Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
mifologia.doc
Скачиваний:
222
Добавлен:
22.02.2016
Размер:
2.21 Mб
Скачать

3. Вобраз кікімары ў беларускай міфалогіі.

Акрамя дамавіка з сямействам, у хаце можа жыць Кікімара — бяскрыўдная юная дзяўчына: дзіцё, загубленае да хрышчэння ці праклятае ў чэраве маткай. Часцей за ўсё Кікімары месцяцца там, дзе адбылася забойства ці праклён дзіцяці. Уначы з-пад печкі могуць вылезці малыя, скурчаныя, у вялізных ботах злыдні і нарабіць сапраўдны вэрхал. Кікімара – вельмі старажытны дух, але ў час запісаў фальклору – у ХІХ ст. – ужо не асабліва шкодны. На Беларусі і Украіне яе звалі Мара. Слова Кікімара ўзнікла ад прыстаўлення рускага слова «кіка» ў значэнні птушынага крыку да самастойнага слова «мара». Рускія лічылі, што дух быў шкодны для хатняй птушкі, але ў цэлым у Расеі ён захаваўся мала. У беларусаў і ўкраінцаў гэта лёгкі, як пух, лятучы, празрысты дух, прывід, а ў рускіх – змрочны, грубы, які днём сядзеў за печчу, а па начах шкодзіў. Асабліва Кікімара шкодзіць у «страшныя вечары» (на Каляды) ці нават у адну ноч пад Новы год: тады Яна трэпле і паліць кудзелю, стрыжэ авечак. Увогуле яе часта бачылі за кроснамі.

Гэта дало падставу даследчыкам міфалогіі наблізіць Мару да грэчаскай Мойры – багіні лёсу, што прала нітку чалавечага жыцця. Мара мучыць чалавека ў час сну: душыць, ад яе нямеюць рукі і ногі, цяжка дыхаць. У некаторых мясцінах лічылі, што канкрэтнага вобліку яна не мае, а прымае выгляд розных жывёл і птушак. На Беларусі і Украіне чучала Мары 1 сакавіка насілі па вуліцах і спальвалі як увасабленне зімы. Пад страхой можа жыць Хут – той, хто носіць гаспадару золата і любіць яечню. Не будзем забывацца, што уся гэта міфалагічная супольнасць жыве на плошчы крыху болей за 20м2, побач з сям'ёй з 5-6 чалавек.

4. Духі гаспадарчых пабудоў.

Кожны будынак сядзібнага комплексу мае свайго нячысціка, які функцыянальна звязаны з ім. У хляве знаходзіцца Хлеўнік, якога іншым разам лічаць дамавіком, што жыве ў хляве — ці прыблудным дамавіком. Як і ўсялякі нячысцік, хлеўнік — гаспадар сваёй тэрыторыі, куды не пускае нікога, але і сам не выходзіць за яе межы. Яго ўвага, перадусім, звернутая на коней (іншым разам ён завецца Коннік), буйную рагатую скаціну і авечак. Калі жывёла, у першаю чаргу коні, прыйшлася хлеўніку даспадобы, ён песціць яе, калі не — ганяе ўначы да поту і страты сіл. Хлеўнік не трывае бруднага хляву, дзе ён можа нават загінуць. Каб пазбавіцца ад злога хлеўніка, над дзвярыма вешаюць забітую сароку.

Лазнік (па-руску Банник) жыве ў лазні, з якой былі звязаны многія падзеі ў жыцці продкаў: якраз тут адбываліся ў жанчын роды, тут дзяўчат мылі перад вяселлем. І хоць лазня мые, парыць, часта лечыць, тым не менш яна заўсёды лічылася нячыстым месцам, а пасля апоўначы нават небяспечным і страшным. Тут жыве нячысты дух, які пасяляецца за каменкай, але часцей пад палком. Лазнік заўсёды мыецца пасля ўсіх. Звычайна ж колькасць тых, хто мыўся, раздзялялася на тры чаргі, таму «чацвёртага пару» ўсе баяліся, лічылі, што гэта час Лазніку мыцца, і ён пачынае злавацца: пырскае кіпенем, кідаецца камянямі з каменкі. Калі не збегчы ўмеючы – задам наперад, – то і ўвогуле можа ашпарыць. Людзі раней мыліся гадзін да сямі вечара. А пазней, лічылі яны, мыюцца чэрці, лесавікі, гуменнікі і самі лазнікі. Калі хто-небудзь пойдзе вечарам у лазню, то жывым не выйдзе: нячысцікі задушаць, а людзям здасца, што ўгарэў.

