Добавил:
Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
КР №1 Вариант 18.doc
Скачиваний:
14
Добавлен:
01.04.2014
Размер:
113.15 Кб
Скачать

3. Прааналізуйце асноўныя тэндэнцыі ў развіцці музычна-тэатральнай культуры, выяўленчага мастацтва і архітэктуры Беларусі ў гэты час.

Музыка і тэатр.У музычна-тэатральнай культуры канца XVIII – першай паловы XIX ст. вылучаецца сваёй адметнасцю прыгонны прафесійны тэатр магнатаў, у якім адпаведна тагачасным дваранскім густам вялікае месца адводзілася спектаклям. Гэты тэатр меў змешаныя оперна-драматычныя трупы, у якіх адны і тыя ж акцёры выконвалі ролі ў оперы, драме, камедыі. Оперы ставілі ў Нясвіжскім і Слуцкім тэатрах Радзівілаў, Ружанскім і Дзярэчынскім (Зэльвенскі р-н) тэатрах Сапегаў і інш.

Значную частку рэпертуару Гродзенскага, Слонімскага і Шклоўскага тэатраў складалі балеты. Пры некаторых магнацкіх тэатрах існавалі балетныя школы. Высокае прафесійнае майстэрства беларускіх артыстаў балета пацвярджаецца тым, што яны папаўнялі трупы варшаўскіх і пецярбургскіх тэатраў. У 1785 г. гродзенская трупа стала асновай польскага “Таварыства танцораў Яго Каралеўскай Вялікасці”, а 14 прыгонных танцораў Шклоўскага тэатра графа С.Зорыча ўвайшлі ў склад пецярбургскіх тэатраў.

Прыватныя магнацкія тэатры дзейнічалі таксама і ў іншых гарадах і мястэчках Беларусі: В. Тышкевіча – у Свіслачы і Плешчаніцах, Л. Ракіцкага – у Гарадзішчы пад Мінскам, А. Буйніцкага – у Забор’і, А. Галіцына – у Віцебску, З. Чарнышова – у Магілёве. Пры многіх магнацкіх тэатрах, у панскіх сядзібах існавалі аркестры, харавыя капэлы і іншыя музычныя калектывы. Напрыклад, маёнтак Гарадзец у Магілёўскай губерні, які належаў рускаму арыстакрату, кампазітару-аматару У.Р. Кастрыёту-Скандэрбеку, сябру М.І. Глінкі і А.С. Даргамыжскага, славіўся адным з лепшых у Расіі прыгонным квартэтам.

Разам з прафесійным тэатрам развіваўся аматарскі, які быў папулярны ў шляхецкім, чыноўніцкім і афіцэрскім асяроддзі. На аматарскай сцэне рабіў першыя крокі беларускі нацыянальны тэатр. Ля яго вытокаў стаялі В. Дунін-Марцінкевіч і тыя мінскія акцёры і музыканты-аматары, якія гуртаваліся вакол гэтага выдатнага драматурга, рэжысёра і акцёра. 23 верасня 1841 г. адбылася прэм’ера аматарскага спектакля – камічнай оперы “Рэкруцкі яўрэйскі набор”, музыку для якой напісалі С. Манюшка і К. Кжыжаноўскі, а лібрэта – В. Дунін-Марцінкевіч. 9 лютага 1852 г. мінскія аматары паставілі “Ідылію” Дуніна-Марцінкевіча на музыку С. Манюшкі і К. Кжыжаноўскага.

Глыбокі след у беларускай музычнай культуры пакінуў класік польскай музыкі, ураджэнец Ігуменскага (цяпер Чэрвеньскі р-н) павета Мінскай губерні Станіслаў Манюшка. У Мінску ў таленавітага музыканта і выкладчыка Д. Стэфановіча ён атрымаў пачатковую музычную адукацыю. З Мінскам звязана стварэнне і пастаноўка яго першых вадэвіляў, музычных камедый і камічных опер. Творчая дружба С. Манюшкі з В. Дуніным-Марцінкевічам прынесла вялікі плён: на лібрэта апошняга былі напісаны оперы “Спаборніцтва музыкантаў”, “Чарадзейная вада”, “Сялянка”, пастаўленыя ў Мінску і іншых беларускіх гарадах. Беларускія народныя песні і мелодыі арганічна ўвайшлі ў творы С. Манюшкі.

