Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
O_Velikoy_Otechestvennoy_voyne_v_Stolinskom_ray...docx
Скачиваний:
2
Добавлен:
12.09.2019
Размер:
121.89 Кб
Скачать

6 Ліпеня 1941 года нямецкія войскі ўвайшлі ў Столін.

Гітлераўцы з першых дзён вайны паводзілі сябе як валадары краю. Яны знішчылі дзяржаўны і грамадскі лад БССР, увялі новы адміністрацыйны падзел, паводле якога тэрыторыя Беларусі была штучна падзелена паміж ваеннымі і грамадзянскімі органамі акупацыйнай адміністрацыі. Да восені 1941 г. падзел часова акупіраванай тэрыторыі Беларусі ў асноўным быў завершаны. Так, паўднёвыя раёны Гомельскай і Палескай, Пінскай і частка Брэсцкай абласцей былі ўключаны ў склад рэйхскамісарыята “Україна”. Століншчына была ўключана ў генеральную акругу Валынь, якая ў сваю чаргу дзялілася на 24 акругі – гебіты.

Столін атрымаў статус цэнтра акругі (гебіта), у ім быў створаны акруговы камісарыят (гебітскамісарыят) – орган, які кантраляваў працу грамадзянскага кіраўніцтва. На чале яго стаяў гебітскамісар Опітц. Яго намеснікам па палітычных пытаннях і прапагандзе быў прызначаны Штанг, начальнікам жандармерыі – Гасман. Начальнікам мясцовай паліцыі быў Урбановіч, а з 1942 г. Уладзімір Васюшка. Грамадзянскую ўправу ўзначаліў Карнялюк. Гебітскамісарыят знаходзіўся ў былым палацы князя Радзівіла ў Манькавіцкім парку. Усе лепшыя будынкі горада былі заняты ўпраўленнямі камісарыята, жандармерыяй, паліцыяй. Столінская акруга ўключала Столінскі і Давыд-Гарадоцкі раёны Пінскай вобласці БССР і Высацкі раён Ровенскай вобласці УССР. Раёны ў сваю чаргу складаліся з валасцей.

У раёнах уся ўлада належала зондэрфюрэру, ці нямецкаму шэфу раёна, якому поўнасцю падпарадкоўвалася мясцовая раённая ўправа на чале з бургамістрам. У валасцях і вёсках прызначаліся старасты (солтысы)

На тэрыторыі Столінскага гебіта буйных прадпрыемстваў не было. Да найбольш значных прадпрыемстваў можна аднесці Давыд-Гарадоцкую суднаверф, якая мела два лесапільныя заводы, дрэваапрацоўчы і кавальска-слясарны цэхі, прыстань

На другім буйным прадпрыемстве Давыд-Гарадка – гарбарным заводзе – працавала каля 60 чалавек. У Століне напярэдадні вайны дзейнічалі мэблевая фабрыка, слясарна-механічная, калёсная, бандарная майстрэні, дзе працавала каля 500 чалавек. Акрамя таго, на тэрыторыі Століншчыны было некалькі невялікіх лесапільных і цагельных заводаў, спіртзаводаў і млыноў. Акупанты імкнуліся выкарыстаць любую магчымасць, каб існуючыя прадпрыемствы працавалі на карысць фронту і Германіі. Асаблівую ўвагу яны ўдзялялі лясным багаццям, паколькі драўніна з’яўлялася ваеннай сыравінай. Таму па-драпежніцку высякаліся лясы, у тым ліку і векавыя дубы ў пойме Гарыні і Прыпяці.

З першых дзён акупацыі пачалося метадычнае рабаванне сялянскіх гаспадарак Століншчыны. Акупанты шляхам вайсковай канфіскацыі імкнуліся як мага болей вывезці збожжа, садавіны, агародніны, буйной рагатай жывёлы, свіней, хатняй птушкі і г.д. За невыкананне ці зрыў паставак прымяняліся штрафы, цялесныя пакаранні, турэмнае зняволянне і адпраўка сялян у працоўныя і канцэнтрацыйныя лагеры, расстрэлы і спаленне вёсак разам з насельніцтвам.

