Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
А.А.Барвенова Сценография.doc
Скачиваний:
6
Добавлен:
09.11.2019
Размер:
817.15 Кб
Скачать

Матэрыялы дыдактычнага характару у дапамогу засваення курса сімволіка свята

СІМВАЛ, ЗНАК, КОЛЕР, КАМПАЗІЦЫЯ, АБРАДНАСЦЬ, ТРАДЫЦЫІ, СВЯТА.

Сімволіка свята з’яўляецца адным з кампанентаў, што стварае непаўторнасць аблічча свята, становіцца найбольш пазнавальным элементам сцэнагарафіі свята. Менавіта сімволіка суправаджае святы, разнастайныя па тэматыцы, задзейнічанай узроставай катэгорыі, перыядычнасці на працягу ўсяго яго жыцця і становіцца яго адметным апазнавальным знакам.

Сімволіка свята – гэта сэрца сцэнаграфіі свята. Менавіта сімволіка свята імгнаенна дазваляе выдзеліць свята ў шэрагу свят Беларусі. Выразны, лёгка пазнавальны, добра запамінальны сімвал свята з’яўляецца адным з кампаненаў поспеху свята і любві да яго.

Перш чым разгледзіць месца сімволікі ў сцэнаграфіі свята, прынцыпы пабудовы сімволікі свята, варта спыніцца на вызначэнні паняццяў “сімвал”, “сімволіка”, “сімволіка свята”. Як падае тлумачальны слоўнік беларускай мовы:

Сімвал (ад грэч. symbolon ‘умоўны знак, прыкмета’) – гэта ўмоўнае абазначэнне, знак якой-небудзь з’явы, ідэі.

Сімволіка (-ліцы) – 1) Сімвалічнае значэнне, што прыдаецца чаму-н.; 2) Сімвалы; сукупнась якіх-н. сімвалаў.

Зразумела, што і “сімволіка свята” – гэта ўмоўнае абазначэнне свята, яго знак, які з’яўляецца сімвалічным расказам пра ідэю свята.

Сімволіка свята патрабуе дакладнай распрацоўкі сімвала альбо комплекса сімвалаў, які будзе расказваць пра асноўны змест свята, тэму, мэту і ідэю свята. Галоўнай задачай сімволікі свята з’яўляецца асацыяцыя гледача з Вашым канкрэтным непаўторным унікальным святам. Ад таго, наколькі вырашаецца сімволікай свята гэта задача, не у апошнюю чаргу залежыць і жыццё свята. Сёння, калі святы, асабліва каляндарна-абрадавыя адбываюцца адначасова па ўсёй дзяржаве, сімвал свята павінен расказаць пра ўнікальнасць менавіта вашага свята, стаць яго адметным знакам. Таму, пасля зацвярджэння і выкарыстання на першым свяце сімволікі свята, пазней ў сімволіцы свята не павінны мяняцца асноўныя элементы сімволікі і абраная каларыстыка.

У склад праекта комплекснай сцэнаграфіі свята ўваходзіць два немалаважных элемента: сімволіка свята (знак-сімвал, колеры, прынцыпы пабудовы і г.д.) і звязаная з ім каларыстыка свята. Стварэнне сімволікі і з’яўляецца пачаткам распрацоўкі такой важнай візуальнай характарыстыкі свята як стыль свята. Для падрыхтоўкі рэжысёра да стварэння як самога свята так і сімвала свята неабходна праходзіць пэўныя этапы пошука матэрыяла, апрацоўкі, стварэння тлумачальнай запіскі альбо прапаноў па сімволіцы свята і нарэшце непасрэднае выкананне сімвала свята.

Сімволіка свята прапануецца рэжысёрам свята і пастановачнай групай свята, а распрацоўваецца мастаком пад кантролем рэжысёра. Сімволіка свята патрабуе толькі прафесійнага падыходу да выканання і выконвваецца толькі мастаком прафесіяналам. Але менавіта рэжысёр будуе канцэпцыю свята і імкнецца яе перадаць у прапановах па стварэння сімволікі свята. З улікам таго, што знак і колер станут асновай сцэнаграфіі свята, да яго стварэння трэба падыходзіць з вялікай дбайнасцю і стараннасцю. Максімальна выразная сімволіка павінна аб’яднасць у сабе адлюстраванне сэнсавага дзеяння свята, яго мэты, ідэйнага сэнсу.

Пры гэтым сімволіка свята можа мець сукупнасць сімвалаў. Аднак сімволіка свята павінна падпарадкоўвацца ўсім тым нормам, у некаторых выпадках законам, якія створаны ў сімволіцы нашымі продкамі на працягу стагоддзяў. Гэтыя законы найлепш ілюструюць дзяржаўная сімволіка, геральдыка, у некаторый ступені традыцыйная сімволіка. Сімвал свята павінен уплываць на думку гледача, быць запамінальным, таму трэба выкарыстоўваць і веды па псіхалгіі ўспрымання знака і колера.

Для стварэння знака-сімвала свята неабходны пачатковы візуальны матэрыял. Таму менавіта рэжысёр і пастановачная група будуе канцэпцыю сімвала свята і прапануе мастаку візуальны шэраг. Такім чынам, першым неабходным этапам для распрацоўкі сімвала свята з’яўляецца збор матэрыяла.

Наступнае, што падае і прапануе рэжысёр і пастановачная група – сваё бачанне каларыстыкі, якая найбольш перадае тэму, мэту і задачы свята.

Акрамя гэтага менавіта рэжысёр тлумачыць мастаку і яго групе тэмп свята і асобных момантаў свята (калі яны маюць сваю сімволіку альбо інтэрпрытацыю сімвала свята), дынаміку сцэнічнага дзеяння, статыку і іншае, што дазволіць перадаць у сімвале свята адпаведную дзеянню напружаную, статычную і інш. кампазіцыі. Рэжысёр на першым свяце можа падаць гледачу сімволіку, расказ пра кампаненты сімвала свята ў выглядзе міні кампазіцый, ажыўлення персанажаў, паказаных на сімвале і інш. Падача ўсяго спектра матэрыяла дапаможа мастакам пры стварэнні сімвала свята.

