Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Зразікава. Бел.мова (праф.лексіка).doc
Скачиваний:
62
Добавлен:
20.11.2019
Размер:
834.56 Кб
Скачать

Тэма 4. Стылістыка і культура прафесійнага маўлення

4.1. Паняцце стылю і стылістыкі маўлення

4.2. Навуковы стыль, яго жанравая спецыфіка і характэрныя асаблівасці

4.3.Кампазіцыйна-структурная арганізацыя навуковага тэксту. Навуковыя жанры

4.5. Культура прафесійнага маўлення і яе кампаненты

4.1. У мове слова стыль мае наступныя значэнні: 1. Сукупнасць прыкмет, што характарызуюць мастацтва пэўнага часу і напрамку з боку ідэйнага зместу і мастацкай формы (стыль барока). 2. Моўныя сродкі, характэрныя для якога-небудзь пісьменніка або літаратурнага твора, жанру, напрамку; сукупнасць прыёмаў выкарыстання такіх сродкаў (стыль Багдановіча). 3. Метад, характар якой-небудзь работы, дзейнасці (стыль кіравання). 4. Разм. Манера паводзіць сябе, гаварыць, дзякаваць і пад. (модны стыль адзення).

У мовазнаўстве стыль – гэта разнавіднасць маўлення, што адрозніваецца сістэмай моўных сродкаў пры абслугоўванні пэўнай сферы чалавечай дзейнасці (навуковай, адміністрацыйна-справавой, публіцыстычнай, мастацкай, бытавой і г.д.).

Як было адзначана ў тэме 5 (падтэма 5.6.3.) стылістыка маўлення, або функцыянальная стылістыка – адзін з напрамкаў стылістыкі. На выбар моўных сродкаў уплываюць такія камунікатыўна-функцыянальныя фактары, як змест зносін, форма зносін (вусная ці пісьмовая, дыялог ці маналог), мэты і задачы выказвання, сацыяльная сфера зносін (побытавая, навуковая, афіцыйная, публіцыстычная, мастацкая). У залежнасці ад гэтага звычайна выдзяляюць пяць стыляў маўлення: навуковы, афіцыйна-справавы, публіцыстычны, мастацкі (стыль мастацкай літаратуры) і размоўны (гутарковы, размоўна-бытавы). Ва ўсіх стылях беларускай мовы вылучаюцца падстылі (гл. Табліцу №2), размежаванне якіх заснавана на дадатковых, спецыфічных для кожнага стылю фактарах.

Табліца №2

Стыль

Сфера выка-

рыстання

Мэта зносін

Стылявыя

рысы

Моўныя

сродкі

Разнавід-насці

Размоўны

Быт; сямейныя і сяброўскія

адносіны

Абмен думкамі, інфармацыяй з блізкімі, знаёмымі людзьмі

Натуральнасць маўлення, эмацыянальнасць, ацэначны характар, адсутнасць строгай лагічнасці

Агульнаўжывальныя словы, бытавая лексіка, фразеалагізмы, экспрэсіўна-эмацыянальная лексіка; няпоўныя, пытальныя, пытальна-абуджальныя і клічныя сказы

Размоўна-бытавы і размоўна-афіцыйны

Мастацкі

Духоўная сфера жыцця грамадства

Паведаміць і ўздзейнічаць на думкі і пачуцці чытача, эстэтычныя ўяўленні

Эмацыянальнасць, экспрэсіўнасць, вобразнасць, стылістычная незамкнутасць, індывідуальнасць аўтара

Агульнаўжывальная лексіка, разнастайныя вобразна-выяўленчыя сродкі

Проза, паэзія, драматургія

Публіцыстычны

Палітыка-ідэалагічныя, грамадска-эканамічныя, культурныя, спартыўныя і інш. грамадскія зносіны

