Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Беларуская мова.docx
Скачиваний:
82
Добавлен:
19.11.2019
Размер:
96.8 Кб
Скачать

Урок 4 я і мая школа Школьныя памяшканні

Мэта: арганізаваць назіранне за вымаўленнем гука [дж] у беларускай мове, вучыць правільна вымаўляць гук [дж] у словах; пазнаёміць са словамі і выразамі тэматычнай групы “Школьныя памяшканні”, уводзіць іх у актыўнае выкарыстанне, фарміраваць уменні асэнсаванага ўспрымання беларускай мовы на слых, вучыць расказваць па малюнку.

Абсталяванне: падручнік, сшытак, каляровыя алоўкі, фламастары.

Ход урока:

І. МАЎЛЕНЧАЯ РАЗМІНКА

Сягодня мы пазнаёмімся з новым гукам, якога ў рускай мове няма. Таму будзьце ўважлівымі (внимательными) і паслухайце, як я вымаўляю словы. Паспрабуйце самастойна здагадацца, што гэта за гук.

Сяджу, гляджу, хаджу.

1) Хто пачуў гэты незвычайны гук? Так, гэта гук [дж]. Давайце паўторым гэты гук хорам. А цяпер паўтарайце за мной словы:

Сяджу, гляджу, хаджу.

Што абазначаюць гэтыя словы? Пакажыце рухамі.

2) Паслухайце верш. Назавіце словы з гукам [дж].

За партай ціха я сяджу.

На настаўніцу гляджу.

На перапынак не хаджу,

Вучыцца добра я хачу.

Якія словы былі вам незразумелыя? Пра каго гэты верш? (пра вучня) Хто такі вучань? За чым ён сядзіць? А дзе знаходзіцца парта? Чаго хоча вучань? Давайце яшчэ раз паўторым словы з гукам [дж] (паўтараюць хорам, індывідуальна).

Сяджу, гляджу, хаджу.

3) - А цяпер вучымся правільна вымаўляць верш (кожны радок, а потым і ўсё разам вымаўляецца хорам, і выбарачна індывідуальна)

ІІ. ЛЕКСІЧНАЯ ПРАЦА

Дамінуючы лексічны матэрыял: школа, клас, сталовая, бібліятэка, дзяжурныя, шафа, калідор, дошка, парта, стол настаўніка, класная дошка, пісаць на дошцы крэйдай, выціраць анучкай, сядзець за партай, адказваць каля дошкі, наведваць бібліятэку, есці ў сталовай, ісці ў школу і са школы.

  1. Гульня “Перакладчык”

- Давайце пагуляем у перакладчыкаў. Я вам буду называць словы па-беларуску, а вы перакладаеце іх на рускую мову:

Падручнік –

Сшытак –

Аловак –

- А цяпер наадварот: я буду называць словы на рускай мове, а вы будзеце перакладаць іх на беларускую:

Карандаш –

Писать в тетради –

Рисовать фломастером –

2) Сёння мы пазнаёмімся з назвамі школьных памяшканняў (помещений).

- Адкажыце на пытанні:

Як называецца памяшканне, дзе дзеці вучацца? (клас)

Давайце ўявім (представим) сабе, што мы адпраўляемся на экскурсію па школе. Куды мы выходзім з класа? (настаўніца адразу перакладае: в коридор – у калідор )

Як называецца памяшканне (помещение), дзе вы снедаеце (завтракаете) і абедаеце? (сталовая)

Куды яшчэ можам пайсці? (вызначаюцца памяшканні, якія ёсць у школе адпаведна праекту)

На малюнку ў сшытку адзначце стрэлачкамі, з якога памяшкання кожны прадмет.

3) Паслухайце тэкст. Запомніце, якія вучэбныя рэчы падрыхтаваны да ўрока.

Дзяжурная

Валя сёння дзяжурная і таму першай прыйшла ў школу.

