Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Цітоў ГІСТОРЫЯ А.К 1..doc
Скачиваний:
18
Добавлен:
19.09.2019
Размер:
866.3 Кб
Скачать

Стварэнне Беларускай Акадэміі навук

У 1927 г. структура Інбелкульта была набліжана да акадэмічнай установы. Былі створаны два буйныя аддзелы: першы – гуманітарных навук (кіраўнік С.Некрашэвіч) і другі – прыроды і гаспадаркі (кіраўнік А.Смоліч). У кожным аддзеле ствараліся кафедры: гісторыі Беларусі (загадчык У.Ігнатоўскі), этнаграфіі (В.Ластоўскі), гісторыі права і гаспадаркі (У.Пічэта), жывой беларускай мовы (С.Некрашэвіч), беларускай навуковай мовы (Я.Лёсік), беларускай літаратуры (І.Замоцін), геаграфіі (А.Смоліч), глебазнаўства (Я.Афанасьеў) і інш. Кіраўнічы орган Інбелкульта – прэзідыум на чале з прэзідэнтам (У.Ігнатоўскі), віцэ-прэзідэнтам (М.Бялуга) і вучоным сакратаром (В.Ластоўскі). Пры інстытуце створана аспірантура.

13 кастрычніка 1928 г. была, нарэшце, прынята ўрадавая пастанова аб утварэнні (рэарганізацыі) на базе Інбелкульта Беларускай Акадэміі навук. Яна была адкрыта 1 студзеня 1929 г. (у 1936 г. перайменавана ў Акадэмію навук БССР). Першым прэзідэнтам яе стаў У.Ігнатоўскі, віцэ-прэзідэнтамі Некрашэвіч і Бялуга, нязменным сакратаром (менавіта так называлася гэта пасада) – акадэмік В.Ластоўскі. Першымі правадзейнымі членамі акадэміі сталі 22 вядомыя вучоныя, пісьменнікі, дзяржаўныя дзеячы, у тым ліку глебазнаўца Якаў Афанасьеў (1877—1937), геолаг Гаўрыла Гарэцкі (1900—1988), З.Жылуновіч (Ц.Гартны, 1887—1937), І.Замоцін, Я. Купала, Я. Колас, Я.Лёсік (1884—1940), С.Матулайціс, У.Пічэта, А.Ясінскі і інш. Гэта быў сапраўдны інтэлектуальны асяродак новай беларускай навукі і культуры, 12 з іх былі беларусамі. Шырокі нацыянальна-дэмакратычны рух падняў з народных глыбінь шмат таленавітых творцаў, якія засведчылі свой самабытны талент у творах навукі, літаратуры і мастацтва; многія былі сапраўднымі самародкамі, якія дабіліся поспехаў дзякуючы самаадукацыі і апантанай працы, хаця не ўсе мелі дыпломы аб заканчэнні вышэйшых навучальных устаноў.

Такі быў час, калі да грамадскай дзейнасці былі пакліканы выхадцы з народных нізоў, калі кадравая палітыка фарміравалася па новых сацыяльных крытэрыях. Палітычныя погляды і перакананні гэтых людзей былі неаднолькавымі – адны прымыкалі да бальшавікоў, другія – да сацыял-дэмакратаў (былі тут і былыя члены Беларускай сацыялістычнай грамады), трэція – былі калісьці членамі партыі эсэраў, іншыя – падзялялі погляды незалежнікаў ці хрысціянскіх дэмакратаў, аднак жа абсалютную большасць аб’ядноўвала адзіная нацыянальная ідэя вызвалення, любоў да сваёй радзімы – Беларусі, жаданне зрабіць яе цывілізаванай еўрапейскай краінай, а яе народ – адукаваным, працвітаючым, вартым ганаровага месца на пасадзе сярод іншых еўрапейскіх народаў. Мала хто з іх дажыў да лепшых часоў, аддаўшы на ахвярны алтар незалежнай Радзімы сваё жыццё.

Контрбеларусізацыя

Поспехі нацыянальнага будаўніцтва і культурнага адраджэння, вяртанне па настойліваму патрабаванню кіраўніцтва БССР захопленых раней тэрыторый Падняпроўя і Падзвіння, правядзенне беларусізацыі і карэнізацыі кіруючых кадраў, – ўсё гэта непакоіла і раздражняла саюзнае кіраўніцтва ў Маскве. І.Сталін і падуладны яму ЦК КП(б) імкнуліся да ўмацавання сваёй непадзельнай улады як у цэнтры, так і на нацыянальных ускраінах.

