Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Инструкция о порядке комплектования музейных фондов.doc
Скачиваний:
50
Добавлен:
09.03.2016
Размер:
589.82 Кб
Скачать

Глава 20 абсталяванне экспазіцыйных залаў

197. Абсталяванне экспазіцыйных залаў павінна прадугледжваць стварэнне ўмоў для дэманстрацыі музейных прадметаў, а таксама забяспечваць іх захаванасць ад натуральнага зносу, пашкоджанняў і крадзяжоў.

198. Экспазіцыйны інвентар робіцца з улікам габарытаў і вагі экспанатаў і павінен быць трывалым і ўстойлівым.

199. Унікальныя, асабліва каштоўныя і крохкія экспанаты, а таксама рарытэтную зброю забараняецца экспанаваць у адкрытым захоўванні. Вітрыны і шафы для такіх экспанатаў павінны быць абсталяваны сігналізацыяй.

200. Экспазіцыйная мэбля павінна размяшчацца ў адносінах да акна такім чынам, каб пазбавіць экспанаты ад уздзеяння прамых сонечных прамянёў.

201. Музейнае абсталяванне ўсіх тыпаў у экспазіцыі павінна быць ізалявана ад пылу.

202. Размяшчэнне экспанатаў паблізу ацяпляльных прыбораў і вентыляцыйных адтулін забараняецца.

203. Абсталяванне часовых выставак павінна быць нейтральным па форме і разлічаным на шматразовае выкарыстанне для розных катэгорый экспанатаў.

Глава 21 фондасховішчы і іх абсталяванне

204. Фондасховішчы музеяў размяшчаюцца ў спецыяльна абсталяваных сховішчах з вентыляцыяй, кандыцыяніраваннем і супрацьпажарным абсталяваннем.

205. Плошча фондасховішчаў вызначаецца з улікам:

складу музейных фондаў;

ступені даступнасці музейных калекцый для працы з імі (адкрытае захоўванне фондаў ці захоўванне, разлічанае на азнаямленне і вывучэнне калекцый толькі спецыялістамі);

штогадовага прыросту калекцый па катэгорыях;

комплекснасці фондавых памяшканняў.

206. Пры музейных фондасховішчах мэтазгодна мець наступныя дадатковыя групы памяшканняў:

офісныя – для працы захавальнікаў;

для даведачнай дакументацыі;

для работы наведвальнікаў;

для часовага захоўвання прадметаў;

ізалятар.

207. Музейнае абсталяванне ў фондасховішчах размяшчаецца такім чынам, каб дзвярныя і аконныя праёмы заставаліся свабоднымі.

208. Размяшчэнне музейнага абсталявання ў фондасховішчах павінна быць на адлегласці не меней за 10–15 см ад сцен і ад падлогі.

209. Музейнае абсталяванне для захоўвання музейных прадметаў і музейных калекцый робіцца з металу або сухога дрэва, апрацаванага антысептычнымі прэпаратамі.

210. Драўлянае абсталяванне падлягае перыядычнаму агляду для своечасовага выяўлення шкоднікаў драўніны.

211. Фондасховішчы музеяў павінны быць абсталяваны замкамі, апламбіраваны і апячатаны.

Глава 22 рэжымы захоўвання музейных прадметаў і музейных калекцый. Агульныя палажэнні

212. Рэжымы захоўвання музейных прадметаў і музейных калекцый устанаўліваюць навукова абгрунтаваныя ўмовы захоўвання, што забяспечваюць доўгатэрміновае існаванне музейных прадметаў і музейных калекцый, замаруджваюць натуральныя працэсы старэння матэрыялаў, з якіх яны зроблены.

213. Рэжымы захоўвання музейных прадметаў і музейных калекцый павінны забяспечваць недапушчэнне:

рэзкага хістання і парушэння нормаў тэмпературы і вільготнасці;

шкоднага ўздзеяння святла або недахопу яго;

забруджвання паветра шкоднымі газамі, сажай, пылам;

уздзеяння біялагічных шкоднікаў;

нядбайнага абыходжання з музейным прадметам, якое вядзе да механічных пашкоджанняў;

неналежнага захоўвання і выкарыстання гэтых прадметаў;

несвоечасовай рэстаўрацыі прадметаў альбо няякаснага правядзення рэстаўрацыйных мерапрыемстваў.

214. Рэжымамі захоўвання музейных прадметаў і музейных калекцый з’яўляюцца: тэмпературна-вільготнасны, светлавы, біялагічны рэжымы.