Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:

Вывучэнне вуснай народнай творчасці

.docx
Скачиваний:
44
Добавлен:
04.03.2016
Размер:
40.1 Кб
Скачать

Вывучэнне вуснай народнай творчасці

Значэнне вывучэння фальклору. Сярод розных відаў мастацтва, створаных беларускім народам, важнае месца займае яго паэтычная творчасць - песні, казкі, прыказкі, загадкі, легенды, паданні і інш.

Узятыя разам гэтыя мастацкія творы складаюць своеасаблівую галіну духоўнай дзейнасці нацыі, пачатак якой хаваецца ў глыбіні тысячагоддзяў, а працяг мы бачым і ў сённяшнім дні.

У фальклорных творах праявіліся педагагічны геній народа, яго светапогляд, жыццёвы вопыт, маральна-эстэтычныя ідэалы. Цяжка пераацаніць выхаваўчае значэнне фальклору на ўсіх этапах развіцця нашага грамадства, хоць яго роля і ўдзельная вага не заўсёды былі аднолькавымі. Былі перыяды ў гісторыі нашага народа, калі фальклор быў амаль адзіным сродкам нацыянальнага выхавання нашых суайчыннікаў.

Сёння становіцца відавочным, што размова аб агульначалавечых каштоўнасцях бессэнсоўная без сувязі асобы з традыцыямі свайго этнасу. Таму вядучай метадалагічнай асновай адукацыі і выхавання з'яўляецца прынцып пераемнасці традыцый, які найбольш плённа можна ажыццявіць праз далучэнне вучняў да фальклорных твораў. Гэтыя ўрокі літаратуры павінны дапамагчы школьнікам усвядоміць сябе як прадстаўнікоў нацыі з самабытнай культурай, убачыць месца свайго народа ў сусветнай суполцы.

Прыказкі. Прыказкам належыць важнае месца ў выхаванні і развіцці школьнікаў. Прыступаючы да іх вывучэння ў 6 класе, настаўнік павінен памятаць, што з гэтым вусна-паэтычным жанрам дзеці знаёміліся яшчэ да паступлення ў школу і ў пачатковых класах. Некаторыя тэарэтычныя веды пра прыказкавую паэзію вучні атрымалі на ўроках рускай літаратуры. Таму задача настаўніка беларускай літаратуры заключаецца ў тым, каб паглыбіць веды вучняў аб прыказках як аб спецыфічным жанры вуснай народнай творчасці, паказаць невычэрпнае багацце і арыгінальнасць беларускіх прыказак. Настаўнік так арганізуе іх вывучэнне, каб шасцікласнікі ўсвядомілі неабходнасць ведаць творы гэтага жанру, ахвотна іх завучвалі на памяць, выкарыстоўвалі ў вуснай і пісьмовай мове. Гэтыя задачы акрэсліваюць асноўную методыку правядзення ўрокаў.

Захапіць вучняў беларускай прыказкавай паэзіяй можна толькі ў тым выпадку, калі на ўроках гучаць творы, якія ўражваюць школьнікаў арыгінальнасцю, мастацкай дасканаласцю, трапнасцю, паэтычнасцю.

Працу над тэмай можна пачаць з чытання і асэнсавання артыкула «Сказаць, як звязаць», змешчанага ў падручніку «Родная літаратура для 6 класа» (аўтары Л.В. Асташонак, Г.М. Ішчанка, З.П. Мельнікава, навуковы кіраўнік і рэдактар В.Я. Ляшук). Яго матэрыял дае вучням мажлівасць паразважаць аб значэнні роднай мовы ў жыцці чалавека, а таксама прыводзіць чытача да высновы, што трапна ўжытае слова можа многае расказаць пра таго, хто гаворыць.

