Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Uch_pos.doc
Скачиваний:
41
Добавлен:
16.11.2019
Размер:
789.5 Кб
Скачать

Пісьменнасць

З працэсам хрысціянізацыі насельніцтва сярэднявечнай Беларусі пашыраецца і паглыбляецца асвета і пісьменнасць. Аб геаграфіі і узроўні пісьменнасці сярод тагачаснага насельніцтва сведчаць шматлікія археалагічныя матэрыялы. Асаблівае месца сярод іх займаюць спецыяльныя прыстасаванні для пісьма - так званыя пісала альбо стылі. Гэта стрыжань даўжынёй 8 - 13 см, завостранны на адным канцы і з лапатачкай на другім. Ва Ўсходняй Еўропе касцяныя пісалы з’яўляюцца ў Х ст., а з ХІ ст. шырока распаўсюджваююца металічныя (бронзавыя і жалезныя). Вострым канцом пісалі на бяросці або на пакрытай воскам дошчачцы. Лапатачкай разгладжвалі воск і сціралі напісанае. Лапаткі мелі форму кубачка (раннія), пяцівугольніка ці авала са зрэзаным верхам, перавернутага трохвугольніка (пазнейшыя). На тэрыторыі Беларусі пісалы знойдзены ў Навагрудку (14 экз.), Ваўкавыску (12 экз.), Мінску (7 экз.), Брэсце (5 экз.), Друцку (3 экз.), Полацку, Браславе, Слуцку (2 экз.), Тураве, Пінску, Слоніме, Копысі (па 1 экз.).

Акрамя прыладаў для пісання на археалагічных помніках выялена шмат прадметаў з надпісамі, выкананымі кірілічным альфабэтам, з асобнымі літарамі, з рознымі літарападобнымі знакамі і малюнкамі. У Ноўгарадзе Вялікім былі знойдзены пячаткі полацкіх князёў і княгінь: Ізяслава Ўладзміравіча (памёр у 1001 годзе) , на якой з ліцавога боку выява знака Рурыкавічаў (трохзубец) вакол якога надпіс кірылічнымі літарамі “Изас(лав)ос”. Гэта адзін са старажытнейшых эпіграфічных помнікаў на тэрыторыі Ўсходняй Еўропы. Там жа выяўлены пячаткі ХІІ, якія належалі Еўфрасінні Полацкай з надпісам “Иефросіня г(осподи)и помози рабе своей Ефросини нарецаемой” і полацкім епіскапам Дыянісію і Міне. Пры раскопках Кукенойса (сучасная тэрыторыя Латвіі) знойдзена пячатка сярэдзіны ХІІ стст., якая магчыма належала маці полацкай асветніцы Еўфрасінні. На ёй выява святых і два надпісы ў слупок “Агія София” і “Агіос Георгіос” (Святыя Сафія і Георгі). Жаночыя пячаткі, характэрныя для Полацкай зямлі, вельмі рэдкія ў іншых княствах. Свінцовая пячатка ХІІ ст. на адным баку якой выява Іана Хрысціцеля, а на другім надпіс “Дънеслово”. На пячатцы з Гомеля змешчана выява св. Фёдара з дзідай у правай руцэ, а на адвароце - дабразычлівы надпіс з імем Фёдара па-грэцку; з Віцебску - выява Феадора Цірона з надпісам “ги помзі рабу свое...”; з Ваўкавыску - надпіс “Сімеон”. У тым жа Ваўкавыску знойдзена пячатка з выявай самаго князя. Ён стаіць з кароткім кап’ём у правай руцэ і круглым шчытом у левай, на галаве - карона. На ёй захаваўся надпіс “Дмитри”.

Надпісы сустракаюцца і на прадметах рэлігійнага культу. У Ваўкавыску знойдзены медны пазалочаны абразок ХІІ ст. з выявай св.Дзмітрыя і надпісам “Димитри”, тамжа выяўлены каменны абразок са словам “Гавриил”. Падобны з надпісам “Николас агиос” раскапаны ў Навагрудку. З Гродна паходзіць медны абразок на якім эмаллю зроблены надпіс “агиос Иоан”. На каменных выразаных абразках з Мінскага замчышча змешчаны імёны “Никола”, “Стефан”, “Петр”. Каля рэштак Ніжняй царквы ў Гродна (сярэдзіна ХІІ ст.) знойдзены фрагмент звана з рэльефным надпісам па краю.

