Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Лекции Библиотековед история.doc
Скачиваний:
39
Добавлен:
22.02.2016
Размер:
1.36 Mб
Скачать

Спецыяльныя бібліятэкі

На 01.01.2007 г. у Беларусі налічваецца каля 5,5 тыс. спецыяльных бібліятэк з сукупным аб’ёмам фонду каля 150 млн. экз. Дзейнасць большасці спецыяльных бібліятэк каардынуюць рэспубліканскія навуковыя бібліятэкі, якія размяшчаюцца ў сталіцы.

Дзяржаўная установа “ЦНБ імя Якуба Коласа НАН Беларусі” (з 1995 г. абавязкі дырэктара выконвала Святлана Мікалаеўна Емельянава, з лістапада 1999 г. – дырэктар Наталля Юр’еўна Бярозкіна, канд. гіст. навук) з’яўляецца буйнейшай інфармацый установай, якая забяспечвае дзейнасць вучоных і спецыялістаў розных галін, навукова-даследчых арганізацый; праводзіць даследаванні ў галіне бібліятэказнаўства, бібліяграфазнаўства, гісторыі кнігі, інфармацыйных тэхналогій. Знаходзіцца ў падпарадкаванні НАН Беларусі: упаўнаважаным органам, які ажыццяўляе навукова-метадычнае кіраўніцтва ЦНБ НАН Беларусі, з’яўляецца Нацыянальны цэнтр інфармацыйных рэсурсаў і тэхналогій.. Універсальныя фонды бібліятэкі налічваюць звыш 3 млн. экз. дакументаў розных відаў. Сярод іх шырока прадстаўлена навуковая і навукова-папулярная літаратура універсальнай тэматыкі, даведачна-энцыклапедычныя, літаратурна-мастацкія выданні, матэрыялы на нетрадыцыйных носьбітах. Асаблівы гонар акадэмічнай бібліятэкі – кніжная калекцыя Нясвіжскай ардынацыі Радзівілаў, а таксама – калекцыі рукапісных кніг (у тым ліку кнігі на беларускай мове арабскай графікай), помнікі славянскага кнігідрукавання XVI – XVIII стст., кнігі грамадзянскага друку, замежныя еўрапейскія кнігі, выданні на беларускай мове ХІХ – ХХ стст., архіўны збор выданняў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, кнігі з аўтографамі і даравальнымі надпісамі выдатных дзеячаў беларускай навукі і культуры, прыватныя зборы А. Багдановіча, М. Гарэцкага, П. Беркава. Усяго ў спецыялізаваным аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў бібліятэкі Акадэміі навук захоўваецца звыш 65 тыс. друкаваных адзінак і 50 рукапісных архіўных фондаў беларускіх вучоных, пісьменнікаў, мастакоў, дзяржаўных дзеячаў. У бібліятэцы створаны мемарыяльны пакой беларускага паэта Пятра Глебкі.

Фонд аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў мае 5 інкунабулаў, звыш 2 тыс. заходнееўрапейскіх выданняў XVI – XVIII стст. (з друкарняў Альдаў, Эцьенаў, Плантэнаў, Эльзевіраў і інш., творы вядомых вучоных эпохі Адраджэння І. Кеплера, М. Каперніка, Р. Дэкарта). Калекцыю кірылічнага друку складаюць каля 500 асобнікаў. Сярод старадрукаў беларускага паходжання – выданні з друкарняў Вільні, Нясвіжа, Цяпіна, Куцейна, Магілёва, Брэста і інш. Ёсць у бібліятэцы і прыжыццёвыя публікацыі Сімяона Полацкага “Псалтырь в стихах” (1680), “Вечеря душевная” (1683). У бібліятэцы захоўваецца адзіны на беларусі экземпляр Брэсцкай, або радзівілаўскай Бібліі 1563 г.Звыш 500 асобнікаў расійскіх выданняў аб’яднаны ў калекцыю грамадзянскага друку. Выданні ХІХ – ХХ стст. прадстаўлены шэрагам гісторыка-этнаграфічных даследаванняў М. Нікіфароўскага, М. Доўнар-Запольскага, А. Сержпутоўскага, А. Харузіна, Е. Раманава; творамі пачынальнікаў беларускай літаратуры Я. Чачота, Я. Баршчэўскага, А. Плуга, М. Агінскага, А. Ельскага і інш. Значнае месца займаюць беларускамоўныя выданні першых беларускіх выдавецкіх таварыстваў пач. ХХ ст. у С.-Пецярбургу і Вільні.

У ЦНБ НАН Беларусі захоўваецца найбольш значны ў краіне фонд замежнай літаратуры, у тым ліку перыядычных выданняў і выданняў, што прадаўжаюцца (каля 1 млн.). У бібліятэцы наладжаны шырокія кнігаабменныя сувязі з больш за 528 арганізацыямі з 55 краін. Бібліятэка атрымлівае больш за 700 назваў замежных часопісаў. Бібліятэка стала першай удзельніцай ад Беларусі ў міжнароднай праграме INTAS (Міжнародная сетка доступу да навуковых публікацый, Вялікабрытанія) па бясплатнаму забеспячэнню вучоных інфармацыяй з замежных часопісаў.

ЦНБ НАН Беларусі ўзначальвае Цэнтралізаваную бібліятэчную сістэму (ЦБС) НАН Беларусі, структуру якой у 2007 г. склалі непасрэдна ЦНБ НАН Беларусі і 25 бібліятэк пры навуковых установах НАН Беларусі, 13 з якіх – філіялы ЦНБ НАН Беларусі (усе знаходзяцца ў Мінску), 12 – бібліятэкі інстытутаў і знаходзяцца: у Мінску (7), Віцебску (1), Гомелі (2), Гродна (1), і Магілёве (1). Такім чынам, у Мінску размяшчаецца 21 з 25 біліятэк ЦБС НАН Беларусі.

Штогод ЦБС НАН Беларусі абслугоўвае звыш 5 тыс. карыстальнікаў, якім выдаецца больш за 600 тыс. экз. дакументаў, выконваецца больш за 13 тыс. бібліяграфічных і фактаграфічных даведак.

