Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
кантрольная работа.docx
Скачиваний:
19
Добавлен:
11.02.2015
Размер:
52.54 Кб
Скачать
  1. Беларускі нацыянальны рух у сакавіку-кастрычніку 1917 года. Барацьба за нацыянальнае самавызначэнне беларускага народа

Пасля падзення самаўладдзя беларускі нацыянальны рух уступіў у якасна новы этап развіцця. Адмена Часовым урадам 3 сакавіка нацыянальных, саслоўных і рэлігійных абмежаванняў дала магчымасць арганізавацца беларускім грамадска-палітычным партыям, розным па сваей сацыяльна-класавай сутнасці і палітычнай арыентацыі. З сакавіка па лістапад 1917 года на Беларусі і сярод бежанцаў-беларусаў дзейнічала каля 26 палітычных партый і арганізацый, у іх ліку 14 беларускіх нацыянальных партый.

Кансерватыўныя, памешчыцка-клерыкальныя партыі і арганізацыі – Беларускі саюз зямельных уласнікаў, Саюз беларускага праваслаўнага духавенства, Заходне-Рускае таварыства ў Петраградзе – з'яўляліся выразнікамі інтарэсаў буйных і сярэдніх землеўласнікаў, праваслаўнага духавенства і вышэйшага чыноўніцтва. Асновай ідэалогіі гэтага тыпу арганізацый быў так званы "заходнерусізм", паводле якога беларусы лічыліся не самастойным этнасам, а адгалінаваннем рускага народа.

Партыі ліберальна-дэмакратычнага накірунку – Беларускі народны саюз, Магілёўскі беларускі нацыяналыіы камітэт, Гомельскі саюз беларускай дэмакратыі, Віцебскі саюз беларускага народа, Аршанскі беларускі народны камітэт, Беларуская партыя народных сацыялістаў, Беларуская хрысціянская дэмакратыя, Беларуская партыя аўтанамістаў – адлюстроўвалі інтарэсы галоўным чынам заможных слаёў беларускага грамадства, духавенства, чыноўніцтва, сярэдняй і дробнай буржуазіі і беларускай інтэлігенцыі. Іх нацыянальныя праграмы вызначаліся супярэчлівасцю і непаслядоўнасцю, зыходзілі з ідэі адміністрацыйна-гаспадарчай самастойнасці ў межах Расійскай дзяржавы і ідэалогіі "заходнерусізму". Вырашэнне аграрнага пытання яны адкладвалі да Устаноўчага сходу.

Больш дэмакратычных поглядаў у нацыянальным пытанні прытрымлівалася БХД, заснавальнікамі якой былі беларускія ксяндзы Ф. Абрантовіч, А. Станкевіч. В. Гадлеўскі, К. Сваяк (К. Стаповіч) і інш. У рэзалюцыі першага з'езда БХД (май 1917 г.) вылучалася патрабаванне "шырокай аўтаноміі Беларусі ў складзе Расійскай дэмакратычнай рэспублікі", навучанне ў школах на беларускай мове і паступовы пераход на беларускую мову ў набажэнствах.

Больш паслядоўна праблема будучага дзяржаўнага ўладкавання краю была распрацавана ў праграмных дакументах Беларускай партыі аўтанамістаў, арганізацыі якой узніклі вясной 1917 г. у Петраградзе, Маскве, Мінску і іншых гарадах. У зацверджаным у верасні на канферэнцыі праекце платформы беларускіх аўтанамістаў вылучалася патрабаванне права на нацыянальнае, культурнае і палітычнае самавызначэнне Беларусі, але з захаваннем федэратыўнага саюза з Расіяй.

