Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Семянькова. Стылістыка і КБМ.doc
Скачиваний:
711
Добавлен:
14.04.2015
Размер:
1.84 Mб
Скачать

Канфесійны стыль

Канфесійны (царкоўна-рэлігійны) – гэта стыль пропаведзяў свяшчэннікаў і рэлігійнай літаратуры, якая прызначана абслугоўваць духоўныя запатрабаванні вернікаў розных канфесій. Сфера функцыянавання стылю – богаслужэбная і прапаведніцкая дзейнасць. Асноўныя асаблівасці стылю: дакладнасць і лагічнасць, з аднаго боку, абагульненасць, вобразнасць і афарыстычнасць, з другога.

Мовазнаўцы называюць некалькі падстыляў канфесійнага стылю [43]:

1) падстыль перакладаў кніг Бібліі;

2) прапаведніцкі падстыль (выкарыстоўваецца ў жанрах пропаведзі, духоўнай гутаркі ў маўленні свяшчэнніка, які настаўляе на выкананне хрысціянскіх дабрадзецеляў);

3) агіяграфічны падстыль (гэтым падстылем апісваюцца жыціі святых);

4) падстыль царкоўных пасланняў.

Мы гаворым пра вылучэнне такой разнавіднасці маўлення, бо яно абгрунтаванае і апраўданае як наяўнасцю тэкстаў адпаведнага зместу па-беларуску, так і моўнымі спецыфічнымі рысамі гэтых тэкстаў. Назавём спецыфічныя моўныя асаблівасці стылю:

  1. старажытныя геаграфічныя назвы рэлігійнага характару: Калі ў Ярдане хрысьціўся Ты, Госпадзе, тройчы зьявілася пакланеньне [6]; Калі-ж Ісус нарадзіўся ў Віфляеме Юдэйскім у дні цара Ірада, прыйшлі ў Ерузалім магі з усходу і кажуць…; Пасьля пайшоў я ў староны Сірыі і Кілікіі; Перайшоўшы адтуль, прыйшоў Ісус да мора Галілейскага [33];

  2. уласныя назвы імёны святых і іншых біблейскіх асоб: Праслаўляем цябе сьвяціцелю ойча, Кірыла Тураўскі, Беларускі Златавусны, і славім сьвятую тваю памяць, бо ты молішся за нас да Хрыста Бога нашага [6]; Ты ўваскрос з магілы, падняў памерлых і Адама ўваскрасіў і Ева весяліцца з Твайго ўваскрасеньня [6]; Дзеля гэтага, дастойная Еўфрасіньня Вялікая, князёўна Полацкая, твой дух будзе цешыцца разам з анёламі; Макар Вялікі; Понцкі Пілат; Багародзіца Дзева, Акім і Ганна і інш. [6]; Марыя Магдаліна, Марыя Якавава, Салямэя, Пётра і інш. [33];

  3. назвы свят: За два дні была Пасха і сьвята праснакоў [33]; Покрыву Найсьвяцейшай Багародзіцы [6];

  4. тэматычна абумоўленыя складаныя словы як паказчык мовы кніжнага стылю: Дабравесьце, дабраславёны (дабраславеньне), усячэсная, Алеепамазаньне, Мірапамазаньне, анёл-праведнік, вечнапамятны, усеслаўны, дабрадзейны, чалавекалюбны, богапазнаньне, дабрадатны, срэбралюбства, багабойнасьць, жыцьцядаўца, баганосны, многаміласьцівы (шматміласьцівы), багамольца (багамольніца);

  5. сродкі стварэння слоўнай выразнасці, як правіла, сінонімы і антонімы: Язык – малы ворган, а шмат робіць. З тых жа вуснаў выходзіць дабраславенства і кляцьба. Ня мае так быць, браты мае. Ці цячэ з тае самае крыніцы салодкая і горкая вада? [6]; Любоў будзе ў вас некрывадушная; брыдзьцеся зла, прыляпляйцеся да дабра [33]; Наведай і аздараві немачных і хворых [6]; Верны ў малым і ў многім верны, а няверны ў малым няверны і ў многім [33]; І целы нябесныя, і целы зямныя: але інакшая слава нябесных, інакшая зямных; інакшае слава сонца, інакшая слава месяца, інакшая зораў; бо зорка ад зоркі розняцца ў славе [33]; Таму трэба бязупынна маліцца ў радасьцях і пры ўсякіх удачах нашых, маліцца ў горы, бядзе, смутку й турботах [6];

