Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Uch_pos.doc
Скачиваний:
45
Добавлен:
16.11.2019
Размер:
789.5 Кб
Скачать

Раздзел 3. Археалогія сталага сярэднявечча хі - хііі стст. Населеныя пункты

Сярод усіх катэгорый археалагічных помнікаў найбольш канцэнтраваную і важную гістарычную інфармацыю ўтрымліваюць у сабе рэшткі паселішчаў. Імклівае пашырэнне геаграфіі раскопак і шматкратнае павелічэнне маштаба работ ставяць на павестку дня пытанне аб усебаковым вывучэнні характэрных рысаў і асаблівасцяў розных тыпаў сярэднявечных паселішчаў. Неабходна адзначыць, што тут мы сутыкаемся з прынцыпова важным пытаннем: суадносіны археалагічнай тэрміналогіі, заснаванай на фармальнай, знешняй тыпалогіі помнікаў (гарадзішча-селішча) з гістарычнай разнастайнасцю тыпаў паселішчаў, заснаванай на іх сацыяльна-эканамічнай сутнасці. Калі ў першым выпадку размежаванне археалагічных помнікаў вялікай цяжкасці не ўяўляе, дык у другім гэта ўдаецца зрабіць на падставе скрупулёзнага аналізу іх матэрыяльнай культуры з прыцягненнем, па магчымасці, дадзеных пісьмовых крыніц. З летапісаў і актавых матэрыялаў вядома аб існаванні ва Усходняй Еўропе стольных гарадоў і гарадоў-цэнтраў валасцей, гарадоў-прыгарадаў, пагостаў, слабод, сёлаў, весяў. Сустракаюцца і іншыя назвы населеных пунктаў: гарадок, гарадзец, гарадзішча, сяльцо, селішча і інш. На жаль, далёка не заўсёды зразумела, які сацыяльны сэнс летапісцы ўкладвалі ў тое ці іншае паняцце. Даследчыкі сёння вырашаюць задачу суаднясення канкрэтных археалагічных помнікаў з тымі ці іншымі гістарычнымі тыпамі паселішчаў. Па знешніх прыкметах яны падзяляюцца на дзве вялікія групы: умацаваныя (гарадзішчы) і неўмацаваныя (селішчы) паселішчы. Другія па колькасці значна пераважаюць над першымі, але вывучаны яны значна горш.

НЕЎМАЦАВАНЫЯ ПАСЕЛІШЧЫ (СЕЛІШЧЫ)

Абсалютная большасць старыжтнабеларускіх населеных пунктаў адносіцца да катэгорыі неўмацаваных паселішчаў. Гэта былі адкрытыя сельскія пасяленні, у якіх пражывала асноўная маса насельніцтва Беларусі. Перад археолагамі стаіць адказная задача: па магчымасці выявіць, сістэматызаваць, даследаваць і даць усебаковую характарыстыку сельскім паселішчам. На жаль, на сучасным этапе адкрытыя старажытнабеларускія пасяленні па ўзроўні даследаваннасці значна саступаюць умацаваным паселішчам Х-ХІІІ стст. Не маючы знешніх наземных прыкметаў, яны з цяжкасцю адшукваюцца падчас археалагічных разведак. Адзінай археалагічнай крыніцай па гісторыі беларускай вёскі засталіся курганныя могільнікі. Аднак у сілу сваёй спецыфікі яны не змаглі замяніць матэрыялы раскопак самых паселішчаў.

Ва ўсходнеславянскіх пісьмовых крыніцах для азначэння сельскіх паселішчаў ужывалася некалькі тэрмінаў - сяло, сяльцо, вёска, пагост, двор, дом, град. Найбольш распаўсюджана слова “сяло”. Так называліся значныя неўмацаваныя паселішчы свабодных і феадальна залежных сялян-смердаў. У Іпацьеўскім летапісу ў 1276 г. названы сёлы каля Турыйска на Нёмане. На думку Е.Бламквіст, у Ноўгарадскай зямлі і на тэрыторыі Беларусі для абазначэння невялікіх сельскіх пасяленняў шырока ўжывалася слова “весь”.

Пагостамі называліся адміністрацыйныя цэнтры сельскіх акруг. Тут адбываліся мірскія сходы, зборы падаткаў, праходзілі суды, будаваліся цэрквы, а побач знаходзіліся абшчынныя могілкі. Устаўная грамата Расціслава Мсціславіча (1136) ўзгадвае “пагосты-акругі”, у тым ліку на тэрыторыі Беларусі, па р. Басе, прытоку Проні. “Сяло”, “вёска”, “пагост” у многіх крыніцах значацца як пасяленні сялян, а “двор”, “дом”, “град” азначаюць месца жыхарства феадала. Так, у “Жыціі” Ефрасінні Полацкай гаворыцца, што полацкія князі і баяры, наведаўшы ў Полацку князя Барыса Усяславіча (памёр у 1128 г.), ад’ехалі “в домы свая”.

Тыпам сельскіх паселішчаў, вядомых па пісьмовых крыніцах, адпавядаюць два тыпы археалагічных помнікаў: адкрытыя неўмацаваныя селішчы плошчай ад некалькіх сот квадратных метраў да некалькіх гектараў і невялікія, добра ўмацаваныя гарадзішчы. Нярэдка гэтыя помнікі знаходзяцца побач, утвараючы адзіны археалагічны комплекс. У дадзеным раздзеле разглядаюцца толькі селішчы, паколькі гарадзішчам прысвечаны асобны раздзел.

Археалагічнае вывучэнне сельскіх паселішчаў Беларусі пачалося ў пасляваенныя гады. Найбольш значныя разведкі і раскопкі селішчаў Х-ХІІІ стст. праводзіліся ў Панямонні (Ф.Д.Гурэвіч, Я.Г.Звяруга), Палессі (Ю.У.Кухарэнка, А.В.Іоў, В.С.Вяргей), Падзвінні (Г.В.Штыхаў), Магілёўскім Падняпроўі (Я.Р.Рыер), пад Мінскам (Ю.А.Заяц), Пасожжы (А.А.Макушнікаў, А.А.Мяцельскі).

Шляхі гаспадарчага асваення засяляемых зямель, асаблівасці сацыяльнай арганізацыі сельскага насельніцтва ў пэўнай ступені адлюстроўвае тапаграфія размяшчэння селішчаў на мясцовасці. Самым распаўсюджаным тыпам селішчаў быў прырэчны. Помнікі гэтага тыпу выцягнуты нешырокай паласой (звычайна 40-60, часам да 200 м) уздоўж берага ракі, радзей - ручая, возера ці яра. Іх працягласць звычайна не перавышае 500 м, але сустракаюцца помнікі даўжынёй да 1,5 км (селішча каля в.Дакудава, Лідскі р-н). Да гэтага тыпу адносяцца селішчы каля вёсак Боркі (Полацкі р-н), Мяклава (Віцебскі р-н), Глівін (Барысаўскі р-н), Альхоўка (Навагрудскі р-н) і шэраг іншых.

Другім тыпам сельскіх паселішчаў быў мысавы. Вельмі часта селішчы гэтага тыпу размяшчаліся ў месцах упадзення дробных ручаёў у больш буйныя водныя артэріі, ці на мысах, якія ўтвораны двума ярамі і рачной далінай. Выкарыстоўваліся таксама выступы карэннага берага над поймай ракі ці возера, а таксама мысы, створаныя выгінам рэчышча ракі. Да гэтага тыпу адносіцца селішча каля вёскі Хадасавічы (Рагачоўскі р-н). Яно займае мысападобны выступ левага берага р.Днепр над яго старыцай. Плошча селішча каля 2 га.

Трэцім тапаграфічным тыпам селішчаў з’яўляюцца паселішчы, размешчаныя на дзюнах, узвышшах і астанцах тэрас у поймах рэк. У Заходнім Палессі, асабліва ў Піна-Прыпяцкім і Піна-Мухавецкім рэгіёнах, такі тып паселішчаў пераважае над іншымі (селішчы каля вёсак Лемяшэвічы, Церабень, Грыўкавічы, Бухліцкі Хутар).

Чацвёрты тып селішчаў - водападзельны. Дадзеныя паселішчы сустракаюцца рэдка. Яны знаходзяцца на раўнінных мясцовасцях у адлегласці ад рэк. Перавагу прырэчнага тыпу селішчаў лёгка растлумачыць. Водныя артэрыі ў эпоху сярэднявечча былі галоўнымі шляхамі зносінаў. Па іх адбывалася рассяленне славян ва Усходняй Еўропе. Яны забяспечвалі пастаянную сувязь паміж рознымі паселішчамі, асабліва ў лясной зоне. Па-другое, рачныя даліны мелі пладародныя алювіяльныя глебы і заліўныя лугі, г.зн. спрыяльныя ўмовы для заняткаў сельскай гаспадаркай. Каля берагоў рэк было лягчэй засвойваць пад пашу заселеныя тэрыторыі. Нарэшце, без вады ўвогуле немагчыма жыццё, а далёка не ва ўсіх раёнах Беларусі падземныя воды блізка падыходзілі да паверхні. Будаўніцтва глыбокіх калодзежаў было даволі працаёмкім і тэхнічна складаным. Даволі распаўсюджаным промыслам на Беларускі было рыбалоўства, якое значна папаўняла рацыён жыхароў сельскіх паселішчаў.

