Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Uch_pos.doc
Скачиваний:
45
Добавлен:
16.11.2019
Размер:
789.5 Кб
Скачать

Рэлігія і духоуная культура беларусі у іх - хііі стст. Язычніцтва

Духоўнае жыццё людзей часткова ўвасабляецца ў прадметах і рэчах, што дае права археолагам на падставе сваіх крыніц у пэўных межах аднаўляць духоўную культуру. Для сярэднявечча характэрна культурная розніца паміж вёскай і горадам, якая асабліва паглыблялася пасля прыняцця хрысціянства. Сам факт хрысціянізацыі і абмежаванне гэтага працэсу гарадамі былі вынікам і сведчаннем складвання дзвюх культур. Падобны дуалізм спрыяў доўгаму і трываламу існаванню на тэрыторыі Беларусі язычніцкіх вераванняў і традыцый. Гэта падцверджвае археалагічны матэрыял.

Дахрысціянскія культавыя збудаванні, месцы маленняў і ахвярапрынашэнняў у Беларусі называюцца свяцілішчы альбо капішчы. Яны былі радавыя, племянныя і для некалькіх суседніх плямёнаў. Размяшчаліся свяцілішчы на ўзвышшах, астравах і мысах сярод балотаў, па берагах рэк і азёр. На іх ставіліся ідалы, прысвечаныя аднаму са шматлікіх язычніцкіх багоў. На тэрыторыі Беларусі найбольшая канцэнтрацыя свяцілішчаў прасочваецца ў паласе галоўнага Еўрапейскага водападзелу. Аб гэтым сведчаць спецыфічныя тапонімы Святое возера, Божая горка, Валова гара, Турава гара, Перунова гара, Красная гара, Святы камень, Змееў камень і інш. На існаванне дахрысціянскіх культавых аб’ектаў сведчаць легенды пра ўзгоркі, на якіх стаялі цэрквы альбо касцёлы, што праваліліся пад зямлю.

Да ліку язычніцкіх культавых помнікаў адносіцца Ходасавіцкае свяцілішча Рагачоўскі р-н), размешчанае на беразе воз.Святое, ў зямлі радзімічаў. Час існавання яго Х - пачатак ХІ стст. Свяцілішча выяўлена на ўсходняй ускраіне селішча. Яго цэнтральную частку складала гарызантальная круглая ў плане пляцоўка дыяметрам 7 м, абкружаная канаўкай шырынёй 0,4 м ш глыбінёй 0,4-0,5 м, у якой магчыма стаяў вастракол. У цэнтры круга выяўлена паглыбленне дыяметрам 1м глыбінёй 0,15 м, у якім стаяў драўляны слуп-ідал. З чатырох бакоў на адлегласці да 2 м ад краю пляцоўкі знаходзіліся серпападобныя ў плане карытападобныя ямы даўжынёй да 6 м шырынёй 1,8 м і глыбінёй да 1м, якія былі арыентаваныя па баках свету. Пад час язычніцкіх рытуалаў і свят у іх палілі вогнішчы.

Цікавае гарадзішча-капішча захавалася каля вёскі Верхаўляны (Бераставіцкі р-н). Мясцовая назва “Гарадзішча”. Круглая ў плане пляцоўка дыяметрам каля 7 м абкружавана ровам глыбінёй 0,5 - 1 .2 м і валам вышынёй 1,6 - 2,9 м. З паўночна заходняга боку ў вале зроблены праход, які злучаецца з пляцоўкай земляной перамычкай. Праведзяныя Э.Зайкоўскім археалагічныя раскопкі выявілі культурны пласт на пляцоўцы магутнасцю 0,15 - 0,25 м. У ім выяўлена вугольная праслой каля 10 см, фрагменты ганчарнай керамікі і крамяні са слядамі апрацоўкі. У рове культурныя напластаванні магутнасцю 0,4 м. У ім выяўлена каменная выбрукоўка, якая выконвала рытуальныя функцыі. Менавіта тут знаходзіліся “палаючыя ахвярнікі, у якія кідалі мяса жывёл і рытуальна разбітыя пасудзіны. Аб гэтым сведчаць зноўдзеныя косткі і зубы жывёл, фрагменты керамікі, слабаапрацаваныя крамяні, вугголле. Пад камянямі на мацярыку выяўлены фрагменты керамікі ХІ - ХІІ стст. і вуголле.