  6. вобразныя сродкі мовы – метафары, параўнанні, эпітэты, перыфразы: Ты джала сьмерці скрышыў, веруючым нябеснае валадарства адчыніў [6]; Бо ты – Хлеб Жыцьця, Крыніца сьвятасьці [6]; Дабраславёная Багародзіца, міласэрдзя дзьверы адчыні нам, каб мы, што на Цябе спадзяёмся, не загінулі, але ад усякага няшчасьця праз Цябе ўратаваліся [6]; Бо лягчэй вярблюду прайсці праз голчына вуха, чымся багатаму ўвайсьці ў царства Божае [33]; дзеля гэтага закон сьвят, і запаведзь сьвятая і праведная і добрая [33]; Дзеля гэтага, падперазаўшы паясьніцу розуму вашага, чувайце й да канца спадзявайцеся на ласку, што прыносіць вам у адкрыцці Ісуса Хрыста [33]; Гэтак і вера, калі ня мае ўчынкаў, сама па сабе мёртвая [33]; Выгляд яго (Ангела Гасподня) быў, як бліскавіца, і вопратка яго белая, як сьнег [33]; Нябёсы весьцяць славу Божую і аб учынках рук Ягоных аглашае прастор [6]; Ён зыйдзе, як дождж пасля касьбы, як кроплі, што навадняюць зямлю [6];

  7. лексічныя паўторы і таўталогія як прыёмы выразнасці: Паводле веры ейнай Ты аздаравіў яе. З гэткаю ж вераю і я зьвяртаюся да Цябе, Лекару ўсіх [6]; Калі-ж па данай нам ласцы маем розныя здольнасьці, дык, калі прароцтва, прароч па меры веры; калі служэньне, служы; калі навучаеш, вучы; калі напамінаеш, напамінай, калі раздаеш, дык у прастаце; калі пастаўлены над другімі, старшынствуй у шчырасці; калі міласэрны, дык у радасьці [33]; Выбач, Госпадзе міласэрны, тым, што нас крыўдзяць; тым, што дабро робяць, дабром адплаці [6]; … і табе славу аддаём, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер, на ўвесь час, і вякі вечныя, Амін [6]; Бо ня той варты, хто сам сябе хваліць, але каго хваліць Госпад [33];

  8. звароткі і звароты: Дзеткі! Захоўвайце сябе ад ідалаў [33]; Найсьвяцейшая Тройца, зьмілуйся над намі. Госпадзі, ачысьці правіны нашы. Уладару, выбач бяспраўе наша. Сьвяты, наведай нас і аздараві немачы нашы ў імя Тваё [6]; Дзякуем Табе, Стварыцелю, што дазволіў нам уважліва выслухаць навуку [6]; Ачысьціце рукі, грэшнікі, папраўце сэрцы, двудушныя [33]; Агонь і град, сьнег і туман, і ты, вецер бурны, што загад Яго выпраўляеш, вы, горы й узгоркі ўсе, вы, зьверы дзікія і кожна жывёла, вы, гады і птушкі крылатыя, вы, цары зямныя і ўсе народы, князі й усе суддзі зямлі, вы, дзяцюкі, вы, дзяўчаты, вы, старыя ды разам з малымі: хваліце імя Гасподняе, бо толькі ягонае імя вывышшана; бліск яго над зямлёю і небам! [33];