Лазніку прыносяць пачастунак – хлеб з соллю. А яшчэ лепш – чорную курыцу. Калі будуюць новую лазню, такую курыцу душаць і закопваюць пад ганкам лазні. Звычайна падарожнікі баяліся начаваць у лазнях – лепш спаць у стозе, пад хлевам ці пад кустом. Перад вяселлем нявесту абавязкова вялі ў лазню. Многае са старажытнага абраду забылася, але сэнс яго быў у сімвалічным шлюбе з Лазнікам, а яшчэ раней – з богам вады (у неверагоднай старажытнасці людзі лічылі, што зацяжарыць можна ад вады). Лазнік – дастаткова шкодны дух. Калі ў сядзібе ёсць лазня, дык там селіцца лазнік – адзін з непажаданых, па ўяўленням сялян, нячысцікаў. Ён жыве пад палком, любіць мыцца, для чаго яму трэба пакідаць ваду і венік. Дзейнасць лазніка – цалкам дэструкцыйная. Ён пужае тых, хто мыецца, а ў тых, хто застаўся апасля палуначы, можа кідаць каменні, нават забіць. Апошняя здрада лазніка гаспадарам – спальванне лазні. А яшчэ лазнік можа, па недаглядзе бацькоў, выкрадаць малых дзяцей.

Яшчэ горшы – Гуменнік (Еўнік). На гумне жыве гуменнік – дзядок малога росту, які дапамагае сушыць і малаціць збожжа. Адзіны забабон – з ім нельга размаўляць. Калі ў гумне ёсць ёўня, там паселіцца ёўнік – самы брудны нячысцік культурнай прасторы, які, пры добрых адносінах з гаспадаром, будзе дапамагаць яму пры сушцы снапоў. Цікава, што ёўнік не баіцца агню, ад якога часта згарала ёўня. У ваколіцах вёскі звычайна стаялі асеці, ці сушні (еўні, гумны). У паўзмроку і асабліва ноччу іх няўклюдная забудова настройвала чалавека на фантастычны лад, часта ўзбуджаючы страх. Сушні часта гарэлі. Гэта няшчасце, натуральна, прыпісвалі нейкаму шкоднаму духу. Паказваецца ён, у адрозненне ад Дамавіка, надзвычай рэдка. Сам падобны да велізарнага ката – чорнага, лахматага, з вачыма, як вуголлі; умее брахаць па-сабачы, рагоча не горш за Лесавіка. Яго задача: сачыць, ці правільна кладуць снапы і топяць гэтыя сушні, бо іх неабходна добра высушыць.

Хоць Еўнік і лічыцца дамавым духам, але самым злым з усіх – яго цяжка задобрыць. Калі ён раззлуецца, тады нічога не дапамагае. Гавораць, ёсць адзін спосаб: вывернуць кажух навыварат, узяць качаргу і сцерагчы Яго ў ноч пад свята Агафона-гуменніка (22 жніўня). У некаторых рэгіёнах так яго баяцца, што па аднаму не заходзяць у гумно.

На пуні жыве Пуннік, які не выносіць вільгаці. Акрамя названых чалавекападобных нячысцікаў, у сядзібных забудовах жывуць паўночнікі – нячысцікі невядомага аблічча, прыблуднікі, якія варагуюць з мясцовымі нячысцікамі. Асноўны іх занятак – уначы палохаць людзей.

Лекцыя 10. Беларуская дэманалогія.

План.

1. Паняцце дэманалогіі. Класіфікацыя істот ніжэйшай міфалогіі.

2. Вышэйшыя нячысцікі. Чорт.

3. Чалавекападобныя дэманічныя істоты (перавэрцень, вупыр).

Літаратура.

1. Никифоровский, Н. Я. Нечистики / Н. Я. Никифоровский. – Вильно : Губерн. Типо-Литограф., 1907. – 465 с.

