Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
книга по истории беларуси.doc
Скачиваний:
6
Добавлен:
15.04.2019
Размер:
1.26 Mб
Скачать

Асноўныя тэрміны і паняцці

Вотчынныя мануфактуры – прадпрыемствы мануфактурнага тыпу, якія абслугоўваліся прымусовай працай прыгонных сялян, выкарыстоўвалі рамесную тэхніку і былі заснаваны на кааперацыі і тэхнічным падзеле працы. На тэрыторыі Беларусі з’явіліся ў пачатку XVIII ст.

Мануфактура – (ад лац. мanus – рука і factura – выраб) – прадпрыемства, заснаванае на ручной працы і яе шырокім падзеле. З’яўляецца пераходнай формай ад рамеснай вытворчасці да капіталістычнай фабрыкі. Першыя мануфактуры на Беларусі з’явіліся ў 20–30-х гг. XVIII ст.

Эканоміі – феадальныя зямельныя ўладанні ў Рэчы Паспалітай, выдзеленыя ў канцы XVI ст. з дзяржаўных земляў для задавальнення патрэб караля і прыдворнай казны. Мелі ўласнае адміністрацыйна-гаспадарчае кіраванне. На Беларусі існавалі Брэсцкая, Гродзенская, Кобрынская, Магілёўская, Лідская, Пінская і Слонімская эканоміі.

Храналогія падзей

1720 г. – заснаванне Налібокскай мануфактуры.

1751 г. – заснаванне Слуцкай фабрыкі паясоў.

17671783 гг. – будаўніцтва Агінскага канала, які злучыў басейн Нёмана і Дняпра.

Пытанні для самаправеркі

1. Чым вызначалася развіццё эканомікі Беларусі ў сярэдзіне – другой палове XVIII ст.?

2. Што сведчыла аб пачатку разлажэння феадальных адносін?

Пытанне 13. Падзелы Рэчы Паспалітай. Далучэнне Беларусі да Расійскай імперыі

У XVIII ст. заняпад Рэчы Паспалітай – адной з буйнейшых дзяржаў Еўропы – быў выкліканы шэрагам прычын, галоўныя з якіх – унутрыпалітычныя. У дзяржаве пераважалі працэсы дэцэнтралізацыі і нават анархіі, адсутнічала моцная цэнтральная ўлада. Прынцып выбарнасці, залежнасць ад магнатаў і шляхты рабілі ўладу каралёў фармальнай і абмежаванай. Шляхецкія вольнасці сталі адной з галоўных прычын падрыву ўстояў дзяржаўнасці. Права “ліберум вета” фактычна зрывала працу сеймаў з сярэдзіны XVII ст. Шляхта валодала правам мець свае войскі і замкі, тады як у караля моцнае войска адсутнічала. Усё гэта паслабляла грамадскі і палітычны лад Рэчы Паспалітай, што імкнуліся скарыстаць на сваю карысць суседнія дзяржавы.

З пачатку XVIII ст. Расія, Аўстрыя і Прусія даволі часта ўмешваліся ва ўнутраныя справы Рэчы Паспалітай. У 1764 г. Расія і Прусія заключылі дагавор, сакрэтны артыкул якога прадугледжваў захоўваць у Рэчы Паспалітай шляхецкія вольнасці, выбарнасць караля. На элекцыйным сейме 1764 г. на трон пры падтрымцы Расіі ўзышоў прадстаўнік групоўкі Чартарыйскіх – Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Новы кароль спрабаваў правесці рэформы ў дзяржаве, накіраваныя на ўзмацненне ўлады, і патрабаваў, каб Расія вывела свае войскі. Незадаволеныя Расія і Прусія зрабілі стаўку на канфесійныя праблемы Рэчы Паспалітай, патрабавалі ўраўноўвання ў правах католікаў і некатолікаў і падтрымалі канфедэрацыі. Прусія ў 1770 г. захапіла паўночна-заходнюю частку Польшчы і прапанавала Расіі заключыць дагавор аб сумесным падзеле Рэчы Паспалітай. Канвенцыя аб першым падзеле Рэчы Паспалітай была падпісана ў Санкт-Пецярбургу паміж Расіяй, Аўстрыяй і Прусіяй у жніўні 1772 г. Расія атрымала Інфлянцкае ваяводства, значную частку Полацкага, амаль усё Віцебскае, усё Мсціслаўскае ваяводствы і ўсходнюю частку Рэчыцкага павета Мінскага ваяводства.

Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай урад зрабіў спробу правесці некаторыя рэформы. З мая 1791 г. сейм прыняў Канстытуцыю Рэчы Паспалітай. Згодна з Канстытуцыяй пацвярджаліся ўсе правы і прывілеі, дадзеныя шляхце Польшчы і Вялікага княства Літоўскага; уся шляхта прызнавалася роўнай паміж сабой. Сейм складаўся з дзвюх палат: палаты дэпутатаў і палаты сенатараў. Рашэнне на сейме прымалася простай большасцю галасоў, адмянялася “ліберум вета”, забараняліся канфедэрацыі. Вышэйшым выканаўчым органам – урадам – абвяшчалася “Ахова законаў”, які быў адзіным для ўсёй Рэчы Паспалітай. Ва ўрад уваходзілі кароль, каталіцкі прымас, пяць міністраў. Да найбольш важных змяненняў адносілася адмена выбарнасці каралёў і ўстанаўленне спадчыннасці трона. Кароль надзяляўся шырокімі паўнамоцтвамі і прызнаваўся вышэйшым распараджальнікам усіх узброеных сіл у дзяржаве, прызначаў і здымаў службовых асоб, генералаў, епіскапаў, сенатараў. Канстытуцыя ўмацоўвала дзяржаўную ўладу і абмяжоўвала свавольствы магнатаў.

Для свайго часу Канстытуцыя мела прагрэсіўнае значэнне, але кансерватыўныя слаі шляхты, пазбаўленыя вольнасцей, абвясцілі ў 1792 г. у г. Таргавіцы канфедэрацыю. Таргавіцкая канфедэрацыя звярнулася за падтрымкай да Расіі, якая накіравала 100-тысячную армію ёй на дапамогу, што прывяло да хуткай перамогі канфедэрантаў. Выклікаўшы ваенны разгром Рэчы Паспалітай, Расія садзейнічала яе другому падзелу, які адбыўся ў студзені 1793 г. Пагадненне аб другім падзеле было падпісана паміж Расіяй і Прусіяй. Да Расіі адышла цэнтральная частка Беларусі з гарадамі Мінск, Слуцк, Барысаў, Мазыр, Пінск.

Захопніцкая палітыка замежных дзяржаў выклікала вострае незадавальненне значнай часткі гараджан і прагрэсіўна настроенай шляхты. Прыклад Французскай рэвалюцыі ўказваў на адзіны шлях вызвалення краіны. У сакавіку 1794 г. у Кракаве ўспыхнула паўстанне, у якім прынялі ўдзел шляхта, мяшчане і некаторая частка сялян. На чале паўстання стаў ураджэнец Беларусі Андрэй Тадэвуш Банавентура Касцюшка. Паўстанцкія сілы Вялікага Княства ўзначаліў Якуб Ясінскі. Мэта паўстання – адраджэнне Рэчы Паспалітай у межах 1772 г. Быў абвешчаны Акт паўстання, згодна з якім утваралася Вышэйшая народная рада – вышэйшы орган улады паўстання на чале з Касцюшка. 7 мая 1794 г. Касцюшка выдаў “Паланецкі універсал”, якім сяляне аб’яўляліся вольнымі, але без зямлі. Нягледзячы на гэта, шырокай падтрымкі сярод сялян паўстанне не атрымала, бо “Універсал” не адмяняў поўнасцю прыгоннага права. Супраць паўстанцаў выступілі Расія, Прусія і Аўстрыя. У кастрычніку – лістападзе 1794 г. войскі паўстанцаў пацярпелі шэраг паражэнняў, цяжка паранены Касцюшка быў узяты А.В. Суворавым у палон.

У Варшаву былі ўведзены рускія, прускія і аўстрыйскія войскі. Апошні кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Панятоўскі адрокся ад прастола. Паражэнне паўстання дало магчымасць Аўстрыі, Прусіі і Расіі захапіць усю тэрыторыю Рэчы Паспалітай.

У 1795 г. адбыўся трэці, апошні падзел. Па гэтаму падзелу да Расіі адышлі Заходняя Беларусь, Літва, Курляндыя, частка Заходняй Украіны. Прусія і Аўстрыя падзялілі паміж сабой Польшчу.

Такім чынам, Рэч Паспалітая скончыла свае існаванне.