Сярод вядомых дзеячаў музычнай культуры, якія працавалі на Беларусі, Міхал Клеафас Агінскі, аўтар славутага паланеза “Развітанне з Радзімай”; Фларыян Міладоўскі, аўтар пастаўленай у Мінску аперэты “Канкурэнты”; Міхаіл Ельскі, мінскі скрыпач і кампазітар; І. Глінскі, гродзенскі спявак і кампазітар; Тэафіля Юзафовіч, скрыпачка; дзеці Дуніна-Марцінкевіча Каміла і Міраслаў, бліскучыя піяністы; Міхаіл Гузікаў, ксілафаніст з еўрапейскім імем; браты Дамінік і Вікенцій Стэфановічы, дырыжоры мінскага духавога аркестра, кіраўнікі фартэпіянных класаў і інш.

Выяўленчае мастацтва. У выяўленчым мастацтве Беларусі канца ХVІІІ – першай паловы ХІХ ст. наглядалася ўзаемадзеянне дзвюх плыняў – класіцызму і рамантызму. Класіцызм быў афіцыйным стылем, якога прытрымлівалася Пецярбургская акадэмія мастацтваў. Аднак у выяўленчае мастацтва пранікаюць і элементы рамантызму.

Перапляценне рысаў класіцызму і рамантызму наглядаецца ў творчасці беларускага мастака Іосіфа Аляшкевіча. Мастак жыў у Пецярбургу, аднак часта прыязджаў у Беларусь. Тут ён стварыў шэраг партрэтаў. Некаторыя з іх выкананы ў стылі класіцызму (партрэт А. Чартарыйскага). Асобныя творы І. Аляшкевіча адлюстравалі рамантычныя павевы.

Валенцій Ваньковіч увайшоў у гісторыю беларускага жывапісу як прадстаўнік рамантызму. Майстэрня Ваньковіча ў Мінску была цэнтрам, вакол якога групаваліся лепшыя мастацкія сілы горада. Яе часта наведвалі мастакі Я. Дамель, М. Кулеша. Сярод знаёмых і сяброў В. Ваньковіча было шмат дзеячаў літаратуры і мастацтва Беларусі, Літвы, Польшчы, у тым ліку і Адам Міцкевіч. Мастак стварыў шэраг іх партрэтаў у стылі рамантызму. Палатно В. Ваньковіча “Міцкевіч на скале Аюдаг” з’яўляецца тыповым прыкладам рамантычнага партрэта.

Таленавіты мастак, этнограф і кампазітар Н. Орда абышоў і аб’ездзіў амаль усю Беларусь, Польшчу і Літву, зрабіў каля 500 акварэляў і малюнкаў з натуры, захаваўшы такім чынам для нашчадкаў аблічча цудоўных помнікаў архітэктуры, замкаў, палацаў, вуліц гарадоў, гістарычных мясцін. Яго акварэлі і малюнкі пераводзіліся ў літаграфіі, выдаваліся альбомамі, графічнымі серыямі. Вялікае грамадскае прызнанне атрымалі карціны Н. Орды “Лагойск”, “Крыжоўка”, “Руіны замка ў Лідзе”, “Мір”, “Нясвіж”, “Белая вежа” і інш.

Мастак Ян Дамель пакінуў значны след амаль ва ўсіх жанрах выяўленчага мастацтва. Найбольш вядомы ён як майстар гістарычнага жанру. Ян Дамель добра ведаў айчынную і антычную гісторыю, валодаў некалькімі замежнымі мовамі. У сваіх палотнах ён імкнуўся адлюстраваць найбольш яркія, кульмінацыйныя моманты гістарычнага развіцця краю. Мастак стварыў такія карціны, як “Смерць князя Панятоўскага”, “Смерць Глінскага ў няволі”, “Вызваленне Т. Касцюшкі з цямніцы”, “Адступленне французаў праз Вільню ў 1812 г.” і інш. Акрамя гістарычных палотнаў, Я. Дамель напісаў шэраг партрэтаў і пейзажаў.