Інфармаваць, уздзейнічаць, фармаваць грамадскую думку

Даходлівасць, эмацыянальнасць, ацэначнасць і агульназразумеласць

Агульнаўжывальныя словы, ацэначная лексіка, грамадска-палітычная лексіка, метафарычнасць тэрмінаў, загадны лад дзеяслова

Газетна-

публіцыс-тычны, радыё-тэлежур-налісцкі, аратарскі

Афіцыйна-справавы

Афіцыйныя дакументы, канцылярская, юрыдычная і дыпламатыч-ная сферы

Інфармацый-ная, пабуджаль-ная рэгуляцыя афіцыйных зносін

Паслядоўнасць і дакладнасць выкладу, аб’ектыўнасць ацэнак, стандартызацыя, адсутнасць эмацыянальнасці

Абстрактная, тэрміналагічная, спецыяльная лексіка, канцылярскія штампы; складаныя сказы

Уласна заканадаў-чы, дыпла- матычны, афіцыйна-канцылярскі

Навуковы

Навука і тэхніка, навучальны працэс

Паведаміць агульныя ці прыватныя істотныя прыкметы прадметаў, растлумачыць сутнасць з’явы, яе прычыны і пад.

Абстрактнасць, дакладнасць, аб’ектыўнасць і аргументаванасць

Агульнаўжывальныя словы, тэрміны; развітыя апавядальныя сказы, злучнікавая падпарадкавальная сувязь

Уласна навуковы, навукова-вучэбны, навукова-папулярны, навукова-тэхнічны

4.2. Навуковы стыль выкарыстоўваецца ў сферы навукі і тэхнікі, адукацыі, вытворчасці і пад. Гэта стыль навуковай літаратуры, дысертацый, слоўнікаў, энцыклапедый, дапаможнікаў, падручнікаў, дакладаў, манаграфій, рэфератаў, канферэнцый, лекцый, рэцэнзій і г.д.

Асноўныя функцыі навуковага стылю – перадача навуковай інфармацыі і актывізацыя лагічнага мыслення.

Характэрныя рысы навуковага стылю: абагульненасць і абстрагаванасць, дакладнасць (адназначнасць), аб’ектыўнасць, лагічнасць і строгасць выкладу.

Моўныя асаблівасці навуковых тэкстаў: шырокае выкарыстанне абстрактнай лексікі (працэс, дзейнасць, велічыня, рух), асабліва назоўнікаў ніякага роду з абстрактным значэннем (утварэнне, адлюстраванне, аб’яднанне), дзеясловаў у форме 3-й асобы цяперашняга часу і формаў дзеясловаў з няпэўна-асабовым значэннем (законы фармулююцца), устойлівых зваротаў з прыметнікамі (знешні гандаль, валютны рахунак, бюджэтнае фінансаванне) і аддзеяслоўнымі назоўнікамі (аказваць уздзеянне, падвяргацца аналізу); ужыванне адназначных слоў і тэрмінаў (вельмі рэдка ўжываюцца словы з пераносным значэннем); шырокае ўжыванне канструкцый са злучнікамі (злучальнымі словамі) і адыменнымі прыназоўнікамі (за выключэннем, з прычыны, у выніку, у выпадку, на працягу у сувязі з тым, што...; калі..., то); словаспалучэнняў тыпу спачатку адзначым, далей дакажам, зараз спынімся і пад.; спецыфічныя сродкі сувязі паміж сказамі (лексічныя паўторы; прыслоўі і прыслоўныя словы – тут, спачатку, пасля, вышэй, тады; указальныя і асабовыя займеннікі 3-й асобы) і часткамі тэксту (розныя сінтаксічныя канструкцыі тыпу неабходна заўважыць, што..., зразумела, што..., як ужо адзначалася...); сказаў з дзеепрыметнымі і дзеепрыслоўнымі зваротамі, апавядальных сказаў, простых сказаў, ускладненых аднароднымі членамі; пабочных слоў (паводле меркавання..., на наш погляд..., аўтар лічыць..., такім чынам, значыць, па-першае); злучнікаў (злучальных слоў) і прыслоўяў (таму, пагэтаму, тады, адсюль і пад.); пераважнае выкарыстанне складаназалежных сказаў, сказаў з прамым парадкам слоў; колькасная перавага назоўнікаў над дзеясловамі; пашыранае выкарыстанне рознага тыпу скарачэнняў, абрэвіятур, сімвалічных і формульных абазначэнняў; выкарыстанне пры дзеясловах-выказніках займеннікаў з адцягнена-абагуленым значэннем – ён, яна, яно, яны, мы (займеннік я ў навуковых тэкстах не выкарыстоўваецца, ён апускаецца або замяняецца займеннікам мы); абмежаванае выкарыстанне кніжных фразеалагізмаў, што ў навуковых тэкстах выконваюць намінатыўную функцыю (краевугольны камень, актуальная тэма, пад знакам, уяўляе навуковы інтарэс).

