Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Shpory_8_shrift.doc
Скачиваний:
23
Добавлен:
15.04.2019
Размер:
488.45 Кб
Скачать

56. Асноўныя тэндэнцыі сацыяльна-эканамічнага развіцця рб.

Эканамічнае развіццё Рэспублікі Беларусь у 1990 – 2006 г. Пошук новых шляхоў эканамічнага развіцця звязваўся суверэннай Беларуссю з пераходам да рыначных адносін. Першымі крокамі ў гэтым накірунку стала раздзяржаўленне і прыватызацыя.

На пачатку станаўлення дэмакратыі ў краінах на постсавецкай прасторы дзейнічаў цалкам ліберальны прынцып: «Дазволена ўсё, што не забаронена законам». Але шлях краін Заходняй Еўропы да рыначнай эканомікі быў паступовым і натуральным, праз сістэму першапачатковага накаплення капіталу і стварэнне рыначнай інфраструктуры. На працягу больш чым двух стагоддзяў у гэтым рэгіёне праходзіла кшталтаванне і ўдасканаленне заканадаўчай базы эканамічнага развіцця. Пры пераходзе ад камандна-адміністрацыйнай эканомікі да рыначных адносін на пачатку 90-х г. ХХ ст. такой базы папросту не існавала. Таму вышэйадзначаны прынцып разумеўся ў краінах былога СССР абсалютна адвольна і па сутнасці ператварыўся ў беззаконнасць. Яшчэ ў канцы 80-х г. ХХ ст., калі ў Савецкім Саюзе быў уведзены закон аб кааперацыі, у большасці саюзных рэспублік ва ўмовах панавання аднапартыйнай сістэмы, манаполіі дзяржаўнай уласнасці і наяўнасці карупцыі кааператывы ўзначальвалі партыйныя і камсамольскія работнікі. А на пачатку 1990-х г. абвешчаная прыватызацыя па сутнасці ператварылася ў крадзеж.

Беларусь, уступіўшы на шлях рэфармавання пазней за сваіх суседзяў, магла скарыстаць іх вопыт і не паўтарыць іх памылак. Краіна мела нядрэнныя стартавыя магчымасці: патэнцыял вытворчасці, выгаднае геаграфічнае становішча і самы нізкі ўзровень карумпіраванасці сярод усіх рэспублік СССР. У кастрычніку 1990 г. Вярхоўны Савет БССР прыняў Праграму пераходу да рыначных адносін, якая прадугледжвала:

1) раздзяржаўленне, прыватызацыю, дэманапалізацыю і развіццё канкурэнцыі;

2) стварэнне банкаўскай сістэмы, бюджэтнага і падатковага механізмаў, сістэмы цэнаўтварэння;

3) стварэнне рыначнай інфраструктуры ― рынку тавараў, капіталу, паслуг, працоўнай сілы і г. д.;

4) сацыяльную ахову насельніцтва ва ўмовах пераходу да рынку;

5) пераадоленне наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Апошні пункт быў асабліва важны, паколькі праблема Чарнобыля станавілася ўсё больш праблемай толькі Беларусі, пасля распаду СССР грошы на ліквідацыю наступстваў аварыі з саюзнага бюджэту перасталі паступаць, і ў перыяд незалежнасці ў бюджэце Рэспублікі Беларусь прадугледжвалася на гэтыя мэты каля 16 % выдаткаў.

Аднак рэфармаванне народнай гаспадаркі адбывалася не так хутка, як планавалася, і ў 1991–1993 г. у краіне рэзка абвастрыўся эканамічны крызіс. У пэўнай ступені ён быў абумоўлены пераходным працэсам да новай сістэмы гаспадарання, структурнай перабудовай народнай гаспадаркі, усталяваннем новых гаспадарчых сувязяў. У Савецкім Саюзе Беларусь выконвала ролю так званага «зборачнага цэха», тут завяршаўся цыкл многіх галін прамысловай вытворчасці. З распадам СССР парушыўся і адзіны эканамічны арганізм, мэтанакіравана створаны ўрадам, спынілася вытворчасць прадпрыемстваў, у фінансавай сферы панавала гіперінфляцыя.

Вярхоўным Саветам 30 верасня 1994 г. была прынята Праграма неадкладных мер па выхаду эканомікі Рэспублікі Беларусь з крызісу, прапанаваная Прэзідэнтам А.Р. Лукашэнкам. З аднаго боку, гэтая Праграма была дастаткова радыкальная, яна прадугледжвала лібералізацыю цэнаўтварэння, аслабленне падаткаў, прыватызацыю, а з другога ― строгі кантроль за прыватнай гаспадарчай дзейнасцю. Эканамічнай стратэгіяй краіны быў абвешчаны «рыначны сацыялізм», а спосабам вырашэння задач ― дысцыпліна на ўсіх узроўнях вытворчасці.