Памеры старажытных селішчаў розныя. Яны вагаюцца ад 0,5 га да некалькіх гектараў. Плошча распаўсюджвання культурнага слою ў Заходнім Палессі ў сярэднім складае каля 1 га, але маюцца і больш буйныя - да 4-5 га (Хатомель Столінскага р-на, Гарадзішча Пінскага р-на). У Падняпроўі селішчы мелі невялікую плошчу - ад 0,3 да 1,5 га. Плошча найбольш даследаванага селішча Чавусы ў Магілёўскім Падняпроўі (раскопкі Я.Р.Рыера) складае 2,5 га. Такая з’ява назіраецца і на іншых славянскіх землях. Так, на Украіне селішчы ў сваёй масе займалі плошчу ад 0,8 да 1,5 га, радзей сустракаюцца помнікі ад 0,3 да 0,5 га, у той час як паселішчаў з плошчай у некалькі га вядома адзінкі. Тое самае адзначаюць даследчыкі Смаленскай зямлі, у басейне р.Ака, у паўночна-заходняй і паўночна-усходняй Русі. Такім чынам, старажытна-славянскія сельскія паселішчы паўсюль мелі прыблізна аднолькавыя памеры: плошча абсалютнай большасці з іх вагаецца ад 0,5 да 2 га. Па ўсёй бачнасці, сацыяльная арганізацыя сельскага насельніцтва і спосабы гаспадарання ў Х - ХІІІ стст. былі падобныя ва ўсіх рэгіёнах Усходняй Еўропы. Агульныя сярэднія памеры селішчаў паказваюць аптымальную колькасць насельніцтва і яго здольнасць забяспечваць сябе прадуктамі харчавання з навакольных зямель. Розніца паміж рэгіёнамі заключалася не ў памерах сельскіх паселішчаў, а ў гушчыні іх размяшчэння.

Як паказваюць даследаванні, асноўным тыпам забудовы селішчаў з’яўляўся прыбярэжна-радавы тып. У большасці выпадкаў сялянскія двары размяшчаліся ўздоўж берага ў адзін-два рады. Складаным з’яўляецца пытанне аб колькасці сялянскіх двароў на адным паселішчы, і ў яго вырашэнні маецца шмат цяжкасцяў. Асноўная - адсутнасць цалкам раскапаных селішчаў. Найбольш даследаванымі селішчамі на Беларусі з’яўляюцца помнікі каля вёсак Хатамель (Столінскі р-н), Дружба (Рылаўшчына) на ўскраіне Мінска і каля горада Чавусы.

На селішчы Хатомель адкапаны рэшткі 14 жытлаў, на даследаванай плошчы каля в.Дружба знаходзілася 80 мацерыковых ям, з якіх 29 былі звязаны з жылымі пабудовамі. Неабходна адзначыць, што даследчыкі вельмі часта не могуць сінхранізаваць даследаваныя пабудовы. Каштоўнасць селшча каля в.Дружба ў тым, што археолагам удалося прасачыць развіццё забудовы паселішча па асобных перыядах. У першы будаўнічы перыяд (Х ст.) на паселішчы існавала 9 жылых, 3 гаспадарчыя пабудовы і 2 збудаванні вытворчага прызначэння. У ХІ ст. колькасць жылля на гэтым паслішчы дасягае масімума - 17 дамоў. У пачатку ХІІ ст. колькасць дамоў памяншаецца да 13, а ў першай палове ХІІ ст. падае да ўзроўню Х ст. (9 дамоў). Другая палова ХІІ і першая палова ХІІІ ст. - час далейшага скарачэння колькасці жытлаў, адпаведна да 8 і 5.

Сялянскае домабудаўніцтва было разнастайным. Сустракаюцца жытлы як паўзямлянкавага тыпу, так і наземныя зрубныя. Усе даследаваныя жытлы на селішчы Хатомель былі паўзямлянкавага тыпу. У плане яны маюць прамавугольную форму. Даўжыня іх ад 4 да 6 м, шырыня - ад 2 да 4 м. У мацерык паглыблены на 0,2-0,8 м. У кожнай з паўзямлянак знойдзены развалы глінабітных печаў, умацаваных драўлянымі каркасамі. Паўзямлянкавае жытло квадратнай формы (4,5 х 4,5 м) раскапана на селішчы каля в.Ходасавічы (Рагачоўскі р-н). У зямлю яно паглыблена на 0,6 м, а ў вуглу захаваліся рэшткі печы-камянкі, якая стаяла на драўляным памосце. У Панямонні паўзямлянкавыя жытлы даследаваны на селішчах каля вёсак Гарадзілава (Навагрудскі р-н), Кавалі (Слонімскі р-н), г.п.Краснасельскі (Ваўкавыскі р-н). На селішчы каля в.Пескі (Мастоўскі р-н) ўскрыты рэшткі наземнага жытла з печкай-камянкай і аснаванне прамавугольнай у плане печы памерам 1,5 х 0,9 м вытворчага прызначэння.

Для Заходняга Палесся ІХ - першай паловы Х стст. былі характэрныя паўзямлянкі, большасць з якіх мелі каркасна-плятнёвую канструкцыю сцен і гліняную купалападобную круглую печ у розных частках жытла. На працягу другой паловы Х - пачатка ХІ стст. паглыбленыя ў зямлю жытлы паступова былі выцяснены наземнымі дамамі са зрубнай ці слупавай канструкцыяй сцен.

На селішчы каля г.Чавусы выяўлены рэшткі пабудоў зрубнай і слупавай канструкцый, частка гаспадарчага двара са слядамі вытворчай дзейнасці, у тым ліку жалезаробчай і бронзаліцейнай. Каля памяшканняў выяўлены рэшткі паглыбленай у мацярык печы-каменкі (хлебная печ) і агнішчаў. Росквіт жыцця на гэтым селішчы прыпадае на ХІ - ХІІІ стст., калі тут жыла сям’я дружынніка (дробнага ленніка або прадстаўніка землеўдальніцкай адміністрацыі).

Культурны пласт паселішча Дружба не захоўвае рэшткаў дрэва і, паколькі жыхары не будавалі паўзямлянак, вывучэнне пабудоў звязана з вялікімі цяжкасцямі. Тым не менш, пабудовы вызначаюцца па рэштках печаў у выглядзе канцэнтрацый кавалкаў абапаленай гліны, камянёў са слядамі знаходжання ў агні, праслоек і ўкрапін вуглёў і попелу. З разваламі печаў звязаны прыпечныя і падпольныя ямы, у якіх знойдзены амаль усе рэчы і асноўная маса керамічнага посуду. Усе жытлы на дадзеным паселішчы былі зрубныя. Вызначаны прыкладныя памеры 21 дома. Дамы плошчай да 16 кв.м (малыя) былі аднакамерныя, плошчай ад 18 да 24 кв.м (сярэднія) маглі быць і двухкамерныя. Памеры вялікіх дамоў (звыш 24 кв.м) даюць падставу меркаваць, што аснову некаторых з іх складалі дзве камеры-зрубы, а сама пабудова магла быць двухпавярховай. Усе жытлы мелі драўляныя падлогі.

Побыт вёскі насіў больш кансерватыўны, патрыярхальны характар у параўнанні з бытам гараджан. На селішчах не сустракаюцца эпіграфічныя помнікі і прылады пісьма, шкляны і металічны посуд, творы дробнай пластыкі, дарагая зброя, спецыфічныя гарадскія ўпрыгожанні. Увогуле тут менш знойдзена прадметаў з металу і шкла, рэшткаў прывазной амфарнай тары і паліванага глінянага посуду.

Асноўным відам дзейнасці насельнікаў было ворнае земляробства. Аднак прыладаў працы пры раскопках выяўлена няшмат. Толькі на селішчы Чавусы знойдзены вельмі невыразныя фрагменты сярпа, сашніка (наральніка?) і матыкі. Гэта зразумела: жалезныя сашнікі і наральнікі, сярпы і косы мелі дастаткова вялікія памеры і згубіць іх было цяжка, а пры пашкоджанні яны ішлі на пераапрацоўку.

Астэалагічны аналіз матэрыялу з селішча Дружба паказвае, што ў жывёлагадоўлі дамінавала буйная рагатая жывёла (52,38% усіх касцей) і коні (23,8%). На долю свіней прыпадала 14,8%, авечак і коз - 9%. Калі ж прыняць да ўвагі большую плоднасць свіней і больш кароткі перыяд абнаўлення гэтай часткі статку, то можна з упэўненасцю сцвярджаць, што ў гаспадарцы паселішча працэнт буйной рагатай жывёлы і коней быў, несумненна, яшчэ больш высокі. Менавіта быкі з’яўляліся галоўнай цяглавай сілай у ворным земляробстве. Адзначаная структура характэрна для сярэднявечных вясковых паселішчаў лясной зоны не толькі Усходняй, але і Цэнтральнай Еўропы.

Вялікае значэнне ў эканоміцы вёскі мелі промыслы: паляванне, бортніцтва і рыбалоўства. Трэба адзначыць, што пушніна, воск і мёд, галоўным пастаўшчыком якіх было сельскае насельніцтва, складалі асноўную долю экспарту. На паселішчах знойдзены косці лася і бабра, з пушных звяроў шкуры звычайна здымаліся на месцы палявання, таму іх косці на паселішча не траплялі. Аб занятках рыбалоўствам сведчаць рыбалоўныя кручкі, прычым на селішчы Чавусы знойдзены кручок для буйных рыб, так званы вытворчы. На ўсіх палескіх паселішчах адкапаны яшчэ астрогі, блесны, качадык і грузілы для сецяў.

