Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
lekc1.doc
Скачиваний:
36
Добавлен:
10.11.2019
Размер:
1.74 Mб
Скачать

Лекцыя 2.СтАражЫтнае грамадства на тэрыторыі беларусi

  • Станаўленне і развіццё археалагічнай навукі ў Беларусі

  • Пачатак засялення чалавекам тэрыторыі Беларусі

  • Балцкая каланізацыя беларускіх земляў

  • Генезіс усходнеславянскіх плямён і шляхі іх рассялення на тэрыторыі Беларусі. Узаемаадносіны балтаў і славян

  • Грамадскі лад, заняткі і рэлігія ўсходнеславянскіх плямён на беларускіх землях у VI–VIII cтст. н. э.

Станаўленне і развіццё археалагічнай навукі ў Беларусі

Пачынальнікам навуковай археалогіі ў Беларусі можна лічыць Зарыяна Даленгу-Хадакоўскага (Адама Чарноцкага) (1784 – 1825 гг.), ураджэнца Лагойшчыны. У снежні 1818 г. ён атрымаў ад Віленскага універсітэта дазвол на правядзенне раскопак. Даследаваў гарадзішчы ў Полацку, Віцебску, Тураве, Бабруйскім павеце, каля Брэста, Гомеля, Магілёва, рабіў запісы фальклору, абрадаў, мясцовых дыялектаў.

У найбольш значнай працы «Пра славяншчыну да хрысціянства» (1818 г.) ён упершыню зрабіў спробу паказаць старажытнаславянскі побыт, культуру і народную творчасць у дахрысціянскі перыяд. Таксама крытыкаваў некаторыя палажэнні Карамзіна і ўдакладняў факты з гісторыі Беларусі ў кнізе «Даследаванні адносна рускай гісторыі» (1819 г.). З. Даленга-Хадакоўскі склаў чатырохтомны «Слоўнік назваў гарадзішчаў і ўрочышчаў» (1844 г.). Па звестках Г.А. Каханоўскага, у ім налічваецца каля 200 пунктаў на тэрыторыі Беларусі.

Даленга-Хадакоўскі лічыцца заснавальнікам гістарычнай геаграфіі ў Беларусі. Ён першым пачаў складаць «Славянскую геаграфію». Таксама даследчык першым узяўся за вывучэнне старажытных шляхоў зносінаў. Са спасылкай на гістарычныя крыніцы прасачыў на беларускіх землях перавалачныя дарогі з Кіева ў Полацк, Прыпяцкі водны шлях.

У першай палове ХІХ ст. археалагічныя даследаванні праводзіў Адам Кіркор (1818 – 1886 гг.). Ён раскапаў (часткова з Я. Тышкевічам) каля 1000 курганоў. Таксама прыняў актыўны ўдзел у арганізацыі Музея старажытнасцяў у Вільні (1855 г.), стаў яго хавальнікам і сакратаром Віленскай археалагічнай камісіі.

Да апошніх гістарычных прац Кіркора адносяцца «Літва і Русь у гістарычных і археалагічных адносінах» (1875 г.), нарысы па гісторыі і культуры ў трэцім томе «Жывапіснай Расіі» (1882 г.), у якім аўтар размясціў 18 нарысаў пра Беларусь: пра прыроду, археалогію, заняткі насельніцтва, вераванні, фальклор і культуру беларусаў.

Плённа на ніве гісторыі працаваў выхаванец Віленскага універсітэта, вядомы гісторык і археолаг Тэадор Нарбут (1784 – 1864 гг.). Пры будаўніцтве абарончых пабудоў на берагах Дняпра і Бярэзіны ім было знойдзена шмат старажытных прылад, што вельмі ўразіла маладога афіцэра. Ён пачаў актыўна займацца археалагічнымі даследаваннямі: спачатку ў Беларускім Падняпроўі, затым – на захадзе Беларусі. У 1820 г. ім было знойдзена старажытнае пахаванне каля ўласнага маёнтка на Воранаўшчыне і скарб рымскіх манет. Разам з касцянымі рэшткамі яму трапілі сасуды асаблівай канфігурацыі.