Патрабаванне аўтаноміі Беларусі ў складзе Федэратыўнай Расійскай Рэспублікі было цэнтральным і ў праграме найбольш уплывовай беларускай партыі – Беларускай сацыяліялістычнай грамады (БСГ), якая аднавіла сваю дзейцасць адразу пасля падзення самаўладдзя. У першай палове 1917 г. арганізацыі гэтай партыі дзейнічалі ў Мінску, Віцебску, Гомелі, Слуцку, Оршы, Буда-Кашалёве, сярод бежанцаў-беларусаў у Петраградзе, Маскве, Казані, Саратаве, Яраслаўлі і Адэсе. У ліпені ў яе шэрагах налічвалася каля 5 тыс. членаў і спачуваючых, а ў кастрычніку колькасць іх узрасла да 10 тыс. Палітычны курс БСГ адлюстроўваў інтарэсы пераважна сярэдніх слаёў, якія былі зацікаўлены ў ажыццяўленні дэмакратычных пераўтварэнняў, але асцерагаліся рэвалюцыйнай ломкі грамадскіх адносін. Так, канферэнцыя БСГ у сакавіку 1917 года выступіла ў падтрымку Часовага ўрада, заклікаўшы працоўны народ аказваць на яго "арганізаваны націск". Яна салідарызавалася з лозунгам "рэвалюцыйнага абаронніцтва", выставіла патрабаванне аўтаноміі Беларусі ў складзе Федэратыўнай Расійскай Рэспублікі.

У аграрным пытанні канферэнцыя выказалася за агульнанародную ўласнасць на зямлю і перадачу яе сялянам для карыстання ў адпаведнасці з працоўнай нормай. Аднак канчатковае вырашэнне пытання канферэнцыя адносіла да кампетэнцыі краёвага сейма аўтаномнай Беларусі і перасцерагала сялян ад неарганізаваных стыхійных выступленняў. У рабочым пытанні выстаўлялася патрабаванне 8-гадзіннага рабочага дня і гарантаванага мінімуму заработнай платы.

Як бачна, праграмныя патрабаванні БСГ асобным радыкалізмам не вызначаліся. Аднак пад уздзеяннем абвастрэння сацыяльна-класавых супярэчнасцей у грамадстве яе праграмныя патрабаванні набывалі ўсё больш сацыялістычную афарбоўку. Да восені БСГ пашырыла свой уплыў не толькі сярод беларускай інтэлігенцыі, служачых, але сярод беларускіх сялян і рабочых. Мясцовыя арганізацыі БСГ праводзілі мітынгі, распаўсюджвалі адозвы, выступалі ў друку з прапагандай партыйнай праграмы. У красавіку-чэрвені яна выдавала газету "Грамада". БСГ мела сваіх прадстаўнікоў у Петраградскім і Мінскім саветах рабочых і салдацкіх дэпутагаў, гарадскіх думах, удзельнічала ў рабоце Савета нацыянальных сацыялістычных партый народаў Расіі.

Чарговая канферэнцыя БСГ, якая адбылася ў Петраградзе 4-6 чэрвеня 1917 года, разгледзела і ўхваліла праект новай праграмы, абвясціла канчатковай мэтай партыі "ўвядзенне сацыялістычнага парадку праз развіцце класавай барацьбы і сацыяльную рэвалюцыю".

Праект праграмы прадугледжваў неадкладную забарону куплі-продажу зямлі, канфіскацыю ўсёй зямлі, пераход яе ў распараджэнне Беларускай краёвай рады і размеркаванне паміж сялянамі праз органы мясцовага самакіравання для бясплатнага карыстання ў адпаведнасці з працоўнай нормай. У якасці пераходу да калектыўных формаў гаспадарання прапаноўвалася арганізацыя і развіццё розных формаў кааперацыі.

У праекце праграмы дэклараваліся дэмакратычныя правы і свабоды грамадзян, паўтараліся ранейшыя ўстаноўкі БСГ аб нацыянальна-тэрытарыяльнай аўтаноміі, развіцці беларускай мовы, культуры і інш.

