Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Uch_pos.doc
Скачиваний:
41
Добавлен:
16.11.2019
Размер:
789.5 Кб
Скачать

Рамяство

У эканамічным жыцці гарадоў пераважала натуральная гаспадарка. Тым ня менш не яна вызначала гаспадарку горада, а рамяство і гандаль. Менавіта яны складалі адну з вядучых рысаў гарадской эканомікі. Значны ўзровень развіцця рамеснай вытворчасці гарадоў старажытных зямель Беларусі даказваецца не толькі многімі прадметамі, але і адкрыццём падчас археалагічных раскопак рэшткаў рамесных майстэрань у Полацку, Мінску, Пінску, Гомелі, Навагрудку, Друцку і інш.

Ва ўмовах натуральнай феадальнай гаспадаркі неабходнай умовай паспяховага развіцця рамеснай вытворчасці былі мясцовыя крыніцы сыравіны. На тэрыторыі Беларусі паўсюль распаўсюджаны паклады балотнай ці азёрнай руды, з якой мясцовае насельніцтва вырабляла жалеза ў колькасцях, неабходных для жалезаапрацоўчага рамяства. Беларусь багатая няруднымі выкапнямі: глінамі, супесямі, вапнякамі. Гліна і пясок служылі асноўнымі матэрыяламі для ганчарства і выкарыстоўваліся ў будаўнічай справе. Жывёлагадоўля і паляванне забяспечвалі сыравінай скураное, сапожнае, касцярэзнае рамёствы. Бортніцтва давала воск, які выкарыстоўвалі ў ювелірным, сапожным і іншых рамёствах. Вялікія лясныя багацці забяспечвалі чорную металургію танным і якасным палівам - дравесным вуглём і спрыялі развіццю дрэваапрацоўчага рамяства. Толькі ювелірная справа ня мела мясцовай сыравіны. Каляровыя металы ювеліры атрымоўвалі ў выніку гандлёвых аперацый.

Адным з самых важных відаў вытворчасці было здабыванне жалеза, асноўнага матэрыяла для вытворчасці прыладаў працы, зброі, прадметаў быту. Як і раней, у раннесярэднявечны перыяд жалеза атрымлівалі з руды сырадутным спосабам. Жалеза “варылі” у домніцах. Домніцы, як правіла, будаваліся паблізу крыніц сыравіны, таму металургія ў асноўным была пабочным заняткам сельскіх жыхароў. У гарадах рэшткі домніц сустракаюцца рэдка (адкрыты ў Ваўкавыску, Пінску, Турыйску), таму гарадское жалезаапрацоўчае рамяство базіравалася на прывазной прадукцыі сялян-металургаў у выглядзе таварных крыцаў. Крыцы знойдзены пры раскопках Полацка, Мінска, Турава і многіх іншых гарадоў. Падчас раскопак Полацка знойдзена кузня, якая згарэла ў ХІІІ ст. У канцы Х - ХІ ст. на пасадзе існавала не менш двух кузняў. У гарадах археолагі вельмі часта знаходзяць розныя прадметы бытавога прызначэння - каваныя цвікі, дзвярныя кольцы, кручкі, скобы, нажы, нажніцы, замкі, ключы і г.д. Радзей сустракаюцца інструменты розных відаў рамёстваў - клешчы, малаткі, зубілы, сякеры, долаты, свёрлы. У Друцку былі знойдзены кавальскі молат, накавальня, некалькі відаў зубілаў, у Полацку, Мінску, Друцку, Давыд-Гарадку - клешчы каваля.

Больш рэдкія знаходкі - прадметы зброі - наканечнікі коп’яў, фрагменты кальчуг і даспехаў, а таксама прадметы рыштунку каня і вершніка - шпоры, падковы, цуглі. Адна з буйнейшых калекцый предметаў зброі і рыштунку вершніка сабрана ў Ваўкавыску. У Гомелі раскапана зброевая майстэрня. Яна ўяўляла сабой паглыбленае на 0,9 - 1 м у мацярык падклецце прамавугольнай формы з рэшткамі зруба з бярвенняў памерам 4,4 х 4,2 м. Пабудова згарэла ў час пажару, ніжняя частка яе запаўнення перакрыта абвугленнымі драўлянымі канструкцыямі. На падлозе сабрана шэраг розных прадметаў. Сярод прылад працы знойдзены свярдзёлкі, фрагменты тачыльнага камяня, больш за 20 асялкоў, напільнік. Тут жа раскапана каля 1500 цэлых і зламаных жалезных пласцін для зборкі пласціністых панцыраў, 10 фрагментаў кальчужнага пляцення для зборкі розных кальчуг (ад 1-10 да 150-200 кольцаў у кожным фрагменце, усяго больш за 600 плоскіх і круглых кольцаў), абломкі жалезных паручаў, 1 бронзавая і 11 жалезных перакрыжаванняў, 4 жалезных навершаў мячоў і шабляў, абломак наканечніка ножнаў шаблі, пласціністае дзяржанне ножнаў шаблі. Расчыстка прадметаў узбраення выявіла выразныя сляды іх апрацоўкі на месцы (незакончаныя вырабы, дэфекты работы). Па характары, разнастайнасці і колькасці знаходак зброевая майстэрня не мае аналагаў на тэрыторыі Ўсходняй Еўропы і дае магчымасць для абгрунтаванай рэканструкцыі працэсу зборкі і знешняга выгляду старажытнага пласціністага панцыра. Майстэрня датуецца ХІІ - пачаткам ХІІІ ст.