Адным з першых Нарбут вызначыў, што курганы – гэта месцы старажытных пахаванняў. На думку аўтара, нябожчыка выносілі ў прызначанае месца, там адбываўся абрад трупаспалення або трупапалажэння, ставілі ежу і піццё, потым усе ўдзельнікі пахавання насыпалі земляны курган. Даследчык вывучаў структуру курганаў, параўноўваў іх па рэгіёнам.

Гісторык у тлумачэнні паходжання плямёнаў дапускаў спрошчанасць. Напрыклад, назву драўлян выводзіў ад слова «древность», а дрыгавічы, нібыта, жылі толькі каля Кіева. Ён памылкова адносіў яцвягаў да скіфскіх, а не да балцкіх плямён.

У развіцці гістарычнай навукі на тэрыторыі Беларусі і Літвы ў другой трэці ХІХ ст. вылучаюцца постаці братоў Тышкевічаў. Канстанцін Тышкевіч (1806 – 1868 гг.) і Яўстафій Тышкевіч (1814 – 1873 гг.) нарадзіліся ў Лагойску ў сям’і шляхціца Пія Тышкевіча (1756 – 1858 гг.). Канстанцін скончыў Віленскі універсітэт, удзельнічаў у паўстанні 1830 – 1831 гг. Пасля жыў у Лагойску, дзе займаўся гаспадарчай і навуковай дзейнасцю.

Яўстафій Тышкевіч з 1855 г. узначальваў Віленскую археалагічную камісію. Ён быў ганаровым членам Пецярбургскай АН, членам Дацкага таварыства аматараў паўночных старажытнасцяў, Стакгольмскай Каралеўскай Акадэміі выяўленчага мастацтва і старажытнасцяў, Лонданскага археалагічнага інстытута.

Канстанцін Тышкевіча разам з братам праводзіў раскопкі курганаў, могільнікаў і іншых археалагічных аб’ектаў. Ім было даследавана каля 200 курганаў і гарадзішчаў жалезнага веку, замчышчаў на тэрыторыі Мінскай губерні. Археолаг прытрымліваўся ўласнай методыкі раскопак: здымаў зверху «пласт за пластом, пачынаючы з аднаго боку». Пазней ён зразумеў яе нязручнасць і прыняў метад Кіркора – весці раскопкі кургана траншэйным спосабам: «ад верху да нізу ў форме крыжа».

Сваю першую публікацыю «Гістарычныя звесткі пра старажытныя замкі, гарадзішчы і курганы ў Літве і Літоўскай Русі» (1859 г.) К. Тышкевіч прысвяціў характарыстыцы стану агульнаеўрапейскай археалогіі, у тым ліку ў Расіі, Украіне, Польшчы, і паказаў на гэтым фоне дасягненні мясцовых аматараў вывучэння матэрыяльнай культуры. Аўтар у гэтым артыкуле таксама раскрыў гісторыю Лагойска, яго старажытнага замка.

Найважнейшай работай К.Тышкевіча з’яўляецца манаграфія «Пра курганы ў Літве і Заходняй Русі» (1865 г.). Кніга прысвечана унікальным знаходкам старажытнага пісьменства славян і яцвягаў Х – ХІV стст., што былі выяўлены на Бузе. На думку аўтара, там праходзіла яцвяжская граніца.

У 1856 г. даследчык арганізаваў экспедыцыю ўздоўж р. Віліі, падчас якой сабраў багаты этнаграфічны, фальклорны і археалагічны матэрыял. Вынікам стала краязнаўчая манаграфія «Вілія і яе берагі». Гісторык пабываў у 295 вёсках і мястэчках, апісаў найбольш цікавыя прыбярэжныя мясціны. Шмат месца ён прысвяціў помнікам старажытнай архітэктуры.