Рамёствы на даследаваных помніках Дружба і Чавусы прадстаўлены металургіяй (знаходкі рэшткаў сырадутных печаў, шлакаў і крыц), бронзаліцейнай ці ювелірнай справай (знаходкі тыгля, пінцэта і мініяцюрных ціскоў ювеліра, матэрыялаў і гатовых вырабаў), ганчарствам. У выглядзе хатніх промыслаў існавалі на паселішчах прадзенне, ткацтва, апрацоўка косці і дрэва.

Насельніцтва было ўцягнута ў эканамічныя адносіны як з бліжэйшымі гарадскімі цэнтрамі, так і з больш аддаленымі. Вырабы гарадскіх майстроў прадстаўлены некаторымі ўпрыгожаннямі з бронзы і срэбра, жалезнымі вырабамі (ключамі, замкамі, крэсівамі, цуглямі). Больш далёкі імпарт прадстаўлены фрагментамі амфар, у якіх прывозілі віно і алей, шыфернымі (сланцавымі) праселкамі, крышталёвымі, сердалікавымі і золаташклянымі пацеркамі. Археалагічныя матэрыялы дазваляюць адзначыць сацыяльныя працэсы, якія адбываліся на паселішчах. Археолагам удалася прасачыць сляды агароджаных вастраколам феадальных сядзібаў (Чавусы). Гэта сведчыць аб маёмаснай няроўнасці ўнутры вясковай абшчыны. Як адзначалася вышэй, на селішчы ў Чавусах жыў дружыннік. А знаходкі на паселішчы Дружба княскіх знакаў у выглядзе трохзубца гавораць аб наяўнасці тут з канца Х ст. прадстаўнікоў княскай адміністрацыі. Верагодна , што паселішча, якое займала сярэдняе становішча на р.Лошыца, з’яўлялася адміністрацыйным цэнтрам (пагостам), да якога цягнуліся астатнія вясковыя паселішчы .

Такім чынам, сярэднявечная беларуская вёска забяспечвала горад прадуктамі харчавання, сыравінай для рамеснай вытворчасці і экспартнымі таварамі. Акрамя таго, самі сяляне пераапрацоўвалі сваімі сіламі значную частку прадуктаў сельскай гаспадаркі і промыслаў. Зыходзячы з прадметаў, якія знойдзены падчас раскопак (прылады працы, розныя шылы, іглы, праколкі, праселкі), хатняя вытворчасць дазваляла вырабляць усе неабходныя ў сельскім побыце рэчы: ад жытлаў і транспартных сродкаў да адзення, абутку і прадметаў абіходу.Разгледжаныя матэрыялы пры ўсёй абмежаванасці даюць уяўленне аб асноўных этапах развіцця неўмацаваных сельскіх паселішчаў. Археалогія істотна дапаўняе дадзеныя пісьмовых крыніц па гісторыі Беларусі Х - ХІІІ стст. Безумоўна, далейшыя шырокамаштабныя даследаванні сельскіх помнікаў дапоўняць шмат новага аб жыцці і гаспадарчай дзейнасці асноўнай масы старажытнабеларускага насельніцтва.

УМАЦАВАНЫЯ ПАСЕЛІШЧЫ (ГАРАДЗІШЧЫ)

Гарадзішча - рэшткі старажытнага ўмацаванага паселішча або горада. Назва паходзіць ад старажытнарускага “городити” - агароджваць. У сэнсе “умацаванае пасяленне, гарадок” слова гарадзішча сустракаецца ўжо ў ХІІ ст. у “Аповесці мінулых гадоў”. Найчасцей яны вызначаюцца валамі, равамі, рэшткамі сцен, наяўнасцю культурнага пласту. Паяўленне гарадзішчаў звязана з эпохай патрыярхату і пераходам насельніцтва да заняткаў жывёлагадоўляй і земляробствам. Рост прадукцыйных сіл садзейнічаў з’яўленню і паглыбленню супярэчнасцяў паміж родамі і плямёнамі, што і выклікала ўзмацненне ваеннай небяспекі. Узнікла неабходнасць пасяляцца на ўмацаваных прыродай мясцінах і будаваць абарончыя ўмацаванні, якія рабіліся з такім разлікам, каб больш эфектыўна абараняць маёмасць роду ад варожых нападаў. На Беларусі гарадзішчы вядомыя з позняга бронзавага веку. Часта помнікі адной эпохі выкарыстоўваліся насельніцтвам больш позняга часу. Напрыклад, гарадзішчы плямён мілаградскай, зарубінецкай, штрыхаванай керамікі і днепра-дзвінскай культур выкарыстоўвалі плямёны другой паловы І тысячагоддзя н.э., потым сярэднявечнае насельніцтва Беларусі. Звычайна гарадзішчы маюць культурны пласт, у якім пры раскопках знаходзяць рэшткі жытлаў, майстэрань, розныя рэчы і інш. Выключэнне складаюць балотныя гарадзішчы-сховішчы, дзе насельніцтва хавалася ў час ваеннай небяспекі. Форма пляцоўкі гарадзішчаў залежала ад канфігурацыі мысаў ці ўзвышшаў: узгоркавыя звычайна мелі круглую ці авальную форму пляцоўкі, мысавыя мелі яшчэ і трохвугольную ці чатырохвугольную. Сістэма абарончых збудаванняў з цягам часу мянялася ад простых канструкцый з вастраколаў да складанай фартыфікацыйнай сістэмы з валоў і равоў. На валах узводзілі сцены з бярвённаў. У раннім сярэднявеччы на месцы былых гарадзішчаў часта ўзнікалі гарады, замкі і сядзібы феадалаў. Да сёняшніх дзён на Беларусі захавалася каля 1 тысячы гарадзішчаў розных часоў, у тым ліку і сярэднявечных.

У сучаснай археалагічнай навуцы прынята тыпалогія гарадзішчаў, якую распрацаваў П.А.Рапапорт. Працы гэтага даследчыка прысвечаны вывучэнню вайсковага дойлидства ўсходнеславянскіх зямель. Таму галоўны прынцып , пакладзены ў аснову тыпалогіі - арганізацыя сістэмы абароны ўмацаванага паселішча. У сілу гэтага нярэдка гарадзішчы, якія маюць аднолькавае размяшчэнне на мясцовасці, але розную форму пляцоўкі і канфігурацыі валоў, адносяць да розных тыпаў. На нашу думку лепш выкарыстаць геамарфалагічны прынцып, які заснаваны на сувязі ўмацаванага паселішча з мясцовым рэльефам. Паводле гэтага прынцыпу, усе беларускія гарадзішчы Х - ХІІІ стст. падзяляюцца ў асноўным на чатыры тыпы: 1) мысавы; 2) узгоркавы; 3) раўнінны (балотны); 4) складаны, ці змешаны. Прапанаваная тыпалогія носіць фармальны характар і заснавана на знешніх прыкметах археалагічных помнікаў. Але гэты першы этап тыпалагізацыі дазваляе скласці агульнае ўяўленне аб помніках у працэсе далейшага іх вывучэння ў плане сацыяльна-эканамічнага развіцця.

Найбольш шматлікім тыпам гарадзішчаў на тэрыторыі Беларусі з’яўляецца мысавы. У Панямонні ён складае 34,2% ўсіх гарадзішчаў. Пры планіроўцы помнікаў дадзенага тыпу цалкам выкарыстоўваліся абарончыя якасці мясцовасці. Аналагічны тып гарадзішчаў сустракаецца ва ўсіх славянскіх землях і з’яўляецца найбольш шматлікім.

Узгоркавы тып гарадзішчаў таксама налічвае значную кольнасць помнікаў. Пры планіроўцы гэтых гарадзішчаў, як і мысавых, цалкам выкарыстоўваліся абарончыя якасці мясцовасці.

Помнікі трэцяга тыпу звычайна размяшчаюцца на роўнай мясцовасці і часткова звязаны з рэльефам мясцовасці. Гэта сувязь выражаецца ў тым, што пабудаваны яны на берагах рэк - на ўзвышаным плато або нізкай надпойменнай тэрасе - ці нізкай балоцістай мясцовасці. Абарончым лініям гэтых помнікаў спецыяльна прыдадзена ў плане правільная геаметрычная форма. Звычайна акругла-авальная ці чатырохвугольная. Гарадзішчы гэтага тыпу сустракаюцца ў Панямонні, левабярэжным Падняпроўі, Палессі і датуюцца Х - ХІ стст. (Мсцібава, Ваўкавыскі р-н; Кульбачына Шчучынскі р-н; Франапаль Брэсцкі р-н)

Чацвёрты тып сярэднявечных гарадзішчаў Беларусі складаюць помнікі са складанай (ці змешанай) планіроўкай, якія будаваліся як з улікам абарончых якасцяў рэльефу, так і без яго. Такія паселішчы маюць некалькі ўмацаваных пляцовак. Яны могуць займаць увесь мыс ці частку яго, вяршыню ўзгорка і суседнія тэрыторыі. Да паселішчаў дадзенага тыпу звычайна адносяцца старажытныя гарады, якія ўзгадваюцца ў пісьмовых крыніцах. Эвалюцыю планіроўкі гарадзішчаў гэтага тыпу можна прасачыць на матэрыялах Навагрудка, Ваўкавыска, Гродна, дзе праводзіліся шырокія раскопачныя работы. Першапачатковыя гарадзішчы Навагрудка і Ваўкавыска мелі падобную тапаграфію. Яны займалі суседнія ўзвышшы заселеныя ў канцы Х ст. У Навагрудку гэта ўзгоркі пад назвай Малы Замак і Замкавая гара, у Ваўкавыску - Шведская гара і Замчышча. Першапачаткова яны былі неўмацаваныя. У другой палове ХІ ст. паселішча на Замкавай гары было абведзена валам і ператварылася ў дзядзінец Навагрудка, а Малы Замак з узвядзеннем на пачатку ХІІ ст. вала - у вакольны горад. Тое самае адбывалася і ў Ваўкавыску. У другой палове ХІ ст. валам была абведзена Шведская гара, якая ператварылася ў дзядзінец, а на пачатку ХІІ ст. вал быў насыпаны на Замчышчы, якое стала вакольным горадам старыжытнага Ваўкавыска.

