Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
ВСЁ часть1.doc
Скачиваний:
64
Добавлен:
04.03.2016
Размер:
1.33 Mб
Скачать

Глава 1. Буржуазныя рэформы. Пераход да капіталістычнай гаспадаркі § 1. Адмена прыгоннага права

Прычыны і падрыхтоўка сялянскай рэформы. Адмену прыгоннага права ў Расійскай імперыі абумовілі дзве галоўныя прычыны: існаванне прыгонніцтва стрымлівала эканамічнае развіццё дзяржавы; узрастанне антыпрыгонніцкага руху, перш за ўсё сярод сялянства, пагражала моцным сацыяльным выбухам. У сярэдзіне ХІХ ст. Расія заставалася адной з нямногіх вялікіх дзяржаў, дзе захавалася права адных людзей валодаць другімі. Ужо не менш як пяць дзесяцігоддзяў пытанне аб прыгонніцтве займала цэнтральнае месца ў ідэалагічных спрэчках розных кірункаў грамадскай думкі Расіі. Але толькі паражэнне ў Крымскай вайне 1853 – 1856 гг. здолела прымусіць кіраўніцтва імперыі перайсці да непасрэднага вырашэння сялянскай праблемы. Ва ўрадавых колах разумелі, што рэформу лепш правесці “зверху”, інакш можна дачакацца адмены прыгонніцтва “знізу”.

Новы ўрад Расіі на чале з імператарам Аляксандрам ІІ пачаў падрыхтоўку да скасавання прыгону. Спачатку падрыхтоўка сялянскай рэформы вялася ў сакрэце ад шырокіх колаў грамадскасці. У студзені 1857 г. быў створаны Сакрэтны камітэт “для абмеркавання мер па ўладкаванні побыту памешчыцкіх сялян”. Члены камітэта спрачаліся наконт умоў адмены прыгоннага права. Адны прапаноўвалі остзейскі варыянт, г. зн. вызваленне сялян без зямлі; іншыя жадалі, каб цар узяў ініцыятыву на сябе і дараваў вольнасць сялянам ад свайго імя; некаторыя лічылі, што ўмовы вызвалення сялян павінны выпрацаваць памешчыкі.

Рэформу было вырашана пачынаць з заходніх губерняў. Па‑першае, мясцовыя памешчыкі былі значна больш, чым памешчыкі ў іншых раёнах Расіі, уцягнуты ў таварна-грашовыя адносіны з прычыны блізкасці да заходнееўрапейскага рынку. Па‑другое, увядзенне ў 1840-я гг. абавязковых інвентароў у тутэйшых памешчыцкіх гаспадарках прывяло памешчыкаў Беларусі да ўсведамлення хуткай і непазбежнай страты імі сваёй улады над сялянамі і, разлічваючы на больш выгадныя для сябе ўмовы адмены прыгонніцтва, яны мусілі першымі адгукнуцца на прапанову ўрада. Па‑трэцяе, для самадзяржаўя апазіцыйна настроенае польскае дваранства ўяўляла палітычную небяспеку, таму неабходна было найхутчэй пазбавіць яго магчымасці выкарыстаць сялянскія хваляванні ў сваіх нацыянальных інтарэсах.

Для расійскага ўрада было важна, каб ініцыятыва адмены прыгоннага права зыходзіла ад памешчыкаў – галоўнай сацыяльнай апоры ўлады. Паколькі памешчыкі асабліва не спяшаліся з прапановамі аб скасаванні прыгонніцтва, памешчыцкую “ініцыятыву” трэба было арганізаваць. Зрабіць гэта аказалася не вельмі цяжка. Яшчэ ў маі 1856 г. генерал-губернатар Віленскай, Ковенскай і Гродзенскан губерняў У.І. Назімаў на сустрэчы з Аляксандрам ІІ у Брэсце запэўніў імператара, што дваране яго генерал-губернатарства, бачачы вынікі вызвалення сялян у суседніх прыбалтыйскіх губернях, дзе сяляне атрымалі асабістую свабоду яшчэ ў пачатку ХІХ ст., пагадзіліся б на падобную рэформу. Летам 1857 г. Аляксандр ІІ зноў сустрэўся з У.І. Назімавым, цяпер ужо ў Вільні, і генерал-губернатар пацвердзіў, што памешчыкі паўночна-заходніх губерняў гатовы выступіць з ініцыятывай адмовы ад прыгоннага права.

