Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
lekc2.doc
Скачиваний:
46
Добавлен:
10.11.2019
Размер:
1.89 Mб
Скачать

ГРОДЗЕНСКІ ДЗЯРЖАЎНЫ УНІВЕРСІТЭТ ІМЯ ЯНКІ КУПАЛЫ

ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ

У 2-ух частках

Частка 2

АД ЛЮБЛІНСКАЙ УНІІ ДА КАНЦА XVIII ст.

Курс лекцый

Мінск 2009

УДК 947.6 (075,8)

ББК 63.3 (4Беи)

Г 51

Аўтарскі калектыў:

І. П. Крэнь (кіраўнік), С. В. Марозава,

В. А. Белазаровіч, С. Я. Сяльверстава,

І. І. Коўкель, І. А. Фёдараў

Рэдакцыйная калегія:

П. І. Брыгадзін, І. П. Крэнь,

Л. В. Лойка, У. А. Нядзелька

Рэцэнзенты:

Кафедра гісторыі Беларусі Белдзяржуніверсітэта;

М. С. Сташкевіч, доктар гістарычных навук;

Г. Я. Галенчанка, доктар гістарычных навук

Рэкамендавана да друку Саветам факультэта гісторыі і сацыялогіі

ГрДУ імя Янкі Купалы.

Гісторыя Беларусі: У 2 ч. Ч. 2. Ад Люблінскай уніі да канца XVIII ст.: Курс лекцый / І. П. Крэнь, С. В. Марозава, В. А. Белазаровіч, С. Я. Сяльверстава, І. А. Фёдараў, І. І. Коўкель. – Мн.: …., 2009. - … с.

ISBN 985-6299-34-9

Курс лекцый адлюстроўвае асноўны змест вучэбнай праграмы па гісторыі Беларусі для студэнтаў гістарычных факультэтаў ВНУ. Прадстаўляе цікавасць для аспірантаў, выкладчыкаў тэхнікумаў і вучылішчаў, настаўнікаў школ, ліцэяў, гімназій, каледжаў, а таксама аматараў айчыннай гісторыі.

@ Калектыў аўтараў, 2009

Лівонская вайна

Прычыны Лівонскай вайны і расклад сіл перад яе пачаткам. Пачатак баявых дзеянняў і ўступленне ў вайну Вялікага княства Літоўскага. Захоп маскоўскім войскам Полацка. Бітва на р. Ула. Палітыка маскоўскіх улад на акупіраванай тэрыторыі. Вызваленне Полацка. Заключны этап вайны і яе вынікі.

Лекцыя 20. Шлях да любліна

  • Лівонская вайна

  • Утварэнне Рэчы Паспалітай

Лівонская вайна

Пасля завяршэння ў 1537 г. паласы войнаў паміж Вялікім княствам Літоўскім і Маскоўскай дзяржавай спакой на іх межах панаваў два дзесяцігоддзі. Гэта перадышка стала зацішкам перад вялікай бурай. Масква рыхтавалася да новых захопаў. Яна неаднаразова давала зразумець, што лічыць усходнеславянскія землі Вялікага княства Літоўскага сваёй гістарычнай спадчынай. Цяпер нават Віленшчына і Лівонія ўжо дбвяшчаліся "вотчынай" маскоўскіх уладароў. Логіка развіцця гістарычных працэсаў у канцы 50-х гадоў XVI ст. няўмольна вяла да сутыкнення жыццёвых інтарэсаў ВКЛ і Масковіі на прыбалтыйскіх землях.

У 1558 г. Руская дзяржава распачала барацьбу за тэрыторыю Лівонскай канфедэрацыі (Лівонская канфедэрацыя – саюз пяці княстаў, створаных у XIII ст. нямецкімі крыжакамі на ўзбярэжжы Балтыйскага мора на заваяваных тэрыторыях племені ліваў – у межах сучаснай Латвіі і Эстоніі, якія намінальна лічыліся пад уладай Папы Рымскага і германскага імператара) і выхад да Балтыйскага мора, каб наладзіць праз гэтыя землі гандлёвыя і культурныя сувязі з краінамі Заходняй Еўропы і сцвердзіць сваё права магутнай дзяржавы ўплываць на палітычны клімат Еўропы. Але на яе шляху ў Еўропу ляжалі Вялікае княства Літоўскае, Польшча і Лівонія. У хуткім часе маскоўскае войска авалодала Нарвай, Дэрптам (Тарту), наблізілася да Рэвеля (Таліна).