4.3. Тэкст – гэта вынік маўленча-мысліцельнай дзейнасці чалавека, які фіксуецца ў вуснай ці пісьмовай форме. Звычайна пад тэкстам маюць на ўвазе менавіта пісьмовы прадукт гэтай дзейнасці, таму што ён даволі істотна адрозніваецца ад вуснага маўлення. Так, апошняе мае пераважна форму дыялогу, а пісьмовы тэкст выступае ў форме маналогу. Пісьмовы тэкст максімальна стандартызаваны і нармаваны. У параўнанні з вусным маўленнем яму ўласцівы багацейшы лексічны склад, шматпланавая семантычная арганізацыя, а таксама больш частае выкарыстанне складаных сказаў.

Вусны тэкст існуе толькі ў працэсе маўлення, а пісьмовы застаецца на ўвесь час існавання матэрыялаў, на якіх ён напісаны.

Асноўныя прыкметы тэксту: тэматычнае і кампазіцыйнае адзінства (цэльнасць, закончанасць, звязанасць, разгорнутасць). Сказы і абзацы ў тэксце аб’яднаны агульнай тэмай і асноўнай думкай.

Кампазіцыя тэксту – гэта пабудова, суадносіны і ўзаемнае размеркаванне яго асобных частак, элементаў. Выбар кампазіцыі навуковага тэксту залежыць ад розных фактараў: пастаўленай навуковай задачы, метаду даследавання, навукі, жанру, традыцый, індывідуальнага стылю аўтара і г.д.

Кампазіцыйна любы навуковы тэкст утрымлівае тры часткі – уводную (аглядную), асноўную і заключную. У апісальнай частцы адлюстроўваецца ход навуковага даследавання, фармулююцца прадмет і абраны даследчы метад, выкладаецца гісторыя пытання і прагназуецца вынік. Асноўная частка прысвечана падрабязнаму разгляду абранай тэмы даследавання, паслядоўнай характарыстыцы кожнага з яго этапаў. У заключнай частцы прыводзяцца канчатковыя фармулёўкі вынікаў работы, складаецца бібліяграфія, спіс аўтарскіх работ.

Паводле спосабаў выкладання інфармацыі вылучаюць наступныя тыпы (віды) навуковых тэкстаў: апісанне, апавяданне, разважанне, доказ.

Да асноўных жанраў навуковага стылю можна аднесці анатацыю, рэзюмэ, рэферат, тэзіс, рэцэнзію, водгук, дыпломную работу, дысертацыю, аўтарэферат, навуковы артыкул і інш. Разгледзім некаторыя з іх.

Анатацыя – кароткае, абагульненае напісанне (характарыстыка) тэксту кнігі, артыкула і пад.

Як правіла, анатацыя складаецца з дзвюх частак. У першай фармулюецца асноўная тэма выдання (кнігі, артыкула), у другой пералічваюцца асноўныя палажэнні. Суб’ект дзеяння ў анатацыі звычайна не называецца; больш актыўна ўжываюцца пасіўныя канструкцыі (дзеяслоўныя і дзеепрыметнікавыя).

