Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
lekc1.doc
Скачиваний:
36
Добавлен:
10.11.2019
Размер:
1.74 Mб
Скачать

ГРОДЗЕНСКІ ДЗЯРЖАЎНЫ УНІВЕРСІТЭТ ІМЯ ЯНКІ КУПАЛЫ

ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ

У 2-х частках

Частка 1

СА СТАРАЖЫТНЫХ ЧАСОЎ ДА СЯРЭДЗІНЫ XVI ст.

Курс лекцый

Мінск 2009

УДК 947.6 (075,8)

ББК 63.3 (4Беи)

Г 51

Аўтарскі калектыў:

І. П. Крэнь (кіраўнік), С. В. Марозава,

В. А. Белазаровіч, І. І. Коўкель

Рэдакцыйная калегія:

П. І. Брыгадзін, І. П. Крэнь,

І. І. Коўкель, Л. В. Лойка, У. А. Нядзелька

Рэцэнзенты:

Кафедра гісторыі Беларусі Белдзяржуніверсітэта;

М. С. Сташкевіч, доктар гістарычных навук;

Г. Я. Галенчанка, доктар гістарычных навук

Рэкамендавана да друку Саветам факультэта гісторыі і сацыялогіі

ГрДУ імя Янкі Купалы.

Гісторыя Беларусі: У 2 ч. Ч. 1. Са старажытных часоў да сярэдзіны XVI ст.: Курс лекцый / І. П. Крэнь, С. В. Марозава, В. А. Белазаровіч, І. І. Коўкель. – Мн.:…, 2009. - … с.

ISBN 985-6299-34-9

Курс лекцый адлюстроўвае асноўны змест вучэбнай праграмы па гісторыі Беларусі для студэнтаў гістарычных факультэтаў ВНУ. Прадстаўляе цікавасць для аспірантаў, выкладчыкаў тэхнікумаў і вучылішчаў, настаўнікаў школ, ліцэяў, гімназій, каледжаў, а таксама аматараў айчыннай гісторыі.

@Калектыў аўтараў, 2009

УСТУП

Гісторыя з'яўляецца не толькі памяццю народа, але і тым падмуркам, на якім ён ладзіць сваё жыццё. Таму кожны народ, і беларускі тут не выключэнне, хоча ведаць сваё мінулае, асабліва калі яно даўняе і багатае. Гісторыя беларусаў налічвае не адно тысячагоддзе і з’яўляецца важнай часткай агульнаславянскай, еўрапейскай і сусветнай цывілізацыі. Гістарычнае мінулае беларусаў – гэта іх неад'емнае багацце, важны фактар нацыянальнай адметнасці. Сваёй непаўторнай гісторыяй, гераічнай і трагічнай, беларускі народ можа ганарыцца. Вывучэнне яе па-праву займае вядучае месца ў сістэме гуманітарнай адукацыі вучнёўскай і студэнцкай моладзі. Менавіта на гістарычных ведах грунтуецца нацыянальная свядомасць.

Праўда, так ужо склалася, што гісторыя беларускага народа практычна ніколі не пісалася з аб'ектыўных пазіцый. На працягу многіх стагоддзяў спачатку польская, затым расійская і савецкая гістарыяграфіі, закранаючы гісторыю Беларусі, асвятлялі яе больш суб'ектыўна, з улікам сваіх інтарэсаў. Аб'ектыўна ж адлюстраваць гістарычнае мінулае і сучаснасць можна толькі пры сумленных падыходах і ацэнках, незалежнасці ад зададзенай ідэалогіі, уціску палітычных партый, рухаў ці арганізацый, кан'юнктурных меркаванняў, не абмяжоўваючыся толькі нацыянальнымі рамкамі, а зыходзячы з міжнароднага характару гістарычнай навукі і гістарычнага працэсу.

Вядома, што вывучэнне гісторыі Беларусі павінна зыходзіць з нацыянальных пазіцый беларускага народа, патрыятычных адносін да сваёй Бацькаўшчыны. Гісторыкам нелъга абысціся без пошуку новых дакументаў па ўсіх перыядах гістарычнага развіцця беларусаў, без крытычнага пераасэнсавання раней выкарыстанай дакументальнай базы, уключэння ў навуковае абарачэнне найноўшых публікацый беларускіх і замежных даследчыкаў. Вельмі важна зрабіць навуковую перыядызацыю гістарычнага працэсу, паказаць альтэрнатыўныя пункты гледжання па разглядаемых пытаннях.

Менавіта такія падыходы пакладзены ў аснову гэтай кнігі. Аўтарамі першай часткі кнігі з'яўляюцца выкладчыкі кафедры гісторыі Беларусі Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы; другая частка падрыхтавана калектывам кафедры гісторыі Беларусі новага і найноўшага часу Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Яны імкнуліся даць аб'ектыўнае і сістэматызаванае адлюстраванне гістарычнага працэсу на беларускіх землях, надалі належную ўвагу фарміраванню беларускага этнасу, вывучэнню традыцый беларусаў, іх псіхалогіі. У роўнай ступені разгледжаны пытанні сацыяльнага, эканамічнага, дзяржаўна-палітычнага і культурнага развіцця народа, яго барацьбы за сацыяльную і нацыянальную свабоду, незалежнасць. У прапануемым выданні нямала новых падыходаў да асвятлення гістарычных падзей, сюжэтаў і гістарычных асоб. Аўтарскі калектыў улічваў спецыфіку навучання студэнтаў гістарычных факультэтаў ВНУ. Аднак аўтары ўсведамляюць, што дадзеныя лекцыі не могуць у поўнай меры вычарпаць увесь праграмны матэрыял. Яны з'яўляюцца толькі падмуркам для далейшай паглыбленай самастойнай працы студэнтаў над першакрыніцамі, манаграфічнай літаратурай, навуковай публіцыстыкай.