Асноўным заняткам Яўстафія Тышкевіча была навука. Пачынаючы з 1837 г., ён кожнае лета даследаваў курганы. Спачатку раскопкі праводзіў траншэйным спосабам, але затым перайшоў на перакрыжаваны. Археолаг прыйшоў да высновы, што курганы ёсць на Беларусі паўсюдна, але па-рознаму называюцца. Па самых нязначных дэталях пахавальнага абраду Я. Тышкевіч мог прааналізаваць старажытную эпоху. Даследчык выкарыстоўваў параўнальна-тыпалагічны метад. Археолаг па форме скроневага кальца ў жанчын-крывічанак вызначаў тэрыторыю рассялення гэтага племяннога саюза. Аналіз пахавальнага інвентару дазволіў яму сцвярджаць, што мясцовае насельніцтва ў перыяд т.зв. «ваеннай дэмакратыі» было не болей «варварскім», чым у Заходняй Еўропе. Даследчык адзначаў высокі ўзровень развіцця жалезнай металургіі на тэрыторыі Беларусі, сацыяльную дыферэнцыяцыю сярод людзей. Слова «гарадзішча» Я. Тышкевіч лічыў славянскім і выказаў думку пра яго не толькі ваеннае, але і абрадавае прызначэнне.

Археалогію даследчык падзяляў на чатыры часткі: уласна археалогія, нумізматыка, гліптыка, палеаграфія. У 1842 г. ён выдаў манаграфію «Погляд на крыніцы мясцовай археалогіі, або апісанне некаторых помнікаў старажытнасцей у Заходніх губернях Рускай дзяржавы». Каб папоўніць свае веды па старажытнай гісторыі, археолаг у 1843 г. накіраваўся на стажыроўку ў Данію, Фінляндыю, Швецыю. Гэта быў першы выпадак навуковай камандыроўкі за мяжу. Я. Тышкевіч пераняў метад дацкага археолага К. Томсена падзелу старажытнасцяў на тры эпохі-вякі: каменны, бронзавы і жалезны, і выкарыстаў яго пры арганізацыі музеяў у Лагойску, а затым у Вільні. Вярнуўшыся з замежжа, выдаў працу «Археалогія ў Літве» (1872 г.).

Вядома, што захапляўся археалогіяй ўраджэнец Бабруйшчыны Уладзіслаў Сыракомля (1823 – 1862 гг.). Ён праводзіў раскопкі ў Віленскім, Навагрудскім і Ковенскім паветах. Ён прымаў удзел у арганізацыі Віленскага музея старажытнасцяў, з’яўляўся членам Віленскай археалагічнай камісіі. Пад уплывам кнігі К. Тышкевіча «Вілія і яе берагі» краязнаўца стварыў працу «Нёман ад вытокаў да вусця», выдадзеную ў 1861 г.

Віленская археалагічная камісія была арганізавана пры Музее старажытнасцяў. Яна павінна была скласці калекцыю старажытных кніг, актаў, рукапісаў, манет, зброі, паясоў, партрэтаў, садзейнічаць захаванню помнікаў старажытнасці, арганізаваць даследчыцкую дзейнасць па вывучэнні мінулага Беларусі і Літвы. Ужо ў 1860 г. функцыянавала бібліятэка з фондам 15 тыс. кніг, былі сабраны нумізматычная (47 тыс. экспанатаў) і археалагічная (3412 экспанатаў) калекцыі, калекцыя бюстаў, галерэя карцін.

Царская адміністрацыя з недаверам ставілася да дзейнасці камісіі, бачыла ў ёй асяродак польскага сепаратызму. Публічна сваю незадаволенасць улады выказалі пасля выдання камісіяй «Збора» М. Круповіча – падборкі дакументаў паланафільскага характару. Тым не менш члены камісіі абуджалі інтарэс да духоўнага і матэрыяльнага мінулага беларускага народа.

У 70 –80-х гады XIX ст. у галіне археалогіі Беларусі з'яўляюцца даследаванні новага пакалення вучоных, найперш Е.Р. Раманава, А.П. Сапунова, а таксама I.Ф. Завішы, Р.Г. Ігнацьева, М.М. Турбіна.