Перад тэкстам анатацыі ў намінатыўнай форме даюцца выхадныя звесткі (аўтар, назва, месца і час выдання). Гэтыя звесткі можна ўключыць і ў першую частку анатацыі.

Рэзюмэ – сціслы выклад зместу, сутнасці, асноўных палажэнняў, вывадаў артыкула, даклада, прамовы, паведамлення.

Рэферат – кампазіцыйна арганізаваны, абагульнены выклад зместу крыніцы інфармацыі (кнігі, артыкула, даследавання), а таксама даклад з такім выкладам.

Рэферат павінен быць інфарматыўным і аб’ектыўным пераказам зместу першаснага тэксту. У сваю чаргу рэферат можа быць рэпрадуктыўным (узнаўленне зместу першаснага тэксту) і прадуктыўным (крытычнае ці творчае асэнсаванне крыніцы рэферыравання).

Да рэпрадуктыўных рэфератаў належаць рэферат-канспект і рэферат-рэзюмэ. Першы ў абагуленым выглядзе ўтрымлівае фактычную інфармацыю, ілюстрацыйны матэрыял, звесткі пра метады даследавання, атрыманыя вынікі і магчымасці іх выкарыстання. Другі прыводзіць толькі асноўныя палажэнні, звязаныя з тэмай тэксту.

Прадуктыўныя рэфераты прадстаўлены рэфератам-аглядам і рэфератам-дакладам. Рэферат-агляд складаецца з некалькіх першасных тэкстаў і дае параўнанне розных пунктаў погляду пэўным пытанні. Рэферат-даклад мае разгорнуты характар, паколькі разам з аналізам прыведзенай у першакрыніцы інфармацыі дае аб’ектыўную ацэнку стану праблемы.

Як і любы навуковы тэкст, рэферат мае сваю кампазіцыю:

  1. Уступ (агульная характарыстыка тэксту: выхадныя звесткі тэксту; звесткі пра аўтара – прозвішча, імя, імя па бацьку, спецыяльнасць, навуковая ступень; назва работы, фармулёўка тэмы, праблемы даследавання);

  2. Апісанне асноўнага зместу (пералік даследаваных пытанняў і праблем, пра якія гаворыцца ў першакрыніцы);

  3. Аналіз акрэсленых пытанняў (абгрунтаванне іх актуальнасці, кароткі агляд разважанняў аўтара, выказванне свайго погляду адносна аўтарскай пазіцыі);

  4. Вывады (падагульненне значнасці ўсёй тэмы ці праблемы тэксту).

Тэзіс – коратка сфармуляванае асноўнае палажэнне даклада, навуковага артыкула. У залежнасці ад матэрыялу, зместу і стылю выдзяляюць наступныя віды тэзісаў:

  • першасныя, арыгінальныя (сціслае адлюстраванне ўласнага даклада, артыкула аўтара);

  • другасныя (ствараюцца на аснове першасных тэкстаў, якія належаць іншаму аўтару (аўтарам); падобныя да анатацыі, рэферата, канспекта);

  • дзеяслоўнага складу (у такіх тэзісах выкарыстоўваюцца дзеяслоўныя выказнікі). Яны маюць шырокае распаўсюджанне і ўяўляюць сабой больш сціслае, чым канспект, навуковае апісанне;

  • намінатыўнага складу (без дзеяслоўнага выказніка). Сустракаюцца надзвычай рэдка, хаця гэта выключна лаканічны спосаб фіксацыі навуковай інфармацыі.

Тэзісы могуць пачынацца такімі моўнымі выразамі, як вядома, што…; неабходна адзначыць, што….; аднак….; пры гэтым істотна, што…; думаецца, што…; спецыялісты ставяць сваёй задачай…

Асноўная інфармацыя ў тэзісах можа аб’ядноўвацца з дапамогай наступных злучальных лексічных сродкаў: ставіць пытанне…; лічыць…; параўноўвае…; прыводзіць прыклад….; пералічвае…; характарызуе…; падкрэслівае…

Тэзісы з’яўляюцца адным з найбольш устойлівых з пункту гледжання нарматыўнасці жанраў навуковага стылю. Прыклады тэзісаў:

  1. Мова – сродак зносін (камунікацыі) паміж людзьмі.

