Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
№15.doc
Скачиваний:
9
Добавлен:
05.02.2016
Размер:
104.45 Кб
Скачать

5. Дарэчнасць маўлення

Дарэчнасць (рус. уместность) – адно з цэнтральных паняццяў і культуры маўлення як практычнай дысцыпліны, так і стылістыкі беларускай мовы як тэарытычнага курса. Маўленне лічыцца дарэчным, калі выкарыстаныя ў ім моўныя сродкі адпавядаюць стылю, жанру, часу, месцу, мэтам і ўмовам камунікацыі ці інфармацыі. Дарэчнасць маўлення абавязкова павінна пераплятацца з лагічнасцю і дакладнасцю, таму што яе сутнасць заключаецца ў падборы сродкаў у залежнасці ад тэмы гутаркі, стылю, часу, кантэксту, сітуацыі, узроўню падрыхтаванасці слухачоў ці чытачоў. Дарэчная інфармацыя будзе адпавядаць узросту, інтэлектуальнаму ўзроўню, прафесіі, нават настрою.

Кантэкстуальная дарэчнасць забяспечвае сэнсавае адзінства слоў і словазлучэнняў у кантэксце, не дапускае нематываванае змешванне адзінак. Не змешваюцца ў адным кантэксце словы з жывой, народнай мовы і тэрміналагічная лексіка.

Стылявая дарэчнасць размяжоўвае адзінкі розных функцыянальных стыляў. Напрыклад, нельга ўжываць эмацыянальна-экспрэсіўную лексіку ў навуковым або афіцыйна-справавым стылі. І наадварот, нельга беспадстаўна выкарыстаць канцылярызмы ў мастацкім ці гутарковым стылі.

Сітуацыйная дарэчнасць прадугледжвае выбар моўных элементаў адпаведна канкрэтнай сітуацыі маўлення. У дадзеным выпадку неабходна кіравацца створанымі абставінамі, напрыклад, нечаканым далучэннем новага субяседніка, апанента.

Асабіста-псіхалагічная дарэчнасць папярэджвае ад неасцярожнага выказвання, так як недарэчнае слова можа раніць чалавека. Неабходна прадумваць асаблівасці размовы з тым ці іншым субяседнікам, таму што адны і тыя ж словы або звесткі могуць успрымацца людзьмі абсалютна па-рознаму.

Навуковаму і афіцыйна-справавому тэкстам найбольш характэрны кантэкстуальная і стылявая дарэчнасць, якія гарантуюць адзінства стылю. Абодва стылі вылучаюцца спецыфічнымі моўнымі сродкамі, характэрнымі толькі для іх.

У публіцыстычным стылі недарэчнымі могуць з’яўляцца прастамоўныя словы з аднаго боку, і захапленне спецыяльнай тэрміналогіяй — з другога.

Мастацкі тэкст пераважна кіруецца сітуацыйнай дарэчнасцю, паколькі падбор моўнага матэрыялу павінен дакладна перадаць аўтарскі настрой, стварыць неабходную сітуацыю, закрануць душу таго, хто будзе ўспрымаць мастацкі твор.

У гутарковым стылі неабходна ўлічваць асабіста-псіхалагічныя рысы, настрой субяседніка, яго характар, узрост, тэмперамент. У сяброўскую размову недарэчна ўключаць кніжныя, канцылярскія выразы.

Вельмі часта трапнае і неабходнае ў адным стылі можа стаць памылковым і недарэчным у другім, таму адно з важнейшых патрабаванняў стылістыкі — трымацца адзінства стылю.

Улічваючы тое, што моўныя стылі – гэта грамадска ўсвядомленыя, функцыянальна абумоўленыя і ўнутрана аб’яднаныя разнавіднасці мовы ці маўлення, якія склаліся гістарычна і залежаць ад характару і зместу выказвання, неабходна адрозніваць сферы грамадскага жыцця, дзе складваюцца ўсе стылі літаратурнай мовы. Так, у сферы афіцыйных і справавых зносін сфарміраваўся і бытуе афіцыйна-справавы стыль – стыль дзяржаўных дакумуентаў, указаў, законаў, кодэксаў, актаў, даверанасцей, пратаколаў і г.д., у публіцыстычнай сферы або ў сферы грамадска-палітычных зносін – публіцыстычны стыль, а ў сферы навуковых зносін – навуковы стыль. Кожны стыль сучаснай беларускай мовы мае свае спецыфічныя нормы, і таму прыдатнае і патрэбнае ў адным стылі можа не падыходзіць да другога ці будзе зусім недарэчнае ў ім. Значыць, трымацца адзінства стылю – асноўнае патрабаванне як стылістыкі, так і культуры маўлення.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]