Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Сілабатанічная сістэма вершаскладання. Асноўныя...doc
Скачиваний:
27
Добавлен:
29.08.2019
Размер:
75.26 Кб
Скачать

Тэма 8

Сілабатанічная сістэма вершаскладання. Асноўныя кампаненты вершаванай мовы.

Пытанні:

  1. Вершаваная мова: змест і форма.

  2. Кампаненты вершаванай мовы (памер, рыфма, страфа, міжрадковая паўза ).

  3. Асновы вершаскладання ў майстэрстве выканаўцы.

Мэта: раскрыццё кампанентаў вершаванай мовы, узаемасувязі зместа і формы вершаваных твораў, значэння асноў вершаскладання ў майстэрстве выканаўцы.

Тэкст лекцыі.

Найбольш распаўсюджаным жанрам літаратурнага матэрыяла ў святочнай практыцы выступае паэзія. Уключаны ў свята паэтычны матэрыял ставіць перад рэжысёрам свята і выканаўцам святочнага дзеяння задачу - дасканала авалодаць навыкамі і ўменнямі ў вершадзеянні: арганічна існаваць у рытме верша; натуральна адчуваць розныя памеры вершаў, захапіць слухача сваімі бачаннямі, думкамі і пачуццямі.

Матэрыялы лекцыі ўключаюць у сабе пэўныя тэарэтычныя даведкі пра спецыфіку вершаванай мовы і канкрэтныя прыклады, што дапаможа студэнтам зрабіць больш прадуктыўнай іх працу над вершаванымі творамі.

1.Вершаваная мова: змест і форма.

Паэзія- мастацтва вобразнага ўзнаўлення рэчаіснасці ў форме вершаванай мовы. Ад празаічнай вершаваная мова (верш) адрозніваецца асаблівай гукавой арганізацыяй: чляненнем мовы на невялікія адрэзкі (радкі), якія суадносяцца паміж сабой, а таксама пэўнай упарадкаванасцю гукавой структуры ўнутры радкоў. У вуснай мове вершаваныя радкі адзін ад аднаго аддзяляюцца выразнымі паўзамі (так званымі міжрадковымі), а на пісьме і графічна. Дарэчы, у празаічнай мове таксама ёсць дзяленне фраз на канкрэтныя адрэзкі (моўныя такты), але яны не ўказаны графічна. Проза ў адрозненне ад вершаў цячэ як бы вольна, з меншай колькасцю паўз, хаця ў яе ёсць свая асаблівая рытмічная арганізацыя мовы. Што тычыцца ўнутрырадкавой арганізацыі, то яна азначае своеасаблівае размеркаванне націскаў, розных паўз, гукавых паўтораў. Такім чынам чляненне мастацкай мовы на асобныя радкі, ўнутрырадковая гукавая ўпарадкаванасць і прадвызначаюць спецыфічны рытм верша.

Рытм - гэта заканамернае чаргаванне сувымераных адзінак ў часе.

Рытмічнасць - галоўная якасць вершаванай мовы, якая адрознівае яе ад прозы. Лацінскае слова “верзус” (верш) паходзіць ад дзеяслова “вертэрэ” (паварочваць, вяртаць). У самой назве вылучана гэта асноўная рыса вершаванай мовы- паўтаральнасць, рытмічнасць. Шматразовы паўтор верша (радка) і стварае ўражанне выразнай, рытмічна арганізаванай мовы.

“У накідзе артыкула “Аб прозе” (1822) А.С.Пушкін, маючы на ўвазе адрозненне паэзіі ад прозы, пісаў: “Яна патрабуе думак і думак- без іх бліскучыя выразы нічога не вартыя. Вершы рэч іншая.” Зразумела, паэзія таксама патрабуе думак...