Асноўныя прынцыпы пабудовы сімволікі свята:

1) максімальна выразнае візуальнае адлюстраванне тэмы і мэты свята;

2) стылістычнае адзінства, у тым ліку адпаведнасць стылістыцы свят;

3) кампазіцыйная пабудова, адпаведная дзянню свята;

4) адпаведнасць прынятай каларыстыцы свята;

5) ёмкасць, прастата, індывідуальнасць

Асноўныя элементы сімволікі свята:

1) сімвал альбо візуальны шэраг;

2) поле сімвала (картуш) і абрамленне;

3) легенда, назва альбо дэвіз; адпаведны шрыфт;

4) дата і месца правядзення свята.

Цяпер спынімся на кожным з гэтых пунктаў. Першым і найбольш важным кампанентам сімволікі з’яўляецца візуальны шэраг. Менавіта ён павінен расказаць гледачу мэту і задачы свята. Пры гэтым знак павінен, лёгка чытацца, быць пазнавальным.

У залежнасці ад тэматыцы свята будуецца свой непаўторны сімвал альбо шэраг сімвалаў. Перад стварэннем і нават прапановамі па сімвалу свята неабходны збор і аналіз іканаграфічных матэрыялаў. Акрамя гэтага трэба ўлічваць асаблівасці і правілы пабудовы сімволікі дзяржаўнага, тэматычнага свята, свята прысвечанага класічнай тэматыцы, канфесійнага свята, спартыўнага свята, дзіцячага свята і інш.

Для больш больш дакладнага вызначэння магчымых сімвалаў прапануем святы ўмоўна падзяліць на 3 тэмы:

1) Традыцыйнае свята ( Каляды, Купалле, Пахаванне стралы і інш.);

2) Тэматычнае свята (Юбілейныя даты; святы ў гонар выдатнай асобы; фэсты, прысвечаныя пэўным падзеям; свята паэзіі і інш.);

3) Пазаабрадавыя святы (фестываль, дзіцячае свята, спартыўнае свята і г.д.).

Пры гэтым варта адразу зазначыць, што адным з асноўных правіл у пабудове сімвала свята, як зрэшты і ўсёй сцэнаграфіі свята, – недапушчальнасць сумяшчэння дзяржаўнай, магнацкай, гарадской, народнай сімволікі паралельна.

Выбіраючы знак трэба памятаць, што на працягу стагоддзяў ва ўсіх класах грамадства створана сістэма сімвалаў, якая не можа і не павінна быць зразумелай для людзей, што не неалежаць да гэтага класа, ці інакш для тых, хто не пасвечаны ў значэнне сімвалаў (кожны сімвал з’яўляецца па свайму характару тайным альбо як найменш умоўным знакам). Сімвал, як правіла, пераходзячы праз стагоддзі мог мяняць сэнсавую нагрузку, як крыж – сімвал сонца, энэргіі, пазней сімвал хрысціянскай веры.

Традыцыйныя святы. На працягу тысячагоддзяў народам былі створаны сімвалы, якія суправаджалі іх па жыцці і спрыялі ў святах. Мэта рэжысёра імкнуцца выкарыстаць набыткі продкаў у сучаснай святочнай прасторы нашай дзяржавы.

Традыцыйная народная сімволіка выпрацавала знакі сімвалы, што адпавядалі сімволіцы міфалагічных вобразаў ведыйскай (паганскай) міфалогіі. Сімвалы-вобразы Мадэль міраздання, Зямля, Неба, Дрэва жыцця; сакральныя знакава-сімвалічныя матывы і візуальна-знакавыя архетыпы – Сусвет, Дрэва Жыцця, Маці, Адраджэнне, Жыццё, Урадлівасць, хатні Рай, Змей-дракон, алень, птушка і інш. павінны і сёння працягваць свай жыццё. Багацце сімвалаў дорыць і беларускі традыцыйны арнамент (геаметрычны, раслінны, зааморфны і антрапаморфны) і яго сімволіка. Пры гэтым рэжысёр павінен прыняць за правіла, што арнамент – гэта сістэма сімалаў, якая існуе толькі як сістэма і вырываць кампененты гэтай сістэмы трэба акуратна і з глыбокім веданнем сімвала. Па-другое, кожны з рэгіёнаў Беларусі мае свае адметнасці ў знакавай сістэме арнамента і яго каларыстыкі. Таму трэба зноў такі прапаноўваць мастаку візуальны шэраг найперш рэчаў дэкаратыўна-ужытковага мастацтва толькі месца правядзення свята і адпаведна абранай тэматыкі. Узоры арнамента на абрадавых ручніках, посцілках, узоры керамікі, дрэваапрацоўкі, пабудовы і аздоба хаты і сядзібы як калодзеж-жураў і інш. могуць стаць адным з сімвалаў свята. Акрамя гэтага, традыцыйная народная культура даруе і сімволіку колераў, у тым ліку ў традыцыйным мастацтве (каларыстыка ручнікоў, посцілак, керамікі...). Трэба памятаць і пра жыццёва-абрадавае кола і сімволіку лічбаў у традыцыйнай культуры беларусаў.

Адзін з прасцейшых варыянтаў пабудовы сімволікі свята выкарыстанне сімвалічнай атрыбутыкі асноўных каляндарных абрадаў і свят: калядная зорка – сімвалізуе Каляды; вогнішча, кола, якое запальвалі на Купалле, сімвалізавала сонца; птушка, дрэва і птушкі – Гуканне вясны, свечка – Дзяды і інш. Стагоддзямі традыцыйнай культурай выпрацаваны сімвалы, як хлеб на ручніку – пажаданне дабрабыту, зерне – багацце, вечнасць жыцця, сноп – ураджай, дажынкі. Сімволіку, створаную традыцыйнай культурай шырока выкарыстоўвалі змагары за вольнасць, дзеячы першага беларускага адраджэння. Так сімвалам паўстання Кастуся Каліноўскага стаў сноп каласоў і дэвіз “Так сейце ж дзецюкі поўнаю рукою” – еднасць, немагчымасць зламіць волю народа. Сімвал зерня, нават жменька якога, праляжаўшы стагоддзямі ў зямельцы ў гаршочку “хоць зерняткі засохшымі былі, усё ж такі жыццёвая іх сіла збудзілася і буйна ўскаласіла парой вясенняй зброжжы на раллі” – “Вось сімвал твой, забыты краю родны! Зварушаны нарэшце дух народны.” Выкарыстанне народнай сімолікі было вельміі характэрна для дакастрычніцка творчасці Я. Купалы, Я Коласа і інш., якая пераўтваралася ў высокамастацкія вобразы і якія могуць знайсці і сёння месца ў сімволіцы святаў.

