Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
bel_lit / адвечным шляхам.docx
Скачиваний:
30
Добавлен:
08.06.2015
Размер:
56.93 Кб
Скачать

6.1. Містычны аспект творчасці

Містычныя ідэі, выяўленыя ў тэксце "Адвечным шляхам", адсылаюць да філасофіі старажытных грэкаў. Так, Абдзіраловіч згадвае "сусьветную гармонію"піфагарэйцаў, Ксенафана з ягоным уяўленнем пра першапачатак як пра "камяк гразі, дзе змяшаны вада і зямля", а ягоная візія ўтварэння свету праз тое, што пасіўная матэрыя набывае форму, паўставалую актыўным пачаткам, відавочна паходзіць ад Арыстоцелевай канцэпцыі адзінства формы і матэрыі. Адначасова гэтыя ідэі нясуць у сабе нейкі старадаўні паганскі дух, які выяўляецца найперш праз вобразы містычнага расповеду.

Паводле Абдзіраловіча, "Матка-Матэрыя — падстава ўсяго істнуючага. У ёй зьліты ўсе сілы: варожыя і кахаючыя; творчыя і руйнуючыя, але сама яна — невыразнасьць, незразумеласьць,— толькі магчымасьць тварыць, а не самая творчасьць". Але матэрыя — толькі першы складнік, яна ўяўляецца аўтару толькі магчымасцю (патэнцыйнасцю) жыцця. "Поўна Яна смутку, поўна галасоў няясных… Вось адхіляецца прадвечны туман, быццам хмары нараджаюцца, …родзіцца першы нагад пра жыцьцё: падзяляецца сьвет і невыразнасьць змроку… А калі зазіхаціць першая маланка, шырокай бліскучай істужкай злучаючы высокія, быццам пазбаўленыя цяжкасьці, хмары і цёмнае, чорнае, невыразнае ўлоньне Маці-Матэрыі, загрымяць грамніцы, патрасаючы выразным грукатам прадвечную безгалосасьць, гэта — прачхнуўся, выйшаўшы з лана Маці, адвечны Купала". У такім даволі паэтычным па сваёй форме расповедзе Абдзіраловіч выкладае сваё ўяўленне пра стварэнне сьвету з Маткі-Матэрыі праз наданне ёй "жыватворнай формы" і "жыватворнага духу" Бацькам-Купалам, які відавочна ўтрымлівае ў сабе адзнакі паганскай міфалогіі. На думку Абдзіраловіча, гэты сюжэт увасабляе "адвечную гармонію паміж невыразнасьцю-матэрыяй, істотай усяго жывога, з творчым духам, каторы дае ўсяму жывому форму".

Гэты містычны аповед пакліканы ў Абдзіраловіча абгрунтаваць творчасць як жыццёвую падставу, бо, адпаведна з ягонай канцэпцыяй, чалавечая душа прыходзіць у свет, каб "разьвярнуць усю моц сваёй творчасьці, каб зьліцца ў творчым тэмпе сусьветнага дыханьня, сусьветнай гармоніі".

6.2. Сацыяльны аспект творчасці

Ад разгляду творчасці як містычнага акту стварэння свету аўтар пераходзіць да сацыяльнай творчасці. "У аснове этыка-сацыялагічнай тэорыі Канчэўскага — погляд на агульначалавечую праўду як абавязак свабоднай, маральна ўгрунтаванай творчасці ва ўсіх праявах жыцця — эканамічнай, сацыяльна-палітычнай і духоўнай. Паводле гэтага крытэру паэт і філасаф судзіць "усходняе" і "заходняе" месіянства, якое імкнецца свае спецыфічныя, гістарычна і нацыянальна абмежаваныя ісціны навязаць усяму чалавецтву". Такім чынам, аўтар даводзіць неабходнасць творчасці ў грамадскім жыцці. Але, звярнуўшыся да сацыяльнага жыцця сучаснай яму Беларусі, заўважае, што яна (творчасць) стаецца амаль немагчымаю — з таго, што, па-першае, некаторымі сацыяльнымі формамі карыстаюцца паноўныя класы і штучна затрымліваюць іхнае развіцьцё, а, па-другое, дзеля сацыяльнай творчасці патрэбны значна больш спрыяльныя абставіны ў параўнанні з творчасцю індывідуальнай. У выніку вышэйназваных прычын сацыяльная творчасць адбываецца "не безупынна, а скокамі", і заўсёды праз рэвалюцыйны пераварот, што, на думку аўтара, з'яўляецца негарманічным шляхам. Апрача таго, сацыяльная творчасць мусіць грунтавацца на творчасці адзінак. У выніку атрымоўваецца зачараванае кола: для сацыяльнай творчасці неабходна творчая адзінка, а для ейнага выхавання — сацыяльная творчасць.