У 1999 г. у ЦНБ НАН Беларусі была распрацавана “Канцэпцыя развіцця сістэмы інфармацыйнага забеспячэння НДУ НАН Беларусі”, пры рэалізацыі якой усе бібліятэкі сістэмы будуць абсталяваны сучаснымі камп’ютэрамі і аб’яднаны адзінай сеткай. Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Я. Коласа НАН Беларусі адна з першых сярод бібліятэк краіны дала магчымасць сваім карыстальнікам выхаду ў Інтэрнет (з 1997 г.). З 1994 г. у бібліятэцы вядзецца электронны каталог новых паступленняў, ажыццяўляецца рэтраканверсія алфавітнага каталога. З 1998 г. бібліятэка адкрыла свой уласны WWW-сервер, і цяпер любы карыстальнік Інтэрнет мае доступ да інфармацыі пра ЦНБ НАН Беларусі, пра наяўнасць набываемых і ствараемых баз даных і г.д. У рэжыме online арганізаваны доступ да электроннага каталога бібліятэкі. У 1998 г. пачата і эксплуатацыя нацыянальнага зводнага электроннага каталога, створанага на базе НББ і ЦНБ НАН Беларусі. У 2000 г. у рамках Праграмы работ па развіццю навукова-інфармацыйнай камп’ютэрный сеткі Рэспублікі Беларусь у ЦНБ НАН Беларусі быў распрацаваны і праект па стварэнню Цэнтра Інтэрнет-доступу да электронных навуковых рэсурсаў. Дзякуючы ўступленню ў кансорцыум расійскіх бібліятэк і навуковых устаноў ЦНБ НАН Беларусі атрымала доступ да Навуковай электроннай бібліятэкі, створанай пры Расійскім фондзе фундаментальных даследаванняў (больш за 900 тыс. артыкулаў з больш 1,5 тыс. назваў часопісаў сусветна вядомых навуковых выдавецтваў. Адной з паслуг, што развіваюцца найбольш імкліва, з’яўляецца электронная дастаўка дакументаў.

Важным кірункам у навукова-бібліяграфічнай рабоце ЦНБ НАН Беларусі з’яўляецца стварэнне ўласных бібліяграфічных баз даных, якія бібліятэка вядзе з 1990 г. па актуальных напрамках развіцця навукі. Сёння створана 14 баз даных, сярод якіх “Прырода Беларусі”, “Нацыянальная акадэмія навук Беларусі”, “Навука і навукова-даследчая работа на Беларусі”, “Беларускае мовазнаўства” і інш., на аснове якіх ажыццяўляецца выданне бібліяграфічных паказальнікаў. Так, выйшла 10 рэтраспектыўных паказальнікаў рэтраспектыўнага характару і 11 бягучых бібліяграфічных дапаможнікаў, якія адлюстроўваюць выданні Акадэміі навук; 26 бягучых бібліяграфічных паказальнікаў бібліятэкі ахопліваюць звесткі пра навуку і навукова-даследчую работу ў Беларусі за перыяд з 1969–1994 гг. і інш. Сумесна з інстытутамі НАН Беларусі былі падрыхтаваны і выдадзены рэтраспектыўныя бібліяграфічныя дапаможнікі “Францыск Скарына: Жыццё і дзейнасць” (1990), “Археалогія Беларусі. 1976–1990” (1997); серыя “Бібліяграфія вучоных Беларусі”. Сумесна з НББ і рэспубліканскімі галіновымі бібліятэкамі генерыруецца база даных “Чарнобыль”.

ЦНБ НАН Беларусі падрыхтавала і выдала каля 30 навуковых зборнікаў у галіне гісторыі кнігі і бібліятэчнай справы Беларусі, 5 манаграфій, вучэбны дапаможнік. На базе ЦНБ НАН Беларусі выходзіў электронны бюлетэнь “Веснік Беларускай бібліятэчнай асацыяцыі”, дырэктар бібліятэкі Н.Ю. Бярозкіна з’яўлялася галоўным рэдактарам часопіса “Бібліятэчны свет” (1996–2001).

Дзяржаўная установа “Прэзідэнцкая бібліятэка Рэспублікі Беларусь” (ПБ, у 1983 – 1996 гг. – дырэктар Эдуард Мікалаевіч Цыганкоў, з 1996 г. – Сафія Васільеўна Юдо). 9 кастрычніка 1991 г. з назвы бібліятэкі знята імя М. Горкага, а 26 верасня 1994 г. распараджэннем Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Урадавая бібліятэка была перайменавана ў Прэзідэнцкую бібліятэку Рэспублікі Беларусь з падпарадкаваннем Адміністрацыі Прэзідэнта.

ПБ – буйнейшы ў Беларусі цэнтр інфармацыі па праву, эканоміцы, дзяржаўным кіраванні. Бібліятэка мае статус навуковай і валодае зборам айчынных і замежных дакументаў, колькасць якіх перавышае 1,5 млн. адзінак захоўвання на традыцыйных і электронных носьбітах. Штогод бібліятэка абслугоўвае больш за 10 тыс. чытачоў, кнігавыдача складае каля 1 млн. экз. Першачарговымі задачамі ў дзейнасці бібліятэкі з’яўляюцца аператыўнае і якаснае інфармацыйна-бібліяграфічнае абслугоўванне Прэзідэнта і яго Адміністрацыі, Нацыянальнага Сходу, Савета Міністраў, Канстытуцыйнага і Вярхоўнага Судоў, Выканаўчага Сакратарыята СНД, міністэрстваў, ведамстваў і іншых. ПБ – своеасаблівае навукова-аналітычнае падраздзяленне Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Штодзённа кіраўніцтва рэспублікі атрымлівае дайджэст прэсы па трох кірунках: “Эканамічная рэформа РБ”, “Палітычная эліта”, “Прэзідэнт і яго акружэнне ў люстэрку прэсы”, а таксама бібліяграфічную інфармацыю па іншых тэмах. Для ажыццяўлення даведачна-інфармацыйных функцый аналітычна распісваецца звыш 1000 перыядычных выданняў розных краін.

У 1994 г. паміж Міжнародным банкам рэканструкцыі і развіцця (Сусветным Банкам) і Прэзідэнцкай бібліятэкай Рэспублікі Беларусь быў заключаны мемарандум аб наданні апошняй статуса дэпазітарыя дакументаў Сусветнага Банка, што паспрыяла назапашванню унікальнай у Беларусі калекцыі кніг, атласаў, лістовак, статыстычных справаздач, тэхнічных дакументаў і CDROM, якія ўтрымліваюць разнастайную інфармацыю аб пераходных эканоміках іншых краін.

