Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
bel_lit / адвечным шляхам.docx
Скачиваний:
30
Добавлен:
08.06.2015
Размер:
56.93 Кб
Скачать

4.4. Неабходнасць сінтэзу

Неадназначным было ўспрыманне беларусамі як заходніх, так і ўсходніх каштоўнасцяў. "...Нам падабалася ўсходняя прастата, шчырасць, адпаведнасць выгляду ўнутранай сутнасці", але нельга ўсё звесці да адной формы, да таго ж, "апрача маны карыснай ёсць яшчэ й мана сьвятая", і "з прычыны грунтоўнай невыразнасьці жыцьця нам часта самыя простыя рэчы нельга назваць іх уласным іменем". Захад, у сваю чаргу, прывабліваў "цьвёрдым пачуцьцём меры, цярпімасьцю да розных кірункаў" і адштурхоўваў няшчырасцю. Гэта прывяло да таго, што ніводная сістэма каштоўнасцяў так і не была прынята напоўна.

На думку Абдзіраловіча, падобная сітуацыя вымагае сінтэзу, "згарманізаваньня абодвух кірункаў", але працэс спалучэння ў сабе лепшых адзнак Захаду і Ўсходу быў істотна ўскладнёны. Па-першае, тым, што, Захад і Ўсход успрымаліся як варожыя і супрацьлеглыя, і гэта прывяло да падзеленасці "беларускай душы", а, па-другое, тым, што Ўсход наагул не прызнаваў існавання беларусаў, а Захад, у якога мы шукалі ратунку ад усходняй экспансіі, "прынёс нам найлепшыя ідэі: гуманістычныя, лібэральныя, дэмакратычныя, але разам з пекнымі словамі заўсёды змяшчаліся гвалт духоўны і эканамічны, эксплёатацыя, уціск, знявага". Да таго ж, замест гарманічнага спалучэння ўсходняй вызначанасці і шчырасці з заходняй аб'ектыўнасцю аўтар "празорліва прыкмеціў у пачатку ХХ стагоддзя зусім іншую тэндэнцыю — экспансіянізм і механічную мешаніну далёка не лепшых бакоў "усходняй" і "заходняй" цывілізацый, якія страцілі свой ранейшы маральны грунт традыцыйнага народнага жыцця".

Часам аналізу "гісторыі ваганьняў" Абдзіраловіч прыходзіць да высновы, што "трэба шукаць на другіх шляхох", бо чужы шлях не адпавядае ўласнай ідэнтычнасці, і "ў гэтыя цесныя мізэрныя рамкі не ўсадзіць вялікай душы чалавека. Векавое дасьведчаньне кажа нам, што вольнага развіцьця нашага духу не запэўняе ні заходняя, ні ўсходняя культура, бо яны абяртаюцца ў формах гвалту, людажэрства і мэсіянізму". Адсюль з непазбежнасцю вынікае, што трэба ствараць адпаведныя, свае, "беларускія формы жыцця", аднак не на падставе беларускага месіянізму, бо "страшна сьціскае жыцьцё атрымаўшая неакрэсьленую ўладу форма".

5. Форма як механізм падпарадкавання

Раз прычыну размытай ідэнтычнасці Абдзіраловіч бачыць у адсутнасці "ўласных формаў жыцьця" і ў панаванні чужых форм, форма аказваецца ў цэнтры ягонага аналізу. Мэтай другога раздзелу якраз і ёсць прааналізаваць, "дзеля чаго сучаснае жыцьцё нашых суседзяў прыняло такія сьціскаючыя, гвалтаўнічыя, бяздушныя формы".

5.1. Гісторыя Еўропы як гісторыя форм

Найперш аўтар аналізуе гісторыю Еўропы як гісторыю ўзнікнення, панавання й заняпаду форм. Падобны падыход да аналізу гісторыі дазваляе казаць пра ўплывы папулярнага тады О.Шпенглера, які таксама разглядаў гісторыю як паслядоўнасць абмежаванай колькасці форм, хаця сама ідэя формы, як вядома, бярэ пачатак ад эйдасаў Платона і формы Арыстоцеля. Так, ува ўступе да кнігі "Закат Еўропы" Освальд Шпенглер піша: "ува ўсясветнай гісторыі я бачу карціну вечнага ўзнікнення і змянення, цудоўнага станаўлення і памірання арганічных форм".

