваў ружанскі комплекс, гэтым падабенствам хацеў паказаць веліч роду Сапегаў.

Яўстафій Сапега. Партрэт XIX ст.

Часам апошняга росквіту палаца быў 1784 г., калі тут гасцяваў кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, што накіроўваўся на сойм у Гродна. Дзесьці ў 80-я г.г. XVIII ст. палац наведаў пісьменнік і драматург, асабісты сябар і ад’ютанат Т. Касцюшкі Юльян Урсын Нямцэвіч, што пакінуў пасля сябе ўнікальныя ўспаміны..

Паступова Ружаны страцілі статус галоўнай рэзідэнцыі Сапегаў. На перабудовы былі затрачаны вельмі вялікія выдаткі. Маёнтак набліжаўся да разарэння. Нават прыбыткі ад мясцовых мануфактур не маглі ўзмясціць затрачаных сродкаў. З 1793 г. палажэнне сапежынскай рэзідэнцыі перайшло да палаца ў Дзярэчыне, дзе з сям’ёй жыў сын Аляксандра Францішак (1772 – 1829). Францішак быў жанаты з Пелагеяй Патоцкай, надзвычай прыгожай, сціплай і літасцівай жанчынай. Ф. Сапега ўжо ў 21 год стаў генералам артылерыі і атрымаў ордэн Св. Станіслава. Ён прыймаў удзел (не вельмі паспяхова) у паўстанні Т. Касцюшкі 1794 г. і ўзначальваў 4-тысячны корпус інсургентаў. Пасля паражэння паўстання падаў пакаянны ліст расійскай імператрыцы Кацярыне ІІ і гэтым выратаваў сябе і свае ўладанні. Францішак шмат зрабіў для вызвавлення свайго сябра Т. Касцюшкі з Петрапаўлаўскай крэпасці, тым больш, што ён меў уплыў на расійскую палітыку. У 1796 г. Ф. Сапега атрымаў тытул тайнага саветніка і стаў маршалкам Мінскай губерні. Ён удзельнічаў у каранацыі расійскага імператара Паўла І і па дарозе з Маскву ў Пецярбург прымаў яго ў Дзярэчынскім палацы. Князь Сапега любіў вострыя адчуванні – часта падарожнічаў па Еўропе, заводзіў палюбоўныя інтрыгі, гуляў у карты і многа прайграваў, сустракаўся з рознымі авантурыстамі і ўдзельнічаў у іх не зусім законных справах, займаўся альпінізмам (апускаўся ў кратэр вулкана Вязувій, штурмаваў Піранеі, дзе ледзь не загінуў). Пелагея, абражаная такімі паводзінамі мужа, развялася з ім і выйшла за Паўла Сапегу. Францішак Сапега меў вялікія здольнасці, аднак трывалай адукацыі так і не атрымаў. Ён стаў прататыпам князя Рудольфа дэ Геральштайна ў рамане Э. Сю “Тайны Парыжа”. Сапега быў тыповым прадстаўніком арыстакратыі, якая пагардліва ставілася да сялян. Ён часта гаварыў: “Хочаш мець грошы ў кішэні, абдзірай неміласэрна мужыка!” ці “Хочаш мець парадак у хаце, кіруй кіем”. Аднак, у той жа час дбаў пра побыт гэтага ж мужыка і не дазваляў рабіць яму крыўды, многа займаўся дабрачыннасцю.

Кнігі з бібліятэкі Сапегаў, ахвяраваныя Віленскай езуіцкай акадэміі у сярэдзіне XVII ст.

