Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Семянькова. Стылістыка і КБМ.doc
Скачиваний:
712
Добавлен:
14.04.2015
Размер:
1.84 Mб
Скачать

Стыль мастацкай літаратуры

Стыль мастацкай літаратуры, або мастацкі стыль, займае асаблівае месца сярод іншых функцыянальных стыляў. Ён выкарыстоўваецца ў эстэтычнай сферы зносін, задавальняе духоўныя патрэбы грамадства. Усе моўныя сродкі, якія выкарыстоўваюцца ў гэтым стылі, падпарадкаваны функцыі эстэтычнага ўздзеяння на чытача або слухача. Яны цесна звязаны з ідэйна-кампазіцыйнымі задачамі твора, індывідуальнымі рысамі і мастацкім майстэрствам аўтара, асаблівасцямі таго асяроддзя, якое апісваецца. Як адзначае А.Я. Баханькоў, камунікатыўная функцыя выступае ў мастацкай літаратуры ў значна трансфармаваным выглядзе: інфармацыя, якую нясе мастацкі тэкст, не так адпавядае рэальнасці, як служыць для стварэння мастацкага вобраза гэтай рэальнасці [18, с. 343].

Пытанне пра месца мастацкага стылю ў сістэме функцыянальных стыляў вырашаецца па-рознаму. Адны даследчыкі (В.У. Вінаградаў, Р.А. Будагаў, М.Н. Кожына, А.Н. Васільеў, Б.Н. Галавін) уключаюць яго ў сістэму функцыяналь­ных стыляў. Другія навукоўцы (Л.Ю. Максімаў, Н.А. Мяшчэрскі, М.М. Шанскі, Д.М. Шмялёў, В.Д. Бандалетаў) сярод функцыянальных стыляў не называюць мастацкага, вылучаючы такую моўную катэгорыю, як мова мастацкай літаратуры, і аргументуючы гэта наступным: 1) мова мастацкай літаратуры не ўваходзіць у паняцце літаратурнай мовы; 2) стылю мастацкай літаратуры ўласціва незамкнёнасць: у яго ўключаюцца сродкі іншых функцыянальных стыляў; 3) мастацкі стыль выконвае асаблівую, эстэтычную функцыю, якая выражаецца ў даволі спецыфічным адборы моўных сродкаў.

Сапраўды, мова мастацкай літаратуры і літаратурная мова – паняцці нераўназначныя. Літаратурная мова – унармаваная, узорная, правільная мова, у якой не дапускаецца ўжыванне дыялектызмаў, жарганізмаў, грубых і лаянкавых слоў, індывідуальна-аўтарскіх неалагізмаў і іншых пазалітаратурных сродкаў. Мова ж мастацкай літаратуры з’яўляецца паняццем больш шырокім, чым літаратурная мова: яна нярэдка выходзіць за межы літаратурнай мовы і ўключае нелітаратурныя элементы, а таксама сродкі і нават урыўкі з розных функцыянальных стыляў (афіцыйна-справавога, публіцыстычнага, навуковага, размоўнага), што абумоўлена зместам твора, аўтарскай задумай, у тым ліку стылізацыяй.

Стылізацыя мэтанакіраванае ўзнаўленне ў мастацкіх творах моўных асаблівасцяў стылю пэўнай эпохі, літаратурнага напрамку, сацыяльнага асяроддзя, індывідуальнай манеры пісьменніка, выбраных аўтарам у якасці аб’екта пераймання (імітацыі) [60, с. 45].

Навукоўцы вылучаюць наступныя віды стылізацыі: 1) стылізацыя, арыентаваная на фальклорныя жанры; 2) гістарычная стылізацыя, якая аднаўляе пэўную эпоху, побыт, звычаі, асаблівасці мовы тагачасных людзей; 3) сацыяльная, якая дае магчымасць перадаць псіхалогію, інтэлектуальны і маральны ўзровень дзейнай асобы; 4) стылізацыя, якая ляжыць у аснове літаратурных пародый; яна імітуе стыль пісьменніка ці літаратурнага кірунку. Разгледзім адзін з відаў стылізацыі на прыкладзе ўрыўка з п’есы “Вечар” А. Дударава:

В а с і л ь (адзін). Ты не крыўдуй на яго… Душа ў чалавека баліць. Нічога за жыццё нікому не аддаў… Аддаць трэба… Трэба… Тады ты і сагрэеш, і суцешыш, і сілы пад старасць дасі… Праўда? Слухаеш? Пайду свіннату сваю карміць… Чуеш, вішчаць? Эх, ручухны мае, ручухны!.. Што ж гэта вы так расхадзіліся? Ці не дождж збіраецца?.. Не падобна як быццам…

Г а н н а. Канчай маліццабудзем весяліцца

В а с і л ь. Хлеба купіла?

Г а н н а. Ага

В а с і л ь. А пенсію прынесла?

Г а н н а. Пенсію не далі… Ты, кажуць, з завітушкамі распісваешся, а я без завітушак… Сам сходзіш.

Як бачна, аўтар выкарыстоўвае размоўную лексіку, спрошчаны сінтаксіс для індывідуалізацыі мовы персанажаў (сацыяльная стылізацыя).

Стылізацыю нельга блытаць з літаратурнай рэмінісцэнцыяй, якая ўяўляе сабой вобразны (-ыя) выраз (-ы) з тэксту (часцей мастацкага), устаўлены ў твор для таго, каб выклікаць у памяці субяседнікаў, чытачоў мастацкі вобраз для суаднесенасці яго з пэўнай маўленчай сітуацыяй. Разгледзім прыклад – урывак з верша С. Панізніка, прысвечаны роднай мове, у якім аўтар цытуе радкі з твора Ф. Багушэвіча:

Вучыў нас:

і верце, і дбайце…

І словы ішлі па зямлі

бацькоўскія:

“НЕ ПАКІДАЙЦЕ…”

Не пакінулі мы… Не маглі.

Пакутна нямелі

у горле

маўчальніцтва халады.

Мацей Бурачок,

…“НЕ ЎМЁРЛІ!”

А значыць, жывеш і ты!

У наступным прыкладзе Г. Бураўкін уводзіць у свой верш радкі з фальклорнага твора:

На дрогкіх выбоінах

Шляху зямнога

Згубілася многа,

Забылася многа.

Ды помню:

На печы

У вечар зімовы

Матуля шаптала

Чароўныя словы.

Я помню ўсё добра,

Я помню ўсё цвёрда:

Кацілася торба

З высокага горба”…

І помніцца,

Мроіцца,

Чуецца мне

Прытомлены шэпт:

Ішоў Бай па сцяне”…

Няма на зямлі ўжо

Ні хаты,

Ні печы.

Унук

У мяне на каленях

Ляпеча.

Яму я шапчу

Таямніча і горда:

Кацілася торба

З высокага горба”…

І разам з наследнікам

Верыцца мне,

Што Бай барадаты

Ідзе па сцяне.

Такія ўкрапленні вядомых выразаў узмацняюць выразнасць, эмацыйнасць твораў, а ў размове паміж субяседнікамі садзейнічаюць устанаўленню кантакту.

У мастацкім стылі ў адпаведнасці з трыма родамі літаратуры – лірыкай, эпасам і драмай – вылучаюць наступныя падстылі:

  1. вершаваная мова, яна прадстаўлена такімі жанрамі, як верш, паэма і інш.;

  2. мастацка-празаічны, які рэалізуецца ў аповесцях, апавяданнях, раманах і г.д.;

  3. драматычны,жанрамі якога з’яўляюцца камедыя, драма, трагедыя і інш.