Сведчаннем распаўсюджвання пісьменнасці не толькі ў асяродзі царкоўнікаў і князёў з’яўляюцца надпісы-графіці прачэрчаныя вострымі прадметамі на побытавых рэчах, костках жывёл і сценах будынкаў. У Кіеўскай Сафіі на сцяне можна прачытаць: “Воинег писал Журяговиць полоцянин”. На ўнутранным слупе Спаскай царквы Еўфрасіньеўскага манастыра ў Полацку захаваўся надпіс кіпылічнымі літарамі: “Месяца сентября преставился раб Иван...” Літары ад графіці на тынкоўцы дома ХІІ ст. выяўлены ў Навагрудку.

Вядомы фрагмент чыовонаглінянай амфары з Пінску з надпісам “ополчо вино” (Ярополче вино). Амфара з надпісам “Олъкъсн” (праўдападобна, Аляксей) выяўлена на пасаде Навагрудка ў культурных напластаваннях першай паловы ХІІ ст. Даволі часта графіцці сустракаюцца на шыферных праселках ХІ - ХІІІ стст. На падобнай знаходцы з Гродна змешчаны двухрадковы надпіс: “Ги (пад тытлам) помози рабе (адзін радок) своей не...(далей не чытэльна, другі радок)”. На праселку з Ваўкавыску маецца аднарадковы надпіс з 13 літар: “ГО(споди) ПОМОЗИ РАБУ С(воему). Праселкі з надпісамі “Настасино прасльн” знойдзена ў Пінску, “Бабино пряслень” - на Віцебшчыне, “кьняжинье” і “ника” - у Друцку, “депрясл” - у Дрысвятах, на трох полацкіх надпісы не чытэльны, літарападобныя знакі знаходзяцца на васьмі праселках з гарадзішча Маскавічы (Браслаўскі р-н). Унікальнай знаходкай з’яўляецца самшытавы грабеньчык пачатку ХІІІ стст. раскапаны ў Брэсце, на якім з аднаго боку выразаны кірылічныя літары ад “А” да “Е”, а з другога ад “Ж” да “Л”. Надпісы сустракаюцца і на сярэбраных плацёжных злітках. Каля вёскі Слабадка (Мінскі р-н) у 1902 г. знойдзены скарб ХІІІ - XI¡ стст. на адным са зліткаў якога чытаецца слова “птрва” (Пятрова).

Асаблівую катэгорыю эпіграфічных помнікаў Беларусі складаюць малюнкі і надпісы на костках жывёл знойдзеныя пад час раскопак на гарадзішчах Маскавічы і Рацюнкі (Браслаўскі р-н). Выявы на костках выкананы ў тэхніцы прадрапвання і выразання. Яны падзяляюцца на тры групы: 1) малюнкі; 2) адзінкавыя альбо групы знакаў; 3) рашоткі альбо сеткі. Сярод малюнкаў вылучаюцца выява чалавека з мячом у правай руцэ і зкаронай на галаве, два малюнкі з выявай лучніка, чатыры “партрэты” воіна ў кальчызе ці панцыры і шлеме, і адна выва аголянай жанчыны. Вылучаюцца сюжэтныя малюнкі. На адным адлюстраваны ваін у баявой позе. Ён у кальчузе і шлеме, з мячом у правай руцэ і міндалепадобным шчытом у левай. На заднім плане знаходзіцца лодка побач з якой другі воін. На абломку другой косткі злева намаляваны трохкутнік са знакам трызубца, справа ладдзя з ветразем і чалавекам на карме. На трэцяй костцы паказаны два воіна, якія б’юцца на мячах. Прыцягвае ўвагу сюжэт, дзе адлюстравана лодка, у якой два чалавекі з распасцёртымі рукамі, справа ад іх - схематычная выява натоўпу людзей. У цэнтры паміж натоўпам і лодкай крыж, па канцах і ў сярэдзіне якога размешчаны тохкутнікі. Гэты сюжэт паказвае сустрэчы альбо развітанне маскавіцкіх жыхароў з людзьмі, якія прыплылі ці адплываюць на караблі. На костках таксама выяўлена 265 розных знакаў. Асноўная большасць з іх супастаўляецца са знакамі скандынаўскіх малодшарунічных алфавітаў сярэдневяковага рада. Падобнае з’яўляецца яскравым сведчаннем кантактаў паміж насельніцтвам Беларускага Падзвіння і Скандынавіі ў ХІ - ХІІІ стст.

