Добавил:
Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
КР №1 Вариант 18.doc
Скачиваний:
14
Добавлен:
01.04.2014
Размер:
113.15 Кб
Скачать

2. Ахарактарызуйце развіццё адукацыі, навукі і літаратуры Беларусі ў вызначаны перыяд.

Адукацыя. З пункту гледжання асветнікаў стварыць ідэальнае грамадства можна перш за ўсё з дапамогай правільнага выхавання і адукацыі. Пад уплывам асветніцкіх ідэй адукацыя паступова пазбаўлялася царкоўнага ўплыву, пераходзіла ў падпарадкаванне да дзяржавы і набывала свецкі характар. Гэта абумовіла правядзенне ў апошняй трэці XVIII – пачатку ХІХ ст. шэрагу рэформ у галіне адукацыі Расійскай імперыі.Да гэтага часу ў Беларусі склалася даволі заблытаная сетка навучальных устаноў, пазбаўленых адзінага кіраўніцтва і не звязаных паміж сабой.

У 1802 г. было ўтворана Міністэрства народнай асветы. Еўрапейская частка Расіі дзялілася на 6 навучальных акруг, кожную з якіх узначальваў папячыцель. Віцебская, Гродзенская, Мінская, Магілёўская губерні ўвайшлі ў склад Віленскай навучальнай акругі, якую ўзначаліў магнат Адам Чартарыйскі. Навуковым і адміністрацыйным цэнтрам акругі быў Віленскі універсітэт, створаны ў 1803 г. на базе рэарганізаванай Галоўнай Віленскай школы. Ва універсітэце меліся 4 факультэты: маральных і палітычных навук, фізіка-матэматычны, медыцынскі, літаратурны і вольных мастацтваў. Ва універсітэце працавалі такія вядомыя вучоныя як І. Страйноўскі, Я. Снядэцкі, І. Даніловіч, М. Баброўскі, І. Лялевель і інш. Пры універсітэце дзейнічалі медыцынскі, ветэрынарны, агранамічны інстытуты, астранамічная абсерваторыя, адзін з самых багатых у Еўропе батанічных садоў, першы ў Расіі заалагічны музей, тры клінікі, аптэка, бібліятэка. З’яўляючыся цэнтрам Віленскай навучальнай акругі, універсітэт распрацоўваў праграмы і падручнікі для падначаленых школ. Адукацыя, атрыманая ў Віленскім універсітэце, не саступала адукацыі ў лепшых заходнееўрапейскіх інстытутах. У 1832 г. універсітэт быў закрыты за ўдзел выкладчыкаў і студэнтаў у паўстанні 1830 – 1831 гг.

Паводле Статута 1804 г., які складзены ў адпаведнасці з французскай асветніцкай філасофіяй XVIII ст., школьная сістэма будавалася па прынцыпе адзінства і пераемнасці: кожная школьная ступень была звязана з папярэдняй і наступнай, пераход у школу ажыццяўляўся без экзамена, на падставе дакумента аб заканчэнні папярэдняй школы. Навучанне аб’яўлялася бясплатным. Сістэма адукацыі ўключала ў сябе прыходскія вучылішчы з гадавым тэрмінам навучання (пачатковая школа), двухгадовыя павятовыя вучылішчы, чатырохгадовыя гімназіі і універсітэты. Станоўчымі вынікамі рэформы на Беларусі з’явіліся рост свецкіх агульнаадукацыйных школ і колькасці навучэнцаў, увядзенне ў навучальныя планы прыродазнаўчых дысцыплін, развіццё жаночай адукацыі.

У 1828 г. быў выдадзены новы статут навучальных устаноў. Замест адзінай сістэмы пераемна звязаных паміж сабой тыпаў школ, створанай паводле Статута 1804 г., уводзіліся дзве сістэмы, сфарміраваныя па саслоўным прынцыпе: адна з іх павінна была даваць элементарную адукацыю для ніжэйшых саслоўяў (прыходскае вучылішча з 1 – 2 гадамі навучання, затым трохгадовае павятовае вучылішча), другая – сярэдняй і вышэйшай адукацыі – пераважна для дваран (дамашняе навучанне, сямігадовая гімназія, універсітэт).

Важную ролю ў сістэме школьнай адукацыі працягвалі адыгрываць каталіцкія навучальныя ўстановы, якія належалі розным каталіцкім ордэнам. Значная частка гэтых навучальных устаноў падпарадкоўвалася ордэну езуітаў. У 1818 – 1820 гг. дзейнічала Полацкая езуіцкая акадэмія, якая мела правы вышэйшай навучальнай установы і была цэнтрам асобай езуіцкай навучальнай акругі. Каталіцкія навучальныя ўстановы імкнуліся выхаваць у навучэнцаў прапольскі настрой. Мовай навучання была польская. Прапольскай арыентацыі прытрымлівалася і кіраўніцтва Віленскага універсітэта. Усё гэта спрыяла паланізацыі пераважнай часткі адукаванага насельніцтва Беларусі.

