Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Цітоў ГІСТОРЫЯ А.К 1..doc
Скачиваний:
18
Добавлен:
19.09.2019
Размер:
866.3 Кб
Скачать

Ліквідацыя непісьменнасці

Першачарговай задачай, якую вылучыла партыйнае кіраўніцтва ў галіне асветы і адукацыі, была ліквідацыя непісьменнасці (лікбез). “Непісьменны чалавек стаіць па-за палітыкай”, – такі “прысуд” вынес У.І. Ленін расійскаму грамадству. Крыху нязвыкла гучыць гэты тэзіс у нашы дні, калі многія адукаваныя людзі заяўляюць, што палітыка іх не цікавіць, а іншыя ўвогуле лічаць яе “бруднай справай”. Аднак жа, сапраўды, ў той час большасць насельніцтва ў краіне (і Беларусь тут не была выключэннем) не ўмела чытаць і пісаць, хоць і з’яўлялася носьбітам самабытнай фальклорнай культуры. Заўважым, што гэта не перашкаджала сялянам вырошчваць добры хлеб і адначасова спалучаць працоўныя будні з народнымі святамі, песнямі, гульнямі, святочнымі звычаямі і абрадамі. Ва ўмовах тагачаснага сельскага ладу жыцця, слабых камунікатыўных сродкаў, вёска жыла сваім уласным эканамічным і культурным жыццём. Абсалютную большасць насельніцтва (80—85%) складалі сельскія жыхары, у асноўным сяляне, носьбіты багацейшай вусна-паэтычнай творчасці, якая дамінавала ў прыватным і грамадскім жыцці і якая з поспехам кампенсавала дэфіцыт пісьмовай культуры.

Як заўважае М.А.Бяспалая, у 1920-я гады ў культурным жыцці беларускай вёскі адначасова існавалі тры плыні: афіцыйна-палітычная, нацыянальна-дэмакратычная і традыцыйна-народная1. Векавыя духоўныя традыцыі сялянства, хрысціянскія маральныя нормы і звычаі разглядаліся з пазіцый новай ідэалогіі не толькі як другарадныя, але і як шкодныя, што заміналі распаўсюджанню ў масах камуністычнай ідэалогіі. Традыцыйныя святы, у прыватнасці Купалле, вызначаліся як “нацыяналістычны шабаш контррэвалюцыі”1. У былой ідэалагічнай трыядзе “Самадзяржаўе, праваслаўе, народнасць” непарушным заставаўся толькі адзін імперскі пастулат – самадзяржаўе. Народнасць тут была падменена дыктатурай пралетарыяту, а праваслаўе – ідэалогіяй марксізму-ленінізму. Яны дапаўняліся савецкімі міфамі аб адзіна правільным вучэнні (“Учение Маркса всесильно, потому что верно”), безальтэрнатыўнасці камуністычнага развіцця грамадства, аб сусветнай сацыялістычнай рэвалюцыі, аб манаполіі Камуністычнай партыі на ўладу, аб знікненні нацыянальных дзяржаў, нацыянальных моў і культур. Калі зыходзіць з сучасных, добра вядомых палажэнняў гуманітарнай навукі, культура па сваёй сутнасці поліэтнічная, нацыянальная ў канкрэтных праяўленнях, плюралістычная па форме і зместу, што якраз забяспечвае ёй шматвектарнасць, творчы патэнцыял і магчымасці далейшага развіцця2.

Лікбез”і масавая школа

Па стану на 1921 г. непісьменнае насельніцтва ў БССР складала 52,6% (ва ўзросце ад 9 да 49 гадоў)3. Бальшавіцкае кіраўніцтва, што мела рэвалюцыйны вопыт работы з масамі, звярнула асобую ўвагу на гэты напрамак, зрабіўшы яго прыярытэтным у сваёй сацыякультурнай палітыцы. Паводле дэкрэта СНК “Аб ліквідацыі непісьменнасці сярод дарослага насельніцтва РСФСР” (снежань 1919), усе непісьменныя грамадзяне ва ўзросце ад 8 да 50 гадоў павінны былі навучыцца грамаце на сваёй роднай ці на рускай мове (па жаданню).

