Добавил:
Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
курс лекций.doc
Скачиваний:
23
Добавлен:
21.04.2017
Размер:
687.62 Кб
Скачать

8. Сацыяльна-эканамічнае развіццё Беларусі ў 1900-1913гг.

Ідучы па сусветным шляху эканамічных пераўтварэнняў, расійскі капіталізм на рубяжы XIX-XXстст. уступіў у імперыялістычную стадыю. Пры гэтым тэмпы яе эканамічнага развіцця былі даволі эначнымі, a па агульным колькасным паказчыку сусветнага сукупнага прыродна-дэмаграфічнага, фінансава-эканамічнага і ваенна-тэхнічнага патэнцыялу Расійская імперыя займала чацвёртае – пятае месца разам з Францыяй. Праўда, яна значна ўступала ЗША, Германіі і Англіі. Аб'ём прамысловай вытворчасці Расійскай імперіі ў 1900г. склаў 7% ад сусветнай прамысловай прадукцыі.

Эканоміка Беларусі, якая з’яўлялася часткай народна-гаспадарчага комплексу Расійскай імперыі, развівалася па тых жа эканамічных законах. Ішоў працэс канцэнтрацыі вытворчасці, выцяснення дробных прадпрыемстваў буйнымі капіталістычнымі фабрыкамі і заводамі. Так, калі колькасць цэнзавых прадпрыемстваў за I900-I9I3 гг. павялічалася на 61,2%, то дробных – усяго на 17%. Адпаведна валавая прадукцыя буйной прамысловасці ўзрасла на 229, 6%, а дробнай – на 110%. Тым не менш у 1913 г. вытворчасць дробнай і саматужнай прамысловасці Беларусі склала 53,5%, а буйной - 46,5% усёй валавай прадукцыі. Але аблічча асноўных галін прамысловасці Беларусі вызначалі ўжо фабрыкі і заводы.

У 1913г. вядучымі эаставаліся харчовая прамысловаць, удзельная вага якой складала 26% ад аб'ёму буйной прамысловасці, лесанаыхтоўкі і сплаў – 16,8, дрэваапрацоўчая – 16,1, папяровая – 7, чыгуначная і рамонтныя майстэрні – 5,8, шкляная – 5,7, тэкстыльная – 4,8, гарбарна-абутковая – 4,1, металаапрацоўчая – 3,8, запалкавая – 2,9 і г. д.

У пачатку XX ст. у прамысловасці Беларусі пачалі узнікаць манапа-лістычныя аб’яднанні. Так, у чэрвені 1905 г. у Мінску быў створаны камітэт запалкавых фабрыкантаў Заходняга края. У Віцебску дзейнічаў сіндыкат гаспадароў цагельных заводаў, у Оршы – півавараных заводчыкаў Паўночна-Заходняга края і г. д. Нарастаў працэс акцыяніравання прадпрыемстваў. Напярэдадні першай сусветнай вайны налічвалася ўжо 34 акцыянерныя прадпрыемствы. З 1900г. па 1913г. аб'ём вытворчасці на акцыянерных прадпрыемствах Беларусі павялічыўся у 5,2 paзa, a ўдзельная вага - з 0,6% у 1900г. да 14,8% у 1913г.

Эканамічны ўздым стварыў спрыяльныя ўмовы для замежных інвестыцый. Іншаземны капітал стаў актыўна пранікаць у розныя галіны прамысло­васці. Так, буйная нямецкая фірма "Фрыц Шульц" (Лейпцыг) вяла лесараспрацоўку ў Бабруйскім павеце. Таварыства руска-амерыканскай вытворчасці абутку пабудавала ў Мінску абутковую фабрыку "Арол". Руска-бельгійскае акцыянернае таварыства пабудавала льнопрадзільную фабрыку "Дзвіна" у Віцебску, на якой працавала 1,5 тыс. рабочых і г.д. Аб'ём вытворчасці на прадпрыемствах, якія належылі замежным уласнікам і замежным акцыянерным таварыствам за I900 – 1913гг. павялічыўся ў 11,6 раза.

Развіваўся транспарт Беларусі. Агульная працягласць чыгуначных пуцей склала ў 1914г. 3,9 тыс.км. Хутка ішло будаўніцва шашэйных дарог. Па-ранейшаму важную ролю адыгрываў водны транспарт.