Грамадзянскае жыццё Беларусі ацэньваецца аўтарам даволі негатыўна. На ягонае меркаванне, сацыяльныя ідэалы спрабуюць здзейсніць шляхам захопу палітычнай улады. Аднак, раз грамадства падзелена на класы і кожная партыя грунтуецца на пэўным класе, то, адпаведна, яна дзейнічае ў інтарэсах гэтага класу. У выніку кожная партыя мае добрую праграму, у якой вядзецца пра шчасце ўсяго народу, але словы не адпавядаюць справам.

На пачатку ХХ стагоддзя Беларусі давялося пазнаёміцца з рознымі палітычнымі накірункамі, але ніводзін з іх, паводле Абдзіраловіча, не адпавядае ідэалу сацыяльнай творчасці. Так, пра дэмакратаў ён кажа: "калі выяўляюцца вынікі "рэальнай палітыкі", дык з-пад штандару з харошымі словамі "вольныя з вольнымі, роўныя з роўнымі" выглядае прагавіты твар шляхціца".

Гэтаксама ён прызнае і палітычную няздольнасць сацыялізму. Першыя сацыялісты (Р.Оўэн, Ш.Фур'е, С.-Сімон, Піліп Фор) сваёй крывёй і самаахвярнасцю "пракладалі шлях да сьветлай будучыні" і прагнулі не захопу ўлады, а вызвалення чалавечага духу і "праменнасці жыцьця для ўсіх зьняважаных і пакрыўджаных". Але пасьля Маркс замест "утопіі" прапанаваў навуковую ідэю захопу палітычнага апарату: "натхнёнасьць сацыялізму зьнікла, змянілася пустой, буржуазнага характару, крыважорнай дактрынаю". І з гэтага моманту сацыялістычная ідэя стала адрознай ад іншых палітычных ідэй толькі тым, што захапіць уладу мусіў клас прыгнечаны. Аднак гэта было досыць нязначнае адрозненне, з гледзішча Абдзіраловіча, бо "справа ня ў тым, хто будзе каваць кайданы, а хто будзе насіць іх, справа ў тым, каб зусім спыніць няволю". Да таго ж, сутнасць улады ў тым, што, як толькі яна ўзнікае, яна адразу ж засяроджваецца ў руках невялікай групы людзей. Разам з сацыялізмам аўтар адмаўляе і камунізм, бо яны абодва грунтуюцца на марксісцкай дактрыне.

Крыху менш негатыўна ён ацэньвае эсэраў, якія "больш чулыя да справы агульначалавечага адраджэння, вераць у неабходнасць творчай чалавечай адзінкі, меней абапіраюцца на клясавы грунт", але папракае іх за сектанцтва, духоўнае мяшчанства і пакланенне дактрынам і аўтарытэтам.

У выніку вышэйзгаданага аналізу Абдзіраловіч прыходзіць да высновы, што ніводная палітычная партыя не здолела вырашыць праблемы вольнай творчай асобы і сацыяльнай творчасці. Бо ў ідэале кожнай з іх былі прымус і дыктатура. "Усе дэмакратычныя вольнасьці здратаваны дэмакратычнымі ўрадамі, сацыялістычны ідэал зусім далёкі ад зьдзяйсьнення ўрадамі, якія завуць сябе сацыялістычнымі".

Раз адсутнасць прымусу з'яўляецца неабходнай умовай для сацыяльнай творчасці, то адсюль немінуча вынікае ідэя незалежнасці, якая ёсць першай падставай для народу быць самім сабой. Трэба нагадаць: пытанне пра палітычную незалежнасць было ў цэнтры тагачаснай палемікі. Так, Тадэвуш Урублеўскі ў артыкуле "Народ і дзяржава" азначае, што "…так званае беларускае пытаньне з межаў культурна-нацыянальнай праблемы выйшла на грунт палітычна дзяржаўны. І сярод беларускага грамадзянства пачалося шуканьне тэй формы палітычнага існаваньня, у якой інтарэсы беларускага народу маглі бы быць найлепш забясьпечаны. Аўтанамізм — федэралізм — незалежнасьць — вось этапы, праз якія праходзіла беларуская грамадзкая думка. І кожная з гэтых форм — у залежнасці ад агульных абставінаў — здабывала ці губляла сваіх прыхільнікаў, якія пераважна і разьвязвалі пытаньне аб палітычным істнаваньні беларускага народу з погляду бягучага мамэнту".

Абдзіраловіч жа на гэты конт падае: якраз "дамаганьню незалежнасьці, як падставе грамадзкай творчасьці, гэтай творчасьці і не хапала". Далей ён аналізуе спробы дасягнення незалежнасці і цвердзіць, што незалежнасць мела "праўдзівы характар" толькі ва "ўтапічны" (ці рамантычны) перыяд (маецца на ўвазе ўрад Луцкевіча), а калі "справа незалежнасьці скіравалася на практычны шлях сучаснай палітычнай працы, яна апынулася ў шпонах палітычнага прымусу".