Работы па перабудове палаца ў Ружанах так і не былі завершаны. Ужо з 1780 г. грошы амаль не выдзяляліся. Пасля смерці Магдалены (1780 г.) Аляксандр увесь час жыў у Варшаве, толькі зрэдку наведваючыся ў Ружаны. У Ружанах А. Сапега быў у 1812 г. Справа ў тым, што Аляксандр добра ведаў імператара французаў Напалеона І. Менавіта з яго дапамогай многія магнаты, у тым ліку і Сапега, разлічвалі адрадзіць былую незалежнасць Рэчы Паспалітай і таму ваявалі на яго баку. Не апошнюю ролю ў надзеях шляхты адыграла стварэнне Напалеонам Камісіі Часовага ўраду Літвы і Беларусі з 7 асоб. У Камісію быў запрошаны і А. Сапега. Аднак хутка стала зразумелай палітыка Напалеона – яму была патрэбна падтрымка і сродкі для вядзення вайны з Расіяй, а аднаўленне ВКЛ яго мала цікавіла. Зразумеўшы гэта, А. Сапега выйшаў са складу Камісіі і вырашыў вярнуцца ў Дзярэчынскі палац. Па дарозе дахаты ён загадкава загінуў.

Пры Францішку Сапегу работы вяліся марудна. У 1794 г. іх узначаліў прыдворны сапежынскі архітэктар Міхаіл Кадо (1765 – 1824). Але ў 1796 г. архітэктар пакінуў палац, з ім з’ехала 32 чалавекі ( з 109).

На мяжы XVIII – XIX ст.ст. яўрэйскаму прадпрымальніку Лейбе Пінесу былі прададзены за 1 тыс. рублёў ружанскія мануфактуры, палац Сапегі захавалі. З 1829 г. адзіны сын Францішка Яўстафій Каятан (1797 – 1860) стаў яго ўладаром. У маладосці ён служыў у расійскай кавалерыі, шмат падарожнічаў на Еўропе, доўгі час жыў у Англіі (меў маёнтак у графстве Ланкашыр). Яўстафій прыняў актыўны ўдзел у нацыянальна-вызваленчым паўстанні 1830 – 1831 г.г., знаходзіўся пры штабе галоўнакамандуючага паўстанцкімі войскамі генерала Я. Скшынецкага, быў адзначаны залатым крыжом “Віртуці Мілітары”. Ёсць меркаванне, што Я.К. Сапега прадаў палац у Ружанах, каб здабыць грошы для паўстанцаў. Пасля паражэння паўстання Яўстафій Сапега эмігрыраваў у Францыю. Ён адмовіўся ад прапановы Мікалая І прыняць назад канфіскаваныя маёнткі ўзамен на прысягу расійскаму цару. У Францыі Яўстафій Сапега займаўся фінансава-эканамічнай дзейнасцю і да канца жыцця шмат сродкаў траціў на падтрымку паўстанцаў у эміграцыі.

Ружанскі палацавы комплекс. Малюнак Н.Орды. 1831.

Усе ўладанні Сапегаў былі адабраны ў расійскую казну, у тым ліку і Ружаны і багацці палаца – так званы “Сапежынскі збор” – творы еўрапейскага мастацтва, рэдкасная зброя, трафеі мінулых войнаў, залаты і сярэбраны посуд, радавыя рэліквіі, падарункі, узнагароды манархаў, каштоўныя кнігі.

Пачатак “Сапежынскаму збору” паклала бібліятэка канцлера ВКЛ Льва Сапегі. Сярод твораў пераважалі працы вялікіх мысліцеляў – Арыстоцеля, Вяргілія, Лівія, Вядзецыя, Авідзія, Эразма Ратэрдамскага і інш. Найбольш поўна ў бібліятэцы была прадстаўлена літаратура па юрыспрудэнцыі, гісторыі, паэзіі, мовазнаўстве, геаграфіі, тэалогіі, калекцыя гравюр. Сапегі збіралі як мясцовыя кнігі, так і замежныя. Да найбольш каштоўных старадрукаў, што меліся ў бібліятэцы, можна аднесці “Хроніку Скандэрберга”, выдадзеную ў Брэсцкай друкарні Мікалая Радзівіла Чорнага ў 1567 г. у перакладзе выдатных мысліцеляў XVI ст. Андрэя Волана і Цыпрыяна Базыліка. Па выразу М. Скоблы Леў Сапега усё жыццё не мог пазбавіцца “милого плена книг”. Яго лічаць “первым ясновельможным библиофилом”. Лёс бібліятэкі драматычны. У час вайны 1654 – 1667 г.г. бібліятэка была эвакуіравана ў Крулевец (Кёнігсберг). Толькі пазней, пры настойлівым патрабаванні сына Л. Сапегі – Казіміра Леана, бібліятэка была вернута, адноўлена і папоўнена. На пачатку XVIII ст. яна налічвала 3000 тамоў. Вядома, што кнігами гэтай бібліятэкі карыстаўся кароль Уладзіслаў IV. Казімір Леан Сапега ў 1655 г. ахвяраваў частку бібліятэкі Віленскай езуіцкай акадэміі.

