Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
история вся.docx
Скачиваний:
39
Добавлен:
15.04.2019
Размер:
426.97 Кб
Скачать

1.Гісторыя (грэч. historia – апавяданне аб мінулых падзеях, аб тым, што пазнана, даследавана) ці гістарычная навука – навука аб заканамернасцях разгортвання ў прасторы і часе сусветна-гістарычнага працэсу як раўнадзейнных унутрыструктурных і міжструктурных узаемадзеянняў этнапалітычных супольнасцей, якія з’яўляюцца носьбітамі своеасаблівасці гэтага развіцця.

Унутраная аснова гістарычнай навукі – гэта збіранне фактаў, іх сістэматызацыя і разгляд у сувязі аднаго з другім. Але гісторыкі пазбаўлены магчымасці эксперыментальна паўтарыць мінулае, і вымушаны весці даследванне ва ўмовах, калі маса абставін зацямняе сутнасць вывучаемых з’яў.

Аб’ект гісторычнага аналізу – уся сукупнасць з’яў грамадскага жыцця на працягу ўсёй гісторыі грамадства, гэта эканамічныя, сацыяльныя, культурныя мадэлі (тыпы), у якія арганізуецца дзейнасць людзей, механізмы функцыянавання, узаемадзеяння і ўзаемаўздзеяння гэтых сістэм. Гістарычная навука ў параўнанні з іншымі грамадска-гуманітарнымі навукамі выступае як навука комплексная, інтэгральная.

Назапашванне гістарычных ведаў пачалося ў глыбокай старажытнасці і вялося шляхам вусных перасказаў. Пісьмовыя помнікі з’явіліся толькі на мяжы 4-3 тясячагоддзяў да н.э. Значны ўклад у выпрацоўку гістарычных уяўленняў зрабілі антычныя гісторыкі, менавіта з іх пачынаецца сучасная гістарыяграфія. Станаўленне гісторыі як навукі завяршылася ў канцы XIX стагоддзя і было звязана з імёнамі К.Сен-Сімона, А.Цьеры, Г.В.Ф.Гегеля, К.Маркса і інш.

Гісторыя Беларусі – навука маладая. Станаўленне гістарычных ведаў на Беларусі на ўзроўні навуковага асэнсавання адбылося ў XIX ст. Станаўленне гісторыі Беларусі звязана ў першую чаргу з імёнамі прафесараў Віленскага ўніверсітэта М.К.Баброўскага, І.М.Даніловіча, а так сама іншых навукоўцаў – Я.П. і К.П. Тышкевічаў, А.К.Кіркора, А.П.Сапунова, М.В.Доўнар-Запольскага. У 1930-1980-я гады ў савецкай гістарычнай навуцы панаваў дагматычны марксізм-ленінізм, што прывяло да палітызаванасці гісторыі. Пераважнае месца ў навуковых распрацоўках і выкладанні мела гісторыя ўсёй савецкай джзяржавы – СССР. З набыццём Беларусью незалежнасці вырасла цікавасць менавіта да нацыянальнай гісторыі. А ў апошні час развіццё ведаў па гісторыі Беларусі дазволілі пазбегнуць празмерна рэзкіх і канфрантацыйных ацэнак тых ці іншых гістарычных падзей, якія панавалі як у савецкія часы, так і ў пачатку 90-х гадоў.

Гісторыя як навука выконвае цэлы шэраг функцый, сярод іх можна вылучыць прагматычную, цэнасную, культурную, фундаментальную і светапоглядную.

Прагматычная функцыя ўключае ў сябе акумуляцыю, прапаганду і практычную перадачу вопыту гістарычнага развіцця. Крытычнае ўспрыманне мінулага вопыту дапамагае даследчыку зразумець і асэнсаваць, якія матэрыяльныя і маральна-этычныя нормы мінулага перайшлі ў сучаснае, у якіх выпадках страчаная сувязь павінна быць адноўлена і ад якіх элементаў грамадскіх адносін трэба адмовіцца. Дадзеная функцыя дазваляе даследаваць розныя, іншы раз і супрацьлеглыя шляхі развіцця грамадства ў перспектыве.

Каштоўнасная функцыя заключаецца ў аналізе і тэарэтычным абагульненні фактаў з улічам маральнай ацэнкі мэт, шляхоў, сродкаў і вынікаў грамадскага развіцця з боку даследчыка. З дапамогай гэтай функцыі ў чалавека фарміруюцца грамадзянскія якасці, ен можа ўбачыць хібы грамадства, суаднесці класавыя і сацыяльныя інтарэсы з агульначалавечымі. Культурная функцыя вызначаецца сацыяльнай памяццю. Гэта дазваляе зберагчы пераемнасць у гістарычным працэсе. Назапашванне ў сацыяльнай памяці гістарычных ведаў робіць агульным здабыткам метады і інструменты грамадскага развіцця, знаёміць з альтэрнатыўнымі формамі і мадэлямі грамадскага ладу. Менавіта на гістарычнай непісьменнасці шырокага кола людзей заўсёды спекулявалі прыхільнікі догмаў аб грамадстве. Фундаментальная функцыя ўключае ў сябе акумуляцыю, аналіз і першасную тэарэтычную апрацоўку шматбаковай гістарычнай інфармацыі. Новыя гістарычныя веды спрыяюць навуковаму абгрунтаванню новых і канструктыўнай крытыцы існуючых гістарычных тэорый. Светапоглядная функцыя. Сутнасць гэтай функцыі ў тым, што гісторыя ў спалучэнні з гістарычнымі тэорыямі ўяўляе сабой філасофію гістарычнага развіцця, а на аснове гістарычных ведаў фарміруецца логіка і стыль мыслення канкрэтнай асобы.

Як педагагічная дысцыпліна, гісторыя выконвае наступныя функцыі:

· на канкрэтных прыкладах дапамагае засвоіць эканамічную, палітычную, сацыялагічную і інш. тэрміналогію;

· фарміруе гістарычнае мысленне, дае яму рэалізм і маштабнасць.

Фармацыйны і цывілізацыйны падыходы да вывучэння гісторыі.

Існуе 2 падыхода да вывучэння гісторыі-фармацыйны і цывілізацыйны.Згодона з фармацыйным падыходам (Ф.Энгельс,К.Маркс,Ленін) чалавецтва прайшло шэраг фармацый:

1)першабытна-абшчынная

2)рабаўладальніцкая

3)феадальная

4)капіталістычная

5)камунізм

6)сацыялізм

У аснове гэтых фармацый Маркс і яго паслядоўнікі паклалі вытворчасць матэрыяльных багаццяў на працягу цэлай гістарычнай эпохі.

Цывілізацыйны-Макс Вэбер,Оспальт Шпенглер,К.Ясперс і іншыя.Аснову канцэпцыі складае ідэя,што цывілізацыя і грамадства звязаны ў першую чаргу з развіццем навукі,культуры і рэлігіі такімі нематэрыяльнымі паняццямі-духоўнасць,”дух народа”.

2.Прадмет вывучэння гісторыі Беларусі.

Самаадданая праца беларускага народа, матэрыяльныя і духоўныя набыткі бацькаўшчыны, войны, рэвалюцыі, гісторыя дзяржаўнасці, развіццё нацыі - усё гэта з'яўляецца прадметам гісторыі нашай Айчыны. Адначасова прадметам курсу з'яуляецца працэс цывілізацыйнага развіцця народаў іншых краін. Бо без гэтага немагчыма навуковае асэнсаванне месца і ролi беларусаў у агульнай гiсторыi чалавецтва.

Крыніцы,гістарыяграфія і праблема яе перыядызацыі.

Гісторыя Беларусі вывучаецца на падставе даных разнастайных гістарычных крыніц.Гістарычныя крыніцы-пісьмовыя дакументы,прадметы матэрыяльнай і духоўнай культуры,якія непасрэдна адлюстроўваюць гістарычны працэс і даюць магчымасць вывучаць мінулае чалавечага грамадства.Гістарычная дысцыпліна,якая распрацоўвае тэорыю і методыку вывучэння і выкарыстання гістарычных крыніц(у асноўным пісімовых),называецца крыніцазнаўствам.

Гістарычныя крыніцы падзяляюцца на 6 асноўных груп:археалагічныя,этнаграфічныя,лінгвістычныя,вусныя,пісьмовыя і кіна-,фота-,фонакрыніцы.Асабліва важнае значэнне маюць пісьмовыя крыніцы.Сярод іх-заканадаўчыя акты(Руская праўда XI ст.;дагаворы Русі з грэкамі 907,911 і 944гг.;прывілеі,якія выдаваліся вялікімі князямі літоўскімі і каралямі РП,а таксама агульназнмскія і абласныя прывелеі;Судзебнік Казіміра 1468г.;Статуты ВКЛ 1529,1566 і 1588гг.;уніі ВКЛ і РП;законы,маніфесты,палажэнні,указы,рэскрыпты ўрада Расійскай імперыі;акты заканадаўчых і выканаўчых органаў БССР і СССР,РБ і г.д.

Да пісьмовых крыніц адносяцца матэрыялы справаводства.Гэта-“Літоўская метрыка”-дзяржаўны архіў ВКЛ;сеймавыя матэрыялы XVI-XVIIIстст.(напрыклад,”Дзеннік Люблінскага сейма 1569”);матэрыялы судовых устаноў ВКЛ(актавыя кнігі); дакументацыя дзяржаўных устаноў,прадпрыемстваў,банкаў,а таксама палітычных партый і грамадска-палітычных арганізацый мінулага і сучаснага.

Спецыфічны тып дакументаў уяўляе з сябе комплекс эканоміка-геаграфічных,гаспадарчых і статыстычных апісанняў XVI-XX стст.Сярод іх гаспадарчыя апісанні XVI-XIXстст.(пісцовыя кнігі,інвентары);эканоміка-геаграфічныя і гаспадарчыя апісанні канца XVIII-XIXст.(матэрыялы генеральнага межавання канца XVIIIст.,інвентары памешчыцкіх маенткаў першай паловы XIXст.,ваенна-тапаграфічныя апісанні);пазямельныя даследванні,ваенна-конскія перапісы,спісы фабрык і заводаў,перапісы насельніцтва(напрыклад,”Первая всеобщая перепись населения Российской империи 1897 года”,усесаюзныя перапісы насельніцтва 1923,1926,1937,1939гг.і інш).

Адной з найважнейшых гістарычных крыніц з’яўляюцца летапісы.Сярод іх Аповесць мінулых гадоў(XIIст.),Лаўрэнцьеўскі,Іпацьеўскі,Радзівілаўскі(Кенігсбергскі) летапісы,Летапісец вялікіх князеў літоўскіх,Беларуска-літоўскі летапіс 1446г.,Хроніка ВКЛ і Жамойцкага,Хроніка Быхаўца(XV-Xiстст.),Баркулабаўскі летапіс (канец XVI-пачатак XVIIст.),Магілеўская і Віцебская гарадскія хронікі.

Да гістарычных крыніц адносяцца мемуары і дзеннікі.Часта яны з’яўляюцца адзіным сведчаннем,якое дае ўяўленне аб той ці іншай падзеі або факце.

У якасці гістарычных крыніц могуць выкарыстоўвацца і літаратурныя творы.Гераічная,часам трагічная гісторыя беларускага народа яскрава адлюстроўваецца ў творах В.Дуніна-Марцінкевіча,Я.Купалы,Я.Коласа,К.Крапівы,П.Броўскі,І.Мележа,І.Шамякіна і іншых выдатных беларускіх пісьменнікаў і паэтаў.

У новы і найноўшы час беларускай гісторыі важнае значэнне набыў перыядычны друк.Ен адрозніваецца разнастайнасцю палітычнага спектра і аператыўным распаўсюджваннем інфармацыі аб падзеях і фактах у жыцці Беларусі і за яе межамі.

Асобную і вельмі важную групу гістарычных крыніц складаюць прадметы вытворчай гаспадаркі(прадметы і сродкі працы,прадукты вытворчасці) і творы мастацтва(пабудовы,скульптуры,карціны і г.д).Створаныя людзьмі,яны сведчаць не толькі аб ўзроўні прафесійнага майстэрства іх аўтараў,але і аб ступені развіцця матэрыяльнай і духоўнай культуры грамадства.

Гістарыяграфія гісторыі Беларусі.