Пачынаючы з 1993 г. бібліятэка змагла аўтаматызаваць усе асноўныя бібліятэчныя працэсы. З 1994 г. вядзецца электронны каталог, які налічвае звыш 250 тыс. запісаў; у электроннай картатэцы артыкулаў (вядзецца з 1995 г.) – 500 тыс. запісаў; электронны каталог серыяльных выданняў (з 1996 г.); электронны каталог выданняў Сусветнага банку (з 1996 г.). Поўнасцю ў электронную форму пераведзены генеральны алфавітны каталог кніг на беларускай мове. Аўтаматызаванае абслугоўванне вядзецца на аснове разнастайных баз даных, у тым ліку і ўласнай генерацыі: “История фабрик и заводов Республики Беларусь”, “Грамадскія і палітычныя дзеячы Беларусі”, “Дары” (выданні, падораныя Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь; выданні, падораныя бібліятэцы). Бібліятэка мае сваю старонку ў Інтэрнеце і прадастаўляе Інтэрнет-доступ да баз даных для карыстальнікаў з Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу і Савета Міністраў. У межах Дзяржаўнай праграмы па развіццю навукова-інфармацыйнай сеткі ПБ удзельнічае ў арганізацыі зводнага электроннага каталога бібліятэк Беларусі.

У ПБ укаранёны: аўтаматызаваны заказ выданняў, электронная дастаўка дакументаў, сістэма штрыхавога кадзіравання новых паступленняў і чытацкіх білетаў, ксеракапіраванне і інш. Усе інфармацыйныя рэсурсы з’яўляюцца агульнадаступнымі.

Бібліятэка налічвае каля 20 тыс. рэдкіх кніг XVIІ – сярэдзіны XX ст. на беларускай, рускай, украінскай (усяго – каля 19 тыс. выданняў на гэтых трох усходнеславянскіх мовах), польскай, англійскай, нямецкай, французскай, лацінскай і іншых мовах (усяго – каля 1000 выданняў на 15 замежных мовах). Сярод самых старых выданняў – 12 кірылічных старадрукаў XVII – XVIII стст.: “Служэбнік” (Масква, 1602), “Анфалагіён” (Кіеў, 1618), “Трыадзіён” (Львоў, 1664); звыш 200 выданняў грамадзянскага друку (1725–1825). У фондах бібліятэкі знаходзяцца каштоўныя частакі кнігазбораў і асобных рарытэтаў з гістарычна вядомых бібліятэк Нясвіжскай ардынацыі Радзівілаў, Супрасльскага, Баркулабаўскага, Талачынскага і іншых беларускіх кляштараў; Беларускага музея імя І. Луцкевіча і Беларускага навуковага таварыства ў Вільні; культурна-асветніцкіх таварыстваў “Бацькаўшчына”, “Беларуская Хата” (Рыга), Інбелкульта; А. Сапунова, Б. Эпімах-Шыпілы, Е. Раманава, К. Езавітава, М. Доўнар-Запольскага, В. Ластоўскага, М. Мялешкі, Я. Варонкі, З. Верас, А. Станкевіча; Сымона Пятлюры і Рускай Тургенеўскай ў Парыжы, расійскіх імператараў ў Пецярбургу і інш.

Бібліятэка ўдзельнічае ў такіх міжнародных праектах, як праграма ЮНЕСКА “Памяць свету”, глабальны праект “Сусветная электронная бібліятэка” (Бібліятэка Кангрэса ЗША і кампанія Гугл), “Еўрапейская электронная бібліятэка “ (TEL) (Канфедэрацыя дырэктараў еўрапейскіх нацыянальных бібліятэк), “Нацыянальная электронная бібліятэка Расіі” (РДБ і РНБ), “Liber juris Albaruthanie”; праектах дзяржаўных праграм – “Спадчына”, “Мэтавай праграмы па захаванні, кансервацыі і рэстаўрацыі дакументальных помнікаў”, “Палажэння аб Нацыянальным фондзе кніжных помнікаў Рэспублікі Беларусь”, якія рыхтаваліся пад эгідай НББ і Міністэрства культуры, а таксама раздзела па захаванні і папулярызацыі помнікаў кірылічна-духоўнага пісьменства у “Пагадненні аб супрацоўніцтве паміж Рэспублікай Беларусь і Беларускай Праваслаўнай Царквой” (заключана ў 2003 г.).

Сёння ПБ з’яўляецца спецыяльнай навуковай бібліятэкай з універсальным фондам, нацыянальным даведачна-інфармацыйным і цэнтрам МБА па пытаннях дзяржавы, права і эканомікі. Штомесяц выдае бібліяграфічныя спісы новых паступленняў, “Эканоміка”, “Літаратура па пытаннях мясцовага самакіравання”; штогод – паказальнік “Эканоміка Рэспублікі Беларусь”.

Дзяржаўная установа “Рэспубліканская навукова-тэхнічная бібліятэка” (РНТБ, у 1988–1998 гг. дырэктар – Галіна Іванаўна Пяхота, з 1999 г. – Раіса Нікандраўна Сухарукава). РНТБ з’яўляецца галаўной бібліятэкай у Беларусі па фарміраванню найбольш поўнага фонду навукова–тэхнічнай літаратуры і дакументаў, якія ўляўляюць з сябе шматвідавы і шматгаліновы комплекс: патэнтныя, нарматыўна–тэхнічныя дакументы па стандартызацыі, прамысловыя каталогі. Бібліятэка – нацыянальны дэпазітарый айчыннай і замежнай літаратуры па тэхніцы, тэхналогіі, эканоміцы, прамысловасці і сумежных галінах. Сучасны фонд РНТБ налічвае звыш 33 млн. экз., 75% навукова–тэхнічнай літаратуры і дакументаў бібліятэкі – на замежных мовах. РНТБ находзіцца ў падпарадкаванні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь.

Фонд бібліятэкі ўключае больш за 330 тыс. экз. і каля 70 катэгорый разнастайных нарматыўна–тэхнічных дакументаў па стандартызацыі. РНТБ з’яўляецца ўтрымальнікам рэспубліканскага фонду прамысловых каталогаў, якія налічваюць каля 500 тыс. экз. дакументаў: галіновых і наменклатурных каталогаў, бізнес–даведнікаў, праспектаў замежных фірм, прыстэндавых матэрыялаў міжнародных выстаў і інш.

РНТБ з’яўляецца рэспубліканскім і міжнародным цэнтрам міжбібліятэчнага абанемента, рэспубліканскім цэнтрам міжнароднага абмена выданнямі і дакументамі, а таксама цэнтрам інфармацыі па тэхніцы і прамысловай тэхналогіі.