Даследаванні знаходак з раскопак Мінска, Віцебска, Полацка, Ваўкавыска і іншых гарадоў сведчаць, што гарадскія рамеснікі ўжывалі разнастайныя тэхнічныя прыёмы. Так, напрыклад, металаграфічны аналіз жалезных вырабаў з Ваўкавыска паказаў, што мясцовыя кавалі паспяхова авалодалі тэхналагічнымі аперацыямі, якія ўключалі коўку, зварку, цэментацыю, закалку. Клінкі некаторых нажэй з Навагрудка маюць зварны ўзор, які імітуе дамаскую сталь. Сустракаюцца жалезныя рэчы з інкрустацыяй срэбрам і каляровымі металамі.

Безумоўна, вырабамі рамеснікаў карысталіся не толькі гарадскія жыхары. Матэрыялы з раскопак Навагрудка і сельскіх паселішчаў і могільнікаў, якія размяшчаюцца ў наваколлі, дазваляюць сцвярджаць, што значная частка прадукцыі гарадскіх кавалёў ухадзіла на вёску. У Гарадзілаўцы, Брацянцы, Кораставе і іншых месцах знойдзены рэчы (нажы, ключы, крэсалы, спражкі і г.д.), якія былі зроблены навагрудскімі майстрамі.

Высокага ўзроўню дасягнула ў беларускіх гарадах ювелірная справа. Аб мясцовым характары ювелірнай вытворчасці гавораць шматлікія знаходкі ювелірных льячак і тыгляў, ліцейных формачак і пінцэтаў. У Мінску, Полацу, Навагрудку раскапаныя рэшткі ювелірных майстэрань. У Навагрудку на вакольным горадзе ў ХІІ ст. працавала 96 ювеліраў. Зыходным матэрыялам для ювеліраў служылі медзь, волава, свінец, часам сплаў медзі са срэбрам - білон. Залатыя ювелірныя вырабы рэдкія, але і яны сустракаюцца пры раскопках (Мінск, Віцебск, Полацк, Лукомль, Слонім).

Ювеліры валодалі разнастайнымі прыёмамі апрацоўкі каляровых металаў. Вядомы ў папярэдні перыяд спосаб ліцця па васоквай мадэлі, які выключаў масавы выраб рэчаў, у ХІІ - ХІІІ стст. саступіў месца адліўцы ў каменныя раз’ёмныя формы. Распаўсюджанне такой тэхналогіі азначала пераход да масавай вытворчасці прадметаў.

Раскопкі нярэдка даюць цэлыя серыі аднолькавых вырабаў, якія па знешнім выглядзе мала адрозніваюцца ад унікальных твораў вотчынных майстроў. Напрыклад, на каменных раз’ёмных формах для адліўкі пацерак і падвесак, знойдзеных у Гродна. Тут прыменены дэкор, што імітаваў зярненне - вельмі складаную і працаёмкую тэхніку, якая выкарыстоўваліся для ўнікальных вырабаў.

Формы для адліўкі з мяккіх парод камня знойдзены пры раскопках таксама Мінска, Слонима, Мсціслава, Друцка, Турава, Навагрудка. У формах адлівалі падвескі, пярсцёнкі, бранзалеты, гузікі, крыжыкі, скроневыя кольцы і іншыя вырабы.

У ХІІ - ХІІІ стст. былі распаўсюджаны вырабы, упрыгожаныя гравіраваннем. Аб высокім тэхнічным майстэрстве тагачасных гравёраў можна меркаваць па медных пласцінах ад алтарнай перагародкі з гродзенскай Ніжняй царквы. Выкананы яны рукой сталага майстра, які добра адчуваў малюнак і дасканала валодаў тэхнікай гравіравання. На трох пласцінах скупой лініяй аднолькавай таўшчыні і глыбіні перададзены не толькі сілуэты святых (Фядот, Сімяон, Павел), але і па-мастацку вырашаны іх аб’ёмы ў даволі складаным ракурсе. Фігуры размешчаны ў круглых медальёнах і акаймаваны арнаментальнай пляцёнкай. Гравіраванне ўзбагачана агнявым залачэннем. У Ваўкавыску знойдзены абразок з выявай Дзмітрыя, якая выканана тэхнікай глыбокага гравіравання на фоне залачонай медзі.

Многія ювелірныя вырабы пакрываліся зерню. Зерню ўпрыгожваліся пацеркі, скроневыя кольцы, прывескі. Часта ўжывалася скань: на паверхню прадмета ў выглядзе спіралек, разетак, ліній напайваліся вітыя жгуты.

Атрымаў развіццё і такі складаны від мастацкай апрацоўкі металу, як эмаліраванне, якое патрабавала ад майстра рознабаковых і глыбокіх ведаў пра састаў і афарбоўку эмалевых сумясей, іх тэрмічную апрацоўку, а таксама вялікага тэхнічнага майстэрства. Эмаль - шклопадобны сплаў, які мог афарбоўвацца ў розныя колеры і пасля застывання даваў цвёрдую роўную паверхню. Вырабы з тэхнікай эмаліравання знойдзены ў Полацку, Гродне, Наваградку. Шэдэўрам эмальернага мастацтва з’яўляўся крыж, зроблены полацкім майстрам Лазарам Богшам у 1161 г. па заказу полацкай князёўны Ефрасінні. Яго каштоўнасць заключалася перш за ўсё ў высокім тэхнічным і мастацкім узроўні вырабу. Мастацкія якасці крыжа Ефрасінні Полацкай, тэхнічны ўзровень эмалевага дэкору не саступаюць лепшым узорам візантыйскага прыкладнога мастацтва, якія карысталіся сусветнай вядомасцю.