Гістарыяграфія-літаральна апісанне гісторыі.Сэнс гэтага паняцця зводзіцца да наступнага:1)гісторыя гістарычнай навукі(накапленне гістарычных ведаў,рознае тлумачэнне гістарычных ,змена метадалагічных накірункаў у гістарычнай навуцы і інш.);2)сукупнасць гістарычных даследаванняў,прысвечаных пэўнай эпосе (гістарыяграфія эпохі феадалізму(капіталізму),тэме ці перыяду(гістарыяграфія гісторыі рабочага класа Беларусі XIX-XXстст.),ці сукупнасць гістарычных работ,аб’яднаных агульнымі рысамі:тэарэтычнымі(ліберальна-буржуазная,дэмакратычная,марксісцкая гістарыяграфія і інш.),нацыянальнымі(беларуская,расійская,украінская,польская гістарыяграфія).

Першымі прафесійнымі гісторыкамі,якія заклалі падмурак канцэпцыі беларускай гісторыі,былі прафесары Віленскага універсітэта Анцэвіч,Баброўскі,Даніловіч,Ярашэвіч.Даніловіч упершыню апублікаваў Статут ВКЛ 1529 і іншыя крыніцы па гісторыі Беларусі.Ярашэвіч апублікаваў таксама фундаментальнае даследванне “Вобраз Літвы з пункту гледжання цывілізацыі ад найстаражытнейшых часоў да канца XVIIIст.”.Вывучэннем гісторыі ВКЛ,пошукамі і апрацоўкай матэрыялу для “Актов Западной России” займаўся Анацэвіч.

Браты Тышкевічы з’яўляюцца пачынальнікамі беларускай археалогіі,Даленга-Хадакоўскі-заснавальнікам беларускай фалькларыстыкі і мовазнаўства,Нарбут-аўтарам дзевяцітомнай “Гісторыі літоўскага народа”,Кіркор-вучоным і грамадскім дзеячам,Чачот-збіральнікам і выдаўцом(на польскай мове)народных песень.Вывучэнне айчыннай гісторыі звязана з імем беларускага археографа Грыгаровіча.Ен сабраў і на сродкі графа Румянцава выдаў “Белорусский архив древних грамот”,быў аўтарам гістарычнага даследвання “Беларуская іерархія”,прымаў удзел у выданні “Актов Западной России”.Аўтарам навуковых твораў “Путешествие по Полесью и Белорусскому краю”, “Белоруссия в характеристических описаниях и фантастических сказках” быў пісьменнік-этнограф Шпілеўскі.У 1855 у Санкт-Пецярбургу Без-Карніловічам былі выдадзены “Исторические сведения о примечательных местах Белоруссии…”,тэрыторыю якой ен абмяжоўваў Віцебскай і Магілеўскай губернямі,астатнія беларускія землі называў Літвой.

Важнай вехай у станаўленні і развіцці нацыянальнай гістарыяграфіі з’явілася кніга Ластоўскага “Кароткая гісторыя Беларусі”,якая ўбачыла свет у Вільні ў 1910г.Беларускі гісторык і этнограф Доўнар-Запольскі ў 1926г. падрыхтаваў фундаментальную працу “Гісторыя Беларусі”.

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі вучоны-гісторык і дзяржаўны дзеяч Савецкай Беларусі Ігнатоўскі выдаў працы па айчыннай гісторыі і манаграфію пра паўстанне 1863-1864гг.Яго “Кароткі нарыс гісторві Беларусі” ў 1920 гг. з’яўляўся падручнікам па айчыннай гісторыі для вучняў школ,а ”Гісторыя Беларусі XIX-пачатку XXст.”вывучалася ў вышэйшых навучальных установах.У 1920 гг.публікаваліся таксама навуковыя працы Турука,Пічэты,Цвікевіча,Луцкевіча,Гарэцкага,Жылуновіча і інш.У пачатку 1930-х гг.некаторыя гісторыкі былі рэпрэсіраваны,а іх працы на доўгі час трапілі ў спецсховішчы.

Дэмакратызацыя савецкага грамадства,якая пачалася з другой паловы 1950-х гг.,садзейнічала далейшаму развіццю беларускай гістарычнай навукі.У 1960-1980 гг. выйшлі ў свет манаграфіі,прысвечаныя актуальным праблемам айчыннай гісторыі,а таксама калектыўнай працы -двухтомная “История Белорусской ССР”(1961),пяцітомная “Гісторыя Беларускай ССР”(1972-1975),аднатомная “История Белорусской ССР” (1977).

Шматвяковы шлях беларускага народа ад сівой даўніны да нашых дзен на ўзроўні дасягненняў сучаснай навукі адлюстроўвае “Энцыклапедыя гісторыі Беларусі”(у 6 тамах),выдадзеная ў свет у 1993-2003гг.

У 1994-1995 Інстытут гісторыі Акадэміі навук Беларусі падрыхтаваў і выдаў “Нарысы гісторыі Беларусі”(у дзвюх частках),многія раздзелы якіх напісаны тэндэнцыйна і празмерна палітызаваныя.

У 2000-2002 выйшаў у свет курс лекцый “Гісторыя Беларусі”(у дзвюх частках).Першая частка,створаная гісторыкамі Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Я.Купалы,утрымлівае матэрыялы ад старажытных часоў да канца XVIIIст.,другая частка,падрыхтаваная гісторыкамі Беларускага дзяржаўнага універсітэта,ахоплівае падзеі новага і найноўшага часу.У 2001г. гродзенскімі гісторыкамі выдадзены вучэбны дапаможнік “Гісторыя Беларусі з 1795 да вясны 1917г”.У 2004 апублікаваны вучэбны дапаможнік Чыгрынава “История Беларуси.С древности до наших дней”,прызначаны студэнтам ВНУ.

У 2003 і 2006 выйшла ў свет Гісторыя Беларусі(у 2 частках) пад рэдакцыяй прафесараў Новіка і Марцуля,падрыхтаваная гісторыкамі кафедр гуманітарных дысцыплін ВНУ Мінска.На сенняшні дзень гэта адзіная ў рэспубліцы вучэбная кніга з грыфам падручніка для студэнтаў устаноў,якія забяспечваюць атрыманне вышэйшай адукацыі.

3.Першабытнае грамадства на тэрыторыі Беларусі

У некаторых месцах паўднёва-усходняй Беларусі знойдзены аднолькавыя каменныя (крамянёвага) вырабы архаічнага выгляду, якія датуюцца 100 - 35 тысячагоддзямі да нашых дзён. У гэты час Еўропу засялялі людзі даволі прымітыўнага тыпу - неандэртальцы. Аднак яны ўжо маглі вырабляць з крэмню прылады працы, валодалі членападзельнай мовай, пастаянна карысталіся агнём, будавалі сховы-жытлы. Менавіта неандэртальцы і рабілі спробы асвоіць непрыветныя абшары на ўзбярэжжах Дняпра, Сажа і Прыпяці.

Несумненныя сведчанні сталага засялення першабытным чалавекам паўднёвай Беларусі адносяцца да перыяду 27 - 24 тысячагоддзі назад, калі тут з'явіліся людзі сучаснага тыпу - краманьёнцы. Да гэтага часу адносяцца рэшткі доўгачасовых паселішчаў-стаянак, што захаваліся пад тоўшчамі земляных адкладаў у Юравічах Калінкавіцкага і каля Бердыжа Чачэрскага раёнаў.

Асноўным заняткам краманьёнцаў было загоннае паляванне, асабліва на мамантаў. З костак мамантаў, жэрдак і скур яны будавалі доўгачасовае жыллё з агнішчамі пасярэдзіне, запасы ежы захоўвалі ў ямах, выкапаных у вечнай мерзлаце, цела сваё прыкрывалі скураной вопраткай, што было неабходна ў суровым клімаце. Тагачасныя людзі выраблялі разнастайныя прылады працы і зброю - драўляныя дзіды, да якіх часам мацаваліся крамянёвыя наканечнікі, крамянёвыя скрабкі для апрацоўкі скур, разцы для работы па косці, нажы, праколкі. Некаторыя вырабы, асабліва іголкі, былі касцяныя. Пераважна з косці вырабляліся ўпрыгажэнні для цела і вопраткі. Жыхары познепалеалітычных стаянак выпрацавалі сістэму рэлігійных вераванняў, звязаных пераважна з паляўнічай магіяй, жаночай плоднасцю, уяўленнямі пра замагільнае жыццё. Існавала і мастацкая творчасць - з біўняў маманта выразалі фігуркі людзей і птушак, наразнымі ўзорамі арнаментавалі касцяныя вырабы, з зубоў і ракавінак майстравалі пацеркі. Мастацтва ў старажытнасці было непарыўна звязана з рэлігіяй.

Краманьёнцы, відавочна, былі арганізаваныя ў родавыя абшчыны, што аб'ядноўвалі у асноўным кроўных родзічаў. Важнае значэнне ў жыцці рода мела жанчына-маці, пра што сведчаць знаходкі жаночых статуэтак.

Каля 18 тысячагоддзяў назад ледавік дасягнуў раёнаў сённяшніх Гродна, Вілейкі, Оршы. На Беларусі ўсталяваліся настолькі неспрыяльныя кліматычныя ўмовы, што край зноў цалкам абязлюдзеў. Аднак у хуткім часе пачалося імклівае пацяпленне і праз тры тысячагоддзі лёд пачаў адступаць ад нашага Паазер'я. Узгоркі і раўніны краю, зазелянелыя тундравай расліннасцю, запаланілі статкі паўночных аленяў. Склаліся спрыяльныя ўмовы і для чалавечага існавання.

Першымі прыйшлі родавыя абшчыны паляўнічых на паўночных аленяў, згрупаваныя ў плямёны. Рэшткі іх жыццядзейнасці - жытлы, прылады працы, а таксама пахаванні, - якія вызначаліся ўзаемападабенствам, існавалі на пэўнай тэрыторыі і ў акрэсленым прамежку часу, вучоныя аб'ядноўваюць у археалагічныя культуры. Лічыцца, што такія культуры маглі адпавядаць плямёнам з блізкай мовай або падобнымі дыялектамі.

Старажытнейшымі з гэтай трэцяй хвалі засялення тэрыторыі Беларусі былі плямёны лінгбійскай (названа па стаянцы ў мясцовасці Лінгбі ў Даніі) і грэнскай (па ўрочышчы Грэнск каля в.Ворнаўка на Кармяншчыне Гомельскай вобл.) культур. Першыя прыйшлі з тэрыторыі Польшчы 12 тысячагоддзяў назад і занялі значную частку заходняй Беларусі і паўднёва-заходняй Літвы. Другія прыкладна ў гэты ж час, а можа нават крыху раней, прасунуліся ка наша Падняпроўе з поўдня, з Украіны. Некалькі пазней, у канцы познепалеалітычнага часу, у заходняй і цэнтральнай Беларусі і на суседніх тэрьггорыях Польшчы, Украіны і Літвы запанавала насельніцтва свідэрскай культуры (па стаянцы ў мясцовасці Свідры Вельке пад Варшавай). Свідэрцы адьнралі вялікую ролю ў далейшым гістарычным развіцці земляў як Беларусі, так і паўднёва-ўсходняй Прыбалтыкі.

Вымушаныя часта перамяшчацца ўслед за міграцыямі паўночных аленяў людзі канца палеаліту закладалі на зручных прыбярэжных участках, часам непадалёку бродаў, кароткачасовыя сезонныя пасяленні-стаянкі, дзе будавалі лёгкія жытлы тыпу сібірскіх чумаў. Яны ўдасканальвалі крамянёвыя вырабы, сярод якіх асабліва шмат было разцоў. Шырока выкарыстоўваліся рогі і косткі, з якіх майстраваліся пераважна сякеры і гарпуны. Апошнія ў асноўным ужываліся як паляўнічая зброя.

Пры раскопках стаянак сустракаюцца чаранковыя ліставідныя наканечнікі стрэл. Гэта сведчыць пра з'яўленне і распаўсюджванне лука, які стаў эфектыўнай дальнабойнай зброяй пры паляванні. Лук быў першым механічным прыстасаваннем, вынайдзеным чалавекам. Дзякуючы яму магла весціся не толькі калектыўная загонная, але і індывідуальная здабыча дзічыны.

Каля 10 тысячагоддзяў назад ледавік растаў нават у Скандынавіі. З канцом ледавіковай эпохі завяршыўся старажытнакаменны век. Пачаўся сярэднекаменны век - мезаліт.