З 17 гадоў Еўдакім Раманаў (1855 – 1922 гг.) захапіўся помнікамі археалогіі. Даследчык шмат вандраваў па Беларусі, каб сабраць пра іх звесткі, пачаў класіфікаваць помнікі старажытнасці паводле іх даўняй прыналежнасці.

Раманаў вывучаў курганы. Ён прапанаваў свой метад раскопак: здыманне пластоў зямлі да палавіны насыпу, а пасля з паўночнага і паўднёвага бакоў на адлегласці аднаго аршына (0,7112 м) пракопвалі траншэі да мацерыка. Стоячы ў гэтых траншэях, рабочыя слаямі здымалі зямлю з астатняй часткі кургана да поўнага выяўлення астанкаў. Гэты спосаб не зусім адпавядае сучаснаму, але гэта была «раманаўская» навінка ў методыцы археалагічных даследаванняў, больш прагрэсіўная за раней вядомыя.

Раманаў адным з першых у Беларусі ўзяўся за стварэнне археалагічнай карты Магілёўскай губерні. На жаль, яна не была выдадзена, і яе рукапіс аказаўся ў Львоўскім гістарычным архіве. Раманаў стварыў аналагічныя карты Гродзенскай і Віцебскай губерняў. За сваё жыццё даследчык сабраў звесткі больш як пра тысячу помнікаў археалогіі на тэрыторыі Беларусі. У 1902 г. па ініцыятыве гэтага вучонага ў Магілёве было створана Таварыства па вывучэнні Беларускага краю і пры гэтым жа таварыстве быў арганізаваны гісторыка-этнаграфічны музей.

Энцыклапедычнасцю ведаў вызначаўся віцебскі краязнаўца і гісторык Аляксей Сапуноў (1851 – 1924 гг.). Ён прайшоў шлях ад радавога даследчыка да прафесара Маскоўскага археалагічнага інстытута. Поруч з педагагічнай працай Сапуноў вёў шырокі пошук старажытных архіўных матэрыялаў па гісторыі Віцебшчыны. Сабраныя дакументы ўвайшлі ў «Витебскую старину». Гэтае выданне стала помнікам беларускай археаграфіі. Сабраны ім матэрыял дазволіў весці грунтоўныя краязнаўчыя даследаванні па гісторыі асобных населеных пунктаў, напрыклад, Віцебска, Полацка, Браслава, Лепеля, Чашнікаў і інш. Пры гэтым звярталася ўвага на помнікі археалогіі і архітэктуры. Многія з гэтых матэрыялаў увайшлі ў яго манаграфію «Река Западная Двина», пазней у «Исторический очерк Витебской Белоруссии», «Памятники времен древних и новейших в Витебской губернии». Ва ўсіх гэтых працах ёсць краязнаўчы і археалагічны матэрыял. Сапуноў, акрамя Віцебшчыны, цікавіўся Магілёўшчынай. Ён жа складальнік і каментатар «Материалов по истории и географии Дисненского и Вилейского уездов...». У гэтай кнізе таксама шмат ёсць звестак пра помнікі старажытнасці. Сапуноў быў ініцыятарам стварэння Віцебскага царкоўна-археалагічнага музея, Віцебскай вучонай архіўнай камісіі.

Пры падрыхтоўцы да IX Археалагічнага з’езда ў Вільні штогод праводзіў экспедыцыі ў Мінскай і Магілёўскай губернях Уладзімір Завітневіч (1853 – 1927 гг.). Ён даследаваў 647 курганоў, упершыню ўзяўся грунтоўна вывучаць пахавальны абрад дрыгавічоў, лічыў тыповым пахаваннем для іх пахаванне «на гарызонце». Археолаг праводзіў даследаванні ля Бабруйска, Мазыра, Рэчыцы. Цяжка было ў той час пісаць аб межах плямёнаў, найперш дрыгавічоў. Завітневіч зрабіў такі крок першым.

