Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Цітоў ГІСТОРЫЯ А.К 1..doc
Скачиваний:
18
Добавлен:
19.09.2019
Размер:
866.3 Кб
Скачать

Суверэнізацыя і нацыянальна-культурнае адраджэнне (1980—1990-я гг.) Крызіс камуністычнай ідэалогіі

У 1980-х гадах у СССР склалася крызісная сітуацыя, якая з’явілася вынікам 70-гадовага “блукання па пакутах” у пошуках самабытнага шляху. Эканамічны крызіс дапаўняўся крызісам “вярхоў”, крызісам ідэалогіі, інстытутаў улады і кіравання, глабальнай нестабільнасцю сусветнай сістэмы камунізму. Жыццё паказала, што той шлях, па якому так настойліва і ўпарта вяла Камуністычная партыя народы Савецкага Саюзу ў светлую будучыню, той шлях быў у нікуды. Арганізацыя грамадскага жыцця савецкіх людзей па тыпу ваенна-працоўнага лагера і тыя шматмільённыя ахвяры, прынесеныя на алтар віртуальнай перамогі камуністычнай ідэі, аказаліся дарэмнымі. Сапраўды, благімі (добрымі) намерамі вымашчана дарога ў рай. І зараз аб тым часе наглядна нагадвае дэкараваная манументальная пліта ў холе станцыі метро “Цэнтральная” ў Мінску з мастацкімі надпісамі: «Наша цель – коммунизм», «Мы наш, мы новый мир построим!», «Партия – ум, честь и совесть нашей эпохи», і інш.

Масавая эйфарыя абарочваецца хуткім расчараваннем, рэвалюцыйная рамантыка – утопіяй, дабрадзейства – ханжаствам, упартасць – злачынствам. Нягледзячы на “самы перадавы ў свеце” грамадскі лад і “сацыяльную справядлівасць”, як сцвярджалі савецкія ідэолагі, эканамічны і цывілізацыйны ўзровень жыцця “адзінага савецкага народа” не вытрымліваў крытыкі на фоне еўрапейскіх рэалій. Праграма КПСС, якая ставіла задачу пабудовы камуністычнага грамадства да 1980 г., аказалася ўтопіяй. Тут у каторы раз у рамантычным стылі было напісана: “И польются блага полным потоком, и осуществится великий коммунистический принцип – «от каждого по способностям, каждому – по потребностям».

А між тым краіне, камуністычнае кіраўніцтва якой, ігнаруючы натуральныя законы грамадскага развіцця, знішчыла прыватную ўласнасць разам з сацыяльным класам сялян-гаспадароў, не хапала хлеба і прадуктаў першай неабходнасці, іх зноў прыходзілася размяркоўваць па картках і так званых сталах заказаў. Агромістая армія штатных кантралёраў і прапагандыстаў, арганізатараў камуністычнага спаборніцтва, даўно ператварылася ў мёртвы баласт таталітарнай сістэмы, не здольны самастойна думаць і вырашаць канкрэтныя пытанні вытворчасці і сацыяльнага кіравання; страшна далёкімі былі яны ад народа.

Арганізацыя грамадства, задуманага камуністычнымі фарысеямі па тыпу пчалінай борці, аказалася недасканалай і нават далёкай ад яе ўзору. Такому грамадству не хапала гармоніі пчалінай сям’і, – магчыма таму, што прырода “бацькі ўсіх народаў” была іншай, чым у пчалінай маткі. Апошняя ўвасабляла сімвал жыцця і несла ў сабе рэпрадуктыўныя функцыі; вакол яе раіліся ўсе астатнія працалюбівыя члены пчалінай сям’і, якія, не шкадуючы жыцця, самаахвярна ахоўвалі сваю маці, якая дала ім жыццё. Адносіны правадыра да сваіх суайчыннікаў (як і да сваёй маці і ўласных дзяцей) былі зусім іншымі. Па сваёй прыродзе – гэта быў злы дэман (у біблейскай інтэрпрэтацыі, – паўшы анёл), здольны разбураць, а не ствараць, таму ўзведзеныя на ахвярных касцях суайчыннікаў гіганцкія новабудоўлі часцей уяўлялі сабой бессэнсоўнае тварэнне, як і само таталітарнае грамадства, якое суайчыннікі трапна называлі – Калос на гліняных нагах.

1980-я гады былі гадамі духоўнага прасвятлення. У краіне нарастала глухое браджэнне, няўпэўненасць у заўтрашнім дні, незадаволенасць сваім становішчам амаль усіх слаёў насельніцтва. Умацаванне рабочай дысцыпліны, за якое партыйная адміністрацыя ухапілася (у каторы раз!) як за выратавальнае кола, таксама як і правядзенне “сухога закона”, не давалі жаданых вынікаў, наадварот, паскорылі крызіс фінансава-грашовай сістэмы, бо ў дзяржаўны бюджэт перасталі паступаць грошы, якія раней атрымлівалі ад продажу таннай гарэлкі і іншых алкагольных напояў. Замест бясплатнага праезду ў грамадскім транспарце, які партыйнае кіраўніцтва абяцала сваім грамадзянам да 1980 года, цэны на праезд, як і на іншыя паслугі, стабільна павялічваліся. Замест бясплатных кватэр маладажонам чэргі на жыллё і кошт будаўніцтва выраслі ў некалькі разоў. Пры бясплатным медыцынскім абслугоўванні ў нашай краіне працягласць жыцця, як і жыццёвы ўзровень, заставаліся аднымі з самых нізкіх у Еўропе.