Бібліятэка служыць рэспубліканскім навукова–метадычным цэнтрам для сеткі навукова–тэхнічных бібліятэк, служб стандартызацыі, інфармацыйных і патэнтных служб прадпрыемстваў і арганізацый незалежна ад іх ведасманай падпарадкаванасці па пытаннях арганізацыі работы з фондамі навукова–тэхнічнай літаратуры і інфармацыйна–бібліятэчнага абслугоўвання. Паспяхова развіваецца і рэгіянальная структура бібліятэкі. У 1994 г. па рашэнню урада ў кожным абласным цэнтры краіны створаны абласныя навукова–тэхнічныя бібліятэкі на правах філіялаў РНТБ у гарадах Брэсце, Гомелі, Гродна, Магілёве і Віцебску. Сёння больш за 160 тыс. чытачоў і звыш 2 тыс. прадпрыемстваў і ўстаноў рэспублікі карыстаюцца фондамі і паслугамі буйнейшага цэнтра навукова–тэхнічнай інфармацыі, якім з’яўляецца РНТБ, атрымліваючы каля 3 млн. дакументаў і іх копій. Прыярытэтная задача бібліятэкі – забеспячэнне аператыўнага доступу карыстальнікаў як да інфармацыйных рэсурсаў Беларусі, так і да сусветных. Асноўным інструментом вырашэння гэтай задачы з’яўляецца прымяненне новых камп’ютэрных тэхналогій, у тым ліку Інтэрнет. Для сваіх чытачоў РНТБ прадастаўляе бясплатны доступ да Інтэрнета ў многіх чытальных залах, праводзіць семінары і трэнігі для работнікаў бібліятэк, інфармацыйных служб у Інтэрнет-цэнтры.

Фарміраванне фонду электронных дакументаў ажыццяўляецца бібліятэкай з 1996 г. У 1999 г. быў створаны Інтэрнет-цэнтр. У РНТБ і яе абласных філіялах да паслуг карыстальнікаў прадастаўлена 8,4 млн. поўных тэкстаў электронных дакументаў. РНТБ удзельнічае ў стварэнні Зводнага электроннага каталога бібліятэк Беларусі, а замежныя перыядычныя выданні з фондаў бібліятэкі прадстаўлены і ў Расійскім Зводным каталогу па навукова–тэхнічнай літаратуры. Электронныя рэсурсы РНТБ налічаюць больш 90 разнастайных баз данных: паўнатэкставых, рэфератыўных, бібліяграфчных і фактаграфічных. Бібліятэка генерыруе бібліяграфічныя БД, якія ўключаюць больш 75 тыс. запісаў. Сярод іх такія праблемна–арыентаваныя БД, як “Инновационная деятельность”, “Энергосбережение”, “Экономика производства”, “История развития изобретательсвта в Беларуси”, “Экологически чистые и безопасные технологии в промышленности”, “Переработка и использование промышленных и бытовых отходов”, “Машины и оборудование для санитарной очистки города”, “Устойчивое развитие” і інш.

Акрамя традыцыйных інструктыўна-метадычных пісем (рэкамендацый), з 1996 г. бібліятэка выдае свой інфармацыйны бюлетэнь для навукова-тэхнічных бібліятэк рэспублікі.

Бібліятэка стаяла ў вытокаў стварэння ББА, першага прафесійнага часопіса “Бібліятэчны свет”, не адзін раз выступала арганізатарам міжнародных бібліятэчных каняерэнцый. Яе спецыялісты ўваходзяць у скад Міжведамасных рэспубліканскага і гарадскога бібліятэчных сваетаў, рэдкалегіі беларускага часопіса “Вынаходнік” (Изобретатель), Рэспубліканскага савета беларускага таварыства вынаходнікаў і рацыяналізатараў.

РНТБ сёння служыць сучаснай інфармацыйнай базай для інавацыйнай дзейнасці ў Беларусі.

Дзяржаўная установа “Рэспубліканская навуковая медыцынская бібліятэка” (РНМБ, у 1982–2001 гг. дырэктар – Яўгенія Філімонаўна Гарэлава; у 2001–2003 гг. – Валерый Ягоравіч Крацёнак; з 2003 г. – Уладзімір Мікалаевіч Сарока). Дзяржаўная ўстанова “Рэспубліканская навуковая медыцынская бібліятэка” (ДУ РНМБ) з’яўляецца галаўным цэнтрам бібліятэчнага і інфармацыйнага абслугоўвання вучоных і спецыялістаў у галіе медыцыны, выконвае функцыі нацыянальнага кнігасховішча і рэспубліканскага дэпазітарыя літаратуры па ахове здароўя, галіновага міжбібіятэчнага абанемента, навукова-метадычнага і каардынацыйнага цэнтра для медыцынскіх бібліятэк Беларусі, якіх налічваецца больш за 160 – навукова-даследчыя інстытуты, навукова-практычныя цэнтры, лячэбна-прафілактычныя установы, ВНУ і каледжы, для якіх РНМБ з’яўляецца галіновым кааардынацыйным і метадычным цэнтрам.

Сярод разнастайных дакументаў, прадстаўленых у 860-тысячным фондзе РНМБ, важнае месца займаюць рэдкія медыцынскія выданні ХІХ – пач. ХХ ст., у якіх утрымліваецца цікавая навуковая інфармацыя на медыцынскую тэматыку. У фондзе бібліятэкі захоўваюцца старадрукаваныя выданні Гіппакрата і Авіцэнны. У дар бібліятэка атрымала прыватныя кнігазборы беларускіх вучоных акадэміка Д.А. Макарава, прафесара Ю.В. Гулькевіча, прафесара М.М. Аляксандрава. Пэўную частку калекцыі рэдкіх кніг складаюць беларускія дакументы.

РНМБ атрымлівае абавязковы экземпляр усіх беларускіх выданняў, набывае літаратуру з Расіі, Украіны і іншых рэгіёнаў. У бібліятэку выпісваецца каля 300 часопісаў з Беларусі, Расіі, Украіны, ЗША, Англіі, Германіі, Францыі, Швейцарыі.

Укараненне камп’ютэрных тэхналогій у РНМБ было пачата ў 1991 г. У 1998 г. бібліятэка ўстанавіла АБІС “ИРБИС”. На 2005 г. электронны каталог новых паступленняў утрымліваў больш за 188 тыс. запісаў на кнігі, аўтарэфераты і дысертацыі, аналітычныя апісанні, перыядычныя выданні. У бібліятэцы налічваецца больш за 300 дакументаў на электронных носьбітах. Чытачы маюць магчымасць працаваць з разнастайнымі базамі данных РНМБ: “Национальная библиография по медицине и здравохранению Беларуси”, “Здравохранение в Республике Беларусь: официальный статистический сборник”, “Сводный каталог иностранных периодических изданий по медицине и смежным областям”, “Современные методы диагностики, лечения и профилактики заболеваний”, “Здравохранение Беларуси. Учреждения. Услуги и товары. Кто есть кто” і інш.