Архіўныя матэрыялы паказваюць, што да канца 1942 г. асаблівых праблем з выкананнем паставак у акупантаў не было. Аднак з пашырэннем на тэрыторыі Століншчыны партызанскага руху, дзякуючы баявой актыўнасці падпольшчыкаў, узрастаючаму супраціўленню насельніцтва значная частка нарабаванага акупантамі дабра даставалася партызанам ці знішчалася. Былы камандзір партызанскага злучэння Антон Пятровіч Брынскі ў сваіх успамінах піша аб тым, што ў пачатку 1942 г. столінскія падпольшчыкі на станцыі Гарынь падпалілі будынак, у якім знаходзілася больш за 200 галоў свіней і каля 100 галоў кароў, адабраных у насельніцтва і падрыхтаваных да адпраўкі ў Германію. Выкарыстаўшы паніку, падпольшчыкі змаглі загнаць кароў у лес, а потым раздзяліць іх паміж сялянамі суседніх вёсак.

Усе гады акупацыі ішла жорсткая барацьба за выжыванне. Ваюючымі бакамі прымяняліся ўсе магчымыя сродкі. Пасярэдзіне гэтай барацьбы і яе ахвярай аказалася насельніцтва, рабунак якога працягваўся да поўнага вызвалення раёна.

Адным са сродкаў усталявання “новага парадку”, барацьбы супраць партызан, вынішчэння мірнага насельніцтва былі карныя аперацыі, якія праводзіліся з першых дзён акупацыі. Сельскае насельніцтва неахвотна плаціла падаткі, а ў большасці вёсак партызанскай зоны ворагу прыходзілася іх браць сілай. Пры гэтым акупанты праводзілі палітыку “выпаленай зямлі”, у час якой вынішчалася насельніцтва і спальваліся партызанскія вёскі.

Акупанты і іх памагатыя высочвалі і знішчалі дзяржаўна-партыйны даваенны актыў, ваеннапалонных.

Ужо ў першыя месяцы акупацыі былі павешаны савецкія актывісты жыхары в. Альпень Р.В. Бруцкі, А.Р. Ляшкевіч, В.І. Ляшкевіч, К.Ю. Ляшкевіч, М.А. Ляшкевіч, Р.А. Ляшкевіч. 9 жніўня 1941 г. расстраляны савецкія патрыёты з в. Дубай М.А. Суворын і яго сын Л.М. Суворын, А.Л. Прус. У ліпені 1942 г. спалена ў роднай хаце сям’я Р.Ф. Мамайкі з в. Велямічы, а ў ліпені 1943 г. – А.А. Мацюх са сваімі дочкамі Ганнай, Марыяй, Кацярынай за сувязь з партызанамі. У студзені 1943 г. у турме г. Століна расстраляна сям’я М.Д. Барэйкі з 10 чалавек. У цэнтры в. Варані знаходзіцца магіла ахвяр фашызму. Тут пахаваны 40 жыхароў вёскі, расстраляных і спаленых жывымі ў ноч з 14 на 15 лютага 1943 г. Расстрэльваліся жыхары, якія спрабавалі ўцячы ад прымусовага вывазу ў Германію.

З цягам часу карныя аперацыі набывалі ўсё больш масавы характар.

У 1942 г. была спалена з часткай насельніцтва в. Гарадная. У 1943 г. такі лёс напаткаў вёскі Беразцы, Бухлічы, Варані, Велямічы, Кораб’е, Люты Бор, Ястрабель. Але найбольшага размаху палітыка “выпаленай зямлі” дасягнула ў 1944 г., калі ў жудасным агні згарэлі разам з часткай жыхароў вёскі Аздамічы, Альманы, Альшаны, Атвержычы, Белавуша, Вялікія Вікаравічы, Вялікі Лес, Гарадзішча (хутары), Кароцічы, Калонія-Расошкі, Малыя Вікаравічы, Люты Бор, Мачуль, Нячатава, Струга, Фядоры, Хотамель. Цалкам былі спалены вёскі Рубель (730 двароў, знішчаны 122 чалавекі), Беразцы (203 двары, 28 чалавек), Атвержычы (131 двор, 7 чалавек), Хотамель (134 двары, 7 чалавек), адна хата з 173 засталася ў в. Калонія-Расошкі, дзве з 202 у в. Альманы, тры з 140 у в. Кароцічы, 40 хат з 340 у в. Манькавічы.