Абдзіраловіч услед за Шпенглерам цвердзіць, што сучасныя эўрапейскія народы прынялі сваю культуру ў спадчыну ад Антычнасці, але прынялі толькі ейную форму, а ня дух. Прыняць чужую культуру, а менавіта "рымскі прыклад адміністрацыі, войска, рэлігіі, права, наогул, большасьць палітычных, рэлігійных, эканамічных і іншых бытавых формаў", іх змусіла "патрэба выразнае формы ў гаспадарсьцьвеннасьці, рэлігіі і іншых галінах быту", г.зн. прычына мела выключна матэрыяльны характар, і ў антычнай культуры іх цікавіла выключна форма, а не змест. Аднак жа змест і форма ўтвараюць дыялектычнае адзінства, і гэтае аднабаковае запазычанне мела свае наступствы. Паводле Абдзіраловіча, грэцкая і рымская культуры загінулі ў выніку "духовай распусты і дэмаралізацыі", якая была вынікам "канфлікту паміж асобай і хаўрусам, гаспадарствам. Хаўрус не адпавядаў жаданьням асобы сваімі захопліваючымі імкненьнямі, барацьба асобы проці ўціску здэмаралізавала і асобу, і хаўрус , і яны загінулі".

Тут варта зважыць на два моманты, ключавыя для разумення ідэй Абдзіраловіча, а менавіта на ягонае разуменне дыялектычнага адзінства асобы і грамадства (хаўрусу), калі яны не толькі цесна ўзаемазвязаны, але й мусяць быць узаемараўнаважнымі. Страта раўнавагі (уціск асобы ці супраціў асобы грамадству) мае наступствам смерць абодвух. Пры гэтым зазначым, што падобнае адзінства індывіду і грамадзяніна мы сустракаем у "Дзяржаве" Платона, і менавіта на такім адзінстве, паводле Платона, мусіць быць збудавана "ідэальная дзяржава". Па-другое, Абдзіраловіч падкрэслівае, што прыхільнасць да стала вызначанай формы была выклікана "барбарскай няўмеласцю спраўляцца з усёю грамадою і рознасцю жыцьцёвых праяў", з чаго вынікае, што пры гарманічных суадносінах грамадства і асобы няма патрэбы ў адной дакладна вызначанай форме і маецца месца для творчасці форм.

Такім чынам, ні антычная думка, ні антычнае рэлігійнае пачуццё не здолелі прывесці сацыяльнае і індывідуальнае да сталай раўнавагі, і сучасныя народы атрымалі ў спадчыну гэтыя праблемы разам з выпрацаванымі формамі жыцця. Патрэба ў форме паўстае ў барбараў разам з узнікненнем сацыяльнага жыцця, бо "для індывідуальнасьці ня трэба формы; дух жыве пачуцьцём, яму ня трэба сымболяў… Толькі ў зносінах з падобнымі да сябе, з сьветам надворным робіцца патрэбнай вызначанасць — форма". Так "закон уласнага сумленьня замяняецца агульна-абавязковай маральлю, абычаёвым правам, з якога разьвіваюцца ўсе іншыя формы прававога жыцьця".

Напачатку барбары зусім ня ведаюць духоўнай спадчыны старажытнасці і знаёмяцца з ёю паступова. "І гэта няведаньне старога духу становіць сапраўдную нядолю новай Эўропы", бо, як казаў Геракліт, "усё рушыцца, усё цячэ, нельга два разы плёхнуцца ў тую самую раку".

Сярэднявечча паўстае як спроба здзейсніць прыхільнасць еўрапейцаў да цвёрдай формы: Усход прымае візантыйскую спадчыну і намагаецца ўціснуць усё жыццё ў аднолькавасць формы, нягледзячы на тое, "што такі спосаб прыгнятае, губіць усё жывое". Захад запазычвае рымскую культуру і імкнецца ўсё зафіксаваць у вялікай колькасці "нежывых, але затое цьвёрдых" форм і сістэматызаваць.

Адраджэнне разглядаецца як пратэст супраць дагматаў у рэлігіі, дазволенага і недазволенага ў філасофіі і супраць суровых форм людскога ў палітыцы. Аднак, на думку Абдзіраловіча, адраджэнскі праект не быў даведзены да канца з-за "сапсаванасьці эўрапейца", бо яму ізноў захацелася цвёрдай формы. Так, адна форма была адпрэчана дзеля іншай: "на вогнішчах, запаленых рукою Кальвіна, гіне пратэстуючы дух пратэстанцкіх рэлігіяў; яны, паўсталыя з абурэньня проці нежывой літары, хаваюцца ў плашч дагмату і формы". Што да Адраджэння на Ўсходзе, то яно спазнілася на два стагодздзі і вылілася ў "анархічныя выпады". Усход папросту адмаўляецца ад шукання іншых форм.

На аснове вышэйзгаданага аналізу Абдзіраловіч робіць выснову, што "ўся жыцьцёвая нядоля мае сваёй падставай неадпаведнасьць жыцьцёвага зместу тым формам, у якія ён уложаны". Усе як індывідуальныя, так і сацыяльныя праблемы, на ягоную думку, вынікаюць з таго, што "формы жыцьця заместа таго, каб служыць чалавеку, маюць сілу валодаць ім, сьціскаючы і затрымліваючы яго духовыя імкненні".

Соседние файлы в папке bel_lit