Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Лекции Библиотековед история.doc
Скачиваний:
39
Добавлен:
22.02.2016
Размер:
1.36 Mб
Скачать

Публічныя бібліятэкі

Дзяржаўная установа “Нацыянальная бібліятэка Беларусі” (НББ, у 1990–2002 гг.дырэктар Галярыта Мікалаеўна Алейнік, з 2003 г. – Раман Сцяпанавіч Матульскі, доктар пед. навук). НББ, якая валодае найбольш поўнай у рэспубліцы універсальнай калекцыяй нацыянальных дакументаў, а таксама дакументаў, выдадзеных у замежных краінах, з’яўляецца галоўнай бібліятэкай рэспублікі, вядучай установай па прыкладных даследаваннях ў галіне бібліятэказнаўства, бібліяграфазнаўства, кнігазнаўства, інфарматыкі і каардынацыйным цэнтрам для бібліятэк усіх сістэм і ведамстваў.

Узросшая значымасць інфармацыі як глабальнага рэсурсу развіцця грамадства і роля НББ у аперыраванні гэтым рэсурсам, садзейнічалі прыняццю Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь 7 сакавіка 2002 г. Загада № 153 «Аб будаўніцтве новага будынка дзяржаўнай установы “Нацыянальная бібліятэка Беларусі”». Узвядзенне новаго будынка было аб’яўлена агульнанацыянальнай будоўляй, мэтай якой стала стварэнне унікальнага архітэктурна-будаўнічага і праграмна-тэхнічнага комплексу, накіраванага на задавальненне інфармацыйных і сацыякультурных патрэб грамадства (аўтары архітэктурнага праекта М.К.Вінаградаў і В.У.Крамарэнка). У 2005 г. будаўніцтва было завершана і бібліятэчныя фонды перамясцілася ў новае сучаснае памяшканне. 16 чэрвеня 2006 г. НББ адкрылася і для чытачоў, у распараджэнні якіх камфортныя чытальныя залы (19), дыферэнцыраваныя з улікам адукацыйнага ўзроўню карыстальнікаў, галін ведаў, відаў дакументаў і разлічаныя на 2000 месцаў з сучасным камп’ютэрным абсталяваннем; канферэнц-зала (на 490 месцаў), пункты доступу ў Інтэрнет, Музей кнігі (працуе з верасня 2006 г.), комплекс мастацкіх галерэй і службовыя памяшканні, кафэ і рэстаран, фізкультурна-аздараўленчы комплекс, дзіцячы пакой для гульняў, аглядная пляцоўка і інш. НББ сёння – гэта не толькі асветніцкая ўстанова, але і культурна-дасугавы і рэкрэацыйны цэнтр, цэнтр сацыяльных, культурных і адукацыйных ініцыятыў.

У 2006 г. фонд НББ налічваў больш за 8 млн. 332 тыс. адзінкі захоўвання, сярод якіх звыш 70 тыс. рэдкіх, старадрукаваных кніг і рукапісаў; 2,8 млн. перыядычных выданняў; 81 тыс. нот; 31 тыс. аудыёвізуальных дакументаў; 109 тыс. выяўленчых выданняў; 15 тыс. карт; 700 тыс. аўтарэфератаў дысертацый; 122 тыс. мікраформ.

Выконваючы каардынацыйную функцыю, НББ штогод узгадняе навукова-даследчую і навукова-метадычную дзейнасць бібліятэк у выглядзе каардынацыйных планаў; ініцыіруе і ўзначальвае сумесныя распрацоўкі асноўных нарматыўна-рэгламентуючых дакументаў, навуковыя даследаванні ў галіне бібліятэчнай справы; удзельнічае ў сумеснай арганізацыі і правядзенні канферэнцый, семінараў, нарад і г.д. У НББ распрацаваны асноўныя дакументы, рэгламентуючыя збор і захоўванне бібліятэчных фондаў – “Інструкцыя па ўліку і захаванасці бібліятэчных фондаў у Рэспубліцы Беларусь” (2002), праект “Палажэння аб нацыянальным фондзе кніжных помнікаў Рэспублікі Беларусь” (2001), праект “Мэтавай праграмы па кансервацыі, рэстаўрацыі і захаванасці помнікаў кніжнай культуры”, якімі кіруецца створаная ў бібліятэцы фондавая камісія.