Дзяўчынка намачыла анучку (тряпочку), да бляску выцерла дошку. Падрыхтавала крэйду (мел). Адчыніла фортачку і праветрыла клас. Потым паліла вазоны.

Перад пачаткам урока Валя ўважліва праверыла, ці ва ўсіх вучняў ляжаць на партах падручнікі, сшыткі і ручкі.

Настаўніца была вельмі задаволена сваёй памочніцай.

Чаму Валя першай прыйшла ў школу? Чым яна выцірала дошку? Што падрыхтавала яшчэ?

4) Разгледзьце малюнкі ў сшытку.

Малюнак 1. Куды прыйшлі вучні? Хто дапамагае дзяўчынцы выбраць кнігу? Што робяць хлопчыкі ў бібліятэцы?

Малюнак 2. Дзе знаходзяцца дзеці? Што яны робяць? Хто знаходзіцца каля суседніх сталоў? Што робяць дзяжурныя? Што яны раскладваюць на сталы? Што яны расстаўляюць?

Малюнак 3. Куды ідуць дзяўчынкі?

Малюнак 4. Адкуль ідуць хлопчыкі?

Стрэлачкай на малюнку адзначце, куды ідуць дзеці?

5) Адгадайце загадку.

У школе пражывае,

Шмат гаспадароў мае,

Штогод іх мяняе

І ўсім дапамагае. (парта)

У якім школьным памяшканні можна ўбачыць гэтую рэч? (у класе)

6) У сшытку знайдзіце і абвядзіце контурны малюнка парты. Назавіце, якія яшчэ прадметы намаляваны? (стол – стол; шкаф - шафа) Абвядзіце іх контуры па кропках. Раскажыце, у якіх школьных памяшканнях можна іх убачыць.

ІІІ. АЎДЗІРАВАННЕ

1) Казка, якую нам прынёс казачнік Бай і з якой сёння пазнаёмімся, называецца “Коцік, пеўнік і лісіца”. Разгледзьце малюнкі. З кім здарылася бяда? Паслухайце ўрывак з казкі і скажыце, хто мог вымаўляць гэтыя словы?

- Коце, браце!

Мяне ліска нясе

ў высокія горы,

у глыбокія норы,

па барах, па карчах,

аж бярэ мяне страх!..

Настаўнік паведамляе, што дзеці будуць дапамагаць настаўніку расказваць казку – вымаўляць гэтыя словы пеўніка. Як іх трэба вымаўляць? Дзеці завучваюць словы пеўніка.

2) Паслухайце казку.

Коцік, пеўнік і лісіца

Жылі-былі коцік і пеўнік. Добра жылі, дружна. Коцік на паляванне хадзіў, а пеўнік абед варыў, хатку падмятаў, песні спяваў.

Аднойчы пайшоў коцік на паляванне, а пеўнік зачыніў за ім дзверы ды пачаў абед варыць.

Бяжыць лісіца, убачыла хатку, падскочыла да акенца:

- Гэй, хто тут гаспадар?

- Я, - кажа пеўнік.

  • Пусці ў хату.

  • -Чаго?

- Пасяджу трохі, адпачну з дарогі.

Пеўнік добры быў, пусціў лісіцу ў хатку. А лісіца - цап! - ухапіла яго і панесла дадому. Апамятаўся пеўнік, закрычаў на ўвесь лес (вучні хорам паўтараюць гэтыя словы):

- Коце, браце!

Мяне ліска нясе

ў высокія горы,

у глыбокія норы,

па барах, па карчах,

аж бярэ мяне страх!..

Пачуў гэта коцік, прыбег, адабраў у лісіцы пеўніка і завёў яго назад у хатку.

- Ну, - кажа, - глядзі ж, другі раз не пускай лісіцу, бо цяпер я далей пайду і магу не пачуць цябе.

- Добра, - кажа пеўнік, - не пушчу. Зноў пайшоў коцік на паляванне.

А лісіца тут як тут:

- Пеўнік, галубок, разумны лабок, адчыні!

- Чаго табе трэба?

- Пазыч агню.