Пасля таго як вучні асэнсуюць, навошта патрэбна ведаць прыказкі, можна прыступаць да раскрыцця іх тэматычнага багацця, разгортвання тэзіса: «Прыказка нясе ў сабе маральна ўзважаны, мудры погляд на жыццё як сістэму адносін чалавека да свету прыроды, да грамадства, радзімы і да роду, сям'і, суседзяў, блізкіх і далёкіх, народаў-пабрацімаў і народаў заморскіх». У вучняў важна выклікаць пачуццё гордасці за свой народ, які пакінуў нашчадкам багацейшую прыказкавую спадчыну. Свае словы настаўнік можа пацвердзіць паказам шматлікіх зборнікаў прыказак. А тэматычнае багацце прыказкавай паэзіі дапаможа раскрыць табліца, што папярэдне падрыхтуецца настаўнікам. Спалучэнне зрокавага і слыхавога ўспрымання будзе спрыяць больш трываламу запамінанню твораў.

Практыка працы ў школе сведчыць, што вучні ведаюць мала прыказак, рэдка выкарыстоўваюць іх у сваім маўленні. Каб зрабіць запамінанне мэтанакіраваным, настаўнік павінен навучыць вучняў знаходзіць кантэкст, у якім можа быць ужыта прыказка. Для гэтага ён прапануе заданне з усіх прыказак, змешчаных у падручніку, выбраць адну, якую можна выкарыстаць у прыдуманай ім сітуацыі. Напрыклад: «Вучань напісаў дыктоўку. Перад тым як здаць, зазірнуў у сшытак таварыша. I ў самы апошні момант зрабіў у сябе выпраўленні. Пасля таго як настаўнік праверыў працы, атрымалася, што выпраўленні зроблены дарма». Аналізуючы работы, настаўнік сказаў вучню: «У людзей пытай, ды свой розум май». Вучні павінны выбраць гэтую прыказку, аднак патрэбна ўлічваць, што пры адказе яны вельмі часта імкнуцца выкарыстаць рускія прыказкі або робяць з іх калькі і гэтым задавальняюцца. Таму настаўніку неабходна растлумачыць сваім выхаванцам значэнне яшчэ аднаго тэзіса артыкула У.А. Калесніка, змешчанага ў падручніку: «Збор народных прыказак... - гэта выяўленая ў сціслым і зіхоткім слове народная душа...». А даючы заданне падабраць да пэўнай сітуацыі адпаведную прыказку, можна ўдакладніць тую, якую б сказаў беларус, і тую, што прыйшла б на памяць рускаму. Такія заданні будуць спрыяць асэнсаванню падабенства прыказкавай паэзіі славян, а таксама ўсведамленню нацыянальнай адметнасці беларусаў, рускіх, украінцаў. Знаёмства з прыказкамі свайго народа дасць шасцікласнікам уяўленне пра нацыянальны характар беларусаў.

Прыказка з завучанай на памяць пяройдзе ў актыўны слоўнік вучняў, калі ім будзе зразумелы яе пераносны сэнс. Поспех можа быць дасягнуты шляхам трэніровачных практыкаванняў, якія праводзяцца на канкрэтных творах. Пасля такой працы вучні зразумеюць, што хоць у прыказках і мала слоў, але яны абуджаюць уяўленне, уздзейнічаюць на фантазію, і чытач ці слухач сам дамалёўвае чалавека ці жыццёвы малюнак. За кошт чаго гэта дасягаецца? Узровень літаратурнага развіцця вучняў 6 класа дазваляе пазнаёміць іх з некаторымі сродкамі мастацкай выразнасці і тыпізацыі ў прыказках. Для ўрока настаўнік рыхтуе пераносную дошку або плакат з запісанымі прыказкамі.

У аснове прыказкі «Якая справа - такая і слава» ляжыць супрацьпастаўленне. Хоць кожная частка яе паасобку нясе пэўную інфармцыю, але не ўздзейнічае на фантазію чытача, не заключае ў сабе навучальнага сэнсу. Толькі пастаўленыя побач, яны ўздзейнічаюць на ўяўленне чалавека: «Слава бывае добрая і дрэнная, усё залежыць ад таго, на што накіраваны намаганні чалавека».

У прыказцы «Згода будуе, нязгода руйнуе» супрацьпастаўляюцца «згода - нязгода»; «будуе - руйнуе». Прыказка ставіць маральны бар'ер перад тымі, хто не хоча жыць мірна.