Найбольш каштоўная частка кнігазбору НББ захоўваецца ў навукова-даследчым аддзеле кнігазнаўства (створаны ў 2005 г. на аснове аддзела рукапісаў, старадрукаў і рэдкіх кніг). У рукапісным фондзе аддзела налічваецца каля 1700 адзінак захоўвання рукапісных кніг і архіўных матэрыялаў, якія з’яўляюцца часткай Нацыянальнага архіўнага фонду Беларусі. Старэйшыя рукапісныя кнігі ў зборы датуюцца XIV ст., як “Тайная тайных, або Арыстоцелевы вароты” на старажытнабеларускай мове, помнікі славянскага і заходнееўрапейскага пісьменства, калекцыя ўсходніх рукапісаў XIV–XX стст. Вылучаюцца калекцыі рукапісных кніг старажытнай традыцыі, у тым ліку беларускага паходжання, калекцыя спеўных рукапісаў крукавай і ноталінейнай натацыі. Фонд архіўных матэрыялаў уключае асабістыя фонды К. Каганца, І. Сіманоўскага, Я. Хлябцэвіча, Н. Ватацы, збор матэрыялаў дзеячаў навукі і культуры Беларусі, куды ўваходзяць творчыя рукапісы Ц. Гартнага, З. Бядулі, Я. Коласа і інш. У калекцыі старадрукаў (да 1830 г.) знаходзіцца больш за 30 тыс. асобнікаў: 43 асобнікі інкунабулаў (першадрукаў XV ст.); каля 200 – палеатыпаў (выданняў 1501–1550 гг.), сярод якіх адзіны збор ў Беларусі выданняў беларускага першадрукара Францыска Скарыны (10 выпускаў у 6 пераплётах, якія выйшлі ў Празе ў 1517–1519 гг.). Калекцыя кірылічных друкаў уключае 1100 кніг, у склад якіх уваходзяць каля 200 асобнікаў (больш за 100 выданняў) з беларускіх друкарняў Пятра Мсціслаўца, Васіля Гарабурды, братоў Мамонічаў, друкарняў Еўя, Куцейна, Магілёва, Супрасля, Гродна; тры кнігі Івана Фёдарава; шэраг выданняў расійскага і украінскаша паходжання. У зборы беларускіх выданняў на лацініцы XVI–XVIII стст. Знаходзяцца унікальныя асобнікі з брэсцкай друкарні Мікалая радзівіла Чорнага, з друкарняў Ашмян, Слуцка, Нясвіжа, Полацка, Вільні і інш. Каля 2 тыс. асобнікаў налічвае калекцыя рускага грамадзянскага друкуXVIII ст. Беражліва захоўваюцца ў бібліятэцы рэдкія выданні, якія адлюстроўваюць эпохі і падзеі гістарычнай значнасці, нелегальныя і забароненя выданні, выданні з непаўторнымі адметнымі рысамі, як пераплёт, экслібрысы, пячаткі, уладальніцкія і чытацкія паметы і запісы; аўтографы (М. Багдановіча, М. Гогаля, І. Буніна, А. Франса, В. Гюго, М. Цвятаевай, М. Шагала).

