Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:

ПЗ Полиграфический дизайн

.pdf
Скачиваний:
64
Добавлен:
26.03.2015
Размер:
1.32 Mб
Скачать

Пры другім спосабе кампазіцыя ў сваёй структурнай аснове мае сіметрычную пабудову, аднак пры гэтым яна парушаецца несуадноснасцю розных характарыстык парных элементаў. Дасягнуць гэтага магчыма за кошт зменаў формы, памераў, размяшчэння ў прасторы, тону, колеру. У такім выпадку асіметрыя парушае статычнасць, у той жа час захоўвае арыентацыю адносна восі, хоць пры гэтым і адхіляецца ад яе. Пры дапамозе асіметрычнай кампазіцыі можна стварыць уражанне дынамікі, незавершанасці, складанасці, непакою.

4)адкрытая/закрытая. Адкрытая кампазіцыя характарызуецца скіраванасцю ліній ад цэнтру. Яна, як быццам рассоўваючы межы, перадае адчуванне прасторы. Закрытая кампазіцыя мае такую ўласцівасць, як выразны, акрэслены контур, а таксама нарастанне складанасці да цэнтру. Яна нерухомая, устойлівая.

5)статычная/дынамічная. Статычная кампазіцыя ўраўнаважана. Пры гэтым раўнавага можа быць устойлівай (пры ўспрыняцці такой кампазіцыі зразумела, што рух ніколі не адбудзецца) і, наадварот, няўстойлівай (калі ўзнікае прадчуванне руху). Умовы для выражэння статыкі: адсутнасць дыяганаляў і вольнай прасторы; статычныя позы, сіметрыя, ураўнаважанасць; простая форма кампазіцыі ў цэлым (трохвугольнік, квадрат і да т. п.).

Дынаміка таксама можа быць розная: паскораны рух, раўнамерны рух, этап тармажэння. Для перадачы дынамікі выкарыстоўваюць: дыяганальныя лініі, вольную прастору перад аб’ектамі ў руху, момант кульмінацыі руху.

6)храматычная/ахраматычная. Для рашэння той ці іншай дызайнерскай задачы могуць быць выкарыстаны альбо толькі адценні шэрага, альбо чорны і белы колеры, альбо розныя спалучэнні колераў спектру.

4. Сродкі гарманізацыі формы

Вылучаюць наступныя элементы кампазіцыйнай будовы: рытм, прапорцыі, маштаб, кантраст, колер [1, 2, 7]. Рытм з’яўляеца адным са сродкаў гарманізацыі шматлікіх элементаў формы да адзінства, гармоніі. Рытм – гэта чаргаванне элементаў (форм) у пэўнай паслядоўнасці. Найважнейшай яго прыкметай з’яўляецца паўтаральнасць элементаў (форм) і інтэрвалаў між імі. Дызайнер пры дапамозе рытму звязвае лініі, плоскасці і г. д. у адзіную форму, пры гэтым рытм дазваляе кіраваць рухам вока чалавека па аб’екце.

11

Вылучаюць два тыпы рытмаў: статычны і дынамічны. Статычны (метрычны) рытм – гэта парадак найбольш простых праяў рытму. У такім выпадку кампазіцыя складаецца з элементаў, што паўтараюцца праз аднолькавыя інтэрвалы.

Дынамічны рытм – гэта метрычны шэраг у перспектыўным павелічэнні ці памяншэнні памераў элементаў і інтэрвалаў альбо першых і другіх адначасова. Актыўны дынамічны рытм дае імпульс да моцнага кампазіцыйнага руху. Змяняючы парадак нарастання ці сыходжання рытмічнага шэрагу, аб’ему элементаў і да т. п., можна узмацніць ці паслабіць дынамічнасць формы.

Прапорцыі выражаюць адпаведнасць памераў двух і больш адносінаў, да прыкладу, на аснове прапарцыянальнага модуля. Для таго каб кампазіцыя дасягнула сваёй мэты, у ёй павінна вылучацца галоўнае і другаснае. Гэтага можна дасягнуць у тым ліку шляхам змянення прапорцый.

Маштаб – адносіны натуральнага памеру да ўяўнага. Маштаб выражае адносную велічыню формы, адпаведную таму ўражанню, якое гэтая форма стварае.