Прыказка «Цяжка саду без зязюлі, цяжка доньцы без матулі» заключае ў сабе паралелізм. Паралелізм узмацняе яе сэнс. Як сумны сад без спеву птушак, так бязрадасна жыццё без маці. У прыказцы «Родная зямелька - як зморанаму пасцелька» значную ролю адыгрываюць памяншальна-ласкальныя суфіксы. Выкарыстанне іх перадае пачуцці любві і неабходнасці радзімы.

Каб вучні асэнсавалі мастацкую асаблівасць прыказак, патрэбна звярнуцца да прыёму іх параўнання. Вучні заўважаюць, што болыпасць прыказак дзеліцца на дзве часткі: у адной паказваецца з'ява, нешта паведамляецца, у другой - робіцца вывад.

Настаўнік павінен дапамагчы сваім выхаванцам глянуць на прыказку не толькі як на спадчыну ад мінулага, але і як на жывую паэзію народа ў сучаснасці. Сваёй мэты настаўнік можа дасягнуць пры падрыхтоўцы і працы вучняў над сачыненнем па прыказцы. Варта вылучыць асобны ўрок з ліку тых, што адведзены праграмай на развіццё мовы.

Казкі. Казка - неразлучны спадарожнік маленства. Яшчэ ў раннім ўзросце дзеці чуюць казкі ў сям'і. Пасля авалодвання граматай школьнікі з захапленнем чытаюць казкі самі. Дзяцей захопліваюць востры займальны сюжэт казак, незвычайныя абставіны, у якіх адбываюцца падзеі. Героі казак разнастайныя, у большасці сваёй яны падзелены на добрых, справядлівых, якіх можна паважаць, і на злых, зайздрослівых, сквапных, што заслугоўваюць асуджэння. Сіла ўздзеяння вобразаў і сюжэта казкі такая, што маленькія людзі ўжо ў працэсе першага знаёмства з творам выразна праяўляюць свае адносіны да яго герояў У гэтым перш за ўсё і заключаецца каштоўнасць казкі.

Надзвычай важным з'яўляецца і яе пазнавальны бок. У народных казках адлюстраваліся стагоддзямі накопленая мудрасць, багацце душэўных сіл народа, яго погляды на сябе і навакольны свет. Асобныя дэталі апавядання пра працу, быт, матэрыяльныя нягоды, уключаныя ў казку, дазваляюць дзецям уявіць асаблівасці жыцця сваіх продкаў у пэўны гістарычны перыяд. У казках працоўны чалавек паўстае таленавітым, працавітым, сардэчным, хітрым на выдумку, майстрам на ўсе рукі, аптымістам, нягледзячы на жыццёвыя цяжкасці. Казка дае мажлівасць для выпрацоўкі ўсведамлення вучнямі нацыянальнага характару беларусаў, выхавання нацыянальнай самасвядомасці школьнікаў.

Важнае значэнне мае казка і як сродак развіцця мовы вучняў. Яе змест - узор выкарыстання магчымасцей мастацкага слова. Дзецям імпануе ў казках увесь лад думак, вобразаў, свабодная, імправізацыйная форма апавядання. Яны з вялікай ахвотай расказваюць казкі дома, у класе, сябрам.

Рыхтуючыся да правядзення ў пятым класе ўрокаў па вывучэнні бсларускіх народных казак, настаўніку патрэбна ўлічваць, што казка належыць да эпічных твораў, таму методыка яе вывучэння мае шмат агульнага з вывучэннем апавядання. Праца над любым эпічным творам пачынаецца з уступных заняткаў. Падрыхтоўка да першага этапа вывучэння казкі не патрабуе асабліва вялікіх намаганняў, выключэннем з'яўляюцца гістарычныя казкі, дзе неабходны гістарычны каментарый.

На ўступных занятках трэба стварыць радасны настрой новай сустрэчы з казкай, увесці дзяцей у казачны свет. Гэтага можна дасягнуць, калі настаўнік дасць мажлівасць вучням прыгадаць вядомыя ім творы. Метадычных рашэнняў такой задачы можа быць многа. Гэта і падрыхтоўка выставы малюнкаў да любімых казак, і гульня «Адгадай, каму належаць гэтыя словы», і інсцэніраванне, і расказванне сваіх любімых твораў народнага эпасу.