Пад уплывам У.І. Назімава інвентарныя камітэты Віленскай, Гродзенскай і Ковенскай губерняў прынялі рашэнне не займацца пытаннямі рэгулявання адносін паміж памешчыкамі і сялянамі, для чаго яны і былі калісьці створаны, а пагадзіліся бязвыплатна вызваліць сялян, пакінуўшы памешчыкам усю зямлю, у тым ліку і сялянскія надзелы. Гэта рашэнне У.І. Назімаў у верасні 1857 г. накіраваў міністру ўнутраных спраў. У кастрычніку ён асабіста прыехаў у Пецярбург і папрасіў даць яму далейшыя інструкцыі. 20 лістапада 1857 г. Аляксандр ІІ падпісаў і накіраваў рэскрыпт (прадпісанне) генерал-губернатару Віленскай, Ковенскай і Гродзенскай губерняў У.І. Назімаву аб заснаванні з прадстаўнікоў мясцовых памешчыкаў трох губернскіх камітэтаў і адной агульнай камісіі ў Вільні для падрыхтоўкі мясцовых праектаў паляпшэння побыту памешчыцкіх сялян. Крыху пазней падобныя камітэты былі створаны і ў іншых губернях Расіі.

У рэскрыпце нічога не было сказана аб адмене прыгоннага права, але 21 лістапада 1857 г. у “Дадатковай адносіне” ўжо недвухсэнсоўна тлумачылася, што галоўным у “паляпшэнні быту памешчыцкіх сялян” з’яўляецца адмена прыгоннага права. Менавіта прыняцце гэтых двух дакументаў зрабіла незваротным працэс падрыхтоўкі да адмены прыгоннага права па ўсёй імперыі, а іх апублікаванне легалізавала абмеркаванне праблемы. Неабходнасць рэформы была публічна пацверджана. Стала зразумелым, што прыгоннае права дажывае апошнія гады. Пераважная большасць дваранскіх камітэтаў ва ўсіх губернях Расіі выказалася за вызваленне сялян без зямлі. Але такі варыянт ужо не адказваў патрабаванням часу, не мог даць пажаданага эфекту і быў адхілены ўрадам.

Заканадаўчая база адмены прыгоннага права. Маніфест і “Палажэнні” 19 лютага 1861 г. 19 лютага 1861 г. Аляксандр ІІ падпісаў “Маніфест” і зацвердзіў усе заканадаўчыя акты (іх было 17), якія тычыліся адмены прыгоннага права. Але апублікаваны гэтыя дакументы былі толькі 5 сакавіка 1861 г. Такі значны разрыў паміж датамі зацвярджэння царом заканадаўчых актаў і іх апублікаваннем для ўсеагульнага азнаямлення тлумачыцца тым, што патрэбна было не толькі надрукаваць неабходную колькасць экземпляраў гэтых аб’ёмных дакументаў, але і прыняць шэраг прэвентыўных (папераджальных) захадаў на выпадак сялянскіх хваляванняў, якія небеспадстаўна прагназаваліся ўладамі. Былі падрыхтаваны неабходныя вайсковыя часці ў сталіцах, а ў губерні для нагляду за парадкам накіраваны флігель-ад’ютанты, якія ў неабходных выпадках мелі права дзейнічаць ад імя цара.

Усе дакументы, апублікаваныя 5 сакавіка 1861 г., можна падзяліць на тры групы: агульныя палажэнні, мясцовыя палажэнні, дадатковыя правілы. З мясцовых палажэнняў непасрэдна тэрыторыі Беларусі тычыліся два: “Мясцовае палажэнне аб пазямельным уладкаванні сялян, якія паселены на памешчыцкіх землях у губернях: Вялікарасійскіх, Новарасійскіх і Беларускіх” (пад гэта палажэнне падпадалі Магілёўская губерня і большая частка Віцебскай) і “Мясцовае палажэнне аб пазямельным уладкаванні сялян, якія паселены на памешчыцкіх землях у губернях: Віленскай, Гродзенскай, Ковенскай, Мінскай і частцы Віцебскай” (ахоплівала астатнюю тэрыторыю Беларусі).