Кантраст – гэта рэзкая адрознасць элементаў кампазіцыі. Кантраст вылучае частку выявы, расстаўляе акцэнты, выражае сваю энергію і моц выявы. Супастаўленне двух элементаў кампазіцыі паводле прынцыпу кантрасту змяняе і ўзмацяняе эфект кожнага з іх. Вежа выглядае вышэйшай, калі стаіць на раўніне, цёплы колер успрымаецца больш цёпла ў спалучэнні з халодным. Хараство шрыфта залежыць ад камбінацыі кантрасных формаў: круглых з прамымі, малых з вялікімі, светлых з тлустымі і г. д. Задрукаваная паверхня павінна знаходзіцца ў напружаных суадносінах з незадрукаванай і г. д. [7].

Кантраст – гэта сродак арганізацыі сэнсавай кампазіцыі. У шмат якіх выпадках ідэя без кантрасту (у асаблівасці гэта датычыцца рэкламы) выглядае аднабаковай, манатоннай, пазбаўленай выразнасці. Кантраст акцэнтуе ўвагу чытача, стварае напружанне, дынаміку [20].

Колер з кампазіцыйнага пункту погляду – гэта спецыфічны сродак, што выклікае ў чалавека дадатковыя эмацыйныя адчуванні. Для стварэння цэласнай кампазіцыі важна ўлічваць традыцыі выкарыстання колеру, асацыятыўныя ўяўленні ў той ці іншай культуры, а таксама валодаць ведамі пра колеравыя спалучэнні.

Некаторыя ўласцівасці такіх сродкаў гарманізацыі формы, як колер ікантраст, разгледжаны адпаведна ў лабараторных работах №3, №12

і№10, №11.

12

5. Прынцыпы і прыёмы формаўтварэння

Ствараючы кампазіцыю, неабходна ўлічваць асноўныя прынцы-

пы формаўтварэння:

а) рацыянальнасць – лагічная абгрунтаванасць, мэтанакіраванасць формы;

б) структурнасць – сузалежнасць элементаў кампазіцыі, гарманічная сувязі паміж імі;

в) арганічнасць – пабудова кампазіцыі з улікам заканамернасцяў формаўтварэння, што выяўляюцца ў прыродзе;

г) асацыятыўнасць – здольнасць чалавека усталёўваць у свядомасці сувязі паміж асобнымі прадстаўленнямі, з’явамі;

д) цэласнасць – усталяванне цеснай сувязі паміж усімі сродкамі пабудовы кампазіцыі [6].

У якасці прыёмаў формаўтварэння выкарыстоўваюць працэсы аб’яднання (спалучэння, групіроўкі), выключэння (адымання), перасячэння, дадавання, адлюстравання, уздзеяння, руху і г. д.

6. Мастацкія сродкі пабудовы кампазіцыі

Стварэнне любога аб’екта: этыкеткі, упакоўкі, рэкламнай улёткі, кнігі і г. д. – гэта абавязкова праца з формай. Яна скіравана на пошук таго важнага і сутнаснага, што ў поўнай меры адпавядае функцыянальным (утылітарным, канструктыўным, эканамічным і інш.) патрабаванням. Адначасова дызайнер скіроўвае свае намаганні да мастацкай выразнасці формы. Эфектыўнасць гэтага складанага працэса вызначаецца лагічна абгрунтаваным выбарам кампазіцыйных сродкаў, кожны з якіх валодае кампазіцыйнымі ўласцівасцямі ці мастацкімі магчымасцямі [1].

Графіка выкарыстоўваецца як сродак перадачы на плоскасці той ці іншай сэнсавай (тэкставай ці вяўленчай) інфармацыі, а таксама ўласна мастацкай распрацоўкі формы [1]. Да графічных сродкаў адносяцца: кропка, лінія, пляма (альбо тон) і колер. Раскрыем іх мастацкія ўласцівасці.

Кропка вылучаецца як графічны акцэнт на плоскасці. Нягледзячы на свае адносна невялікія памеры, яна валодае шырокімі магчымассцямі ў пабудове кампазіцыі. Вельмі часта менавіта яна з’яўляецца цэнтрам усёй яе будовы. З’яўляючыся кампазіцыйным сродкам, кропка можа факусаваць на сабе ўвагу гледача. Усё залежыць ад выяўленых у кампазіцыі яе ўласцівасцяў: размяшчэння на плоскасці, адноснага