  2. Вядома, што дэдукцыя – гэта спосаб вывядзення высноў ад агульнага да канкрэтнага.

  3. Алгарытм чытання вызначае паслядоўнасць разумовай дзейнасці пры ўспрыманні асноўных фрагментаў тэксту.

4.4. Тэрмін “культура прафесійнага маўлення” азначае сукупнасць такіх якасцей маўлення, што робяць яго дасканалым сродкам камунікатыўных зносін у той ці іншай сферы дзейнасці чалавека; уменне правільна, дакладна, лагічна перадаваць свае думкі сродкамі мовы.

Асноўнымі кампанентамі культуры прафесійнага маўлення, як і культуры маўлення, з’яўляюцца правільнасць, дакладнасць, лагічнасць, дарэчнасць, выразнасць, багацце, чысціня.

Правільнасць – адна з найбольш важных якасцей прафесійнага маўлення, што прадугледжвае захаванне носьбітамі мовы літаратурных нормаў (арфаэпічных, акцэнталагічных, арфаграфічных, лексічных, марфалагічных, словаўтваральных, сінтаксічных, фразеалагічных, стылістычных).

Так, напрыклад, на ўзроўні сінтаксісу можна вылучыць наступныя асаблівасці будовы беларускіх словазлучэнняў:

  1. Дзеясловы жартаваць, смяяцца, рагатаць, насміхацца, кпіць, здзекавацца, цешыцца, глуміцца, дзівіцца ўтвараюць словазлучэнні з назоўнікамі ў форме роднага склону з прыназоўнікам з (са): смяяцца з яго, кпіць з суседа, дзівіцца з прапановы, жартаваць са знаёмага. Адпаведныя ж рускія дзеясловы кіруюць творным склонам з прыназоўнікам над: шутить над ребёнком, смеяться над сестрой.

  2. Дзеясловы руху ісці, бегчы, ляцець, ехаць, плыць, несціся і інш. і волевыяўлення паслаць, выправіць, адправіць, калі яны маюць мэтавае значэнне, кіруюць назоўнікамі вінавальнага склону з прыназоўнікам па: пайсці па ваду, бегчы па дапамогу, ехаць па білеты. Калі названыя дзеясловы спалучаюцца з назоўнікамі – назвамі ягад, грыбоў і словамі ягады, грыбы, то гэтыя назоўнікі таксама ўжываюцца ў вінавальным склоне, але з прыназоўнікам у: ісці ў маліны, пойдзем у грыбы. У рускай мове ў абодвух выпадках за: – идти за водой, послать за сестрой, отправить за грибами. У беларускай мове канструкцыі пайсці за вадой, бегчы за сястрой паказваюць не на мэту дзеяння, а на кірунак, напрамак (пайсці за вадой – пайсці па цячэнні ракі, бегчы за сястрой – бегчы ўслед).

  3. Дзеясловы думкі, пачуцця, маўлення (гаварыць, шаптаць, думаць, непакоіцца, клапаціцца, хвалявацца, маўчаць) утвараюць словазлучэнні з назоўнікамі ў форме вінавальнага склону з прыназоўнікам пра: гаварыць пра ўраджай, клапаціцца пра дзяцей, маўчаць пра здарэнне. У рускай мове адпаведныя дзеясловы кіруюць месным склонам з прыназоўнікам о (об): говорить о погоде, думать о весне, беспокоиться о родителях, писать об этом.