Дадатным чынам на захаванасці дакументаў адбілася ўкараненне аўтаматызацыі. З 1993 г. НББ фарміруе электронныя інфармацыйныя рэсурсы: электронны каталог па ўсіх відах дакументаў; шэраг праблемна-арыентаваных, бібліяграфічных, графічных, фактаграфічных баз данных; перавод у лічбавую форму фонда грамзапісаў і інш. Агульны аб’ём баз даных, генерыруемых Нацыянальнай бібліятэкай, складае звыш 2 млн. запісаў. Іх тэматыка адпавядае асноўнай канцэптуальнай ідэі фарміравання інфармацыйных рэсурсаў профільным для НББ галінам ведаў і закрывае сегмент сацыягуманітарнага кірунку (БД “Культура і мастацтва”, “Radziviliana”, “Кнігазнаўства”, “Гісторыя кніжнай культуры Падляшша”, “Чарнобыль”, “Беларусь у асобах і падзеях”, “Гісторыя Беларусі”, “Грамадскія навукі”, “Геральдыка”, “Хроніка культурнага жыцця Беларусі” і інш.). У рамках Дзяржаўнай праграмы інфарматызацыі на 2002–2005 гг. створаны электронны “Імідж–каталог”, які з’яўляецца адлюстраваннем Генеральнага каталога НББ. Павышэнню эфектыўнасці абслугоўвання аддаленых карыстальнікаў садзейнічае “Віртуальная даведачная служба” на сайце бібліятэкі і служба “Электронная дастаўка дакумента”. У 1998 г. быў распрацаваны сайт НББ.

З 2002 г. пачынаецца адлік выпуску электронных выданняў НББ.

У НББ распачаўся новы этап рэканструкцыі рэпертуару кнігі Беларусі. Сучасныя тэхналогіі дазволілі ствараць электронныя копіі дакументаў, што забяспечвае іх больш надзейную захаванасць. Так, НББ выступіла з ініцыятывай стварэння Праграмы “Памяць Беларусі”, распрацоўка якой пачалася ў 2005 г. сумесна з супрацоўнікамі музеяў і архіваў. Каардынуючай арганізацыяй Праграмы стала НББ. Рэалізацыі Праграмы “Памяць Беларусі” будзе спрыяць і яшчэ адна дзяржаўная праграма – “Электронная Беларусь”. У НББ распрацоўваюцца праекты бібліяграфічнай рэканструкцыі гістарычных кніжных збораў, аднымі з важнейшых з’яўляюцца бібліятэка Радзівілаў (усяго ў НББ захоўваецца звыш 2000 кніг) і бібліятэка Храптовічаў (захоўваецца ў Украіне).

Штогод у НББ выпускаецца звыш 30-ці розных матэрыялаў для бібліятэк рэспублікі: навукова-метадычных і практычных, гісторыка-дакументальных і аналітычных. Значную работу ў галіне бібліятэчнай справы рэспублікі праводзіць навукова-даследчы аддзел бібліятэказнаўства, які адным з галоўных аб’ектаў навукова-метадычнага ўздзеяння вызначыў сетку публічных бібліятэк сістэмы Міністэрства культуры. У 2002–2005 гг. галоўны рэдактар часопіса “Бібліятэчны свет” – Людміла Генадзьеўна Кірухіна, намеснік дырэктара па навуковай рабоце НББ.

Маштабнай часткай дзейнасці НББ з’яўляецца бібліяграфічная дзейнасць, акрэсленая такімі задачамі, як забеспячэнне бібліяграфічнага ўліку нацыянальнага дакумента; уліку і якаснага раскрыцця беларусазнаўчага дакумента; поўны ўлік нацыянальных крыніц бібліяграфічнай інфармацыі; забеспячэнне стварэння нацыянальнай сістэмы зводных каталогаў; стварэнне сістэмы навукова-дапаможных і рэкамендацыйных бібліяграфічных крыніц беларусазнаўчай і гуманітарнай тэматыкі; каардынацыя бібліяграфічнай дзейнасці ў краіне; вядзенне навукова-даследчай і навукова-метадычнай дзейнасці ў галіне бібліяграфіі.