Падчас раскопак гарадоў найбольш частая знаходка - фрагменты глінянага посуду. Недоўгавечны, ён хутка разбіваўся. Пастаянны попыт на посуд спрыяў развіццю ганчарнай вытворчасці. У Х ст. на беларускіх землях распаўсюджваецца ганчарны круг, які даў магчымасць арганізаваць масавы выраб бытавога посуду, аказаў значны ўплыў на яго мастацкае аздабленне. Ганчарны посуд становіцца больш зграбным і разнастайным па форме, яго паверхня часам даводзіцца да бляску, а дэкор - больш упарадкаваным і рытмічным. У гэты час складваліся асартымент і формы посуду, якія амаль без змяненняў дайшлі да нашага часу.

Значная частка посуду, асабліва гаршкі, вечкі для гаршкоў, міскі арнаментавалася. Найбольш распаўсюджаны арнамент - паралельныя прамыя ці хвалістыя канаўкі, нанесеныя вострай палачкай у час вярчэння вырабу. Нярэдка такі дэкор пакрываў амаль усю знешнюю паверхню гаршка ці вечка (асабліва ў ваўкавыскай кераміцы). Шырока бытаваў вядомы яшчэ ў жалезным веку дэкор з насечак, кропак, касых ліній. Такія ўвогуле простыя геаметрычныя элементы ў спалучэнні давалі прыгожы дэкор, які дапаўняў зграбную форму посуд. Шырокая распаўсюджанне па ўсіх славянскіх землях атрымаў дэкор у выглядзе прамых і хвалістых палос. Прамыя палосы дыктаваліся характарам вытворчасці посуду на ганчарным крузе, хвалістая ж арнаментацыя вядома са старажытнасці як сімвал вады. Ляпны арнамент у выглядзе валікаў, характэрны для панямонскіх паселішчаў (Гродна, Ваўкавыск), звычайна аздабляў плечыкі ці гарлавіну посуду.

Вытворчасць глінянага посуду з Х ст. набывае рамесніцкі характар, пра што сведчаць шматлікія знаходкі цэлых вырабаў і іх фрагментаў з клеймамі на вонкавым баку днішча. Часцей за ўсё кляймо ўяўляла сабой круг ці некалькі канцэнтрычных акружнасцей, у цэнтры якіх размяшчаліся нескладаныя выявы - крыж, радыяльныя лініі, трохвугольнікі, трох- ці двузубцы (знакі Рурыкавічаў) і іншыя фігуры.

Развіццё манументальнага дойлідства патрабавала вялікай колькасці цэглы і дахоўкі (чарапіцы). У Гродна, Полацку, Ваўкавыску і іншых гарадах узнікалі шматлікія керамічныя майстэрні, дзе вырабляліся не толькі простая плінфа, але і фасонная цэгла: трапецападобная, з закругленым вуглом, скаланым краем і інш. Як і керамічны посуд, цэгла нярэдка мела клеймы ў выглядзе літар ці геаметрычных фігур. Развівалася масавая вытворчасць паліўных керамічных плітак (маёліка), якімі аздабляліся сцены і, ў першую чаргу, падлога мураваных храмаў. Маёлікавыя пліткі знойдзены падчас раскопак цэркваў ХІІ ст. у Гродна, а таксама ў Пінску ў пластах канца ХІ - пачатку ХІІ ст. Цікавасць іх у выключнай разнастайнасці форм, прычым некаторыя вельмі блізкія да плітак з гродзенскай Ніжняй царквы.

Адно з вядучых месцаў сярод рамёстваў старажытных беларускіх гарадоў з ХІ ст. пачынае займаць мастацкая апрацоўка косці. Па ўзроўню майстэрства апрацоўку косці можна паставіць побач з ювелірным мастацтва. Тонкай работы грабяні, ручкі нажоў, накладкі на калчаны, шахматы і іншыя прадметы знойдзены пры раскопках старажытных Мінска, Гродна, Полацка, Турава, Навагрудка, Пінска, Ваўкавыска і іншых гарадоў і паселішчаў. Мясцовае паходжанне вырабаў касцярэзнага мастацтва не выклікае сумнення. Гэта пацвярджаюць вытворчыя адходы і незакончаныя вырабы, а таксама шматлікі інструментарый касцярэзаў. Паяўленне ў ХІ - ХІІІ стст. такарнага станка садзейнічала як пашырэнню асартыменту вырабаў, так і павышэнню іх мастацкіх якасцяў.

Вельмі разнастайныя па форме і дэкору грабяні: аднабаковыя і двухбаковыя, прамавугольнай ці трапецападобнай формы. Большасць іх аздоблена “вочкавым” арнаментам, які размяшчаецца ў адзін ці некалькі радоў на плоскай паверхні вырабу. Часам такі арнамент акаймаваны зігзагападобнай лініяй ці двума зігзагамі. Вочкавым арнаментам аздабляліся і іншыя вырабы з плоскай паверхняй: накладкі і пласціны грабянёвых футаралаў, ручкі нажоў, гузікі, муфты і інш. Сярод археалагічных знаходак звяртаюць на сябе ўвагу касцяная ручка нажа ХІ - ХІІ стст. з Лукомля, вухачысткі з Ваўкавыска, Навагрудка, Мінска (з выявамі музыкі, ваўка), пласціны-накладкі з Ваўкавыска, Полацка, Лукомля, Віцебска.