  4. Пры дзеясловах ветлівасці дзякаваць (падзякаваць), аддзячыць, выбачаць, прабачыць, дараваць дапаўненне ставіцца ў форме давальнага склону без прыназоўніка: дзякую кіраўніку, даруйце мне, выбачайце нам. У рускай мове адпаведныя дзеясловы кіруюць вінавальным склонам: благодарить сестру, извините меня.

  5. З дзеясловамі ажаніць, ажаніцца дапаўненне выкарыстоўваецца ў форме творнага склону з прыназоўнікам з: ажаніўся з Таняю, ажанілі з нялюбай. У рускай мове гэтым словазлучэнням адпавядаюць словазлучэнні з назоўнікам меснага склону з прыназоўнікам на: женился на Тане, женили на нелюбимой.

  6. Дзеясловы са значэннем дзеяння і стану (хадзіць, ляцець, сустракацца, бачыцца і пад.) кіруюць месным склонам з прыназоўнікам па: хадзіць па балотах, бачыцца па вечарах. У рускай мове адпаведныя дзеясловы патрабуюць ад залежнага слова давальнага склону з прыназоўнікам по: ходить по вечерам, летать по ночам, видеться по субботам.

  7. Дзеясловы і аддзеяслоўныя назоўнікі са значэннем пачуцця смутку, жалю, тугі ўтвараюць словазлучэнні з назоўнікамі ў форме меснага склону з прыназоўнікам па: сумаваць па вясне.

  8. З дзеясловамі хварэць, захварэць, прахварэць і прыметнікам хворы дапаўненне ўжываецца ў форме вінавальнага склону з прыназоўнікам на: хварэць на грып, хворы на ангіну. Параўн. у рускай мове: болеть гриппом, больной ангиной.

  9. Лічэбнікі два (дзве), абодва (абедзве), тры, чатыры спалучаюцца з назоўнікамі ў форме назоўнага склону множнага ліку: два выдатныя студэнты, тры цікавыя краіны. Параўн. у рускай мове: два замечательных студента, три интересных страны.

  10. У параўнальных канструкцыях пры асноўным слове–прыметніку ў форме вышэйшай ступені параўнання залежнае слова ўжываецца ў форме вінавальнага склону з прыназоўнікам за: разумнейшы за яго, смялейшы за ўсіх, прыгажэйшая за іншых, мацнейшы за брата. У рускай мове ў такіх словазлучэннях залежнае слова мае форму роднага склону без прыназоўніка: больше его, старше сестры, быстрее всех.

  11. У ролі выказніка выкарыстоўваюцца поўныя формы прыметнікаў: ён здаровы, разумны, старанны, яна прыгожая, здольная, вясёлая.

  12. У беларускай мове значна часцей, чым у рускай, выкарыстоўваюцца дапасаваныя азначэнні, утвораныя ад назваў асоб, жывых істот: бацькаў кажух, сестрына хустка, Андрэева кніга, сябрава дапамога.

  13. Словазлучэнні з прыназоўнікам праз выражаюць:

    1. прычынныя адносіны: спазніцца праз яго;

    2. часавыя адносіны: вярнуцца праз тыдзень;

    3. лакальныя адносіны: Праз дзіравы дах свяцілася зорнае неба.

Прыназоўнік праз ужываецца ў словаспалучэннях праз слёзы, праз смех, праз сон, праз зубы і пад.

14. Пры вызначэнні адлегласці ўжываюцца спалучэнні з прыназоўнікам за: за сорак вёрст ад чыгункі.

Прыназоўнік за ўжываецца таксама і пры абазначэнні аб’екта, які з’яўляецца перашкодай: за ветрам нічога не чувваць, за туманам нічога не відаць.

  1. Да слова дзякуй дапасуюцца прыметнікі ў форме мужчынскага роду: вялікі дзякуй, шчыры дзякуй.

  2. Параўнальныя канструкцыі ўводзяцца ў сказ з дапамогай злучнікаў як, быццам, што: На небе хмары, як палотны, // Паўночны вецер рассцілае (Я.Колас); Брызент, быццам ветразь, надзімаўся і трапятаў на вятры (І.Мележ); Сон навальваецца як сцяна. Спіш – што мёртвы. (І.Мележ).