Клімат усё больш лагоднеў і к канцу мезаліту (6 тысячагоддзяў назад) стаў нават цяплейшым, чым зараз. Край пакрыўся лясамі, дзе было шмат дзічыны, тысячы азёр поўніліся рыбай, балоты сталі птушыным раем. Паўночныя алені, прызвычаеныя да холаду, адвандравалі на поўнач. За імі адышла частка мясцовага насельніцтва. Рэшта ж засталася, дастасоўваючыся да новых умоў, у лясной зоне. Пачалі паляваць на лясную і балотную жыўнасць, лавілі рыбу, для чаго выкарыстоўвалі не толькі вуды, гарпуны і розныя пасткі, але і сеткі. З дрэва выдзёўбвалі чоўны. У сярэднекаменны век, асабліва ў яго канцы, адбыўся росквіт збіральніцтва "дароў прыроды".

У сярэдзіне мезаліту на землі Беларусі з поўдня і паўднёвага захаду пачало перасяляцца новае насельніцтва, якое карысталася прыладамі працы, састаўленымі з дробных рэтушаваных крамнёў, так званых мікралітаў. Ужывалі і буйныя крамнёвыя вырабы, найбольш сякеры.

З позняга палеаліту паходзяць толькі два паселішчы, пакуль што выяўленыя археолагамі на паўднёва-ўсходнім ускрайку Беларусі. У канцы палеаліту і ў мезаліце край наш нарэшце быў заселены цалкам, праўда, пакуль што па берагах буйнейшых вадаёмаў. На Дняпры, Прыпяці, Нёмане і іх значных прытоках знойдзены дзесяткі стаянак гэтага часу.

Рухомае, часта неўладкаванае жыццё як позняга палеаліту, так і мезаліту адлюстравалася ў характары першабытнага мастацтва. Касцяныя вырабы гравіруюцца дынамічнымі, наструненымі выявамі мужчын-паляўнічых і звяроў, пакрываюцца ломанымі, трывожнымі лініямі арнаментаў. К канцу мезаліту, з развіццём большай аседласці, мастацкі стыль набывае больш размераны і спакойны характар.

У 4-м тысячагоддзі да н.э. у развіцці першабытнага грамадства Беларусі пачынаецца заключны этап каменнага веку - неаліт. У гэты час, пераважна з нашчадкаў позне-мезалітычнага насельніцтва, пачынаюць фарміравацца супольнасці новакаменнага веку са сваёй адметнай матэрыяльнай і духоўнай культурай. Жыхары Беларусі навучыліся ляпіць гліняны посуд, які прызначаўся для гатавання ежы і захоўвання яе запасаў. У канцы эпохі ўжо выраблялі шліфаваныя каменныя прылады працы. Але галоўнае - у краі пачалі распаўсюджвацца прынцыпова новыя формы гаспадарання - земляробства і жывёлагадоўля. Яны значна папаўнялі запасы харчавання чалавека, рабілі яго больш незалежным ад прыроды. Усё гэта вяло да павелічэння колькасці жыхароў, а часам і да перанаселенасці і міграцый у пошуках урадлівейшых глеб. Змянялася матэрыяльная і духоўная культура, ускладняліся ўзаемаадносіны паміж чалавечымі калектывамі і асобнымі людзьмі.

Праўда, у адрозненне ад Паўднёвай і Заходняй Еўропы на Беларусі земляробства і жывёлагадоўля засвойваліся і распаўсюджваліся запаволена. У азёрна-лясной Беларусі і без іх працяглы час хапала спажывы з палявання, рыбалоўства і збіральніцтва.

Позненеалітычныя жыхары Беларусі гадавалі кароў, свіней, авечак і коз, коней. Сторажам пры статку і на паселішчы быў свойскі сабака. Першыя палеткі былі невялікія. Яны закладаліся на выгарынах сярод зараснікаў і апрацоўваліся палкамі або матыкамі. Вырошчвауся пераважна ячмень.

З далейшым развіццём земляробства, асабліва на захадзе краю, запатрабавалася вялікая колькасць сякер для высечкі лясоў. Яны ж вырабляліся з высакаякаснага крэменю, які залягаў у зямной тоўшчы ў адкладах вапняку або крэйды. Такі крэмень пачалі здабываць шахтавым спосабам.

Крэмнездабываючыя шахты на Беларусі вядомыя каля пасёлка Краснасельскі Ваўкавыскага р-на на ўзбярэжжах р.Рось. Большасць мясцовых гарняцкіх выпрацовак (а іх археолагамі выяўлены многія сотні) уяўляюць сабой вертыкальныя калодзежы глыбінёй у сярэднім да 2 - 3 м. Прабіўшыся праз крэйдавую тоўшчу і натрапіўшы на залежы крамянёвых камянёў-канкрэцый, старажытныя шахцёры пачыналі распрацоўваць іх пячорападобнымі падбоямі. Блізка размешчаныя выпрацоўкі нярэдка злучаліся праходамі-штрэкамі. Капанне шахтаў і здабыча крамянёвай сыравіны адбываліся з дапамогай розных прыстасаванняў - рагавых інструментаў, драўляных і касцяных лапат, кошыкаў і мяхоў, лесвіц.

Здабытая сыравіна апрацоўвалася ў размешчаных побач майстэрнях. З яе выраблялася мноства дасканалых сякер, якія шляхам абмену распаўсюджваліся на ўсім паўночным захадзе Беларусі.

Краснасельскія шахцёры валодалі зачаткамі геалогіі, выкарыстоўвалі эканомныя і бяспечныя прыёмы праходкі пароды. Яны валодалі высокім майстэрствам расколу, аббіўкі і даводкі (рзтушавання) крамянёвых вырабаў. Краснасельскія шахты - унікальнейшы помнік нашай першабытнасці, адзіныя на усім усходзе Еўропы.

Плямёны, што ў раннім неаліце засялялі тэрыторыю Беларусі, карысталіся вастрадонным посудам, аздобленым штампаваным арнаментам. Выяўляецца блізкасць і ў крамянёвым інвентары. Гэта сведчыць, што яны былі між сабою роднасныя. Матэрыяльныя сляды іх жыцця археолагі аб'ядноўваюць у шэраг культур. Захад Беларусі засялялі плямёны нёманскай культуры, усходняе Палессе - дняпроўска-данецкай, Магілёўшчыну і поўнач Гомельшчыны - верхнедняпроўскай культур. У Паазер'і панавалі носьбіты нарвенскай культуры (названа па стаянцы каля г.Нарва ў Эстоніі). Гэтыя археалагічныя культуры распаўсюджваліся і на суседнія тэрыторыі - паўночную і цэнтральную Украіну, паўночна-ўсходнюю Польшчу, паўднёва-ўсходнюю Прыбалтыку, некаторыя вобласці захаду еўрапейскай Расіі.

У 3-м тысячагоддзі да н.э. у размераным гістарычным працэсе на тэрыторыі Беларусі наступілі радыкальныя змены. На ўзбярэжжы азёр і рэк нашай поўначы з-пад далёкай Фінскай затокі прасочваюцца групы насельніцтва з кругладонным тоўстасценным посудам, якіх лічаць далёкімі продкамі сённяшніх эстонцаў. Праўда, находнікі былі нешматлікія і праз некалькі стагоддзяў былі асіміляваныя тубыльцамі, надаўшы, аднак, мясцовай культуры своеасаблівасць.

Прыкладна ў гэты ж час на захад Беларусі з тэрыторыі Польшчы пранікае насельніцтва цэнтральна-еўрапейскіх культур, якое валодала даволі развітымі формам земляробства і жывёлагадоўлі. З іх з'яўленнем распачынаецца і мясцовая горназдабываючая справа. Уплыў прышлага люду быў адчувальны і спрычыніўся да далейшага развіцця позненеалітычнага насельніцтва берагоў Нёмана і Верхняй Прыпяці.

На Падняпроўі адчуваліся ўплывы з Волга-Окскага міжрэчча. Аднак тут, як і на Ніжняй Прыпяці, мясцовае насельніцтва стойка трымалася спрадвечных традыцый.

У новакаменным веку паселішчы-стаянкі сталі большымі па памерах і шматлюднейшымі. Пра апошняе сведчаць тоўстыя напластаванні гумуснай зямлі з чарапкамі посуду, каменнымі вырабамі, вуголлем ад вогнішчаў, з рэшткамі наземных драўляных жытлаў. На сухіх поплаўных грудах або на ўчастках надрэчных тэрас пры рыбных старыцах і затоках, у прывусцях прытокаў стаянкі нярэдка ўтваралі скапленні. Любімымі мясцінамі пасялення жыхароў поўначы былі нізкія азёрныя берагі непадалёку пратокаў. З часам з увільгатненнем клімату такія стаянкі затапіліся, а затым пакрыліся тарфянымі адкладамі. Пад торфам у бескіслародным асяроддзі захаваліся не толькі рэчы з каменя і абпаленай гліны, але і вырабы з рога.костак і дрэва. Такія тарфянікавыя стаянкі з'яўляюцца невычэрпнымі скарбонкамі інфармацыі для археолага.

У неалітычны час ужо праяўляецца нераўнамернасць у развіцці асобных рэгіёнаў. На поўдні раней з'явілася вытворная гаспадарка (земляробства, жывёлагадоўля), прышліфаваныя, а затым і цалкам загладжаныя сякеры, жніўныя нажы, трохкутныя наканечнікі стрэл. На поўначы на працягу ўсёй эпохі дамініравалі традыцыйныя для лясной зоны формы прысвойваючай гаспадаркі. Тут жа з-за адсутнасці мясцовых радовішчаў крэменю асабліва шырока апрацоўвалі косць і рог, з якіх выраблялі наканечнікі стрэл, кінжалы, гарпуны, рыбацкія кручкі, шылы, рубячыя прылады, а таксама ўпрыгажэнні - падвескі з зубоў жывёл, розныя арнаментаваныя пласцінкі.

Па разрозненых і нешматлікіх знаходках, што трапілі ў рукі археолагаў, можна ўзнавіць некаторыя асаблівасці светапогляду тагачасных людзей, іх вераванняў, мастацкіх схільнасцяў, а таксама рысы сацыяльнай арганізацыі.

Рэлігійныя вераванні, як і светапогляд цалкам, па-ранейшаму вызначаліся залежнасцю чалавека ад ляснога і воднага асяроддзя, якое было крыніцай існавання. Адсюль браліся вытокі культаў звяроў і птушак. Пра гэта сведчаць знаходкі касцяных статуэтак ласёў, змей, чарапах. Асабліва былі распаўсюджаны пластычныя і гравіраваныя выявы качак. Культ качкі, а таксама бусла сярод беларусаў захоўваўся да навейшага часу. Роды і цэлыя плямёны вялі сваё паходжанне ад гэтых і іншых стварэнняў, лічылі іх сваімі татэмамі.

Існаваў і культ продкаў. Найбольш слаўныя з іх з часам трансфармаваліся ў духаў-ахоўнікаў, а затым і божаствы. Іх скульптурныя выявы выразаліся з дрэва і косці. Знамянальна, што ўсе яны мужчыны. I гэта зразумела - менавіта ад мужчыны-паляўнічага залежаў дабрабыт роду і нават яго існаванне.

Вера ў жыццё "на тым свеце" знаходзіла сваё адлюстраванне ў пахаваннях. Праўда, большасць неалітычных плямён Беларусі практыкавала пахавальныя абрады, якія не пакідалі слядоў магіл. Позненеалітычнае ж прышлае насельніцтва з-пад Віслы, як сведчаць адкрыцці на Гродзеншчыне і ў Польшчы, памерлых хавалі у ямах, нярэдка абстаўленых каменнымі плітамі. У такія "дамоўкі" нябожчыкам складалі і ахвяры - упрыгажэнні, посуд, забітых жывёл, а часам і людзей.

Знаходкі на стаянках і ў пахаваннях арнаментаваных вырабаў, падвесак з зубоў жывёл і людзей сведчаць, што шэрагу прадметаў надаваўся магічны сэнс.

Сістэмы вераванняў, напэўна, ужо былі распрацаванымі і даволі складанымі. Яны маглі ўвасабляцца у паданнях і міфах. Мабыць, яшчэ з каменнага веку паходзяць міфы аб сусветным патопе або аб сувязі качкі і качынага яйка з пачаткам сусвету. На абломку неалітычнага гаршка з Юравіч Калінкавіцкага р-на выгравіраваны выявы качкі і героя як раўнапраўных дзеючых суб'ектаў аднаго з такіх міфаў.

Многія прадметы - сведчанні рэлігійных вераванняў - вылучаюцца высокімі мастацкімі вартасцямі. Асабліва гэта датычыць статуэтак. Некаторыя з іх настолькі дасканалыя, што могуць лічыцца скульптурнымі партрэтамі нашых далёкіх продкаў. Уражваюць гармонія і арнаменты на гліняным посудзе.