Паслугамі РНМБ карыстаюцца каля 20 тыс. чытачоў, асноўную частку якіх складаюць урачы і навуковыя супрацоўнікі медыцынскіх устаноў і арганізацый, а таксама выкладчыкі і студэнты медыцынскіх вучэбных устаноў. У рамках Праекта з Міжнародным аб’яднаннем “Сафія” пры пасрэдніцтве Медыцынскай бібліятэкі універсітэта штата Юта (ЗША) ў бібліятэцы ажыццяўляецца электронная дастаўка дакумента.

Адным з вядучых кірункаў у дзейнасці РНМБ з’яўляецца інфармацыйнае забеспячэнне карыстальнікаў з прымяненнем тэлекамунікацыйных тэхналогій. Бясплатны доступ да інфармацыйных рэсурсаў тэлекамунікацыйнага вузла РНМБ і сусветных рэсурсаў Інтэрнет атрымліваюць больш за 250 абанентаў, якія прадстаўляюць каля 50 арганізацый і устаноў Міністэрства аховы здароўя.

Важкім кірункам у працы РНМБ з’яўляецца выдавецкая і паліграфічная дзейнасць. Штогод бібліятэка выдае ў сярэднім 20 кніг і брашур; ажыццяўляе пераплёт і рэстаўрацыю кніжнай прадукцыі і інш.

РНМБ прымае актыўны ўдзел у бібліятэчным жыцці краіны. У 1992 г. бібліятэка стала адной з заснавальніц ББА, у 1995 г. – дакументальным цэнтрам Сусветнай арганізацыі аховы здароўя на тэрыторыі Беларусі, супрацоўнічае з Нацыянальнай медыцынскай бібліятэкай ЗША і бібліятэкай Медыцынскага цэнтра Масачусэтскага універсітэта і універсітэта штата Юта і інш. З 2005 г. РНМБ – удзельніца Кансорцыума расійскіх медыцынскіх бібліятэк па карпарытыўным аналітычным апісанні дакументаў. Бібліятэка працягвае выконваць сваю місію і прадастаўляе магчымасць эфектыўнага выкарыстання сусветных інфармацыйных рэсурсаў, што дазваляе вырашаць шырокае кола задач у медыцыне новымі метадамі з эканоміяй матэрыяльных сродкаў.

Дзяржаўная установа “Беларуская сельскагаспадарчая бібліятэка” (БелСГБ, у 1974–2006 гг. дырэктар – Уладзімір Аляксандравіч Голубеў, з лютага 2006 г. – Валянціна Васільеўна Юрчанка).БелСГБ з’яўляецца нацыянальным інфармацыйным цэнтрам па праблемах аграпрамысловага комплекса. Створаная па распараджэнні Савета Міністраў БССР у 1960 г., бібліятэка з 2003 г. увайшла ў склад Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. На пачатку 1990-х гг. на аснове распрацаванага ў бібліятэцы праекта, адбылася трансфармацыя і перабудова яе дзейнасці, накіраваная на прадастаўленне свабоднага доступу да міжнародных і нацыянальных інфармацыйных рэсурсаў па праблемах аграпрамысловага комплексу. Бібліятэка прыняла новыя арыенціры развіцця, практычна поўнасцю змяніла тэхналогіі, перайшоўшы спачатку да выкарыстання персанальных камп’ютэраў, затым да сеткавай тэхналогіі, і да Інтэрнет.

У БелСГБ сабрана самая прадстаўнічая ў Беларусі калекцыя літаратуры па сельскай і лясной гаспадарцы, харчовай прамысловасці, прыродных рэсурсах, ахове навакольнага асяроддзя. У фондах бібліятэкі – звыш 0,5 млн. дакументаў: манаграфій і зборнікаў, аўтарэфератаў дысертацый, перыядычных і выданняў, што прадаўжаюцца, інфармацыйных матэрыялаў на рускай, беларускай, англійскай і іншых мовах. Сёння ў бібліятэцы дзейнічае лакальная сетка на аснове Інтэрнет тэхналогіі. Доступ да інфармацыі і яе тэхналогія рэалізаваны пры дапамозе аўтаматызаванай сістэмы бібліятэкі ІРБІС. Камунікатыўным фарматам з’яўляецца UNIMARC. БелСГБ у сваёй дзейнасці цесна звязана з усімі буйнейшымі бібліятэкамі Беларусі па ўзаемакарыстанні нацыянальнымі інфармацыйнымі рэсурсамі, у т.л. па МБА і па выкарыстанню баз даных. Бібліятэка з’яўляецца адным з заснавальнікаў Беларускай бібліятэчнай асацыяцыі. Развівае прамыя сувязі з нацыянальнымі сельскагаспадарчымі бібліятэкамі і інфармацыйнымі цэнтрамі Цэнтральнай і Заходняй Еўропы і Амерыкі, купляючы і абменьваючы літаратуру і базы даных. Найбольш плённыя сувязі усталяваны з Нацыянальнай сельскагаспадарчай бібліятэкай ЗША і Цэнтральнай сельскагаспадарчай бібліятэкай Расіі, куды перадаецца кантрольны экземпляр сельскагаспадарчай літаратуры, што выдадзена ў Беларусі. З 1992 г. БелСГБ уваходзіць у Аб’яднанне цэнтральных сельскагаспадарчых бібліятэк краін СНД і эфектыўна выкарыстоўвае магчымасці Аб’яднання для пошуку і дастаўкі літаратуры карыстальнікам. Больш за 200 замежных арганізацый абменьваюцца літаратурай з БелСГБ.

На 1999 г. у бібліятэцы былі аўтаматызаваны ўсе працэсы. У камп’ютэрах бібліятэкі сёння 40 баз даных (каля 15 млн. запісаў) і сотні тысяч старонак поўных тэкстаў. Бібліятэка прапаноўвае карыстальнікам больш за 30 інфармацыйных, тэхнічных і адукацыйных паслуг. БелСГБ з’яўляецца членам 10 міжнародных арганізацый і асацыяцый.

БелСГБ ажыццяўляе метадычнае кіраўніцтва бібліятэкамі сваёй галіны. Па Беларусі – гэта 5 навукова-вытворчых цэнтраў, 18 інстытутаў НАН Беларусі, 10 вопытных станцый, 5 ВНУ, 28 тэхнікумаў.