У сваёй дзейнасці акупацыйныя ўлады абапіраліся не толькі на ваенную сілу вермахта, СС, палявой жандармерыі і паліцыі, але і вымушаны былі таксама выкарыстоўваць памагатых з ліку мясцовага насельніцтва. Гітлераўцы вымушаны былі ствараць ваенна-паліцэйскія гарнізоны. У ходзе вайны адны з іх былі ліквідаваны партызанамі, другія ўзмацняліся. Найбольш буйныя фашысцкія гарнізоны знаходзіліся ў Століне, Давыд-Гарадку, Лахве, Тураве, Высацку, Дубровіцы. Па даных на снежань 1942 г., у Століне размяшчаўся 3-і паліцэйскі батальён 10-га нямецкага паліцэйскага палка са штабам у Пінску.

На двары цяперашняга будынка аддзела ўнутраных спраў месцілася турма. Па вуліцы Савецкай быў створаны працоўны лагер (“арбайтслагер”), на месцы сучаснай гасцініцы стаяла драўляная двухпавярховая школа, якая выкарыстоўвалася акупантамі ў якасці лагера часовага ўтрымання жыхароў раёна перад адпраўкай на прымусовую працу ў Германію6.

Трагічны лёс яўрэяў Століншчыны

Гістарычна склалася так, што ў нашым краі побач з беларусамі жылі і жывуць у міры і згодзе прадстаўнікі іншых нацыянальнасцей, сярод іх і яўрэі7. Жудасны лёс быў наканаваны яўрэйскаму насельніцтву, у адносінах да якога з першых дзён вайны праводзілася палітыка масавага вынішчэння.

Да вайны на Століншчыне, асабліва ў Століне і Давыд-Гарадку, пражывала шмат яўрэяў. Таму тут акупантамі былі створаны яўрэйскія гета. У Століне мяжа яўрэйскага гета праходзіла па вуліцы Палескай, ад ракі Копанец да плошчы “17 Верасня”, далей па вуліцы Дзяржынскага да вуліцы Гарынскай, потым зноў да ракі Копанец.

Тырэторыя гета была агароджана калючым дротам і ахоўвалася салдатамі і паліцэйскімі. Усе яўрэі ў абавязковым парадку, пад страхам смяротнага пакарання, вымушаны былі насіць на грудзях і спіне жоўтыя шасціканцовыя зоркі. Яўрэям катэгарычна забараняліся зносіны з грамадзянамі іншых нацыянальнасцей. У гета змяшчаліся тысячы мясцовых і прывезеных з Польшчы яўрэяў. 11 верасня 1942 г. Столінскае гета было ліквідавана. Як было ўстаноўлена пасля Вялікай Айчыннай вайны Столінскай раённай камісіяй, у Стасінскім лесе (урочышча Зацішша), недалёка ад Століна, у магіле памеркам 250×16×3 м было расстраляна немцамі 12500 чалавек.

Другім буйным месцам знішчэння яўрэйскага насельніцтва было ўрочышча Хіноўск па старой дарозе з Давыд-Гарадка ў Альшаны. Тут восенню 1942 г. у магілах памерам 53×5, 25×6, 24×5, 7×6 і 4×3 м былі пахаваны расстраляныя немцамі і мясцовымі паліцаямі 685 яўрэяў – жыхароў Давыд-Гарадка і вёсак Давыд-Гарадоцкага раёна, у тым ліку 205 жанчын і 109 дзяцей8.

У Давыд-Гарадку напярэдадні вайны існавала досыць вялікая яўрэйская абшчына. Мясцовыя старажылы мяркуюць, што яна налічвала ад 2 да 3 тысяч чалавек. У Вялікую Айчынную вайну здзекам над яўрэямі не было межаў.

Першапачаткова расстрэл яўрэяў Давыд-Гарадка быў учынены літаральна праз некалькі тыдняў пасля акупацыі горада нямецка-фашысцкімі захопнікамі, а іменна 9 жніўня 1941 г. Выконвала яго спецыяльна прыбыўшая ў Давыд-Гарадок зондэркаманда СС: падставу даў правакацыйны хлуслівы данос аднаго з мясцовых здраднікаў аб тым, быццам бы давыд-гарадоцкія яўрэі рыхтуюць узброенную вылазку супраць акупантаў. Эсэсаўцы тады зрабілі аблаву і ў яе ходзе, па некаторых падліках, расстралялі больш за 450 мужчын-яўрэяў. Членаў іх сем’яў – жанчын, дзяцей, старых – выгналі з горада, і тыя накіраваліся хто куды ў пошуках прытулку. Дарэчы, многія прыйшлі ў Столін, дзе жылі знаёмыя ці родзічы.