Утварэнне Беларускай Акадэміі навук якраз супала са згортваннем беларусізацыі (контрбеларусізацыяй), прымусовай калектывізацыяй сельскай гаспадаркі і знішчэннем дэмакратычных свабод. Само слова “нацыянальны дэмакрат” (нацдэм) у вуснах савецкай наменклатуры станавілася лаянкавым, небяспечным ярлыком, раўназначным “ворагу народа”, агенту імперыялізму ці замежнай разведкі. Пачатак цкаванню нацыянальнай інтэлігенцыі з боку саюзнага партыйнага кіраўніцтва быў пакладзены яшчэ ў лістападзе 1927 г., калі ХІ з’езд КП(б) Б, капіруючы ўстаноўкі ўсесаюзнага партыйнага цэнтра ў Маскве, заявіў, што беларуская нацыянальная інтэлігенцыя пранікла ў дзяржаўныя структуры і падмяняе пралетарскі змест культуры дробнабуржуазным.

З пункту гледжання сённяшняга дня гэта абвінавачанне гучыць абсурдам, як недарэчны пасквіль: даўно няма ў нас той самай камуністычнай партыі пралетарскага тыпу, засталіся толькі яе злачынствы і нявінныя ахвяры будаўніцтва “новага камуністычнага грамадства”. Аднак у тыя часы, часы наступстваў таталітарнай ідэалогіі па ўсяму фронту, падобная рэзалюцыя партыйнага з’езду магла адыграць (і адыграла!) ролю імперскай дубіны, супраць якой быў безабаронны інтэлект і здаровы сэнс, які ўвасабляла нацыянальная інтэлігенцыя. Тут жа ў пастанове было запісана: “Калі дробнабуржуазны нацыяналізм і нацыянал-дэмакратызм на Беларусі ў мінулым быў прагрэсіўнай з’явай, змагаўся з самадзяржаўем і даваў адпор уціску рускага царызму, дык ва ўмовах дыктатуры пралетарыяту ён з’явіўся контррэвалюцыйнай з’явай, накіраванай супраць дыктатуры пралетарыяту1.

Гэтай і іншымі падобнымі пастановамі цэнтральных партыйных органаў было фактычна дадзена зялёнае святло масавым рэпрэсіям супраць свядомых нацыянальных кадраў, пакладзены пачатак “паляванню на ведзьмаў”, на іншадумцаў, на беларускую эліту і сялян-гаспадароў, якія абвяшчаліся “ворагамі народа”. Ідэолагі савецкай імперыі і Камінтэрна, чыноўнікі таталітарнага рэжыму прысвоілі сабе права гаварыць ад імя народа. За камандамі, якія падаваліся з Крамля, стаяў шматлікі карны корпус, які быў створаны да гэтага часу і ўтрымліваўся за кошт народа і супраць народа.

Беларуская Акадэмія навук была створана ў знамянальны год “вялікага пералому” і несла на сабе ўсю ману, трагізм і сумныя прыкметы гэтага года. У маі—чэрвені 1929 года на Беларусі працавала спецыяльная камісія ЦКК КП(б) на чале са старшынёй ЦКК КП(б) Украіны У.Затонскім. Яна вывучала правядзенне нацыянальнай палітыкі ва ўмовах БССР. У сваёй справаздачы па выніках кантролю Затонскі адзначыў непамерна вялікую ролю ў палітычным жыцці рэспублікі інтэлігенцыі, з настроямі якой лічыцца партыйнае кіраўніцтва. Быў зроблены вывад, што большая частка беларускай інтэлігенцыі настроена па-антысавецку. “Ствараецца ўражанне, – пісаў ён, – што засеўшая ў цэнтральных і іншых навуковых установах нацыяналістычная вярхушка патэнтаваных прадстаўнікоў беларускай культуры значна затрымлівае тэмп саветызацыі”2.

Дзейнасць камісіі, як заўважае У.Навіцкі, пакінула крывавы след ў лёсе беларускай інтэлігенцыі3. Так быў пакладзены пачатак драконаўскім мерам, якія абярнуліся інтэлектуальнай катастрофай і нацыянальнай трагедыяй для Беларусі і беларусаў. Генацыд нацыянальнай інтэлігенцыі, свядомае знішчэнне інтэлектуальнага патэнцыялу з гэтага часу былі ўзведзены ў ранг дзяржаўнай палітыкі. Тут няма неабходнасці разглядаць рэпрэсіі і іншыя злачынствы камуністычнага рэжыму, бо гэта не мае ніякага дачынення да сутнасці культуры, гаворка ідзе аб барацьбе з культурай, падмене яе масавай, пралетарскай, паўбасяцкай субкультурай, якая адпавядала б жабрацкаму стану “будаўнікоў камунізму”. Партыйныя ідэолагі і агітатары заклікалі “будаўнікоў камунізму” тужэй зацягнуць паясы, патрываць пэўны перыяд, бо доступ да камуністычнага размеркавальніка магчымы пакуль не ўсім. У той час, калі ў савецкай краіне панаваў галадамор, улада вывозіла канфіскаваны ў сялян хлеб у Заходнюю Еўропу на падтрымку рабочага руху і «своих товарищей» па Камінтэрну. І сапраўды: «А рядом с нами за крутым забором был потихоньку создан коммунизм…», – трапна заўважыў паэт.