З падобнага агляду палітычных поглядаў аўтара, здавалася б, наўпрост вынікае выснова пра ўтапічнасць ягоных ідэй. Аднак, хутчэй за ўсё, на нашу думку, цверджанне аб праўдзівасці "ўтапічнага" перыяду беларускай дзяржаўнасці (БНР) і негатыўная ацэнка перыяду практычнай рэалізацыі ідэі незалежнасці вынікалі не столькі з прыхільнасці аўтара да "чыстых ідэяў", колькі з канкрэтных палітычных абставін. Урад БНР, які адстойваў ідэю поўнай незалежнасці, пацярпеў паразу. Ён не быў прызнаны ні Расеяй, ні захапілымі Беларусь нямецкімі войскамі. Пасля "Найвышэйшая Рада" (ці "Дырэкторыя") вяла перамовы з урадам Пілсудскага, але таксама не сягнула посьпеху. У 1920 годзе прарасейска арыентаванай часткай беларускай інтэлігенцыі (Жылуновіч) быў створаны "беларускі савецкі ўрад". Як бачым, Беларусь ад пачатку не мела шанцаў на рэальнае атрыманне незалежнасці, бо наўпрост залежала ад Захаду і Ўсходу і была картай у чужой гульні.

Цалкам верагодным нам падаецца і тое, што праблема палягае не толькі ў палітычнай залежнасці. Да прыкладу, Антон Луцкевіч разважае, што, "углядаючыся ў эпоху тварэньня нашай старой дзяржаўнасьці (маецца на ўвазе ВКЛ — заўвага наша), мы зусім не знаходзім у ім таго прынцыпу, які ляжыць звычайна ў аснове дзяржаўнасьці другіх народаў, прынцыпу нацыянальнасьці". Далей у тым жа артыкуле Антон Луцкевіч сцвярджае, што "каб будоўля незалежнай Беларусі не развалілася, каб пры найгоршых для нас варунках мы асталіся самі сабой, трэба ў аснову нашага дзяржаўнага будоўніцтва палажыць чыстую беларускую нацыянальную ідэю". Такім чынам, для дзяржаўнай незалежнасці на той час былі неабходны дакладна сфармуляваная і падтрыманая большасцю палітычных сіл на Беларусі нацыянальная ідэя і больш спрыяльныя палітычныя ўмовы, якія дазвалялі рэалізаваць гэтую ідэю на практыцы.

Паколькі Абдзіраловіч негатыўна ацэньвае амаль усе існыя на той час палітычныя накірункі і аснову ягоных сацыяльных ідэй складае адмаўленне ўстойлівых форм грамадскага жыцця, то ягоныя сацыяльныя погляды могуць быць азначаны як анархісцкія. Тым больш, што й ён сам напрыканцы тэксту заўважае: "тыя погляды, якія тут выяўленыя, шмат каму здадуцца анархізмам". І хаця далей падкрэсліваецца, што "ад гэтага шыльду, як ад кожнае іншае вызначаючае формы, трэба адмовіцца, бо ён мае ўжо свой перакручаны жыцьцёвы зьмест", які, на ягоны погляд, рэпрэзентаваны ў рускай прыпеўцы наступнага зместу:

Анархистик утащил

Полушубок теткин,

Ах, тому ль его учил

Господин Крапоткин!..

Але гэта, хутчэй, сведчыць пра непрыняццё не самога анархізму, а формы ягонага выяўлення. Трэба акрэсліць, што ідэі Абдзіраловіча наагул цяжка вызначыць адпаведна з той ці іншай класіфікацыяй — з прычыны таго, што ягонае адмаўленне ўстойлівых форм вядзе да адмаўлення той ці інішай класіфікацыі, прынамсі, у выпадку з азначэннем ягоных уласных палітычных поглядаў. Адносна палітычнай пазіцыі аўтара цікавым, на нашу думку, з'яўляецца і тое, што ідэя дзяржаўнасці у нейкім сэнсе супярэчыць поглядам Абдзіраловіча, а менавіта ягонай ідэі "ліючайся" формы, бо дзяржава ўяўляе з сябе сталую форму існавання нацыі і не можа пастаянна змяняць свой статус, законы, канстытуцыю і інш. Станоўча ж ён ацэньваў толькі непрымусовыя формы сацыяльнага аб'яднання, якія ён бачыў у вольных дружынах Запароскай Сечы ў мінулым і ў кааператывах у сучаснай яму Беларусі.

Паводле Абдзіраловіча, творчасць заўсёды спалучаецца з разбурэннем, утвараючы такім чынам дыялектычнае адзінства, што выявілася ў ягоным лозунгу "творачы — зруйнуем". Творачы новыя формы грамадскага жыцця, мы з неабходнасцю разбураем старыя. Творчасць немагчымая без разбурэння, аднак яны мусяць быць не толькі ўзаемазвязаны, але і ўраўнаважаны (гэтаксама, паводле Абдзіраловіча, узаемаўраўнаважаны мусяць быць сацыяльнае і індывідуальнае).

Такім чынам, вырашэнне праблемы беларускай ідэнтычнасці бачылася яму як стварэнне беларускіх форм жыцця і руйнаванне чужых (як усходніх, так і заходніх) форм.

Соседние файлы в папке bel_lit