Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
bel_lit / адвечным шляхам.docx
Скачиваний:
30
Добавлен:
08.06.2015
Размер:
56.93 Кб
Скачать

4.2. Гісторыя "ваганьняў паміж Захадам і Ўсходам"

Асноўнай адзнакай гісторыі беларускага народу Ігнат Абдзіраловіч называе "ваганьне паміж Захадам і Ўсходам і шчырае непрыманьне абодвух". Аналізуючы гісторыю Беларусі паводле Абдзіраловіча, Міхась Баярын у сваім артыкуле "Адраджэнне і беларускі шлях" падзяляе гісторыю "ваганняў паміж Захадам і Ўсходам" на два перыяды: экстэрнальны і інтэрнальны. Падчас першага, экстэрнальнага, перыяду спрэчка адносна прыналежнасці Беларусі да аднаго з двух бакоў паўстае як "абгрунтаванне тэрытарыяльных прэтэнзій вонках Беларусі". На думку даследчыка, "заходняя экспансія пачынаецца з крыжацкімі паходамі нямецкіх ордэнаў", а "пачаткам спрэчкі з'яўляецца абгрунтаванне прэтэнзій на беларускую тэрыторыю Маскоўскага княства ў часе Івана ІІІ, калі сфармавалася канцэпцыя Масквы-Трэцяга Рыму".

Пачаткам другога, інтэрнальнага, пэрыяду Баярын лічыць з'яўленне ўласнабеларускай гістарыяграфіі (беларускага летапісання ў ВКЛ). Такім чынам, спрэчка набывае ўнутраны характар, і ейным пытаннем стаецца самаідэнтыфікацыя. Аднак гэта не азначае, што тэрытарыяльныя прэтэнзіі зніклі, — хутчэй, яны былі задаволены. У сваю чаргу, даследчык падзяляе інтэрнальны перыяд на наступныя падперыяды:

1. Эпоха Рэфармацыі і Контррэфармацыі, калі дыскусія вядзецца ў рэчышчы рэлігійнай палемікі паміж рыма-каталікамі, праваслаўнымі, уніятамі і пратэстантамі. У гэты час вызначаюцца тры асноўныя бакі ў дыскусіі, якія можна ўмоўна назваць усходнікамі, заходнікамі і цэнтрыстамі.

2. Эпоха позняга Асветніцтва, калі дыскусія заваёўвае навуковае поле. У якасці прыкладу аўтар згадвае працы выкладчыкаў Віленскага ўніверсітэту і так званых "западно-руссистов". У гэты ж час адбываецца вывучэнне Беларусі польскімі і рускімі фалькларыстамі.

3. Час фармавання беларускай нацыі і станаўлення беларускай дзяржаўнасці. У гэты перыяд дыскусіі вызначаны развіццём беларускай нацыянальнай ідэі і ахопліваюць філасофію, літаратуру і палітыку.

Аднак сам Абдзіраловіч не дае дакладнай перыядызацыі і, на ягоную думку, "гісторыя ваганьняў паміж Захадам і Ўсходам" пачынаецца ў Х стагоддзі, з хрышчэннем Русі. Прыняўшы праваслаўе, беларусы тым самым прымаюць усходні тып цывілізацыі і спадчыну Візантыйскай Імперыі. Аднак хрост быў прымусовым, бо, "як тая Рагнеда, узятая ў палон кн.Валадзімірам, Беларусь павінна хрысьціць сваіх дзяцей пад прымусам на ўсходні ўзор, але выхоўвае іх на стары капыл паганцамі", і "новая" візантыйская культура "ня творыцца арганічна, а пакідаецца неперапрацованая народным духам", а значыць — не ўлучаецца ў сістэму каштоўнасцяў. Добрай ілюстрацыяй гэтага з'яўляецца згаданая Абдзіраловічам постаць князя Ўсяслава Чарадзея, які "слухае утраню ў Полацку, але абяртаецца сівым ваўком і бяжыць да кіеўскай Сафіі на абедню". Па сутнасці, беларусы так і застаюцца паганцамі, наступствам чаго паўстае аб'яднанне з паганскай Літвой супраць праваслаўнай Масковіі.

Наступны этап беларускай гісторыі — часы Вітаўта, зноў часы ваганняў "паміж Захадам і Ўсходам", якія заканчваюцца на карысць Захаду і пасля якіх на Беларусь у хуткім часе прыходзяць каталіцызм ды заходняя цывілізацыя. Адпаведна, з гэтага моманту, паводле Абдзіраловіча, Беларусь стаеца арэнайадкрытага змагання дзвюх хрысціянскіх канфесій, дзвюх культур. Ад гэтага часу ваганні не перапыняюцца і спалучаюцца з бясконцымі зменамі дзяржаўнай мяжы. Такім чынам, беларусы падзяляюцца на католікаў і праваслаўных, але гэты падзел ілюзорны, знешні, бо, па сутнасці, у сэрцы яны застаюцца паганцамі. "Толькі па форме мы лічыліся каталікамі альбо праваслаўнымі, грамадзянамі Масквы і Расеі, або Польшчы. Напавер, мы былі благімі сынаміі цэрквы і касцёлу і "ojczyzny" і "отечества". У гэтым кантэксце цікава згадаць артыкул Пятра Васючэнкі "Наша здрада", у якім ён называе гісторыю Беларусі гісторыяй здрады — як духоўнай, так і палітычнай — і робіць выснову, што толькі здрада дазваляла беларусам захаваць уласную ідэнтычнасць. Паводле Абдзіраловіча, "да нашага часу беларускі народ ня ставіў апору ні ўсходняй, ні заходняй хвалі, і яны вольна перакочваліся над яго галавой". "Прыклад Скарыны, аб якім да гэтай пары няведама, хто ён быў такі, ці каталік, ці праваслаўны, і пэўна, што і той і другі разам, адбівае гэта зьявішча беларускага духу ў індывідуальнасьці". Але "паміралі паганскія багі, а новых так і не прызнаў беларускі народ", вынікам страты паганства (а з ім, паводле Абдзіраловіча, і нацыянальнай рэлігіі, на якой грунтаваўся нацыянальны светапогляд) беларусы згубілі свой шлях, "уплывы Захаду і Ўсходу ў перакручаных, спэцыфічна-славянскіх, часам карыкатурных выразах, круцілі і гвалцілі душу беларуса, толькі прымушаючы яго ўбачыць, што ў чужой скуры заўсёды дрэнна". Сціслы выклад гісторыі ваганняў паміж Захадам і Ўсходам па-іншаму можна назваць і генеалогіяй падвойнасці "беларускай душы".

Соседние файлы в папке bel_lit