Міхал Федароўскі (1853 – 1923 гг.) у гісторыю беларускай навукі ўвайшоў не толькі як фалькларыст і этнограф, але і як археолаг. Ён вёў археалагічныя раскопкі, пераважна ў заходняй частцы Беларусі, капаў курганы, умацаваныя паселішчы, могільнікі і інш. Федароўскі адным з першых на Беларусі зацікавіўся старажытнымі паселішчамі эпохі бронзы і нават неалітычнымі, т.зв. «крэмневымі стаянкамі». Большасць археалагічных знаходак ён дасылаў на працягу 15 гадоў (1877 – 1892 гг.) З. Глогеру, які таксама цікавіўся беларускімі старажытнасцямі, у яго маёнтак Яжэва. Усяго Федароўскі пераслаў Глогеру каля 11 тыс. прадметаў археалогіі. Некаторыя археалагічныя экспедыцыі Федароўскага той жа Глогер асвятляў у друку. Археалагічныя раскопкі Федароўскі праводзіў да 1902 г. У 1904 г. ён пакінуў Беларусь.

На рубяжы XIX – ХХ стст. дзеля развіцця археалогіі на тэрыторыі Беларусі плённа працавалі В.А. Шукевіч, М.А. Янчук, А.П. Смародскі, М.В. Доўнар-Запольскі, С.Ю. Чалоўскі, Ф.В. Пакроўскі, М.В. Фурсаў, Г.X. Татур, I.I. Далгоў, А.К. Марэль і інш. Адны з іх вялі раскопкі помнікаў розных археалагічных эпох, іншыя займаліся сістэматызацыяй выяўленых помнікаў і складалі карты асобных паветаў і цэлых губерняў.

Інтэнсіўныя археалагічныя даследаванні разгарнуліся ў БССР з 1921 г., калі пры Наркамаце асветы была створана навукова-тэрміналагічная камісія, якая займалася выяўленнем і ўлікам археалагічных помнікаў. Іх планамернае вывучэнне з 1925 г. пачала гісторыка-археалагічная камісія Інбелкульта, на базе якой стала функцыяніраваць кафедра археалогіі. У 1929 г. гэта кафедра пад назвай археалагічнай камісіі ўвайшла ў склад Інстытута гісторыі АН БССР.

Канстанцін Палікарповіч (1889 – 1963 гг.) у 1926 г. адкрыў першую палеалітычную стаянку на тэрыторыі Беларусі – ля в. Бердыж Чачэрскага раёна, а ў 1929 г. – стаянку ля в. Юравічы Калінкавіцкага раёна. Даследчык выказаў гіпотэзу аб пранікненні старажытнага насельніцтва на тэрыторыю нашай краіны яшчэ ў мусцьерскую эпоху (≈ 70 – 32 тыс. г. да н. э.). На стаянцы ля в. Елісеевічы (Бранская вобласць РФ) археолаг у 1935 г. знайшоў унікальны матэрыял: рэшткі жылля з касцей маманта і «палеалітычную Венеру». Археолаг выказаў думку, што першабытны чалавек рабіў аснову жытлаў з чарапоў і інш. буйных касцей мамантаў, а рэбры выкарыстоўваў як землекапалкі.

Вялікая ўвага надавалася разведцы помнікаў мезаліту ў басейнах Дняпра, Сожа, Прыпяці, Заходняй Дзвіны. Пад час экспедыцый супрацоўнікаў Інбелкульта былі адкрыты пасяленні Грэнск, Стаўбун, Латкі, Печанеж, Журавель і іншыя.

Беларускія археолагі выявілі значную колькасць помнікаў эпохі неаліту і бронзавага веку. Але гэта была таксама разведка, бо для правядзення раскопак не хапала матэрыяльных сродкаў і кваліфікаваных кадраў. У цэлым, да Вялікай Айчыннай вайны ў БССР было выяўлена каля 800 стаянак мезаліту, неаліту і бронзавага веку.

Вялікія дасягненні беларускай археалогіі жалезнага веку звязаны з імем Аляксандра Ляўданскага (1893 – 1937 гг.). Пад яго кіраўніцтвам у БССР было арганізавана планамернае археалагічнае вывучэнне тэрыторыі рэспублікі замест эпізадычных раскопак.

