- •1.Навука як від пазнання і як феномен культуры
- •2.Структура навуковага пазнання
- •1.2.1.Эмпірычны ўзровень навуковага пазнання
- •1.2.2.Тэарэтычны ўзровень навуковага пазнання
- •1.2.3.Метатэрэтычны ўзровень навуковага пазнання
- •1.2.4. Дысцыплінарная структура навукі
- •8. Прыродазнаўства і тэхніка
- •11.Агульная характарыстыка асноўных прыродазнаўчых дысцыплін
- •1.4.2. Касмалогія
- •1.4.4. Біялогія
- •12. Гістарычная дынаміка навукі: асноўныя падыходы і праблемы
- •14. Гістарычнае станаўленне фізікі і касмалогіі сучаснага тыпу
- •15.. Гістарычнае станаўленне хіміі сучаснага тыпу
- •16.Гістарычнае станаўленне біялогіі сучаснага тыпу
- •19. Класічная механіка і яе гістарычнае значэнне
- •23. Класічная электрадынаміка
- •25. Рэвалюцыйныя біялагічныя адкрыцці ў хіх стагоддзі
- •3.8.1. Эвалюцыйная тэорыя ч.Дарвіна
- •3.8.2. Клетачная тэорыя
- •3.8.3. Тэорыя спадчыннасці г.Мендэля
- •26. Крызіс класічнага прыродазнаўства
- •28.. Усеагульная тэорыя адноснасці і станаўленне сучаснай касмалогіі
- •30. Праблема ўзаемадачыненняў квантавай і рэлятывісцкай фізікі
- •34.Тэорыя Вялікага Выбуху як Стандартная мадэль сучаснай касмалогіі
- •38. Праблема грунтоўных сусветных канстант
- •46. Праблема ўзнікнення жыцця на Зямлі і яе аналіз у сучаснай навуцы
- •53.Біяэтыка як міждысцыплінарны пазнавальны кірунак
- •57. Праблема антрапасацыягенезу і яе прыродазнаўчыя аспекты
1.2.4. Дысцыплінарная структура навукі
З пункту гледжання таго, што навуковае пазнанне мае прадметны характар, скіравана на рэчаіснасць, на яе пэўныя сегменты, яно таксама пэўным чынам выбудавана: за пэўнымі рэчаіснымі сферамі замацоўваюцца пэўныя галіны пазнання – навуковыя дысцыпліны. Дысцыплінарная структура навукі характарызуецца гістарычнасцю, яна змяняецца, мадыфікуецца: паўстаюць новыя сувязі паміж яе элементамі, змяняецца іх сутнасць, узнікаюць новыя элементы. У дынаміцы згаданай структуры выяўляюцца, такім чынам, дзве ўзаемадапаўняльныя тэндэнцыі – да дыферэнцыяцыі і да інтэграцыі навуковых ведаў. Гэтыя супярэчлівыя тэндэнцыі не толькі дапаўняюць адна адну: яны настолькі шчыльна звязаныя паміж сабой, што кожная істотным чынам уплывае на іншую. Дыферэнцыяцыя навуковых ведаў, узнікненне новых навук ускладняе і ўзбагачае сістэму стасункаў у сферы навуковага пазнання і таму спрыяе разгортванню ў ёй інтэграцыйных працэсаў. Інтэграцыйныя сувязі паміж навукамі, у сваю чаргу, могуць паглыбляцца да такой ступені, што на іх аснове ўзнікае новая навуковая дысцыпліна, г. зн. тут адбудзецца прасоўванне наперад у плане дыферэнцыяцыі.
Паколькі ў структуры рэчаіснасці ў якасці найгрунтоўнейшых элементаў выступаюць вялікія прадметныя сферы, істотным чынам адрозныя адна ад адной, але і шчыльна звязаныя паміж сабой, і паколькі кожная з гэтых сфер таксама мае структураваны характар, дык кожнай з іх прысвечаны цэлы комплекс навук. Так, прыроду як быццё, вызначанае іманентнымі яму законамі (І.Кант), вывучаюць прыродазнаўчыя навукі, чалавека як духоўную істоту, сістэму яго сацыяльных стасункаў, усе кірункі і праявы яго творчай дзейнасці ў іх гістарычным развіцці – сацыягуманітарныя. У працэсе згаданай дзейнасці чалавек пераўтварае рэчаіснасць, стварае другую прыроду – сістэму штучных аб’ектаў, якія робяць свет для яго больш утульным, а жыццё ў ім больш зручным і лёгкім. Дадзены аспект чалавечай дзейнасці можа быць ахарактырызаваны як тэхніка, і яму таксама прысвечаны спецыяльны комплекс навук – тэхнічныя навукі. Філасофія, логіка і матэматыка маюць адмысловы статус у сістэме навуковага пазнання, выконваюць у яго абсягу асаблівыя функцыі і займаюць у ім выдатнае месца.
Такім чынам, з пункту гледжання задач, сродкаў і вынікаў навукова-даследчай дзейнасці ў ёй вылучаюцца эмпірычны, тэарэтычны і метатэарытычны ўзроўні. Эмпірычны ўзровень – гэта ўзровень навуковага досведу, які ў агульнапазнавальным кантэксце выступае як сінтэз пачуццёвага і рацыянальнага кагнітыўных пачаткаў, а ў навуковым – набывае метадычна арганізаваны характар. Да асноўных метадаў эмпірычнага пазнання належаць эксперымент, назіранне, вымярэнне, апісанне, мадэляванне і індукцыя. У выніку даследаванняў, здзейсненых на ўзроўні навуковага досведу, фіксуюцца факты, датычныя пэўнай сферы рэчаіснасці, выяўляюцца істотныя сувязі і карэляцыі феноменаў, што да яе належаць. Іх сістэматычны разгляд, іх тлумачэнне, аднак, адбываецца на тэарэтычным узроўні навукі. Асноўнай формай навуковых ведаў на гэтым узроўні з’яўляецца тэорыя, якая і дала яму яго імя. Асноўнай характарыстыкай дадзенай формы з’яўляецца яе сістэмнае ўладкаванне. Тыпічным для навукі спосабам такога ўладкавання з’яўляецца аксіяматызацыя. Найважнейшымі метадамі тэарэтычнага пазнання з’яўляюцца метад ідэалізацыі, уяўны эксперымент, гіпатэтычна-дэдуктыўны метад, метад матэматычнай гіпотэзы, матэматычнае мадэляванне.
Метатэарэтычны ўзровень навукі – гэта ўзровень светапоглядых і метадалагічных яе асноў. На гэтым узроўні яна шчыльна ўзаемадзейнічае з філасофіяй. У кантэксце згаданага ўзаемадзеяння быў выпрацаваны цэлы шэраг метатэарэтычных праектаў (крытычны апрыярызм, фальсіфікацянізм, аперацыяналізм і г.д.). У структуры згаданага ўзроўню ў нашым культурным кантэксце традыцыйна вылучаюцца таксама ідэалы і метады навуковага даследавання і навуковая карціна свету.
Даследуючы рэчаіснасць, якая мае структураваны характар, навука структуруецца ў адпаведнасці з ёю. У гэтым плане яна выяўляе дысцыплінарную будову. Навуковыя дысцыпліны можна згрупаваць у сацыягуманітарныя, прыродазнаўчыя і тэхнічныя – у адпаведнасці з тым абсягам рэчаіснасці, што вывучаецца кожным з гэтых комплексаў навук. Па-за межамі гэтай класіфікацыі застаюцца філасофія, логіка і матэматыка, якія маюць адмысловы статус у сістэме навуковага пазнання.