Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Зразікава. Бел.мова (праф.лексіка).doc
Скачиваний:
62
Добавлен:
20.11.2019
Размер:
834.56 Кб
Скачать

2.6.1. Дыферэнцыяцыя лексікі паводле сферы выкарыстання

Словы, абмежаваныя сферай свайго выкарыстання, характарызуюць пэўны маўленчы калектыў, які з’яўляецца тэрытарыяльна або сацыяльна абмежаванай групай людзей. У лексіцы, абмежаванай сферай выкарыстання, вылучаюцца наступныя групы слоў (пласты):

  • дыялектная лексіка,

  • жаргонная і аргатычная лексіка,

  • спецыяльная лексіка.

Дыялектная лексіка – гэта лексіка, якая адлюстроўвае спецыфіку беларускіх народных гаворак і дыялектаў. Гаворка – гэта мова аднаго або некалькіх населеных пунктаў, аб’яднаных агульнымі рысамі. Гаворкі аб’ядноўваюцца ў дыялекты. Аснову кожнай мясцовай гаворкі складаюць агульнаўжывальныя словы. А тая частка лексікі, якая адрозніваецца ад агульнаўжывальнай, і складае дыялектную (абласную) лексіку. Асобнае дыялектнае слова, уведзенае ў літаратурны тэкст, але поўнасцю не асвоенае літаратурнай мовай, называецца дыялектызмам: пярэкрут (бабіна лета)’; дуйка (завея), драбы (рэбры) і інш. У слоўніках такія словы звычайна маюць паметы “абласное”, “мясцовае”, “дыялектнае”. У залежнасці ад таго, якія моўныя асаблівасці гаворкі адлюстраваліся ў слове, вылучаюць наступныя віды дыялектызмаў: фанетычныя, граматычныя, словаўтваральныя, лексічныя, этнаграфічныя, семантычныя.

Жаргонная лексіка, ці жаргон – сацыяльная разнавіднасць мовы, якой карыстаюцца прафесійныя групы і сацыяльныя колы людзей, аб’яднаных агульнасцю звычак, заняткаў, сацыяльным становішчам. У адрозненне ад сацыяльных дыялектаў, жаргон не мае сваёй фанетычнай і граматычнай сістэмы. Лексіка жаргона фарміруецца на базе слоў літаратурнай мовы шляхам іх пераасэнсавання, метафарызацыі. Словы і выразы жаргоннай мовы, якія выкарыстоўваюцца па-за межамі жаргону (напрыклад, у літаратурнай мове, мастацкім тэксце), называюцца жарганізмамі. Жарганізмы тэматычна звязаны з рознымі групамі прафесійнай лексікі. У маладзёжных калектывах, у прыватнасці, у студэнцкім і вучнёўскім асяроддзі, можна сустрэць такія ўтварэнні, як немка, англічанка, чыталка, хвост, аўтамат, класна, намыліцца, філоніць і інш.

Адной з разнавіднасцей жаргонаў з’яўляецца арго. Арго – мова сацыяльных груп, якая выконвае прафесійную функцыю. Арго, якім карысталіся і карыстаюцца жабракі, злодзеі, вандроўныя гандляры і рамеснікі, служыць сродкам іх прафесійнай дзейнасці. Асноўная функцыя арго – быць сродкам адасаблення, аддзялення яго носьбітаў ад людзей іншых сфер дзейнасці. Арго стваралася на базе натуральных моў і іх граматык. Аднак, каб ізалявацца ад грамадства, антысацыяльныя элементы выпрацоўвалі спецыяльны моўны код, незразумелы для іншых людзей. Таму аргатычная лексіка характарызуецца вузкапрафесійнай накіраванасцю, штучнасцю і засакрэчанасцю. Гэта дасягаецца шляхам скажэння і пераасэнсавання агульнанародных слоў (вышка ‘вышэйшая мера пакарання‘, стукач ‘даносчык‘), выкарыстання вузкадыялектных і запазычаных слоў, а таксама шляхам перастаноўкі складоў або замены асобных гукаў (чуха ‘хачу‘, шывар ‘тавар‘).

Аргатычныя словы, таксама як і жаргонныя, не ўваходзяць у лексіка-семантычную сістэму літаратурнай мовы, але могуць выкарыстоўвацца ў літаратурна-мастацкіх і публіцыстычных творах для характарыстыкі персанажаў, сацыяльнага асяроддзя, гістарычнай эпохі і г.д.

Да лексікі абмежаванага выкарыстання належыць і шырокі пласт т. зв. спецыяльнай лексікі, якой карыстаюцца галоўным чынам толькі прадстаўнікі пэўнай галіны навукі, прафесіі ці роду заняткаў. Асноўнымі разрадамі спецыяльнай лексікі з’яўляюцца тэрміны, наменклатурныя назвы і прафесіяналізмы. Падрабязна спецыяльная лексіка будзе разгледжана ў тэме 6 “Спецыяльная лексіка. Тэрміналогія”.