Наступным этапам вывучэння мастацкага твора з'яўляецца чытанне. Выдатны рускі метадыст М.А. Рыбнікава звяртала ўвагу настаўніка на тое, што пры вывучэнні твораў ён не можа ігнараваць іх жанравую прыроду і падкрэслівала, што казку неабходна расказваць. Каб паказаць казку ва ўсім багацці гукаў, фарбаў, настаўніку неабходна падрыхтавацца да мастацкага расказвання казкі і на момант ператварыцца ў казачніка, які, як вядома, уносіў у твор нешта сваё, захоўваючы традыцыйны сюжэт, характэрныя казачныя звароты і формулы. Расказванне казкі настаўнікам з захаваннем эмацыянальнасці мовы, дынамічнасці характараў персанажаў і гумарыстычнай афарбаванасці некаторых эпізодаў мае вялікае значэнне, бо яно не толькі выклікае ў вучняў пэўныя пачуцці, перажыванні, але і служыць для іх узорам мастацкага расказвання.

Расказванне казкі рознага віду патрабуе пэўнай інтанацыі. Варта згадзіцца з П.В. Вараб'ёвым, які раіў сацыяльна-бытавыя казкі расказваць разважлівым тонам, з іранічным падкрэсліваннем, бо многія з іх носяць завострана сатырычны характар. Казкі пра жывёл трэба расказваць, спачуваючы пакрыўджаным жывёлам. Некаторыя з іх можна расказваць у той жа самай манеры, што і сацыяльна-бытавыя казкі.

Трохі іншага стылю патрабуе чарадзейная казка. Яе неабходна расказваць з выразам таямнічасці, інтрыгі, нагадваючы пра нешта незвычайнае, узвышанае. Характэрныя казачныя формулы, словы-выразы расказваюць з падкрэсленым выдзяленнем голасам.

Аналіз казак вядзецца з улікам іх жанравай спецыфікі, хоць у цэлым не вельмі адрозніваецца ад вывучэння апавядання. Выкарыстоўваюцца тыя ж самыя метады і прыёмы працы з тэкстам. Разам з тым настаўнік улічвае, што ў казках дзейнічаюць своеасаблівыя вобразы. Вучні павінны добра ўсвядоміць, якія героі характэрны для кожнага віду казак, які сэнс укладваў народ у кожны вобраз. Скажам, у казках пра жывёл створаны вобразы, тыпы, носьбіты пэўных чалавечых якасцей: працалюбства, хітрасці, дурасці, сілы, баязлівасці і г.д. У школьнай праграме значыцца казка «Лёгкі хлеб», дзе апрача вобразаў ваўка, каня, авечак, гусей ёсць яшчэ і вобраз касца. Такіх казак няшмат, але заўсёды чалавёк мудрэйшы, чым жывёльны свет. Узнікае пытанне, на якім этапе аналізу раскрываюць значэнне вобразаў-тыпаў. Спачатку ўсе намаганні настаўніка пры аналізе казак пра жывёл павінны быць накіраваны на тое, каб вучні выразна, поўна ўспрынялі канкрэтны змест, правільна ўявілі сабе развіццё сюжэта, матывы паводзін дзеючых асоб. I толькі на заключным этапе аналізу казкі настаўнік прыводзіць. вучняў да тыпізацыі ў канкрэтным вобразе пэўных чалавечых якасцей. У гэтым, з аднаго боку, праявіліся вельмі трапныя назіранні людзей над навакольнай прыродай, а з другога - абагулены вопыт грамадскага побыту, жыцця і ўзаемаадносін людзей. Вобразы казак аб жывёлах вылучаюцца мастацкай дасканаласцю і лагічнай завершанасцю. Як і ўсе казачныя вобразы.Я яны не маюць выразнай дэталізацыі, а звычайна падкрэсліваюць адну галоўную рысу характару. Настаўніку варта звярнуць увагу на тое, што казкі пра жывёл невялікіх памераў і значнае месца ў іх займае дыялог.