Магістр Лівонскага ордэна Кетлер пасля няўдалай спробы арганізаваць супраціўленне Маскве папрасіў дапамогі ў еўрапейскіх дзяржаў. Уступіцца пагадзілася толькі Вялікае княства Літоўскае, бо Маскоўская дзяржава, якая авалодала Ліфляндыяй (з канца ХVІ – першай паловы XVII ст. Лівонія стала называцца Ліфляндыяй, ці Інфлянтамі), стварыла пагрозу паўночным рубяжам княства. Літвінская знаць хацела перашкодзіць Маскве завалодаць балтыйскім узбярэжжам, паколькі сама была зацікаўлена ў гэтых тэрыторыях. Яшчэ ў 1557 г. вялікакняжацкі ўрад заключыў ваенны саюз з Лівонскім ордэнам, накіраваны супраць Масквы. Паспяховае прасоўванне войска цара Івана вымусіла Лівонскі ордэн у 1559 г. перайсці пад пратэктарат Вялікага княства Літоўскага і Польшчы. Калі ж пад ударамі гэтага войска Ордэн распаўся, у 1561 г, у Вільні было падпісана пагадненне, згодна з якім магістр Кетлер аб'яўляўся свецкім князем у Курляндыі і губернатарам у астатняй частцы Лівоніі, якая станавілася правінцыяй пад сумеснай уладай Вялікага княства Літоўскага і Польшчы. Узяўшы Лівонію пад сваю апеку, польскі кароль і вялікі літоўскі князь Жыгімонт II Аўгуст патрабуе ад Івана IV вывесці адтуль свае войскі. Цар катэгарычна адмовіўся – не ў яго планах было перапыняць паспяхова распачатую вайну. Тады Вялікае княства ўступае ў вайну і пасылае на абарону Лівоніі сваё войска.

У адказ на гэта Іван Грозны накіраваў свае асноўныя сілы да паўночна-ўсходніх межаў княства. Баявыя дзеянні перамясціліся на тэрыторыю Беларусі, якая стала асноўным тэатрам вайны.

Ужо ў пачатку 1562 г. царскія палкі спустошылі Мсціслаўшчыну, ваколіцы Шклова, Оршы, Віцебска, Дуброўны і Копысі. Для ажыццяўлення рашаючага наступлення на ВКЛ зімой 1562–1563 гг. пад Мажайскам было сканцэнтравана 60-тысячнае войска, якое ўзначаліў Іван IV. 31 студзеня 1563 г. яно аблажыла Полацк. Маленькі гарнізон на чале з ваяводам С. Давойнам два тыдні мужна адбіваўся, але драўляныя ўмацаванні гарэлі, сілы абаронцаў таялі, а дапамогі чакаць не было адкуль: гетман Мікалай Радзівіл меў пад рукой толькі тры з паловай тысячы вершнікаў. 15 лютага горад мусіў здацца. Ён быў разрабаваны царскімі ратнікамі. Шмат фурманак з золатам, серабром і іншымі каштоўнасцямі пацягнулася да Масквы. Была раскрадзена старажытнейшая на Беларусі бібліятэка Сафійскага сабора. У палон павялі больш як 11 тыс. палачан.

Амаль уся паўночная Беларусь была акупавана. Пасля захопу Полацка маскоўскае войска стала пагражаць Вільні. Шлях на сталіцу ВКЛ быў адкрыты. У Маскве пачаліся перагаворы. Іван IV патрабаваў перадаць Расіі Лівонію і Полацк. Урад ВКЛ не згадзіўся, і ў 1564 г. ваенныя дзеянні аднавіліся. Яны ішлі з пераменным поспехам.

Мэтай чарговай ваеннай кампаніі маскоўскі цар ставіў авалоданне Мінскам і Навагародкам. Але гэты план сарвала войска ВКЛ на чале з гетманам Мікалаем Радзівілам, якое ў студзені 1564 г. разграміла 30-тысячнае маскоўскае войска, з якога 25 тысяч загінула на полі і падчас пагоні. Тым не менш, княства засталося ў складаным становішчы. Акупанты нішчылі занятыя землі, вывозілі ў палон насельніцтва, а выбіць іх з Беларусі і іншых тэрыторый не хапала сіл. Восенню 1565 г. актыўныя ваенныя дзеянні перапыніліся, пачалася пазіцыйная вайна, праводзіліся нязначныя аперацыі. У 15664–1569 гг. рускі цар узмацніў свае пазіцыі на заваяванай тэрыторыі, пабудаваўшы ў раёне Полацка крэпасці Сушу, Сокал, Сітна, Чырдоную, Каз'яны, Усвят, Туроўлю. Лівонская вайна патрабавала вялікіх выдаткаў ад ВКЛ. Сілы дзяржавы былі на мяжы магчымага. Вайна выцягнула ўсе сродкі. Неадкладна патрабаваўся саюзнік. Гэта было ці не галоўнай прычынай таго, што ВКЛ пагадзілася аб'яднацца на канфедэратыўнай аснове з Польскім каралеўствам. Безумоўна, Лівонская вайна паскорыла вырашэнне пытання аб уніі з Полыпчай.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]