  3. Пытальныя сказы ўтрымліваюць часціцу ці: Ці падрыхтавалі вы паведамленне?

Акрамя таго, неабходна памятаць, што ў беларускай мове ёсць шмат іншаструктурных (у параўнанні з рускай мовай) адпаведнікаў. Гэта выразна відаць з табліцы №3:

Табліца №3

Беларуская мова

Руская мова

выбраць на свой густ

з нагоды свята

ісці лесам

на ўсіх напрамках

у адпаведнасці з законам

на маю думку

у выхадныя дні

раніцамі

увесну

створаны на ўзор

жыць каля самага мора

на святочны стол

заданне дадому

два разы на тыдзень

на выбар

загадчык чаго

выпраўленне памылак

стаяць пры мікрафоне

чытаць самому сабе

у рэшце рэшт

абсалютна, зусім

даслаць на адрас

сапраўды

а 17-ай гадзіне

выбрать по своему вкусу

по случаю праздника

идти по лесу

по всем направлениям

по закону

по моему мнению

по выходным дням

по утрам

по весне

создан по образцу

жить у самого моря

к праздничному столу

задание на дом

два раза в неделю

по выбору

заведующий чем

работа над ошибками

стоять у микрофона

читать про себя

в конце концов

ровным счётом

отправить по адресу

право же

в 17 часов

Дакладнасць маўлення заключаецца ў адпаведнасці назвы пэўнай рэаліі яе зместу. Дакладнасць маўлення асабліва цесна звязана з лексічнай нормай, што рэгулюе правільнасць выбару слова (слоў) для пэўнага кантэксту. Дакладнасць прафесійнага маўлення ў значнай ступені абумоўлена такімі лінгвістычнымі фактарамі, як валоданне сінанімічным багаццем беларускай мовы і адпаведны выбар з сінанімічнага рада найбольш дакладнага для пэўнай сітуацыі маўлення слова; уменне размяжоўваць паронімы, амонімы, а таксама дыферэнцыраваць значэнні полісемантычных слоў.

Лагічнасць маўлення прадугледжвае пабудову несупярэчлівага, паслядоўнага выказвання, у якім асобныя часткі лагічна звязаны паміж сабой.

Дарэчнасць маўлення ўвасабляе адметны выбар моўных сродкаў у адпаведнасці з тэмай, сітуацыяй, мэтай выказвання, стылем, умовамі праяўлення маўленчай дзейнасці і г.д.

Выразнасць маўлення вызначаецца і дасягаецца найперш праз якаснае ўжыванне моўных сродкаў (наяўнасць трапных сінонімаў, параўнанняў, метафар, перыфраз і іншых вобразна-выяўленчых элементаў, што дапамагаюць зацікавіць, прыцягнуць увагу слухачоў, даць ацэнку, павысіць узровень успрымання інфармацыі). Да сродкаў узмацнення выразнасці адносіцца таксама і ўменне правільна карыстацца самымі звычайнымі словамі, сінтаксічна арганізоўваць іх у тэкст.

Чысціня як кампанент культуры прафесійнага маўлення вызначае мэтазгоднасць увядзенне ва ўжытак асобных лексічных адзінак, што маюць абмежаваную (вузкую) сферу семантычнай рэалізацыі (дыялектызмы, жарганізмы, прастамоўныя лексемы), або адносяцца да слоў, выкарыстанне якіх у беларускай мове непажадана (напр., русізмы; паразітычныя гукі і словы; плеаназмы і таўталогія; запазычанні тыпу ад’ю, чао, о’кей і пад.).

Багацце маўлення выяўляецца ў разнастайнасці выкарыстання моўных сродкаў і ў адсутнасці ці вельмі рэдкім паўтарэнні адных і тых жа слоў і выразаў.