Актывізавала сваю дзейнасць Беларуская народная грамада (БНГ), якую заснавалі ў маі 1917 года ў Маскве сярод бежанцаў-беларусаў адвакат А.І. Цвікевіч, археолаг Я. І. Васілевіч і выкладчык гімназіі Ф.Ф. Турук. Да лета 1917 года яна налічвала ў сваіх радах каля 1 тыс. чалавск і аб'ядноўвала прадстаўнікоў розных сацыяльных груп грамадства, мела аддзелы ў іншых гарадах, дзе пражывалі бежанцы-беларусы. У аснову палітычнай платформы БНГ было пакладзена патрабаванне аўтаноміі Беларусі ў складзе Расіі, перадача ўсёй зямлі ў агульнанародную ўласнасць з правам карыстання тым, хто на ёй працуе.

Важнае значэнне ў развіцці беларускага нацыянальнага руху мела стварэнне яго каардынацыйных органаў. Па ініцыятыве Беларускага таварыства 25-27 сакавіка ў Мінску быў скліканы з'езд беларускіх нацыянальных партый і арганізацый, бежанскіх камітэтаў, камітэтаў дапамогі ахвярам вайны ў колькасці да 150 чалавек. Большасць выступленняў была пранікнута ідэяй грамадзянскага прымірэння ўсіх класаў і сацыяльных слаёў. Быў абраны Беларускі нацыянальны камітэт (БНК) у складзе 18 чалавек, дзесяць з якіх з'яўляліся прадстаўнікамі БСГ.

Асноўнай задачай БНК абвясціў культурна-нацыянальнае адраджэнне беларускага народа. Яго канкрэтная праграма прадугледжвала федэратыўна-дэмакратычную рэспубліку ў Расіі, а ў яе складзе – аўтаномію Беларусі. Адносна вайны БНК падтрымаў Часовы ўрад, а вырашэнне зямельнага пытання адклаў да Устаноўчага сходу. Па двух найбольш злабадзённых праблемах БНК фактычна не падтрымаў беларускае сялянства.

Унутраныя рознагалоссі прывялі да скасавання БНК у час другога з'езда прадстаўнікоў беларускіх партый і арганізацый, што праходзіў з 8 па 10 ліпеня 1917 года ў Мінску. Большасць дэлегатаў падтрымала ідэю ажыццяўлення нацыянальна-тэрытарыяльнай аўтаноміі Беларусі ў складзе Расійскай дзяржавы. Аднак практычных мер па яе рэалізацыі з'езд не выпрацаваў. У склад створанай замест БНК Цэнтральнай рады беларускіх арганізацый увайшлі ў асноўным прадстаўнікі БСГ. Пад націскам прадстаўнікоў рэвалюцыйна-дэмакратычнага кірунку Рада заявіла, што будзе дабівацца перадачы зямлі працоўнаму народу і абараняць інтарэсы рабочага класа.

У рабоце першай сесіі Рады, якая адбылася ў Мінску 5-6 жніўня 1917 года, удзельнічалі з правам рашаючага голасу прадстаўнікі 23 беларускіх арганізацьій. У іх радах налічвалася звыш 23 тыс. чалавек. Згодна з прынятым сесіяй Статутам Рада складалася з дэпутатаў, што дэлегіраваліся ўсімі беларускімі арганізацыямі, гарадамі, паветамі, мястэчкамі, бежанскімі арганізацыямі і воінскімі часцямі, якія "прызнаюць патрэбу аўтаноміі Беларусі, роднай мовы і развіцця беларускай нацыянальнай культуры".

У новых умовах кіраўніцтва Цэнтральнай рады актывізавала сваю дзейнасць па стварэнню нацыянальнага беларускага фронту на аснове рэалізацыі ідэі нацыянальна-культурнай аўтаноміі ў рамках дэмакратычнай Расіі. Цэнтральная рада звязваецца з бежанскімі камітэтамі, раскіданымі па ўсёй Расіі, умацоўваюцца яе сувязі з беларускімі гурткамі ў арміі і на флоце, у якіх хутка расце колькасць прыхільнікаў БСГ і беларускага нацыянальнага руху наогул.