Паміж вёскамі Гудавічы і Верхлес (Чэрвеньскі р-н) на ўзгорку Святая горка знаходзіцца яшчэ адзін культавы язычніцкі помнік - Гудавіцкае свяцілішча. Пляцоўка памерамі 50х57 м, вышынёй 4-5 м. Па краях узгорак паніжаецца, утварае роў, вакол якога насыпанывал вышынёй 1,2 - 1,5 м. Раней на пляцоўцы ляжаў камень-следавік, ад якога захавалася частка з паглыбленнем, што ўшаноўвалася мясцовым насельніцтвам як “адбітак ступні Божай Маці”. Побач з камнем-следавіком стаяць архаічны каменны крыж (вышыня 0,6 м і шырыня 0,47 м). Жалезны і драўляны крыжы. У цэнтры пляцоўкі на глыбіні 0,2 м выяўлены вуглістыя плямы і камяні. Ва ўсходняй частцы вала на глыбіні 0,8-1 м знойдзены вуголле і фрагменты ляпной керамікі.

Язычнікае свяцілішча знаходзіццак аля вёскі Крамянец (Лагойскі р-н) у лесе, дзе размешчаны так званы Дажджбогаў (Святы) камень. Даўжыня каменя 1,03 м, шырыня 0,7 м, вышыня 0,6 м. На амаль плоскай яго паверхні ёсць адпаліраваныя паглыбленні штучнага паходжання: 3 авальныя (даўжыня 20 -36 см шырыня 15-20 см) і два круглыя талеркападобныя (дыяметр каля 20 см). Да гэтага часу да камяня пад час святаў (асабліва на Вялікдзень) прынята прыносіць ахвяраванні - у асноўным манеты альбо кветкі. Пад час археалагічных раскопак выяўлены культурныя напластаванні магутнасцю 0,1 - 0,4 м, у якім знойдзены неапрацаваныя крамяні, жалезныя прадметы і манеты ХІХ - ХХ стст. Вакол Дажджбогавага камяня расчышчана прамавугольная ў плане каменная пляцоўка памерамі 2,8х3,0 м, якая арыентавана па магнітных палюсах.

Па археалагічных і этнаграфічных даных можна меркаваць, што язычніцкія свяцілішчы (капішчы) існавалі каля вёсак Бікульнічы і Турэц-2 (Полацкі р-н), Хільчыцы (Жыткавіцкі р-н), Радагошча (Навагрудскі р-н), Кіявец (Крупскі р-н), Лапухова (Слонімскі р-н), Зубраўка (Шчучынскі р-н), г. Косава (урочышча Мерачоўшчына) (Івацэвіцкі р-н), на востраве Богінскага возера (Браслаўскі р-н) і інш. На тэрыторыі Беларусі вядома каля 300 культавых валуноў. Прыкладна трэць з іх складаюць так званыя камяні-следавікі, якія звычайна далучаюць да групы магічных камянёў ці фетышаў. Адметнай асаблівасцю следавікоў лічыцца адбіткі на паверхні камяня ў выглядзе нагі альбо далоні чалавека (антрапаморфныя) і паглыбленні ў форме слядоў розных жывёл (зааморфныя). Найбольш вядомыя з іх каля вёсак Дзераўно (Лагойскі р-н), Куцаўшчына (Капыльскі р-н), Малькавічы (Ганцавіцкі р-н), Наўгароды (Мёрскі р-н), Сянежычы (Навагрудскі р-н) і інш. Мясцовыя назвы следавікоў: Божы камень,, След Божай маці, След Хрыста, Чортава ступня і інш.

На капішчах устанаўлівалі каменныя, драўляныя альбо металічныя скульптурныя выявы язычніцкіх багоў, якія называліся ідалы (лакальныя беларускія варыянты - стоды, балваны). Кожны ідал быў увасабленнем пэўнага язычніцкага бога. Паводле летапісу, каля 980 г. кіеўскі князь Уладзімір паставіў у Кіеве побач са сваімі харомамі выявы тагачасных багоў. “Нача къняжити Володимир в Кыеве един. И постави кумиры на хълме въне двора теремьнаго: Перуна древяна, а главу его сьребряну, а ус злат, и Хърса, и Жажьбога, и Стрибога, и Семарьгла, и Макошь”. Пасля прыняцця хрысціянства значная частка ідалаў была знішчана. Яны закопваліся ў зямлю ці тапіліся ў вадаёмах і балотах. Часам ідалы выкарыстоўваліся хрысціянскай царквою паўторна: на іх выбівалі крыжы альбо надавалі ім форму крыжа.