Намаганнямі Сапегаў у Ружанах была таксама арганізавана галерэя. Гэта была даніна модзе той эпохі. Кожны з беларускіх магнатаў імкнуўся стварыць у сваім палацы галерэю, партрэты ў якой складалі б агульнае генеалагічнае дрэва роду. У ружанскай галерэі, якая ўпамінаецца ўжо пад 1648 – 1649 г.г., знаходзіліся працы мясцовых і іншых мастакоў, на палотнах якіх былі адлюстраваны вобразы некалькіх пакаленняў Сапегаў. Тут жа былі творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, гравюры, жывапісныя палотны, а таксама скульптура, мазаіка, ружанскія шпалеры, кілімы, паясы, залатое ліццё, фамільныя гербы, абразы, калекцыя пячатак, сямейныя рэліквіі, узоры мінералаў, нумізматычная калекцыя. Сярод найбольш каштоўных экспанатаў былі – залаты кубак XVI ст. з гербам князёў Шуйскіх, два кубкі з горнага крышталю (“Іван” і “Іваніха”), зробленыя ў 1519 г. у гонар аб Іване Сапегу (віцебскім ваяводзе), серыя французскіх габеленаў, прысвечаных Аляксандру Македонскаму, вытканых па картонах Лебруна, больш 20 габеленаў іншых мастакоў, а таксама 48 рэдкіх мазаічных карцін, мноства мармуровых і бронзавых скульптур, 5 этрускіх вазаў, жывапісныя творы Саламона і Якаба Рёйсдаляў, Веранэзе, Ван Астадэ і іншых.

У Ружанскім палацы ў 1793 г. у двух пакоях знаходзілася калекцыя зброі з розных краін свету. Тут меліся пісталеты, карабіны, мушкеты, штуцэры, харугвы, шчыты, ваенны рыштунак сярэднявечных рыцараў. Булавы, паліцы, маршальскія жэзлы, прыдбаныя за заслугі, сцягі і бунчукі, здабытыя ў баях з татарамі, туркамі, шведамі. Арсенал уключаў больш за 234 адзінак зброі.

У скарбцы захоўваліся каштоўныя рэчы рознага прызначэння: дываны (у тым ліку пярсідскія), футра, шкуры жывёл, пакрывалы з атласу, расшытыя золатам, гардзіны, куфры, іконы, кубкі, вазы, вялікі партрэт Льва Сапегі ў белай раме і многае іншае.

Каштоўным скарбам быў архіў, дзе ўсе дакумінты былі сістэматызаваны ў 232 тамы і пранумераваны. Тут меліся каштоўныя дакументы не толькі з гісторыі рода Сапегаў, але ВКЛ і Польшчы. У кашоўным зборы дакументаў працавалі выдатныя гісторыкі, якія выкарыстоўвалі сапегаўскія дакументы ў якасці крыніц для сваіх манаграфій. А. Нарушэвіч тут пісаў сваю “Гісторыю Польшчы”, К. Кагнавіцкі “Жыццё Сапег”. Лёс архіва дакладна невядомы. Спачатку яго перадалі Віленскаму музею старжытнасцей, дзе ім зацікавіўся знаўца беларускай даўніны і стваральнік музея Яўстафій Тышкевіч. Разумеючы каштоўнасць архіва, ён схаваў яго за шафамі, дзе іх знайшлі толькі праз 9 год. Большая частка ружанскага архіва ў ХІХ ст. стала ўласнасцю графа-прадпрымальніка і мецэната В. Пуслоўскага, а астатнія разышліся па розных сховішчах: Акадэмія мастацтваў у Кракаве, ардынацыя Замойскіх у Варшаве, Імператарская Публічная бібліятэка ў Пецярбургу і іншых.