13

памеру, сілуэта, шчыльнасці запаўнення, яскравасці і інш. У гэтым сэнсе яна поўнасцю змыкаецца з іншымі графічнымі сродкамі пабудовы кампазіцыі, іх мастацкімі ўласцівасцямі. Калі кропка выразна адрозніваецца паводле ўласцівасцяў ад гэтых сродкаў, яна вылучаецца ў кампазіцыі больш за ўсё. Калі ж набліжаецца да іх, яе дамінантнае значэнне зніжаецца. Тады яна ўваходзіць у шэраг іншых сродкаў, складаючы раўназначную частку агульнай кампазіцыі. Мастацкія ўласцівасці кропкі непасрэдна звязваюцца з уласцівасцямі лініі, плямы і колеру, утвараючы ў цэлым гарманічна арганізаваную графічную плоскасць [1].

Лінія паводле формы характарызуецца працягласцю або развіццём на плоскасці ў адным каардынатным кірунку (у даўжыню). Дызайнерская задача вызначаецца зместам кампазіцыі, рашэнне якой з улікам яе складанасці абумоўлівае самы шырокі і глыбокі падбор лінейна-графічных форм. Важна як мага больш яскрава выяўляўць спецыфічныя ўласцівасці ліній рознага характару. Напрыклад, выбар лініі, якая імітуе працу пяром (тонкай з патаўшчэннем), дазваляе ўнесці ў кампазіцыю “жывыя” ноткі. Выкарыстанне лініі ў тэхніцы алоўка (светлай, нераўнамернай) дапамагае перадаць характар свабоды. Строгасць, безапеляцыйнасць можна надаць форме, выкарыстоўваючы тонкія, выразныя лініі.

Графічны сродак “лінія” дае дызайнеру шматлікія магчымасці, дарэчнае выкарыстанне якіх прыводзіць да вартых вынікаў. Не выпадкова, што першым этапам рэалізацыі вучэбнай задачы стварэння кампазіцыі з’яўляецца распрацоўка эскіза, а другім– выкарыстанне магчымасцяў праграмных прадуктаў. Існуе слушнае меркаванне, што такі падыход дазваляе студэнту ўсвядоміць неабходнасць выкарыстання тых альбо іншых графічных форм, стварыўшы іх “ад рукі” і пабудаваўшы на іх аснове фармальныя шрыфтавыя кампазіцыі. Тая ці іншая задача абумоўлівае адпаведны характар графічнай формы ліній літар, а значыць, форм літар у цэлым. Вылучаюць асноўныя віды лінейна-графічных форм: “жорсткія” (напрыклад, прамая тонкая лінія, алоўкавая рыска, рыска пэндзлем) і “мяккія” лініі (напрыклад, пэндзаль “пасырым”, мяккі грыфель і інш.) [1].

Пляма ў адрозненне ад кропкі і лініі, як правіла, запаўняе большую частку графічнай плоскасці. З выкарыстаннем плямы значна пашыраецца палітра сродкаў пабудовы графічнай кампазіцыі. У гэтую палітру ўключаюцца і тыя шматлікія формы тонавай графікі, якія атрымоўваюцца пры выкарыстанні настолькі ж розных прыёмаў яе распрацоўкі. Вылучаюць наступныя віды

14

танальных графічных форм: “мяккія” (напрыклад, заліўка, градыент) і “жорсткія” (эфекты “друк”, “растр лінейны” і інш.) [1]. Самая простая кампазіцыйная задача заключаецца ў выкарыстанні такой танальнай графічнай плямы, якая максімальна яскрава выражае мастацкі характар формы ў цэлым.

Больш складаная задача – гэта гарманічнае спалучэнне ў графічнай кампазіцыі розных тонавых элементаў.

Выразнага спалучэння складаных па характары графічных форм можна дасягнуць пры дапамозе стварэння калажа, напрыклад, з газетных, часопісных, праспектных выразак і да т. п. Важна ўлічваць, што кампазіцыйнае калажаванне вырашае праблему адцягнення ўвагі ад канкрэтных па змесце графічных форм (тэкстаў, фотавыяў) і звяртае яе ўласна на фармальную кампазіцыю. У калажы апраўдана выкарыстанне ўмоўнага тэксту і выявы.

Рашэнне такой задачы дазваляе развіваць у студэнта пачуццё і разуменне выразнасці графічнай формы, па-за залежнасці ад таго, што яна паказвае. У гэтым выпадку важнымі з’яўляюцца не зместавыя (інфарматыўныя), а выключна мастацкія якасці кампазіцыі.

