Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Цітоў ГІСТОРЫЯ А.К 1..doc
Скачиваний:
18
Добавлен:
19.09.2019
Размер:
866.3 Кб
Скачать

Школа і адукацыя

У савецкай краіне, якая будавала грамадства новага тыпу, адукацыі і выхаванню маладога пакалення надавалася выключная роля. Разам з тым гэта роля не магла быць належным чынам рэалізавана на практыцы з-за празмернай палітызацыі зместу адукацыі і выхавання, які не стасаваўся з жыццёвымі рэаліямі. Змест адукацыі і выхавання ў значнай ступені абапіраўся на савецкія міфы і быў падпарадкаваны камуністычнай утопіі – пабудове безкласавага, сацыяльна аднароднага грамадства, стварэнню новай генерацыі людзей “камуністычнага тыпу”, інтэграцыі і зліццю ўсіх нацый у адзіны савецкі народ: «Это чтобы в мире без Россий и Латвий жить единым человечьим общежитьем». Дэнацыяналізацыя і ўніфікацыя ўплывалі не толькі на змест, але і метады навучання, калі вучэбны працэс арыентаваўся на “сярэднячка”, што стрымлівала творчую ініцыятыву, ігнаравала індывідуальныя здольнасці кожнага, не дазваляла свабодна раскрыцца талентам.

Разам з тым празмерная палітызацыя, наўмыснае супрацьпастаўленне савецкага ладу жыцця, далёкага ад ідэальнай мадэлі, выпрабаваным традыцыйным каштоўнасцям, хрысціянскай маралі і еўрапейскім стандартам, штучнае прыніжэнне заходнееўрапейскай культуры, – усё гэта абмяжоўвала духоўныя гарызонты савецкай адукацыі і выхавання, падавала заведама непраўдзівую інфармацыю аб культурным і эканамічным заняпадзе еўрапейскіх краін, вяло да самаізаляцыі і адставанню ад еўрапейскіх стандартаў і “буржуазнай” культуры. А між тым апошняя была сацыяльна неаднароднай, шматслойнай, поліварыянтнай і ва ўмовах буржуазных свабод лепей захавала пераемныя традыцыі дэмакратычнага грамадства і класічнай культуры. Культура гуманістычна па сваёй прыродзе і сутнасці, і гэта забяспечвае ўдзел у культуратворчым працэсе ўсіх слаёў насельніцтва і ў канчатковым выніку творчую імправізацыю, шматварыянтнасць культуры, яе шырокія магчымасці для самаўзнаўлення і ўзбагачэння ва ўмовах сацыяльна гарманізаванага грамадства.

Знос жалезнай заслоны, галоснасць і дэмакратызацыя новага грамадства адкрывалі шырокія перспектывы для творчых кантактаў, для наладжвання цеснай сувязі адукацыі з жыццём, з перадавой міжнароднай практыкай, магчымасці выкарыстання сучасных методык і сусветнага вопыту, перагляду зместу вучэбных праграм і падручнікаў, арыентацыі іх на нацыянальныя прыярытэты. Стала відавочным, што айчынная, беларуская гісторыя павінна быць напісана самімі беларусамі без аглядкі на імперскія пастулаты і цэнзурныя забароны, без замоўчвання яе лёсавызначальных трагічных і гераічных падзей. Прычым тыя падзеі і тыя героі, барацьбіты за вызваленне, постаці нацыянальнай культуры, так званыя нацдэмы, кулакі ды падкулачнікі, вязні савецкага гулагу, якія ў расійскай і савецкай гістарыяграфіі падаваліся як варожыя камуністычнаму грамадству (дзе яно зараз тое грамадства?), у новай суверэннай дзяржаве падлягалі неадкладнай рэабілітацыі. Змены закранулі ўсю сістэму адукацыі – ад дзіцячых садкоў і дашкольнага навучання да вышэйшай прафесійнай адукацыі.

Адметнай асаблівасцю гэтага перыяду было фарміраванне новай сістэмы народнай адукацыі, скіраванай на нацыянальныя прыярытэты, інтарэсы краіны, на працэс творчага засваення сучасных прафесійных ведаў з улікам развітой інфраструктуры незалежнай дзяржавы, інтэграванай у еўрапейскую інтэлектуальную прастору. Да 1994/95 вучэбнага года беларускімі вучонымі і выкладчыкамі былі падрыхтаваныя 134 арыгінальныя падручнікі і вучэбныя дапаможнікі агульным тыражом 11,5 млн. экземпляраў. Сярод іх прынцыпова новыя па зместу дапаможнікі па гісторыі Беларусі, беларускай літаратуры, мастацтву, этнаграфіі. У 1994/95 вучэбным годзе 80% першакласнікаў навучаліся на дзяржаўнай, беларускай, мове.

Прынцып прафарыентацыі і набліжэння сістэмы навучання да выпрабаваных форм і стандартаў еўрапейскай адукацыі абумовілі стварэнне новых тыпаў навучальных устаноў – гімназій, каледжаў, ліцэяў. У 1993/94 навучальным годзе у Беларусі налічвалася 52 гімназіі і 22 ліцэі. У адрозненне ад гімназій ліцэі, як правіла, працуюць пры ВНУ; яны арыентаваны на падрыхтоўку навучэнцаў для далейшай вучобы ў ВНУ. Методыка і змест адукацыі ў ліцэях прадугледжвае сістэму інтэграцыі і пераемнасці сярэдняй і вышэйшай навучальных устаноў. Гэтыя тыпы ўстаноў атрымалі далейшае пашырэнне: у 2001/02 вучэбным годзе ў рэспубліцы працавала 100 гімназій, 25 ліцэяў, 6 вучэбных комплексаў (гімназія – каледж). Усяго ў рэспубліцы налічвалася 4718 дзённых агульнаадукацыйных школ, дзе навучалася больш за 1,5 млн. школьнікаў. Пры гэтым у гімназіях налічвалася каля 82 тысяч, а ў ліцэях 11,2 тысяч навучэнцаў.

Адметнай асаблівасцю сярэдняй адукацыі стала і тое, што яна цяпер набывалася і ў прафесійных тэхнічных вучылішчах, дзе ў 2001/02 вучэбным годзе налічвалася 138,6 тыс. навучэнцаў. Прафтэхвучылішчы прыкметна адрозніваліся ад былых ПТВ паводле ўзроўню, зместу і характару будучай прафесіі; у сучасных ПТВ спецыялізуюцца на такіх напрамках, як радыёэлектроніка, камп’ютарная тэхніка, будаўніцтва, сфера паслуг і гандлю. Усяго ў гэты час у рэспубліцы дзейнічала 248 ПТВ і 166 сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў (з іх 158 – дзяржаўных і 8 – прыватных).

У 2009 г. у Беларусі працавала 199 дзяржаўных і 12 прыватных устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Да ліку дзяржаўных сярэдніх спецыяльных устаноў адносяцца 95 каледжаў, 5 тэхнікумаў, 21 вучылішча, 3 вышэйшыя і 59 прафесійна-тэхнічных каледжаў, а таксама 7 вучэбных комплексаў “школа (гімназія) – каледж”. Колькасць навучэнцаў у іх складала 166,7 тыс. чалавек, з іх на дзённай форме навучання – 116, 7 тыс., 460 навучэнцаў – грамадзяне замежных дзяржаў1.