2. Романов, Е. Р. Белорусский сборник / Е. Р. Романов. – Вильно : Тип. А. Г. Сыркина, 1912. – Вып. 8–9: Быт беларуса. – 411 с.

3. Сержпутоўскі, А. К. Русальная нядзеля. Прымхі і забабоны беларусаў-палешукоў / А. К. Сержпутоўскі. – Мінск : Выш. шк.,2009. – 478 с .

4. Фалалеева, Т. А. Дэманалагічная сітэма ў кнізе М. Я. Нікіфароўскага «Нячысцікі» / Т. А. Фалалеева // Личность-слово-социум : материалы ІІ Междунар. науч.-практ. конф., 17–19 апреля 2002 г., Минск / отв. ред. Т. А. Фалалеева. – Минск : ИСЗ, 2002. – С. 8–11.

1. Паняцце дэманалогіі. Класіфікацыя істот ніжэйшай міфалогіі.

Дэманалогія – комплекс міфалагічных уяўленняў і вераванняў пра нячыстую сілу (злыя духі, чорт і т.п.), уласцівай «не тутэйшаму» свету і якая ўзаемадзейнічае з чалавекам. У дэманалогіі беларусаў пераплеценыя паганскія і хрысціянскія вераванні, кніжныя ўяўленні аб дуалізме боскага і д’ябальскага пачаткаў, аб стварэнні дэманаў самім Богам ці Д’яблам і народныя – пра паходжанне дэманаў ад самагубцаў і людзей, памерлых ненатуральнай смерцю, ад дзяцей, памерлых да хрышчэння, выкрадзеных лесавіком, вадзяніком ці русалкай. Сістэма міфалагічных уяўленняў беларусаў уключае вялікую колькасць дэманаў, што адрозніваюцца адзін ад аднаго месцам і часам з’яхлення, знешнім выглядам, паводзінамі і сваімі «функцыямі» – характэрнымі дзеяннямі, скіраванымі на чалавека. Паводле народных павер’яў, дэманы жывуць у «нячыстых» і небяспечных месцах, з’яўляюцца ў сумежны час года ці дня, некаторыя дэманы «сезонныя»: русалкі з’яўляюцца падчас русальнага тыдня. Дэманы шматаблічны і зменлівы (лясун бывае вышэй за лес і ніжэй за траву), яны здольныя прымаць то антропаморфны (звычайна чэрці з рогамі, хвастом, капытом, шэрсцю), то зааморфны выгляд, то ўвогуле форму неадушаўлённых прадметаў і прыродных з’яў.

У сучаснай навуцы, якая вывучае ніжэйшую міфалогію, актуальнай застаецца праблема класіфікацыі істот народнай дэманалогіі – гэта агульная думка спецыялістаў (Вінаградавай, Талстога). Яны лічаць, што да гэтага часу даследчыкі так і не змаглі распрацаваць фундаментальную тэарэтычна абгрунтаваную навуковую класіфікацыйную схему, у межах якой было б магчыма згрупаваць шматлікія персанажныя тыпы. У фалькларыстыцы канца XIX – пачатку XX стст. карыстаюцца апісальнымі класіфікацыямі (Шпілеўскі, Раманаў, Багдановіч, Сержпутоўскі), у той час як існуе строгая іерархічная сістэма Нікіфароўскага, якая адлюстроўвае і статус дэманічнай істоты у гэтай іерархіі і ў сістэме сусвету, і палажэнне чалавека ў адносінах да гэтай сістэмы. У класіфікацыі істот ніжэйшай міфалогіі М. Я. Нікіфароўскі выдзяляе чатыры катэгорыі нячысцікаў: Люцыпар, пякельнікі – першая катэгорыя; вольныя нячысцікі (паўсюднікі) – другая катэгорыя, чалавекападобнікі – трэцяя катэгорыя; дэманападобнікі – чацвертая катэгорыя.