Спецыфіка чарадзейных казак заключаецца ў тым, што ў іх дзейнічаюць незвычайныя героі або іх незвычайныя памочнікі, адбываюцца фантастычныя пераўтварэнні, што ствараюць свой непаўторны казачны свет. У ім, як і ў сапраўдным жыцці, змагаюцца сілы дабра і зла, аднак заўсёды перамагае справядлівасць. Аналіз чарадзейных казак нагадвае аналіз апавядання. Адметнасцю яго будзе высвятленне накіраванасці чарадзейных сіл (каму з герояў і чаму яны дапамагаюць, як гэта характарызуе герояў казкі). Важна, каб вучні ўсвядомілі, што важнейшым мастацкім сродкам пераўтварэння рэальнага ў фантастычнае з'яўляецца перавелічэнне (гіпербала). Гэты прыём часцей за ўсё выкарыстоўваецца для паказу сілы народнага героя, набываючы пэўную сацыяльную накіраванасць. Казачная фантастыка народжана імкненнем народнай творчай думкі змяніць непрывабную рэчаіснасць, узвысіць чалавека над рэальнасцю. Побач з фізічнай перавагай народнага героя чарадзейная казка гіпербалічна сцвярджае яго разумовую і маральную перавагу.

У сацыяльна-бытавой казцы барацьба Дабра і Зла, характэрная і для чарадзейных казак, набывае сацыяльна выражаную афарбоўку. Сацыяльна-бытавыя казкі адрозніваюцца ад чарадзейных спецыфікай фантастыкі і сістэмай вобразаў. Іх героі - простыя людзі, якія не валодаюць звышнатуральнай сілай, але перамагаюць сваіх ворагаў дзякуючы мудрасці, кемлівасці, знаходлівасці, якую яны праяўляюць у барацьбе супраць сацыяльнай і нацыянальнай несправядлівасці, супраць знявагі чалавечай годнасці. Нянавісць казачнага героя да сацыяльнага, нацыянальнага ўціску падкрэсліваецца яго самаадданымі справамі і спачуваннем абяздоленым, прыгнечаным.

Аналіз сацыяльна-бытавых казак дае магчымасць вучням лепш пазнаць гісторыю свайго народа, прасачыць за станаўленнем нацыянальнай самасвядомасці беларусаў, далучыцца да народных уяўленняў пра сэнс чалавечага жыцця.

Важнейшым патрабаваннем пры аналізе твора з'яўляецца ўзаемазвязаны разгляд яго зместу і выяўленчых сродкаў. Казка вылучаецца сярод іншых эпічных твораў сваёй паэтычнай мовай, незвычайнай пабудовай, для якой характэрны зачын і канцоўка.

Зачын - гэта своеасаблівая падрыхтоўка казачніка да ўзлёту над паўсядзённым жыццём, а канцоўка, наадварот, вяртае слухачоў з чарадзейнага свету да бытавой рэальнасці. Апрача зачыну і канцоўкі для чарадзейных казак характэрны трохразовыя паўторы вобразаў і дзеянняў. У казцы звычайна паўтараецца адзін і той жа эпізод, пасля трэцяга паўтора адбываецца жаданая падзея і наступае развязка.

Настаўніку неабходна звярнуць увагу вучняў на своеасаблівую мову казкі, якая вельмі простая, даступная любому ўзросту, словы і выразы, выкарыстаныя ў казцы, характэрны для жывога маўлення. Яны мілагучныя і напеўныя, многія з іх гучаць як вершы.

Назіранні над выяўленчымі сродкамі мовы дапамогуць засваенню вучнямі ідэйнага зместу казак. Заўсёды трапныя, эмацыянальныя, яны развіваюць мысленне дзяцей, актывізуюць і ўдасканальваюць іх слоўны запас.

Характар пытанняў і заданняў, якія настаўнік выкарыстоўвае пры аналізе казкі, абумоўлены патрабаваннямі да аналізу эпічнага твора. Яны вызначаюць асноўныя напрамкі аналізу, накіраваныя на засваенне канкрэтнага зместу твора і яго кампазіцыю. Вельмі важна, каб вучні добра запомнілі змест твора. 3 гэтай мэтай можна скласці план. Ён абавязковы, калі казка вялікая па памеры У падручніку для 5 класа пры вывучэнні казкі «Бацькаў дар» даецца ўжо гатовы план і прапаноўваецца вучням, карыстаючыся ім, праверыць сябе, ці запомнілі змест. Пасля таго як настаўнік пераканаецца, што вучні добра ўсвядомілі развіццё дзеяння ў казцы, ён можа прыступаць да гутаркі, накіраванай на развіццё выказаных у творы думак і лагічнай сувязі паміж імі (прасторавай, часовай, прычынна-выніковай). Пытанні настаўніка павінны дапамагчы дзецям зразумець унутраны змест твора. Гэтай мэты можна дасягнуць, калі вучні зразумеюць учынкі герояў, растлумачаць прычыну іх здзяйснення, а таксама выкажуць свае адносіны да прачытанага.