Дзяржаўная установа “Фундаментальная бібліятэка БДУ” (ФБ БДУ; у 1970–1999 гг. дырэктар бібліятэкі – Ірына Уладзіміраўна Арэхоўская; з кастрычніка 1999 г. дырэктар – Пётр Міхайлавіч Лапо).

Сучасны універсальны фонд бібліятэкі – багацейшы збор навуковай, вучэбнай, даведачнай, літаратурна-мастацкай літаратуры, які налічвае звыш 2 млн. экз. дакументаў на беларускай, рускай і іншых мовах. Штогод бібліятэкай набываецца каля 40 тыс. экз. новых кніг, выпісваецца звыш 600 назваў айчынных і звыш 130 назваў замежных перыядычных выданняў; ажыццяўляецца кнігабмен з 136 навуковымі і вучэбнымі установамі з 21 краіны свету. 40% фонду бібліятэкі займаюць вучэбныя выданні.

Гонарам ФБ БДУ з’яўляецца фонд рэдкіх і каштоўных выданняў, у склад якога ўваходзяць звыш 14 тыс. экз. кніг XVI – пач. ХХ ст. кірылічным, гатычным, лацінскім, рускім грамадзянскім шрыфтамі; і каля 10 тыс. экз. дарэвалюцыйных часопісаў. Вызначаюцца такія выданні, як “Арифметика” Магніцкага (1703), “Древняя Российская история” М.В. Ламаносава (1766), “Письма Петра Великого” (1774). Асаблівае месца займае калекцыя нацыянальных дакументаў і беларусікі: “Белорусский архив древних гармот” (1824), працы Я. Карскага, П. Шэйна, Д. Булгакаўскага, А. Грушэўскага, І. Сербава, І. Насовіча, М. Любаўскага, У. Пічэты, прыжыццёвыя выданні класікаў беларускай літаратуры Я. Купалы, Я. Коласа, Цёткі і інш. Значную цікавасць уяўляюць выданні прыватных друкарняў Беларусі ХІХ – пач. ХХ ст., а таксама калекцыя даваенных выпускаў перыядычных выданняў БДУ.

Рукапісны фонд ФБ БДУ налічвае каля 5 тыс. доктарскіх і кандыдацкіх дысертацый, абароненых у БДУ, і каля 2,6 тыс. справаздач аб навуковых даследаваннях, выкананых кафедрамі універсітэта. Вялікую каштоўнасць маюць малатыражныя выданні буйнейшых акадэмій і ВНУ Расіі, Украіны, краін Балтыі.

Наведвальнікамі бібліятэкі з’яўляюцца каля 21 тыс. чытачоў, у тым ліку 16 тыс. студэнтаў, якім прадастаўляецца 14 галіновых і спецыялізаваных залаў на 700 месц і 8 абанементаў. Штодня бібліятэку наведваюць больш за 3 тыс. чытачоў. ФБ БДУ абслугоўвае 20 факультэтаў, 5 навукова-даследчых інстытутаў, 4 нацыянальныя навуковыя цэнтры, 20 навуковых цэнтраў, 150 кафедр, 114 навукова-даследчых лабараторый, 11 вучэбных устаноў, 9 вытворчых прадпрыемстваў.

Традыцыйна бібліятэка займаецца навукова-бібліяграфічнай работай, вынікам якой сталі каля 20 паказальнікаў, сярод якіх “В.И. Пичета” (1978), “Белорусский государственный университет”, “Издания Фундаментальнай библиотеки Белгосуниверситета” (1996), “Диссертации, которые защищены в Белорусском государственном университете (1982–1994)” (1997), “Кастусь Каліноўскі” (2000), «“Веснік Беларускага дзяржаўнага універсітэта”: сістэматычны паказальнік артыкулаў (1969–1999) “Сацыяльныя і гуманітарныя навукі”» (2003) і інш.

З 1990–1992 гг. пачата ўкараненне ў працу бібліятэкі аўтаматызацыі. З 1994 г. вядзецца даступны ў лакальнай сетцы універсітэта электронны каталог бібліятэкі, а з 1999 г. – арганізаваны яго доступ у сетцы Інтэрнет на сайце бібліятэкі (каля 50 тыс. бібліяграфічных запісаў). З сярэдзіны 2000 г. супрацоўнікі бібліятэкі ствараюць базы даных з аналітычнаым роспісам артыкулаў з перыядычных выданняў. У 2001 г. створана электронная база даных “Статьи из журналов ХІХ века”. У 2002 г. створана служба электроннай дастаўкі дакументаў і пачата работа па стварэнню размеркаванай віртуальнай бібліятэкі ў межах міжнароднага міжвузаўскага праекта “Віртуальная бібліятэка” (удзельнічаюць БДУ, БДЭУ, БДУІР). Бібліятэка прымае ўдзел у кансорцыуме BelLibNet, які створаны пад эгідай ББА (уваходзіць 14 навуковых бібліятэк і бібліятэк ВНУ). З 2004 г. у ФБ БДУ вядзецца аўтаматызаваны ўлік ўсіх паступленняў у бібліятэку, пачата таксама алічбоўка дакументаў у межах рэалізацыі праекта па стварэнню страхавога фонда рэдкіх і каштоўных выданняў. Бібліятэка БДУ адна з 5 бібліятэк ВНУ Беларусі, якія ўдзельнічаюць у праекце стварэння зводнай анатаванай бібліяграфічнай базы даных бягучых перыядычных выданняў МАРС.

У 1998 г. ФБ БДУ атрымала статус дэпазітарнай бібліятэкі ААН і стала 365-й бібліятэкай у сусветнай сістэме дэпазітарыеў ААН і другой дэпазітарнай бібліятэкай у рэспубліцы. З 2001 г. бібліятэка з’яўляецца таксама дэпазітарнай бібліятэкай бібліятэкі Міжнароднага валютнага фонда ў Беларусі. Удзельнічае бібліятэка і ў шэрагу міжнародных праектаў: “Электронная информация для библиотек” (з 2000 г.), “Виртуальная библиотека”, мегапраект “Пушкинская библиотека” (з 1999 г.).

Бібліятэка падтрымлівае шырокія міжнародныя сувязязі і супрацоўнічае з вучэбнымі і навуковымі установамі з Францыі, ЗША, Германіі, Аўстрыі, Польшчы, Японіі. З 2000 г. ФБ БДУ – член Асацыяцыі служб электроннай дастаўкі дакументаў, якая аб’ядноўвае буйнейшыя навуковыя і універсітэцкія бібліятэкі Расіі.