Пра сацыяльнае ўладкаванне неалітычных жыхароў Беларусі мы ведаем вельмі мала. Тыя ж статуэткі могуць сведчыць, якое важнае значэнне ў родзе і племені займаў мужчына - здабытчык мяса. Гэта, як паказваюць зтнаграфічныя назіранні, было характэрна для многіх паляўнічых супольнасцяў. Кожная асобная стаянка магла належаць канкрэтнаму калектыву - роду. Скапленні стаянак з падобнай матэрыяльнай культурай, верагодна, вызначалі тэрыторыю распаўсюджвання племя. Згодна з этнаграфічнымі назіраннямі роды познекаменнага веку не толькі вялі супольную гаспадарку, але і супольна спажывалі яе плён, клапаціліся пра старых, нямоглых і дзяцей. Бронзавы і жалезны вякі на беларускіх землях

У пачатку 2-га тысячагоддзя да н.э. жыхары Беларусі пазнаёміліся з першымі металічнымі рэчамі - спачатку меднымі, затым і бронзавымі. Такім чынам, у нашай першабытнай гісторыі наступіў бронзавы век, які працягваўся амаль паўтара тысячагоддзя.

Аднак цэнтры старажытнай металургіі знаходзіліся далёка, таму медных і бронзавых вырабаў у край трапляла мала і цаніліся яны вельмі высока. Гэта былі пераважна ўпрыгажэнні, сустракаліся таксама сякеры, наканечнікі дзідаў, далоты і цяслы, шылы, зрэдку нават мячы. Пераважная ж большасць прылад працы і зброі па-ранейшаму выраблялася з крэмню. Больш таго, у яго апрацоўцы былі зроблены ўдасканаленні - наносілася доўгая струменьчатая рэтуш, ад чаго рэжучыя і колючыя краі рабіліся асабліва вострымі. У бронзавым веку шырока распаўсюдзілася ўмельства шліфаваць камень і высвідроўваць у вырабах з крышталічных парод адтуліны для рукаятак. Амаль на кожным паселішчы гэтага часу можна знайсці сякеры-кліны, сякеры і матыкі са свідраваннямі, булавы. Свідравальны станок стаў другім пасля лука механізмам, які вынайшаў чалавек. Адной з самых характэрных адзнак бронзавага веку на Беларусі стала паўсюднае з'яўленне пласкадоннага глінянага посуду. Значыць, у інтэр'еры жытла ўжо былі дашчаныя паліцы і сталы, а таксама агнішчы з роўным чэранем. Посуд стаў разнастайны. Вядомы гаршкі, збаны, міскі, кубкі, цадзілкі. Гэта сведчыць аб росце побытавай.культуры.

Новая эпоха азнаменавалася значнымі поспехамі ў гаспадарцы. Земляробства і жывёлагадоўля з дапаможных заняткаў ператварыліся, асабліва ў пазнейшы час, у вядучыя. Патрэба у вялікай колькасці сякер для высечкі лясоў выклікала росквіт крэмнездабываючай справы на краснасельскіх шахтах. Больш распаўсюджанымі сталі прадзенне і ткацтва, пра што гавораць знаходкі гліняных праселак ддя верацёнаў і кроснаў, адбіткі тканіны і пляцёнкі на кераміцы. Земляробства і жывёлагадоўля, першабытная металургія і крэмнездабыча спрыялі зараджэнню маёмаснай няроўнасці, вылучалі мужчыну перад жанчынай у сацыяльна-гаспадарчым жыцці роду і племя. Ужо ў раннебронзавых пахаваннях з Дняпроўя сустракаюцца надзвычай багатыя пахаванні мужчын-ваяроў з вялікай колькасцю медных і бронзавых рэчаў, з імпартаванымі бурштынавымі і шклянымі упрыгажэннямі. Пры жыцці нябожчыкі, відавочна, займалі выключнае становішча сярод супляменнікаў, маглі быць першымі сярод старэйшым, военачальнікамі, мелі пэўную ўладу ў акрузе. Сімваламі такой улады маглі з'яўляцца каменныя булавы. Усё гэта дае магчымасць гаварыць аб існаванні сталага патрыярхальнага ладу і зараджэнні родаплемянной арыстакратыі. Бронзавы век - час узнікнення першых дзяржаў у Міжземнамор'і. Як бачым, і на Беларусі існавалі элементы пераддзяржаўнай грамадскай арганізаванасці. Назапашванне пэўных багаццяў, імкненне авалодаць самымі ўрадлівымі землямі або крамянёвымі радовішчамі вялі да пашырэння міжплемянных узброеных сутычак, якія маглі перарастаць у зацятыя і працяглыя войны. Стваралася зброя, прызначаная не на звера, а на чалавека, - мячы, баявыя сякеры, шыпастыя наканечнікі стрэл.

Нераўнамернасць развіцця розных рэгіёнаў, попыт на карысныя выкапні, якія таксама залягаюць вельмі нераўнамерна, спрыялі развіццю абмену. З Беларусі ў Прыбалтыку ішоў крэмень, у адваротным кірунку - бурштын. Пераважна каўказскага і прыкарпацкага паходжання нашы першыя металы, а ўпрыгажэнні са шклопадобнай масы траплялі аж з усходніх берагоў Міжземнага мора. Новыя формы гаспадарання, з'яўленне прышлага насельніцтва вялі да змен і ў духоўным жыцці. У пачатку эпохі памерлых пачалі хаваць у магільных ямах, нярэдка насыпаючы над імі курганы. З сярэдзіны 2-га тысячагоддзя да н.э., пад уплывам земляробча-жывёлагадоўчых культаў, звязаных з абагаўленнем сонца і агню як жыватворных сіл, распаўсюджваецца звычай спальвання нябожчыкаў, які на Беларусі пратрымаўся больш за два з паловай тысячагоддзі - аж да ўсталявання хрысціянства. На некаторых стаянках знойдзены рэшткі адмысловых бажніц. Культавыя абрады ў іх ужо маглі практыкаваць "прафесіяналы" - язычніцкія святары.

У бронзавым веку працягвала развівацца мастацтва. Багатымі арнаментамі пакрываўся посуд, у тым ліку і магічнымі фігуркамі плоднасці, агню і нябесных свяціл - трохкутнікамі, крыжамі, нават свастыкамі. Пашыраны былі ўпрыгажэнні з костак, бурштыну, медзі. Удзялялася ўвага дасканаласці формы і аздабленню прылад працы і зброі. У паўночнай Беларусі, дзе мацней трымаліся архаічныя традыцыі, з дрэва і косці выразалі выявы людзей, звяроў і птушак. Бронзавы век на Беларусі распачаўся з радыкальнай змены культурнай і этнічнай сітуацыі. У гэты час на прасторах ад Рэйна на захадзе да сярэдняй Волгі на ўсходзе і ад Швецыі і Фінляндыі на поўначы да цэнтральнай Украіны распаўсюдзіліся ваяўнічыя плямёны, так званыя шнуравікі, характэрнейшымі адзнакамі якіх былі баявыя лодкападобныя сякеры і посуд, аздоблены адбіткамі шнура. Шнуравікі трапілі і на нашу тэрыторыю. Мясцовае насельніцтва пачало паступова змешвацца з імі. У выніку ўтварыўся шэраг культур шнуравой керамікі. Найбольш прадстаўнічай і даследаванай з іх з'яўляецца сярэднедняпроўская, плямёны якой засялялі Беларускае Падняпроўе і суседнія раёны Украіны. Яскравым прыкладам уплыву шнуравікоў і распаўсюджвання набыткаў новай эпохі сталі плямёны паўночна-беларускай культуры. Пры вывучэнні іх стаянак, асабліва на Віцебшчыне, вызначана, што тутэйшыя жыхары пры захаванні традыцыі лепкі вастрадонных гаршкоў, вырабу інвентару, характэрнага для ляснога неаліту, трымаючыся рэлігійных вераванняў паляўнічых і рыбакоў, паступова вучыліся карыстацца плоскадонным посудам, шліфаваць і свідраваць камень, усё больш успрымалі магічную земляробчую сімволіку, і галоўнае - пазнаёміліся з першымі медна-бронзавымі рэчамі. З прыходам шнуравікоў аднавіліся колішнія сувязі між асобнымі рэгіёнамі Беларусі, а таксама з суседнімі землямі, і асабліва бурштынаноснай Прыбалтыкай. Змешванне прышлага насельніцтва з тубыльцамі на прасторах Еўропы вяло да паступовага фарміравання этнасаў, ад якіх вядуць паходжанне славяне, балты і германцы. К сярэдзіне 2-га тысячагоддзя да н.э. на поўдні Беларусі, а таксама на поўначы Украіны і на значнай тэрыторыі Польшчы сфарміравалася супольнасць плямён тшцінецкай культуры (названа па паселішчы каля Тшцінца ў Польшчы). Асобныя групы носьбітаў культуры дайшлі ажно да правабярэжжа Нёмана. Тшцінецкае насельніцтва жыло на даволі вялікіх паселішчах у паўзямлянках, вырабляла гладкасценны посуд, было знаёма з металургіяй бронзы. Пра заняткі вытворнымі формамі гаспадаркі сведчаць знаходкі костак свойскіх жывёл, крамянёвыя сярпы, зернецёркі. Лічыцца, што нашчадкі тшцінецкіх плямён месцамі прынялі ўдзел у фарміраванні старажытнага славянскага этнасу. У самым канцы бронзавага веку на тэрыторыі Беларусі пачынаюць утварацца культуры з гладкасценнай і заштрыхаванай керамікай, росквіт якіх адбыўся ў наступную эпоху.

У 7 - 6-м стагоддзях да н.э. у гісторыі старажытнага грамадства Беларусі наступіла новая і надзвычай важная эпоха - жалезны век. Ён пачаўся са здабычы жалеза з балотнай і лугавой руды. Гэта сыравіна была шырока распаўсюджана, а яе перапрацоўка ў невялікіх домніцах не ўяўляла складанасці, таму жалеза хутка і амаль цалкам выцесніла камень. Медзь жа і бронзу пачалі выкарыстоўваць амаль выключна для ўпрыгажэнняў.

Разнастайныя і эфектыўныя прылады працы, металічная зброя, развітыя жывёлагадоўля і падсечна-ворыўнае земляробства паскорылі гаспадарчае і грамадскае развіццё. Яшчэ больш павялічвалася маёмасная няроўнасць паміж родамі і нават асобнымі сем'ямі. Назапашваюцца багацці. Лішак прадуктаў ідзе на абмен. На Беларусь траплялі імпартныя тавары далёкіх краёў - з грэка-рымскага Прычарнамор'я, ад кельтаў Цэнтральнай Еўропы. У сваю чаргу край быў важным пасрэднікам у гандлі прыбалтыйскім бурштынам. Абмен быў пераважна натуральным - рэч за рэч. Аднак у якасці грошай маглі абарачацца і грэчаскія і рымскія манеты, асобныя знаходкі якіх і цэлыя скарбы трапляюцца на Беларусі.