Вынікі навукова-даследчай дзейнасці ў галіне кніжнай культуры знаходзяць адлюстраванне ў правядзенні міжнародных “Кнігазнаўчых чытанняў” (з 1998 г.), выданні навуковых зборнікаў НББ “Здабыткі” (з 1995 г.) і “Матэрыялы Кнігазнаўчых чытанняў”, рэдагаванне якіх ажыццяўляе Таццяна Іванаўна Рошчына. Штогод НББ арганізуе і праводзіць навукова-практычныя канферэнцыі па розных кірунках бібліятэчна-бібліяграфічнай дзейнасці, павышэнню кваліфікацыі; займаецца актыўнай кнігавыдавецкай дзейнасцю; наладжвае і падтрымлівае міжнародныя і міждзяржаўныя сувязі ў галіне кнігаабмену (больш за 300 арганізацый з 53 краін свету). Бібліятэкай праведзены такія значныя рэспубліканскія навуковыя даследаванні, як “Гісторыя бібліятэчнай справы ў Беларусі” (з 1974 г.), “Чытач навуковай бібліятэкі г.Мінска і праблемы ўдасканалення яго абслугоўвання” (1994), “Структура і дынаміка дзіцячага чытання” (1994–1997), “Публічныя бібліятэкі Беларусі ў сацыякультурным асяроддзі” (2001), “Праблемы бібліятэчнага абслугоўвання жыхароў маланаселеных пунктаў”, “Нацыянальная бібліятэка Беларусі ў дакументах. 1921–2005 гг.” (з 2004г.) інш.

Спецыялісты бібліятэкі ўдзельнічаюць у рабоце прафесійных арганізацый: ІФЛА, Еўрапейскай камісіі па публічных бібліятэках пры Савеце Еўропе, Польска-беларускай камісіі па захаванню дакументальнай спадчыны, Рабочай групы бібліятэкараў і дакументазнаўцаў краін Усходняй, Цэнтральна-Усходняй і Паўднёва-Усходняй Еўропы і інш. НББ – адна з заснавальніц Бібліятэчнай Асамблеі Еўразіі. Бібліятэка з’яўляецца дэпазітарыем матэрыялаў ААН, Савета Еўропы, АБСЕ, ЮНЕСКА. У партнёрстве з пасольствамі, культурнымі цэнтрамі, нацыянальнымі бібліятэкамі замежных краін НББ праводзіць шырокамаштабныя акцыі: прэзентацыі, кніжныя выставы, літаратурныя вечарыны. Вынікам многіх сумесных мерапрыемстваў становяцца дабрачынныя акцыі, дзякуючы якім фонды бібліятэкі папаўняюцца новымі выданнямі і калекцыямі.

Дзяржаўная установа “Цэнтралізаваная сістэма дзіцячых бібліятэк г. Мінска” (ЦСДБ), уключае на сучасны момант Цэнтральную дзіцячую бібліятэку імя М. Астроўскага (дырэктар у 1974–2006 гг. – Ліна Міхайлаўна Сачко, з 2006 г. – Таццяна Аляксееўна Швед), 17 дзіцячых бібліятэк і 6 філіялаў. Гэта адзінае ў рэспубліцы самастойнае аб’яднанне толькі дзіцячых бібліятэк.

Вядучым накірункам у першай палове 1990-х гадоў у працы дзіцячых бібліятэк было нацыянальнае адраджэнне, дзякуючы якому распаўсюджваліся краязнаўчыя веды, развівалася цікавасць да гісторыі і культуры Беларусі. З 1994 г. пачаў праводзіцца рэспубліканскі конкурс “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры”. У 1998 г. сярод лепшых за свой “Гістарычны нарыс” была прызнана Цэнтральная дзіцячая бібліятэка імя А. Астроўскага.

Пачынаючы з другой паловы 1990-х гадоў асноўным акцэнтам у дзейнасці дзіцячых бібліятэк становіцца задавальненне і развіццё інфармацыйных, культурных, адукацыйных, дасугавых патрэб і інтарэсаў чытачоў праз выкарыстанне сучасных тэхналогій. Аўтаматызацыя бібліятэчных працэсаў у дзіцячых бібліятэках пачалася ў 1995 г., калі ЦСДБ г.Мінска выйграла грант Беларускага фонда Сораса на 5,2 тыс. долараў. Для аўтаматызацыі бібліятэчна-бібліяграфічных працэсаў была выкарыстана АБІС, распрацаваная фірмай “ИНЕАК”, праграма “ALIS”. Для пачатку 2000-х гадоў характэрна інтэнсіфікацыя працэсу камп’ютэрызацыі дзіцячых бібліятэк Беларусі, насычэнне іх электронным, адуыёвізуальным абсталяваннем. Самым высокім узроўнем укаранення камп’ютэрных тэхналогій вылучаецца ЦСДБ г.Мінска, дзе на пачатак 2007 г. аўтаматызаванымі з’яўляюцца ўсе бібліятэкі. У Цэнтральнай бібліятэцы з 2003 г. працуе Інтэрнет. Ва ўсіх дзіцячых бібліятэках створаны лакальныя сеткі, аўтаматызаваны ўсе тэхналагічныя працэсы, уключаючы абслугоўванне. У ЦСДБ створаны і з 2005 года рэалізуецца праект па інфарматызацыі дзейнасці бібліятэк, дзе запланавана стварэнне мультымедыйных цэнтраў у 8 дзіцячых бібліятэках сталіцы з падключэннем да Інтэрнет.

