Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Samusevich_Morf_UMK.doc
Скачиваний:
18
Добавлен:
20.11.2019
Размер:
414.72 Кб
Скачать

Ііі. Развіццёвая частка

Доўгі час словы, якія многімі граматыстамі адносяцца да катэгорыі стану, вывучаліся разам з прыслоўямі. Дарэчы, шмат у якіх працах па граматыцы асноўная частка слоў катэгорыі стану яшчэ і цяпер працягвае называцца “прэдыкатыўнымі прыслоўямі”. Сапраўды, значная колькасць слоў катэгорыі стану па форме падобна да якасных прыслоўяў. Аднолькавыя ў іх і спосабы ўтварэння форм ступеней параўнання.

Агульным для прыслоўяў і слоў катэгорыі стану з’яўляецца таксама тое, што абодва названыя лексіка- граматычныя класы слоў -- “вытворныя” часціны мовы. Увесь іх лексічны склад у сучаснай мове поўнасцю, без выключэння, складаецца са слоў вытворных. Бясспрэчна, вытворнасць гэта разумеецца ў дыяхранічным плане: кожнае прыслоўе ці кожнае слова катэгорыі стану на тым або іншым дыяхранічным “зрэзе” можа быць лёгка ўзведзена да свайго “продка” ‑ назоўніка, займенніка, прыметніка, лічэбніка ці дзеяслова.

Аб’ядноўвае гэтыя часціны мовы і тое, што ім не ўласцівы скланенне і спражэнне, яны не маюць катэгорыі ліку.

Аднак на фоне агульнага ў гэтых часцінах мовы досыць ярка выступаюць і важныя адразняльныя рысы, характэрныя толькі прыслоўю ці толькі словам катэгорыі стану. Прыслоўе, напрыклад, сінтаксічна звязана з дзеясловам, назоўнікам ці прыметнікам, выконваючы ролю даданага члена сказа ці ўваходзячы ў склад гэтага даданага члена (калі ён выражаны сінтаксічна непадзельным словаспалучэннем). Быць дзейнікам прыслоўе можа толькі ў субстантываваным стане, а функцыю выказніка яно выконвае выключна ў двухсастаўных сказах, і то надзвычай рэдка. Словы ж катэгорыі стану самі падпарадкоўваюць сабе і дзеяслоў, і назоўнік (або займеннік), і прыслоўе; словы катэгорыі стану амаль выключна ўжываюцца ў функцыі выказніка безасабовага сказа. Такім чынам, па валентнасці і сінтаксічнай функцыі гэтыя два лексіка- граматычныя класы слоў не супадаюць. Не супадаюць яны і па лексічным аб’ёме.

Прэдыкатывы не маюць яскрава выражаных марфалагічных рыс, і большасць адразняльных прымет іх — гэта прыметы сінтаксічныя. Усё гэта доўгі час перашкаджала вылучэнню прэдыкатываў у асобны лексіка- граматычны клас слоў.

Праўда, ужо з першай трэці XIX ст. у рускіх граматыках (А.А. Барсава і А.Х. Вастокава) адзначаліся сінтаксічныя і семантычныя своеасаблівасці прэдыкатываў і іх адрозненні ад іншых часцін мовы. Прафесар А.М. Пяшкоўскі не адносіў іх наогул ні да адной з часцін мовы, называючы іх аморфнымі.

Упершыню вылучыў гэтыя словы ў асобную часціну мовы акадэмік Л.У. Шчэрба, ён жа ўвёў у абыходак і сам тэрмін “катэгорыя стану” (гл. яго артыкул “ О частях речи в русском языке»,1928). Аднак Шчэрба ўключаў у гэты клас і прыслоўі (замужем, начеку), і прыметнікі (должен, намерен) і прыназоўнікава-склонавыя спалучэнні ў ролі выказніка (без памяти, не в духе) і г.д. У выніку атрымлівалася пазбаўленая ўнутранага адзінства група слоў, якія аб’ядноўваліся толькі сінтаксічнай функцыяй (быць выказнікам) і семантыкай (мець агульнае значэнне стану). Найбольш поўны і глыбокі аналіз гэтай групы слоў даў акадэмік В.У. Вінаградаў у сваёй кнізе “Русский язык: Грамматическое учение о слове” (М.,1972). В.У. Вінаградаў таксама адносіў кароткія прыметнікі (рад, горазд і пад.) да катэгорыі стану, хаця значэнні роду і ліку ў гэтых словах поўнасцю захаваліся.

У 1954-1957 гг. у лінгвістычнай перыёдыцы разгарнулася вострая дыскусія: ці ёсць у рускай мове катэгорыя стану як асобная часціна мовы? У гэтай дыскусіі прынялі ўдзел вядомыя лінгвісты (Ф.Траўнічак, А.В. Ісачанка, М.С. Паспелаў, А.Б. Шапіра, Е.М. Галкіна-Федарук і інш.) У выніку дыскусіі больш яскрава вызначыліся аргументы як за тое, каб лічыць прэдыкатывы асобнай часцінай мовы, так і супраць гэтага. Так, у «Грамматике современного русского литературного языка» (М., 1970) і ў «Русской грамматике» (М.,1980) словы гэтага разраду характарызуюцца як сінтаксічныя дэрываты такіх часцін мовы, як назоўнік ці прыслоўе. Але прызнанне іх сінтаксічнымі дэрыватамі можа быць правамерным толькі ў тым выпадку, калі сінтаксічныя рысы (валентнасць і функцыю ў сказе) не прымаць пад увагу пры вызначэнні часціны мовы як асобнага класа слоў. Акрамя таго, з аднясеннем слоў тыпу холадна, горача і пад. да разраду сінтаксічных дэрыватаў прыслоўяў нельга згадзіцца яшчэ і па той прычыне, што з прыслоўямі гэтыя словы супадаюць толькі фармальна. Значэнне і паходжанне іх збліжаюць з прыметнікамі.

Сярод вучоных, якія прызнаюць за прэдыкатывамі права лічыцца часцінай мовы, таксама пакуль што не існуе поўнай згоды адносна таго, які аб’ём мае група слоў і якімі шляхамі ідзе яе папаўненне.

П.П. Шуба

Выпішыце з навуковай літаратуры розныя меркаванні па гэтым пытанні.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]