Правы сялян. Устаўныя граматы і выкупныя акты. У маніфесце і агульных палажэннях былі заканадаўча замацаваны ўсе агульныя для сялян асабістыя і маёмасныя правы, правы грамадскага кіравання, дзяржаўныя і земскія павіннасці. Галоўным звяном у заканадаўчых актах рэформы былі асабістыя правы сялян. У маніфесце падкрэслівалася, што адмена прыгоннага права з’яўлялася вынікам добраахвотнай ініцыятывы “шляхетнага дваранства”. У адпаведнасці з маніфестам былыя памешчыцкія сяляне абвяшчаліся асабіста свабоднымі і атрымлівалі шэраг грамадзянскіх правоў: заключаць ад свайго імя розныя грамадзянскія і маёмасныя пагадненні, адкрываць гандлёвыя і прамысловыя прадпрыемствы, пераходзіць у іншыя саслоўі.

Агульныя палажэнні ўводзілі новую сістэму кіравання вёскай. Яна была заснавана на выбарнасці ніжэйшых службовых асоб. Сяляне, якія жылі на зямлі аднаго памешчыка, складалі сельскую грамаду (абшчыну). На сходзе сельскай грамады выбіраўся стараста. Некалькі сельскіх абшчын, якія адносіліся да аднаго царкоўнага прыхода, стваралі воласць. На валасным сходзе сельскія старасты і ўпаўнаважаныя ад кожных 10 двароў выбіралі валасное праўленне, валаснога старшыню і суддзю. Сельскія і валасныя праўленні займаліся раскладкай і зборам падаткаў, выконвалі распараджэнні мясцовых улад, рэгулявалі пазямельныя адносіны сялян, сачылі за парадкам у вёсцы. За своечасовае выкананне ўсіх павіннасцей сяляне неслі адказнасць на аснове кругавой парукі. Валасны сялянскі суд вырашаў дробныя крымінальныя і грамадзянскія справы сялян і дзейнічаў паводле норм і традыцый звычаёвага права.

Першай інстанцыяй па ўрэгуляванні адносін паміж сялянамі і памешчыкамі з’яўляліся міравыя пасрэднікі, якія выбіраліся з мясцовых дваран і зацвярджаліся сенатам. Асноўным абавязкам міравых пасрэднікаў было садзейнічанне складанню ўстаўных грамат – нарматыўных актаў, дзе вызначаліся пазямельныя адносіны сялян і памешчыкаў. На складанне і падпісанне ўстаўных грамат адводзіліся два гады. Для непасрэднага правядзення рэформы на месцах ствараліся спецыяльныя органы – павятовыя міравыя з’езды і губернскія па сялянскіх справах установы, дзейнасць якіх кантралявалі губернатары.

Спецыфіка “Мясцовых палажэнняў…” для беларускіх губерняў. Пазямельнае ўладкаванне сялян Беларусі ажыццяўлялася на аснове двух “Мясцовых палажэнняў…”. У Віцебскай і Магілёўскай губернях, дзе захавалася абшчыннае землекарыстанне, устанаўлівалася ніжэйшая (ад 1 да 2 дзесяцін) і вышэйшая (ад 4 да 5,5 дзесяціны) плошча зямлі на адну мужчынскую душу. Калі да рэформы ў карыстанні селяніна зямлі было больш за вышэйшую норму, то памешчык меў права адрэзаць лішак на сваю карысць. У Гродзенскай, Віленскай і Мінскай губернях існавала падворнае землекарыстанне. Тут сялянам пакідаўся іх дарэформенны надзел. Адрэзкі дазвалялася рабіць, калі ў памешчыка заставалася менш за 1/3 усёй зямлі, але сялянскі надзел не мог быць скарочаны больш як на 1/6.

Уся зямля ў маёнтку прызнавалася ўласнасцю памешчыка, ў тым ліку і тая, якая знаходзілася ў карыстанні сялян. За карыстанне сваімі надзеламі асабіста свабодныя сяляне на працягу не менш як 9 гадоў (да правядзення выкупной аперацыі) павінны былі адбываць паншчыну або плаціць памешчыку аброк, гэта значыць выконваць фактычна тыя ж павіннасці, што і ў часы прыгоннага права. Адмяняліся толькі дадатковыя зборы (яйкі, масла, лён, палатно і да т.п.), крыху скарачалася фурманачная павіннасць, забараняўся перавод сялян з аброку на паншчыну і ў дваровыя. Такое становішча сялян закон прызнаваў часовым. Таму асабіста свабодныя сяляне, якія працягвалі выконваць павіннасці на карысць памешчыка, называліся часоваабавязанымі.

Да правядзення выкупной аперацыі ў Магілёўскай і Віцебскай губернях паншчына за вышэйшы надзел складала 40 мужчынскіх і 30 жаночых дзён у год (ці 8 рублёў аброку). У заходняй частцы Беларусі павіннасці памяншаліся на 10 % супраць інвентароў і вызначаліся наступным чынам: для паншчыны – не больш за 23 дні, для аброку – не больш як 3 рублі з дзесяціны ў год.