І.П. Крэнь, кандыдат гістарычных навук, прафесар

Лекцыя 1

Уводзіны

  • Прадмет, задачы, функцы і роля гистарычнай навукі.

  • Праблема перыядызацыі гісторыі Беларусі.

  • Цывілізацыйныя і стадыяльная тэорыі гістарычнага развіцця.

  • Гістарыяграфія гісторыі Беларусі.

  • Крыніцы па гісторыі Беларусі.

Прадмет, задачы, функцыі і роля гістарычнай навукі

У перакладзе з грэчаскай мовы слова "гісторыя" азначае апавяданне аб мінулых падзеях, аб тым, што вывучана і даследавана. У шырокім сэнсе —працэс развіцця ў прыродзе і грамадстве. Напрыклад, гісторыя Зямлі, гісторыя літаратуры і г. д. А вось у спецыфічным сэнсе гісторыя – гэта навука аб заканамернасцях разгортвання ў прасторы і часе сусветна-гістарычнага працэсу і ўзаемадзеянняў этнапалітычных супольнасцяў. Яна вызначае і тлумачыць канкрэтную хаду і заканамернасці развіцця чалавечай супольнасці ва ўсёй яе шматграннасці, адлюстроўвае патрэбу грамадства ў разуменні свайго мінулага, каб глыбей асэнсаваць сучаснае і перспектывы будучага.

Працэс станаўлення гісторыі як навукі звязаны з нямецкімі філосафамі і гісторыкамі (І. Г. Гердэр, І. Кант і інш.), з французскімі гісторыкамі (Ф. П. Гізо, А. Мінье, А. Цьеры), якія працавалі ў XVIII–ХІХ стст. За гэты час адбылося асэнсаванне сусветна-гістарычнага працэсу, сфарміраваліся розныя навуковыя школы.

Аб'ектам пазнання гістарычнай навукі з'яўляецца ўся сукупнасць з'яў грамадскага жыцця на працягу ўсёй гісторыі грамадства. У параўнанні з іншымі гуманітарнымі дысцыплінамі яна выступае як навука комплексная, інтэгральная. Прадметам яе пазнання з'яўляецца раскрыццё чалавечай дзейнасці ва ўсёй шматбаковасці, прасторавай і часавай канкрэтнасці.

Гісторыя Беларусі ў кантэксце сусветных цывілізацый з'яўляецца інтэграваным курсам айчыннай гісторыі. Яго мэта – далучэнне да нацыянальных і сусветных культурных традыцый, выхаванне грамадзяніна і патрыёта Айчыны, асобы, якая валодае высокімі маральнымі якасцямі і здольна да самарэалізацыі ва ўмовах сучаснай сацыякультурнай сітуацыі.

Інтэграваны курс айчыннай гісторыі знаёміць з асноўнымі падзеямі, з'явамі, паняццямі, заканамернасцямі развіцця нашай краіны са старажытных часоў па сённяшні дзень. Прадугледжваецца вывучэнне комплексу пытанняў сацыяльна-эканамічнага, палітычнага характару, культуры Беларусі, фарміраванне разумення айчыннай гісторыі як арганічнай часткі еўрапейскай і сусветнай гісторыі, засваенне паняццяў спецыфічнага і агульнага ў ёй.

Курс гісторыі Беларусі арыентуе на вывучэнне айчыннай гісторыі ў шматстайнасці чалавечых лёсаў – дзяржаўных мужоў, асветнікаў, дзеячаў культуры, кіраўнікоў народных рухаў, палкаводцаў, прадстаўнікоў духавенства – і ў сутыкненні і барацьбе ідэй, палітычных пазіцый, сацыяльных інтарэсаў, культурных і рэлігійных плыняў. Яго вывучэнне патрабуе крытычнага аналізу мінулага і сучаснасці, пошуку прычынна-выніковых сувязяў гістарычных працэсаў і падзей, вызначэння фактараў, якія бы абумовілі тэмпы, характар і асаблівасці развіцця беларускай зямлі і яе народа.

Прапанаваны матэрыял дазваляе пазнаць непаўторнасць, арыгінальнасць пройдзенага народам шляху, яго матэрыяльнай і духоўнай культуры, усвядоміць нацыянальную адметнасць і каштоўнасць у суквецці славянскай, еўрапейскай і сусветнай культуры, раскрывае супярэчлівасць, шматварыянтнасць, а разам з тым адзінства гістарычнага працэсу на тэрыторыі Беларусі з агульнаеўрапейскім, яго паступальнасць.

Айчынная гісторыя – невычэрпная крыніца духоўнага ўзбагачэння, фарміравання навуковага гуманістычнага светапогляду, высокіх грамадзянскіх якасцяў. Яе вывучэнне абуджае гістарычную памяць і нацыянальную свядомасць, грамадзянскую годнасць і гонар і, такім чынам, садзейнічае нацыянальна-культурнаму адраджэнню Беларусі, засцерагае ад паўтарэння памылак мінулага.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]