У вопісе канфіскаванай маёмасці 1832 г. значылася мноства каштоўнасцей. Сярод іх 287 карцін (напрыклад, шэдэўр П. Веранэзе “Пакланенне трох цароў” (зараз ў Эрмітажы)), 55 найменняў срэбраных прадметаў (11 пудоў 34 фунты), напрыклад, крыж з распяццем Іісуса Хрыста ў паў-аршына вышынёй, самавар у 9 літраў пазалочаны ўнутры.

Спачатку каштоўныя рэчы былі перавезены ў Гродзенскую Палату Дзяржаўных Маёмасцей, а адтуль іх размеркавалі ў царскі палац у Белавежскай пушчы і Пецярбург. Частку каштоўнасцей раздалі па розных музеях: Эрмітаж (185 карцін і 148 мазаічных кампазіцый), Акадэмія мастацтваў (55 карцін), Гатчынскі палац (72 карціны, у тым ліку партрэт Л. Сапегі), Дырэкцыя імператарскіх тэатраў, фарфоравы завод. Самае каштоўнае з кнігазбору была адпраўлена ў Публічныю бібліятэку Пецярбурга, Расійскую Акадэмію навук, Варшаўскі універсітэт, Вільню.

Скульптуры з сапегаўскіх палацаў у Ружанах і Дзярэчыне перавозіліся пасля 1840 г. Адна з і вагой 219 пудоў аказалася ў царскім палацы ў Белавежскай пушчы, 22 мармуровыя статуі – ў Эрмітажы (у тым ліку творы А. Канова).

Яўстафій Севярын Сапега. Фота 1997 г.

У пачатку ХІХ ст. ружанскі палац не ўяўляў раскошы. Гісторык Юльян Нямцэвіч у “Гістарычных падарожжах” (1811 – 1828) пісаў, што “...галоўны корпус палаца нікім заняты не быў і знаходзіўся пад наглядам упраўляючага Сапегаў Гудоўскага.” Магчыма, ужо тады частка тэатральнага флігелю была аддадзена пад суконную фабрыку, а другая частка – пад зернясховішча. Другі сведка Леан Патоцкі ў 1834 г. пісаў: “Палацавы двор ўвесь зарос травой, на якой пасвіліся козы, ... фруктовыя дрэвы здзічэлі, ... сажалкі пазаросталі, каналы без вады, будынкі перададзены пад фабрыку. У што ж ператварыліся гэтыя пакоі, напоўненыя ўсёй пыхаю захаду і ўсходу?! Дзе той багаты збор рэдкіх кніжак, шыкоўная збраёўня?! Дзе пакоі, у якія зачашчалі прымасы, біскупы, канцлеры, гетманы, ваяводы, найпершыя магнаты ў краі?!”. У 1838 г. верхнія паверхі палаца былі заняты вартавой службай. На геаграфічнай карце 1850 г., дзе паказаны Ружаны і наваколле з палацам, прыпісана “Провиантский магазин”. У 40-я гады ХІХ ст. палац з аукцыёна быў куплены Мардэхаем Пінесам і выкарыстоўваўся пад жытло і цэхавыя памяшканні суконай фабрыкі. Новыя ўладальнікі ніколі не рабілі спроб рамантаваць палац і ён паступова прыйшоў у заняпад.