Іншая тапаграфія была ў першапачатковага гарадзішча Гродна. Самае старажытнае паселішча ўзнікла ў канцы Х ст. (Замкавая гара) на мысе пры ўпадзенні р.Гараднічанкі ў Нёман і было адразу абведзена валам. Пазней пачалі засяляцца тэрыторыі, суседнія з Замкавай гарой - Новы Замак, Каложскае плато і тэрыторыі на поўнач ад дзядзінца. Такім чынам, усе вышэйназваныя помнікі да сярэдзіны ХІІ ст. набываюць планіроўку, характэрную для старажытнарускіх гарадоў: дзядзінец і вакольны горад. Гродна меў яшчэ і неўмацаваны пасад. Дзядзінцы і вакольныя гарады мелі магутныя фартыфікацыйныя збудаванні.

Пытанне аб сацыяльнай тыпалогіі ўсходнеславянскіх умацаванняў дастаткова шырока атрымала сваё асвятленне ў археалагічнай навуцы (Куза А.В. Даўжанок В.І., Грэкаў Б.Д., Рыбакоў Б.А., Цімашчук Б.А.). Спроба абагульнення па гэтым пытанні зроблена А.В.Кузой у адным з раздзелаў фундаментальнай працы “Древняя Русь. Город, замок, село” (1985), а таксама ў кнізе “Малые города Древней Руси” (1990). Яго перыядызацыя і тыпалогія можа быць у цэлым прынята, хаця, як падаецца, залішне схематычная і зафармалізаваная крытэрыямі і ацэнкамі. Сам А.В.Куза адзначаў, што працэс горадаўтварэння ва Усходняй Еўропе быў больш складаным, чым ён часам уяўляецца даследчыкам.

Як адзначаюць даследчыкі, 70% старажытных славянскіх паселішчаў увогуле не ўзгаданы ў пісьмовых крыніцах, а аб іншых, якія трапілі на старонкі летапісаў, невядома нічога, акрамя назвы. Аналіз канкрэтных археалагічных матэрыялаў дазволіў вызначыць найбольш істотныя крытэрыі тыпалагізацыі, на падставе якіх стала магчымым падзяліць гарадзішчы на тыпы ў адпаведнасці з іх сацыяльным зместам. Да істотных крытэрыяў адносяцца: 1) памеры і формы гарадзішча; 2) сістэма і канструкцыя абарончых ліній; 3) характар культурнага пласта і рэчаў з яго; 4) месца гарадзішчаў ў сістэме суседніх паселішчаў.

Параўнальны аналіз гэтых прызнакаў, а таксама іншых (такіх, як характар забудовы ўмацаваных пляцовак, ступень выкарыстання абарончых якасцяў рэльефа, дадзеныя тапанімікі) з прыцягненнем звестак пісьмовых крыніц дазваляе ўсе ўмацаваныя паселішчы Беларусі падзяліць на дзве асноўныя групы: паселішчы селькага і гарадскога тыпу. У сваю чаргу, карэляцыя прызнакаў сацыяльнай тыпалогіі дазволіла ў групе сельскіх помнікаў выдзеліць асобныя тыпы гэтых ўмацаванняў: феадальныя замкі-сядзібы, вартавыя памежныя крэпасці, адміністрацыйна-гаспадарчыя цэнтры, сховішчы, свяцілішчы. Два апошнія тыпы не з’яўляюцца ўласна паселішчамі. Аднак для гэтых помнікаў асноўным прызнакам з’яўляюцца рэшткі фартыфікацыйных збудаванняў. Акрамя таго, яны займалі пэўнае месца ў сістэме раннефеадальных адносінаў, таму разглядаюцца разам з умацаванымі паселішчамі.

Храналагічна ўсе тыпы гарадзішчаў існавалі з Х ст. да ХІІІ ст., а на некаторых паселішчах жыццё працягвалася і далей. Адны паселішчы ўзнікалі раней, іншыя пазней, адны ператвараліся ў развітыя гарады, цэнтры палітычнага, эканамічнага і культурнага жыцця, іншыя спынялі сваё функцыянаванне ў сілу розных абставінаў, і жыццё на іх больш не адраджалася.

Большасць гарадзішчаў Беларусі Х - ХІІІ ст. адносяцца да сельскіх пасяленняў. Такое ж становішча адзначаюць даследчыкі і на іншых землях. Неабходна адзначыць, што “град” - агульнае абазначэнне ўсякіх умацаванняў увогуле, аб чым гавораць летапісы. Таму, калі летапісцы гавораць аб тым, што “грады многы паимали”, мы павінны мець на ўвазе не толькі гарады, але і сельскія паселішчы, якія мелі ўмацаванні. Пры вызначэнні сацыяльнай тыпалогіі сельскіх паселішчаў неабходна ўлічваць, што яны не заставаліся нязменнымі ад часу ўзнікнення і на працягу ўсяго існавання. Нярэдка на пэўным этапе развіцця першапачатковая функцыя адступала на другі план, і гарадзішча набывала новыя вызначальныя рысы. На думку даследчыкаў, працэсы функцыянальнага змянення ўмацаваных паселішчаў асабліва актыўна адбываліся ў ХІІ - ХІІІ стст., г.зн. у перыяд феадальнай раздробленасці.

Рэшткі феадальных сядзібаў-замкаў адрозніваюцца ад звычайных пасяленняў не толькі наяўнасцю ўмацаванняў, але і характарам знаходак (тут шмат прадметаў зброі, дарагіх імпартных рэчаў). Ад умацаваных паселішчаў гарадскога тыпу гарадзішчы-феадальныя сядзібы адрозніваюцца невялікімі памерамі заселенай плошчы (зрэдку больш 1 га), наяўнасцю магутных абарончых збудаванняў, адсутнасцю прыкметаў развітай рамеснай вытворчасці і гандлю, паколькі асновай эканамічнага жыцця гэтых паселішчаў была сельская гаспадарка.

На Беларусі да феадальных сядзібаў-замкаў належаць гарадзішчы каля вёсак Мсцібава (Ваўкавыскі р-н), Гальшаны (Ашмянскі р-н), Індура (Гродзенскі р-н), Вішчын (Рагачоўскі р-н), Свіслач (Асіповіцкі р-н), Свір (Мядзельскі р-н) і шэраг іншых.

Несумненную цікавасць ўяўляе сядзіба-замак каля вёскі Вішчын, якую даследаваў Э.М.Загарульскі ў 1976-1984 гг. Гарадзішча размешчана на правабярэжжы Дняпра і ўмацавана трыма лініямі валоў і равоў. На грабяні ўнутранага вала прасочаны рэшткі гарэлых драўляных умацаванняў. Падчас раскопак былі выяўлены сляды не менш як 6 спаленых аднакамерных пабудоў. У дзвюх захаваліся рэшткі падлогі з дошак і развалы печаў. Адна з пабудоў была майстэрняй ювеліра.

Матэрыялы раскопак дастаткова поўна малююць гаспадарчае жыццё і быт жыхароў замка. Заняткі сельскай гаспадаркай характарызуюцца знаходкамі абломкаў 2 сашнікоў, 2 матыкаў, 2 сярпоў, жорнаў. Знаходкі касцей жывёл сведчаць аб жывёлагадоўлі і паляванні. З рыбалоўствам звязаны гарпун, рыбалоўныя кручкі, гліняныя грузілы ад сяцей. Дрэваапрацоўка прадстаўлена сякерамі, долатамі, зубіламі, молатамі. Сярод матэрыялаў раскопак вылучаецца серыя прадметаў, звязаных з ваеннай справай: наверша і крыжавіны мяча з бронзы, шарападобны бронзавы кісцень, кавалкі кальчуг, пласціны ад панцырных даспехаў, наканечнікі стрэлаў і коп’яў, інкруставаныя меддзю і срэбрам шпоры, серыя страмён, цуглі. У паўднёва-заходняй частцы гарадзішча знойдзены рэшткі майстэрні ювеліра: абломкі гліняных трубак ад соплаў горна, гліняная льячка з застылай бронзай, невялікая кавадла, матрыцы для вырабу крыжападобных падвесак, раснаў, колтаў з выявай грыфонаў, вырабы з каляровых і каштоўных металаў (розныя тыпы бранзалетаў і падвесак, пярсцёнкі, нацельныя крыжы, шкляныя і крышталёвыя пацеркі і бранзалеты).

На гарадзішчы Вішчын выяўлены скарб дарагіх упрыгожанняў і грашовых зліткаў - адзін з найбольш выдатных па мастацкай каштоўнасці скарбаў, знойдзеных на Беларусі. Ён складаўся з рэчавай і грашовай частак. Рэчавая прадстаўлена жаночымі ўпрыгожаннямі: фрагменты караляў з трох авальных срэбрных пацерак і чатырох крынападобных падвесак, два колты з выявамі птушак на шчытках, выкананых у тэхніцы перагародчатай эмалі, зоркавы 6-прамянёвы колт з зерню і колт з ажурным краем, фрагменты расен, падвескі, бранзалеты. Усе рэчы з высакапробнага срэбра, колты з эмалямі і некаторыя іншыя рэчы залачоныя. Грашовая частка складаецца з срэбрных зліткаў-грыўнаў: дзве наўгародскія, восем літоўскіх, шэсць кіеўскіх і дзве палціны наўгародскага і літоўскага тыпаў. Рэчы маюць дакладныя аналагі ў скарбах, зарытых падчас татара-мангольскага нашэсця і датуюцца другой паловай ХІІ - першай трэццю ХІІІ стст. Знаходка свінцовай пячаткі Мсціслава Расціславіча Храбрага сведчыць пра сувязь замка з дынастыяй смаленскіх князёў.