Даследчык адным з першых пачаў даследаваць старажытныя гарадзішчы жалезнага веку. Ён зрабіў іх класіфікацыю, вызначыў іх культурна-археалагічную прыналежнасць, акрэсліў асноўныя рысы матэрыяльнай культуры, гаспадаркі і грамадскіх адносін. А.М. Ляўданскі першым выказаў думку, што гарадзішчы культуры плямён культуры штрыхаванай керамікі належалі балтам. Таксама ён зрабіў першую гістарычную тапаграфію старажытнага Полацка.

Істотны ўклад у вывучэнне помнікаў жалезнага веку Цэнтральнай Беларусі ўнёс Сяргей Дубінскі (1884 – 1937 гг.). Ён вывучыў Банцараўскае гарадзішча. У 1927 г. даследчык склаў археалагічную карту Магілёўскай вобласці, якая не захавалася. Таксама ім была выдадзена «Бібліяграфія па археалогіі Беларусі і сумежных краін» (1933 г.), у якой прадстаўлены працы пра дакласавае грамадства, ранні феадалізм, нумізматыку, сфрагістыку, архітэктуру, абарончыя збудаванні.

У даваенны перыяд супрацоўнік Інстытута гісторыі АН БССР Аляксандр Каваленя (1895 – 1937 гг.) упершыню знайшоў на тэрыторыі Беларусі тры жыллёвыя пабудовы паўземлянога тыпу на ўскраіне Петрыкава.

Таксама археолагі ахарактызавалі гаспадарчае жыццё насельніцтва першабытнай эпохі. Было выказана меркаванне, што людзі жалезнага веку – гэта аседлае насельніцтва, якое спалучала падсечнае земляробства з жывёлагадоўляй і пераапрацоўкай металічных руд. Гэта супярэчыла дасавецкай гістарыяграфіі, у якой сцвярджалася аб «прывазным» характары жалеза на Беларусі. А.М. Ляўданскі здолеў раскрыць працэс атрымання жалеза з балотнай руды на прыкладзе гарадзішчаў Паўночнай Беларусі, але не здолеў вызначыць час пачатку выкарыстання жалеза.

Што датычыцца этнічнай гісторыі, то Ляўданскі лічыў, што гарадзішчы Паўночнай, Цэнтральнай Беларусі і Смаленшчыны былі астаўлены літоўскім (балцкім) насельніцтвам. Славяне прыйшлі на гэту тэрыторыю даволі позна – у канцы І-га тыс. да н. э. А вось гарадзішчы паўднёвай часткі рэспублікі ў той перыяд не атрымалі этнічнага вызначэння з-за адсутнасці адпаведных крыніц.

Беларускія археолагі не закраналі праблему этнагенезу ўсходніх славян. Ляўданскі выступіў супраць погляду на Палессе як на прарадзіму славян. Гэта было звязана з крытыкай індаеўрапейскай этнагенетычнай канцэпцыі. Як ужо вядома, у 30-я гг. пануючай становіцца «новая моўная тэорыя» М. Мара. Працэс фарміравання славян разглядаўся як кансалідацыя некалькі этнічна розных, але гістарычна звязаных паміж сабой плямён. Таму савецкія даследчыкі пачалі шукалі генетычныя сувязі ўсходніх славян са скіфамі, кімерыйцамі і нават трыпольцамі.

Археалагічныя даследаванні ў БССР пасля Вялікай Айчыннай вайны ў асноўным ажыццяўляліся супрацоўнікамі Інстытута гісторыі АН БССР па археалагічным перыядам, згодна класіфікацыі ЮНЕСКО: 1) палеаліт, мезаліт; 2) неаліт, бронзавы век; 3) жалезны век; 4) сярэдневякоўе; 5) ХVІІ – ХVІІІ стст.; 6) ХІХ ст.; 7) ХХ ст. Вынікам сталі 30 навуковых прац: 8 абагульняючага характару і 22 манаграфіі, а таксама больш за 11 тыс. публікацый. Сярод калектыўных прац вылучаюцца «Очерки по археологии Белоруссии» (1970 – 1972 гг.), «Белорусская археология: достижения археологов за годы Советской власти» (1987 г.) і іншыя.