Вікенцій Дмахоўскі вядомы як стваральнік рамантычных пейзажаў. Мастак у асноўным маляваў месцы, звязаныя з жыццём і дзейнасцю А. Міцкевіча, сябрам якога ён быў (“Возера Свіцязь”, “Дом Міцкевіча ў Навагрудку”, “Заход сонца” і інш.). У пейзажах В. Дмахоўскага няма акадэмічнай умоўнасці і скаванасці, яны простыя і звычайныя, але разам з тым паэтычныя і хвалюючыя.

Іван Хруцкі ўвайшоў у гісторыю мастацтва як заснавальнік рэалістычнага нацюрморта. І.Ф. Хруцкі нарадзіўся ў сям’і уніяцкага святара ў мястэчку Ула Лепельскага павету Віцебскай губерні. Адукацыю мастак атрымаў у Пецярбургскай акадэміі мастацтваў. Творы мастака прасякнуты паэтычным адчуваннем быту, вызначаюцца дакладнасцю ў перадачы натуры. У 1839 г. за нацюрморт “Кветкі і садавіна” ён атрымаў званне акадэміка Пецярбургскай акадэміі мастацтваў. Акрамя нацюрмортаў і пейзажаў І. Хруцкі напісаў шмат партрэтаў, у тым ліку “Сямейны партрэт”, “Партрэт хлопчыка ў саламяным брылі”.

Прадстаўнікамі бытавога жанру ў выяўленчым мастацтве былі выхаванцы Віленскай школы жывапісу К. Кукевіч, К. Русецкі, Ю. Карчэўскі, Ц. Бычкоўскі і інш. Выразнай манерай пісьма вылучаюцца творы К. Русецкага: “Жняя”, “Вербная нядзеля”, пейзажы ваколіц Навагрудка, Ашмяншчыны, Белавежскай пушчы.

У першай палове XIX ст. у мастацтве Беларусі вырасла папулярнасць графікі. Гэта было выклікана развіццём паліграфічнай вытворчасці, выданнем масавымі тыражамі друкаваных твораў. Звярталіся да мастацкага прыёму графікі ілюстратары, картографы. Найбольш вядомымі графікамі былі М. Падалінскі, Ю. Главацкі, Ю. Азямблоўскі, Б. Клямбоўскі.

Архітэктура. З эпохай Асветніцтва звязана ўсталяванне стылю класіцызму ў архітэктуры. Архітэктары паступова адмаўляліся ад празмернай складанасці і заблытанасці архітэктурных форм, характэрных для стыляў барока і ракако. У архітэктурных кампазіцыях пачалі выкарыстоўвацца выразныя геаметрычныя формы. Набывалі распаўсюджанне антычная ордэрная сістэма і простыя дэкаратыўныя ўпрыгожванні. Класічны ордэрны порцік станавіўся характэрнай часткай палацаў, сядзіб некаторых культавых пабудоў.

Станаўленне класіцызму найперш было звязана з інтэнсіўным развіццём горадабудаўніцтва. У беларускіх гарадах пачалі з’яўляцца новыя тыпы жылых і грамадскіх будынкаў (канцылярыі, бальніцы, гімназіі), якія вылучаліся на фоне сярэдневяковай забудовы сваімі правільнымі абрысамі. Упершыню горадабудаўніцтва стала разглядацца як адзіная прасторавая сістэма, спланаваная на рацыянальных пачатках. Горадабудаўніцтва станавілася дзяржаўнай справай. У першай палове ХІХ ст. былі распрацаваны планы забудовы звыш 40 беларускіх гарадоў.