Пазней, калі абстаноўка пакрысе нармалізавалася, частка людзей вярнулася ў Давыд-Гарадок. І тут яны хутка трапілі за калючы дрот гета, якое нямецка-фашысцкія захопнікі стварылі ў 1942 г. у правабярэжнай частцы горада, на левым беразе невялічкай рэчкі Сежка, прытока ракі Гарынь. Туды зганялі яўрэяў, што засталіся пасля карнай акцыі 1941 г., прытым не толькі з Давыд-Гарадка, але і з навакольных вёсак. Пераважалі ў гета жанчын і дзеці. Не было вады, ежы. Пачаліся хваробы. Агароджанне з усіх бакоў гета ахоўвалася з дапамогай камендатуры і паліцэйскіх, якія строга сачылі, каб ніхто нікуды не мог адлучыцца.

З успамінаў Ніны Серафімаўны Сімановіч, жыхаркі Давыд-Гарадка

“Хаця ў 1942 г. я была яшчэ дзяўчынкай, многае засталося ў памяці з таго, што бачыла на ўласныя вочы, бо такое проста немагчыма забыць. Аб тым жа, чаго яшчэ не разумела як след, пазней даведалася ад маці.

Спачатку з гета Давыд-Гарадка немцы і паліцэйскія вывелі дзевяцера чалавек. Людзі казалі, што гэта былі самыя багатыя яўрэі Давыд-Гарадка. З якой мэтай іх выставілі асабняком ад астатніх, застаецца толькі гадаць. Крыху пазней вывелі другую, на гэты раз вельмі вялікую групу вязняў, у якой знаходзіліся адны мужчыны. У апошнюю чаргу да месца пакарання павялі яшчэ больш вялікую групу – жанчын, дзяцей і старых. Іх шлях на Галгофу ляжаў амаль з цэнтра горада на ўскраіну, у раён хутара Хабішча (Ухабішча). Далей калоны яўрэяў-смертнікаў збочвалі направа і ішлі пад канвоем да хутора Хіноўск, дзе ў ляску іх ужо чакалі загадзя падрыхтаваныя ямы і карнікі-эсэсаўцы.

На месцы масавага пакарання смерцю яўрэяў прымушалі распранацца, складваць у кучы вопратку, аддаваць каштоўныя рэчы, вырабы з золата. Затым фашысцкія захопнікі скідвалі людзей у ямы і расстрэльвалі9”.

Партызанскі рух і падпольная барацьба на Століншчыне

У сакрэтнай дырэктыве СНК СССР і ЦК ВКП(б), накіраванай 29 чэрвеня 1941 г. у рэспублікі прыфрантавой паласы, побач з агульнамабілізацыйнымі мерапрыемствамі перад мясцовымі органамі ставіліся і канкрэтныя задачы: загадзя падрыхтавацца да пераходу на падпольную дзейнасць і ў выпадку нямецкай акупацыі “ствараць невыносныя ўмовы для ворага і ўсіх яго пасобнікаў, праследаваць і знішчаць іх на кожным кроку, зрываць усе іх мерапрыемствы”. На падставе гэтай дырэктывы на наступны дзень была прынята адпаведная дырэктыва ЦК КП(б)Б аб арганізацыі партызанскага руху. На момант прыняцця гэтага дакумента Століншчына не была яшчэ захоплена ворагам. Таму мясцовыя партыйныя і савецкія органы Столінскага і Давыд-Гарадоцкага раёнаў тэарэтычна яшчэ мелі пэўны час для выканання дырэктывы ЦК КП(б)Б № 2 ад 1 ліпеня 1941 г. па арганізацыі партызанскага руху і падпольнай барацьбы на сваёй тэрыторыі. Аднак практычна часу заставалася вельмі мала. Цяжка сказаць, калі дырэктыва дайшла да партыйнага і савецкага кіраўніцтва Століншчыны.