У верасні 1996 г. Прэзідэнтам былі зацвержаны «Асноўныя накірункі сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 1996–2000 гг.». Мэтай праграмы стала пабудова сацыяльна арыентаванай рыначнай эканомікі на падставах:

• шырокага ўдзелу дзяржавы ў кіраванні эканомікай;

• задавальнення сацыяльных запатрабаванняў у галіне аховы здароўя, культуры, адукацыі;

• прыпынення прыватызацыі;

• адмовы ад ліквідацыі калгасаў;

• адмовы ад фарсіраваных тэмпаў пераходу да фермерскага гаспадарання на вёсцы і інш.

Важным штуршком для некаторай стабілізацыі эканомікі паслужыла падпісанне вясной 1996 г. Б.М. Ельцыным і А.Р. Лукашэнкам пагаднення «Аб задавальненні ўзаемных прэтэнзій Беларусі і Расіі». Згодна з дакументам, беларускія даўгі за энерганосьбіты ў памеры 1,4 млрд. амерыканскіх долараў былі спісаны, і краіны перайшлі да так званага «нулявога варыянта». Аднак пры выкананні праграмных палажэнняў былі заўважаны некаторыя негатыўныя фактары. У першую чаргу, гэта аднабаковая прывязанасць эканомікі Беларусі да расійскай эканомікі. Пасля жнівеньскага 1998 г. дэфолта ў Расіі зменшыліся паказчыкі развіцця і ў Беларусі.

Разам з тым у канцы 1990-х г. эканамічная сітуацыя ў краіне стабілізавалася, а ў 2005 г. упершыню быў дасягнуты прафіцыт бюджэту.

З мэтай стварэння ўмоваў для прыярытэтнага сацыяльна-эканамічнага развіцця сельскай мясцовасці і павышэння эфектыўнасці працы аграпрамысловага комплексу 25.03.2005 г. была прынята дзяржаўная Праграма адраджэння і развіцця сяла на 2005 – 2010 г. Асноўнымі мэтамі Праграмы з’яўляюцца адраджэнне і развіццё сяла на аснове ўмацавання аграрнай эканомікі, павышэнне даходаў сельскага насельніцтва, узроўню сацыяльнага, бытавога і інжынернага ўладкавання сельскіх населеных пунктаў, захаванне і паляпшэнне экалогіі ў іх і рацыянальнае выкарыстоўванне інвестыцый. Згодна з прагнозамі, рэалізацыя Праграмы дазволіць забяспечыць тэхнічнае і тэхналагічнае пераабсталяванне АПК, павялічыць аб’ём валавой унутранай прадукцыі на 45 %, пабудаваць 1 480 аграгарадкоў, палепшыць жыллёва-бытавыя ўмовы сельскага насельніцтва. На падставе Праграмы плануецца стварыць устойлівую аграрную эканоміку, якая будзе гарантаваць харчовую бяспеку краіны і забяспечыць больш высокі ўзровень жыцця сельскага насельніцтва.

Пошук Беларуссю шляхоў пабудовы ўласнай эканамічнай мадэлі працягваецца. Пачалася практычная рэалізацыя перспектыўнай ідэі стварэння Парка высокіх тэхналогій. На сучасным этапе рэфармаванне эканомікі ажыццяўляецца ў адпаведнасці са зместам шэрагу Дзяржаўных праграм – Нацыянальная стратэгія ўстойлівага развіцця Рэспублікі Беларусь да 2010 г., Канцэпцыя сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь да 2015 г., Асноўныя накірункі сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2006 – 2010 г. і інш.

57. Геапалітычнае становішча РБ. РБ на міжнароднай арэне. З часу набыцця суверэнітэту РБ ператварылася ў паўнапраўны суб’ект міжнароднай супольнасці. Атрымаўшы міжнароднае прызнанне, РБ пачала ўсталёўваць дыпламатычныя адносіны з краінамі свету. Толькі ў 1991 – 1995 г. было падпісана звыш за 600 двухбаковых міждзяржаўных і міжурадавых дагавораў па пытаннях знешнепалітычнай і знешнеэканамічнай дзейнасці.

На новы ўзровень перайшла дзейнасць РБ у складзе Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Беларусь з’яўляецца членам 13 спецыялізаваных установаў ААН. За кароткі тэрмін дзяржава стала членам Арганізацыі Бяспекі і Супрацоўніцтва ў Еўропе і атрымала статус спецыяльна запрошанай у Савеце Еўропы. У 1992 г. з рэспублікі была выведзена тактычная ядзерная зброя, Беларусь адмовілася ад статуса ядзернай дзяржавы.

У 1992 г. РБ уступіла ў Міжнародны банк рэканструкцыі і развіцця, Міжнародны валютны фонд, Міжнародную фінансавую карпарацыю і інш.