Надзейным спосабам захавання набытага ад разрабавання суседзямі стала будаванне вакол паселішчаў умацаванняў з зямлі і дрэва, што ператварала іх у гарадзішчы. Вёскі пачалі размяшчаць на цяжкадаступных узгорках, прырэчных мысах, абводзілі іх валамі і равамі, агарожвалі драўляным парканам або сцяной. За ўмацаваннямі гарадзішчаў знаходзіліся жыллёвыя і гаспадарчыя пабудовы, загоны для жывёлы. У жалезным веку тэрыторыю нашага краю засялялі плямёны розных археалагічных культур, якія розніліся між сабой характарам жылля, асаблівасцямі пахавальнага абраду, формай і арнаментацыяй посуду, упрыгажэннямі. Паўднёвы ўсход Беларусі і прылеглую частку Украіны займалі плямёны мілаградскай культуры (па гарадзішчы каля в.Мілаград на Гомельшчыне). Менавіта яны першыя і пазнаёміліся з жалезам. Мілаградцы жылі на гарадзішчах і ў неўмацаваных вёсках - на селішчах, дзе меліся зямлянкі з агнішчамі, наземныя збудаванні, ямы-склепы. Памерлых хавалі пад невялікімі курганамі або ў грунтовых магілах па абраду трупаспалення - крэмацыі. Для культуры мясцовага насельніцтва характэрны кругладонны посуд, гаршкападобныя праселкі для прадзення і ткацтва і іншы інвентар і ўпрыгажэнні з жалеза, медзі, шкла, керамікі. З культавых рэчаў, якія адначасова з'яўляюцца і творамі мастацтва, унікальнымі прадстаўляюцца гліняныя фігуркі коней. На жыццё мілаградцаў істотны ўплыў аказваў скіфскі свет паўночнага Прычарнамор'я. Грэчаскі гісторык Герадот, што жыў у V ст. да н.э., апісвае паўночных суседзяў скіфаў-неўраў. Некаторыя даследчыкі да гэтых неўраў і адносяць носьбітаў мілаградскай культуры. Тым больш што на Беларусі да сёння захаваліся назвы паселішчаў тыпу Наўры, Науране і да т.п. У 3-м ст. да н.э. мілаградская культура змянілася зарубінецкай (па могільніку каля в.Зарубінцы на Кіеўшчыне). Зарубінцы занялі гарадзішчы сваіх папярэднікаў, пашырылі іх і абнавілі ўмацаванні. Жылі таксама і на селішчах. Жытламі іх былі паўзямлянкі і наземныя будынкі. Крэміраваныя рэшткі нябожчыкаў хавалі ў невялікіх ямах. Характэрныя знаходкі на помніках зарубінецкай культуры - пласкадонны посуд, спружыністыя шпількі-запінкі. З разнастайных жалезных вырабаў асабліва былі пашыраны сякеры, жалезныя наканечнікі дзідаў і стрэл, сярпы, нажы. Зарубінцы і іх нашчадкі праіснавалі да сярэдзіны 1-га тысячагоддзя н.э. У 2-м ст. н.э. паўднёва-заходнюю Берасцейшчыну закранула міграцыя з узбярэжжа Балтыкі і Прычарнамор'я германскіх плямёнау готаў-гутаў, а таксама роднасных ім гепідаў. У пошуках новых земляў яны рухаліся старадаўнім бурштынавым шляхам з Віслы на Буг і рабілі, мабыць, разам з мясцовым славянскім насельніцтвам, рабаўнічыя паходы на суседзяў. Не выключана, што менавіта па гэтай прычыне яшчэ і сёння літоўцы сваіх паўднёвых суседзяў славян-беларусаў называюць гудамі, а наш край Гудзіяй.

Каля тысячагоддзя - з V ст. да н.э. па V ст. н.э. - цэнтральную і большую частку паўночна-заходняй Беларусі займалі плямёны культуры штрыхаванай керамікі, ці штрыхавікі,названай так па характэрным гліняным посудзе. Штрыхавікі жылі амаль выключна на гарадзішчах у вялікіх наземных хацінах слупнай канструкцыі. Памерлых хавалі па абрадзе, які не захоўваў слядоў магіл. Беларускае Падзвінне і верхняе Падняпроўе засялялі плямёны іншай культуры, аднак блізкай па сваім характары культуры штрыхаванай керамікі. Як штрыхавікі, так і днепра-дзвінцы адставалі ў сваім развіцці ад плямёнаў паўднёвай Беларусі. Так, яны запазніліся з авалоданнем жалезаробчай справы, таму на ранніх этапах сваёй гісторыі яшчэ шырока карысталіся каменнымі вырабамі. Больш увагі ўдзялялі паляванню, рыбалоўству, збіральніцтву, лясным промыслам. Адставалі яны і ў сацыяльным жыцці. Вялікія памеры жылля сведчаць пра захаванне архаічнай вялікай сям'і - роду, у той жа час на Палессі асноўнай гаспадарчай адзінкай становіцца невялікая сям'я. Сярод носьбітаў культур жалезнага веку Беларусі вучоныя шукаюць карані сучасных народаў. Найбольш спрэчным з'яўляецца этнічнае вызначэнне паўднёвабеларускіх культур. Мілаградцаў і зарубінцаў адносяць то да старажытных балтаў, то да славян, то да плямён невядомай мовы, што затым растварыліся сярод суседзяў. Аднак маецца шмат сведчанняў, што нашчадкі зарубінцаў ужо мелі сувязь са славяншчынай. Менш спрэчак праштрыхавікоў і днепра-дзвінцаў. Яны засялялі землі, дзе назвы большасці вадаёмаў балцкія, гэта значыць лета-літоўскія. Па гэтай прычыне большасць даследчыкаў насельніцтва жалезнага веку сярэдняй і паўночнай Беларусі лічаць продкамі сённяшніх латышоў і літоўцаў-

У 455 г. вандалы зруйнавалі сталіцу калісьці непераможнай Рымскай імперыі. Дым пажараў абвясціў заняпад бліскучай антычнай цывілізацыі, заснаванай на рабаўласніцтве. Аднак агонь, што пажыраў палацы нобіляў і халупы гарадского плебсу, высвеціў набліжэнне новай эпохі ў еўрапейскай гісторыі - сярэднявечча. Беларусь таксама не мінулі тагачасныя бурлівыя падзеі. Развіццё гаспадаркі, масавага перамяшчэнні насельніцтва, уплыў суседніх супольнасцяў паступова трансфармавалі першабытны лад у феадальны. Аднак гэты працэс у нас зацягнуўся на некалькі стагоддзяў.

4.Пачатак рассялення славян на тэрыторыі Беларусі і славянізацыя балтаў

Першыя звесткі пра славян адносяць да I-II ст. Пытанне радзімы славян застаецца нявырашаным. Мяркуюць, што ёй магло быць міжрэчча Віслы і Одэра. У ІІІУ стагоддзях пад уздзеяннем «вялікага перасялення народаў» славяне з захаду сталі рассяляцца па Ўсходняй і Паўднёвай Еўропе. Аб іх з'яўленні на паўднёвай тэрыторыі Беларусі сведчаць археалагічныя знаходкі так званай пражскай культуры. У VІ -VІІ ст. асноўнай тэрыторыяй іх пражывання быў басейн Прыпяці. Развіццё земляробства і адсутнасць міжплемянных сутыкненняў змяншала патрэбу ва ўмацаваных паселішчах - гарадзішчах, на змену якім прыйшлі селішчы. Славянскія сем'і будавалі жытло ў выглядзе паўзямлянкі, дзе размяшчалася печ, зробленая з каменю або гліны. Да іншых характэрных прыкмет славянскай культуры адносяць мову, неарнаментаваную кераміку карычневага колеру, выкарыстанне каменных жорнаў, абрад трупаспалення і пахаванне гліняных урн з попелам, як правіла, у курганных насыпах.

У VІІІ-ІХ ст. у выніку каланізацыі славян тэрыторыі пражывання балтаў мясцовае насельніцтва было асімілявана, а праз стагоддзе тут сфарміраваліся новыя этнічныя славянскія супольнасці дрыгавічоў, радзімічаў і крывічоў. Дрыгавічы займалі поўдзень і сярэдзіну сучаснай Беларусі - ад Прыпяці да Заходняй Дзвіны. Іх пераважна славянская культура была аздоблена элементамі культуры балцкай (спіральныя пярсцёнкі, бранзалеты з выявамі змяіных галоў), а таксама запазычанымі назвамі рэк (Арэса, Лань, Цна). У назве «дрыгавічы» захаваліся сляды сінтэзу дзвюх культур: балцкі корань (палітоўску «drёgnas» - сыры, вільготны) і славянскі канчатак («ічы»). Радзімічы пражывалі паміж Дняпром і Дзясной, уздоўж рэк Сож і Іпуць. Яны запазычылі значна больш элементаў балцкай культуры (бранзалеты з выявамі змяіных галоў, спіралевідныя кольцы, касцяныя прывескі ў выглядзе качак). У назве «радзімічы» таксама захаваліся сляды сінтэзу дзвюх культур: балцкая аснова (палітоўску «radimas» - месцазнаходжанне) і славянскі канчатак («ічы»).

Крывічы засялялі поўнач Беларусі і выходзіўшыя за яе межы раёны сучасных Пскоўшчыны і Смаленшчыны). Мова і культура крывічоў з'яўляліся славянскімі. Сляды балцкага субстрату захаваліся ва ўпрыгожаннях (бранзалеты з выявамі змяіных галоў, спіральныя пярсцёнкі, галаўны вянок і інш.). Верагодная версія паходжання назвы гэтай новай этнічнай супольнасці звязваецца з рэльефам мясцовасці (ад літоўскага «kreivas», «krеіvіs» - крывы, крывізна).

У славян навакольныя землі, лясы, паша, водныя і іншыя ўгоддзі належалі суседскай абшчыне. Тут захоўваліся традыцыйныя спосабы здабычы ежы і сыравіны праз паляванне, рыбалоўства, збіральніцтва, але вырошчванне пшаніцы, жыта, проса, пшаніцы, грэчкі, лёну, каноплі і іншых культур давалі магчымасць стабільнага існавання ўсім суродзічам, таму земляробства ператварылася ў іх асноўны занятак. Пераход ад падсечнаагнявога да ворнага метаду апрацоўкі глебы, выкарыстанне сахі і конскай цяглавай сілы, жалезных сярпоў, кос, іншых прылад значна павысілі прадукцыйнасць працы, што абумовіла падзел і замацаванне пэўных участкаў абшчыннай ворнай зямлі за асобнымі вялікімі (патрыярхальнымі) і малымі сем'ямі.

Развядзенне свойскай жывёлы - коней, кароў, коз, свіней, якое адыгрывала важную ролю ў гаспадарчай дзейнасці славян, таксама стала адбывацца сіламі асобных гаспадарак. Натуральна, што не ўсе яны былі аднолькава заможнымі або беднымі. У лепшым стане апынуліся тыя, каму даставаліся лепшыя ўчасткі, а таксама тыя, дзе было больш рабочых рук, дасканалых прылад працы, цяглавай сілы і г. д. У выніку адзіная абшчынная гаспадарка губляе прыкметы агульнасці і распадаецца на некалькі індывідуальных, сямейных. Адбываецца пераход ад родавай абшчыны да сямейнай (суседскай), заснаванай, галоўным чынам, на эканамічных сувязях і інтарэсах.

Эканамічныя пераўтварэнні ў славян абумовілі ўсталяванне і замацаванне ў іх адпаведнай сацыяльнай арганізацыі. Вылучаліся вярхоўны правадыр, савет старэйшын, народны сход. Апошні складаўся з усіх мужчын, здольных насіць зброю. Менавіта сход, а не абіраемы правадыр вырашаў усе асноўныя пытанні, таму час, калі існаваў такі лад, мае назву перыяду ваеннай дэмакратыі, які заставаўся апошняй прыступкай на шляху да ўзнікнення дзяржавы.

Такім чынам, на апошнім этапе першабытнаабшчыннага ладу насельніцтва Беларусі перайшло да вытворчай гаспадаркі і адпаведнай сацыяльнай арганізацыі, стварыўшы перадумовы для ўзнікнення дзяржавы і фарміравання адзінай усходнеславянскай супольнасці.

Усходнеславянская супольнасць

Агульнаўсходнеславянскі народ і яго этнічная тэрыторыя пачалі фарміравацца паза межамі нашай Бацькаўшчыны – у Сярэднім Падняпроўі і Паволхаўі. Зараджэнне новага народа ў гэтых дзвюх аддаленых адна ад адной мясцовасцях адбывалася адначасова – у ІХХ стст. Этнастваральны працэс у славян Сярэдняга Падняпроўя быў паскораны развіццём вытворчай гаспадаркі, а таксама неабходнасцю абароны ад ваяўнічых качэўнікаў. Вядома, што славяне, у тым ліку радзімічы, плацілі даніну хазарам. Невыпадкова ў гэтым рэгіёне ўзнік новыя паселішчы – гарады, якія ўвасаблялі сабой не толькі месца жыхарства рамеснікаў і гандляроў, а палітычныя і ваенныя цэнтры з адпаведнымі кіруючым органам і ўзброенымі сіламі. Буйнейшым цэнтрам такога кшталту стаў Кіеў. Другім цэнтрам фарміравання агульнаўсходнеславянскага этнасу і яго тэрыторыі з’яўляліся землі ад вярхоўяў Дняпра, Заходняй Дзвіны, Волгі да Фінскага заліву і Ладагі. Развітое земляробства і рамесная вытворчасць паспрыялі ўзнікненню гандлю, а разам з ім – гарадоў. Так, у VІІІХ стст. на тэрыторыі пражывання славенаў была заснавана Ладага і Ноўгарад, на тэрыторыі крывічоў – Пскоў і Ізборск. Гэтыя рэгіёны паводле этнічнага складу былі прадстаўлены славенамі і крывічамі. Фіна і германамоўныя элементы (чудзь і варагі) складалі значную меншасць і паступова аславяньваліся. Прадстаўнікі варажскага племені «русь» на чале з конунгам Рурыкам, якія рассяліліся ў азна чаных гарадах і ўзначалілі кіраванне ўсімі паўночназаходнімі землямі, спрыялі палітычнай і культурнай кансалідацыі ўсяго насельніцтва ў новы этнас. Яшчэ ў другой палове Х ст. гэтая тэрыторыя набыла назву «Руская зямля» або «Русь», яе жыхары – русаў, русічаў, русінаў, рускіх, а іх мова – рускай. Да канца стагоддзя важнейшыя яе гарады і іх князі сталі звацца рускімі. Ранейшыя племянныя назвы «паляне» і інш. сталі губляцца. Назва «русь» стала не толькі найменнем тэрыторыі дзяржавы, але і этнонімам.