Да шэдэўраў касцярэзнага мастацтва можна аднесці шахматныя фігуркі. Рамеснікі выраблялі два віды шахматных фігур: стылізаваныя (па ўсходніх узорах) і рэалістычныя (так званыя “з тварыкамі”). Стылізаваныя шахматы мелі форму цыліндрыкаў, конусаў, пірамідак. Касцяныя фігуркі коней рабіліся ў ХІІ ст. у выглядзе цыліндрыка з адным бакавым выступам у верхняй частцы, які сімвалізаваў галаву. Такія фігуркі знойдзены ў Тураве і Навагрудку. З культурнага пласта Друцка паходзіць стылізаваная шахматная фігура слана, з Копысі і Ваўкавыску - ладдзі. Рэалістычныя шахматы - гэта па-майстэрску выкананая мініяцюрная скульптура, у якой адначасова адлюстраваны жывыя назіранні разьбяра і вопыт мастацкай разьбы, набыты славянамі яшчэ ў часы язычніцтва. На Беларусі знойдзена 5 фігур “з тварыкамі”, якія датуюцца ХІІ - ХІІІ стст., чатыры з іх - касцяныя. Майстэрства іх выканання і дакладнасць перадачы дэталяў сведчаць аб тым, што зроблены яны таленавітымі мясцовымі разьбярамі. Шахматная фігура ферзя вышынёй 46 мм выяўлена ў Брэсце і ўяўляе сабой знатнага воіна з мячом ці нейкай іншай адзнакай княжацкай улады ў правай руцэ і са шчытом у левай. Таксама фігура ферзя знойдзена ў Лукомлі. Тры шахматныя фігуркі знойдзены ў Панямонскіх гарадах. У Ваўкавыску была знойдзена касцяная пешка, унікальная для шахмат ХІІ ст. Яна ўяўляе сабой мініяцюрную, вышынёй 25 мм, скульптурку барабаншчыка, які падае сігнал да бою. Разьбяр імкнуўся перадаць дэталі, якія лічыў важнымі. У правай руцэ барабаншчыка - узнятая ўверх загнутая на канцы палка. Гэта вашчага, якой білі па барабанах або літаўрах. З Ваўкавыска паходзіць і фігура ладдзі (вышыня 5,5 см) у форме карабля на ножцы з прамавугольнай асновай. Ля бартоў пасярэдзіне стаяць два маладыя воіны, тэці воін прытуліўся на носе судна з двума шчытамі па баках і засяроджана глядзіць уперад. Частка вырабу пашкоджана, таму выява чацьвёртага воіна не захавалася. Гэта шахматная фігурка вельмі падобная да ладдзі з Гродна: той жа тып карабля, аднолькавыя фігуркі воінаў, аналагічныя шчыты. Розніца толькі ў тым, што гродзенская фігурка зроблена з каменю.

Апрацоўка каменя ў гарадах у ХІ - ХІІІ стст. Б.А.Рыбакоў дзеліць на два накірункі - праца з буйнымі блокамі (будаўнічая справа, вялікія скульптурныя творы, выраб жорнаў) і дробная ювелірная работа (вытворчасць каменных пацерак, крыжыкаў, абразкоў, ліцейных формаў, шліфаванне камянёў-уставак). Масавымі знаходкамі ў гарадах з’яўляюцца тачыльныя камяні, прасліцы з мясцовых парод. Асаблівае развіццё камняцёсная справа атрымала ў Гродна і Ваўкавыску ў сувязі з будаўніцтвам храмаў. Апрацоўка камянёў, якія прызначаліся для дэкаратыўных уставак у фасады пабудоў, ажыццяўлялася на месцы. На ваўкавыскім замчышчы такіх камянёў (з апрацаванымі гранямі) знойдзена больш за сто. У Гродне недалёка ад Каложы аналагічных камянёў выяўлена больш за дзесятак. У Тураве з масіўных сланцавых пліт зроблены саркафагі, якія адкрыты пад час раскопак. Пліты былі прывезены з Оўруча.

Сведчанняў апрацоўкі дрэва захавалася няшмат з-за недаўгавечнасці гэтага матэрыялу. Аднак несумненна, што на беларускіх землях, багатых лесам, дрэва з-за сваёй даступнасці і лёгкасці ў апрацоўцы было адным з самых распаўсюджаных матэрыялаў. Доказам гэтага з’яўляюцца знаходкі не толькі рэштак збудаванняў, прылад працы, прадметаў хатняга ўжытку, але і шматлікіх інструментаў для апрацоўкі дрэва: сякер, піл, нажоў, долатаў, скобеляў, разцоў, свярдзёлак. Некаторыя з гэтых прылад прызначаны для тонкіх разьбярскіх работ. Аб мастацкіх якасцях і характары арнаментыкі драўляных вырабаў даюць уяўленне іх фрагменты. Звычайна гэта посуд ці дробныя бытавыя рэчы з гарадоў, культурны пласт якіх вільготны і захоўвае дрэва (Полацк, Мінск, Брэст, Віцебск, Гродна). Уяўляюць цікавасць драўляныя арнаментаваныя лыжкі, знойдзеныя пры раскопках Полацка і Давыд-Гарадка. Іх зграбная форма з авальным чарпаком і кругл ай прамой ручкай дапаўняюцца арнаментам на ручках: двайны зігзаг, пляцёнка, паяскі, рамбічная сетка. Гэты дэкор па характары выканання і па матывах вельмі блізкі да аздаблення касцяных вырабаў. Яшчэ больш прыкметна блізкасць у дэкоры грабянёў, якія складаюць, бадай, самую шматлікую групу драўляных арнаментаваных вырабаў. Вырабляліся яны звычайна з самшыту - цвёрдага і амаль бясслойнага дрэва, прыгоднага для тонкай разьбы. Вельмі дасканалыя ў мастаціх адносінах грабяні знойдзены пры раскопках Гродна, Полацка, Мінска. Падабенства знаходак гаворыць пра іх масавую рамесную вытворчасць.