У 1925 годзе ў падножжа Замчышча ў Ваўкавыску на глыбіні 1,5 м выяўлены высячаны з пясчанніку ідал. Ён уяўляў сабою прымітыўную фігурку чалавека вышынёй 0,95 м. Галава і тулава зроблены аб’ёмна, а вочы, нос і рот вызначаны вельмі слаба. У 1935 годзе на ўскрайку Слоніма ва ўрочыічы “Дубкі” знайшлі ідала з вапняковага камяню. Яго памеры 46х22х15 см. Гэта пагрудная выява мужчыны без рук з выразным у профіль тварам, з шырокім з гарбінкай носам, зціснутымі вуснамі і выступаючым падбародкам. У слонімскага ідала вельмі выразныя вочы, рот і добра абазначана шыя. У 1963 годзе каля Шклова на беразе р.Серабранка была вымыта скульптурная выява язычніцкага ідала. Ён высечаны з пясчанніку, вышыня 1,2 м, вага каля 250 кг. Тулава цыліндрычнае, ніжняя частка апрацавана як пастамент, твар мае індывідуальныя рысы.

У асэнсаванні духоўнай культуры насельніцтва Беларусі ў раннім сярэднявеччы значную ролю мае рэканструкцыя пахавальнага абраду. Негледзячы на распаўсюджванне хрысціянства вясковае насельніцтва яшчэ многія стагоддзі прытрымлівалася язычніцкага пахавальнага абраду. Язычніцкая традыцыя назіраецца ў самым звычаі насыпаць курганы, у шырокім выкарыстоўванні агню пры пахаваннях (пракальванне глебы на падэшве, попельна-вугальныя праслойкі), ў знаходках рэштак страў і трызны. У адпаведнасці з язычніцкімі вераваннямі, хаваючы нябожчыка ў святочным адзенні, забяспечвалі яго ўсім неабходным - прыладамі працы, ежай, зброяй. Часта перад засыпаннем магілы ў яе кідалі каштоўныя рэчы - дар памерламу.

З язычніцкімі вераваннямі і ў першую чаргу з заклінальнай магіяй звязаны прывескі-амулеты (абярэгі). Насілі амулеты з іклаў і костак жывёл. У Ваўкавыску з Х па XI¡ стст. выкарыстоўвалі амулеты з мядзьвежых іклаў з прасвідраванай дзюркай. У Маскавічах (Браслаўскі р-н), па вызначэнню В.В.Шчагловай, былі амулеты з астрагалаў зайца, лісіцы, каня. Як абярэгі даволі часта выкарыстоўвалі зубы іншых дзікіх жывёл: ваўка, дзіка, бабра. Магічны змест сярод насельніцтва мелі разнастайныя падвескі, якія насілі часам па некалькі штук. Напрыклад, бурштынавыя падвескі і пацеркі лічыліся амулетамі, што ахоўваюць ад дурнога вока. Ракавіны кауры вядомы ня толькі як грашовыя адзінкі, але як і культавыя рэчы. У Нукшынскім могільніку ХІ - ХІІІ стст. (Усходняя Латвія) ракавіны кауры выяўлены ў пахаваннях пажалых жанчын. Рытуальнае значэнне мелі таксама шматлікія бразготкі, зноўдзеныя на паселішчах і ў пахавальных помніках. Апошнія згодна вераванням, лічыліся эмблемай бога-грамавержца, які ахоўваў людзей ад злых духаў і праганяў ад іх нячыстую сілы.