Па даных на 20 мая 1941 г. першым сакратаром Столінскага РК КП(б)Б быў Іван Давыдавіч Кавалькоў, другім – Эля Хаімаўна Вольфман, трэцім (сакратаром па кадрах) – Фёдар Ігнатавіч Палавінка, старшынёй Столінскага райвыканкома – Іван Лявонавіч Масленнікаў. Першым сакратаром Давыд-Гарадоцкага РК КП(б)Б быў Мікалай Аляксеевіч Скарабагацька, другім – Емяльян Мікалаевіч Кротаў, трэцім – Айзік Шлёмавіч Рохлін, старшынёй райвыканкома - Мірон Канстанцінавіч Даўгулевіч. Кіраўнікам раёна ў першую чаргу неабходна было выконваць задачы па мабілізацыі ваеннаабавязаных у Чырвоную Армію, па пераводзе гаспадаркі на ваенныя рэйкі, эвакуацыі насельніцтва і каштоўнасцей на ўсход, вырашаць іншыя праблемы, што ўзнікалі ва ўмовах прыфрантавой паласы. Для выканання пастановы СНК СССР ад 24 чэрвеня 1941 г. “Аб ахове прадпрыемстваў і ўстаноў і стварэнні знішчальных батальёнаў” у мясцовасцях, аб’яўленых на ваенным становішчы, у тэрміновым парадку ствараліся знішчальныя батальёны па 100 – 200 чалавек. У ваенных адносінах яны рыхтаваліся як стралковыя падраздзяленні, з задачай весці разведвальныя дзеянні, баі ў наступленні і абароне, а таксама дзейнічаць у тыле ворага партызанскімі метадамі. Два такія батальёны былі створаны на Століншчыне. Столінскі знішчальны батальён узначаліў стары чэкіст, былы чырвонагвардзеец, член ВКП(б) з 1921 г., дырэктар рыбгаса “Дубрава” Васіль Елісеевіч Ключанкоў, Давыд-Гарадоцкі знішчальны батальён – Берэнштэйн (Берштэйн)10.

Пасля захопу Століна атрад Ключанкова выйшаў у лес і перайшоў да партызанскіх метадаў барацьбы. Атрад Берэнштэйна адступіў у Тураўскі раён і дзейнічаў разам з Тураўскім знішчальным батальёнам і падраздзяленнямі Чырвонай арміі.

Столінскі партызанскі атрад першапачаткова базіраваўся ў Стружскім лесе. Пад націскам кавалерыйскай брыгады СС, якая з пачатку ліпеня 1941 г. пачала першую на Беларусі буйную карную экспедыцыю пад назвай “Прыпяцкія балоты”, атрад вымушаны быў, відаць, у другой палове ліпеня, перамясціцца на граніцу Давыд-Гарадоцкага і Тураўскага раёнаў. Адсюль у канцы ліпеня 1941 г. камандзір атрада Ключанкоў разам з групай байцоў пайшоў у разведку на тэрыторыю Столінскага раёна, дзе некаторы час зноў дзейнічаў у Стружскім лесе. Тут група была акружана і рассеяна паліцэйскімі.

Пэўныя звесткі аб дзейнасці атрада ёсць у дакладной запісцы члена парттройкі Пінскага абкома КП(б)Б А.Я. Кляшчова ў ЦК КП(б)Б ад 5 студзеня 1942 г. Ён піша, што “… Ключанкоў быў злоўлены столінскай паліцыяй і пры пераправе яго на пароме цераз р. Гарынь Ключанкоў скаціўся з парома ў раку і ўтапіўся… Начальнікам Столінскага атрада замест тав. Ключанкова быў прызначаны тав. Масленнікаў, старшыня выканкома райсавета… 2 верасня 1941 г. атрад быў акружаны варожай часцю і рассеяны. Кіраўніцтвам атрада і Пінскай парттройкай было прынята рашэнне аб’яднацца з Тураўскім атрадам…”.

18 верасня 1941 г. аб’яднаны атрад пераехаў у в. Баравое Лельчыцкага раёна, затым на тэрыторыю Ельскага раёна. А 30 верасня 1941 г. у лесе каля в. Пільшчык Нараўлянскага раёна атрад быў акружаны немцамі11.

Не змог замавацца ў раёне і Давыд-Гарадоцкі партызанскі атрад. А.Я.Кляшчоў піша, што 11 жніўня была праведзена разведка ў Давыд-Гарадоцкім раёне, а ў ноч з 14 на 15 жніўня 1941 г. камандзір Давыд-Гарадоцкага атрада Берэнштэйн з групай партызан у колькасці 20 чалавек выехалі ў напрамку в. Альшаны на баявую аперацыю. Аднак група нечакана сутыкнулася з немцамі, якія накіроўваліся для захопу Турава. У кароткай сутычцы з ворагам група была рассеяна. Толькі праз тры дні партызаны з гэтай групы па аднаму з’явіліся ў атрад. Берэнштэйн захварэў і адбыў у Мазыр, адкуль у атрад не вярнуўся.