  9. дзеепрыслоўныя звароты як адметная рыса кніжнага маўлення: …бо як бліскавіца, мільгануўшы з аднаго краю неба, да другога краю неба сьвеціць, так будзе Сын Чалавечы [33]; Угледзіўшы-ж Ісуса здалёку, прыбег ды пакланіўся яму [33]; Багата-ж із тых, што ўверавалі, прыходзілі вызнаючы й апавядаючы ўчынкі свае [33]; Прайшоўшы-ж гэныя землі ды многімі словамі навучыўшы іх, прыйшоў у Грэцыю [33]; Увайшоўшы ў сьвятыню, тры разы перахрысціся і кожны раз пакланіся… [6]; Ты ўваскрос на трэці дзень, Ратаўнік, даючы людзтву жыцьцё [6]; Пётр жа, выслаўшы ўсіх, укленчыў і маліўся [33]; Дабраславёны Ты, Хрысьце Божа наш, што мудрымі рыбакоў зрабіў, паслаўшы ім Сьвятога Духа, ды імі злавіў увесь сьвет, Чалавекалюбны, слава Табе [6];

  10. складаныя сказы злучнікавага характару (у выніку часам узнікае полісіндэтон, або шматзлучнікавасць): І будуць знаменьні на сонцы і месяцу і зорах, а на зямлі туга ў народаў ад разрухі, і зараве і забушуе мора [33]; Яшчэ трохі, і сьвет ужо ня ўбачыць мяне, а вы ўбачыце Мяне, бо Я жыву, і вы жыць будзеце [33]; Ня вы Мяне выбралі, але Я вас выбраў і паставіў вас, каб ішлі і прыносілі плод, і каб плод ваш трываў; каб, што папросіце ў Айца ў імя Маё, даў вам [33]; Ратаўнік і Вызваліцель мой, як Бог, уваскрос з магілы – з путаў земнародных, і вароты пекла зьнішчыў, і Ён уваскрос, як Уладар, на трэці дзень [6];

  11. аднародныя члены сказа: бо гдзе завісьць і сваркі, там ладу няма і ўсе благія ўчынкі… [33]; елі, пілі, жаніліся, выходзілі замуж да таго дня, як Ной увайшоў у човен, і прыйшоў патоп і загубіў усіх [33]; Няхай праслаўляецца імя Тваё, Божа сьвяты, бо Ты Ратаўнік і Абаронца душаў і целаў нашых і Табе мы славу аддаём, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер, на ўвесь час, і вякі вечныя [6]; Таму зьмілуйся, Госпадзе, і незасудзі мяне грэшнага, але ўчыні са мною паводле міласьці Твае: і няхай будуць на мне гэтыя Сьвятасьці на выздараўленьне, і ачышчэньне, і асьвятленьне, і ахаваньне, і ратунак, і на асьвячаньне душы й цела, на разьвеяньне ўсялякіх благіх мрояў і ўплыву нячыстага, што, думкаю прыхаваны, дзее ў маім целе. Няхай будуць на спадзяваньне й любасьць да Цябе: на паправу і ўмацаваньне жыцьця, на рост цнотаў і дасканаласьці, на выкананьне Тваіх запаветаў, на супольнасьць з Духам Сьвятым, успамога да жыцьця вечнага, на добры адказ на страшным судзе Тваім, а ніколі ня будуць мне ў суд ці засуджэньне. Амін [6];

  12. экспрэсіўны сінтаксіс – разнастайныя стылістычныя фігуры (анафара, эпіфара, кальцо страфы, кампазіцыйны стык, падхват і інш.): Хвалеце Госпада зь нябёсаў, хвалеце Яго на вышынях [6]; Альлілуя! Хвалеце Бога ў сьвятыні Яго, хвалеце Яго ў цьвярдыні моцы Ягонай; хвалеце Яго за дзеяньні моцы Ягонай; хвалеце Яго за вялікасьць Ягонае велічы! Хвалеце Яго пад трубны гук, хвалеце Яго на псалтыры і гусьлях! Хвалеце Яго з тымпанамі й карагодамі; хвалеце Яго на струнах і жалейках! Хвалеце Яго на цымбалах гучных; хвалеце Яго на цымбалах галосных! Усякае дыханне няхай хваліць Госпада! Альлілуя! [33]; Радуйцеся ў Госпадзе і весяліцеся, пабожныя! Радуйцеся ўсе шчырыя сэрцам [33]; Ахвяра Богу – дух зломлены; зломленым і пакорным сэрцам, о Божа, Ты не пагарджаеш [6].