Утварыліся і новыя альбо прызабытыя сімвалы. Зубр – любімейшая жывёла беларусоў і сімвал моцы, імклівай сілы, вольнасці і няскоранасці, натхняльнік творцаў ад летапісцаў і Міколы Гусоўскага да сучасных. Так, любяць беларусы жывёл-татэмаў, якія красуюць на сімволіцы колькіх гарадоў. Тут і воўк, і мядзведзь, і алень, і рысь... З лёгкай рукі Уладзіміра Караткевіча сёння Беларусь называюць “Зямлёй пад белымі крыламі”, а бусел стаў сімвалам ужо некалькіх святаў.

Выбіраючы сімвал неабходна разумець глыбіннасць сімвала, закаладзеную продкамі і захаваную стагоддзямі. Таму ні ў якім разе нельга прымітызаваць традыцыйную сімволіку ні сэнсава ні знакава. Выбраны сімвал павінен адпавядаць тэрытарыяльнасці традыцыйнай культуры рэгіёна. І як заўсёды першае правіла, абраны вамі сімвал павінен адпававядаць тэматыцы свята. Так, для прыкладу, сімволіка свята народных майстроў і павінна расказваць пра народнае мастацтва, пры гэтым абраць найбольш адметнае мастацтва вашага рэгіёна, напрыклад для Паазер’я – лазапляценне. Свята народнай музыкі арыентавана найперш на талент самародкаў, а менавіта жалейка стала сімвалам, увасабленнем народных самародкаў у мастацтве (можна ўзяць аўтэнтычныя народныя інструменты гэтый мясцовасці), а не ў якім разе не арфу і т.п.

Тэматычнае свята (Юбілей горада, мястэчка, юбілей атрымання горадам магдэбургскага права на самакіраванне; свята ў гонар магната, які валодаў горадам ці замкам (Нясвіж – кн. Радзівілы, Гомель – кн. Паскевічы); фэсты, прысвечаныя пэўным падзеям (абарона Наваградка ад крыжакаў і г.д.); свята, прысвечанае творчасці мастака, навукоўца – ураджэнца вашай мясцовасці (А. Міцкевіч, І. Дамейка і г.д.), свята паэзіі і інш.

Пару словаў пра паняцце “геральдыка”, “герб” і асноўныя правілы геральдыкі.

Герб (ад ст.ням. Erbe ‘спадчына’) – сімвалічная выява, выкананая па жорсткіх спецыяльных правілах.

Геральдыка (ад ням. Heer Alt ‘стары пан, гаспадар’) – так называліся асобы (герольд альбо гербавы кароль), якія распараджаліся ў час правядзення турніраў і адным з абавязкаў якіх было апісанне рыцарскіх гербаў. Ужо некалькі стагоддзяў геральдыка -- гэта навука, якая спалучае ў сабе як строгія правілы, што забараняюць будзь які адыход ад іх, так і прыгажосць мастацкага твора; вывучэнне старажытных і стварэнне новых гербоў. Як піша Анатоль Цітоў “Геральдыка свайго роду сімвалічная міжнародная мова, таму што ва ўсіх краінах, дзе яна існуе, мы сустракаем адны і тыя ж эмблемы, якія перадаюць з роду у род высокія паняцці рэлігіі, рыцарскага гонару і любові да Бацькаўшчыны”.

Галоўныя функцыі герба: рэпрэзентатыўная – прадствавіць праз сімволіку дзяржаву, зямлю, горад, народ, асобу, якім ён належыць, гістарычныя абставіны ўзнікнення. Распазнавальная – вылучыць і падкрэсліць свайго ўладальніка сярод астатніх. У сувязі з гэтым герб мусіць быць добра запамінальным і лёгка распазнавальным.

Вылучаюцца гербы прыватных асоб – родавыя, прыватныя, асабістыя; карпарацыйныя гербы – гарадскія, цэхавыя, брацкія; зямельныя і дзяржаўныя. З сярэднявечча існуюць княжацкія, вялікакняжацкія, каралеўскія, дзяржаўныя гербы. З канца ХІІІ ст. дзяржаўныя ўстановы, як правіла, ужывалі герб асобы, што ўзначальвала яе ці выконвала пэўныя абавязкі, ці дзяржаўны герб. Прызначэнне герба паказвае шырыню магчымасцей выкарыстання сімвала. Выявы герба адлюстроўваўся на пячатках; герб быў атрыбутам урачыстых працэсій, святаў, фэстаў, хаўтур; упрыгожваў, харугвы, будынкі, грабоўцы, зброю, кніжныя выданні і інш.

Герб абавязкова мае “поле герба” (тарк, картуш – дэкаратыўная форма тарка) -- галоўны элемент герба на які размяшчаецца эмблема; і “гербавая эмблема” – галоўны інфармацыйны элемент герба. Пячаткі яшчэ маюць “легенду”– надпіс, мэта якога засведчыць прыналежнасць пячаткі да той альбо іншай асобы ці ўстановы; у гербах “дэвіз” – у ім адлюстроўваюцца ідэя і думка герба. Усе элементы шчыльна звязаны паміж сабой, узаемадапаўняюць і нават абумоўліваюць адзін аднаго.

Рэжысёрам трэба ведаць асноўныя правілы геральдыкі, геральдычныя колеры, дзяленне тарка і парадак чытання гербаў. Сярод асноўных правіл, якім рэжысёры павінны падпарадкоўвацца, беручы за аснову правіла геральдыкі і ствараючы сімволіку сучаснага свята, наступныя:

1) адна сімволіка свята не павінна быць тоесная другой;

2) адно свята адначасова не можа мець больш чым адзін сімвал;

3) сімволіка павінна быць выканана геральдычна правільна, і не прызнаецца тое, што зроблена з адхіленнем ад яе правілаў, незалежна ад таго, наколькі дасканала і прыгожа намаляваны і зроблены выявы;

4) колеры маюць прынятае сімвалічнае значэнне, недазволены пэўныя спалучэнні колераў і выкарыстанне больш за 5 колераў у адным сімвале;

5) большую сімвалічную нагрузку маюць выявы размешчаныя ўверсе шчыта (правіла прапанаваны паводле асноўных правіл геральдыкі, выкладзеных Анатолем Цітовым).

