Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Uch_pos.doc
Скачиваний:
41
Добавлен:
16.11.2019
Размер:
789.5 Кб
Скачать

Раздзел 2. Усходнеславянскія і балтскія плямёны на тэрыторыі беларусі

ДРЫГАВІЧЫ

Дрыгавічы - адно з летапісных усходнеславянскіх племянных аб’яднанняў, якія ў ІХ - ХІІІ стст. займалі вялізную тэрыторыю паўднёвай, заходняй і цэнтральнай Беларусі. Упершыню ў пісьмовых крыніцах яны ўзгадваюцца ў недатаванай частцы “Аповесці мінулых гадоў” у паданні аб рассяленні славянскіх плямёнай па Усходне - Еўрапейскай раўніне: “... а друзии седоша межю Припетью и Двиною и нарекошася дреговичи”. На этнічную прыналежнасць гэтага народа указвае чарговае летапіснае паведамленне “се бо токмо словенескъ язык в Руси: поляне, древляне, ноугородци, полочане, дреговичи ...”. Тамсама сустрэнем інфармацыю аб сацыяльна-палітычным ладзе дрыгавічоў “... держати почаша род их княженье в полях, а в древлях свое, а дреговичи свое ...”. Першай датаванай звесткай у гістарычных крыніцах , дзе ўзгадваюцца дрыгавічы, прынята лічыць працу візантыйскага імператара Канстанціна Парфірагенета “Аб кіраванні дзяржавай” (948 - 952 гг.). Яны пералічаны сярод іншых усходнеславянскіх плямёнаў, якія выплочвалі даніну кіеўскаму князю. Наступнае паведамленне аб гэтым народзе сустракаем на старонках летапісаў пад 1116 годам, калі менскі князь Глеб Усяславіч “... бо бяще воевал дреговичи и Случеск пожег...”. Да 1149 года адносіцца апошняя ўзгадка аб дрыгавічах. Вялікі кіеўскі князь Юры Уладзіміравіч Даўгарукі перадае чарнігаўскаму князю Святаславу Вольгавічу “... и Случеск и Клечьск и вси дреговиче”.

Паходжанне назвы дрыгавічы даследчыкі , галоўным чынам , звязваюць з прыроднымі асаблівасцямі тэрыторыі заселянай гэтым племянем - раён Прыпяцкага Палесся, які характарызуецца значнай забагненнасцю, вільготнасцю ( беларускае “дрегва”, “дрыгва”, украінскае “дряговина”, літоўскае “drёgnas”).

Археалагічнае вывучэнне старажытнасцей цэнтральнай і паўднёвай Беларусі вядзецца з пачатку ХІХ ст. Сярод першых даследчыкаў назавем Т.Нарбута, К.Тышкевіча, М.Турбіна, Г.Татура і іншых. Асноўным жа даследчыкам па сёняшні дзень быў і застаецца Уладзімір Зянонавіч Завітневіч. На працягу 1885 - 1892 гадоў ён раскапаў каля 700 курганоў у 82 могільніках у розных раёнах тэрыторыі рассялення летапісных дрыгавічоў - у басейне Прыпяці, на Дняпры, у басейне Бярэзіны і верхоўяў Нёмана. Наступны перыяд сур’ёзнага вывучэння дрыгавіцкіх помнікаў прыпадае на 20 - 30-е гады ХХ ст. Каля 400 курганных насыпаў было раскапана А.Ляўданскім, С.Дубінскім. І.Сербавым і іншымі. На жаль большасць рэчавага матэрыялу і палявой дакументацыі гэтых даследаванняў беларускіх археолагаў загінула падчас сталінскіх рэпрэсій і другой сусветнай вайны. Пасля вайны даследаваннем археалагічных помнікаў на дрыгавіцкай тэрыторыі займаліся Ю.Кухарэнка, Т.Раўдзіна, В.Сядоў, П.Лысенка, Т.Каробушкіна і іншыя. У выніку гэтай працы быў атрыманы багаты матэрыял, які дазволіў больш падрабязна ахарактарызаваць сацыяльны лад, узровень гаспадаркі, матэрыяльнай і духоўнай культуры, удакладніць межы рассялення аднаго з усходнеславянскіх плямёнаў - дрыгавічоў.