Даследаванне палеаліту працягваў К.М. Палікарповіч. У 1968 г. ён апублікаваў манаграфію «Палеолит Верхнего Поднепровья». Аўтар прааналізаваў помнікі гэтага перыяду, вызначыў асноўныя заняткі насельніцтва, рэканструяваў характар жытла, паказаў зараджэнне мастацтва.

У 1970 г. у лабараторыі Ленінградскага дзяржаўнага універсітэта X.А. Арсланаў па зубу маманта атрымаў першую дату Бердыжскай стаянкі (≈23430 гадоў таму назад). Там К.М. Палікарповіч знайшоў скрабло-нож эпохі сярэдняга палеаліта, які ляжаў у пяску пад вялікім скапленнем касцей маманта. Другую па ліку ў Беларусі крамянёвую прыладу – скрабло мусцьерскага тыпа – у 1960 г. выявіў Л.Д. Побаль. Находкі сведчаць, што ўжо ў даледавіковы перыяд у межах Беларусі пражывалі людзі. Комлекснае ўяўленне аб пачатковым этапе гісторыі Беларусі прадставіла А.Г. Калечыц у кнізе «Первоначальное заселение территории Белоруссии» (1987 г.).

Было даследавана не менш сотні стаянак мезаліту, выдзелены шэсць археалагічных культур. Вынікі даследаванняў у межах Беларусі абагульнены ў працах К.М. Палікарповіча, У.Ф. Ісаенкі. Апошні вылучыў тры лакальныя вобласці гэтай эпохі на тэрыторыі Беларусі: верхнедняпроўскую, нёманскую і ніжнедняпроўскую. Таксама даследчык пачаў выданне «Археологических карт Белоруссии». Першы выпуск, прысвечаны помнікам каменнага веку, з'явіўся ў 1968 г.

Археолагамі былі вылучаны помнікі сямі археалагічных культур эпохі неаліту (днепра-данецкая культура, нёманская культура, верхнедняпроўская культура, нарвенская культура, культура грабенчата-ямкавай керамікі, культура шарападобных амфар, помнікі тыпу Бабінавічаў), чатырох археалагічных культур бронзавага века (сярэднедняпроўская культура, культура палескай шнуравой керамікі, шнуравой керамікі Панямоння, паўночна-беларуская культура).

У пасляваенны час разгортваюцца шырокія даследаванні помнікаў жалезнага веку на тэрыторыі Беларусі. Археолагі пачалі вывучэнне мілаградскай, зарубінецкай, днепра-дзвінскай культур, культуры штрыхаванай керамікі.

У даследаваннях беларускіх археолагаў закраналіся пытанні першабытнай гісторыі: гаспадарчага жыцця, светапогляду, этнагенезу. Э.М. Загарульскі ў манаграфіі «Древняя история Белоруссии: Очерки этнической истории и материальной культуры (до ІХ в.)» (1977 г.) раскрыў раннюю этнічную гісторыю Беларусі, станаўленне і развіццё гаспадаркі і першабытнай тэхнікі, эвалюцыю жытла і паселішчаў.

Таксама было апублікавана некалькі брашур папулярнага характару з выкарыстаннем этнаграфічнага матэрыяла, якія разлічваліся на шырокае кола чытачоў (Э.М. Загарульскі, У.Ф. Ісаенка, А.Г. Калечыц, М.М. Чарняўскі, Г.В. Штыхаў).