Дзяражаўнае свята і магчымасці выкарыстання дзяржаўнай сiмволiкі. Да дзяржаўнай сімволікі адносяцца герб, сцяг, гімн. Яны выкарыстоўваюцца толькi на дзяржаўных святах, на пляцоўках, звязаных з дзяржаўнымi асобамi, на міжнародных святах і спаборніцтвах. Дзяржаўная сiмволiка не з’яўляецца сiмвалам свята, а iснуе для таго, каб паказаць значнасць падзеi, падкрэсліць удзел дзяржавы ў ёй. Аднак можна выкарыстоўваць пры аздобе сцэнічнай пляцоўкі элементы сімволікі, да прыкладу колеры дзяржаўнай сімволікі, вынас сцягоў і інш.

Тэматычныя святы, прысвечаныя пэўным падзеям альбо знакавым асобам у нашай гісторыі і выкарыстанне каралеўскай, вялікакняжацкай, княжацкай, магнацкай, шляхецкай сімволікі. Прыклады тэматычнага свята, сімволіка якога можа будавацца на аснове геральдыкі і сімволікі, – юбілей каранацыі Міндоўга, наданне роду Радзівілаў тытула Князёў Рымскай імперыі і інш. Для стварэння сімволікі варта нагадаць, што каралеўскую і вялікакняжацкую сімволіку складаюць геральдычны знак; карона, берла, дзяржава, мантыя; пры пэўнай пасадзе магната – сімвалы ўлады на пасадзе, напрыкалад, канцлера -- булава. Магнацкую (рыцарскую) сімволіку складаюць -- геральдычны знак; меч, пас, астрогі (у эпоху сарматызма кунтушовы строй). Прынятай адзнакай старажытнасці роду магнатэрыі былі і Дрэва Рода, выявы ў партрэтных галерэях.

Імкліваму развіццю прыватнай геральдыкі ў Вялікім княстве Літоўскім паспрыяла Гарадзельская ўнія 1413 года і прыняцце шляхецкімі родамі фамільных гербаў. Варта толькі нагазаць, што род, якія атрымоўваў шляхецтва, набываў аўтаматычна і правы на “паўнавартасны” герб. Для нас істотна, што чалавек, які скончыў універсітэт і працуе на карысць дзяржавы нават не ў межах дзяржавы, набываў шляхецтва, якое не перадавалася па спадчыне, разам з шляхецтвам зразумела і герб, як выдатны першадрукар Францыск Скарына.

Рэжысёр павінен прыняць за правіла, што гербы прыватных асоб (родавыя, прыватныя і асабістыя) не могуць быць сімволікай свята, а павінны заставацца толькі геральдыкай персанажаў. Герб тут можа станавіцца адным з аб’ектаў сцэнічнага дзеяння, вакол яго можа будавацца расказам пра гісторыю рода, гісторыю асобы і інш. Рэжысёр можа выкарастаць і Дрэва Рода, і выяву на партрэце, але зноў такі ў сцэнічным дзеянні, інфармацыйнай і рэкламнай прадукцыі. Аднак толькі з веданнем справы трэба падыходзіць да выкарыстання элементаў геральдыкі ў сімволіцы тэматычнага свята як і у самім дзеянні. Так, карона павінна быць на сімвале свята ў гонар каранацыі караля Міндоўга, аднак карона стылістычна толькі XIV стагоддзя, калі свята будуецца на класічным канонам, альбо фантазійная, казачная і т.п., калі свята будзе будавацца як расказ-казка і г.д. Асновай сімволікі можа быць гравюра з партрэтам караля Міндоўга, бо на ёй паказаны ўсе сімвалы каралеўскай улады. Фонам на картушы можа быць Наваградскі замак – бо ён таго ж часу і паралельна паказвае месца каранацыі караля Міндоўга і сталіцу Вялікага княства Літоўскага; курган – магіла караля Міндоўга. У тэксце могуць быць словы кароль Міндоўг, Наваградак, карона, што самі па сабе ўжо нясуць сэнсавую нагрузку. Сімвалам можа стаць і толькі тэкст, напрыклад, слова Карона, Наваградак, аднак стылістычна і сімвалічна абыграныя (літары выстраеныя з коп’яў, Н – замкавая сцена і т.п. Пры гэтым кожны з абраных гістарычных элементаў павінен мець стылістычную апрацоўку. Тут варта заўважыць, што сімвалаім свята “Каранацыі Міндоўга” альбо святкавання юбілея пермогі пад сценамі Наваградскага замку ніяк не можа быць герб горада “Чорны анёл”. Па першае, геральдыка горада была прынята пазней за адзначаемыя падзеі, па другое не дазволена блытанне тым больш змяшэнне прыватнай геральдыкі і карпаратыўнай.

Святы горада і іх сімволіка. Гарадская геральдыка і карпарацыйная сімволіка і магчымасці іх выкарыстання ў сучаснай сімволіцы свят. Сёння свята горада стала адным з найбольш любімых і разгалінаваных свят, аднак далёка не заўсёды сучасныя святы маюць сувязь з гістарычннымі датамі, асобамі, рэаліямі, сімволікай горада альбо адметнасцямі горада. Гісторыя горада прывязана найперш да двух асноўных дат – першай узгадкі ў летапісах і да прыняцця магдэбургскага права. З часоў готыкі і рэнэсанса гістарычна неад’емным атрыбутам горада, места былі герб і гарадскія пячатка. Пры гэтым як не магло існаваць гарадскога самакіравання без гэтых атрыбутаў, так і апошнія гублялі ўсякі сэнс без самакіравання. Гарадскі герб, што выконваў ролю “візітнай карткі” горада, служыць сёння і будзе служыць нашчадкам і гэта павінны ўлічнаваць рэжысёры.