Расійскі ўрад добра разумеў небяспечнасць такой сітуацыі ў галіне адукацыі, асабліва пасля паўстання 1830 – 1831 гг. У шэрагу мерапрыемстваў, накіраваных на пашырэнне рускага ўплыву ў краі, было закрыццё ў 1832 г. Віленскага універсітэта і часовая ліквідацыя Віленскай навучальнай акругі (да 1850 г.). У школах у абавязковым парадку ўводзілася навучанне на рускай мове. Аб’яднанне уніяцкай царквы з праваслаўнай паскорыла закрыццё каталіцкіх манастыроў і іх навучальных устаноў.

Адбывалася зараджэнне прафесіянальнай адукацыі ў Беларусі. У 1840 г. пачала дзейнічаць Горы-Горацкая земляробчая школа. У 1848 г. на яе базе адкрыўся Горы-Горацкі земляробчы інстытут – першая ў Расіі і адна з першых у Еўропе вышэйшых сельскагаспадарчых навучальных устаноў. Горы-Горацкі земляробчы інстытут узнік у 1848 г. у выніку рэарганізацыі Горы-Горацкай земляробчай школы, што пераўтварыла яе ў вышэйшую сельскагаспадарчую навучальную ўстанову. Тэрмін навучання ў інстытуце працягваўся чатыры гады. Тут выкладаліся агульнаадукацыйныя і спецыяльныя сельскагаспадарчыя дысцыпліны. Пры інстытуце дзейнічаў завод па вырабе цэглы і дрэнажных труб, майстэрня сельскагаспадарчых машын, сыраварня, вучэбны пчальнік, музеі, батанічны сад, бібліятэка. Студэнты і выкладчыкі займаліся навукова-даследчай дзейнасцю, удзельнічалі ў сельскагаспадарчых з’ездах і выставах. За ўдзел студэнтаў і выкладчыкаў у паўстанні 1863 – 1864 гг. інстытут быў пераведзены ў Пецярбург. Вышэйшая сельскагаспадарчая навучальная ўстанова аднавіла сваю дзейнасць у Горках толькі ў 1919 г. Зараз тут дзейнічае Беларуская сельскагаспадарчая акадэмія.

Беларусазнаўства. Першая палова ХІХ ст. – час узнікнення навуковага беларусазнаўства. Вывучэнне Беларусі ажыццяўлялі Расійская акадэмія навук, Рускае геаграфічнае таварыства, Віленскі універсітэт, Маскоўскае таварыства аматараў старажытнасцей расійскіх, створаныя па ініцыятыве Я. Тышкевіча Віленскі музей старажытнасцей і Віленская археалагічная камісія.

Гісторыю, этнаграфію, фальклор беларусаў яшчэ ў 1780 г. пачала вывучаць экспедыцыя рускага акадэміка І.І. Ляпёхіна. Гэта было знаёмства рускіх вучоных з Беларуссю пасля далучэння яе да Расійскай імперыі. Праца рускага вучонага К.Ф. Калайдовіча “Пра беларускую гаворку” (1822) уяўляла сабой першую спробу навуковага даследавання мовы беларусаў.

Вялікі інтарэс да Беларусі праявілі польскія вучоныя. Лінгвіст С. Ліндэ і гісторык Т. Чацкі першымі загаварылі пра самабытнасць беларускай мовы і неабходнасць яе вывучэння.

У першай палове ХІХ ст. убачылі свет шматлікія дакументы і матэрыялы па гісторыі Беларусі: “Беларускі архіў” І.І. Грыгаровіча, “Летапісец Літвы і руская хроніка” І. Даніловіча, “Акты Заходняй Расіі”, “Кнігі пасольскія Метрыкі Вялікага княства Літоўскага” і інш. Выдадзены “Помнікі гісторыі Літвы” Т. Нарбута, выйшлі ў рускім друку Статуты Вялікага княства Літоўскага.