Амаль усе дзіцячыя бібліятэкі працуюць па сваіх уласных праграмах, якія распрацоўваюцца ў адпаведнасці з дзяржаўнымі, як “Чытаючыя дзеці – чытаючая нацыя”, “Праграма супрацоўніцтва Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Беларускай Праслаўнай Царквы у галіне культурнай і творчай дзейнасці, аховы, адраджэння і развіцця гістарычнай і культурнай спадчыны”.

Старэйшай бібліятэкай у Цэнтралізаванай сістэме дзіцячых бібліятэк Мінска з’яўляецца Цэнтральная дзіцячая бібліятэка імя М. Астроўскага (створана ў 1924 г.), якая і ажыццяўляе метадычнае кіраўніцтва ўсімі дзіцячымі бібліятэкамі горада. Бібліятэкай карыстаюцца 21 510 чытачоў (2006 г.). Фонд налічвае каля 116000 экз. дакументаў (на 01.01.07), а кнігавыдача – 334000 за 2006 г. Цэнтральная бібліятэка з’яўляецца не толькі інфармацыйным, але і культурным цэнтрам, месцам правядзення вольнага часу дзяцей і падлеткаў. Штогод у бібліятэцы праводзіцца больш за 400 мерапрыемстваў для чытачоў усіх узростаў. Асноўным кірункам у дзейнасці застаецца прапаганда беларускай гісторыі і культуры.

Першыя 10 год ХХІ ст. абвешчаны ААН дзесяцігоддзем культур свету і ненасілля ў інтарэсах дзяцей планеты. У адпаведнасці з гэтым у Цэнтральнай бібліятэцы ажыццяўляецца комплексная праграма “Свет праз культуру”. Таму адным з прыярытэтаў у дзейнасці з’яўляецца супрацоўніцтва з амбасадамі розных краін: ЗША, Турцыі, Літвы, Кітая, Германіі, Францыі, Ізраіля, Вялікабрытаніі, Швецыі, Чэхіі, Японіі, Польшчы і інш. На базе дзіцячай бібліятэкі № 5 г.Мінска створаны інфармацыйны цэнтр японскай культуры.

У 2001 г. у Цэнтральнай бібліятэцы адкрыты мультымедыйны цэнтр, які забяспечваецца CD-ROM, відэа- і аўдыёматэрыяламі з дапамогай амбасады ЗША, Інстытута імя Гётэ.

Цэнтралізаваная сістэма дзіцячых бібліятэк г.Мінска сумесна з Беларускай бібліятэчнай асацыяцыяй выступіла ў 1999 г. заснавальнікам часопіса “Бібліятэка прапануе”. Нулявы нумар часопіса выйшаў у лютым 1999 г. і быў прысвечаны дваццацігадоваму юбілею Цэнтралізаванай сістэмы дзіцячых бібліятэк г.Мінска. Аднак толькі ў лютым 2000 г. выданне атрымала афіцыйнае пасведчанне аб рэгістрацыі і стала выходзіць рэгулярна (4 нумары, а з 2003 г. – 6 нумароў у год).У 2005 г. была праведзена перарэгістрацыя часопіса ў сувязі з выхадам з ліку яе заснавальнікаў Беларускай бібліятэчнай асацыяцыі. Галоўным рэдактарам часопіса зараз з’яўляецца Таццяна Аляксееўна Швед, дырэктар ЦСДБ.