Атрыманне гарадамі магдэбургскага права (дасягае свайго апагею ў 70-я гады ХVІ ст.) падцвярджала сварэнне ўласных органаў самакіравання, незалежных ад каралеўскай і княжацкай адміністарцыі, атрыбутамі якога былі герб і пячатка. Гораду прадпісвалася ўзвесці “коштам паспольства” магістрат альбо ратуш на якім размяшчаўся гадзіннік. Таму ратуша, альбо адлюстраванне ратушы можа стаць асноўным элементам сімволікі градскога свята. У кожнага горада існуе свая адметнасцю, складзеная гістарычна. І пра гэта расказвалі і расказваюць гербы беларускіх гарадоў ХIV-XVIII стст., яны імкнуцца расказаць пра статус горада праз адлюстраванне дзяржаўнага герба (Пагоні), выяву святога заступніка горада альбо жывёлу-заступніка (герб Гродна – выява т.зв. “аленя св. Губерта”); абарончую сімволіку – ваенных атрыбутаў, гарадскіх муроў, вежаў (75 %), эканамічныя і гарападарчыя рысы жыцця горада (25 %). Шэраг гарадоў сучаснай Беларусі (40 - 50 %) былі прыватнаўласніцкімі альбо часткай магнацкіх латыфундый і таму гербы гарадоў звязаныя сваімі элементамі з элементамі ўласніцкай геральдыкі, напрыклад, герб Нясвіжа. Варта памятаць і пра тое, што інтэнсіўна замяняюцца старажытныя гарадскія гербы іншымі пасля падзелу Рэчы Паспалітай (1772, 1793, 1795 гг.): ніводзін з гарадоў Беларусі не атрымаў падцвярджэння тых гербаў, якімі яны карысталіся раней, а калі яны нават візуальна заставаліся на гарадскіх мурах, сценах альбо ў залах ратушы па “Высочайшему повелению означеные гербы вынести и истребить”, скасавана магдэбургскае права ў дробных гарадах і мястэчках ВКЛ. Дзяржаўная і гарадская геральдыка савецкіх часоў (1917-1991 г.) тым больш не арыентавалася на набыткі гісторыі, нават сёння далёка не кожная адміністрацыя горада працягвае стогадовыя традыцыі продкаў, а імкнецца стварыць новую “сучасную” сімволіку горада.

Адваведна ў сімволіцы свята горада найперш павінны быць расказ пра гісторыю і сімвалы горада. Элементамі сімволікі свята могуць быць гістарычна складзеная сімволіка града, звязаная з ёй цэхавая і брацкая сімволіка (герб і цэхавы знак, пячатка, харугва, статут, прывялеі і інш.), абрысы гораду, асобнага будынка альбо элемента будынка, выява на карце, партрэт найбольш значнага ўладальніка, элементы каралеўскай, уласніцкай сімволікі і інш. Пры гэтым у нязменным выглядзе гарадскі герб не можа быць сімвалам свята.

Канфесiйная сiмволiка. Асноўны сімвал – сімвал веры – кароткі выклад асноўных дагматаў рэлігіі. Каноны канфесійнай сімволікі ў тым ліку храмавая архітэктура, кананічныя кнігі, візуальная атрыбутыка (абразы, скульптура, рытуальнае адзенне і інш.), сімволіка колераў маюць глыбокую сімвалічнасць, кананічнасць і адметнае месца прызначэнне, з якім павінен лічыцца рэжысёр. Хрысціянскія (грэка-візантыйская, рыма-каталіцкая, грэка-каталіцкая, пратэстанцкая), мусульманскія, іудэйскія канфесіі Беларусі Х–ХХІ стст., і адпаведна канфесійная сімволіка павінны знайсці сваё аметнае месца ў сучасных тэматычных святах. Пры гэтым, выкарыстоўваючы ў сцэнаграфіі і ў тым ліку сімволіцы свята сакральную архітэктуру, асобу, дату, падзею і інш. неабходна ў інфармацыйным матэрыяле падаваць поўную назву храма, кляштара, год закладання з указаннем патрона i мецэната і інш. Яшчэ больш удумліва падыходзіць да каларыстыстычнага вырашэння свята і сімволікі свята, бо існуюць кананічныя колеры як на увесь літургічны год і адпаведна святы.

Асноўныя прынцыпы выкарыстання каралеўска-магнацкай, гарадской, канфесійнай сiмволiкi:

  • сiмволiка выкарыстоўваецца ў нязменным выглядзе ў месцы прысутнасцi караля, вялiкага князя, Пыпы Рымскага, Бiскупа (балкон, алтар, акно, ложа, фатэль, крэсла з балдахiнам). На балконе і іншых кананічных месцах не мае права з’яўляцца актор;

  • гарадская сімволіка ўпрыгожвае ратушу і адпаведна на балконе альбо перад ратушай адкрываць свята павінны мэр (бургамістр) горада і сёняшнія ўладары горада (умоўна назавем іх магістрат);

  • нiжэй па ўзроўню кананічнага месца павiнна адбывацца дзеянне, якое расказвае пра гістарычных асоб, што стваралі гісторыю замка, горада і г.д.;

  • у сцэнічных дзеяннях можна выкарыстоўваць аўтэнтычныя элементы прыватнай, карпаратыўнай, канфесійнай геральдыкi;

  • у сiмволiцы свята можна пераапрацоўваць геральдыку, але такія змены залежаць ад стылістыкі свята; да іх павiнны давацца абрамленне, дата, год, дэвiз альбо назва свята;

  • у інфармацыйным матэрыяле свята, асабліва калі свята праводзіцца ўпершыню, альбо калі свята прысвечана пэўнай падзее альбо асобе, павінна падавацца гістарычна прынятая геральдыка з расказам пра асобу, падзею, горад;

  • пры выкарыстанні новастворанай сiмволiкі (гарадская, дома культуры, завода, раёна) можна змяняць i транфармiраваць сiмволiку ў залежнасці ад заказчыка і стылістыкі свята.

У стварэнні сімволікі тэматычнага свята можна арыентавацца на сімвал часу – тое, што з’яўляецца найбольш тыповым для таго ці іншага часу. Можна арыентавацца на знак, які ілюструе галоўны персанаж і інш. Сярод такіх знакаў сімвалаў могуць быць:

- элемент агульнавядомага культурнага фенамену, напрыклад слуцкі пас, выявы гравюр Ф. Скарыны;

- партрэт асобы, якой прысвечана свята, напрыклад свята паэзіі у Вязанцы, прысвечанае юбілею з дня нараджэння Янкі Купалы;

- мастацкі твор, у тым ліку картаграфія, знакаміты музейны экспанат і інш. (Пра iх павiнен быць расказ на сцэнiчнай пляцоўцы i ў прадсвяточнай прадукцыi);

- тэкст, напрыклад подпіс Францішкі Уршулі Радзівіл, У. Караткевіча;

- абрысы горада, абрыс асобнага будынку, як гiстарычнага, так i сучаснага, асобныя элементы будынкаў (партал, помнiк, крыж), манументы і інш.;

- фенамен прыроды -- жывелы, рака, калодзежы і інш.