У гэты час нашы навабранцы і салдаты ваявалі ў Афганістане і гінулі “за інтэрнацыянальныя інтарэсы”, выконваючы “пачэсны абавязак”, які яны раней выконвалі ў Венгрыі і Чэхаславакіі ў часе нацыянальна-дэмакратычных рэвалюцый. У 1986 г. па злачыннай халатнасці і некампетэнтнасці адказных асоб адбыўся выбух атамнага рэактара на Чарнобыльскай АЭС, катастрофа планетарнага маштабу, якую “дзяржаўныя мужы” і падуладныя ім сродкі масавай інфармацыі імкнуліся ўтаіць ад насельніцтва. Наступствы катастрофы былі б куды меншымі, каб насельніцтва было своечасова праінфармавана аб аварыі. Мана і дазіраваная падача інфармацыі даўно сталі стылем партыйнага кіраўніцтва і сродкаў масавай інфармацыі, якія ва ўмовах закрытага грамадства фактычна выконвалі функцыі замбіравання (толькі не выхавання!) сваіх грамадзян, настойліва фарміруючы новы антрапалагічны тып Homo soveticus. Аўтарытэт камуністычнай партыі ў грамадстве знізіўся да крытычнага ўзроўню. Незадаволенасць дэмакратычных сіл і агонь крытыкі былі скіраваны на “святая святых” – шостага артыкула савецкай канстытуцыі, дзе замацавана абсалютная і непадзельная манаполія камуністычнай партыі ў грамадстве. Фактычна кампартыя зраслася з дзяржаўнымі структурамі і нельга было заняць кіруючую пасаду, не маючы ў кішэні партыйнага білета (зразумела, дапускаліся выключэнні).

Шматтысячныя мітынгі і дэманстрацыі скаланалі краіну. Асабліва шматлюднымі, масавымі яны былі ў Маскве. Майская дэманстрацыя дэмакратычных сіл ў Маскве ў 1990 г. сабрала не меней 300 тысяч ўдзельнікаў. Гэта было нязвыклае раней відовішча, калі маскоўскі люд і госці сталіцы, па закліку дэмакратычных сіл сцякаліся з усіх канцоў на Манежную да цэнтра сталіцы пад стракатымі антыкамуністычнымі лозунгамі. Сярод іншых вылучаліся: «От крепостного права – к правовому государству!», «Вечная память матросам Кронштадта 1921 года!», «Партия! Покайся перед народом!», «Единство без демократии – сталинизм», «Мы – граждане своей страны, а не её безмолвствующее большинство», «Учение Маркса бессильно, потому что неверно», «Свободной Европе свободную Россию!», «Политбюро! Отдайте свои дачи детям Белоруссии» (у савецкім грамадстве была жывая памяць аб ахвярах Чарнобыльскай трагедыі).

Неабходнасць карэнных змен у краіне пад назвай СССР разумелі бадай што ўсе: “Так жыць нельга!” Гэта разумелі і кіруючыя вярхі. Да гэтага часу у савецкай дзяржаве склалася ўласцівая яе прыродзе сацыяльная піраміда ўлады, пабудаваная на прынцыпах партыйнай інфільтрацыі і субардынацыі, што адпавядала суб’ектыўным інтарэсам кіруючых кланаў. Аднак закрытая сістэма наменклатурнай падтрымкі, перамяшчэнне з месца на месца (часам з павышэннем службовага рангу) недастаткова кампетэнтных ці запляміўшых сябе амаральнымі або крымінальнымі ўчынкамі кіраўнікоў, дазваляла да пэўнага часу існаваць той сістэме, якая атрымала сваё класічнае завяршэнне ў перыяд праўлення Л.Брэжнева і вядома пад назвай перыяду застою.

А між тым краіны Заходняй Еўропы (“краіны загніваючага капіталізму”), абапіраючыся на больш дасканалую дэмакратычную мадэль грамадства і сістэму кіравання здолелі хутка аднавіць разбураную вайной гаспадарку, забяспечыць параўнаўча высокі жыццёвы і культурны ўзровень “сярэдняга саслоўя” і наглядна паказвалі зайздросны ўзор будаўніцтва сапраўднага цывілізаванага грамадства, усё болей павялічваючы адрыў ад краін “пераможнага сацыялізму”. Тлумачыць падобную сітуацыю і ўласную безгаспадарчасць па-ранейшаму «происками врагов социализма», як гэта рабілася на працягу цэлага паўстагоддзя, станавілася дурным тонам, а дакладней прыкметай інтэлектуальнай непаўнавартасці, напаткаўшай камуністычную ідэалогію, яе прыхільнікаў і прыстасаванцаў.