Развіццё прамысловасці і транспарту садзейнічала далейшаму росту гарадоў і гарадскога насельніцтва. Найбуйнейшымі фабрычна-завадскімі цэнтрамі да 1913г. сталі Мінск, Віцебск, Гродна, Пінск, Гомель, Магілёў, Бабруйск, Барысаў, Рэчыца, Орша. Аднак у цэлым па Беларусі і ў гэты час было характэрна пераважнае размяшчэнне прамысловасці ў сельскай мясцовасці – бліжэй да крыніц сыравіны і таннай рабочай сілы. Удзельная вага такіх прадпрыемстваў у 1900 - 1913гг. павялічылася з 65,7 да 68%, а рабочых на іх – з 45,4 да 51,4%. Агульная колькасць асоб наёмнай працы ў Беларусі да 1914г. дасягнула 514тыс.чалавек.

Ў пачатку XX ст. капіталістычныя адносіны ўсё больш і больш укараняюцца і ў сельскай гаспадарцы. Яны пранікалі як у памешчыцкую, так і ў сялянскую гаспадарку.

Паскарэнню развіцця капіталізму ў сельскай гаспадарцы і сацыяльнаму расслаенню вёскі садзейнічала сталыпінская аграрная рэформа. Пачатак рэформе быў пакладзены ўказам ад 9 лістапада 1906г., паводле якога кожны гаспадар, уладальнік надзельнай зямлі па абшчыннаму праву, мог у любы час патрабаваць замацавання яе ў асабістую ўласнасць. Рэформа атрымала развіццё ў шэрагу законаў буржуазнага характару, якія былі прыняты на працягу I906-I9I2гг.

Ажыццяўленне рэформы ішло па некалькіх напрамках: разбурэнне абшчыны, насаджэнне хутароў і адрубоў, перасяленне "лішніх" сялян у Сібір і на Далекі Ўсход, Паўночны Каўказ і ў Сярэднюю Азію.

На Беларусі рэформа мела шэраг асаблівасцей. У заходніх раёнах (Гродзенская, Мінская, Віленская губерні) сялянская абщчына была лікві-давана ўжо даўно. У Магілёўскай і Віцебскай губернях устарэлую абшчынную форму землеўладання трэба было разбурыць.

Важным сродкам ажыццяўлення новай аграрнай палітыкі стаў сялянскі зямельны банк, дзейнасць якога спрыяла стварэнню хутароў і адрубоў. Ён аказваў шмат паслуг памешчыкам у продажы іх зямлі. Неабходна падкрэсліць, што ажыццяўленне реформы суправаджалася інтэнсіўным насаджэннем рускага землеўладання. Адлюстраваннем такой палітыкі з'явілася арганізацыя "асабістага фонду для стварэння рускіх перасяленняў ў Паўночна-Заходнім краі", які ўтварыўся за кошт ліквідацыі казённых зямель. Рускія перасяленцы мелі пераважнае права на атрыманне гэтых зямель.

Асаблівасцю рэформы на Беларусі было і стварэнне тут земстваў. Земскія ўправы садзейнічалі развіццю мясцовай гаспадаркі, стваралі кааператыўныя таварыствы, сельскагаспадарчыя гурткі, дзейнасць якіх накіроўвалася на павышэнне культуры земляробства і жывёлагадоўлі. Земствы адыгрывалі прыкметную ролю і ў развіцці адукацыі і аховы здароўя насельніцтва.

У выніку сталыпінскай аграрнай рэформы заможная частка насельніцтва ў беларускай вёсцы да 1914г. павялічалася да 12% двароў, у той час як бедната складала не менш за 68% двароў. У сацыяльным расслаенні вёскі знаходзіў сваё ўвасабленне працэс развіцця капіталізму, які павінен быў ператварыць сялян у сельскагаспадарчых рабочых, пралетарыяў, а заможных сялян – у сельскую буржуазію.

Але галоўным гаспадаром у весцы, як і раней, заставаліся памешчыкі. Сталыпінская рэформа насіла кампрамісны характар. Яна не была выканана ў поўнай меры і не зняла аграрнае пытанне, не змагла прадухіліць абвастрэння сацыяльных супярэчнасцей у краіне.