Такім чынам, у асноўным у канцы Х – пачатку ХІІ ст. адбылося фарміраванне новага – «рускага» насельніцтва. Апошняе ўпамінанне аб дрыгавічах як этнічнай супольнасці адносіцца да 1149 г., аб крывічах – да 1162, аб радзімічах – да 1169 г. Гэтыя назвы замяняюцца адной агульнай – рускія, русічы, русы, а землі – крывіцкая, радзіміцкая і дрыгавіцкая – Рускай зямлёю, Руссю. У «Аповесці мінулых гадоў» Полацк названы рускім горадам. Загінуўшых удзельнікаў бітвы на Нямізе ў 1067 г. аўтар «Слова аб палку Ігаравым» (каля 1187 г.) называе «рускімі сынамі».Крывічы займалі значныя абшары Усходняй Еўропы. Гэта вялікае аб'яднанне плямён, якія жылі ў вярхоўях Дняпра, Заходняй Дзвіны, Волгі, на поўдні Чудскага возера. Звесткі аб іх змешчаны ў " Аповесці аб мінулых часах" пры апісанні падзей IX-X стст. і папярэдняга часу. Пра крывічоў пісаў таксама візантыйскі гісторык X ст. Канстанцін Парфірародны.

Крывічы,радзімічы,дрыгавічы.

Па-рознаму выводзяць гісторыкі назву "крывічы": ад прозвішча старэйшага роду Крыў (Крыва), што найбольш верагодна,- ад слоў "крэўныя" (блізкія па крыві, у сэнсе параднёныя), ад імя язычніцкага першасвяшчэнніка Крыва - Крывейтэ, ад "крывізны" гарыстай мясцовасці і інш. Даследчыкамі вывучаліся на тэрыторыі рассялення крывічоў-палачан гарадзішчы і паселішчы ў Віцебску, Полацку, Лукомлі. Але найбольш значны матэрыял па гісторыі насельніцтва выяўлены ў Віцебскай вобласці ў курганных могільніках. Дакладна ўстаноўлена, што для полацкіх крывічоў характэрна археалагічная культура доўгіх курганоў Паўночнай Беларусі, у якой прысутнічае шмат элементаў матэрыяльнай культуры ўсходніх балтаў. Смаленскія крывічы вельмі блізкія да полацкіх па мове і культуры. Таму ў этнаграфічных адносінах яны звычайна разглядаюцца як полацка-смаленская група плямён. У некаторых пісьмовых крыніцах старажытныя курганы названы "валатоўкамі". На Віцебшчыне сярод мясцовага насельніцтва такая назва распаўсюджана дагэтуль. Паводле народных паданняў, тут як быццам пахаваны волаты (волат - персанаж беларускай міфалогіі, асілак высокага росту). Назва "валатоўкі" пашырана на поўначы Беларусі і ў сумежных раёнах Смаленшчыны, Пскоўшчыны, Латвіі, у мінулым каранных землях крывічоў.

Могільнікі крывічоў другой паловы 1-га тысячагоддзя складаюцца з доўгіх (валападобных), падоўжаных і круглых у плане насыпаў вышынёй 1-2 м, у якіх змешчаны рэшткі крэмацыі памерлых. У Віцебскай вобласці вывучаны курганы V-VII стст. атокінскага варыянта банцараўскай культуры. На беразе возера Сенніца ў Гарадоцкім раёне каля в. Дарахі выяўлена і 1 курганных могільнікаў трох перыядаў: трэцяй чвэрці 1-га тысячагоддзя н.э. банцараўскай культуры, IX ст. з крэмацыяй памерлых і канца X - пачатку XI ст. з трупапалажэннем.

Фарміраванне крывічоў - вынік асіміляцыі прышлымі славянамі мясцовых балцкіх і заходняфінскіх плямён, паступова славянізаваных. Гэта пацвярджаюць выразныя археалагічныя матэрыялы. Курганныя могільнікі полацкіх крывічоў VIII-X стст. даследаваліся на Віцебшчыне каля вёсак Баркі, Глінішча, Рудня (Полацкі раён), Бяскатава, Вышадкі, Смалькі (Гарадоцкі раён). Трупаспаленне амаль заўсёды знаходзілася пад насыпам, на гарызонце. Часта перапаленыя косці сабраны ў неглыбокай ямцы, зверху якой змешчаны перакулены ўверх дном невялікі ляпны гаршчок [6]. Большасць курганоў бедньы на інвентар ці зусім яго не маюць. Зрэдку сустракаюцца курганы з вялікай колькасцю пашкоджаных агнём упрыгожанняў, распаўсюджаных у балтаў, характэрных таксама для культуры смаленскіх доўгіх курганоў: бронзавыя трапецападобныя падвескі, шыйныя грыўні, бранзалеты, маністы, у якіх чаргуюцца шкляныя сінія пацеркі з бронзавымі спіралепадобнымі трубачкамі-пранізкамі - дэталямі вянкоў, што насіліся на галаве, касцяныя птушкі. Славянскімі рысамі курганоў IX-X стст. з'яўляюцца абрад трупаспалення і наяўнасць ляпных гаршкоў з акруглым плячом у верхняй частцы тулава, якое захавана і ў кераміцы, зробленай пазней на ганчарным крузе.

Курганныя могільнікі VIII-IX стст. адлюстроўваюць другую стадыю ці хвалю славянскай каланізацыі ў Беларускім Падзвінні. Але гэта не прывяло да канчатковай славянізацыі насельніцтва. Лета-літоўскія элементы ў культуры доўгіх курганоў Паўночнай Беларусі, як і на Смаленшчыне, займаюць значнае месца. Каланізуючы лясную зону, уступаючы ў цесную сувязь з мясцовым насельніцтвам, славяне перанялі ў большай ці меншай ступені культурна-этнаграфічныя асаблівасці балтаў, унаследавалі элементы іх матэрыяльнай культуры. Новая этнічная супольнасць, якая фарміравалася ў працэсе змешвання славян з мясцовымі балтамі, была, відаць, славянамоўнай.

У канцы X ст. паяўляюцца круглыя курганы з пахавальным абрадам трупапалажэння, які канчаткова выцесніў крэмацыю. Такія помнікі вывучаліся археолагамі каля вёсак Пуцілкавічы, Бельчыца, Чарневічы, Лісна, Сінчукі, Кублішчына, Плусы і іншых у Віцебскай вобласці [7]. Для полацкіх і смаленскіх крывічоў у XI-XII стст. характэрны пэўны тып упрыгожанняў - бранзалётападобныя драцяныя кольцы з завязанымі канцамі дыяметрам 5-11 см, якія насілі жанчыны каля скроняў на павязцы.

Акрамя скроневых бранзалетападобных кольцаў ёсць іншыя этнавызначальныя прыкметы ў матэрыяльнай культуры крывічоў-палачан. Для іх касцюма характэрна шматлікасць упрыгожанняў - гэта падковападобныя спражкі (фібулы), зааморфныя бранзалеты, вітыя шыйныя грыўні з петлепадобнымі канцамі, пазалочаныя шкляныя пацеркі, мноства бразготак, пласціначныя падвескі-конікі. Характэрнай рысай жаночага касцюма крывічоў былі маністы, у якіх пацеркі спалучаліся з металічнымі бразготкамі.

У Беларускім Паазер'і пры раскопках курганоў у пахаваннях выяўлены тыпова балцкія галаўныя вяночкі - вайнагі, якія састаўляліся са спіральных пранізак пры дапамозе бляшак, звычайна з ціснёным арнаментам. Падобныя вяночкі знойдзены ў Браслаўскім, Міёрскім, Талачынскім, Шклоўскім раёнах. Да некаторых вайнагаў падвешваліся скроневыя кольцы, якія лічацца славянскімі ўпрыгожаннямі.

Своеасаблівасцю вызначаецца таксама касцюм крывічоў-мужчын. Аб шматлікасці яго ўпрыгожанняў сведчаць падковападобныя спражкі (фібулы), лірападобныя спражкі, пярсцёнкі, абшыванне адзення і галаўных убораў металічнымі пранізкамі.

У летапісе крывічы названы пад 859 г. Паводле летапіснага паведамлення, яны плацілі даніну варагам. У 862 г. крывічы разам з плямёнамі прагналі варагаў за мора, адкуль яны прыйшлі. Аднак потым, як паведамляе летапіс, чудзь, наўгародскія славяне, крывічы заклікалі да сябе нарманскіх князёў. Тут гаворыцца пра Полацк, пра тое, што заснавалі яго крывічы, а варагі (нарманы) у ім прышлыя. Нагруднае жаночае ўпрыгожанне жыхароў Пауночнай Беларусі XI ст.Вялізнае аб'яднанне крывічоў у канцы 1-га тысячагоддзя распалася на групы - полацкую, смаленскую, пскоўскую (паводле назваў іх галоўных гарадоў).

Крывічы прымалі ўдзел у паходах князя Алега (907) і Ігара (944) супраць грэкаў. На аснове племяннога княжання крывічоў-палачан склалася буйное Полацкае княства - самастойная моцная сярэднявечная дзяржава на тэрыторыі Беларусі. Насельніцтва Полацкай зямлі і прадстаўнікі мясцовай дынастыі князёў названы "крывічамі" ў летапісах пад 1127,1129,1140, 1162 гг. Да яе належалі гарады Полацк, Віцебск, Менск, Лукомль, Браслаў, Ізяслаўль (Заслаўе), Лагойск, Орша, Копысь, Барысаў. У старажытных летапісах насельніцтва Полацкай зямлі называецца таксама "палачанамі". Летапісцы лічылі, што гэта назва паходзіць ад назвы ракі Палата - правага прытоку Заходняй Дзвіны, ля вусця якой заснаваны першапачатковы Полацк. Палачане - група плямён, што вылучылася з крывіцкага аб'яднання з цэнтрам у Полацку, ад якога атрымала першапачатковую сваю назву. У XI-XII стст. і ў больш познія часы палачанамі называлі жыхароў Полацка або ўсёй Полацкай зямлі.

На славяна-балцкім сумежжы ўзнік тапонім "крывічы", размешчаны ланцугом на заходняй ускраіне Полацкай зямлі. Ад этноніма "крывічы" паходзяць назвы вёсак у Зэльвенскім, Іўеўскім, Салігорскім, Глыбоцкім, Пінскім, Докшыцкім, Ашмянскім, Мядзельскім, Смаргонскім раёнах Беларусі.

Тапанімічныя даныя сведчаць аб тым, што крывічы-палачане ў IX- XI стст. праніклі ў Верхняе Панямонне. Тут на паўночным захадзе сучаснай ; беларускай тэрыторыі фіксуецца асноўная колькасць тапонімаў, утвораных ад этноніма "крывічы". Гэты этнонім успрымаўся менавіта ў этнічным сэнсе ў адрозненне ад назвы "палачане", якая была палітыка-геаграфічным абазначэннем крывіцкага насельніцтва з іх цэнтрам у Полацку.

Дрыгавічы - гэта адно з усходнеславянскіх летапісных племянных аб'яднанняў, што ў IX-XIII стст. займала вялікую тэрыторыю сучаснай Беларусі і ў пазнейшым часе разам з крывічамі і радзімічамі з'явілася асновай для фарміравання беларускай народнасці. Дрыгавічы рэдка згадваюцца ў старажытных пісьмовых крыніцах. У самым аўтарытэтным і даставерным старажытным летапісе - " Аповесці аб мінулых часах" ("Повесть временных лет") яны пачынаюць упамінацца ў шэрагу летапісных плямён (паляне, драўляне, севяране, славене), у яе ранняй, не датаванай частцы. Найбольш ранні ўпамін гаворыць аб рассяленні славян, што прыйшлі з Падунаўя: "...те же словене пришедше седоша по Днепру и нарекошася поляне, а друзии деревляне, зане седоша в лесех, а друзии седоша межи Припетью и Двиною и нарекошася дреговичи, а инии седоша на Двине и нарекошася полочане, речкы ради, яже втечь в Двину, именем Полота, от сея прозвашася полочане".