Археалагічнае вывучэнне курганных старажытнасцей на тэрыторыі Усходняй Еўропы ў перыяд сярэднявечча засведчыла, што летапісныя ўсходнеславянскія плямёны ўжывалі спецыфічныя, толькі для іх характэрныя формы і тыпы жаночых упрыгожанняў. Яшчэ Ул.Завітневіч заўважыў, што для дрыгавічоў самай важнай этнавызначальнай адзнакай з’яўляюцца вялікія медныя альбо сярэбраныя пацеркі, аздобленыя напаянымі на іх паверхню дробнымі па памерах сярэбранымі шарыкамі - зерню. Падобныя пацеркі ў складзе каралей амаль не вядомы на тэрыторыях рассялення іншых усходнеславянскіх плямёнаў. Больш таго, дрыгавіцкія пацеркі адсутнічаюць у курганных групах, дзе сустракаюцца скроневыя жаночыя ўпрыгожванні другіх славянскіх групаў. Другой этнічнай адзнакай дрыгавічоў лічацца дротавыя скроневыя кольцы, на якіх замацаваны па 3 металічныя пацеркі невялічкіх памераў.

На падставе распаўсюджанні этнавызначальных прадметаў тэрыторыя рассялення дрыгавічоў выглядае наступным чынам. На ўсходзе мяжа праходзіла па правым беразе Дняпра ад Брагіна на поўдні да Нова Быхава на поўначы. Шэраг пахаванняў з дрыгавіцкімі пацеркамі сустракаецца і на левым беразе на тэрыторыі расялення радзімічаў. Паўночна-ўсходняя мяжа дрыговічоў праходзіла прыкладна па вадападзелу Друці і Бярэзіны Дняпроўскай, а паўночная - ў раёне Барысава, Лагойска, Заслаўя. Далей уздоўж Нёмана да Гродна. Тут дрыгавічы перамешваліся з крывічамі ды валынянамі. На захадзе мяжа даходзіла да Заходняга Бугу, дзе іхнімі суседзямі былі мазаўшанскія плямёны. Найбольш выразнай была паўднёвая мяжа. Яна цягнулася на поўдзень ад Прыпяці ад Заходняга Бугу да Дняпра, падзяляючы дрыгавічоў з валынянамі, драўлянамі і палянамі.

Найбольш шматлікай катэгорыяй археалагічных помнікаў дрыгавічоў з’яўляюцца курганны. Яны ўяўляюць сабой насыпы з пяску круглыя ў плане і паўсфярычныя па форме. Вышыня іх звычайна ад 0,8 да 1,8 м, дыяметр 10 -12 м. Звычайна курганы размяшчаюцца групамі па некалькі дзесяткаў у могільніку. На тэрыторыі дрыгавічоў вядомы могільнікі у якіх налічваецца больш за 100 насыпаў - Мохава 620 (Лоеўскі р-н), Мерулін 500, Ленеўка 300, Валасовічы 267, Левашы 150. Па абраду пахавання памерлых дрыгавіцкія курганы падзяляюцца на дзве галоўныя групы - пахаванні з трупаспаленнем і трупапалажэннем. Пры чым колькасна значна пераважаюць курганы з трупапалажэннем.

Курганы з крэмацыяй падзяляюцца на пахаванні , у якіх трупаспаленне зроблена ў іншым і ў якіх трупаспаленне зроблена непасрэдна на месцы пабудовы насыпу. Рэшткі крэмацыі размяшчаюцца на мацярыку ці ў насыпу на падсыпцы, у ўрне альбо без яе. Абрад трупаспалення вядомы на ўсёй тэрыторыі рассялення дрыгавічоў, аднак значна часцей сустракаецца ў Падняпроўі. Курганы з крэмацыяй амаль заўсёды знаходзяцца ў складзе могільнікаў разам з курганамі з трупапалажэннем (Рычава Жыткавіцкі р-н, Любонічы Кіраўскі р-н, Завужэльле Рэчыцкі р-н, Скрыгалаўская Слабада Мазырскі р-н, Валасовічы, Лінёўка , Мохаў і інш.)

Курганныя насыпы з пахаваннямі па абраду інгумацыі падзяляюцца на групы па месцазнаходжанню ў насыпу памерлага: на мацярыку, у насыпу кургана і ў пахавальнай яме. Праўда, пахаванні другога тыпу даволі рэдкія, а дамінуюць пахаванні першага тыпу. Выкарыстоўванне пахавальнай ямы больш распаўсюджана ў паўднёва-ўсходняй частцы дрыгавіцкага рассялення. Пахаванні на мацярыку ў шэрагу выпадкаў адрозніваюцца дэталямі рытуальнай абраднасці. Як традыцыі язычніцкай культуры сустракаюцца вугальна-попельныя праслойкі і вогнішчы ў пахаваннях з трупапалажэннямі, абапальванне пахаванага альбо труны на месцы пабудовы кургана. Часта пябожчыка хавалі ў труне ў падкурганнай яме, як набліжэнне да хрысціянскіх кананічных норм, радзей над памерлым узводзілі спецыяльныя пабудовы ў выглядзе бярвенчатага зрубу ў адзін - два вянцы з двухскатным дахам. У могільніку каля вёскі Мікулічы (Рэчыцкі р-н) ў некаторых курганах сценкі пахавальнай ямы былі абмазаныя вапнавай рошчынай.

