Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
ВСЁ часть1.doc
Скачиваний:
64
Добавлен:
04.03.2016
Размер:
1.33 Mб
Скачать

§ 2. Беларусь у гады першай сусветнай вайны

Згодна з распрацаванымі планамі ваенных дзеянняў Германія разлічвала спачатку разбіць Францыю, а затым Расію. Уварваўшыся праз тэрыторыю нейтральнай Бельгіі ў межы Францыі, немцы стварылі рэальную пагрозу для Парыжа.

Расія планавала нанесці галоўны ўдар па Аўстра-Венгрыі ў напрамку Галіцыі, што давала магчымасць пранікнуць на Балканы і да праліваў Басфор і Дарданелы.

З пачатку 1915 г. асноўныя сілы Германіі знаходзіліся на Усходнім фронце. У выніку нямецкага наступлення расійскія войскі ў чэрвені 1915 г. пакінулі Галіцыю, страціўшы каля 600 тыс. палоннымі, забітымі, параненымі. Захапіўшы Галіцыю, Германія сканцэнтравала галоўныя сілы на польскім тэатры ваенных дзеянняў. Расійскія войскі, церпячы паражэнне за паражэннем у Польшчы, у ліпені 1915 г. здалі Варшаву. Пры наступленні на Варшаву германскае камандаванне ўпершыню выкарыстала газавую атаку, у выніку якой загінула 9 тыс. расійскіх салдат.

Акупацыя немцамі Заходняй Беларусі. Фронт імкліва набліжаўся да Беларусі. У жніўні 1915 г. пачалося нямецкае наступленне ў напрамку Коўна – Вільня – Мінск. Пасля няўдалай спробы ўзяць Вільню нямецкія войскі пачалі новае наступленне і 9 верасня 1915 г. прарвалі фронт у ваколіцах Свянцян. Пранікнуўшы ў тыл расійскіх войск, немцы захапілі Вілейку і наблізіліся да Маладзечна. Асобныя нямецкія злучэнні дайшлі аж да Смалявіч і Барысава. Стаўка расійскага Вярхоўнага галоўнакамандуючага была пераведзена з Баранавіч у Магілёў.

У сярэдзіне верасня 1915 г. наступленне нямецкіх войск было спынена. У ваколіцах Маладзечна, Вілейкі і Смаргоні вораг быў разбіты. Немцы адступілі ў раён азёр Нарач – Свір. 810 дзён і начэй ішлі ўпартыя баі за г. Смаргонь, які быў цалкам разбураны і ўвайшоў у гісторыю як “мёртвы горад” і “месца жорсткіх газавых атак немцаў”. Нездарма тады салдаты гаварылі: “Кто под Сморгонью не бывал, тот войны не видал”.

У кастрычніку 1915 г. фронт стабілізаваўся па лініі Дзвінск – Смаргонь – Баранавічы – Пінск. Чацвёртая частка тэрыторыі Беларусі з насельніцтвам звыш 2 млн. чалавек апынулася пад германскай акупацыяй.

Становішча Беларусі ў гады Першай сусветнай вайны. Напярэдадні і ў першыя дні вайны заходнія, у тым ліку беларускія губерні, былі аб’яўлены на ваенным становішчы. Забараняліся забастоўкі, сходы, шэсці, маніфестацыі, уводзілася ваенная цэнзура. У сувязі з наступленнем германскіх войск рушыў на ўсход вялікі паток бежанцаў з Польшчы, Літвы і заходніх паветаў Беларусі (больш за 1,3 млн. чалавек).

На абаронныя работы (капанне акопаў, будаўніцтва мастоў, рамонт дарог, ахову вайсковых аб’ектаў і інш.) прыцягвалася ўсё насельніцтва прыфрантавой паласы. Пачаліся масавыя рэквізіцыі жывёлы, прадуктаў харчавання і фуражу. Рэквізіцыі і прымусовыя работы на патрэбу фронту праводзілі і германскія ўлады. Акупанты сілай забіралі ў сялян коней, кароў, іншую жывёлу, прадукты, фураж, адзенне, абутак, прымушалі выконваць розныя павіннасці.

Асабліва цяжка адбівалася вайна на гаспадарцы. На неакупіраванай тэрыторыі Беларусі ў 1914 – 1917 гг. з‑за адсутнасці сыравіны і паліва колькасць буйных прадпрыемстваў скарацілася з 829 да 297, а рабочых з – 37,7 тыс. да 25,1 тыс. Разам з тым асобныя галіны (швейная, абутковая, металаапрацоўчая і інш.), што выконвалі ваенныя заказы, значна павялічылі выпуск прадукцыі. Былі перабудаваны многія фабрыкі і заводы, а таксама створана шмат часовых прадпрыемстваў і майстэрань, якія абслугоўвалі армію. На вытворчасць боепрыпасаў, транспартных сродкаў і іншага вайсковага рыштунку былі пераключаны ўсе прадпрыемствы металаапрацоўчай прамысловасці. Снарады і гранаты выраблялі 5 заводаў у Мінску і тры ў Гомелі. Бомбы выраблялі Рэчыцкі і Аршанскі драцяна-цвіковыя заводы. У Гомелі, Оршы, Віцебску, Мінску і іншых пунктах былі створаны майстэрні для вырабу і рамонту зброі і транспартных сродкаў.

