Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Крыніцы гісторыі Беларусі (дапаможнік) Ходзіна.doc
Скачиваний:
28
Добавлен:
11.11.2018
Размер:
1.04 Mб
Скачать

Іі. Апавядальныя крыніцы.

1. Летапісы і хронікі.

1.1. Агульная характарыстыка.

Летапіс – гэта гістарычнае апавяданне, у якім звесткі размяшчаюцца пад пэўнымі гадамі. У розных народаў у самой назве такой формы гісторыка-літаратурнага твора ляжыць уяўленне аб пагадовым асвятленні падзей: усходнеславянская (руская) – "летапісанне" (па гадах); польская – "рочнік" (ад слова "рок" – год); у рымлян і раманскіх народаў – "анналы" (ад "annus" – год). Прыкладна з XIV ст. на ўсходнеславянскіх землях пры захаванні ў цэлым пагадовай сеткі ўсё большае значэнне пачаў набываць сюжэт гістарычнага апавядання. Гэта часам вымушала летапісца адступаць ад запісу па гадах, што прыводзіла да пераўтварэння летапісу ў хроніку1.

Першыя летапісы да нашага часу не захаваліся, і, па сутнасці, гісторыкі сёння маюць справу не з летапісамі, а з летапіснымі зводамі – гісторыка-літаратурнымі творамі, складзенымі на аснове папярэдніх летапісных запісаў (у далейшым, аднак, дзеля скарачэння будзем называць іх проста летапісамі). Летапісныя зводы дайшлі да нас дзякуючы таму, што яны шмат разоў перапісваліся (спісваліся – адсюль "спісы"). Пры гэтым больш познія летапісныя зводы не толькі з'яўляюцца спісамі папярэдніх, але і ўтрымліваюць дадатковыя гістарычныя звесткі. Супастаўленне розных спісаў дазваляе вызначыць пратограф – першапачатковы арыгінал, з якога яны спісваліся.

Пры рабоце з летапісамі пісцы часам рабілі памылкі. Калі тэкст перапісваўся ў пэўнай мясцовасці ці шмат разоў, то ўзнікалі спісы з характэрнымi недакладнасцямі і скажэннямі – ізводы (напрыклад, існуе Наўгародскі першы летапіс малодшага і старэйшага ізводаў). У асобных выпадках пад уплывам змяненняў палітычных ці іншых абставін летапіс свядома перапрацоўваўся. Так узнікалі новыя рэдакцыі летапісных зводаў. Калі ж у асобны летапісны звод злучаны розныя рэдакцыі, то даследчык будзе мець справу ўжо з іншым летапісным помнікам.

1.2. Этапы летапiсання на Беларусi.

Як асобны жанр гiсторыка-лiтаратурных твораў летапiсанне прайшло этапы зараджэння, росквiту i заняпаду. На Беларусi храналагiчнымi межамi iх з’яўляюцца:

1. XII-XIV стст. — зараджэнне мясцовага летапiсання. Перыяд феадальнай раздробленнасцi абумовiў тое, што iнтарэсы асобных феадальных цэнтраў абмяжоўвалi кругагляд летапiсца. Летапiсы XII-XIV стст. — гэта гiсторыя пэўнага ўдзельнага княства. Выразна мясцовы характар мае Полацкi летапiс XII ст. i Новагародскi летапiс XIII ст. (калi прызнаць рэальным яго iснаванне). Такi ж падыход фактычна захаваўся ў летапiсаннi i ў Смаленску (XIV ст.).

2. XV-XVI стст. — этап росквiту летапiсання на беларускiх землях (i ў Вялiкiм княстве Лiтоўскiм наогул). На развiццё летапiсання гэтага часу наклала адбiтак барацьба памiж ВКЛ i Маскоўскай дзяржавай. У адпаведнасцi з ходам азначанай барацьбы другi этап летапiсання можна падзялiць на два перыяды: 1) з пачатку i да 80-х гг. XV ст.; 2) з канца XV ст. i да канца XVI ст. На працягу першага перыяду ВКЛ валодае iнiцыятывай, яго князi праводзяць "агульнарускую" палiтыку — адсюль i iмкненне вывесцi гiсторыю Русi Лiтоўскай ад Русi Кiеўскай (як i Маскоўскай). З канца XV ст. палiтычную iнiцыятыву перахоплiвае Маскоўская дзяржава i характар летапiсання паступова змяняецца. Дынастыя князёў лiтоўскiх (а разам з тым i гiсторыя дзяржавы) вядзецца з захаду, з Рыма.

3. XVII - пачатак XIX стст. — этап заняпаду летапiсання. Ужо з другой паловы XVI ст., калi ВКЛ пачынае губляць сваю самастойнасць, можна заўважыць паступовую трансфармацыю старых жанраў i замену iх новымi. З’яўляюцца “Хронiка Польская, Лiтоўская, Жамойцкая i ўсей Русi” Мацея Стрыйкоўскага — першая гiсторыя Вялiкага княства Лiтоўскага элементарна-крытычнага характару, -- а таксама Баркалабаўскi летапiс. Для апошняга характэрна спалучэнне летапiсання i мемуарнай лiтаратуры. У XVIII ст. былi спробы аднавiць старую летапiсную форму апiсання мiнулага (гарадскiя хронiкi), але гэтыя спробы сталiся апошнiмi.