Перабудову цэнтральных органаў беларускага нацыянальнага руху, якая праходзіла летам 1917 года, можна разглядаць як пэўны крок у напрамку да яго далейшай класавай дыферэнцыяцыі. Прадстаўнікі левай плыні ўсё больш схіляліся ў бок бальшавікоў. Але некаторыя аспекты нацыянальнага пытання, якія абараняў 3. Жылуновіч, адрозніваліся ад бальшавіцкіх. У прыватнасці, ён выступаў супраць забыцця беларускімі пралетарыямі свайго нацыяналыіага пачуцця на карысць агульнарэвалюцыйных інтарэсаў.

Ідэю нацыянальна-тэрытарыяльнай аўтаноміі Беларусі адстойвала дэлегацыя Цэнтральнай рады ў складзе I. Варонкі (старшыня), 3. Жылуновіча, К. Душэўскага, I. Мамонькі, 3. Сабалеўскага, У. Фальскага на Дэмакратычнай нарадзе ў Петраградзе. Яны адзначалі нежаданне "расійскай дэмакратыі" прадаставіць народам сапраўдную свабоду. Характарызуючы пазіцыю Рады ў адносінах да ўлады, I. Варонка зазначыў, што "Цэнтральная рада беларускіх арганізацый стаіць за канструяванне ўлады без усялякіх кааліцый з буржуазіяй".

Рост сацыяльных супярэчнасцяў паскорыў працэс размежавання ў беларускім нацыянальным руху. Увосень 1917 года ад БСГ адкалолася частка рэвалюцыйна настроеных рабочых-беларусаў Петраграда і маракоў Балтыйскага флоту. Яны стварылі новую палітычную арганізацыю – Беларускую сацыял-дэмакратычную рабочую партыю (БСДРП) у ліку 500 чалавек, якая поўнасцю раздзяляла праграмныя і тактычныя ўстаноўкі бальшавікоў. У выканаўчы камітэт БСДРП уваходзілі А. Чарвякоў, А. Усціловіч, Сосна, Гурыновіч, Лаўрэцкі, Пялмецка і I. Лагун, за выключэннем А. Чарвякова, усе рабочыя петраградскіх заводаў. У хуткім часе да іх далучылася Гельсінфорская арганізацыя БСГ, якая складалася з маракоў і налічвала 200 чалавек.

БСДРП адразу ж актыўна ўключылася ў грамадска-палітычнае жыццё краіны. Прадстаўнікі яе ўваходзілі ў склад Петраградскага савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў, падтрымлівалі курс бальшавікоў на ўзброенае паўстанне.

Спробы кансалідацыі беларускага нацыянальнага руху, распачатыя на II сесіі Цэнтральнай рады і III з'ездзе БСГ 15-25 кастрычніка, поспеху не мелі. 3-за адсутнасці адзінства кіраўніцтва БСГ не выпрацавала агульнапартыйнай лініі ў адносінах да кастрычніцкага ўзброенага паўстання. Па гэтай прычыне 3. Жылуновіч адмовіўся ўвайсці ў створаны з'ездам ЦК БСГ. На апошнім пасяджэнні 25 кастрычніка адбылася рэарганізацыя каардынуючага цэнтра беларускага нацыянальнага руху. Быў утвораны новы краёвы орган пад назвай "Вялікая беларуская рада". У прынятых рашэннях падкрэслівалася, што "Рада павінна бараніць увесь беларускі народ". Гэта азначала, што рэарганізацыя Рады адбылася на аснове ідэі адзінства ўсіх слаёў беларускага насельніцтва ў адстойванні агульнанацыянальных інтарэсаў.

Такім чынам, беларускі нацыянальны рух аслабляўся рознасцю падыходаў яго ўдзельнікаў да вырашэння сацыяльных і нацыянальных праблем, сумясціць эвалюцыйны і рэвалюцыйны шляхі развіцця, якія адстойвалі супрацьлеглыя сілы, не ўдалося.