У яго структуры на першым узроўні: увасабленне страху чалавека перад дэманічнымі сіламі прыроды (менавіта тут праяўляюцца рэшткі анімістычнага асэнсавання сусвету), дзе чалавек сутыкаецца з варожым антаганістычным светам, і нячысцік – сінонім слоў «злы, чужы, вораг». На гэтай ступені нячысцікі выступаюць як увасабленне абсалютнага зла і, такім чынам, не могуць быць удзельнікамі ніякай дамовы паміж імі і чалавекам, якая б вяла да дабра. Нячысцікі сеюць дурныя думы, хваробы; разбураюць сацыяльныя і грамадскія устоі. Іх свет – агідная пародыя на чалавечы свет. І калі свет чалавека «свой, добры», то свет нячысціка – «чужы, злы, варожы».

Гэты узровень уключае першыя дзве катэгорыі нячысцікаў і мае строгую іерархію, дзе у першай катэгорыі – Люцыпар (Анчыпар), які есць заканадаўца і суддзя у дэманічным грамадстве; яго служкі пякельнікі, пазбаўленыя вольнага жыцця і зносін з іншымі нячысцікамі. У другой катэгорыі вольныя нячысцікі (паўсюднікі), мэта якіх – нізвесці чалавека, запаланіць яго душу. Паўсюднікі па–рознаму ставяцца да сваіх абавязкаў, хто вельмі стараннна (паветрыкі), хто абыякава (шатаны, цмокі). Увогуле ж, аснова іх адносін да чалавека адмоўная. Такая ж аснова адносін і паміж самімі нячысцікамі: бо яны сочаць за чалавекам, імкнуцца выкарыстаць любую магчымасць рабіць чалавеку зло, суіснуюць у дэманічным грамадстве: сярод іх пануе беспрынцыпнасць, зайздрасць, злосць, здрада.

На другім узроўні чалавек ужо прама называе нячысціка, чаго ніколі раней не рабілі продкі. Больш таго, глядзіць на зносіны паміж людзьмі праз прызму адносін да нячысцікаў. На гэтым узроўні магчыма дамова паміж чалавекам і нячысцікам, і не раз нячысцікі дапамагаюць людзям, да таго ж сярод іх ёсць і такія, хто набывае чалавечае аблічча. На гэтым узроўні існуе трэцяя катэгорыя нячысцікаў – чалавекападобнікі, якія ўпалі на зямлю і засталіся на ёй. Чалавек не страшыцца зносін з імі, наадварот, ён вымушаны паўсюдна сутыкацца з імі: у хаце, у полі, у лесе, у хляве і г. д. У гэтых сутыкненнях ужо чалавек пануе над наваколлем і над нячысцікамі. «Свой, добры» чалавечы свет ён супрацьпаўстаўляе свету нячысцікаў, але ужо не баіцца яго.

На трэцім узроўні здзяйсняюцца зносіны паміж людзьмі і нячысцікамі, у выніку якіх чалавек па ўласным сваім жаданні прымае сатанінства ад нячысцікаў і сам прыпадабляецца да іх, нават набывае адметны матэрыяльны вобраз ворага: хвост, поўсць, іклы і г. д. На гэтым узроўні знікаюць антаганістычныяадносіны паміж дэманападобнікамі (чацвёртая катэгорыя) і нячысцікамі: чалавек сам пераўтвараецца ў нячысціка.

 2. Вышэйшыя нячысцікі. Чорт.

Вышэйшы ў іерархіі нячысцік называўся Люцыпар, Сатон, Анцыпар, Д’ябал. Увогуле, казаць імя нячысціка, а таксама слова чорт, лічылася забабонным, бо гэта адразу выклікала ўвагу цёмных сілаў. Імя ў міфалогіі мае магічнае значэнне і атаясамліваецца непасрэдна з названай істотай. Таму, напрыклад, і немаўлятка ніколі не называлі па імені, а казалі: лялька. Генезіс вышэйшага нячысціка добра вядомы: за спробу братання ці бунта супраць Бога ён быў (разам са сваімі паплечнікамі) скінуты на зямлю. І нячысцікі засталіся там, куды пападалі – хто бліжэй да чалавечага жытла, той набыў больш чалавечых рысаў і зрабіўся чалавекападобнікам, хто далей – той займеў больш «прыродныя» рысы.