У 1963 г. Г.Ф.Салаўёва даследавала добра ўмацаванае Збораўскае гарадзішча (Рагачоўскі р-н). Яно знаходзіцца на высокім левым беразе Дняпра. Пляцоўка невялікая, памерам 50 х 50 м. Час існавання паселішча - ХІІ - першая палова ХІІІ ст. На Збораўскім гарадзішчы таксама была сядзіба-замак феадала, што пацвярджаецца яго памерамі і знаходкамі. Да дарагіх прывазных рэчаў адносяцца тонкасценны шкляны келіх, бранзалет з чырвонага шкла, бронзавая чаша з выявай жанчыны, якая трымае кнігу. Чаша зроблена ў майстэрні на ніжняй Эльбе.

На Індурскім гарадзішчы разам з прадметамі вайсковай справы знойдзены сельскагаспадарчыя і прамысловыя прылады. Выяўлена вялікая колькасць кругавой керамікі з тыповым славянскім арнаментам, шмат костак свойскай і дзікай жывёлы. Гарадзішча датуецца ХІ - ХІІІ стст. Яго матэрыяльная культура блізкая да культуры Гродна.

У Мсцібаве ўмацаванае паселішча заснавана ў ХІІІ ст. На пачатковым этапе гэта была сядзіба валынскага баярына Мсцібога, які ўзгадваецца ў Іпацьеўскім летапісу пад 1202 г. У пісьмовых крыніцах ХV-ХVII стст. Мсцібава называецца Мсцібогавым гарадком. Умацаванні гарадзішча выкарыстоўваліся і пазней. Падчас раскопак тут знойдзены падмурак пабудовы з камянёў вялікіх і сярэдніх памераў.

Узнікненне гарадзішча каля в.Гальшаны паводле беларуска-літоўскіх летапісаў звязваецца з імем легендарнага князя Гольшыса (Гальшана). У пластах ХІІ- ХІV стст. раскапаны рэшткі наземных жытлаў з печамі-каменкамі. Сярод знаходак вылучаюцца дзве серыі рэчаў: прадметы зброі (наканечнікі стрэлаў, шпоры, пласціны даспехаў, цуглі і інш.) і таксама ўпрыгожанні і прыналежнасці касцюма (бранзалеты, фібулы, спражкі, розныя прывескі-амулеты).

У ХІ ст. ва Усходняй Еўропе інтэнсіўна праходзіў працэс фармавання сярэдневяковых адміністрацыйна-палітычных адзінак “земляў” ці “княстваў”, а таксама іх тэрыторыяў. Натуральна, паміж імі ішла барацьба за палітычныя прыярытэты, за эканамічныя сферы ўплываў, за гандлёвыя шляхі і новыя тэрыторыі, што адлюстравана на старонках летапісаў. У гэтай барацьбе і вызначаліся знешнія межы кожнай з іх.

У памежных раёнах існавалі гарадзішчы-вартавыя памежныя крэпасці. Тут жылі “лепшыя мужы” з дружыннікамі, якія знаходзіліся ў леннай залежнасці ад князя. Прадстаўнікі ваеннага саслоў’я, якія пражывалі тут, займаліся гаспадаркай. Гэта было крыніцай іх існавання. Як правіла, гэта паселішчы з правільнай геаметрычнай формай абарончых збудаванняў і агульнай плошчай умацаванай тэрыторыі каля 1 га. Неабходна адзначыць, што дакладна правесці размежаванне паміж помнікамі дадзенага тыпу і папярэдняга даволі складана, паколькі феадальныя замкі маглі выконываць і вартавыя функцыі, а ў вартавой крэпасці мог пражываць феадал. Таму першаснае значэнне адыгрываюць археалагічныя матэрыялы. На тэрыторыі Беларусі гарадзішчы-вартавыя крэпасці даследаваліся каля вёсак Кульбачына, Касцянева (Шчучынскі р-н), Лоск (Валожынскі р-н), Маскавічы (Браслаўскі р-н), на возеры Дрысвяты (Браслаўскі р-н), на ўскрайку Ваўкаваыска (гарадзішча Муравельнік).

Пісьмовыя крыніцы не даюць поўнага ўяўлення аб рубяжах буйнейшай на Беларусі ў ХІ-ХІІІ стст. Полацкай зямлі. На іх падставе магчыма больш-менш вызначыць паўночна-ўсходнюю, усходнюю і паўднёвую межы. У той жа час заходняя і паўночна-заходняя вызначаюцца з дапамогай дадзеных археалогіі і тапанімікі. Наўўнасць значных умацаваных населеных пунктаў з адпаведным матэрыялам на мяжах розных этнасаў ёсць сведчаннем падпарадкавання нейкай тэрыторыі таму ці іншаму палітычнаму цэнтру.

У XI ст. па ініцыятыве адміністрацыі ў Полацку ў паўночна-заходнім рэгіёне Беларускага Падзвіння ўзнікаюць умацаваныя пункты Браслаў, Дрысвяты, Маскавічы, Рацюнкі, Пруднікі. Яны выконвалі ў першую чаргу палітычныя і вайсковыя функцыі, а таксама з’яўляліся эканамічнымі і культурнымі цэнтрамі.

Гарадзішча Браслаў пад назвай “Замкавая гара” знаходзіцца паміж азёрамі Дрывяты і Навята на высокім (14 м) пагорку. Пляцоўка памерамі 200 х 100 м умацавана валам вышынёй ад 3 да 9 м. Дрысвяты знаходзяцца ў 24 км на захад ад Браслава на аднайменным востраве. Плошча гарадзішча каля 1 га. Пляцоўка з усіх бакоў умацавана магутнымі валамі вышынёй да 9 м. Даследавалі абодвы помнікі Л.В.Аляксееў, М.А.Ткачоў, Г.М.Семянчук. Культурны пласт складае магутнасць 0,25 -- 2 м у Браславе і 0,4 -- 1,4 м у Дрысвятах. Неабходна адзначыць, што да дрысвятскага гарадзішча з усходу і паўночнага ўсходу прымыкае неўмацаванае паселішча, якое займае амаль усю астатнюю частку вострава і ўтварае цікавы археалагічны комплекс.

Гарадзішчы Браслаў і Дрысвяты першапачаткова былі заселены ў др. пал. І тысяч. н.э. балцкімі плямёнамі. У пачатку ХІ ст. тут з’явілася славянскае насельніцтва. Пры гэтым асваенне Браслаўскага гарадзішча славянамі адбылося гвалтоўным шляхам. Мацярык перакрывае пласт пажарышча ад 5 да 20 см. Магутнасць культурных напластаванняў ХІ- ХІІІ стст. у Дрысвятах - ад 0,6 да 1 м, у Браславе - 0,6 -- 0,7 м з вялікай колькасцю разнастайных знаходак. У першую чаргу вылучаюцца жалезныя прадметы: наканечнікі коп’яў, стрэлаў, дроцікаў, нажы, ключы, замкі, крэсівы, цуглі, нажніцы, рыбалоўныя кручкі.

Даволі багата ў Браславе і Дрысвятах прадстаўлены касцяныя вырабы. Гэта трапецыяпадобныя і прамавугольныя грабенчыкі, шмат праколак, пласціна-накладка ад лука, мініяцюрная арнаментаваная лыжачка для прычасця, косці для гульняў (з Дрысвятаў), лашчыла і порхліца з рогу (з Браслава). Кераміка ХІ - ХІІІ стст. прадстаўлена шматлікімі рэшткамі гаршкоў, збаноў, місак, накрывак, амфараў з Прычарнамор’я. На абодзвух паселішчах знойдзена вялікая колькасць гліняных і сланцавых праселкаў.

Асабліва трэба вылучыць ювелірныя вырабы і ўпрыгожанні. Гэта катэгорыя знаходак дазваляе правесці дыферэнцыяцыю насельніцтва Браслава і Дрысвят па этнічнай прыналежнасці. З славянамі і іх уплывам можна звязаць скроневыя кольцы бранзалетападобныя з завязанымі канцамі “крывіцкага” тыпу і паўтараабаротныя, кручоныя бранзалеты, дротавыя пярсцёнкі, шкляныя пацеркі і пацеркі сердалікавыя, па аднаму фрагменту на кожным гарадзішчы шклянога бранзалета.

Значны працент склалі ўпрыгожанні балцкага характару. У Браславе гэта бранзалеты з зааморфнымі канцамі, трапецыяпадобныя падвескі з цыркульным арнаментам, бразготкі з крыжападобнай прраззю, фрагменты шыйных грыўнаў, спіралепадобныя пранізкі, падковападобныя фібулы, чарапахападобная фібула ХІ -ХІІ стст. (шырока распаўсюджаны былі сярод ліваў). На паселішчы Дрысвяты былі знойдзены фібулы з макавападобнымі галоўкамі, бронзвыя бранзалеты з зааморфнымі канцамі, трапецыяпадобныя падвескі.