Выдатным помнікам эпіграфікі з гарадоў Ўсходняй Еўропы з’яўляюцца берасцяныя граматы - пісьмы, запіскі і дакументы ХІ - Xˇ стст. на кусках бярозавай кары звязаныя з шырокімі сацыяльнымі слаямі тагачаснага грамадства. Літары надрапвалі пісаламі на ўнутраным баку бяросты. Першая берасцяная грамата была знойдзена ў 1951 годзе пад час археалагічных раскопак у Ноўгарадзе. Да канца 1994 года граматы вядомы з васьмі гарадоў: Ноўгарад - 753, Старая Руса - 26, Смаленск - 15, Пскоў - 8, Звенігорад Галіцкі - 3, Цвер - 2, Віцебск, Мсціслаўль, Масква - па 1. Першая беларуская бэрасцяная грамата знойдзена ў 1959 годзе ў Віцебску пад час будаўнічых прац. Па палеаграфічных асаблівасцях яна датуецца другой паловай ХІІІ - першай паловай XI¡ стст. Яе тэкст: “От Степана къ Нежилови. Оже еси продалъ порты, а купи ми жита за 6 гривенъ. А ли цего еси не продалъ, а посли ми лицемь. А ли еси продалъ, а добро сътворя у купи ми жита” (Ад Сцяпана да Нежылы. Калі ты прадаў адзенне, то купі мне жыта на 6 грыўняў. А калі чаго не прадаў, то прышлі мне ў наяўнасці. Калі ж прадаў, то будзь ласкаў, купі мне жыта). Другую грамату выявіў у 1980 годзе Л.Аляксеяў пад час раскопак у Мсціслаўле ў культурных напластаваннях пачатку ХІІІ стст. Гэта фрагмент з дзвюма радкамі: у першым гаворыцца пра пшаніцу на суму 4,5 грыўні, у другім - пра нейкага Сямёна. З Беларусю звязаны шэраг берасцяных грамат зноўдзеных у Ноўгарадзе. Адна з іх напісана ў ХІ ст. Жыравітам жыхаром Полацка альбо Віцебска. У асобных наўгародскіх граматах узгадваюцца “Гавъко Полоцанино” (жыхар Полацка), справа якога разбщралася ў судзе, і палонны, выкупленны з Полацка.

На тэрыторыі Беларусі вядомы манументальныя эпіграфічныя помнікі ХІІ стст. так званыя “Барысавы камяні”. Гэта вялізныя валуны з высечанымі на іх 6-канцовымі крыжамі і падпісамі “господи помози рабу своему Борису”. Пяць падобных камянёў вядомы ў рэчышчы Заходняй Дзвіны каля вёсак Падкасцельцы (Полацкі р-н) (у 1981 годзе перавезяны ў Полацк і ўстаноўлены на Верхнім замку каля Сафійскага сабору), Балоткі - 2 штукі (Мёрскі р-н) (адзін з іх у 1887-88 гг. перавезяны ў Маскву і захоўваецца ў мезеі-запаведнзку “Каломенскае”), Накоўнікі (Мёрскі Р-н), мястэчка Друя (Браслаўскі р-н) (адзіны захаваўшыся ў вадзе). Два з “Барысавых камянёў узарваны ў канцы 1930-х гадоў з мэтай барацьбы супраць рэлігіі. Яшчэ вядомы два камяні на сушы: каля в.Высокі Гарадзец (Талачынскі р-н), узарваны ў 1936 годзе, асколкі скарыстаны на будаўніцтве аўтамагістралі Мінск - Масква, і каля в.Дзятлава (Аршанскі р-н). Надпіс на апошнім адрозніваецца ад іншых: “В лето 6679 (г.зн. - 1171 г.) мая в 7 день доспен (г.зн. - высячаны) крест сей. Господи помози рабу своему Василию в крещении именем Рогволоду сыну Борисову”. Да прыняцця хрысціянства “Барысавы камяні” былі язычніцкімі фетышамі. Лічыцца, што надпісы на іх былі высячаны ў час вялікага голаду ў пачатку мая 1128 года, у дні барысаглебскіх аграрных святаў. А імя Барыс звязваецца з полацкім князем Барысам Усяславічам (1127-1129 гг.).

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]