Акрамя апісаных існуе і можа выкарыстоўвацца ў сімволіцы тэматычнага свята элементы новастворанай сімволікі гарадской, раённай, грамадскіх, палітычных, прафесійных, спартыўных, моладзевых, творчых і інш. арганізацый (1917-2004 гг.), сімволіка прадпрыемстваў і іх вырабаў, эмблемы і лагатыпы. Пры гэтым некаторыя з іх знакавыя і пазнавальны, як чырвоны сцяг – сімвал рэвалюцыі, пралетарыяту, піянерская сімволіка. Такая сімволіка далёка не заўсёды пабудавана па геральдычных законах, а часцей падпарадкавана законам часу і рыначнай эканомікі, таму яе трэба мяняць i транфармiраваць на густ рэжысёра.

У сімволіцы пазаабрадавых свят рэжысёр і мастак больш вольны ад прынятых сімвалаў і іх канонаў. Тут ён вольны ствараць індывідуальныя знакі-сімвалы. Пры гэтым існуюць і варта выкарыстоўваць ў сімволіцы свята ўжо прынятыя сімвалы, напрыклад, белы голуб – сімвал міру, вясёлка, сонейка — сімвал мірнага неба і інш. Пры стварэнні сімвалаў спартыўных свят неабходна выкарыстоўваць прынятую у гэтай галіне сімволіку – алімпійскія кольца (толькі да пэўнага шэрагу свят), схематычныя выявы відаў спорта і інш. У стварэнні сімвала пазаабрадавага свята на першым месцы вобразнае мысленне і густ рэжысёра і мастака. Вельмі ўдалым сімвалам пазаабрадавага свята з’яўляецца сімвал “Свята нацыянальных культур у Гродна” – вясёлка і кветка, якія сімвалізуюць суквецце народаў, што шчасліва жывуць і красуюць пад адным небам.

Каларыстыка сімвала павінна адпавядаць каларыстыцы свята. Тут на першае месца выходзіць зместавая насычаснасць каларыстыкі свята, адпаведнасць тэме і ідэі, вобразнай стылістыцы. Колер -- адзін з спецыфічных сродкаў эстэтычнай эмацыянальнай выразнасці, кампанент мастацкага вобразу, сродак характарыстыкі сцэнічных дзеяў і персанажаў. Таму каларыстычная палітра павінна выкарыстоўвацца як сродак выяўлення задумы свята.

Колер набывае адначасова з сімвалам кіруючае месца ў вобразна-мастацкім абліччы свята. Тут павінна ўлічвацца яго роля і традыцыйнасць ў каляндарна-абрадавых, грамадска-палітычных, прафесійных, спартыўных, дзіцячых і інш. святах.

Колер на працягу усяго існавання чалавецтва меў сваю знакавую сістэму. Трыада – чырвоны, белы, чорны, і яе стыхіі агонь, вада, зямля сталі асновай сімволікі колераў па ўсім земным шары, а на беларускай зямлі жывуць у традыцыях да нашага часу і лічацца традыцыйнай беларускай каларыстыкай. Мы пранеслі праз стагоддзі і захавалі старажытнейшую сістэму стыхій, паняццяў, сімвалаў і адпаведна колераў, якая цяпер адрозніваюцца ў розных культурах, што ілюструе напрыклад, стаўленне да жоўтага колеру, які ва ўсходніх культурах вяршынствуе як сімвал сонца і ўлады, а не без дапамогі хрысціянскай традыцыі на еўрапейскіх землях мае іншую сімвалічную афарбоўку. Свае сімвалы і сімвалічнае значэнне маюць геральдыка. Там колеры павінны быць толькі лакальныя, выразны, а пэўныя колеры набываюць сваё сімвалічнае значэнне, як жоўты – золата, а шэры – срэбра, пурпур – вышэйшая ўлада.

У тлумачальнай запісцы рэжысёр павінен указваць асноўныя колеры свята і нададзеную ім сэнсавую нагрузку. Указваюцца асноўныя і дадатковыя колеры, выстраіваюцца акцэнты. Колер як актыўны сродак вобразнай характарыстыкі, які звязаны з ідэяй, стылістыкай, індывідуалізацыяй. Пры гэтым варта памятаць законы гармоніі і дысгармоніі колераў спектральнага кола і адпаведна ім прапаноўваць асноўныя колеры і колеравыя суадносіны. Далей пры характарыстыке колеру ўказваецца тон, светлата, насычанасць. Кантраст і нюанс як прынцыпы каларыстычнай гарманізацыі. Каларыстычная гамма свята будуецца і з улікам эмацыянальна-псіхалагічнае ўздзеянне колеру: спакой-напружанасць, цяпло-холад, цяжар-лёккасць, мяккасць-жорсткасць і г.д., ассацыяцыямі, семантыкай. Пры пабудове каларыстычнай палітры свята варта ўлічваць фізічныя і эстэтычныя ўласцівасці колеру. Асобна спыняцца на успрыманні колераў і іх сімволікі рознымі ўзроставымі катэгорыямі гледачоў. Тут жа ж варта пралічваць сінтэз колеру і гуку на свяце.

Поле сімвала, абрамленне – абавязковы элемент любой сімволікі свята. Полем сімвала можа быць:

- картуш, пераважна на дзяржаўных, тэматычных святах з выкарыстаннем элементаў гістарычнай сімволікі;

- геаметрычныя формы як кола, авал, прамакутнік і інш.;

- складаныя формы народжаныя стылямі барока, мадэрн, ампір, сталінскі класіцызм і інш.;

- выкарыстанне раслінных матываў вянкі, гірлянды, лісты (найперш лавр, дуб), каласы, кветкі і інш.;

- выкарыстанне абрысаў архітэктуры;

- выкарыстанне адпаведныя розным стылям аздабленняў як стрэльчатыя аркi, вiньеткi, адмысловыя вянкi, гірлянды, кветкi, лiсты i інш;

- нетрадыцыйныя формы.

Асноўнае правіла падбору абрамлення – адпаведнасць стылістыцы свята.