Распаўсюджанне ў ХІІ - ХІІІ стст. такарнага станка значна павышала мастацкія якасці драўлянага посуду. Зроблены на тагачасным станку, ён вызначаўся складанасцю прафілю, зграбнасцю і вытанчанасцю формы, чаго нельга было дасягнуць пры выдзёўбванні.

Вывучэнне хімічнымі і тыпалагічнымі метадамі фрагментаў шкляных вырабаў (посуду, пацерак, бранзалетаў, пярсцёнкаў, скроневых кольцаў, уставак для металічных пярсцёнкаў і абкладаў рукапісных кніг), знойдзеных у культурных пластах ХІ - ХІІІ стст. у Полацку, Гродна, Навагрудку, Тураве, сведчыць аб уласнай вытворчасці шкла ў гэтых цэнтрах.

З ХІ ст. тут вырабляліся шкляныя пацеркі, бранзалеты, а з ХІІ - пярсцёнкі, скроневыя кольцы, устаўкі да металічных пярсцёнкаў і абкладаў рукапісных кніг, сталовы, аптэчны, літургічны посуд. Вопыт вырабу ўпрыгожанняў са шкла і каляровых эмалей садзейнічаў арганізацыі ў Полацку і Гродна вытворчасці паліваных дэкаратыўных плітак і смальтавай мазаікі для ўпрыгожання мураваных храмаў.

Пацеркі вырабляліся з каліева-свінцова-крэмянязёмнага шкла і сустракаюцца на многіх археалагічных помніках. У пачатку ХІ ст. на тэрыторыі сучаснай Беларусі сталі вырабляць са шкла разнастайныя па колеры і форме бранзалеты. Шкляныя бранзалеты сустракаюцца пераважна пры раскопках гарадоў, але трапляюцца на сельскіх паселішчах (гарадзішчы Кульбачына, Свіслач, Вішчын) і ў сельскіх кураганных пахаваннях (каля вёсак Ходасавічы Рагачоўскі р-н, Малькавічы Ганцавіцкі р-н, каля воз.Богіна Браслаўскі р-н). Насілі іх не толькі на запясцях, але і вышэй локця.

Са шкла выраблялі таксама скроневыя кольцы, якія формай і колерам паўтаралі бранзалеты, але былі значна вузейшыя (ад 5 да 2 см). Такія кольцы знойдзены ў Полацку, Гродна, Ваўкавыску, Пінску. Іх нашывалі на галаўны ўбор ці ўпляталі ў валасы на ўзроўні скроняў, як і металічныя скроневыя кольцы.

З зялёнага, сіняга, жоўтага і фіялетавага шкла быў шырока наладжаны выраб пярсцёнкаў у Навагрудку, менш - у Гродна, Полацку, Тураве і Ваўкавыску. Шкляныя ўпрыгожанні дазвалялі вельмі маляўніча аздобіць аддзенне жанчыны. Мастацкія ўласцівасці шкла ювеліры Полацка, Навагрудка, Гродна шырока выкарыстоўвалі для аздаблення розных металічных вырабаў. Шкляныя цёмна-зялёныя ўстаўкі да металічных пярсцёнкаў і абкладаў рукапісных кніг вырабляліся ў Полацку, Навагрудку і Гродна. Вялікія ўстаўкі з інтэнсіўна-зялёнага шкла рамбічнай і авальнай формы вырабляліся ў ХІІ ст. у Гродна для ўпрыгожання алтарнай перагародкі Ніжняй царквы. Інтэнсіўна-зялёнае плоскае шкло ўжывалі гродзенскія і полацкія ювеліры ў ХІІ ст. для вырабу вітражоў.

Шкляны посуд з жоўтаватага, зяленаватага, сіняга, фіялетавага і бясколернага шкла ў ХІІ - ХІІІ стст. вырабляўся ў Полацку, Навагрудку, Гродне і Тураве. Ён прызначаўся для захавання напіткаў, карыстання ў час застолляў, для аптэчных і літургічных мэтаў. Колбападобныя пасудзіны для захавання напіткаў звычайна маюць доўгую шыйку - уплыў узораў усходніх флаконаў. Знойдзены і графінападобныя пасудзіны на кальцавых паддонах. Разнастайныя формы посуду для застолля - кілішкі, шклянкападобныя пасудзіны, чаркі, чашы, талеркі, кубкі.

Фрагменты шкляных пасудзін сіняга колеру, распісаныя белай эмаллю, знойдзены ў Ваўкавыску (палоскі), у Гродна (палоскі і раслінны арнамент), у Тураве (раслінны і геаметрычны арнамент і выявы жывёл), у Слоніме (геаметрычны арнамент).Трэба адзначыць, што цэнтрам вытворчасці дробнай пластыкі са шкла з’яўляўся Навагрудак. Захавалася фігурка сабачкі, зробленая з чорнага і малочнага шкла, якая, відавочна, упрыгожвала вечка нейкай пасудзіны.