Умацаванню палітычных і эканамічных кантактаў Рэспублікі Беларусь з Еўрасаюзам (ЕС) садзейнічалі заключаныя Дагавор аб партнёрстве і супрацоўніцтве з ЕС (1994 г.) і Рамачнае гандлёвае пагадненне з ЕС (1995 г.). Аднак, неабходна прызнаць, што адносіны паміж Рэспублікай Беларусь і ЕС не прывялі да ўсталявання цесных узаемаадносін. Ужо ў 1995 г. Беларусі было адмоўлена ў паўнапраўным удзеле ў Савеце Еўропы па выніках выбараў, якія еўрапейскімі назіральнікамі былі прызнаныя недэмакратычнымі, а ў 1997 г. Беларусь была пазбаўлена статусу спецыяльна запрошанай краіны ў Савеце Еўропы. Палітыка Еўрасаюза і ЗША ў адносінах да Беларусі вызначаецца як стратэгія «выбарачных кантактаў», якая прадугледжвае ізаляцыю афіцыйнага Мінска і наладжванне ўзаемаадносін са структурамі грамадзянскай супольнасці.

Адносіны з краінамі СНД. Галоўным накірункам міжнароднай дзейнасці Рэспублікі Беларусь з’яўляецца ўмацаванне адносін з краінамі СНД. 29 сакавіка 1996 г. быў падпісаны Дагавор аб паглыбленні эканамічнай інтэграцыі з Расіяй, Казахстанам і Кыргызстанам («саюз чатырох»).

У 2003 г. краінамі СНД была створана арганізацыя рэгіянальнай інтэграцыі. Беларусь, Расія, Украіна і Казахстан падпісалі Пагадненне аб фарміраванні Адзінай эканамічнай прасторы (АЭП) з мэтай стварэння зоны свабоднага гандлю.

Але, бясспрэчна, прыярытэт адводзіцца пашырэнню і ўмацаванню стасункаў з Расіяй. Можна вылучыць асноўныя этапы інтэграцыі Беларусі і Расіі:

1) 2 красавіка 1996 г. быў заключаны Дагавор аб Супольнасці суверэнных дзяржаваў ― Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі;

2) 2 красавіка 1997 г. падпісаны Дагавор аб Саюзе Беларусі і Расіі, які прадугледжваў забеспячэнне ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця краін, іх бяспекі, абараназдольнасці;

3) 8 снежня 1999 г. – Дагавор аб стварэнні Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі.

Асноўныя накірункі знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь на бліжэйшы час і на перспектыву вызначыў А.Р. Лукашэнка, выступаючы са штогадовым пасланнем Прэзідэнта да Парламента. Галоўным прынцыпам знешняй палітыкі названа шматвектарнасць.

58. Культурнае жыццё Беларусі ў канцы 20-пачатку 21 ст. З мэтай стварэння спрыяльных умоў для далейшага развіцця нацыянальнай адукацыі ў 1991 г. быў прыняты Закон аб адукацыі. Ён гарантаваў стварэнне ўмоў для ўсебаковага развіцця асобы, задавальнення адукацыйных запатрабаванняў кожнага чалавека, арыентаваў на агульначалавечыя каштоўнасці. З 1998 г. пачалася рэформа 4, 5 тыс. агульнаадукацыйных школ. Яе асноўныя рысы: дэмакратызацыя сістэмы адукацыі, стварэнне ўмоў для гарманічнага развіцця асобы, павышэнне якасці і эфектыўнасці адукацыі. У 90-я гг. пашыралася сетка ВНУ. Тэмпы розвіцця навуковага патэнцыялу знізіліся. Колькасць супрацоўнікаў, занятых у навуцы, паменшылася ў 2 разы, а фінансаванне з дзяржбюджэту – у 4 разы. Аднак і ў гэтых умовах у стр-ры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі з`явіліся новыя навук. установы: Інстытут праблем вык-ня прыродных рэсурсаў і экалогіі, радыебіялогіі, сацыялогіі, малекулярнай і атамнай фізікі, прыкладной оптыкі і тэхналогіі металаў і інш. У 90-я гг. бел. культура значна папоўнілася значнымі творамі літ-ры, мастацтва. У выяўленчым мастацтве выразна пашырыліся нефармальныя тэндэнцыі. Адкрыліся недзяржаўныя галерэі “Арт-творчасць”, “Віта-нова”, “Жыльбел” і інш. Апошнім часам адраджаецца і актыўна развіваецца каля 40 відаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, дзейнічае больш за 50 клубаў і дамоў рамёстваў, творчых майстэрняў народных майстроў. Такім чынам, час эканамічных і сацыяльна-паліт. перамен у грамадстве быў цесна звязаны з пошукамі і здабыткамі ў галіне адукацыі, навукі і культуры краіны, нацыянальна-культурным адраджэннем.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]