Выкупная аперацыя. Свой палявы надзел зямлі сяляне выкуплялі ва ўласнасць. Правілы выкупной аперацыі былі аднолькавыя для ўсёй Расіі. Выкупная сума за сялянскі надзел вылічвалася так, каб, паклаўшы яе ў банк пад 6 % гадавых, памешчык мог штогод атрымліваць даход, роўны гадавому аброку з гэтага надзела. Напрыклад, калі аброк з сялянскага надзелу складаў 6 рублёў у год, то агульная сума, якую селяніну трэба было заплаціць, складала 100 рублёў (6 р. – 6 %, 100 р. – 100 %). Ад 20 да 25 % выкупной сумы (у залежнасці ад велічыні надзелу) сяляне плацілі непасрэдна памешчыку. Астатнюю частку памешчыкі атрымлівалі ад дзяржавы ў выглядзе каштоўных папер, якія можна было прадаваць, ці закладваць. У выніку такой аперацыі сяляне станавіліся даўжнікамі дзяржавы. На працягу 49 гадоў трэба было вярнуць доўг у выглядзе выкупных плацяжоў, куды ўключаліся яшчэ і працэнты за пазыку. За гэты час сялянам даводзілася выплаціць да 300 % пазычанай ім сумы.

Такім чынам, агульная сума, якую сяляне вымушаны былі заплаціць за атрыманыя надзелы, значна перавышала рыначны кошт гэтай зямлі (у Беларусі – у 3 – 4 разы). Выходзіла, што сяляне не толькі выкуплялі зямлю, але і кампенсавалі памешчыкам страту іх уласнасці ў асобе селяніна. Праводзячы выкупную аперацыю, казна вырашыла і праблему спагнання дарэформенных даўгоў з памешчыкаў. У Беларусі, паводле даных за 1859 г., 59,8 % прыгонных сялян (увогуле па Расіі – 65 %) былі закладзены іх уладальнікамі ў розных крэдытных установах. Гэты доўг утрымліваўся з выкупной пазыкі памешчыкам, што вызваліла іх ад даўгоў і выратавала ад фінансавага банкруцтва.

Змены ў рэалізацыі рэформы, звязаныя з паўстаннем 1863 – 1864 гг. Істотныя змены ў ажыццяўленне сялянскай рэформы ў Беларусі ўнесла паўстанне 1863 – 1864 гг. Указ ад 1 сакавіка 1863 г. уводзіў абавязковы выкуп сялянскіх надзелаў у Віленскай, Гродзенскай, Ковенскай, Мінскай губернях і ў інфлянцкіх паветах Віцебскай губерні. Сяляне пераставалі быць часоваабавязанымі і станавіліся ўласнікамі зямлі, выкупныя плацяжы зніжаліся на 20 %. 2 лістапада 1863 г. гэты ўказ распаўсюджваўся на ўсю Віцебскую і Магілёўскую губерні. 9 красавіка 1863 г. у Беларусі былі створаны павятовыя камісіі для праверкі і выпраўлення ўстаўных грамат. Згодна з цыркулярам ад 18 кастрычніка 1863 г. абеззямеленым у 1846 – 1856 гг. сялянам выдаваўся 3‑дзесяцінны сямейны надзел і ў поўным аб’ёме вярталася зямля, адабраная ў іх з 1857 г. Паўстанне 1863 – 1864 гг. паўплывала і на становішча дзяржаўных сялян у Беларусі. Паводле закона 1867 г. яны пераводзіліся з аброку на выкуп і станавіліся ўласнікамі сваіх надзелаў. Зробленыя ўрадам саступкі палепшылі становішча сялян заходніх губерняў у параўнанні з іншымі рэгіёнамі Расіі і стварылі больш спрыяльныя ўмовы для развіцця капіталізму ў Літве і Беларусі.

Вынікі і значэнне аграрнай рэформы. Рэформа 1861 г. дала значны штуршок развіццю буржуазных адносін у Расіі. За некалькі дзесяцігоддзяў тут адбыліся такія пераўтварэнні, на якія ў некаторых краінах Захаду спатрэбіліся цэлыя стагоддзі. Разам з тым рэформа несла ў сабе шмат супярэчнасцей. У Расіі захавалася мноства феадальных перажыткаў, што стала адметнай рысай і асноўнай асаблівасцю расійскага капіталізму.