Архіўныя дакументы сведчаць, што Столінскі і Давыд-Гарадоцкія партызанскія атрады дзейнічалі на тэрыторыі Палескай вобласці да канца верасня 1941 г. Асновай першых створаных на Століншчыне атрадаў былі прадстаўнікі партыйна-гаспадарчага актыву, прысланыя сюды на кіруючую і іншую работу з усходніх абласцей рэспублікі, а таксама мясцовыя актывісты – тыя, хто яшчэ да вайны звязаў свой лёс з савецкай уладай.

Новы этап партызанскай барацьбы на Століншчыне, як і ў іншых раёнах Беларусі, пачаўся з вясны 1942 г. і асабліва пасля стварэння Беларускага штаба партызанскага руху (БШПР). Узмацнілася баявая дзейнасць мясцовых партызанскіх груп пасля таго, як наладзіліся сувязі з украінскімі партызанамі пад камандаваннем С.А. Каўпака і А.П. Брынскага.

З першых дзён акупацыі на Століншчыне ў розных населеных пунктах было створана падполле. Дзейнасць падполля залежала ад шэрагу фактараў і дыктавалася задачамі, якія ставілі перад сабой падпольшчыкі.

У Століне ініцыятарам стварэння падпольнай арганізацыі, якая з цягам часу аб’яднала больш за 20 чалавек, быў Іван Міхайлавіч Барэйка, былы супрацоўнік міліцыі. У в. Рухча падпольную камсамольскую арганізацыю ўзначалілі браты Мікалай і Андрэй Дзікавіцкія, якіх накіроўваў іх бацька Сяргей Іванавіч, стары і вопытны падпольшчык. У лістападзе 1941 г. усе трое былі арыштаваны і змешчаны ў столінскую турму. 5 красавіка 1942 г. падпольшчыкі разам з іншымі вязнямі, абяззброіўшы ахову, уцяклі з турмы, а неўзабаве стварылі партызанскі атрад. Атрад дзейнічаў самастойна да 2 лютага 1943 г.

Трэба адзначыць, што падпольныя групы дзейнічалі практычна ва ўсіх населеных пунктах раёна. У Рэчыцы кіраўніком падполля быў М.Х. Якімаў, пасля Я.Ц. Назараў, у в. Струга – Е.П. Ліпскі і А.І. Трапец, у вёсках Відзібор і Вулька-Арая – М.С. Бурда-Піліпчук, у в. Беражцы – браты Іван і Пятро Бут-Гусаімы.

Явачнымі кватэрамі Столінскага падполля з’яўляліся цырульня на кватэры В.Г. Дзяжуркі па вуліцы Савецкай, 49, кватэры М.А. Абадоўскага, А.І. Барэйкі, гарадскі парк і млын, дзе працаваў М.Я. Кавалец.

Столінскія падпольшчыкі прынялі актыўны ўдзел у падрыхтоўцы і ажыццяўленні аперацыі партызанскага злучэння А. Сабурава па разгроме столінскага гарнізона ў студзені 1943 г. У выніку аперацыі 112 паліцэйскіх былі ўзяты ў палон. Партызаны знішчылі 17 нямецкіх афіцэраў, якія адпачывалі ў доме адпачынку ў Манькавіцкім парку, узарвалі спіртзавод, спалілі рэзідэнцыю гебітскамісара, знішчылі 20 аўтамашын.

Па заданні партызан падпольшчыкі Століншчыны ў 1943 г. ажыццявілі 16 буйных дыверсій у Століне і іншых населеных пунктах.