Ліквідацыя непісьменнасці разглядалася як важная састаўная частка культурнай рэвалюцыі – стварэння новай, сацыялістычнай па зместу і нацыянальнай па форме культуры. Пры губернскіх і павятовых выканкамах былі створаны спецыяльныя камісіі па ліквідацыі непісьменнасці, якія арганізоўвалі адпаведныя школкі і групы – так званыя лікпункты. Так, ужо ў 1921 г. у Віцебскай губерні было створана 1805 лікпунктаў, дзе навучалася грамаце 24375 непісьменных4. Прыкладна такое ж становішча назіралася і на тэрыторыі былой Магілёўскай губерні. Заўважым, што гэтыя тэрыторыі ў 1919—1924 гг. (Гомельшчына – да 1926) знаходзіліся ў складзе Расійскай федэрацыі і найбольш выразна адлюстроўвалі агульнарасійскія тэндэнцыі.

Аднак жа нягледзячы на строгія “рэвалюцыйныя меры” (штрафы за пропускі заняткаў, прагулы, адказ у рэгістрацыі шлюбаў і інш.) работа гэтых устаноў не мела рэальнага поспеху, абсалютная большасць іх працавала фармальна, толькі на паперы. Падобнае становішча зафіксавалі і афіцыйныя даныя 1922/23 навучальнага года, паводле якіх колькасць лікпунктаў па БССР скарацілася ў 6,5 разоў – з 239 да 41 (па РСФСР—у 5,8 разоў). Парадокс заключаўся яшчэ і ў тым, што агульны ўзровень адукацыі большасці так званых лікпунктаў быў ніжэй, чым у дарэвалюцыйных царкоўна-прыходскіх школах. Педагагічны ўзровень настаўнікаў (якіх больш трапна называлі “ліквідатарамі”) быў вельмі нізкім, але і іх не хапала.

Несумненна, беларускаму працоўнаму сялянству, носьбіту багатай традыцыйнай культуры і вусна-паэтычнай творчасці, падобная палітызаваная “грамата” і сам дух лікбезу былі чужымі, штучнымі, несумяшчальнымі з генетычным кодам народнай (славянскай) культуры. Да таго значная колькасць дзяцей школьнага ўзросту (ад 30 да 50%) увогуле не наведвала школу. Перад краінай стаяла актуальная задача стварэння рэальнай, больш эфектыўнай сістэмы адукацыі.

Яшчэ ў 1919 г., ва ўмовах Літоўска-Беларускай рэспублікі быў выдадзены дэкрэт аб адзінай працоўнай школе, якая прадугледжвала 9-гадовы тэрмін навучання і падзялялася на дзве ступені:

першая ступень – пяць год навучання, – для дзяцей ад 8 да 13 гадоў;

другая ступень – чатырохгадовы тэрмін навучання, – для падлеткаў (ад 13 да 17 гадоў).

Адсутнасць прафесіяналізму педагагічных кадраў новая ўлада імкнулася кампенсаваць так званай дэмакратызацыяй, непасрэдным удзелам у вучэбна-педагагічным працэсе народных мас. Педагагічныя калектывы школ фарміраваліся на выбарных пачатках, прычым перавыбары адбываліся кожны год. Падобная школа не вырашала актуальных адукацыйных праблем і ператварала новыя пачынанні ў дылетанцкія гульні ў настаўнікаў і вучняў, далёкія ад сур’ёзнай вучобы. Нестабільнасць педагагічнага калектыву, адмена дамашніх заданняў і экзаменаў па выніках года рабілі падобную школу псеўдадэмакратычнай, а вучэбны працэс малаэфектыўным. Ад такіх школ прыйшлося хутка адмовіцца.

У лютым 1922 г. Народны камісарыят асветы зацвердзіў у якасці асноўнай сямігадовую працоўную агульнаадукацыйную школу. Яна падзялялася на дзве ступені (“канцэнтры”): пачатковую (1—4 класы) і няпоўную сярэднюю (5—7 класы). Аднак сямігодка не атрымала ў 20-я гады шырокага распаўсюджання, асноўнай заставалася пачатковая школа-чатырохгодка. У 1922/23 навучальным годзе на тэрыторыі рэспублікі дзейнічала болей за 4 тыс. (4157) агульнаадукацыйных школ, дзе навучалася 270,6 тыс. дзяцей1. Гэта складала толькі 38% дзяцей школьнага ўзросту.