У прыведзеным паведамленні летапісца перш за ўсё трэба звярнуць увагу на месцы рассялення асобных летапісных плямён. Яны паказаны летапісцам на вялікім абшары (што сведчыць аб шырокім кругаглядзе аўтара) і прыстасаваны да мясцовасці ў агульных рысах, па выразных геаграфічных арыенцірах. Для дрыгавічоў гэта гучыць вельмі прыблізна - "...седоша межи Припетью и Двиною..."

Другая акалічнасць першага летапіснага ўпаміну дрыгавічоў заключаецца ў тым, што змешчаны яны ў ліку несумненна славянскіх плямён. Гэта адразу вызначае іх этнічнае паходжанне і прыналежнасць. Дадзенаму важнейшаму пытанню прысвечаны і другі летапісны ўпамін дрыгавічоў: "...се бо токмо словенеск язык в Руси - поляне, деревляне, новегородьци, полочане, дьрьговичи, северо, бужане, зане седять по Бугу, послеже (не) волыняне..." Крыху ніжэй летапісец зноў пералічвае плямёны ўсходнеславянскага сусвету: "...и живяху в мире поляне, и деревляне, и северо, и радимичи, и вятичи, и хорвата, дулеби же живяху по Бугу, где ныне волыняне, а уличи, тиверци седяху по.Бугу и по Днепру..."

Як паказваюць летапісныя паведамленні, летапісец вялікую ўвагу ўдзяляў этнічнаму вызначэнню плямён як аднаму з важнейшых і актуальнейшых у гісторыі плямён і народаў крытэрыю. Такая ўвага летапісца да гэтага пытання дае нам магчымасць і на сённяшні дзень вызначыць этнічныя карані і этнічную прыналежнасць нашых продкаў і адпаведна сучасных нашчадкаў і сучаснага насельніцтва Беларусі.

У адным з ранейшых летапісных паведамленняў летапісец зноў згадвае дрыгавічоў у адным шэрагу з найбольш развітымі ўсходнеславянскімі плямёнамі:"... И по сеи братьи (кіеўскія князі Кій, Шчэк, Харыў і сястра іх Лыбедзь. - ПЛ.) почаша держати род их княжение в полях, а в деревлях свое, а дрьговичи свое, а словене свое в Новегороде, а другое на Полоте, иже и полочане, от сих же и кривичи,... также северо..."

Такім чынам, на падставе летапісных паведамленняў старажытнейшым насельніцтвам Паўднёвай, Цэнтральнай і Заходняй Беларусі з'яўляліся дрыгавічы, якія паходзілі ад старажытных славян, што прышлі з Падунаўя, належалі да ўсходнеславянскай моўнай групы ("...се бо токмо словенск язык..."), займалі значную тэрыторыю сучаснай Беларусі ("...межи Припетью и Двиною...") і былі ў ліку найбольш развітых усходнеславянскіх плямён (мелі сваё "княжение"). Прыведзенымі вышэй паведамленнямі летапісца практычна вычэрпваюцца звесткі пісьмовых крыніц аб дрыгавічах. Іх кароткі, урыўкавы характар не дазваляе стварыць поўнага ўяўлення аб жыцці гэтага летапіснага племені і прымушае шукаць і выкарыстоўваць даныя іншых крыніц. Такімі крыніцамі на землях рассялення дрыгавічоў з'яўляюцца археалагічныя помнікі, матэрыялы даследавання якіх значна дапаўняюць пісьмовыя паведамленні. Археалагічныя даныя сталі асноўнай крыніцай ведаў аб тэрыторыі рассялення дрыгавічоў, іх сацыяльна-эканамічным развіцці, гаспадарцы, развіцці культуры, культурных і эканамічных сувязях з суседнімі і аддаленымі землямі. На тэрыторыі рассялення дрыгавічоў засталіся шматлікія археалагічныя помнікі - курганныя могільнікі, селішчы, гарадзішчы, вывучэнне якіх працягваецца на працягу XIX-XX стст. Раскопкі курганных могільнікаў дрыгавічоў дазваляюць вылучаць характэрныя для іх рысы пахавальнага абраду.і інвентару. Па іх распаўсюджанні акрэслена тэрыторыя рассялення дрыгавічоў, што значна ўдакладняе агульныя паведамленні летапісу. Пахавальныя курганы дрыгавічоў круглыя ў плане і маюць паўсферычную форму. Ля падножжа яны абкружаны невялікай канаўкай. Часцей за ўсё іх вышыня 1-1,5 м і дыяметр 9-12 м. Аднак бываюць курганы вышынёй 0,15-0,20 м, дыямётрам 3,5-4 м і вышынёй да 3 м, дыяметрам 17-18 м. У кожным кургане звычайна выяўлена адно пахаванне. Аднак сустракаюцца і па тры нябожчыкі ў адным кургане.

Звычайна ў могільніку некалькі дзесяткаў курганоў. Буйныя могільнікі ў некалькі соцень курганоў сустракаюцца рэдка (каля в. Мохаў - 620 курганоў, в. Рычоў - 270, в. Лянеўка - 300, в. Валасовічы - 267, в. Марулін - 500). Могільнікі часта разворваюцца і нават поўнасцю зносяцца.

Найбольш ранні пахавальны абрад дрыгавічоў - трупаспаленне. Зверху вогнішча і рэшткаў спалення насыпалі курган. Часам рэшткі спалення памяшчалі ў гліняную пасудзіну-урну, ставілі яе у насыпе кургана. Датуецца гэты пахавальны абрад канцом X - пачаткам XI ст. Пахаванні вельмі бедныя на інвентар, бо рэчы гінулі ў вогнішчы.

З прыняццем хрысціянства язычніцкі (паганскі) звычай крэмацыі нябожчыка змяняецца трупапалажэннем. Звычайна нябожчыка клалі галавой на захад на дзённую паверхню зямлі, ачышчаную рытуальным вогнішчам, і паверх яго насыпалі курган. Часам нябожчыка змяшчалі на земляной падсыпцы, а ў больш познія часы - у падкурганнай магіле.

Пахаванні з трупапалажэннем значна багацейшыя на інвентар, пакладзены нябожчыку ў магілу. Звычайна гэта самыя неабходныя ў жыцці рэчы, што, на думку родзічаў, будуць неабходныя памерламу і на тым свеце. Часцей за ўсё клалі гліняныя гаршкі, нажы, жаночыя ўпрыгожанні. Зрэдку сустракаюцца прылады працы (сярпы, сякеры), узбраенне (коп'і). Некаторыя знаходкі вельмі карысныя ў вызначэнні асобных рыс жыцця дрыгавічоў. Манеты ў складзе жаночых упрыгожанняў даюць даволі блізкую дату пахавання, у тым ліку і час пахавальнага абраду.

Асобныя жаночыя ўпрыгожанні ўласцівы толькі жанчынам пэўнага племені. Па іх распаўсюджанні можна вызначыць тэрыторыю рассялення гэтага племені больш канкрэтна і дэталёва, чым агульных і недакладных паведамленнях летапісу. Для дрыгавічоў характэрным упрыгожаннем з'яўляліся вялікія металічныя пацеркі, ажурныя (з дроту) або суцэльныя цыліндрычнай ці авальнай формы (радзей - круглыя), упрыгожаныя напаянымі шарыкамі металічнай (срэбранай) зерні. Іх называюць буйназярністымі і прызнаюць этнавызначальным прадметам дрыгавічоў. Іх насілі па адной альбо некалькі штук у складзе нізкі пацерак. Яны былі распаўсюджаны па ўсёй тэрыторыі дрыгавічоў, а часам і за яе межамі, куды траплялі гандлёвым шляхам або як здабыча ў час ваенных набегаў ці захопу ў палон жанчын-дрыгавічанак.

На падставе распаўсюджання дрыгавіцкіх этнавызначальных пацерак тэрыторыя рассялення дрыгавічоў выглядае наступным чынам: на поўначы мяжа (паласа) іх рассялення праходзіць ад Заслаўя на Лагойск і Барысаў, адкуль паміжрэччы Бярэзіны і Друці ідзе ў напрамку на Рагачоў (Кісцяні, Задруцце); на ўсходзе мяжа з радзімічамі праходзіць у асноўным па Дняпры да нізоўяў Прыпяці; на поўдні мяжа з палянамі і драўлянамі (да Гарыні) пралягае блізка ад сучаснай дзяржаўнай граніцы, а на левабярэжжы Гарыні з валынянамі верагодней за ўсё па лініі Роўна - Луцк; на захадзе дрыгавічы засялялі левабярэжжа Нёмана і Сярэдняе Пабужжа (да Драгічына Надбужнага).

Мяркуючы па распаўсюджанні найбольш ранніх дрыгавіцкіх курганоў з абрадам трупаспалення і найбольш ранняй ляпной керамікай, можна сказаць, што рассяленне дрыгавічоў на асноўную іх тэрыторыю адбывалася з поўдня, у асноўным па цячэнні рэк. Раннія пахаванні дрыгавічоў вядомы на Дняпры, Бярэзіне, у Панямонні, Сярэднім Пабужжы. На правабярэжжы Прыпяці выяўлены таксама помнікі славянскай пражскай культуры (VI-VII стст.) і славянскай культуры Лукі-Райкавецкай, што змяніла яе (VIII-X стст.), на якіх прасочваецца паслядоўны працэс развіцця бытавой керамікі ад VI да IX-X стст. Дрыгавіцкі гліняны посуд, несумненна, паходзіць ад керамікі паселішчаў тыпу Лукі-Райкавецкай (Хатомель, Гарадзішча, Радасць, Дружба), што дазваляе гаварыць аб генетычным паходжанні дрыгавічоў ад насельніцтва культуры Лукі-Райкавецкай, а праз яе - ад папярэдняга насельніцтва пражскай культуры тыпу Карчак.

Асноўная частка насельніцтва дрыгавічоў пражывала ў сельскай мясцовасці на селішчах і гарадзішчах. У X-XI сгст. у дрыгавічоў пачынаюць узнікаць гарады (Тураў - 980 г., Берасце - 1019 г., Меньск - 1067 г., Шнек - 1097 г., Случаск -1097 г., Клечаск - 1127 г., Гародня - 1127 г., Драгічын Надбужны - 1142 г., Рагачоў - 1142 г., Мазыр - 1155 г.). Да X-XI стст. адносіцца ўзнікненне Наваградка, Ваўкавыска, Слоніма. У XIII ст. узнікаюць Камянец (1276), Кобрын (1287). Узнікненне і развіццё гарадоў з'яўляецца яркім сведчаннем высокага ўзроўню эканамічнага і сацыяльнага развіцця дрыгавічоў.

Аснову гаспадаркі дрыгавічоў складалі земляробства і жывёлагадоўля. Аб гэтым сведчаць матэрыялы археалагічнага вывучэння курганоў, селішчаў, гарадоў. Земляробствам і жывёлагадоўляй займалася насельніцтва сельскіх паселішчаў і гарадоў. Разам з тым раскопкі Турава, Брэста, Пінска, Мінска, Давыд-Гарадка, Гродна, Навагрудка, Ваўкавыска, Слоніма, Клецка, Слуцка сведчаць аб высокім узроўні мясцовага жалезаапрацоўчага, ювелірнага, касцярэзнага, скураапрацоўчага, дрэваапрацоўчага і ганчарнага рамёстваў. Мясцовыя майстры выраблялі жалеза і сталь, рабілі наварку на рэжучы край жалезных вырабаў (сярпы, сякеры, нажы, нажніцы), складаную слясарную падгонку дэталяў складаных вырабаў (замкі, ключы), выраблялі прылады працы (сярпы, косы, сякеры, нажы, нажніцы і т.д.), узбраенне (наканечнікі дзід, стрэл), прадметы хатняга ўжытку. У матэрыяльнай культуры археалагічных помнікаў дрыгавічоў у першую чаріу звяртае на сябе ўвагу арыентаванасць мясцовай вытворчасці на выраб прылад працы, інструментаў і прадметаў паўсядзённага ўжытку, а не раскошы і аздабленняў. Другая характэрная рыса - агульнасць сыравіны, тэхналагічных працэсаў і ўзораў вырабаў у дрыгавічоў з шырокім колам усходнеславянскіх плямён X-XIII стст. Знаходкі прадметаў мясцовага і замежнага паходжання сведчаць аб гандлёвых сувязях з Валынню, Сярэднім Падняпроўем, Паўночным Прычарнамор'ем, Прыбалтыкай (валынскія праслачкі, кіеўскія шкляныя бранзалеты, прычарнаморскія амфары, прыбалтыйскі бурштын і т.д.). Дрыгавічы займаліся таксама паляваннем, рыбалоўствам, прадзеннем, ткацтвам.