Але тут аўтар артыкула ўказаў на самае вызначальнае для пэўнай з’явы, на яе характарыстычную рысу... Аб’ектыўнай абмалёўцы прадметаў і з’яў, выказванню ў першую чаргу “думак і думак” у найлепшай ступені адпавядае непаспешлівая, натуральная празаічная мова. Што датычыць непасрэднага выяўлення пачуццяў, перажыванняў, то гэтаму ў найбольшай меры дапамагае мова вершаваная. *3

Паэзія - гэта перш за ўсё выяўленне пачуццяў, перажыванняў чалавека, выкліканых пэўнымі думкамі, з’явамі грамадскага і асабістага жыцця. Там, дзе паэзія, - там павінна быць абавязкова і пачуццё, эмоцыя.

Моўны рытм, як і рытм ўвогуле, які з’яўляецца ўласцівасцю не толькі паэзіі, мастацкай прозы, музыкі, танца, але і многіх жыццёвых з’яў і працэсаў (дыханне, пульс, праца і г.д.) ужо сам па сабе здольны выклікаць тыя ці іншыя эмоцыі, пачуцці. Такую здольнасць рытму, дапамагаць узнікненню эмоцый у вершаваных творах, па іншаму можна назваць эмоцыястваральнай роляю рытму ў вершаваных творах.

Апрача эмоцыястваральнай або эстэтычнай ролі, вершаваны рытм выконвае яшчэ дзве: мнеманічную і сэнсавую. Мнеманічная (запамінальная) роля вершаванага рытму выкарыстоўвалася і выкарыстоўваецца даволі шырока. У прыватнасці ў розных вершаваных надпісах рэкламнага характару, у творах дзіцячага фальклору. Даўно было заўважана чалавекам, што з’явы, якія адбываюцца рытмічна лягчэй запамінаюцца. Што датычыць паэтычных твораў, то дзякуючы менавіта запамінальнай моцы верша да нас дайшлі некаторыя шэдэўры старажытнай бяспісьменнасці, якія перадаваліся з вуснаў у вусны, з пакалення ў пакаленне многія стагоддзі. Сярод такіх шэдэўраў- старажытнаіндыйскія творы “Махабхарата” і “Рамаяна” (VI- V ст. да н.э.); стражытнагрэчаскія эпічныя паэмы “Іліяда” і “Адысея” (прыблізна IX- VIII да н.э.), вядомыя творы беларускай літаратуры XVIII-XIX ст. (гутаркі, “Тарас на Парнасе”, “Энеіда навыварат”), якія доўгі час не маглі публікавацца і жылі толькі ў памяці людзей *4. Трэба звярнуть нашу увагу яшчэ на адну важную функцыю вершаванага рытму- сэнсавыяўленчую. Тэарэтыкамі і практыкамі вершаванай мовы даўно было заўважана, што асобныя памеры (напрыклад-харэічныя) дапамагаюць лепшаму выяўленню радаснага, бадзёрага настрою, у той час як іншыя (напрыклад- дактылічныя) наадварот- настрою роздуму, развагі, суму. Тут трэба падкрэсліць, што гаворка ідзе не пра жорсткае правіла, а толькі пра рытмічную тэндэнцыю. Кожны памер мнагазначны, але абсяг яго значэнняў заўсёды абмежаваны і не супадае з абсягам, што належыць іншаму памеру,адзначаў вядомы рускі вершазнавец Б.Тамашэўскі ў працы “Верш і мова” (1958).

Няцяжка заўважыць, што вольны верш найчасцей ужываецца ў байках. Свабодны верш (адсутнічае рыфма, памер) надта добра даносіць філасофскую развагу, роздум. Такім чынам, нават не паглыбляючыся ў разгляд сэнсавыяўленчай ролі рытму вершаваны памер, у канчатковым выніку- рытм верша ўплываюць на думкі, эмоцыі, што выяўляюцца ў творы, што змена думкі, настрою верша змяняе і яго рытмічны момант. Усё гэта сведчыць пра сэнсавыяўленчую ролю вершаванай мовы. Праўда, трэба заўважыць, што гэтую ролю верш адыгрывае не толькі з дапамогай пэўных стоп, памераў, але і іншых кампанентаў вершаванай формы (паэтычнага сінтаксісу, строфікі і г.д.), што трэба улічваць выканаўцу вершаваных твораў.