Яскравае адлюстраванне класіцызм знайшоў у палацава-сядзібнай архітэктуры. Дыяпазон палацава-сядзібнага будаўніцтва быў вельмі шырокі – ад невялікіх сядзіб дробнай шляхты да манументальных пабудоў буйных магнатаў. Сярод выдатных помнікаў беларускага класіцызму вылучаюцца Гомельскі, Жыліцкі (Кіраўскі раён), Сноўскі (Нясвіжскі раён) палацы. Будаўніцтва палаца ў Гомелі пачалося ў 1785 г., калі яго ўладальнікам стаў вядомы рускі палкаводзец граф П. Румянцаў. Палац быў выкананы ў стылі класіцызму з выкарыстаннем такіх яго характэрных элементаў як порцік і каланада. Велічная класічная пабудова сімвалізавала высокі сацыяльны статус яе ўладальніка. У 1834 г. гомельскі маёнтак набыў фельдмаршал граф І. Паскевіч, які ажыццявіў рэканструкцыю палаца з элементамі рамантызму. У выніку палац захаваў свае класічныя рысы, аднак некаторыя элементы дэкору набылі рысы рэнесанснай ці гатычнай архітэктуры. У гэты ж час быў створаны пейзажны парк, аздоблены гротамі, мосцікамі, керамічнымі вазамі, штучнымі вадаёмамі і іншымі ўпрыгажэннямі.Пры гэтых збудаваннях звычайна ствараліся паркі ў стылі рамантызму, аздобленыя штучнымі гротамі, каскадамі, руінамі. Найбольш значная з культавых пабудоў эпохі класіцызму ў Беларусі – Петрапаўлаўскі сабор у Гомелі. Петрапаўлаўскі сабор у Гомелі быў пабудаваны ў 1809 – 1819 гг. па праекту англійскага архітэктара Дж. Кларка. Сабор быў створаны ў той час, калі ідэі класіцызму атрымалі перавагу над традыцыямі будаўніцтва праваслаўных храмаў, што існавалі на працягу стагоддзяў. Характэрныя прыёмы кампазіцыі – шасцікалонныя порцікі дарычнага ордэра, трохвугольныя франтоны. Велічнае ўяўленне стварае прарэзаны 12 вокнамі барабан, які завяршаецца паўсферычным купалам.

Класіцызм панаваў у архітэктуры Беларусі да сярэдзіны ХІХ ст. Альтэрнатывай класіцызму выступаў рамантызм, які праявіўся пераважна ў пейзажна-паркавым мастацтве. Рамантычныя пейзажныя паркі ствараліся па прынцыпе свабоднай кампазіцыі, аздабляліся штучнымі гротамі, каскадамі, руінамі (Гомельскі, Лагойскі, Жыліцкі, Савейкаўскі паркі).

Заключэнне

Культура Беларусі першай паловы XIX ст. з'яўлялася важнай часткай гістарычнага працэсу. Яна была цесна звязана з культурамі суседніх народаў. У многіх галінах - выяўленчым мастацтве, літаратуры, тэатры, навуцы яна дасягнула еўрапейскіх вышынь. У гэты час фарміраваліся яе самабытнасць, непаўторныя традыцыі. Але працэс развіцця культуры Беларусі скажаўся і стрымліваўся палітыкай царскіх улад. У канцы XVIII - першай чвэрці XIX ст. гэта палітыка спрыяла інтэнсіўнай паланізацыі Беларусі, што закрывала беларускай культуры шлях да прафесіяналізацыі. Русіфікацыя, распачатая царскім урадам у другой чвэрці стагоддзя і асабліва ўзмацніўшаяся пасля паўстання 1830 - 1831 гг., зноў не пакідала беларусам месца і магчымасцяў для развіцця нацыянальнай культуры. Царскі ўрад, не забараняючы афіцыйна беларускую мову, перакрываў ёй шлях да прыгожага пісьменства. Асабліва моцна пашкодзіла станаўленню новай беларускай мовы забарона друкаваць на лацінцы, выдадзеная ў сувязі з цэнзурным разглядам перакладу "Пана Тадэвуша" В.Дуніна-Марцінкевіча.

Такім чынам, даволі вялікае кола беларускіх пісьменнікаў, якія выйшлі з польскамоўнага асяроддзя і карысталіся лацінкай, былі пазбаўлены магчымасці друкаваць свае творы. Беларуская мова разглядалася царскімі ўладамі як адзін з дыялектаў мовы рускай і дазвалялася толькі ў фалыслоры.

Але, нягледзячы на працяглую паланізацыю і распачатую русіфікацыю, беларускі народ здолеў захаваць этнічны воблік і нават пры вялікіх стратах адстаяць сваю нацыянальную перспектыву.