У сімволіку свята абавязкова павінна уваходзіць тэкставы расказ пра свята -- легенда, назва альбо дэвіз; дата і месца правядзення свята, адпаведна шрыфт. Асноўнае правіла выканання тэстаў -- надпіс павінен быць чытаемы. Шрыфт можа можа ўводзіць абраную эпоху, як гатычны, рэнэсансны і інш., можа падкрэсліваць стылістыку свята, як класічны, можа расказваць пра гульню фарбаў свята і г.д. Сёняшнія тэхналогіі дазваляюць выбраць шрыфт адпаведны як сімвалу так і стылістыцы свята.

Дазваляецца выкарыстоўваць сімвалам свята і толькі тэкставое напісанне назвы свята, подпіса асобы, якой прысвечана свята і інш. Аднак пры гэтым павінны дадавацца год, месца правядзення свята.

Далей на поле сімвала трэба граматна спалучыць абраныя знакі-сімвалы свята, тэкст. На гэтым этапе рэжысёр павінен валодаць ведамі па аснове кампазіцыі і так утварыць альбо умець падаць і замовіць кампазіцыю на плоскасці з сімвала і тэкста ў залежнасі ад кампазіцыйнай рамы, каб расказаць пра статыку альбо дынаміку свята. Кампазіцыйная структура (тэктоніка) пластычнага руху ў сімволіцы свята павінна адпавядаць дынаміцы свята. Выбудоўваючы структурныя “сілавыя” лініі, геаметрычныя кампазіцыйныя схемы, нематэрыяльныя, але рэальна адчуваемыя ў якасці арганізуючага каркасу кампазіцыі, ствараеца расказ пра тэмп і дынаміку дзеянне на свяце.

Сімвал свята павінен мець гарманічную цэласнасць, супадпарадкаванасць элементаў, кампазіцыйную раўнавагу, адзінства стылю, вобразнасць формы. Пры гэтым павінна існаваць шэраг супадпарадкаванняў паміж усімі часткамі цэлага. Гарманічная цэласнасць патрабуе мэтанакіраванага выкарыстання ўсіх сродкаў кампазіцыі. Тут варта узгадаць адно з істотных правіл – нічога лішняга. Найперш якасная мера, а пасля колькасная мера. Варта памятаць і пра суразмернасць усіх частак цэлага, кампазіцыйнае пачуццё меры.

Варта узгадаць і пра некаторыя са сродкаў кампазіцыі як прапорцыі, маштаб, кантраст, нюанс якія павінны дапамагаць у сімволіцы расказу пра свята. Тут і арганізацыі дамінантных адносінаў фармальных элементаў кампазіцыі, і арганізацыя прасторавых сувязяў і адносін паміж элементамі кампазіцыйнага твору, і адзінства ў арганізацыйнай структуры фармальнай кампазіцыі складаючых яе элементаў (сімвалаў, тэкста) і прасторы (поле смвала). Ступень, інтэнсіўнасць і накіраванасць прасторавай актыўнасці сілавога поля элемента (яго канфігурацыя, маштаб, колер, тон, фактура, месца ў прасторы, рух адносна вертыкалі і гарызанталі, узаемадзеянне з іншымі сілавымі палямі і г.д.) на ўсю навакольную прастору.

Асноўнай задачай рэжысёра на дадзенам этапе з’ўляецца расказ пра асноўную ідэю свята і магчымасцей яе перадачы ў сімволіцы, а далей кантроль на ўсіх этапах працы яе здзяйснення. Пры гэтым рэжысёр накіроўвае і кантралюе стылістычнае адзінства усіх элементаў свята у тым ліку сцэнаграфіі. Псіхафізіялагічнае ўспрыняцце кампазіцыйна арганізаванай формы глядачом. Агульныя законы псіхалогіі візуальнага ўспрыняцця розных форм графічннага адлюстравання, а таксама на выяўленні тых прынцыпаў, якія даюць магчымасць рэжысёру і мастаку свядома кіраваць дынамікай і эмацыянальнай актыўнасцю візуальнага ўспрыняця глядача.

Сімвал свята павінен быць унікальным для святочнай прасторы Беларусі і ўсяго святочнага свету. Таму сімволіка свята павінна будавацца на ўнікальным матэрыяле, падкрэсліваць адметнасці адзінага свята. Варта пазбягаць клішэ, штампаў у сімволіцы. Нават выкарыстоўваючы прынятыя, асабліва ў каляндарна-абрадавых святах знакі-сімвалы, імкнуцца надаць ім лакальную, стылістычную альбо іншую адметнасць. Даволі цяжка быць арыгінальным у патоке свят, але магчыма і да гэтага трэба імкнуцца.

Нельга звязваць сімвал свята толькі з адным святам, альбо з першым варыянтам свята. Сімволіка пазнавальнага свята павінна быць створана на ўсе часы, як імя чалавека. І калі рэжысёр марыць, каб яго свята жыло доўга, ён павінен добра прадумаць як яго назваць і які яму надаць сімвал. Таму не стварайце тое, за што будзе сорамна ў будучым.

Пасля столькіх разважанняў коратка скажам асноўныя прынцыпы пабудовы сімволікі свята:

1) сімволіка свята візуальна стылізавана адлюстроўвае тэму, мэту, iдэю, задачы свята;

  1. сiмволіка свята павіна несці інфармацыю пра асноўны сэнс свята;

  2. сімволіка свята павінна абпавядаць стылiстыцы свята;

  3. сiмволiка свята павiнна ўтрымліваць: сімвал альбо візуальны шэраг, поле сімвала (картуш) і абрамленне, легенду, назву альбо дэвіз свята, дату правядзення свята;

  4. выкарыстанне дзаржаўнай, каралеўскай сiмволiкi дапускаецца толькi у гiстарычных эпiзодах (без змен), альбо на дзяржаўных цi гiстарычных святах. Дзяржаўная, каралеўская магнацкая сiмволiка не з’яўляюцца сiмваламi свята;

  5. ндапушчальна сумяшчэнне дзяржаўнай альбо магнацкай сiмволiкi з народнай;

  6. сімваламі павінен стварацца мастацкі вобраз свята. Натуралiзм, як у сiмволiцы свята, так i ў сцэнаграфіі недапушчальны.;

  7. забаронена выкарыстоўваць абрэвiятуры i доўгiя надпiсы ў сiмволiцы свята;

  8. назва свята альбо дэвiз i год правядзення свята ў сiмволiцы свята пажадана ўказваць. Абавязкова назву, дату, год трэба ўказваць у юбiлейных i перыядычных святах;

10)гады (ад і да) ў сiмволiцы свят, прысвечаных пэўным асобам, можна пiсаць толькi пры святкаванні юбілея пасля смерці;

11)сімволіка свята павінна адпавядаць прынятай каларыстыцы свята. Недапушчальна выкарыстоўваць у сiмволiцы свята колераў аднаго каларыстычнага сектара;

12)кампазіцыйная пабудова сімволікі свята павінна адпавядаць кампазіцыйнай структуры дзяння свята.

