Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Цітоў ГІСТОРЫЯ А.К 1..doc
Скачиваний:
18
Добавлен:
19.09.2019
Размер:
866.3 Кб
Скачать

Школа і адукацыя ў заходняй беларусі

(1918—1939)

Стан беларускай адукацыі (1918--1925)

Калі зыходзіць з колькасных паказчыкаў, сетка школ у Заходняй Беларусі была больш рэдкай, і беларускай адукацыі не надавалі таго палітычнага значэння, як у гэты час на ўсходзе Беларусі. Тут не было шырокіх масавых кампаній “лікбезу” і далучэння мясцовага беларускага насельніцтва да граматы і палітычнай асветы. У часы нямецкай акупацыі (1918 г.) тут дзейнічала некалькі сот народных школ, прычым нямецкія ўлады ў культурнае жыццё мясцовага насельніцтва не ўмешваліся. У польскай гістарычнай літаратуры такое становішча тлумачыцца антыпольскай тактыкай нямецкіх улад.

У пачатку 1919/20 навучальнага года ў заходняй частцы Беларусі дзейнічала 514 беларускіх школ. Заўважым, што на тэрыторыі Віленшчыны ў 1920—1922 гг. існавала фармальна незалежная дзяржава – Сярэдняя Літва. Дыктатар Сярэдняй Літвы Люцыян Жэлігоўскі памяркоўна ставіўся да беларусаў (літвінаў), якія пераважалі ў краі, і дазваляў ім ствараць свае грамадскія інстытуты і культурна-асветныя ўстановы. Адзін з лідэраў нацыянальнага руху Б.А.Тарашкевіч займаў пасаду старшага рэферэнта ў Дэпартаменце асветы Сярэдняй Літвы. Менавіта ў гэты час тут была заснавана Барунская настаўніцкая семінарыя (1920), працягвала працаваць Віленская беларуская гімназія. У 1921 г. на гэтай адносна невялікай тэрыторыі Віленшчыны працавала 186 беларускіх школ. У снежні 1921 г. па ініцыятыве Б.Тарашкевіча было створана культурна-асветнае грамадскае аб’яднанне “Таварыства беларускай школы” (ТБШ). Яно ставіла сваёй мэтай пашырэнне і ўдасканаленне сістэмы навучання мясцовага насельніцтва на роднай мове. Па ініцыятыве Таварыства ў 1921 г. былі наладжаны беларускія настаўніцкія курсы на 200 чалавек1. У гэты ж час Антон Луцкевіч, ажыццяўляючы вялікую навукова-збіральніцкую справу свайго брата, заснаваў у Вільні Беларускі музей імя Івана Луцкевіча.

Аднак ідэя краёўцаў (Міхаіл Ромер, Вітольд Камянецкі, Чэслаў Янкоўскі і інш.) і некаторых лідэраў беларускага нацыянальнага руху стварыць на Віленшчыне і суседніх беларускіх тэрыторыях аўтаномію не мела поспеху. Пасля ўсталявання польскай улады колькасць беларускіх школ у Заходняй Беларусі пачала хутка скарачацца і да 1922/23 навучальнага году тут засталося толькі 32 беларускія школы (па другіх даных – 29)2. У Заходняй Беларусі ствараліся польскія школы, выкладанне ў якіх вялося па сваіх вучэбных праграмах на польскай мове. Польскія ўрадавыя колы лічылі Беларусь сваёй неад’емнай часткай (“крэсамі ўсходнімі”) і не пагадзіліся на прадстаўленне ёй статуса культурнай аўтаноміі, адсюль становіцца зразумелай сутнасць культурна-адукацыйнай палітыкі, скіраванай на інтэграцыю беларусаў. У 1925/26 навучальным годзе тут працавалі толькі дзве беларускія і восем польска-беларускіх школ1. Была зачынена беларуская настаўніцкая семінарыя ў Барунах (Ашмянскі павет), беларускія гімназіі ў Радашковічах, Навагрудку, Клецку, Нясвіжы. Пэўны час існавала Віленская беларуская гімназія, якая аднак была пераўтворана ў польска-беларускую ўстанову, а затым выкладанне ў ёй пераведзена на польскую мову. Унітарная польская дзяржава і яе кіраўнічая эліта не падтрымлівалі Беларускую Народную рэспубліку і ідэю незалежнасці Беларусі. Для іх (палякаў), заўважае Захар Шыбека, “беларусы былі яшчэ не нацыяй, а этнаграфічнай масай, частку якой можна было паланізаваць. Незалежніцкія ідэалы свядомай часткі беларускага насельніцтва рабіліся небяспечнымі для польскай унітарнай дзяржавы”2.

Такі ж лёс чакаў і праваслаўную царкву, якая ў 1921 г. атрымала права на аўтакефалію (незалежнасць) ад маскоўскага патрыярха Ціхана. Да 1924 г. колькасць праваслаўных цэркваў у заходняй частцы Беларусі паменшылася з 500 да 1953. Да таго набажэнствы тут вяліся на рускай мове, а ў некаторых – на польскай. Праўда, не лепшай была рэлігійная сітуацыя і ва ўсходняй частцы Беларусі, але ж там, як і на ўсёй савецкай прасторы, непадзельна панаваў “ваяўнічы атэізм”.

Добры прыклад міжэтнічнага (і канфесійнага) паразумення паказаў каталіцкі ордэн марыянаў. У 1923 г. ён адкрыў у Друі першы беларускі касцёл (тут службу вёў ксёндз Цікота). Віленскі біскуп Ежы Матулевіч дазваляў богаслужэнне ў касцёлах на беларускай і літоўскай мовах. Беларускія ксяндзы арганізавалі культурна-рэлігійнае таварыства “Светач”, якое аднак праіснавала нядоўга і ў 1924 г. было забаронена. Марыяне дапамаглі таксама стварэнню ў Вільні беларускай друкарні імя Францыска Скарыны. Яны былі цесна звязаны з беларускай хрысціянскай дэмакратыяй, віднымі прадстаўнікамі якой былі ксяндзы Цікота, Адам Станкевіч, Вінцэнт Гадлеўскі, а таксама грамадскі дзеяч Фабіян Ярэміч.

Шэраг беларускіх школ працягвалі функцыянаваць на грамадскіх пачатках, у тым ліку і так званыя “лятучыя школы-гутаркі”, аднак яны працавалі нерэгулярна, у сялянскіх хатах, і іх вучэбная база не адпавядала неабходным патрабаванням.