Больш за 30 гадоў ФБ БДУ з’яўляецца Рэспубліканскім метадычным цэнтрам сеткі бібліятэк ВНУ рэспублікі, якая ўключае звыш 50 бібліятэк дзяржаўных і недзяржаўных ВНУ. Разгляду дзейнасці бібліятэкі прысвечаны кніга І.У. Арэхоўскай “Библиотечные тайны” (2001) і выданне да 85-годдзя універсітэцкай бібліятэкі “Фундаментальная библиотека: история и современость, 1921–2006” (2006).

Навукова-педагагічная бібліятэка Навукова-метадычнай установы “Нацыянальны інстытут адукацыі” Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь (НПБ). Да 2002 г. Навукова-педагагічная бібліятэка мела назву (РНПБ) і статус самастойнай рэспубліканскай бібліятэкі (у 1980–1986 гг. – дырэктар Ірына Аляксандраўна Прылішч, з 1989 г. – Алена Васільеўна Шамелава). Сённня НПБ застаецца навуковай галіновай бібліятэкай, інфармацыйна-бібліяграфічным, навукова-метадычным і каардынацыйным цэнтрам, які абслугоўвае педагагічных работнікаў і сетку школьных бібліятэк сістэмы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Фонд бібліятэкі налічвае больш за 500 тыс. экз. кніг і перыядычных выданняў на беларускай, рускай і іншых мовах. Асноўную частку фонда (75%) складае профільная літаратура. Шырока прадстаўлена таксама літаратура па гісторыі, філасофіі,праву, мастацтву, даведачна-бібліяграфічныя выданні, мастацкія творы. РНПБ выпісывае ўсе педагагічныя газеты і часопісы, якія выходзяць у Рэспубліцы Беларусь, а таксама 107 найменняў расійскіх перыядычных выданняў. Вялікую каштоўнасць бібліятэкі ўяўляе фонд дарэвалюцыйных выданняў, які налічвае 2 769 экз. кніг і 27 назваў часопісаў па педагогіцы, псіхалогіі, сямейнаму выхаванню, выдадзеныя ў ХIХ – пач. ХХ стст.

Асаблівасцю НПБ з’яўляецца наяўнасць рэзеровага фонда, які быў створаны ў 1990 г. з мэтай аказання дапамогі беларусам замежжа ў вывучэнні роднай мовы, літаратуры, гісторыі і культуры свайго народа і забеспячэння іх падручнікамі і метадычнай літаратурай да іх.

Сёння НПБ абслугоўвае ўсе асноўныя катэгорыі спецыялістаў у сферы адукацыі (навуковыя работнікі, выкладчыкі вышэйшых і сярэдніх спецыяльных вучэбных устаноў, работнікі школ, дашкольных устаноў, студэнты, супрацоўнікі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і г.д.). Да іх паслуг – дамашні абанемент, чытальная зала, завочны бібліятэчны абанемент, міжбібліятэчны абанемент, зала каталогаў і картотек.

У сістэме разнастайных форм абслугоўвання значнае месца займае інфармацыйная і даведачна-бібліяграфічная дзейнасць. Бягучае бібліяграфічнае забеспячэнне з 1991 па 1994 год ажыццяўлялася шляхам выдання штоквартальнага інфармацыйнага бюлетэня новых паступленняў, з 1995 г. публікуюцца ў рэспубліканскім перыядычным друку: “Настаўнiцкай газеце”, часопісах “Пачатковая школа”, “Пралеска”, “Адукацыя i выхаванне” і 16-ці метадычных часопісах серыі “У дапамогу педагогу”. Бібліятэка вядзе мэтанакіраваную работу ў галіне падрыхтоўкі рэтраспектыўных бібліяграфічных выданняў у адпаведнасці са сваімі задачамі і функцыямі.

З 1990 г. бібліятэка займаецца аўтаматызацыяй бібліятэчных працэсаў, з 1993 г. ствараецца электроны каталог і бібліяграфічная база даных па педагогіцы. Сістэма баз даных уключае наступныя базы даных: “Педагогіка. Псіхалогія”, “Мастацкая літаратура”, “Шматгаліновая літаратура”, “Аўтарэфераты”, “Падручнікі і вучэбныя дапаможнікі”, “Дырэктыўныя дакументы”.

Да 2002 г. бібліятэка з’яўлялася метадычным цэнтрам для бібліятэк усіх тыпаў вучэбных устаноў, акрамя ВНУ (усяго больш за 4 тыс. бібліятэк). Сёння асноўная ўвага НПБ ўдзяляецца такім кірункам работы, як павышэнне кваліфікацыі работнікаў падведамасных бібліятэк, аказанне практычнай дапамогі на месцах, распрацоўка і забеспячэнне інструктыўна-нарматыўнымі і методыка-бібліяграфічнымі матэрыяламі, выяўленне і ўкараненне перадавога вопыту ў практыку работы бібліятэк. Дзейнасць НПБ накіравана на супрацоўніцтва з іншымі бібліятэкамі і арганізацыямі. Галоўнай задачай застаецца найбольш поўнае і аператыўнае забеспячэнне інфармацыяй у галіне педагогікі і адукацыі.

Рэспубліканская навукова-метадычная бібліятэка па фізічнай культуры і спорту (РНМБФК, у 1986–2001 гг. – дырэктар Уладзімір Мікалаевіч Сарока) знаходзілася ў падпарадкаванні Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь і была адзінай спецыялізаванай бібліятэкай рэспубліканскага ўзроўню ў галіне фізічнай культуры, спорту і турызму на постсавецкай прасторы. Штогод бібліятэка абслугоўвала звыш 10 тыс. карыстальнікаў і выдавала звыш 200 тыс. дакументаў; паступленні скаладалі каля 2 тыс. дакументаў у год: гэта кнігі, аўтарэфераты дысертацый, зборнікі навуковых прац, часопісы і іншыя матэрыялы на беларускай, рускай і іншых мовах. Усяго ў фондзе налічвалася звыш 350 тыс. дакументаў, з іх 90% – па фізічнай культуры і спорту.

За перыяд дзейнасці бібліятэкай было падрыхтавана і выпушчана звыш 350 бібліяграфічных выданняў. З 1991 г. бібліятэка аказвала платныя паслугі. З 1993 г. у РНМБФК было пачата стварэнне электроннага каталога (налічваў больш за 30 тыс. запісаў), бібліяграфічных баз даных “Здоровый образ жизни”, “Белорусский спорт в периодических изданиях”, “Труды ученых” і іншыя, фактаграфічнай базы даных “Белорусские олимпийцы”. Бібліятэка з’яўлялася актыўным членам ББА, а з 1996 г. – Міжнароднай Асацыяцыі Спартыўнай Інфармацыі (IASI).