Матэрыялы археалагічных даследаванняў старажытных гарадоў (Мінск, Полацк, Гродна, Тураў, Слуцк, Брэст, Давыд-Гарадок і інш.) добра адлюстроўваюць стан і тэхніку старажытнага прадзення і ткацтва: драўляныя варацёны, гліняныя і сланцавыя прасліцы, ткацкія чаўнакі і іншыя прылады знойдзены ў гэтых гарадах. У пластах ІХ - ХІІІ стст. знойдзены рэшткі шарсцяных і ільняных тканін. Ніткі ільняных тканін вельмі роўныя і тонкія, пафарбаваныя ў чорны, чырвоны і буры колеры. Прыкладам можа служыць кавалак тканіны ХІІІ - ХІV стст., знойдзены пры раскопках старажытнага Гродна. Гэта грубае ваўнянае сукно з пражы карычневага колеру, тканае ў 4 падножкі рысункам “у ялінку”. З раскопак Гродна вядомыя некалькі фрагментаў узорыстых тканін, магчыма, прывазных. Разам з тканінамі былі знойдзены вельмі тонкія, добра адпаліраваныя іголкі ХІІІ - ХІV стст. даўжынёй 45 - 56 мм, вельмі падобныя да сучасных, і бронзавы напарстак з грыбападобнай ячэістай галоўкай. На большасці сярэднявечных помнікаў Беларусі выяўлены гліняныя і каменныя (з ружовага ці шэрага сланца) прасліцы разнастайных формаў (цыліндрычныя, біканічныя, шарападобныя і інш.). Яны надзяваліся на верацяно, каб павялічыць інерцыю і хуткасць яго вярчэння.

Важнае значэнне ў эканоміцы гарадоў мела апрацоўка скуры. Гарбарства патрабавала вялікай колькасці вады, у тым ліку праточнай, раслінных матэрыялаў. Апрацоўка скуры складалася з некалькіх этапаў: вымочванне скур і ачыстка ад бруду, зняцце рэшткаў мяса, тлушчу, мяздры і скураной клятчаткі, выдаленне і саскрабанне валасоў (вапнаю і попелам), прамыўка, квашанне (надавала скуры мяккасць і гнуткасць), дубленне (карой дуба ці вярбы, скура набывала трываласць, лепш захоўвалася), канчатковая апрацоўка. У залежнасці ад якасці і спосабу апрацоўкі атрымлівалі скуру рознага прызначэння (на абутак, на кажухі і інш.). Рэчы, зробленыя са скуры і прылады шавецкага рамяства знойдзены падчас раскопак гарадоў, у культурным пласце якіх захоўваюцца рэчы арганічнага паходжання. Пры даследаванні на Полацкім Верхнім замку выяўлена майстэрня гарбара ХІІІ ст., знойдзены чан-попельнік з поўсцю жывёл і вапнай. У Мінску даследавана майстэрня шаўца ХІІ ст., дзе знойдзена шмат скураных вырабаў і інструментаў шаўца. У Брэсце, Мінску, Віцебску, Полацку знойдзена значная колькасць скуранога абутку. Ён прадстаўлены рознымі фасонамі, кроем і прыёмамі пашыву. Вылучаюцца асноўныя віды абутку: поршні, чаравікі, паўботы, боты. У канцы ХІІІ ст. з’яўляецца новы тып абутку - туфлі. У Полацку, Мінску, Давыд-Гарадку, Гродна знойдзены шавецкія калодкі-правілы, якія выкарыстоўваліся для вырабу абутка. З вырабленай скуры шылі таксама вопратку, чахлы для нажоў, грабянёў, зброі, кашалькі, якія часта аздабляліся вышыўкай і цісненнем, скурай абцягвалі тарчы воінаў.

Такім чынам, археалагічныя матэрыялы перканаўча сведчаць, што высокі ўзровень сельскай гаспадаркі і рамяства былі асновай эканомікі беларускіх зямель у Х - ХІІІ стст. Менавіта гэта спрыяла палітычнаму і культурнаму развіццю беларускіх княстваў у раннім сярэднявеччы.

ГАНДЛЁВЫЯ СУВЯЗІ

Па археалагічных матэрыялах беларускіх гарадоў можна прасачыць гандлёвыя і іншыя формы знешніх сувязяў мясцовага насельніцтва з бліжэйшымі суседзямі і далёкімі краінамі.

З Кіеўскай зямлі на Беларусь прывозілі шкляны посуд, ваконнае шкло, бранзалеты, пацеркі. У культурным слаі Навагрудка зафіксавана больш за 100 пасудзін, з якіх звыш 60 - кіеўскай вытворчасці. У старажытных беларускіх гарадах сустракаюцца кіеўскія нацельныя крыжыкі і бронзавыя энкалпіёны, абразкі і іншыя прадметы рэлігійнага культу. З Кіева прывозілі белагліняную кераміку (Гродна, Навагрудак, Пінск, Тураў, Полацк, Друцк, Мінск) і фарбаваныя яйкі “пісанкі” (Навагрудак, Мсціслаў, Гродна, Лукомль).

З Прычэрнамор’я прывозіліся амфары з віном ці аліўкавым алеям. Яны знойдзены амаль ва ўсіх старажытных гарадах Беларусі, у якіх праводзіліся раскопкі. Найбольшая колькасць амфар знойдзена ў Навагрудку.

З Усходняй Прыбалтыкі ў ХІ - ХІІІ стст. прывозілі некаторыя віды ўпрыгожанняў з каляровых металаў (фібулы, бранзалеты, падвескі, пярсцёнкі). Найбольш папулярнымі былі падковападобныя спражкі і фібулы. Іх шмат знойдзена ў Панямонні (Навагрудак, Гродна, Ваўкавыск, Кульбачына,Турэйск) і гарадах Полацкай зямлі (Полацк, Браслаў, Лагойск, Барысаў). Традыцыйным быў увоз з Прыбалтыкі бурштыну. У Клецку знойдзена майстэрня ювеліра з вялікай колькасцю неапрацаванага бурштыну. У Навагрудку знойдзена бронзавае перакрыжаванне мяча са стылізаванымі галоўкамі птушак і драконаў па краях. Найбольш блізкія аналагі гэтай знаходкі маюцца на тэрыторыіі рассялення куршаў.