На гарадзішчы Дрысвяты выяўлены два крыжы-энкалпіёны ХІІ -ХІІІ стст., нацельныя крыжыкі, манетападобная падвеска з выявай св. Юрыя, які забівае змея. У Браславе знойдзены каменны і бронзавыя нацельныя крыжыкі. З’я]ленне хрысціянскай атрыбутыкі сведчыць аб пранікненні рэлігіі ] Браслаўскае Паазер’е. Першымі хрысціянамі былі хутчэй за ўсё былі княская дружына і адміністрацыя. Унікальнай знаходкай з’яўляецца сланцавае праселка са старажытнаславянскім надпісам з пасада Дрысвятаў. Два пісала з гарадзішча Браслава гавораць аб распаўсюджванні пісьменнасці і культуры. Такім чынам, аналіз атрыманага падчас раскопак матэрыялу паказвае, што Браслаў і Дрысвяты ў ХІ - ХІІІ стст. з’яўляліся значнымі населенымі пунктамі з даволі развітай гаспадаркай. Насельніцтва займалася паляваннем, рыбалоўствам, жывёлагадоўляй, разнастайнымі рамёствамі. Геаграфічнае знаходжанне на мяжы славянскага і балцкага этнасаў вызначала функцыянальна Браслаў і Дрысвяты як парубежныя крэпасці, якія падначальваліся Полацку. Тапонімы “Межаны” (каля Дрысвят) і “Рубеж” (каля Браслава) пацвярджаюць думку аб праходжанні мяжы праз Браслаўскае Паазер’е. Размяшчэнне на тэрыторыі са змешаным славяна-балцкім насельніцтвам вызначала ролю Браслава і Дрысвятаў як адміністрацыйных і каланізацыйных цэнтраў.

У ХІ - ХІІІ стст. памежнай крэпасцю на паўночна-заходняй ўскраіне Полацкага княства было і гарадзішча Маскавічы. Даследаваннямі на гэтым помніку займалася Л.У.Дучыц. Культурны пласт складае тут 0,2 - 1,2 м. Знойдзены нажы, замкі, ключы, крэсівы, нажніцы, іншыя прылады працы, зброя, конская збруя і рыштунак вершніка, рыбалоўныя снасці, вырабы з касці, бранзалеты, пярсцёнкі, падвескі, пацеркі. Рэшткі пабудоў не выяўлена, але аэрафотаздымкі гарадзішча сведчаць пра комплексную забудову. Ёсць падставы меркаваць, што жытлы былі наземныя, зрубныя, па форме блізкія да квадрата, памерамі ад 16 да 25 кв. м. Нечаканымі былі знаходкі больш за 100 абломкаў касцйей жывёл з надпісамі і малюнкамі. Знакі падзяляюцца на асобныя літары, лігатуры, ідэаграмы, некаторыя маюць сувязь са скандынаўскім рунічным пісьмом. Маскавіцкія надпісы характэрны для скандынаўскага бытавого пісьма і ўяўляюць сабой дэградаванае пісьмо, навыкі якога былі страчаны яго носьбітамі. Носьбітамі ж гэтага пісьма маглі быць славянізаваныя скандынавы, воіны-наёмнікі, якія служылі ў дружыне полацкага князя, або купцы-скандынавы. Крэпасццю на паўднёва-заходніх межах Полацкай зямлі было гарадзішча Лоск. Яго пляцоўка авальнай формы, памеры 75 х 160 м. Культурны пласт складае магутнасць 1 -- 2 м. У раннесярэднявечных напластаваннях знойдзены рэшткі гаршкоў, шматлікія жалезныя вырабы, кавалачкі керамічныхх плітак падлогі (ХІ-ХІІІ стст.). Сабрана больш за 100 фрагментаў рознакаляровых шкляных бранзалетаў кіеўскай і візантыйскай вытворчасці, шкляныя пярсцёнкі і пацеркі, блізкія да візантыйскіх тыпаў, нарыхтоўкі і пацеркі з бурштыну, самшытавыя грабенчыкі, шмат шыферных (сланцавых) праселкаў і кавалкаў амфар, сярэбраныя нацельныя крыжыкі, касцяныя вырабы. Нарыхтоўкі і абрэзкі косці і рога сведчаць пра наянасць касцярэзнай вытворчасці. У пласце ХІІ -- ХІІІ стст. ускрыты рэшткі драўляных пабудоў - спаленыя і струхлелыя зрубы хат.

Значнымі ўмацаванымі паселішчамі-крэпасцямі Гродзенскага княства былі гарадзішчы Кульбачына і Касцянева. Іх умацаваная плошча складае каля 1 га. Абарончыя збудаванні маюць вялікую магутнасць - вышыня валоў 4-5 м. Побач з гарадзішчамі знойдзены сляды селішчаў. Раскопкамі выяўлены культурны пласт магутнасцю да 1,2 м. Аналіз рэчавага матэрыялу паказаў, што помнікі ўзніклі ў канцы Х - пачатку ХІ ст. Пляцоўкі гарадзішчаў былі забудаваны наземнымі зрубнымі дамамі (Кульбачына) і паўзямлянкамі (Касцянева). Знаходкі на гарадзішчы Кульбачына наканечнікаў стрэл (34 экз.), коп’яў (2 экз.) бляхі ад тарчы дазваляюць сцвярджаць, што гэты помнік узнік як памежная вартавая крэпасць. Знаходкі жорнаў, прасліц, рыбалоўных кручкоў, касцяных праколак, касцей свойскай жывёлы сведчаць аб тым, што насельніцтва займалася сельскай гаспадаркай і промысламі. У верхніх слаях гарадзішча знойдзены пацеркі (шкляныя і з бурштыну), шкляныя бранзалеты, шпора з рапейкай. Гэта дае падставы гаварыць аб тым, што паселішча з другой паловы ХІІ ст. пачынае змяняць сацыяльную функцыю і набываць рысы феадальнай сядзібы, што з’яўлялася вынікам феадалізацыі грамадства. На гарадзішчы Касцянева таксама знойдзены наканечнікі стрэлаў, жалезныя вырабы (нажы, рэшткі замка, шыла), косці свойскай жывёлы. У ХІІІ ст. абодва гарадзішчы загінулі ў агні. Знішчэнне іх хутчэй за ўсё звязана з падзеямі 1252 г., калі валынскія князі “плениша всю землю Новогородьскую”.

Крэпасцю на мяжы з ятвягамі было гарадзішча Муравельнік (на ўскрайку Ваўкавыска). Яно размяшчаецца ў нізінным забалочаным месцы. Пляцоўка авальная, памерамі 120 х 60 м, умацавана валам вышынёй да 3 м. Культурны пласт на гэтым помніку складае магутнасць ад 0,2 - 0,3 да 1,8 - 2 м. Падчас раскопак тут знойдзены рэшткі жытлаў паўзямлянкавага тыпу з печамі-каменкамі ў сярэдзіне. На гарадзішчы выяўлена значная колькасць прадметаў зброі - наканечнік кап’я, наканечнікі стрэл, шпоры з шыпамі ў выглядзе круглага стрыжаня, а таксама нажы, ключы, вырабы з бронзы, косці, рога і камяню, ганчарная кераміка, косці жывёл. Некаторыя рэчы маюць аналагі ў старажытнасцях краін паўночнай Еўропы. Жыццё на гарадзішчы Муравельнік спынілася ў сувязі з узвядзеннем вала на Шведскай гары Ваўкавыска, і адбылася перадача функцый крэпасці з Муравельніка дзядзінцу старажытнага Ваўкавыска.

УЗНІКНЕННЕ І РАЗВІЦЦЁ ГАРАДОЎ.

Археалагічныя даследаванні ўнеслі вялікі ўклад у вывучэнне праблемы паходжання гарадоў Усходняй Еўропы. Высвятлілася, што ўзнікненне гарадоў на Русі, у тым ліку і на Беларусі з’явілася вынікам развіцця эканомікі, раннефеадальных адносінаў і дзяржаўнасці ў усходніх славян. Гарады ўзнікалі пры паглыбленні грамадскага падзелу працы - аддзялення рамёстваў ад земляробства, якое адбылося пры пераходзе ад першабытнаабшчыннага да феадальнага ладу, як гэта назіралася ў большасці краін Еўропы. Гарады з’явіліся тады, калі з асноўнай масы насельніцтва, занятага ў сельскай гаспадарцы, вылучыліся рамеснікі, у нейкай меры адарваныя ад земляробства. Звычайна ў перыяд ранняга сярэднявечча гарадское жыццё ўзнікала ў найбольш развітых і густанаселеных раёнах, у месцах перакрыжавання важных шляхоў зносін. Узнікненне гарадоў у густанаселеных рэгіёнах азначае, што яны станавіліся цэнтрамі феадальнага ўладарання. Гарады былі ўмацаванымі паселішчамі, якія выконвалі ў сістэме федальных адносінаў комплекс функцый - эканамічных, адміністрацыйна-гаспадарчых, палітычных і культавых.

Археалагічныя раскопкі паказалі, што адзінага шляху горадаўтварэння не было. Гарады ўзнікалі рознымі шляхамі: адны вырасталі з рамеслена-гандлёвых паселішчаў, другія - з пляменных цэнтраў, трэція - на аснове феадальных замкаў, чацьвёртыя - у выніку княскай дзейнасці, пятыя з’явіліся следствам зліцця некалькіх пасяленняў (сінайкізм) і г.д.