Пры супастаўленні тонавых і лінейных форм важна дабіцца гарманічнай сувязі паміж імі, раскрыць іх мастацкія уласцівасці і захаваць цэласнасць усёй кампазіцыі. Рашэнне падобнай задачы прадугледжвае выкарыстанне простых геаметрычных фігур (прычым у мінімальнай колькасці), што дазваляе ярчэй выявіць характар фармальнай графічнай кампазіцыі [1].

Выкананне работы

Заданне 1. Стварыце шэсць адвольных шрыфтавых кампазіцый:

1)аднафігурную камбінаторную (шрыфтавую арнаментальную)

уформе канкрэтнага аб’екта;

2) аднафігурную камбінаторную (шрыфтавую графічную)

уабстрактнай форме;

3)шматфігурную (шрыфтавую выяўленчую) у форме матэрыяльнага аб’екта;

4)шматфігурную (шрыфтавую графічную) у форме, што адлюстроўвае альбо азначэнне, выражанае назоўнікам (напрыклад, “прыгажосць”), альбо з’яву (напрыклад, “сонечнае зацьменне”);

5)шматфігурную (шрыфтавую графічную ці шрыфтавую фатагра-

фічную), што адлюстроўвае альбо працэс (напрыклад, перасячэнне), альбо ўласцівасць аб’екта (напрыклад, мяккасць);

15

6) алфавітную (шрыфтавую графічную ці шрыфтавую выяўленчую) у форме канкрэтнага аб’екта.

Этапы выканання:

1)сфармулюйце задачу кампазіцыі. Канкрэтызуйце ідэю. Прадумайце, якія ўласцівасці, працэсы, з’явы ці вобразы неабходна перадаць праз форму;

2)вызначце сэнсавы і выяўленчы цэнтры кампазіцыі. Вырашыце, што ў кампазіцыі галоўнае і што другаступеневае, устанавіце ўзаемасувязі паміж элементамі;

3)выберыце форму кампазіцыі, а таксама вызначце яе кампазіцыйныя і графічныя характарыстыкі, якія дазволяць выразіць задуму;

4)распрацуйце эскізы.

Заданне 2. Ахарактарызуйце створаныя кампазіцыі па наступнай схеме:

1)фармулёўка задачы; від шрыфтавой кампазіцыі паводле якасці формы, паводле колькасці складнікаў;

2)удакладненне ідэі; назва кампазіцыі;

3)распрацоўка канцэпцыі (узаемадзеянне формы і зместу: галоўнае, другаснае, узаемасувязь элементаў і г. д.);

4)выбар і абгрунтаванне характарыстык кампазіцыі:

простая/складаная;

вертыкальная/гарызантальная;

сіметрычная/асіметрычная;

адкрытая/закрытая;

статычная/дынамічная;

храматычная/ахраматычная;

5)выкарыстанне магчымасцяў такіх элементаў кампазіцыйнай будовы, як:

рытм;

маштаб;

прапорцыі;

кантраст;

колер;

6)прымяненне мастацкай выразнасці формы такіх графічных сродкаў пабудовы кампазіцыі, як:

кропка;

лінія;

пляма.

16

Заданне 3. Стварыце шэсць адвольных шрыфтавых кампазіцый у графічным пакеце CorelDRAW.

Змест справаздачы

Тытульны аркуш; уводзіны; абгрунтаванне задумы; эскізы ў варыянтах; арыгіналы, створаныя ў пакеце CorelDRAW; заключэнне; спіс выкарыстанай літаратуры.

Кантрольныя пытанні

1.Акрэсліце мэты і задачы вучэбнай дысцыпліны “Паліграфічны дызайн”.

2.Патлумачце азначэнні паняццяў “дызайн”, “кампазіцыя”.

3.Якія вылучаюць віды шрыфтавых кампазіцый з улікам узаемадзеяння шрыфта і іншых элементаў?

4.Якія вылучаюць віды кампазіцый па якасці формы?

5.Сфармулюйце асноўныя параметры шрыфтавой кампазіцыі.

6.Прааналізуйце парныя характарыстыкі кампазіцыі.

7.Што маецца на ўвазе пад сіметрычнай кампазіцыяй?

8.Раскрыйце азначэнне “асіметрыя”. Прывядзіце прыклад.

9.Пералічыце ўмовы для выражэння дынамікі.

10.Што такое рытм? Якая яго роля ў стварэнні кампазіцыі?