Вялікія заказы на сукно з ружанскіх мануфактур ў ХІХ ст. паступалі ад ваеннага ведамства Расійскай імперыі. Ткацкія станкі размяшчаліся ў княжацкіх флігелях, у тэатральным флігелі і падвалах адбывалася фарбаванне тканін і іх сушэнне. Так старая структура палаца парушалася. Аднак ружанская прадукцыя каштавала вельмі дорага і патрабавала вялікіх выдаткаў. Таму, як піша П. Баброўскі, у 60-я г.г. ХІХ ст. ружанская фабрыка на тэрыторыі палаца ператварылася ў маленькую прадзільню воўны. Галоўны корпус палацавага комплекса для вытворчасці амаль не выкарыстоўваўся – у ім жылі гаспадары і размяшчаўся склад зробленай прадукцыі. У пачатку ХХ ст. да яго быў прыбудаваны з дрэва прамывачны цэх. Менавіта тут у жніўні 1914 г. адбыўся пажар, які поўнасцю прывёў будынак у непрыдатнасць. Дах галоўнага корпуса абваліўся адразу пасля пажару і праламіў перакрыцце на другім паверсе. Ужо праз два месяцы Ружаны былі заняты немцамі (ішла першая сусветная вайна). Да 1920 г. будынак палаца яшчэ больш прыйшоў у непрыгляднасць, у заняпад прыйшла вытворчасць на мануфактурах і прыбыткі ад іх скараціліся.

У 1923 г., калі Заходняя Беларусь знаходзілася ў складзе Польшчы, у Ружанах з’явіўся Яўстафій Каятан Сапега (нашчадак ружанскіх уладальнікаў), які прад’явіў прэтэнзіі на спадчыну сваіх продкаў. Аднак Пінесы здолелі падцвердзіць свае маёмасныя правы, паказаўшы выкупныя дакументы пачатку ХІХ ст., падпісаныя Ежы Сапегам. Аднак частку ружанскай калекцыі каштоўнасцей нашчадкі Сапегаў здолелі вярнуць. Яна была перададзена ім ў 1923 г. савецкай Расіяй па Рыжскаму дагавору (1921 г.). Значная колькасць графічных матэрыялаў была перададзена Кабінету гравюр Варшаўскага універсітэта. У 1944 г. большая частка каштоўнасцей, якія аказаліся ў Варшаве, загінула пад час пажару.

У 1933 г. намаганнямі міністра замежных спраў Польшчы Яўстафія Каятана Сапегі Ружаны былі вернуты роду. Уладальнікам палацу стаў яго старэйшы сын Ян, які распачаў працу па аднаўленні палаца. У 1933 г. акружны віленскі кансерватар С. Лёрэнц выканаў фрагментарную даследчую фотафіксацыю архітэктурнага ансамблю.

Восенню 1939 г. пад час пераходу гэтых тэрыторый у склад БССР праводзіліся мерапрыемствы па нацыяналізацыі вытворчасці. Уладальнікі ружанскіх мануфактур былі пазбаўлены сваёй маёмасці і высланы на усход СССР. У Архангельскую губерню быў высланы князь Яўстфій Каятан Сапега, які пражываў у маёнтку Старая Спуша (Шчучынскі раён).

Пад час Вялікай Айчыннай вайны згарэў і быў разбураны будынак усходняга флігеля (былога тэатра). У паўднёвым корпусе да 1962 г. існаваў цэх па вытворчасці кафлі.

На працягу ХХ ст. не адзін раз рабіліся спробы па вывучэні і рэканструкцыі Ружанскага палаца. У 1945 г. у Ружанах знаходзілася група з Маскоўскага археалагічнага інстытута, якая праводзіла абследаванне помнікаў архітэктуры Беларусі. З мэтай кансервацыі помніка ў 1970 г. бало распачата даследаванне палаца.

Ружанскі палацавы комплекс знаходзіцца пад аховай дзяржавы з 1953 г., а з 1988 г. ён аб’яўлены помнікам рэспубліканскага значэння. У канцы 80-х гадоў ХХ ст. пачалася рэканструкцыя палаца, аднак з-за недахопу сродкаў ў 1995 г. была спынена. Палац працягвае разбурацца.