Як можна меркаваць па беларускім матэрыяле, вышэйшы нячысцік меў дзве асноўныя іпастасі. Найбольш часта ўзгадваецца той нячысцік, што сядзіць у пекле, прыкаваны там дванацаццю ланцугамі. Паступова ён абрывае іх адзін за адным, аднак, перад Вялікоднем, яны ўзнаўляюцца і ўсё пачынаецца спачатку. Тым не менш, нячысцік, а клічуць яго часцей за ўсё Люцыпар, знаходзіцца ў курсе ўсіх спраў, што робяцца на зямлі адпаведна з яго воляй і загадам. Характэрна, што раней, ён, як і Бог у беларускай традыцыі, вольна хадзіў па свеце. Люцыпар – гэта «сатанінскі гігант» з жалезнай каронай, прыбітай да галавы цвікамі, з жалезным трызубцам ці віламі ў руцэ. Пры выдыху з яго выбухаюць вогненныя сполахі, што губяць усё навокал. Як можна меркаваць, асноўная функцыя Люцыпара – кіраванне і «тэхнічная» распрацоўка подлых спраў на зямлі.

Наступная, блізкая да папярэдняй, версія галоўнага нячысціка (старшага Чорта) – звязаная з яго перабываннем на дне недаступнай дрыгвы, адкуль ён кіруе чарцямі: выпрацоўвае планы, рассылае сваіх падначаленых па ўсёй зямлі, выслухоўвае справаздачы і карае вінаватых. Гэта больш актыўны, дзейны вобраз вышэйшага нячысціка, які ў большай ступені набліжаецца да біблейскага Сатаны. Хаця і ў гэтым выпадку звяртае ўвагу, што вышэйшы нячысцік у беларускай традыцыі выразна лакалізаваны. У абмежаванні функцыянальнай дзейнасці галоўнага нячысціка загадамі і кіраўніцтвам, праяўляецца мясцовая інтэрпрэтацыя біблейска-хрысціянскай дэманалогіі.

Калі меркаваць па фрагментарных дадзеных, дык менавіта Чорт і Д'ябал актыўна дзейнічаюць на зямлі, а за Люцыпарам застаецца роля прарадзіцеля нячысцікаў. Чорт як від разбіваецца на чарцей, чартовак і чарцянят. Яшчэ адна класіфікацыя функцыянальная і звязаная са знешнім абліччам нячысціка – чорт з балота, лесавы, смаляны, кашлаты, кульгавы, з лапамі. Хрысціянска-паганскі сінкрэтызм назіраецца ва ўключэнні ў лік чарцей язычніцкіх персанажаў: дамавіка, кадука, хлеўніка, – але гэтая з'ява не мае сістэматычнага характару і выяўляецца хутчэй адно на ўзроўні згадак імёнаў.

Знешняе аблічча чорта дастаткова традыцыйнае – гэта казлападобная істота з рожкамі, капытамі, хвастом, ад якіх ён не можа пазбавіцца нават пад час пераўвасаблення. Яго магчымасці досыць шырокія: ён можа пераўтварыцца ў любы прадмет, любую істоту, у тым ліку і чалавека (на Беларусі чорт у чалавечым абліччы меў нямецкую вопратку). Асноўныя жывёльныя метамарфозы чорта на Беларусі – чорны казёл, баран, кот, певень, сава, няясыць. Мог чорт абярнуцца капой сена, вязкаю гарошын і нават сомам ці нейкім карлікам на дручку. Звычайнае яго месца – з левага боку чалавека.