Каб падтрымаць жаданне дзяцей тварыць, на заключных занятках па вывучэнні казкі можна паспрабаваць яе праінсцэніраваць. Такі прыём дапаможа вучням самарэалізавацца, паверыць у свае творчыя сілы.

Пасля вывучэння тэмы «Казкі» пажадана правесці ўрок па развіцці мовы. На гэтым уроку настаўнік адпрацоўвае і правярае ў пяцікласнікаў уменне мастацкага расказвання казкі.

Загадкі. Загадкі займаюць значнае месца ў падручніках для пачатковай школы. Урок па вывучэнні загадак варта пачаць з аднаўлення ў памяці вядомых вучням твораў. Зрабіць гэта лепш у форме гульні, каб урок пачаўся жыва, эмацыянальна. Пасля можна пазнаёміць клас з паходжаннем і значэннем загадак. 3 гэтай мэтай можна выкарыстаць артыкул «Загадкі», змешчаны ў падручніку «Родная літаратура» для 5 класа. Чытанне артыкула прывядзе пяцікласнікаў да высновы, што загадка не называе чалавека, прадмет, з'яву, якія трэба адгадаць, а гаворыць пра іх іншасказальна, намёкам, дае вобраз, паказвае на асобныя прыкметы, па якіх трэба здагадацца, што маецца на ўвазе. Таму і ў нашы дні ўменне адгадваць раскрываецца адзін прадмет, з'ява, асоба праз другі, іх увагу можна звярнуць на раней падрыхтаваны плакат «Загадкі і адгадкі ў малюнках». Табліца «Прыёмы пабудовы загадак» дазволіць сэканоміць і час пры назіранні над будовай загадак. А артыкул, змешчаны ў падручніку, дапаможа замацаваць веды пяцікласнікаў пра тэматычнае багацце і прыёмы пабудовы беларускіх загадак.

Урокі па вывучэнні загадак патрэбна весці так, каб у вучняў з'явілася жаданне не толькі ведаць загадкі, умець іх адгадваць, але і ствараць самім.

Каляндарна-абрадавая паэзія. Паэзія земляробчага календара шырока прадстаўлена ў праграме па беларускай літаратуры. Зімой, напярэдадні адпаведных свят, пяцікласнікі знаёмяцца з каляднымі і шчадроўскімі песнямі, вясной - з валачобнымі песнямі і веснянкамі. Да ўвагі шасцікласнікаў у пачатку навучальнага года прапануюцца жніўныя песні. Тыя, што змешчаны ў падручніку, настаўнік можа замяніць мясцовымі, якія характэрны для рэгіёна, дзе функцыяніруе школа.

Пачынаючы знаёміць пяцікласнікаў з каляндарна-абрадавай паэзіяй, настаўніку неабходна растлумачыць вучням яе вытокі, сказаць, што нашы продкі спрадвеку былі земляробамі – плён іх працы залежаў ад прыроды. Адчуваючы сваю непарыўную, кроўную еднасць з ёю, папярэднікі не выдзялялі сябе з акаляючага свету, а, наадварот, ачалавечвалі яго. Каб улагодзіць сілы прыроды, атрымаць іх падтрымку ў гаспадарцы і жыцці, людзі выконвалі пэўныя дзеянні-абрады. Варта пазнаёміць вучняў з паняццем «абрад», пад якім разумеецца сукупнасць строга акрэсленых дзсянняў. Гэтыя дзеянні суправаджаліся песнямі, якія сталі называцца абрадавымі. Большасць беларускіх абрадаў і народных песень звязаны з працай чалавека на зямлі. Гэтая праца вызначалася парой года. Змены ў прыродзе і адпаведныя ім гаспадарчыя клопаты селяніна абумовілі ўзнікненне чатырох цыклаў абрадаў і песень - зімовыя, веснавыя, летнія і восеньскія.