Сімволіка свята прысутнічае пры стварэнні перад-, святочнай і постсвяточнай атмасферы свята. Таму варта улічваць, што сімволіка свята павінна прафесійна выглядаць у двух варыянтах выканання – у поўнаколерным і чорна-белым. Чорна-белы варыянт, які нярэрка з’ўляецца расказам пра свята ў рэкламнай прадукцыі свята, павінен выглядаць так жа добра, як і каляровы, не страчваючы закладзеныя ў сімвале акцэнты. Варта памятаць, што сімвал свята будзе прысутнічаць паўсюдна, пачынаючы з афіш і старонак прэссы і іншым рэкламным і рэкламна-інфармацыйным матэрыяле свята, у аздобе сцэнічных пляцовак і прызавым фондзе, да стварэння постсвяточнай атмасферы – сувенірная і іншай прадукцыя.

Для таго, каб сімволіка свята выглядала прафесійнай, распрацоўку сімвала свята як і сцэнагарафіі павінен выконваць прафесійны мастак-дызайнер пад абавязковым кіраўніцтвам рэжысёра.

Спіс выкарыстаных крыніц

  1. Агренич, А.А. От камня до современного снаряда / А.А.Агренич. – М., 1954.

  2. Афанасьев, Д.В. Пространственное оформление спектакля / Д.В. Афанасьев. – Л., 1990.

  3. Базанов,В.В. Техника и технология сцены / В.В. Базанов. – Л., 1976.

  4. Бахтин, М.М Творчество Франсуа Рабле и народная культура средневековья и Ренесанса / М.М. Бахтин. – М., 1965.

  5. Беларуская гістарычная энцыклапедыя. – Мн., 1994.

  6. Беларуская этнаграфія. – Мн., 1995.

  7. Березкин, В.И. Искусство оформления спектакля / В.И. Березкин. – М., 1986.

  8. Бэрк, П. Народная культура Эўропы новага часу / В. Бэрк. – Мн., 1999

  9. Васильев-Вязьмин, И.И. Искусство людных площадей / И.И. Васильев-Вязьмин. – М., 1977.

  10. Васілевіч, У.А. Беларуская міфалогія / У.А. Васілевіч. – Мн., 2002.

  11. Васілевіч, У.А. Міфы бацькаўшчыны / У.А. Васілевіч. – Мн., 1994.

  12. Власова, Р.И. Русское театрально-декорационное искусство начала ХХ века / Р.И. Власова – Л., 1984.

  13. Гуд, П.А. Беларускае Купалле : кампазіцыя і семантыка абрадавых дзей П.А. Гуд. – Мн., 1999.

  14. Дмитриевский , А. Церковные торжества на православном Востоке А.Дмитриевский. – СПб.,1909.

  15. Жигульский, К. Праздник и культура / К.Жигульский – М., 1985.

  16. Заканадаўчыя акты аб дзяржаўнай сімволіцы Рэспублікі Беларусь. – Мн., 1992.

  17. Зернов, В.А. Цветоведение / В.А. Зернов. – М., 1972.

  18. Караткевіч, У. Зямля пад белымі крыламі / У. Караткевіч – Мн., 1995

  19. Кацэр, М.С. Беларускі народны арнамент / М.С.Кацэр. – Мн, 1996.

  20. Крук, І.І. Сімволіка беларускай народнай культуры / І.І.Крук – Мн., 2001.

  21. Лабачэўская, В.А. Повязь часоў – беларускі ручнік / В.А. Лабачэўская. – Мн., 2002.

  22. Лебедев, М., Режиссёр – художник, художник – режиссер / М.Лебедев, Е. Вандалковский. – М., 1987.

  23. Мальков, А.П. Театр под открытым небом / А.П. Мальков. – М.,1990.

  24. Миронова, Л.Н. Цветоведение / Л.Н. Миронова. – Мн., 1993.

  25. Мочалов, Ю. Композиция сценического пространства / Ю.Мочалов. – М., 1981.

  26. Мюллер, В.Н. Декорационное оформление спектакля – М., 1956.

  27. Ненадавец, А.М. Святло таямнічага вогнішча / А.М. Ненадавец. – Мн.,1993.

  28. Немиро, О. Праздничный город

  29. Силин, А.Д. Площади – наши палитры / А.Д. Силин. – М, 1982.

  30. Ткачоў, М.А. Замкі і людзі / М.А.Ткачоў. – Мн., 1991.

  31. Фадзеева, В.Я. Беларускі ручнік / В.Я. Фадзеева. – Мн., 1994.

  32. Художник и город. – М., 1988.

  33. Художник и зрелище. – М., 1990.

  34. Цехновицер, О. Празднества Революции / О.Цехновицер. – Л., 1931.

  35. Цярохін, С. Пярунова цяпельца / С.Цярохін. – Мн., 1993.

  36. Цітоў, А.К. Гарадская геральдыка Беларусі / А.К. Цітоў – Мн., 1989.

  37. Цітоў, А.К. Менск – места майстроў. Рамесныя цэхі XVI-XVIII стст. / А.К. Цітоў. – Мн., 2002.

  38. Цітоў, А.К. Наш сімвал – Пагоня / А.К. Цітоў. – Мн., 1993.

  39. Цітоў, А.К. Сфрагістыка і геральдыка Беларусі / А.К.Цітоў. – Мн., 1999.

  40. Цітоў, В.С. Народная спадчына. Матэрыяльная культура ў лакальна- тыпалагічнай разнастайнасці / В.С. Цітоў. – Мн., 1994.

  41. Чернышев, О.В. Формальная композиция. Творческий практикум / О.В. Чернышев. – Мн., 1999.

  42. Шверубович, В.В. Режиссер и оформление спектакля / В.В. Шверубович. – М., 1955.

  43. Энцыклапедыя ЛіМ. – Мн., 1984-1987.

  44. Этнаграфія “Усебеларускі фестываль” : энцыклапедыя. – Мн., 1998.

6