23 красавіка 1943 г. ЦК КП(б)Б зацвердзіў склад Пінскага падпольнага абкома партыі на чале з А.Я. Кляшчовым. 8 мая 1943 г. у Давыд-Гарадоцкі раён па заданні Пінскага падпольнага абкома партыі прыбыла арганізацыйная група пад кіраўніцтвам члена штаба Пінскага партызанскага злучэння П.П. Тамілава і І.А. Сматрова. За кароткі час група вырасла ў буйны атрад “Савецкая Беларусь”. У жніўні 1943 г. загадам штаба Пінскага партызанскага злучэння на базе дадзенага атрада і атрада імя Кутузава брыгады імя В.М. Молатава была створана партызанская брыгада “Савецкая Беларусь” (камандзір П.П. Тамілаў, камісар І.А. Сматроў, начальнік штаба Ю.М. Героеў). У лістападзе 1943 г. на базе роты Таранава, выдзеленай з атрада Чкалава, быў створаны партызанскі атрад імя К.К. Ракасоўскага (камандзір А.І. Таранаў, камісар Х.І. Севасцьянчык). У 1944 г. брыгада налічвала ў сваім складзе 1027 чалавек, з іх 842 ураджэнцы і жыхары Століншчыны. Пры стварэнні брыгады атрад “Савецкая Беларусь” атрымаў новую назву – імя В.П. Чкалава (камандзір атрада І.І. Андрэеў, камісар А.І. Кавалёў).

У выніку баявой дзейнасці брыгады толькі за перыяд са жніўня 1943 г. па люты 1944 г. ворагу нанесены значныя страты ў жывой сіле і тэхніцы. Паводле справаздачы камандавання брыгады, шляхам дыверсій на чыгуначных і шашэйных дарогах, у адкрытых баях і засадах было знішчана і паранена каля 1700 гітлераўцаў і іх прыслужнікаў, пушчана пад адхон 12 эшалонаў, у тым ліку 6 з жывой сілай, пашкоджана 16 паравозаў, 64 вагоны і 28 платформ, падарвана 4254 м чыгуначнага палатна, знішчана 105 аўтамашын, 36 мастоў, пашкоджана 184 км лініі тэлефонна-тэлеграфнай сувязі, адбіта і раздадзена насельніцтву 225 галоў жывёлы, у тым ліку 60 коней, знішчана 20777 пудоў падрыхтаванага для адпраўкі ў Германію збожжа.

Вельмі важнае значэнне мела таксама масава-палітычная работа, якая праводзілася партызанамі пад кіраўніцтвам Столінскага (створаны 1 верасня 1943 г., сакратар А.П. Кувыркоў) і Давыд-Гарадоцкага (створаны 16 ліпеня 1943 г., сакратар Х.І. Севасцьянчык) падпольных РК КП(б)Б, Столінскага (сакратар М.І. Бялкоў) і Давыд-Гарадоцкага (сакратар М.Ц. Навалаеў) падпольных РК ЛКСМБ.

Асаблівае значэнне надавалася прапагандзе ў гарнізонах, сярод паліцэйскіх і салдат нацыянальных фарміраванняў: славакаў, венграў, казацкіх фарміраванняў. Сярод насельніцтва распаўсюджваліся спецыяльныя звароты з заклікам далучацца да партызан і напамінам, што ўсім давядзецца адказваць за свае ўчынкі.

Пад уздзеяннем баявых аперацый і антыфашысцкай прапаганды на бок брыгады “Савецкая Беларусь” перайшлі 46 былых паліцэйскіх і ўласаўцаў, а таксама 52 салдаты з 18-й і 19-й дывізій венгерскага корпуса і 12 чалавек з рабочых каманд ваеннай камендатуры.

15 лютага 1944 г., у адпаведнасці з загадам БШПР, брыгада была расфарміравана.12

Вызваленне

23 чэрвеня 1944 г. пачалася стратэгічная наступальная аперацыя “Баграціён” па вызваленні Беларусі, у якой прымалі ўдзел 1, 2, 3-і Беларускія і 1-ы Прыбалтыйскі франты.