Значны ўклад у развіццё беларусазнаўства ўнеслі ўраджэнцы Беларусі: гісторыкі Іван Грыгаровіч, Ігнат Даніловіч, аўтар дзевяцітомнай “Гісторыі літоўскага народа” Тэадор Нарбут, Міхаіл Без-Карніловіч, які ў 1855 г. выдаў у Пецярбургу “Гістарычныя звесткі аб знамянальных мясцінах у Беларусі”, лінгвісты Іван Насовіч і Станіслаў Мікуцкі. Пісьменнік-этнограф Павел Шпілеўскі з’яўляўся аўтарам навукова-пазнавальных твораў “Падарожжа па Палессі і беларускім краі” і “Беларусь у характарыстычных апісаннях і фантастычных яе казках”. На карысць беларускай гісторыі, археалогіі, этнаграфіі і краязнаўства працавалі браты Яўстафій і Канстанцін Тышкевічы, вучоны і грамадскі дзеяч Адам Кіркор, публіцыст і адзін з першых даследчыкаў беларускай літаратуры Рамуальд Падбярэзскі.

Літаратура. Беларуская літаратура першай паловы ХІХ ст. адлюстравала перапляценне ідэй Асветніцтва і рамантызму, хаця вызначальнымі былі рамантычныя прынцыпы. Менавіта рамантычны светапогляд з яго ўвагай да нацыянальнай культуры спрыяў развіццю фалькларыстыкі, выкарыстанню ў мастацкай творчасці народных песень, казак, паданняў, што і прывяло да ўзнікнення першых твораў на беларускай мове.

Праблемы народнасці, нацыянальнай самабытнасці ставіліся лепшымі літаратурнымі творамі таго часу, у прыватнасці ананімнымі паэмамі “Энеіда навыварат” і “Тарас на Парнасе”. У першым творы ў сатырычным выглядзе паказаны прыгонніцкі лад, упершыню загучала жывая гутарковая беларуская мова, у другім – адлюстравана жыццё беларускай вёскі: антычныя героі і багі паводзілі сябе, апраналіся, весяліліся і бедавалі, як беларускія сяляне і збяднелыя шляхціцы.

Варта адзначыць, што частка ўраджэнцаў Беларусі працавала на карысць польскай культуры. Найбольш вядомай постаццю сярод іх з’яўляецца Адам Міцкевіч. Свае творы ён пісаў на польскай мове, выкарыстоўваючы сюжэты беларускай гісторыі і фальклору. Як прадстаўнік рамантызму ў польскай літаратуры Адам Міцкевіч паўплываў на творчую дзейнасць пачынальнікаў беларускай літаратуры.

У першай палове ХІХ ст. з асяроддзя апалячанай беларускай шляхты з’яўляюцца паэты і празаікі, якія ствараюць беларускамоўныя творы. Так, паэт і фалькларыст Ян Чачот выдаў 6 фальклорных зборнікаў, дзе змясціў беларускія песні ў польскім перакладзе і арыгінале. На іх узор ён і сам пісаў вершы на беларускай мове, у якіх заклікаў гуманна адносіцца да прыгонных сялян. Ян Баршчэўскі амаль усё сваё жыццё прысвяціў збіранню народнай творчасці. Ён стварыў некалькі вершаў на беларускай мове і паэму “Рабункі мужыкоў”. У сваім галоўным творы “Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях”, напісаным на польскай мове, аўтар літаратурна перапрацаваў фальклорны матэрыял. Сюжэты і вобразы беларускага фальклору шырока выкарыстоўваў Уладзіслаў Сыракомля. Большасць яго твораў напісана на польскай мове, аднак захаваліся і некаторыя беларускамоўныя вершы паэта. Менавіта Сыракомля падтрымаў імкненне Дуніна-Марцінкевіча пісаць па‑беларуску.

Паэт і драматург Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч ажыццявіў пераход ад польскай літаратурнай традыцыі да ўласна беларускай. Пры стварэнні беларускамоўных твораў перад аўтарам паўставала пытанне, для каго ён піша па‑беларуску. Ва ўмовах, калі шляхта грэбавала “мужыцкай” мовай, а асноўная маса насельніцтва была непісьменнай, ён мог разлічваць толькі на невялікую групу патрыятычна настроеных інтэлігентаў. Аднак паэт усё ж стаў на шлях выкарыстання беларускага слова як мастацкага сродку.Вершаваныя аповесці “Вечарніцы”, “Гапон”, “Купала”, “Шчароўскія дажынкі”, “Халімон на каранацыі” і іншыя склалі сапраўдны вершаваны эпас. У іх пісьменнік паказаў духоўную прыгажосць і высакароднасць беларускага селяніна, яго побыт, лад жыцця і думкі, а таксама гістарычнае мінулае свайго краю. Дунін-Марцінкевіч з’яўляецца аўтарам славутых драматычных твораў: камедыі “Пінская шляхта” і “Залёты”.