У некалькі разоў павялічылі аб’ём вытворчасці прадпрыемствы хлебапякарна-сухарнай прамысловасці. Вялікія заказы ваеннага ведамства па забеспячэнні арміі вопраткай і абуткам выконваліся на Віцебскай ільнопрадзільнай фабрыцы “Дзвіна”, Дубровенскай бавоўна-прадзільнай фабрыцы, Магілёўскай панчошнай фабрыцы, іншых прадпрыемствах, а таксама ў дробных майстэрнях і асобнымі саматужнікамі.

У выключна цяжкім становішчы апынулася сельская гаспадарка Беларусі. Больш за палову ўсіх працаздольных мужчын беларускай вёскі было мабілізавана і адпраўлена на фронт. Толькі з Мінскай, Магілёўскай і Віцебскай губерняў было прызвана ў армію 634 400 чалавек. За гады вайны скараціліся пасяўныя плошчы Беларусі: жыта – на 18,7 %, пшаніцы – на 22,1 %, бульбы – на 34,2 %.

З‑за моцнага заняпаду сельскай гаспадаркі амаль перасталі паступаць на рынак прадметы першай неабходнасці, што выклікала рост цэн, зніжэнне жыццёвага ўзроўню народа. Цэны на прадукты харчавання і адзенне ў Беларусі да 1917 г. павялічыліся ў 5 – 8 разоў у параўнанні з 1913 г. Ва ўмовах надзвычайнай галечы, вялікай скучанасці насельніцтва і голаду ў прыфрантавых губернях шырока распаўсюдзіліся розныя эпідэмічныя хваробы – тыф, халера і інш.

Пачынаючы з 1915 г., у Беларусі нарастаў рабочы рух. У красавіку 1915 г. адбылося выступленне рабочых і служачых Гомельскага чыгуначнага вузла. Летам таго ж года баставалі рабочыя дэпо Лібава-Роменскай чыгункі ў Гомелі. У 1916 г. стачачны рух ахапіў 11 населеных пунктаў Беларусі, у ім удзельнічала 1 800 чалавек. Асноўным патрабаваннем стачачнікаў з’яўлялася павышэнне заработнай платы.

Аднак стачкі ў Беларусі адбываліся разрознена, у іх удзельнічала толькі частка рабочых. Масавага рабочага руху не назіралася. Гэта было абумоўлена прыфрантавым становішчам Беларусі, перанасычанасцю яе тэрыторыі войскамі, паліцыяй, жандармерыяй. Арганізатараў стачак арыштоўвалі і накіроўвалі на фронт.

Сялянскі рух у Беларусі ў гады вайны набыў своеасаблівую форму – разгром памешчыцкіх маёнткаў, харчовых магазінаў і лавак. У пачатку вайны падобныя выпадкі адбыліся ў 20 з 35 паветаў Беларусі. Па сутнасці, гэта былі стыхійныя пагромы, якія суправаджаліся рабаваннем маёмасці памешчыкаў і гандляроў. Значна пашырыліся сялянскія хваляванні ў 1915 г. у сувязі з перанясеннем баявых дзеянняў на тэрыторыю Беларусі і ростам рэквізіцый. На працягу 1915 г. адбылося 99 сялянскіх выступленняў. У 1916 г. іх колькасць зменшылася да 60, у студзені – лютым 1917 г. – да 7.

Ваенныя паражэнні расійскай арміі, велізарныя людскія страты выклікалі незадаволенасць салдат. У войсках успыхнулі хваляванні, звязаныя з дрэнным забеспячэннем прадуктамі харчавання і абмундзіраваннем, недахопам зброі і боепрыпасаў. Усяго ў Беларусі ў перыяд вайны адбыліся 62 значныя хваляванні салдат. Павялічвалася дэзерцірства. Цэлыя вайсковыя часці і злучэнні адмаўляліся ісці ў наступленне. Узмацнілася антыўрадавая агітацыя сярод салдат.

22 кастрычніка 1916 г. адбылося паўстанне салдат, казакоў і матросаў на размеркавальным пункце ў Гомелі. Паўстанне ўспыхнула ў сувязі з арыштам аднаго з казакоў. На яго абарону выступілі каля 4 тыс. салдат і матросаў, якія абяззброілі каравул гаўптвахты і вызвалілі з-пад арышту больш за 800 чалавек. 26 кастрычніка салдаты-паўстанцы разагналі паліцэйскі атрад, які займаўся вобыскамі. Паустанцы былі жорстка пакараны. Да суда было прыцягнута 16 чалавек. З іх 9 было расстраляна, а астатнія адпраўлены на катаргу і ў арыштанцкія роты. Але спыніць працэс разлажэння арміі ўжо было нельга, яна паступова станавілася небаяздольнай.