Магчымасці чорта вялікія, але яны абмежаваныя. Чорт можа падслухоўваць думкі чалавека ды і ўвогуле добра ведае чалавечаю псіхалогію. Ён не шкадуе грошай, але ў руках таго, хто імі спакусіцца, яны пераўтвараюцца ў чарапкі. У пэўнай ступені чорт валодае веданнем будучыні, але, як і вышэйшы нячысцік, ён не здольны на абсалютнае прадбачанне. Разам з тым, чорт мае шмат слабіны. Нават просты чалавек, які мае досціп, можа яго падмануць і атрымаць тое, што пажадае. Калі чалавек упарта трымаецца дабра, дык нават вышэйшыя нячысцікі нічога не могуць з ім зрабіць. Фармальна чорт бессмяротны. Праўда, раз у колькі гадоў ён перажывае змену скуры (нешта накшталт лінькі), што бывае досыць балюча. Разам з тым, здараецца, што чэрці гінуць – перш-наперш ад стрэл Пяруна (прарока Іллі). Да таго ж яны вельмі пакутуюць ад сакральнага начыння – дыму ладану, крыжа, вельмі баяцца свянцонай вярбы, хроснага знамення. Чорту нельга бываць там, дзе расце лён, каноплі, пшаніца, з якіх робяць алей і прасфоры для царквы. Досыць многа гіне толькі што народжаных чарцянят – часта ад паўдзённага ці паўночнага крыку пеўня: ён рассякае іх папалам. Чорта можна і параніць, калі кінуць нож у віхор пылу.

Характар чорта досыць складаны і не вымяраецца выключна паняццем абсалютнага зла і нянавісці да чалавека. Канешне, прырода, а таксама жорсткая канкурэнцыя паплечнікаў змушае нячысціка заўсёды мець на ўвазе канцовую мэту – авалоданне душой чалавека праз заключэнне з ім хаўрусу. Проста напаскудзіць чалавеку ці забіць яго чорту нецікава. Ён шукае больш вытанчанай асалоды, чым асалода нянавісцю. Таму нячысцік вельмі любіць гаворкі з людзьмі, падманы, здзекі з сквапнасці і глупства чалавека. Асобны аб'ект жартаў чарцей – п’яныя людзі і прадметы распусты – гарэлка, келішкі, тытунь.

3. Чалавекападобныя дэманічныя істоты (перавэрцень, вупыр).

Апошняя група, што злучае культурную і прыродную прастору – пярэваратні: ваўкалакі і вупары. Ваўкалакі бываюць двух тыпаў: тыя, што зрабіліся ваўкалакамі свядома (калдуны) і пад прымусам. Калдун ператвараецца ў ваўка перакульваннем праз нажы ці асінавы пень дзеля помсты, прычынення шкоды. Ператвораны чалавек – ахвяра помсты калдуна; досыць папулярны на Беларусі сюжэт пра ператвораны ў ваўкоў вясельны поезд. Прымусова зроблены ваўком чалавек можа зноў набыць страчанае аблічча з дапамогай блізкага чалавека ці калі скончыцца наканаваны тэрмін. Такі ваўкалак адрозніваецца ад звычайнага ваўка: ён мае вялікаю галаву, харчуецца рэшткамі чалавечай вегетарыянскай ежы, імітуе чалавечыя звычкі, цягнецца да чалавечага жылля, жыве адзін, без статка.

Вупыр – нябожчык калдун ці чалавек, што меў сувязь з нячысцікамі – высмоктвае з сэрца чалавека кроў. Вупыр не заўсёды крыважэрны – ён можа прыходзіць уначы да сваёй былой жонкі і жыць з ёй. Асноўны сродак супраць вупыра – асінавае палена, якім яго можна, падкаравуліўшы, забіць, ці асінавы кол, які заганяюць яму ў грудзі, выкапаўшы труп і адсекшы галаву. Забіць вупыра можна і срэбнай куляй.

Да дэманалогіі можна аднесці вядзьмарак і ведзьмакоў – прадстаўнікоў нечысці, што жывуць у самым сэрцы культурнай прасторы. Аднак гэта заўсёды рэальныя людзі, што маюць чарадзейныя здольнасці – пераўтварацца ў іншых істот, кіраваць надвор’ем, насылаць хваробы, лётаць на сходы нячысцікаў, сыходзіцца з імі як палюбоўніцы.

Беларуская дэманалогія складаецца з язычніцкага і біблейска- хрысціянскага пластоў, якія ў пэўнай ступені сепаруюцца. Для асноўных дзеючых асобаў аўтэнтычнага дэманалагічнага космасу ўласцівая дакладная тэрытарыяльная лакалізацыя.

РАЗДЗЕЛ ІІ. ТЭМАТЫКА І ЗМЕСТ СЕМІНАРСКІХ ЗАНЯТКАЎ

Занятак 1. Гісторыя вывучэння міфалогіі:

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]