11.Раскрыйце змест такіх сродкаў арганізацыі кампазіцый, як маштаб, прапорцыі, кантраст.

12.Прааналізуйце асноўныя прынцыпы формаўтварэння.

13.Якая роля графічнага сродку “кропка” ў кампазіцыі?

14.Якія спецыфічныя ўласцівасці характэрны лініям? Прывядзіце прыклады.

15.Дайце азначэнне паняцця “графіка”.

16.Якія задачы дазваляе вырашаць сродак мастацкай выразнасці “пляма”?

17

Лабараторная работа № 2 ШРЫФТАВАЯ ІНТЭРПРЭТАЦЫЯ ЗНАЧЭННЯ ЛІТАРЫ

Працягласць работы: 6 гадзін

Мэта работы: разгледзець азначэнні “шрыфт”, “літара”, “графема”, “буквіца”; прааналізаваць працэс стварэння новай формы знака; выпрацаваць практычныя навыкі графікі літары.

Змест работы

1.Аналіз шрыфта як элемента кампазіцыі кнігі.

2.Разгляд структуры літары.

3.Вывучэнне працэсу развіцця знака ў выяву.

4.Стварэнне і аналіз шрыфтавых інтэрпрэтацый значэння літары.

Тэарэтычныя звесткі

1. Шрыфт як элемент кампазіцыі выдання

Шрыфт – гэта графічна выражаная мова, гэта ўвасобленая ў знаках думка. Шрыфт – гэта мастацтва [5]. З аднаго боку, ён носіць умоўна знакавы характар. З іншага боку, шрыфтавая кампазіцыя – гэта аб’яднанне ўсіх элементаў формы мастацкага твора ў адзінае цэлае, якое выражае вобразны ідэйна-мастацкі змест [2]. Выбар шрыфта, яго інтэрпрэтацыя адлюстроўвае асэнсаванне значэння інфармацыі, абумоўленае мэтавым прызначэннем і чытацкім адрасам выдання, зместам твора альбо тэматыкай матэрыялаў. Напрыклад, для афармлення літаратурна-мастацкай кнігі гістарычнага зместу дызайнер вывучае асаблівасці шрыфтоў пэўнай эпохі. Малюнак абранай гарнітуры ўбірае ў сябе яе адметнасці, культуру, стыль. Гэта дазваляе развіваць і падтрымліваць дызайнерскую ідэю, акрэсліваць неабходныя сэнсавыя адценні.

Змэтамі стылізацыі дызайнеры выкарыстоўваюць графічнае рашэнне лацінскага пісьма, якое ў сваім развіцці прайшло некалькі этапаў: капітальнае квадратнае, капітальнае рустычнае, унцыяльнае, каралінгскі мунускул, гатычнае, гуманістычнае (антыква), егіпецкае, рубленае. Кожнае з іх нясе ў сабе дыханне свайго часу.

Здэкаратыўнымі мэтамі дызайнеры выкарыстоўваюць каліграфічныя варыянты кірыліцы: устаў, паўустаў, хуткапіс, вязь і інш.

18

Усе лацінскія і кірылічныя прамыя шрыфты паводле прынцыпу пабудовы падзяляюць на дзве групы: антыквенную і медыевальную. У першай групе асновай пабудовы літар з’яўляецца прамавугольнік, у медыевальнай групе – квадрат, а таксама літары з акруглымі абрысамі [2].

Уцяперашні час шрыфты, што выкарыстоўваюцца для тыпаграфскага набору, аб’яднаны па агульных графічных прыкметах у наступныя групы: рубленыя, з ледзь заўважнымі засечкамі, медыевальныя, звычайныя, брусковыя, новыя малакантрасныя [2].

Уадпаведнасці з прызначэннем шрыфты падзяляюца на тэкставыя – для друку асноўнага тэксту кніг, часопісаў, газет; тытульныя – для набору вокладак, тытульных аркушаў, газетных загалоўкаў; акцыдэнтныя – для выразнага афармлення плакатаў, афіш і г. д.

2. Азначэнне “літара”, стварэнне новай формы знака

Літара – гэта графічны знак, які сам па сабе ці сумесна з іншымі знакамі традыцыйна выкарыстоўваецца для абазначэння на пісьме фанем (гукаў), іх асноўных варыянтаў ці тыпічных паслядоўнасцяў. Літара складаецца з графемы, асноўнага і спалучальнага элементаў, засечак, прасторы, зместавай прыкметы. Усе гэтыя складнікі знаходзяцца ў пэўнай залежнасці адзін ад аднаго. Разгледзім, што разумеюць пад графемай і зместавай прыкметай.