Аб высокім узроўні сацыяльнага развіцця дрыгавічоў сведчаць існаванне свайго "княжання" яшчэ да ўключэння ў склад Кіеўскай Русі ў X ст., вылучэнне дрыгавіцкіх зямель у Тураўскае княства пры першым жа падзеле Кіеўскай Русі Уладзімірам Святаславічам (вялікі князь кіеўскі) у 988 г., існаванне мясцовай дружыны ў тураўскіх князёў. Сацыяльную няроўнасць пацвярджаюць бедныя і багатыя інвентаром курганныя пахаванні.

На падставе летапісных паведамленняў і матэрыялаў археалагічных раскопак дрыгавічы паўстаюць як адно з найбольш развітых ўсходнеславянскіх плямён, што знаходзіліся на шляху інтэграцыі ўсіх усходнеславянскіх плямён у адзіную супольную ўеходнеславянскую народнасць. Радзімічы.

У летапісе паведамляецца, што радзімічы, як і вяцічы, прыйшлі з прапольскіх зямель ("родимичи бо и вятичи от ляхов"), назву сваю атрымалі ад імя Радзім, які ўзначальваў іх, і рассяліліся ў Пасожжы ("седоста Радим на Сьжю"). Летапісец адзначае, што жылі ў міры паміж сабой паляне, драўляне, севяране, радзімічы і іншыя плямёны. Але побыту радзімічаў, таксама як вяцічаў і севяран, ён дае адмоўную характарыстыку з пункту гледжання хрысціянскай маралі. Жылі яны ў лясах быццам дзікуны, спажывалі брудную ежу, было ў іх брыдкаслоўе перад бацькамі і нявесткамі. На язычніцкіх "бесаўскіх ігрышчах" танцавалі і спявалі, выкрадалі сабе жонак, якіх мелі па дзве-тры. Летапісец, відаць, згусціў фарбы, супрацьпастаўляючы "дзікунскі" побыт радзімічаў і іншых жыхароў лясной паласы побыту кіеўскіх палян.

Цікавыя звесткі паведаміў летапісец пра пахавальныя звычаі:" А калі хто паміраў, тварылі трызну над ім... спальвалі мерцвяка, а потым, сабраўшы косці, укладвалі ў малы сасуд і ставілі на слупах пры дарогах, што робяць вяцічы і цяпер. Гэтага ж звычаю трымаліся крывічы і іншыя паганыя, што не ведаюць закону Божага, а самі сабе ўстанаўляюць закон..."[1]

З летапіснага паведамлення, датаванага 885 г., мы даведваемся, што ў канцы IX ст. радзімічы плацілі даніну спачатку хазарам (Хазарскаму каганату), а потым кіеўскаму князю Алегу. У радзімічаў існавала свая племянная вярхушка і ваенная арганізацыя. У 907 г. яны ўдзельнічалі ў паходзе на грэкаў у складзе рознаплемяннога войска князя Алега. Пасля смерці Алега радзімічы, мабыць, адмовіліся падпарадкоўвацца кіеўскаму князю. Летам 984 г. ваявода кіеўскага князя Уладзіміра, якога празвалі Воўчы Хвост, на р. Пяшчань перамог войска радзімічаў і яны былі канчаткова ўключаны ў склад Кіеўскай дзяржавы.

Летапісец лакалізаваў радзімічаў на р. Сож. Больш дакладна тэрыторыю іх размяшчэння можна акрэсліць з дапамогаю археалагічных матэрыялаў. Вывучэнне старажытнасцей радзімічаў пачалося ў XIX ст. Але першая абагульняючая праца па іх гісторыі была апублікавана Б. Рыбаковым у пачатку 30-х гадоў XX ст. і не страціла значэння да нашага часу [2].

У пасляваенныя гады вывучэнне радзімічаў было працягнута археолагамі. Накоплены археалагічны матэрыял даў магчымасць удакладніць тэрыторыю іх рассялення. Радзімічы займалі прастору ў міжрэччы Дняпра і Дзясны па берагах Сожа і яго прытокаў. На поўначы граніца іх рассялення праходзіла на поўдзень ад Гарадка, Мсціслава, Чавус, Новага Быхава. Тут іх межы шчыльна сутыкаліся з межамі крывічоў. На паўднёвы ўсход ад радзімічаў жылі севяране. На захадзе граніца заходзіла на правы бераг Дняпра і сутыкалася з межамі дрыгавічоў. Граніца паміж радзімічамі і вяцічамі праходзіла на захад ад р. Судасць.

Курганы радзімічаў маюць паўсферычную форму, сярэднюю вышыню 1-1,5 м, дыяметр 6-10 м. Могільнікі налічваюць звычайна некалькі дзесяткаў насыпаў, зрэдку некалькі соцень курганоў. Курганны могільнік каля в. Гадзілавічы налічваў да 400 насыпаў. Яго лічаць некропалем старажытнага Рагачова.

Курганны могільнік каля в. Дзям'янкі Добрушскага раёна пакуль адзіны на тэрыторыі радзімічаў некропаль, які існаваў на працягу некалькіх соцень гадоў (VII-XII стст.). Раннія пахаванні зроблены па абрадзе трупаспалення на месцы насыпання кургана або непадалёку ад яго. Зрэдку нябожчыка спальвалі ў зрубавай дамавіне.

З XI ст. у радзімічаў пахавальны абрад трупаспалення паступова пачаў змяняцца трупапалажэннем у дамавінах, калодах або трупах. Перад пахаваннем месца ачышчалі агнём альбо тут рассыпалі прынесены попел. Пахаванні зроблены на гарызонце і ў падкурганных ямах. Звычайна хавалі аднаго нябожчыка ў кургане, здараліся і двайныя пахаванні [3]. Нябожчыкаў змяшчалі галавой на захад, але сустракаецца і ўсходняя арыенціроўка, якая ў радзімічаў трапляецца часцей, чым у іншых усходніх славян. У мужчьінскіх пахаваннях апрача гліняных гаршкоў знаходзілі нажы, крэсівы, паясныя кольцы і спражкі. Аснову галаўнога жаночага ўпрыгожання складалі сяміпрамянёвыя скроневыя кольцы, якіх насілі ад аднаго да васьмі. Характэрнай асаблівасцю жаночага касцюма з'яўляюцца шкляныя рознакаляровыя пацеркі ў спалучэннях з ' прывескамі рознай формы. Так, у кургане каля в. Шапчыцы Рагачоўскага раёнаў жаночым пахаванні выяўлены тры ніткі дробнага бісеру, дзве ніткі шкляных пацерак і адна нітка срэбраных металічных прывесак з выявай галавы быка. Шыйныя грыўні радзімічанак мелі розную форму (пласціначныя, кручаныя, ромбападобныя, з заходзячымі адзін за другі канцамі). Срэбраныя арабскія манеты X ст. іншы раз выкарыстоўваліся ў якасці прывесак. Рэдкая для курганных старажытнасцей знаходка - гліняная льячка, у якой плавілі каляровы метал, знойдзена ў кургане каля в. Юдзічы Рагачоўскага раёна. Гэта было пахаванне ювеліра. З рэдкіх знаходак неабходна нагадаць бязмен з кургана каля в. Гадзілавічы. У кургане каля в. Каласы ў скураным мяшэчку, які насіўся на поясе нябожчыцы, знаходзілася пяць шыракарогіх лунніц, бронзавы пярсцёнак і 143 шкляныя дробныя пацеркі. Гэта асобна пакладзены дар памёршай. У навуцы даўно абмяркоўваецца пытанне аб ляшскім паходжанні радзімічаў. У наш час спецыяльна і шырока даследаваны заходнеславянскі ўплыў на раннесярэднявечную Беларусь паводле рэчавых крыніц. Устаноўлена, што такі ўплыў адбываўся на працягу VIII-XIII сгст. у розных формах і ахопліваў непасрэдна ці ўскосна практычна ўсю тэрыторыю беларускіх зямель. Спачатку пераважалі этнічныя кантакты VІІ-X і нават XI стст., якія не выключаў магчымага перасялення груп заходніх славян. Аднак арэал радзімічаў не вылучаецца пераважнай прысутнасцю заходнеславянскіх элементаў у параўнанні з іншымі абласцямі Беларусі. Ён нават саступае ў гэтых адносінах заходнім раёнам міжрэчча Дняпра і Нёмана, басейна Заходняга Буга і Панямоння, якое знаходзілася на паграніччы з Польскай дзяржавай і яцвягамі.

Цяпер даказана, што папярэднікамі радзімічаў у Пасожжы былі плямёны калочынскай культуры V-VIII стст. Генетычная сувязь паміж культурамі гэтых дзвюх іруп насельніцтва не прасочваецца. А вось на паўднёвым усходзе Беларусі добра адчуваецца ўплыў славянскай раменскай культуры VIII-X стст., у сувязі з чым выказана меркаванне, што прарадзіму радзімічаў трэба шукаць на тэрыторыі раменскай культуры

Зародкі ўсходнеславянскіх народаў на землях радзімічаў узнікаюць у канцы 1-га тысячагоддзя н.э.: Гомель, Чачэрск, Крычаў, Прупой (Слаўгарад). Выказваюцца меркаванні, што Гомель мог выконваць ролю племяннога цэнтра радзімічаў. У выніку шырокага археалагічнага вывучэння Гомеля ўстаноўлена, што паселішча калочынскай культуры на яго тэрыторыі існавала ў VI-VII стст. Яно ўключала невялікае гарадзішча каля ўпадзення рэчкі Гамеюк у Сож і значны неўмацаваны пасёлак. У VIII-X стст. на паселішчы адбылася змена жыхароў. Замест плямён калочынскай культуры сюды пранікла іншае славянскае насельніцтва. Паселішча ў Гомелі пачало выконваць ролю племяннога цэнтра радзімічаў. У X-XI сгст. вакол яго пачынае засяляцца сельская акруга. У XII ст. Гомель ператвараецца ў буйны ваенна-адміністрацыйны цэнтр Ніжняга Пасожжа і ў цэнтр хрысціянскай культуры. У XII - пачатку XIII ст. Гомель быў самы буйны горад у Пасожжы [6].

На тэрыторыі радзімічаў размяшчаўся добра вывучаны археолагамі феадальны замак канца XI - першай паловы XIII сг. каля в. Вішчын, дзе знойдзены багаты скарб. Неўмацаваныя паселішчы вывучаліся на берагах р. Покаць каля в. Нісімкавічы Чачэрскага раёна.

Аснову эканомікі радзімічаў складала земляробства, аб чым сведчаць матэрыялы раскопак сельскіх і гарадскіх паселішчаў. У радзімічаў былі развіты разнастайныя рамёствы, сярод якіх першарадным з'яўлялася кавальскае. Аб гэтым можна меркаваць па знаходках на паселішчы X ст. горна для атрымання жалеза каля в. Нісімкавічы і кавальскіх вырабаў з прымяненнем складаных тэхналогій.

Аб сувязях радзімічаў сведчаць імпартныя рэчы: бронзавая чаша, якая выраблена на Ніжняй Эльбе (в. Зборау), фігурка конніка са Скандынаўскіх дзяржаў (в. Калодзецкая), шкляны оранзалет візантыйскай вытворчасці (каля г. Чавусы). Унікальны для тэрыторыі Беларусі скарб, у які ўваходзілі 7 шыйных срэбраных грыўняў XII ст., вырабленых у гарадской ювелірнай майстэрні, знойдзены каля пасёлка Козі Рог Буда-Кашалёўскага раёна. Большасць упрыгожанняў з каштоўнага металу, якія ўваходзяць у склад унікальнага скарба, схаванага ў XIII ст. на тэрыторыі замка каля в. Вішчын, таксама не мясцовага паходжання.

З тэрыторыі радзімічаў вядомы манетным скарбы, сярод якіх ёсць раннія (IX-X стст.). У15 пунктах у пахаваннях радзімічаў знойдзены арабскія срэбраныя манеты X-XI стст. У двух пунктах выяўлены срэбранікі кіеўскага князя Уладзіміра канца X ст., што выклікае выключную цікавасць нумізматаў. У часы феадальнай раздробленасці (з канца XI ст.) тэрыторыя радзімічаў была падзелена паміж чарнігаўскімі і смаленскімі князямі. Пры гэтым асобныя населеныя пункты ў выніку міжусобнай барацьбы неаднаразова пераходзілі з рук у рукі. У летапісе радзімічы названы ў апошні раз пад 4 1169 г. як этнаграфічная адзінка ўсходняга славянства.