Формай светаўспрымання ў нашых продкаў з’яўляўся культ прыроды. Падвескі-луніцы сімвалізавалі месяц, яны знойдзены ў кургане пад Барысавам, у Беларускім Падняпроўі ў курганах радзімічаў, а таксама ў Мінску, Полацку. Плоскія стылізаваныя канькі і полыя шумячыя падвескі-конікі лічыліся ўвасабленнем дабрыні, шчасця і ўрадлівасці. Са старажытных часоў конь быў уведзены ў славянскую аграрна-магічную абраднасць і звязваўся з сонцам. Канькі сустракаюцца пры раскопках курганоў, а таксама знойдзены ў Мінску, Лукомлю, Лагойску, Віцебску.. Бранзалеты са стылізаванымі зааморфнымі канцамі былі звязаны з культам змяі. Яны часта сустракаюцца на тэрыторыі Беларусі ў пахавальных помніках. Залаты бранзалет з зааморфнымі галоўкамі вагай каля 75,5 г быў знойдзены на Мінскім замчышчы. Засцярагальны характар мелі шматлікія пласцінчатыя бранзалеты з разнастайным геаметрычным арнаментам. Хвалісты ўзор альбо перапляценне драцінак увасаблялі сімвал вады. Сімваламі сонца з’яўляліся таксама падвескі з крыжам ў коле. У курганных пахаваннях Х - ХІІІ стст. сустракаюцца падвескі-крыжыкі. Сваеасаблівай разнавіднасцю крыжа з’яўлялася свастыка з прамавугольнымі альбо закругленымі адросткамі на канцы кожнага з чатырох праменёў, якія адлюстроўвалі кручэнне інструмента для здабычы агня. Свастыка была сімвалам не толькі зямнога, але і нябеснага агня, г.зн. сонца. Яе выявы знойдзены ў выглядзе клемаў на донцах гаршкоў на паселішчах Заслаўе, Мінск, Ваўкавыск, Лоск (Валожынскі р-н), Дрысвяты (Браслаўскі р-н) у курганных пахаваннях каля вёсак Юдзічы (Рагачоўскі р-н), Перавоз (Глыбоцкі р-н), Пацава Слабада (Кіраўмкі р-н), Костыкі (Вілейскі р-н), у грунтовым могільніку Пашавічы (Браслаўскі р-н); налобнае ўпрыгожванне з ціснёных бляшак з выявай свастыкі раскапана ў каменнай магіле каля вёскі Куклі (Воранаўскі р-н); у Полацку - плінфа з кляймом “свастыка”.

Пачынаючы з ХІ ст. на тэрыторыі Беларусі распаўсюджваюцца прывескі-амулеты ў выглядзе ключыкаў, сякерак, лыжачак і іншых мініятурных прадметаў побыту. Старанна зробленыя бронзаввыя ключыкі з бародкамі знойдзены ў Гродна. У Навагрудку выяўлены мініяцюрны шырокалязовая сякерка (вышыня 7 см, шырыня ляза 4 см). На лязу выбіты знак у выглядзе вострага вугла (стралы), звернутага вяршыняй уверх. У Полацку, Лукомлю, Навагрудку знойдзены падвескі ў выглядзе лыжачак. Ключ у славянскіх язычніцкіх вераваннях быў сімвалам багацця і дабрабыту, сякера - сімвал бога Пяруна. Яшчэ ў Х - ХІІ стст. вобраз гэтага бога асацыяваўся сярод славянаў-язычнікаў з вогненнай сякерай, якая ляціць па небу. Лыжка з’яўлялася сімвалам сытасці, дабрабыту і заможнасці.

Аберэгамі верагодна лічыліся амулеты-змеявікі. У Заслаўі знойдзены бронзавы змеявік на ліцавым баку якога выразная выява галавы чалавека, якая абкружана змеямі. Галава пакоіцца ўзорчатым шчытку з чатырма літарамі даючымі разам слова “дъна”. Сэнс гэтага слова “нутро” чалавека, ад спакойнага добрага стану якога залежыць здароўе, як лічылася ў старажытнасці. Амулет-змеявік канца ХІІ - пачатку ХІІІ стст. выяўлены ў Ваўкавыску. На ліцавым баку якога фігура архангела Міхаіла ў поўны рост з магучымі апалымі крыламі, а па краях надпіс з літар і літарападобных знакаў. З адваротнага боку прадстаўлены змеяпадобныя істоты зплецяныя ў клубок, а вакол не выразны надпіс.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]