Пры падрыхтоўцы вучняў да ўспрымання таго або іншага цыклу каляндарна-абрадавай паэзіі неабходна спытаць іх, што яны ведаюць пра абрад, які суправаджаюць гэтыя песні. Добра, каб нехта з вучняў прыгадаў адзін з абрадаў, які бачыў ці ўдзельнічаў у ім сам. Калі настаўнік ведае, што не зможа абаперціся на асабісты вопыт сваіх выхаванцаў, то можна выкарыстаць уражанні іх бацькоў, дзядуль, бабуль, папярэдне даўшы класу адпаведнае заданне. Успаміны старэйшага пакалення дадуць вучням магчымасць адчуць эмацыянальнасць абрада, яго ўзнёслы, радасны настрой. Параўнанне некалькіх варыянтаў песень дасць мажлівасць усвядоміць адну з асаблівасцей фальклору - варыятыўнасць твораў. Адштурхнуўшыся ад эмацыянальнага ўспрымання вучнямі абраду, настаўнік падвядзе клас да разумення глыбіннага зместу каляндарна-абрадавай паэзіі. 3 гэтай мэтай ён раскрывае паслядоўнасць дзеянняў у абрадзе, знаёміць з іх функцыяй, дабіваецца, каб вучні запомнілі іх сутнасць, гатовыя былі паўтарыць. Сэнс песні будзе не зразумелы вучням, калі папярэдне настаўнік не растлумачыць значэнне вобразаў-сімвалаў.

Так, напрыклад, пры падрыхтоўцы да ўспрымання калядных песень настаўнік павінен растлумачыць, што Каляды -адно з галоўных свят народнага календара, якое адзначаецца ў гонар Каляды - Бога багацця і дабрабыту. У каляднай традыцыі Калядою называлі абрадавы персанаж, які яго сімвалізаваў. Пасля такога тлумачэння вучні змогуць правільна ўспрыняць радкі песні:

Аднак у тэксце яшчэ адной каляднай песні вучні сустрэнуцца са значэннем слова «каляда» ў іншым сэнсе:

Уставай, каза,

Жылы надзімай.

Гаспадар ідзе,

Каляду нясе:

Рэшата аўса,

Наверх каўбаса.

Таму ўзнікае неабходнасць растлумачыць, што калядой называлі таксама абрадавую ежу, якую гатавалі напярэдадні свята (на багатую куццю) і якой частавалі калядоўшчыкаў, што хадзілі па вёсцы і спявалі песні. У іх звярталіся да гаспадароў з пажаданнямі здароўя, дабрабыту, шчасця. Калядоўшчыкі абыходзілі гаспадароў у суправаджэнні «казы» - юнака, апранутага ў вывернуты наверх шэрсцю кажух. «Каза» сімвалізавала плоднасць, а імітацыя яе «памірання» і «ажыўлення» пры выкананні калядак увасабляла паміранне прыроды і ажыўленне яе пасля Калядаў, калі паступова пачынае павялічвацца дзень.

Пасля таго як вучні добра ўсвядомяць абрад, яго вобразную сімволіку, настаўнік акрэслівае месца песні ў абрадзе. Яна звязвала ўсе дзеянні ў адзінае цэлае, узнімала эмацыянальнасць абраду, але галоўнае - у песні асабліва выразна выяўлялася яго функцыянальная сутнасць - клопат селяніна пра дабрабыт, ураджай, прыплод, ушанаванне годнасці чалавека і земляроба. Нашы продкі свята верылі ў ісціну, што запісана ў Бібліі: «Слова - таксама справа».

Далей настаўнік знаёміць клас з абрадавай песняй. Добра, каб першы раз ён яе праспяваў, а затым прачытаў. Вучні пасля самастойна перачытваюць твор, і настаўнік уключае іх у асэнсаванне яго ідэйнага зместу і паэтычнай вобразнасці.