3 ліпеня 1944 г. злучэнні Чырвонай арміі вызвалілі Мінск і рушылі далей, на Вілюнюс і Баранавічы. 7 ліпеня немцы з баямі пачалі адыходзіць з Піншчыны. У гэты дзень 669-ы стралковы полк 212-й Крычаўскай стралковай дывізіі авалодаў вёскамі Нячатава, Гарадная і Калоднае. Наступаючыя з поўдня часці 40-й стралковай дывізіі вымушаны былі прасоўвацца па роўнай нізіннай, балоцістай мясцовасці, што давала значную перавагу немцам, якія абараняліся ў Століне. 7 ліпеня 1944 г. Столін быў вызвалены часткай сіл 397-й стралковай дывізіі 89-га стралковага корпуса (камандзір генерал-лейтэнант М.Ф. Андоньеў) 61-й арміі (камандуючы генерал-лейтэнант П.А. Бялоў). У вызваленні горада і раёна актыўна ўдзельнічалі байцы знішчальных атрадаў і мясцовыя жыхары, якія былі праваднікамі13. Вось як расказвае аб вызваленні Століна былы камандзір Столінскага знішчальнага атрада У.М. Галыбін: “Наш полк размяшчаўся ў Варанях, Перабродах, Струзе і рыхтаваўся да вызвалення Століна. Мы, былыя партызаны, сіламі свайго знішчальнага атрада трымалі абарону на ўчастку Узляжжа – Вусцімле. Як і раней, мы хадзілі ў варожы тыл, мініравалі дарогі, знішчалі жывую сілу праціўніка. Некалькі месяцаў цягнуліся пазіцыйныя баі. І толькі ў пачатку ліпеня адбылося наступленне на горад. Рота сапёраў разам з байцамі знішчальнага атрада і з дапамогай сувязных са Століна і навакольных вёсак пачалі шукаць месца для пераправы цераз Гарынь. Першы мост, які мы пабудавалі, немцы знішчылі. Тады на працягу адной ночы мы змаглі ўзвесці другі мост – непадалёку ад в. Варані. Нарэшце, ноччу з 6 на 7 ліпеня быў атрыманы загад пераправіцца на левы бераг Гарыні. Пераправа вялася па нашым мосце, а таксама на лодках паміж вёскамі Манькавічы і Белавуша. Завязаўся жорсткі бой. У немцаў была зручная пазіцыя. Яны размясцілі на званіцы касцёла ў Століне назіральны пункт, што дазваляла ім хутка арыентавацца ў абстаноўцы. Пры пераправе цераз Гарынь загінула нямала нашых байцоў. Сярод іх і наш адважны сувязны Л. Гуцько. І толькі тады, калі прамой наводкай з пушкі збілі званіцу на касцёле, перавага ў баі адразу стала на нашым баку. Пад вечар наш полк увайшоў у апусцелы Столін…”

9 ліпеня 1944 г. часці 397-й стралковай дывізіі ў ходзе наступлення на лунінецка-пінскім напрамку вызвалілі Давыд-Гарадок.14.

Вялікая Айчынная вайна прынесла жыхарам Століншчыны незлічоныя, незваротныя людскія і матэрыяльныя страты. Яна была вельмі жорсткай, вераломнай, дужа страшнай. За 1097 дзён гаспадарання карнікі вермахта забілі больш за 13767 мірных людзей, спалілі 4639 дамоў, 6754 іншыя пабудовы15. На франтах загінула яшчэ каля 2,5 тыс. чалавек. У ваенным ліхалецці былі разбураны многія прамысловыя прадпрыемствы, установы адукацыі, аховы здароўя. Вялікі ўрон панеслі сувязь, транспарт, гандаль16. Але фашысцкія карнікі не здолелі пакарыць беларускі народ, паставіць яго на калені, зламаць волю да Перамогі.

На жаль, канкрэтнага матэрыялу аб Вялікай Айчыннай вайне на Століншчыне яўна бракуе. Прычана такой інфармацыйнай “дзіры” крыецца перш за ўсё ў адсутнасці, або, лепей сказаць, мізэрнай колькасці архіўных дакументаў, што захаваліся, а таксама занатаваных успамінаў непасрэдных удзельнікаў і відавочцаў тых далёкіх падзей у нашым краі. А без гэтага матэрыялу даследчыкам гісторыі цяжка аднаўляць праўдзівую гістарычную панараму і тым больш рабіць грунтоўныя высновы.

Ды нічога не зробіш, час упушчаны. Многія ўдзельнікі і відавочцы Вялікай Айчыннай вайны ў Столінскім раёне ці проста дасведчаныя асобы так і пайшлі з жыцця, застаўшыся неапытанымі, незапатрабаванымі гістарычнай навукай. Факт, які трэба прызнаць. Але ва ўспамінах тых, хто ўсё ж змог пакінуць свае словы, зафіксаванымі на паперы (няхай такія ўспаміны адзінкавыя і напісаны не зусім пісьменна і не заўжды дабротна з пазіцый мастацкіх вартасцяў), ёсць галоўнае для нас, нашчадкаў, - адлюстраванне рэалій пэўнага гістарычнага часу, праўдзівыя факты, непасрэднасць уражанняў.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]