У выніку гандлёвых зносін на беларусь былі завезены вырабы, зробленыя ў краінах Заходняй Еўропы. У гродзенскай Барысаглебскай (Каложскай) царкве захоўваўся бронзавы вадаліў (рукамойнік) у выглядзе коннага рыцара (вышыня вырабу 240 мм). Паміж вушамі каня ёсць адтуліна, куды налівалася вада. Выцякала яна з рота. Вупраж упрыгожана двайнымі зігзагамі. Гэта характэрны матыў гравіроўкі на аналагічных паўночна-германскіх вадалівах ХІІІ ст. Зроблены вадаліў у Ніжняй Саксоніі.

На дзядзінцы Ваўкавыска знойдзена наверша ад трона, выразанае з маржовай касці ў выглядзе скульптурнай галавы ільва (вышыня 38 мм). У раскрытай пашчы звер трымае немаладога чалавека, апранутага ў багатае адзенне, характэрнае для заходнееўрапейскай арыстакратыі ХІ - ХІІ стст. З тыльнага боку львінай галавы - выява маладога феадала, які сядзіць на троне. Гэты высокамастацкі выраб быў зроблены ў Паўднёвай Германіі і датуецца другой паловай ХІІ - пачаткам ХІІІ ст.

На мінскім замчышчы ў слаі ХІІ ст. знойдзены абломак касцяной лыжачкі для прычасця ў выглядзе фігуркі святога з рогам. Па ўсёй бачнасці, гэты выраб прывезены з Францыі. У Навагрудке знойдзена бронзавая чаша з Памор’я. З гэтага ж горада паходзіць залаты пярсцёнак з чырвоным камянём і з падпісам на лацінскай мове.

Асобныя ювелірныя вырабы і прадметы зброі маюць, верагодна, польскае паходжанне. Гэта, напрыклад, металічныя пацеркі з Навагрудка і наканечнікі похваў пяча з Ваўкавыска. Сувязі з заходнімі суседзямі знаходзяць сваё адлюстраванне ў кераміцы (форма, арнаментацыя, наяўнасць налепных валікаў). Візантыйскімі па сваім паходжанні з’яўляюцца знойдзеныя ў Гродне і Навагрудку шаўковыя тканіны. З Візантыі ў Навагрудак былі завезены некаторыя шкляныя бранзалеты, стэатыва? Абразок з выявай параджэння Хрыста, ларэц, ад якога захавалася толькі касцяная пласціна-накладка з разным арнаментам. Асаблівую цікавасць уяўляе знйодзеная ў Ваўкавыску касцяная пласціна ад трыптыха з выявамі трох святых. Аналагічныя вырабы шырока вядомыя сярод візантыйскіх старажытнасцяў. На тэрыторыі Ўсходняй Еўропы сустракаецца ўпершыню.

Сярод прывазных вырабаў Навагрудка вылучаецца цудоўная калекцыя шклянога посуду з Візантыі і краін Міжземнаморскага Ўсходу, які ўпрыгожаны мастацкім роспісам золатам і рознакаляровымі эмалямі. Па словах Ю.Шчапавай, якая вывучала посуд, у Навагрудку прывазнога посуду столькі, што па ім можна вывучаць розныя мастацкія стылі візантыйскага, кіпрскага, сірыйскага посуду. У калекцыі ёсць кубкі, чашы для віна, мёда і іншых напояў, флаконы, якія выкарыстоўваліся для захавання касметычных сродкаў, лекаў. Посудам алхіміка была бутэлька. Абломкі шклянога посуду з арабскім надпісам знойдзены ў Слоніме. Амаль усе яны адносяцца да ХІІ - ХІІІ стст.

З Ірану на Беларусь трапіў парцалянавы посуд з люстравым роспісам, які ўпрыгожваў дамы гандляроў у Навагрудку. У старажытных гарадах гэта вельмі рэдкая знаходка. Кавалак аналагічнага посуду знойдзены яшчэ толькі ў Лукомлі.

У Полацку, Мінску, Брэсце і іншых гарадах у пластах ХІІІ ст. знойдзены грабяні з самшыту, якія прывозіліся, відаць, з Каўказу.

Археалагічныя матэрыялы не даюць, на жаль, адказу на пытанне, якія тавары прапаноўвалі жыхары Беларусі ў абмен на прывазныя вырабы. Спачатку гэта былі, верагодна, у асноўным прадметы традыцыйнага экспарту: футра, воск, мёд, скура, лён, палатно. Пазней (ХІІ - ХІІІ стст.) да ніх, магчыма, дадаліся некаторыя прадметы рамеснай вытворчасці. Важнейшым экспартным таварам беларускіх зямель было, безумоўна, футра пушных звяроў, якое дорага цанілася на міжнародным рынку. На другім месцы пасля пушніны стаялі воск (для асвятлення) і мёд (як каштоўны харчовы прадукт і для вырабу напояў).

Значная частка імпартных рэчаў з’явілася ў беларускіх гарадах не ў якасці тавара, які дастаўлялі гандляры, а ў выглядзе вайсковай здабычы, падарункаў, выкупа і г.д. Гэта перш за ўсё прадметы раскошы, а таксама каштоўныя зброя і рыштунак воіна (мячы, шаблі, інкруставаныя серабром і пакрытыя пазалотай шпоры, кальчугі, панцыры, шлемы). Не заўсёды былі імпартам упрыгожанні і прадметы касцюма з прыбалтыйскіх, заходняславянскіх і скандынаўскіх зямель. Яны маглі належаць карэнным жыхарам гэтых зямель, апынуўшымся па нейкіх прычынах на тэрыторыі Беларусі. Аднак большасць прывазных вырабаў трапіла на Беларусь у выніку гандлёвых аперацый.

