Добавил:
Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
УСТАНОВЫ КЛУБНАГА ТЫПУ.doc
Скачиваний:
13
Добавлен:
08.03.2018
Размер:
341.5 Кб
Скачать

Развіццё аматарскай творчасці

Аналіз стану развіцця аматарскай мастацкай творчасці ў краіне канстатуе, што яна адыгрывае важную ролю ў сучасным сацыякультурным працэсе. Асабліва заўважальна гэта на прыкладзе рэгіёнаў, дзе мастацкастваральная актыўнасць людзей асабліва вялікая. Клубныя ўстановы прадастаўляюць людзям магчымасці творчай самарэалізацыі і самавыяўлення. Згодна статыстычных дадзеных 2001 года ў клубных установах Беларусі дзейнічае больш за 26 тысяч клубных фарміраванняў рознай жанравай накіраванасці. Прыярытэтнымі жанрамі аматарства застаюцца вакальна-харавы і харэаграфічны. У клубных установах дзейнічае 2,5 тысячы танцавальных калектываў, удзел у якіх бяруць 33 тысячы чалавек. У рэспубліцы налічваецца 8 275 калектываў вакальна-харавога жанра. Сучаснае функцыяніраванне аматарскіх тэатраў вызначае колькасная стабільнасць, прычым у асобных рэгіёнах назіраецца тэндэнцыя да іх павелічэння за кошт рэзерва, які адкрываецца праз укараненне адносна новых для самадзейнасці тэатральных форм, такіх, як тэатры сатыры, жывапісу, музыкі, гульні, моды і іншых. Інструментальнаму жанру самадзейнай мастацкай творчасці характэрныя працэсы, звязаныя са змяншэннем колькасці ўдзельнікаў, павышэннем мабільнасці інструментальных ансамбляў. Масавы характар носіць працэс камернізацыі інструментальных калектываў. Расце выканальніцкае майстэрства самадзейных аркестраў і ансамбляў.

Інструментальныя групы працуюць разам з калектывамі іншых жанраў — вакальна-харавых і харэаграфічных. Напрыклад, ў Брэсцкай вобласці амаль усе вядучыя вакальна-харавыя і харэаграфічныя калектывы маюць інструментальную групу суправаджэння, у склад якой уваходзяць баян, скрыпка, цымбалы, дудка, кантрабас, балалайка альбо смычковыя, домра, а таксама ўдарныя інструменты. Эпізадычна выкарыстоўваюцца духавыя: кларнет, флейта, гармонік, штогарманічна і тэмбрава ўзбагачае, дапаўняе і ўзмацняе харавую фактуру.

Шырока распаўсюджанай і перспектыўнай формай арганізацыі вольнага часу насельніцтва застаюцца аматарскія аб’яднанні і клубы па інтарэсах. Грунтуючыся на ўнутранай самаарганізацыі, самакіраванні яны вядуць сістэматычную выхаваўчую і творчую работу як сярод саміх удзельнікаў, так і шырокага кола наведвальнікаў устаноў культуры. Як падкрэслівае статыстыка, ва ўсіх рэгіёнах назіраецца ўстойлівы рост іх колькасці. Агульная лічба клубных фарміраванняў гэтага кірунку складае больш за чатыры тысячы.

Найбольш папулярнымі з’яўляюцца сямейна-бытавыя клубы, якія прыцягваюць увагу грамадскасці да праблем сям’і, а таксама клубы гісторыка-краязнаўчай накіраванасці. Падлеткі і моладзь рэалізуюць у іх дзейнасці свой інтарэс да гістарычнай мінуўшчыны. Яны не проста займаюцца вывучэннем культуры народаў сярэдневечча, але і яе рэканструкцыяй, а таксама актыўнай прапагандай. Садзейнічаюць зберажэнню беларускай нацыянальнай культуры, фальклорнай спадчыны клубы аматараў традыцыйнай народнай культуры.

Прынцыповыя змены ў характары самадзейнай творчасці непазбежна ўплываюць на працэс існавання аматарскіх калектываў. У апошні час аматарскія калектывы самастойна вызначаюць мастацкія прыярытэты, больш смела выраша.ць пытанні выбару кірунку творчага развіцця, удасканальваюць формы дэманстрацыі творчых здабыткаў. Сярод шэрагу праблем іх дзейнасці абнаўленне і ўзбагачэнне рэпертуару застаецца найбольш актуальнай задачай. Рэпертуарная палітыка павінна фарміравацца з улікам запатрабаванняў аматараў, забяспечвасць іх попыт у якаснай і разнастайнай прадукцыі. Існуючы дэфіцыт рэпертуарнага матэрыялу (адсутнасць сучаснага арыгінальнага рэпертуару, малатыражнасць спецыяльнай літаратуры, абмежаваны доступ шырокага кола аматарскіх калектываў да крыніц атрымання прафесійнай інфармацыі), абмяжоўвае іх творчую дзейнасць, адбіваецца на якасці канцэртных праграм.

Функцыя забеспячэння рэпертуарна-метадычнай літаратурай з некаторай доляй паспяховасці рэалізуецца сістэмай метадычных служб рэспублікі. Адзін са шляхоў задавальнення “рэпертуарнага голаду” бачыцца ў каардынацыі выдавецкай дзейнасці БелДІК і абласных метадычных цэнтраў. Напрыклад, у апошнія гады Беларускім дзяржаўным інстытутам праблем культуры пабачылі свет зборнікі: Г. Ермачэнкаў “Крыніцы” -- зборнік твораў для аркестра народных інструментаў, партытура; І. Мангушаў “Ступені майстэрства трубача”, Н. Лісіца “Ідзі, ідзі, гусачок” -- зборнік твораў для дзіцячых інструментальных фальклорных гуртоў, партытура. Увогуле ж, паводле зводнага плана выпуску метадычнай літаратуры, у 2002 годзе запланавана звыш 200 яе найменняў. Галоўнай перашкодай на гэтым шляху з’яўляеца востры недахоп сродкаў на выдавецкую дзейнасць. У склаўшыхся абставінах небывалую актуальнасць набывае пераход на новыя інфармацыйныя тэхналогіі.

Актуальная форма падтрымкі аматарскага руху краіны — правядзенне рознаўзроўневых фестываляў народнага мастацтва, дзе з відавочнасцю дэманструюцца дасягненні аматарскіх фарміраванняў, выяўляюцца іх стан і праблемы, прасочваюцца тэндэнцыі развіцця.