Ужо пасля першага знаёмства з песняй вучні здольны заў: важыць, што «народная песня ўмее гаварыць ад душы самымі простымі і таму прыгожымі словамі». Настаўнік можа папрасіць сваіх выхаванцаў задумацца, што ж робіць паэзіяй звычайныя словы, якімі мы карыстаемся ў штодзённай гаворцы. Вучні прыйдуць да высновы, што простыя словы незвычайна звязаны з іншымі словамі і надзелены асобым сэнсам і гукавым значэннем. Спроба раскрыць сакрэты выяўлення чалавечых думак і пачуццяў, якія выпрацавала народна-песенная паэтыка за доўгія стагоддзі, стане адной з мэт аналізу.

Характэрнай асаблівасцю песень калядоўшчыкаў і валачобнікаў з'яўляецца іх велічальны характар. Нават самы бедны селянін абавязкова паказваўся заможным і багатым. Звычайнае жыццё селяніна-працаўніка ў паэзіі гадавога круга ідэалізуецца, набывае казачны характар. Якім чынам гэта дасягаецца? Сярод розных мастацкіх прыёмаў вучні адзначаць выкарыстанне яркіх, маляўнічых, эпітэтаў. У калядцы, змешчанай у падручніку, вучні чытаюць:

«А ці дома, дома пане Іване?»

- Хоць жа ён дома - не акажацца:

У новай каморы прыбіраецца,

Адзяе майтачкі гарнатовыя,

Адзяе боцікі ўсё казловыя,

Адзяе шубачку сабалёвую,

Адзяе шапачку ўсё бабровую,

Выводзіць каня вараненькага,

А кладзе сядло залаценькае.

Садзіцца, едзе ў роўнае поле, У роўнае поле ды к свайму жыту. А яго жыта ядраністае, К адной мяжы нахілілася, Свайму гаспадару пакланілася.

Стварэнне ідэальных карцін багацця і заможнасці працоўнага чалавека, або яго фізічнай і духоўнай прыгажосці, звычайна не абыходзіцца без мастацкага пераболыпвання:

Народная песня ў аснове сваёй - сялянская, таму ўвагу вучняў можна скіраваць на характарыстыку ўзаемаадносін земляроба з ніўкай, жытам, полем, з якім звязаны ўсе яго мары і спадзяванні. Як да жывых істот звяртаюцца ў жніўных песнях жанчыны да нівы, месяца, птушак, шукаючы ў іх падтрымку і спагаду:

Ніўка наша, ніўка,

Аддай нашу сілку.

Месяц, месячыку!

Свяці ж нам дарожаньку,

Што б мы не заблудзілі,

Снапочка не згубілі.

Варта даць мажлівасць вучням задумацца над пытаннямі:

У чым бачыў шчасце працоўны чалавек? Якія рысы характару прызнаюцца народнай мараллю і заслугоўваюць пашаны, якія асуджаюцца? Якое месца ў жыцці чалавека адводзіцца сям'і?

Аналіз каляндарна-абрадавай паэзіі яшчэ раз дапаможа пераканадь вучняў у велізарных творчых магчымасцях слова. Але на заключных занятках вучняў патрэбна вярнуць да думкі, што слова хоць і важны, але не адзіны элемент абраду. Слова падаецца ў музычным, драматычным, харэаграфічным, дэкаратыўна-мастацкім абрамленні. Заключныя заняткі змогуць прывесці вучняў да ўсведамлення абраду поўнасцю, толькі калі настаўнік-славеснік выкарыстае міжпрадметныя сувязі.

Удзел вучняў у свяце, развучванне песні, авалоданне прыёмамі драматызацыі падрыхтоўка атрыбутаў пакінуць незабыўны свет у дзіцячай душы. Такія заняткі далучаць дзяцей да паэтычнай спадчыны свайго народа, дадуць мажлівасць адчуць сябе захавальнікамі і прадаўжальнікамі народнай традыцыі, якая скіравана на беражлівыя адносіны чалавека да прыроды, да ўласнай гісторыі, на заклапочанасць не толькі аб сённяшнім, але і аб заўтрашнім дні.

Настаўніку трэба заахвочваць вучняў, каб яны прымалі ўдзел у калядаванні, гуканні вясны, дажынках.