Неабходнымі прыналежнасцямі сярэднявечных гандляроў з’яўляліся карамыславыя вагі з шалямі для ўзважвання срэбрных зліткаў (манет) і бязмены, якія выкарыстоўваліся для ўзважвання тавараў. Карамысла ад вагаў знойдзена на Замчашчы ў Ваўкавыску ў пласце ХІІ ст. Гэта даволі масіўны жалезны стрыжань даўжынёй 12,5 см з невялікімі адтулінамі для падвешвання шаляў на канцах. Тут жа знойдзены бронзавыя шалі дыяметрам 5,7 см. Акрамя Ваўкавыска цэлыя вагі знойдзены ў Лідзе (датуюцца ХІV ст.), Друцку, Дроздаве. Гіркі ад вагаў знойдзены ў кургане каля вёскі Опса (Браслаўскі р-н), Друцку, Навагрудку. Бязмены - рэдкая знаходка ў старажытнаславянскіх гарадах. Яны знойдзены ў Кіеве, Старой Разані, а на Беларусі - у Мінску і Навагрудку. Па разліках Б.А.Колчына, на такіх бязменах можна было ўзважваць грузы да 7-8 пудоў.

Пераканаўчым сведчаннем існавання ў гарадах Беларусі развітага гандлю з’яўляюцца свінцовыя таварныя пломбы, так званага драгічынскага тыпу. У Драгічыне Надбужскім іх знойдзена каля 2 тысяч. У гэтым памежным горадзе тавары, якія пераозіліся ў Польшчу, перагружаліся на іншыя ладдзі і пломбы зрываліся. На тэрыторыі Беларусі такія пломбы - нярэдкая знаходка. Яны вядомыя з раскопак у Навагрудку, Ваўкавыску, Гродне, Віцебску, Полацку, Мінску, Друцку.

Аб існаванні інтэнсіўных гандлёвых сувязяў Беларусі з іншымі землямі сведчаць таксама знаходкі манет. ІХ - ХІ стст. - перыяд станаўлення развітага грашовага абарачэння ва Ўсходняй Еўропе. Вылучаюцца два этапы, якія характарызуюць грашовае абарачэнне Беларусі з наяўнасці крыніц яе манетнага імпарта: перыяд абарачэння арабскай манеты - куфічнага дырхема (канец VIII - Х стст.) і перыяд заходнееўрапейскай манеты - дэнарыя (канец Х- першая чвэрць ХІІ ст.). На Беларусі вядомыя знаходкі як адзінкавых дырхемаў, так і скарбаў, у якіх налічвалася некалькі сот манет. Сярод найбольш значных - скарб, знойдзены ў в.Ракаўцы (Смаргонскі р-н), у якім налічвалася 826 манет; скарб з вёскі Добрына (Лёзненскі р-н) з 527 манет; скарб, знойдзены ў в.Казьянкі (Полацкі р-н) - у бяросце было 7588 куфічных дырхемаў Арабскага халіфата агульнай масай каля 20 кг.

Дэнары - гэта сярэбраная манета дзяржаў Заходняй Еўропы сярэдзіны VIII - першай паловы ХІІ ст. На Беларусі зарэгістравана 13 скарбаў, якія ўтрымлівалі дэнарыі. Старэйшы з іх датуецца першай паловай 80-х гадоў Х ст., малодшы - першай паловай 60-х гг. ХІ ст. Скарбы на Беларусі сведчаць аб змешаным грашовым абарачэнні: з вядучай роляй дэнарыя захоўваецца значны працэнт куфічных дырхемаў. Знойдзены на ўскрайку в.Дзягцяны (Капыльскі р-н) скарб утрымліваў 320 манет: дэнарыі Англіі, Венгрыі, Германскай імперыі, Чэхіі, а таксама дырхемы Арабскага халіфата і Асасідаў. Па колькасці чэшскіх дэнарыяў (123) скарб не мае аналагаў на тэрыторыі Ўсходняй Еўропы. Унікальны скарб знаходнееўрапейскіх манет знойдзены на хутары Людвішча (Кобрынскі р-н). Ён складаўся з 651 сярэбранай манеты Англіі, Даніі, Германскай імперыі. Ухаваны скарб у 1060-1065 гг. Са спыненнем прытоку на Беларусь дэнарыя наступае так званы “безманетны перыяд”, які характарызуецца абарачэннем зліткавага срэбра. Зліткі вырабляліся з запасаў усходніх і еўрапейскіх манет. Выкарыстоўваліся таксама зліткі срэбра, якія паступалі з Германіі праз Ноўгарад. Такія зліткі атрымалі назву “грыўна”. На Беларусі вядомыя тры віды: літоўская ХІІІ-ХV ст. (ізрой) - палачкападобная (звычайна з адной або некалькімі ўвагнутасцямі на “спінцы”, 10-15 см, 100-105 г), кіеўская (ромб з усечанымі вострымі вугламі, 9-10 х 4-5 см, 140-165 г), ноўгародская лодкападобная (выгнуты ў сярэдзіне брусок даўжынёй 14-20 см і вагой каля 204 г). Знаходкі грыўнаў вядомыя як у скарбах, так і паасобку падчас раскопак паселішчаў, напрыклад, на Ваўкавыскім Замчышчы ў запаўненні паўзямлянкі рубяжа Х-ХІ стст.

Такім чынам археалагічныя матэрыялы пераканаўча сведчаць, што беларускія землі ў Х-ХІІІ стст. мелі шырокія гандлёва-абменныя сувязі з блізкімі і далёкімі краінамі.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]