У першым томе «Гісторыі Беларускай ССР» (1972 г.) размешчаны два раздзелы, прысвечаныя дапісьмоваму часу. Іх напісалі У.Д. Будзько, У.Ф. Ісаенка, І.І. Арцёменка, А.Р. Мітрафанаў, Л.Д. Побаль. Аўтары выкарысталі набыткі амаль 15-гадовага пасляваеннага развіцця беларускай археалогіі, прасачылі першапачатковае засяленне Беларусі першабытным чалавекам, яго існаванне ў познепалеалітычны час, заняткі і побыт плямён новакаменнага, бронзавага і жалезнага вякоў. Гістарычны працэс пададзены на фоне развіцця прыроды, з якой першабытны чалавек быў звязаны непасрэдным чынам. Але аўтары яшчэ амаль не вылучаюць мезалітычную эпоху як важны прамежак паміж паляўнічымі ледавіковай эпохі і пазнейшымі земляробамі. Найбольш грунтоўна асветлены жалезны век, што тлумачыцца высокай ступеню даследаванасці яго розных тэрытарыяльных і храналагічных перыядаў.

Археолагі даказалі, што ў каменным і бронзавым вяках на тэрыторыі Беларусі сфарміравалася даіндаеўрапейскае насельніцтва, а ў ХХІІІ ст. да н.э. прыйшла магутная хваля індаеўрапейцаў. Тым самым даследчыкі адмовіліся ад канцэпцыі М. Мара, дамінаваўшай у даваеннай гістарыяграфіі.

Вывучэнне першабытнага грамадства на Беларусі ў канцы XX – пачатку ХХІ ст. значна ўзбагацілася новымі археалагічнымі даследаваннямі перыядаў каменнага, бронзавага і жалезнага вякоў. Грунтоўнае даследаванне атрымалі культуры фінальнага палеаліту і мезаліту: лінгбійская культура (М.М. Чарняўскі), свідэрская культура (У.П. Ксяндзоў), грэнская культура (В.Ф. Капыцін), кундская культура (У.П. Ксяндзоў), сожская культура (В.Ф. Капыцін, А.Г. Калечыц), яніславіцкая культура (М.М.Чарняўскі), кудлаеўская культура (Н.Н. Крывальцэвіч, В.Я. Кудрашоў), помнікі нарачанскага тыпу (У.П. Ксяндзоў, М.М. Чарняўскі).

З наступных археалагічных эпох абагульняючыя працы прадстаўлены па днепра-данецкай культуры (У.Ф. Ісаенка), нёманскай культуры (М.М. Чарняўскі, В.Л. Лакіза, У.Ф. Ісаенка), верхнедняпроўскай культуры (А.Г. Калечыц), нарвенскай культуры (М.М. Чарняўскі), культуры шарападобных амфар (М.М. Чарняўскі, В.Я. Кудрашоў, В.Л. Ліпніцкая), помнікам тыпу Бабінавічаў (Э.М. Зайкоўскі) перыяда неаліта.

Эпоха бронзавага века атрымала вывучэнне праз сярэднедняпроўскую культуру (А.Г. Калечыц, М.М. Крывальцэвіч), палескую шнуравой керамікі культуру (М.М. Крывальцэвіч), помнікі са шнуравой керамікай Панямоння (М.М. Чарняўскі), паўночна-беларускую культуру (М.М. Чарняўскі), культуру тшцінецкую (В.Л. Лакіза, М.М. Крывальцэвіч), помнікі сосніцкага тыпу (А.Г. Калечыц), сярэдняй і позняй бронзы культуру Паазер’я (Э.М. Зайкоўскі).

Вывучэнне археалагічных помнікаў жалезнага веку прадстаўлена ў працах А.А. Егарэйчанкі, Л.М. Лашанкова, С.Я. Расадзіна, В.С. Вяргей, В.I. Шадыры, Г.В. Штыхава, А.А. Макушнікава.

Асноўныя дасягненні апошняй чвэрці ХХ - пачатка ХХІ стст. прадстаўлены ў чатырохтомніку «Археалогія Беларусі», які выйшаў у 1997 – 2001 гг. Гэта фундаментальнае выданне, у якім упершыню ў беларускай гістарыяграфіі дадзена агульная карціна развіцця першабытнага і сярэдневяковага грамадства на тэрыторыі Беларусі.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]