- Навошта?

- Буду ў печы паліць.

- Не адчыню, бо ты схопіш мяне.

- Ды не, больш не буду хапаць.

Паверыў пеўнік лісіцы і адчыніў дзверы. А тая - ухаліла яго і панесла.

Пеўнік зноў пачаў клікаць коціка (вучні хорам паўтараюць гэтыя словы):

  • Коце, браце!

Мяне ліска нясе

ў высокія горы,

у глыбокія норы,

па барах, па карчах,

аж бярэ мяне страх!..

Добра, што коцік далёка не адышоўся ад дому: пачуў ён пеўніка, прыбег і адабраў яго ад лісіцы.

- Ну, - кажа ён пеўніку, - калі ты і трэці раз адчыніш лісіцы дзверы, то бяда табе будзе: цяпер я пайду на паляванне яшчэ далей.

- Не, - кажа пеўнік, - больш я гэтай зладзейцы дзвярэй не адчыню.

- Глядзі ж!

I коцік пайшоў у самыя далёкія лясы. Прыбегла лісіца:

- Пеўнік, галубок, разумны лабок, дай вугалёк!

- Не, цяпер я дзверы табе не адчыню!

- Дык ты праз акенца падай.

- Праз акенца можна, - згадзіўся пеўнік. Адчыніў ён акенца, а лісіца ўхапіла яго і панесла.

Крычаў- крычаў пеўнік, ды коцік яго так і не пачуў: вельмі ж далёка ён зайшоў.

Прынесла лісіца пеўніка дахаты і загадала дочкам у печы паліць, з пеўніка крупнік варыць. А сама пайшла гасцей склікаць.

Вярнуўся з палявання коцік, бачыць - няма пеўніка. «Мусіць, яго зноў лісіца ўхапіла? - падумаў коцік. - Як жа яго цяпер з бяды выратаваць?»

Зрабіў ён скрыпачку галасістую ды пайшоў да лісіцы.

Прыйшоў, сеў ля нары і зайграў:

  • Цілі-цілі, скрыпіца,

тут сядзела лісіца.

А ў лісіцы новы двор,

сем дачушак на выбор.

Восьмы пеўнік - гэта мой!

Пачула лісіца музыку і кажа:

- Як хораша нехта іграе!

Выбегла лісіца на двор ды і заслухалася.

Пеўнік не драмаў: выскачыў і пабег з коцікам дадому.

Так і засталася лісіца ні з чым.

3) За каго вы перажывалі, калі слухалі казку? Што наказваў коцік пеўніку, калі ішоў на паляванне? Што прыдумвала лісіца, каб пеўнік адчыніў дзверы? Як яна звярталася да пеўніка? Разгледзьце малюнкі. Ці ўсё на іх адлюстравана? Як коцік выратаваў пеўніка? Чаму здарылася бяда? Разыграйце размову лісіцы і пеўніка так, каб няшчасця не здарылася.

4) Хвілінка адкрыццяў

а) Аб чым прасіла лісіца пеўніка? Як сказаць па-беларуску? Што яшчэ можна адчыняць і зачыняць? Настаўнік просіць дзяцей сказаць, што ён робіць, а сам моўчкі адчыняе і зачыняе дзверы, шафу, акно.

б) Паслухайце ўрывак і скажыце, што значыць слова “загадала" у беларускай мове? А ў рускай?

Прынесла лісіца пеўніка дахаты і загадала дочкам у печы паліць, з пеўніка крупнік варыць. А сама пайшла гасцей склікаць.

5) Гульня “Хто больш”

Хто з вучняў назаве больш беларускіх слоў-назваў школьных памяшканняў і вучэбных рэчаў.

IV. ВЫНІК УРОКА

- Які гук вымаўляецца асабліва ў беларускай мове?

- Як трэба вымаўляць гук [ў]?

- У назве якой птушкі ёсць гэты гук?

- Пра каго вы слухалі казку?

- Якія беларускія словы вы запомнілі на гэтым уроку?