Аднак эканамічны крызіс, які перажывала Беларусь, меў негатыўны ўплыў не толькі на фінансавае становішча ўсіх бібліятэк рэспублікі. Шэраг бібліятэк патрапілі пад працэс аб’яднання, які закрануў і РНМБФК. Так, 10 верасня 2003 г. Загадам Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь №767 РНМБФК была рэарганізавана шляхам перамяшчэння і аб’яднання з бібліятэкай Беларускай дзяржаўнай акадэміі фізічнай культуры. Сёння гэта Навуковая бібліятэка Беларускага дзяржаўнага універсітэта фізічнай культуры.

Царкоўныя бібліятэкі. К сярэдзіне 1990-х гг. працэс адраджэння царкоўных бібліятэк атрымаў усё большае распаўсюджанне, а ў продажы з’явілася значная колькасць праваслаўных кніг. Па дадзеных на 2006 г. у Беларусі налічваецца 411 царкоўных бібліятэк. Буйнейшыя праваслаўныя бібліятэкі – Бібліятэка Мінскага Епархіяльнага Упраўлення; бібліятэкі храма ў гонар іконы Божай Маці “Усіх самотных Радасць” (фонд – звыш 7000 адзінак захоўвання, 3000 чытачоў), сабора ў імя Свв. ап. Пятра і Паўла, прыхода ў гонар Усіх Святых; бібліятэкі праваслаўных брацтваў – Брацтва ў гонар святога Архістратыга Міхаіла і Брацтва ў імя святых Віленскіх Мучанікаў; бібліятэкі вучэбных устаноў – Мінскай Духоўнай Акадэміі імя Св. Кірылы Тураўскага і Мінскай Духоўнай Семінарыі, Інстытута тэалогіі Беларускага дзяржаўнага універсітэта, вучэбна-метадычная бібліятэка Школы катэхізацыі; бібліятэка Інфармацыйна-кансультатыўнага цэнтра ў імя Св. прп. Іосіфа Валоцкага (збірае сектанскую літаратуру).

Бібліятэка Мінскага Епархіяльнага упраўлення (МЕУ) стала першай царкоўнай бібліятэкай адкрытай 10 чэрвеня 1985 г., калі даведачна-інфармацыйны аддзел Мінскага Епархіяльнага Упраўлення быў пераўтвораны ў агульнадаступную бібліятэку. У 1990–1994 гг. бібліятэка атрымала новае памяшканне. Бібліятэка сканцэнтравала сваю дзейнасць на духоўна-асветніцкай функцыі, фарміруючы культуру чытання і ўспрымання рэлігійнай літаратуры. З канца 1994 г. Бібліятэка МЕУ – самастойная ўстанова, якая падпарадкоўваецца МЕУ, працуе ў цесным супрацоўніцтве з іншымі царкоўнымі і свецкімі бібліятэкамі, выпрацоўваючы адзіную методыку і сумесна вырашаючы праблемныя пытанні, пашыраючы свае функцыі па даведачна-бібліяграфічным і інфармацыйным абслугоўванні, індывідуальнай рабоце з наведвальнікамі бібліятэкі. У 2005 г. фонд бібліятэкі склаў 25000 (з 1000 у 1985 г.), а колькасць чытачоў – больш за 2500 (з 8 у 1985 г.).

Адзінай каталіцкай бібліятэкай з’яўляецца бібліятэка імя А. Міцкевіча, якая размяшчаецца ў Чырвоным касцёле свв. Сымона і Алены ў Мінску. Яе аднаўленне пачалося ў другой палове 1990-х гадоў. Асноўную частку першапачатковага фонда бібліятэкі складалі дары (пробашча айца У. Чарняўскага, пробашча ксяндза-магістра У. Завальнюка і інш.). З 1997 г. бібліятэка пачала адлік сваёй дзейнасці. Сёння ў бібліятэцы налічваецца каля 50000 асобнікаў кніг і перыядычных выданняў. Карыстаецца бібліятэкай каля 1 тыс. чалавек. Ствараецца электронны каталог на фонд бібліятэкі.

Грамадскія бібліятэкі. Аднымі з буйнейшых бібліятэк грамадскіх арганізацый у Беларусі з’яўляліся бібліятэка Саюза беларускіх пісьменнікаў (існавала ў 1989–2006 гг.), якая налічвала каля 70 тыс. асобнікаў кніг і перыядычных выданняў з каштоўнейшымі аўтографамі вядомых беларускіх пісьменнікаў, мела даведачна-бібліяграфічны апарат; бібліятэка Нацыянальнага навукова-асветнага цэнтра імя Ф. Скарыны (існавала ў 1993–2006 гг.) – вызначалася калекцыйнымі зборамі знакамітых дзеячаў беларускай дыяспары, рукапісным аддзелам, зборам фатаграфічных матэрыялаў; мела тэматычную картатэку, дасье выразак з перыядычных выданняў. У сувязі з тым, што дадзеныя грамадскія арганізацыі не атрымалі дзяржаўных пасведчанняў аб працягу сваёй дзейнасці, іх бібліятэкі былі перамешчаны і разышліся па розных дзяржаўных і прыватных кнігазборах.

Эфектыўнасць дзейнасці бібліятэк у многім залежыць ад прафесійнага ўзроўню кадраў. Сістэма бібліятэчна-інфармацыйнай адукацыі Рэспублікі Беларусь уключае пачатковую падрыхтоўку (ажыццяўляецца непасрэдна ў бібліятэках), сярэдне спецыяльную адукацыю (у Магілёўскім бібліятэчным тэхнікуме, Мінскім лінгвагуманітарным вучэбным комплексе “гімназія–коледж” №24), вышэйшую адукацыю (на факультэце інфармацыйна-дакументных камунікацый БДУКМ), падрыхтоўку навуковых кадраў (у БДУКМ адкрыта падрыхтоўка магістраў, аспірантаў і дактарантаў па спецыяльнасці “бібліятэказнаўства і бібліяграфія”) і павышэнне кваліфікацыі (у Беларускім дзяржаўным інстытуце праблем культуры, інстытутах павышэння кваліфікацыі розных міністэрстваў і ведамстваў, бібліятэках-метадычных цэнтрах).