Палажэнне шкілетаў у дрыгавіцкіх курганах супадает з агульнаславянскім: на спіне, галавой на захад. Сустракаюцца незначныя адхіленні на паўночны захад альбо паўднёвы захад, выкліканыя восеньскім ці вяснавым перыядамі. Зрэдку трапляюцца сідзячыя пахаванні. Звычайна, у кургане хавалі аднаго нябожчыка, аднак вядомы і падвойныя пахаванні - мужчынскія, жаночыя і змешаныя. Выразнай храналагічнай мяжы змены пахавальнай абраднасці ў дрыгавічоў не назіраецца. У залежнасці ад мясцовых умоў стары абрад (крэмацыя) і новы (інгумацыя) доўгі час існавалі сінхронна. Аднак на падставе інвентара і элементаў пахавальнага рытуалу магчыма вызначыць перыяды існавання і змены аднаго абрада на другі. Трупаспаленні ў ўрнах і безурнавыя ў насыпу кургана датуюцца Х ст., трупаспаленні на мацярыку і трупапалажэнні ў насыпу - канцом Х - пачаткам ХІ ст., трупапалажэнні на мацярыку - ХІ - ХІІ стст., трупапалажэнні ў падкурганай пахавальнай яме з’яўляюцца прыкладна з сярэдзіны ХІІ ст.

Пахаванні дрыгавічоў бедныя рэчавым матэрыялам, вельмі часта ён зусім адсутнічае. Малалікасць інвентара ў курганах з крэмацыяй тлумачыцца знішчэннем рэчаў на рытуальным вогнішчы. Таксама бедныя, а часам безінвентарныя, пахаванні ў падкурганных ямах. Адрозніваюцца па багаццю паміж сабой мужчынскія і жаночыя пахаванні. Першыя ўтрымліваюць менш рэчаў. Шэраг прадметаў побыту і элементаў касцюму сустракаюцца як у мужчынскіх, так і жаночых магілках. У першую чаргу гэта ганчарныя гаршкі (цэлыя альбо фрагменты), часам па два ці тры, размешчаныя каля галавы альбо ног нябожчыка. Ляпная кераміка ў дрыгавіцкіх курганах з’ява рэдкая. Даволі часта знаходзяць драўляныя вёдры. Шырока распаўсюджаны нажы, паясныя спражкі і кольцы, звычайныя дротавыя пярсцёнкі. У мужчынскіх пахаваннях выяўляюць баявыя і гаспадарчыя сякеры, наканечнікі коп’яў і стрэлаў, калачападобныя крэсівы. У жаночых пахаваннях знаходзяць сярпы, нажніцы, праселкі.

Найбольш багатая катэгорыя знаходак з дрыгавіцкіх курганоў - жаночыя ўпрыгожанні. Самая шматлікая гэта разнастайныя пацеркі - металічныя, каменныя, крыштальныя, бурштынавыя, шкляныя пазалочаныя і пасярэбраныя, шматколярныя. Як адзначалася, асаблівай увагі заслугоўваюць металічныя ажурныя буйназярністыя пацеркі, сваеасаблівы этнавызначальны элемент дрыгавіцкай культуры.

У жаночых пахаваннях шырока распаўсюджаны і невялікія (дыяметрам каля 2 см) дротавыя паўтараабаротныя скроневыя кольцы, якія сустракаюцца па ўсёй тэрыторыі дрыгавічоў. Другі тып скроневых калец - гэта дротавыя пярсцёнкападобныя з трыма пацеркамі. У адрозненні ад іншых тэрыторый ужывання трохпацеркавых скроневых калец дрыгавічы выраблялі іх спецыфічным чынам. На медны дротавы каркас цыліндрычнай, бочкападобнай ці круглай формы напайвалася буйная зернь са срэбраных шарыкаў, што стварала прыгожае спалучэнне колераў матава-белага і медна-чырвонага.

Не характэрны і рэдкія для дрыгавіцкага насельніцтва грыўны і прывескі. Апошнія, вырабленыя з арабскіх дырхемаў сярэдзіны Х ст., сустракаюцца ў розных раёнах дрыгавіцкага арыяла. Не шматлікія ў пахаваннях бранзалеты. У асноўным гэта простыя, дротавыя, вітыя і завязаныя, псеўдавітыя і пласцінчатыя. Шырока распаўсюджаны разнастайныя пярсцёнкі з медзі, білона, срэбра: дротавыя (простыя, спіральныя, вітыя) і пласцінкавыя (шырокасярэдзінныя і усатыя). Параўнальна тыпалагічным метадам большую частку дрыгавіцкіх старажытнасцей магчыма прадатаваць Х - ХІІІ стст.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]