Гаворка ідзе тут аб зусім іншай цывілізацыі і звязанай з ёй сістэмай каштоўнасцей і адпаведных стэрэатыпах паводзін. Цывілізацыйнае адставанне Расіі ад Захаду, на думку член-карэспандэнта РАН А.М.Сахарава, пачалося якраз падчас пралетарскай рэвалюцыі і грамадзянскай вайны і стабільна павялічвалася па меры будаўніцтва новага грамадства, а пасля сацыялістычнай індустрыялізацыі і калектывізацыі набыло незваротны характар. Індустрыялізацыя асабліва яскрава выявіла гэта адставанне, штучнасць разбудаваных заводаў, фабрык: пазбаўленыя высокакваліфікаваных кадраў, пры вялікіх затратных рэсурсах і выдатках яны давалі нізкаякасную і дарагую прадукцыю. Калгасы ператвараліся ў рэзервацыі, выезд з якіх быў фактычна забаронены. Аднак у адрозненне ад амерыканскіх рэзервацый тут гаспадарылі савецкія чыноўнікі, якія разам з фінагентамі і міліцыяй былі адказнымі за збор разнастайных падаткаў з калгасаў і індывідуальных сялянскіх гаспадарак.

У тым жа кантэксце можна разглядаць і лёс Беларускай Акадэміі навук. Яе інтэлектуальную аснову складалі навуковыя кадры. Мімаволі паўстае ўражанне, што на працягу некалькіх гадоў лепшыя нацыянальныя кадры “клапатліва” збіраліся спачатку ў сценах Інбелкульта, а затым – Акадэміі, каб зручней было, сабраўшы дасье на прадмет іх палітычнай надзейнасці і лаяльнасці да камуністычнага рэжыму, адным махам расправіцца з імі. Прычым рабілася гэта цынічна і вераломна, у тыповым сталінскім стылі. Узвядзенне тэрору супраць іншадумцаў і цэлых груп насельніцтва ў ранг сістэмнай дзяржаўнай палітыкі, паталагічная схільнасць да забойстваў, фізічнага знішчэння людзей станавілася сутнасцю рэжыму. Паранаідальная асоба Сталіна якраз адпавядала сутнасці геніяльнага злачынцы, якога вылучыў крымінальны свет Расіі, і псіхалагічная характарыстыка яго невыпадкова сходзіцца ў межах трапных вызначэнняў: “Сталін – злы геній” або “Сталін – геніяльны злачынца”. З улікам гэтых рэальных абставін спадзявацца на яго літасць ці прыніжана каяцца ў сваіх неіснуючых грахах, каб вымаліць прабачэнне ці палёгку празмерна жорсткага пакарання ад “товарища Сталина” і яго расстрэльнай каманды, было амаль заўсёды ілюзорнай справай, як і само ілюзорнае (віртуальнае) грамадства, якое ён імкнуўся пабудаваць.

У 1929—1933 гг. у выніку запланаванага знішчэння нацыянал-дэмакратызму, а фактычна ліквідацыі інтэлектуальнай эліты беларускай нацыі, большасць вядомых вучоных БАН, шчыра адданых справе беларускага нацыянальна-культурнага адраджэння, былі арыштаваны і рэпрэсіраваны. Рэпрэсіям падвергліся ў першую чаргу заснавальнікі БАН, яе кіраўнічы склад, аўтарытэтныя вучоныя, літаратары, дзеячы культуры, у тым ліку А.Баліцкі, Г. і М. Гарэцкія, А.Дубах, В.Ластоўскі, Я.Лёсік, С.Некрашэвіч, У.Пічэта, Д.Прышчэпаў, І.Серада, А.Смоліч, А.Цвікевіч, М.Шчакаціхін, Б.Эпімах-Шыпіла і інш.1 Грубае цкаванне Прэзідэнта БАН У.Ігнатоўскага прывяло яго да самазабойства (1931). За якіх-небудзь паўтара дзесятка гадоў амаль усе прэзідэнты і віцэ-прэзідэнты БАН паслядоўна пазбаўляліся сваіх пастоў і расстрэльваліся (Ігнатоўскі, П.Горын (1931—36), І.Сурта (1936—37), А.Жэбрак (1947).

У сваёй кнізе, прысвечанай жыццю і дзейнасці першага прэзідэнта Беларускай Акадэміі навук Усевалада Ігнатоўскага, аўтары ўзялі за эпіграф словы вучонага аб неабходнасці праўдзівага асвятлення гісторыі нашай бацькаўшчыны. У наш час, заўважаюць яны, гісторыкам “зноўку прыйдзецца распальваць амаль патушаны ў змрочную пару сталіншчыны і застою ясны ліхтарык (паходню). Каб высвеціць дарогу да праўды гісторыі, ачысціць яе ад свядомых і несвядомых скажэнняў, ілжы, каб аднавіць на скрыжалях яе выкрасленыя, запэцканыя некалі імёны сумленных сыноў народа”1.