Графема – гэта лінейна-восевая структура літарнага знака. Знакі алфавітаў графічна адрозніваюцца адзін ад аднаго і ў сваіх самых простых абрысах прадстаўляюць менавіта графемы. Іншымі словамі, графема – гэта нязменная форма знакаў алфавіта без звароту да стылёвых, гарнітурных і іншых формаўтварэнняў.

Зместавая прыкмета – гэта агульная ўласцівасць гукаў і ліній, значэння і формы. Магчымасці шрыфтавой інтэпрэтацыі шырокія. Напрыклад, праз шрыфт можна перадаць аўдыяльныя характарыстыкі. Моцы голасу адпавядае павелічэнне кегля, паўзе – шматлікія ці вялікія прабелы ў гарызантальным ці вертыкальным кірунку. Сіла гуку суадносіцца таксама з даўжынёй лініі, а вышыня гука – з таўшчынёй. Тоўстыя лініі адпавядаюць нізкім гукам, а тонкія – высокім.

Зместавая прыкмета можа ў рознай ступені накладацца на графему. Уласцівая форме неадназначнасць абумоўлена існаваннем некалькіх магчымых зместаў. Іх колькасць залежыць ад многіх фактараў, у ліку якіх і ўяўленне, і падыход, і шмат што іншае [4].

19

Літара функцыянуе і як адзінка алфавіта, і як адзінка ў літараспалучэннях слова, і як самастойны знак, што мае сваю форму і значэнне. Шматфункцыянальнасць літары тлумачыцца яе моўнымі магчымасцямі і ўласцівасцямі формы.

Форма літары ў залежнасці ад сітуацыі мае рознае семантычнае напаўненне. Яна можа выражаць прыкметы іншых прадметаў і з’яў, а таксама быць графічным знакам цэлага азначэння.

Адной з дызайнерскіх задач з’яўляецца праца над літарай як элементам афармлення выдання. Размова ідзе пра буквіцу – першую вялікую літару тэксту (раздзела, казкі і г. д.). Яна можа выконваць некалькі функцый: па-першае, акцэнтаваць увагу на пачатку тэкставага блока, напрыклад, часопіснага артыкула (праз павелічэнне кегля, колеру); па-другое, перадаваць праз форму характар, асаблівасці тэксту (пры дапамозе выбару адпаведнай гарнітуры, інтэрпрэтацыі формы літары праз вобраз, стылістычную апрацоўку і г. д.). Інымі словамі, буквіца можа быць наборнай, у выглядзе выявы, а таксама ўключаць у сябе складаную арнаментальна-дэкаратыўную ці сюжэтную кампазіцыю.

Існуе два асноўныя падыходы стварэння новай формы знака. Першы заснаваны на паўтарэнні аб’ектаў прадметнага свету, калі ў форму заключаецца кшталт рэальнай рэчы.

Другі падыход прадугледжвае стварэнне формы з іншых формаў, пазбаўленых матэрыяльнай асновы. У такім выпадку змест формы з’яўляецца вынікам выяўленай ідэі, думкі і г. д.

Разгледзім працэс развіцця знака ў выяву. Элементарныя канструкцыі з гарызантальных, вертыкальных і нахільных ліній змяняюць прапарцыяваннем, дадаючы да іх часткі эліпса, гіпербалы, парабалы. Затым графему знака надзяляюць стылістычнымі якасцямі. Атрыманы вобраз дабудоўваюць пры дапамозе эмацыйнага складніка, які ў залежнасці ад розных абставін можа мець амаль столькі ж значэнняў, колькі графічных інтэрпрэтацый мае літара. На аснове адной графемы са змененымі прыкметамі можна стварыць бясконцую колькасць формаў.

Сэнсавае напаўненне выдання (яго структурных элементаў), рэкламнай прадукцыі дыктуе дызайнеру выбар стылю для шрыфтавой інтэрпрэтацыі. Працуючы над формай літары (слова), неабходна перадаць праз яе спалучэнне спецыфічных прыкмет, характэрных для таго ці іншага стылю. Стыль разглядаецца як мастацкая сістэма, для якой характэрна ўнутранае (зместавае) і знешняе (фармальнае) адзінства. У гэтым сэнсе кажуць пра наступныя стылі: старажытна-

20