Зародкі найбольш старажытных гарадоў у ўсходніх славян з’яўляюцца ў ІХ-Х ст. Гэтыя “грады”, як яны называліся ў летапісах, адрозніваліся ад іншых паселішчаў сваімі ўмацаваннямі і тым, што былі адміністрацыйнымі цэнтрамі, рэзідэнцыямі князёў і іншай знаці.

Важнай крыніцай звестак аб пачатковай гісторыі гарадоў з’яўляюцца летапісы (“Аповесць мінулых гадоў”, яе працяг па Лаўрэнцьеўскаму, Іпацьеўскаму ды іншых летапісных зводах). Пры апісанні падзей ІХ - ХІІІ стст. летапісы, хронікі і іншыя пісьмовыя помнікі называюць на тэрыторыі Беларусі звыш 35 гарадоў: Полацк (862 г.), Тураў (980 г.), Віцебск (974, 1021 гг.), Заслаўе (каля 985 г.), Друцк (1001, 1078 гг.), Берасце (1017, 1019 гг.), Копысь (1059, 1060 гг.), Браслаў (каля 1065 г.), Мінск, Орша (1067 г.), Лагойск (1078, 1127 гг.), Лукомль (1078 г.), Пінск (1097 г.), Барысаў (1102, 1127 гг.), Слуцк (1116 г.), Навагрудак (па ўскосных даных, 1117, 1119, 1228, 1235 гг.), Гродна, Клецк (1127 г.), Мсціслаў (1135 г.), Гомель (1142 г.), Рагачоў (1142 г.), Брагін (1147 г.), Мазыр (1155 г.), Чачэрск (1159 г.), Рэчыца (1213, 1214 гг.), Слонім, Ваўкавыск, Здзітаў (1252 г.), Турыйск (1253), Капыль (1274 г.), Камянец (1276 г.), Кобрын (1287 г.). Ва ўстаўной грамаце князя Расціслава Смаленскага 1136 г. названы “Прупой” (Слаўгарад), “Крэчут” (Крычаў).

У пералічаных гарадах, за невялікімі выключэннямі, праведзены археалагічныя раскопкі, якія пацвердзілі іх існаванне ў перыяд Полацкага княства. Неабходна адзначыць, што некаторыя населеныя пункты ўзніклі раней, чым трапілі на старонкі дакументаў. У ІХ ст. акрамя Полацка існаваў Віцебск, Лукомль, у канцы Х - пачатку ХІ ст. - Навагрудак, Ваўкавыск, Гомель, Чачэрск. Устаноўлена існаванне Давыд-Гарадка, які ўзнік на р.Гарынь на рубяжы ХІ - ХІІ стст. Працягвае заставацца невядомым месцазнаходжане такіх летапісных населеных пунктаў, як Галацічаск (1071 г.), Стрэжаў (1127 г.). Загадкавыя таксама звесткі крыніц аб Некалачы, Одрску, Гарадцу. Магчыма, у Панямонні быў княжацкі горад Свіслач (1256 г.), аб якім узгадваецца ў Іпацьеўскім летапісу.

У выніку шматгадовых даследванняў беларускіх гарадоў даследчыкі вылучылі асноўныя сацыяльна-эканамічныя крытэрыі і архітэктурна-археалагічныя прызнакі горада. Да першых адносяцца: узгадванне аб ім у пісьмовых крыніцах як аб важным населеным пункце, цэнтры вызначанай акругі, наяўнасць дзядзінца (“града”) і пасада, плошча якога значна пераважала плошчу дзядзінца; наяўнасць значнай часткі насельніцтва, якая займалася гандлёва-рамеснай дзейнасцю і была адарвана ад земляробства, існаванне гарадской абшчыны.

Архітэктурна-археалагічныя прызнакі горада: спецыфічны (гарадскі) культурны пласт, у якім утрымліваецца вялікая колькасць шкляных бранзалетаў, прывазных амфар, сланцавых прасліц і іншых характэрных вырабаў - пісал, энкалпіёнаў, упрыгожанняў і г.д.; другая лінія ўмацаванняў; манументальныя культавыя пабудовы; устойлівая тэндэнцыя павялічэння плошчы дзядзінца ці пасада.

Вывучэнне гарадскіх старажытнасцеў звязана з шэрагам цяжкасцей. Як правіла, гарады ўяўляюць сабой шматслойныя помнікі з магутнымі культурнымі напластаваннямі. Іх раскопкі патрабуць вялікіх намаганняў, часу і асаблівых метадычных прыёмаў. Якімі бы вялікімі ні былі раскопкі, яны звычайна захопліваюць нязначную плошчу ў параўнанні з агульнай плошчай, якую займаюць гарадскія пасяленні. Таму далёка не заўсёды ў матэрыялах раскопак могуць быць выяўлены ў дастатковай ступені розныя бакі гарадской культуры, звычайна ў адных выпадках яны асвятляюцца лепш, у іншых горш. Тым не менш, раскопкі беларускіх археолагаў у цэлым дазваляюць добра рэканструяваць знешні выгляд, духоўную і матэрыяльную культуру сярэднявечнага беларускага горада.

У гарадах паўночнай і цэнтральнай Беларусі даследавана звыш 22 тыс.кв.м культурнага пласта (на 1989 г.). Па прыблізных падлікаў у Віцебску вывучана 5500 кв.м, Мінску - 5000, Заслаўе - 4000, Друцку - 1800, Полацку - 3700, Лукомлі - 1500, Оршы - 500, Лагойску - 420, Барысаве - 328 кв.м. Магутнасць пласта на дзядзінцах Полацка, Віцебска і Мінска складае 5-6 і больш метраў. У іншых гарадах ад 1 да 3 м. Можна указаць некалькі тыпаў пасяленняў, якія з развіццём гандлю, рамёстваў, феадальных адносінаў ператвараліся ў гарады: умацаваныя паселішчы крывічоў ІХ ст. (Плацк, Віцебск, Лукомль), феадальныя сядзібы (Заслаўе), крэпасці, пабудаваныя для абароны межаў Полацкай зямлі (Орша).

Полацк і яго археалагічныя помнікі маюць вялікае значэнне для разумення працэса станаўлення старажытных гарадоў Беларусі. Раскопкі паказалі, што Полацк існаваў у ІХ ст., калі і ўзгаданы ў летапісе пад 862 г. Ён знаходзіўся на гарадзішчы ( 0,89 га) на Палаце, дзе ў 70-я гг. Х ст. абаснаваўся князь Рагвалод. Паблізу гарадзішча выяўлена двухчасткавае селішча (больш за 6 га) з славянскай керамікай VIII-IX стст., рэшткамі дваравых комплексаў (ІХ - Х стст.) і вытворчага збудавання Х ст. У ХІ ст. адбываюцца значныя змены ў планіровачнай структуры горада. Полацк разрастаецца больш чым ў пяць раз. Центр пераносіцца на Верхні замак. Галоўнай дамінантай становіцца пабудаванны тут у сярэдзіне ХІ ст. Сафійскі сабор. Пасады Полацка Х - ХІІІ стст. адкрыты ў чатырох месцах: паблізу гарадзішча на правым беразе р.Палата і на Ніжнім замку (самыя старажытныя), Запалоцкі і Вялікі пасад. Шматлікія матэрыялы археалагічных раскопак пацвердзілі значэнне Полацка як буйнога цэнтра рамяства, гандлю, культуры старажытных зямель Беларусі.

Другі па значэнні горад Полацкай зямлі - Віцебск. У выніку шматгадовых даследванняў археолагаў устаноўлена, што Віцебск як горад узнік з паселішчаў крывічоў ІХ - пачатку Х ст. на высокіх берагах р.Віцьбы. У ХІІ ст. дзядзінец займаў плошчу 4 га і вядомы пад назвай “Верхні замак”. Побач знаходзіўся вакольны горад - “Ніжні замак”. Віцебск - адзін з найбольш даследаваных гарадоў, у якім праводзіліся шырокія раскопкі дзядзінца, вакольнага горада, пасада і слабод.

Мінск (летапісны Меньск, Менеск) упершыню ўзгадваецца ў “Аповесці мінулых гадоў” пад 1067 г. Старажытны дзядзінец (Замчышча) узведзяны на правым беразе р.Свіслач, пры ўпадзенні ў яе р.Няміга, у другой палове ХІ ст., як адміністрацыйна-фіксальны цэнтр сярод паўночнай групы дрыгавічоў і для абароны паўднёвых межаў Полацкага княства. На думку некаторых гісторыкаў, Мінск узнік у 16 км на захад, на беразе р.Менкі (адсюль назва горада), дзе захаваўся комплекс археалагічных помнікаў, а ў канцы ХІ ст. перанесены на сучаснае месца. У ХІІ - ХІІІ стст. на поўдзень, паўднёвы захад і паўднёвы ўсход ад дзядзінца вырас рамесны пасад з гандлёвай плошчай. Тады ж узніклі паселішчы на левым беразе Свіслачы, каля Траецкай гары і на паўночны захад ад Замчышча - Пятніцкі канец. Агульная плошча, якую займаў у старажытнасці Мінск, складаў каля 20 га. Амаль увесь горад знаходзіўся на правым беразе Свіслачы. Найбольшая магутнасць культурнага пласта адносіцца да ХІІІ ст. Напластаванні ХІІ ст. у Мінску нязначныя (каля 0,5 м), а пласта ХІ ст. на Замчышчы практычна няма.

Тураў упершыню ўзгадваецца ў “Аповесці мінулых гадоў” пад 980 г. Старажытны горад быў размешчаны ў сярэднім цячэнні р.Прыпяць, у паўднёвай частцы рассялення дрыгавічоў. Па верхняй Прыпяці і яе прытокам адбываліся гандлёвыя сувязі з Прыбалтыкай, з драўлянамі, валынянамі і іншымі плямёнамі.

Гарадзішча старажытнага Турава знаходіцца на паўночна-заходняй ускрайне сучаснага г.п.Тураў (Жыткавіцкі р-н) і складаецца з дзядзінца і вакольнага горада. Абарончая сістэма горада ўдала спалучала прыродныя перашкоды і штучныя збудаванні. Дзядзінец размяшчаецца на мысе, утвораным старымі пратокамі р.Прыпяць (Струмень, Дамавуха) і балоцістай нізінай р.Язда (правы прыток Прыпяці). З паўднёва-усходняга боку дзядзінец адасоблены ад вакольнага горада абарончым ровам. Пляцоўка вышынёй 5-6 м над акаляючай масцовасцю мае трохвугольную форму, доўгі час разворвалася пад агароды, таму абарончыя збудаванні дрэнна захаваліся. Верагодна, земляны вал праходзіў па перыметры дзядзінца (засталіся невялікія ўзвышэнні). Вакольны горад прылягаў да дзядзінца з паўднёва-усходняга боку (меў форму чвэрці круга памерамі 100 х 170-180 м, плошча каля 1,5 га) і быў аддзелены ад яго паўкруглым глыбокім ровам, які пастаянна быў запоўнены вадой. Пляцоўка ўзвышаецца пад прылеглай мясцовасцю на 5-6 м, мае стромкія здзірванелыя схілы.

Па меркаванні П.Ф.Лысенкі, дзядзінец і вакольны горад былі заселены адначасова з канца Х ст. Верагодна, Тураў быў пляменным цэнтрам самастойнага “княжання” напярэдадні ўключэння яго ў склад Кіеўскай дзяржавы. У Х-ХІІІ ст. Тураў быў значным палітычным, эканамічным і культурным цэнтрам паўднёвай Беларусі, аб чым сведчаць шматлікія археалагічныя знаходкі.

Вельмі цікавым горадам з пункту глеждання фармавання тапаграфіі з’яўляецца Гомель (летапісны Гомій, Гомей). Дзядзінец старажытнага горада ўзнік на месцы гарадзішча жалезнага века, якое размяшчалася на мысе правага карэннага берага р.Сож у вусці ручая Гамеюка. У Х - ХІ стст. плошча дзядзінца была менш за 1 га. З боку поля ён быў умацаваны дугападобным ровам і земляным валам, а па перыметры пляцоўкі, верагодна, драўляным парканам. Не пазней пачатка ХІІ ст. першапачатковыя фартыфікацыі былі знівеліраваны, а плошча павялічана да 1,4 га. Паводле плана Гомеля 1799 г., дзядзінец меў авальнатрапецыяпадобную форму, ад вакольнага горада аддзяляўся ровам шырынёй больш за 30 м. У ХІІ ст. тут узводзіліся мураваныя будынкі, пра што сведчаць знаходкі плінфы жоўтага колеру. У пачатку ХІІІ ст. пляцоўка дзядзінца была дадаткова ўмацавана ўнутраным кальцом абароны, якое складалася з рова і земляного вала з драўлянымі канструкцыямі. Гэтыя ўмацаванні дзядзінца згарэлі ў першай палове ХІІІ ст. у час штурму Гомеля мангола-татарскімі атрадамі.

На поўнач і захад ад дзядзінца ў Х - ХІІІ стст. і пазней знаходзіўся вакольны горад. Раскопкамі ўстановлена, што вакольны горад узнік на месцы славянскага паселишча другой паловы І тысячагоддзя. У Х ст. функцыянаваў абарончы пояс, які складаўся з рова, невялікага земляного вала з драўлянымі канструкцыямі і ахопливаў плошчу да 8 га. У сувязі з ростам горада ў пачатку ХІ ст. першапачатковыя ўмацаванні былі знівеліраваны. У ХІІ-ХІІІ стст. плошча ўмацаванага вакольнага горада перавышала 12 га. Падчас раскопак на вакольным горадзе (раскопкі А.А.Макушнікава) знойдзены ўнікальныя рэчы, раскапана зброевая майстэрня.

У ХІ - ХІІ стст. да вакольнага горада прымыкалі пасады. Паводле даследаванняў археолагаў, іх было не менш трох. Як лічаць даследчыкі, Гомель узнік у канцы І тысячагоддзя н.э. як пляменны цэнтр радзімічаў. У ХІ-ХІІІ стст. ён быў значным палітычным і эканамічным цэнтрам паўднёва-ўсходняй Беларусі ў складзе Чарнігаўскай зямлі.

Бярэсце (Брэст) ўзгадваецца ў “Аповесці мінулых гадоў” у 1019 г. падчас уцёкаў князя Святаполка ў Польшчу (“лядскую землю”). Паведамленне 1099 г. называе Бярэсце “градам”, г.зн. умацаваным паселішчам, крэпасцю. Аднак у летапісе не указана месцапалажэнне гэтага града.

У цяперашні час мясцовасць у ўпадзенні р.Мухаўца ў Заходні Буг не мае знешніх прикметаў гарадзішча. У час будаўніцтва Брэсцкай крэпасці рэльеф мясцовасці моцна зменены, што ўскладняла пошукі старажытнага горада. Але старажытныя планы Брэста, складзеныя да пачатка будаўніцтва крэпасці, давалі падставы для меркавання, што гарадзішча летапіснага Бярэсця існавала на мысу пры ўпадзенні Мухаўца ў Заходні Буг. Археалагічныя даследаванні, якія праводзіў на гэтым месцы П.Ф.Лысенка, пацвердзілі меркаванне. Найбольш старажытная, умацаваная частка Бярэсця (дзядзінец) размяшчалася на мысе, утвораным правым берагам р.Заходні Буг і левым берагам левага рукава р.Мухавец. Вакольны горад і пасады размяшчаліся на суседніх мясцовасцях, па берагах рэк. Падчас археалагічных раскопак ускрыта больш за 1800 кв.м, з іх 528 кв.м - да мацерыка. Культурны пласт (да 7 м) добра захаваў рэшткі драўляных пабудоў і розныя прадметы з матэрыялаў арганічнага і неарганічнага паходжання (скура, тканіна, дрэва, косць, металы, кераміка, камень і інш.). Як сцвярджае П.Ф.Лысенка, Бярэсце было заснавана дрыгавічамі. На месцы правядзення археалагічных раскопак створаны ўнікальны археалагічны музей “Бярэсце”, які размешчаецца ў спецыяльна пабудаваным будынку (павіліёне). Для зберажэння рэшткаў старажытных пабудоў супрацоўнікамі Беларускага тэхналагічнага інстытута імя С.М.Кірава распрацавана і ўпершыню ажыццяўлена кансервацыя драўляных збудаванняў у палявых умовах. У музеі 14 экспазіцыйных залаў, плошча экспазіцыі 2400 кв.м, больш за 40 тыс. экспанатаў. Аснову экспазіцыі складаюць больш за 30 драўляных жылых і гаспадарчых пабудоў, рэшткі маставых, частаколы і іншыя збудаванні, выяўленыя ў выніку археалагічных раскопак берасцейскага гарадзішча, якія дзякуючы кансервавальным якасцям магутнага культурнага пласта добра захаваліся на вышыню да 12 вянцоў. Экспануюцца таксама прылады працы, прадметы ўзбраення і амуніцыі конніка, прадметы побыту, упрыгожанні, посуд, абутак. Сярод экспанатаў рэдкія знаходкі - самшытавы грабень з выразанымі літарамі кірыліцы, касцяныя мястыхін, пісала, касцяная шахматная фігурка (кароль) і іншыя.

Перыяд ранняга феадалізму ў гісторыі Беларусі - гэта час развіцця рамяства і гандлю, другі грамадскі падзел працы, станаўленне феадальных адносінаў, узаемасувязі ўсходнеславянскіх і балцкіх плямёнаў, фармаванне гарадскіх і сельскіх паселішчаў, вытокі дзяржаўнасці. Асаблівае значэнне для даследвання гэтых праблемаў маюць буйныя раскопкі ў Брэсце, Віцебску, Мінску, Полацку, Тураве, Гомелі, Гродне, Навагрудку і інш.

Шматпланавая тэматыка старажытнага горада мае вялікае значэнне для агульнатэарэтычнага і канкрэтна-гістарычнага ўяўлення аб шляхах складання і развіцця феадалізму. Пры даследаванні беларускіх гарадоў прымяняўся комплексны аналіз дадзеных апрацоўкі масавых археалагічных матэрыялаў і іншых крыніц, уключаючы паведамленні летапісаў, картаграфічныя і іншыя звесткі. Так, можна лічыць ўстаноўленым, што паселішчы, якія папярэднічалі старажытнейшым гарадам Беларусі - Полацку, Віцебску, Лукомлю, Гомелю, з’явіліся ў VIII-ІХ стст. і заснаваны славянамі, якія рассяліліся на гэтых землях. Беларускімі археолагамі распрацавана гістарычная тапаграфія гарадоў Х-ХІІІ стст., зроблена спробы вызначыць іх памеры і колькасць жыхароў, даказана, што старажытныя гарады Беларусі прайшлі такі ж шлях станаўлення, як і іншыя гарады Ўсходняй і Заходняй Еўропы. У выніку шматгадовых даследванняў археолагі разнабакова вывучылі гарады, паставілі і асвятлілі тэарэтычныя праблемы іх узнікнення і далейшага развіцця, даследавалі эканоміку, архітэктуру, матэрыяльную культуру.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]