Добавил:
Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Структурная геология-Ковх / Ковхуто-структурная геология новая версия.doc
Скачиваний:
25
Добавлен:
27.04.2017
Размер:
19.42 Mб
Скачать

10. Разрыўныя (дыз’юнктыўныя) дэфармацыі пластоў горных парод

Разрыўныя дэфармацыі горных парод – гэта парушэнне горных парод з разрывам іх суцэльнасці. Усе разрыўныя дэфармацыі горных парод можна падзяліць на нетэктанічныя і тэктанічныя.

Нетэктанічныя– разрыўныя дэфармацыі горных парод, утво­раныя ў выніку экзагенных (нетэктанічных) працэсаў. Да такіх змяненняў можна аднесці:

  • літагенетычныя трэшчыны, якія ўтвораны ў выніку:

а)літыфікацыі асадкаў (дыягенеза і катагенеза);

б) змянення аб’ёму пароды пры гідратацыі (павелічэння аб’ёму) ці дэгід­ратацыі (памяншэння аб’ёму);

в) фарміравання слаістасці парод (першаснай ці паслойнай сланцавасці);

  • асобнасць – першапачатковая паслойная сланцавасць, разрывы без бачнага зруху парод;

  • ізастатычныя трэшчыны, якія ўтвораны ў працэсе назапашвання асадкаў (ушчыльнення) ці зняццянагрузкі пры эрозіі горных парод (разушчыльнення);

  • трэшчыны, утвораныя ў выніку фізіка-хімічных працэсаў: выветрывання, тэрмічнага павелічэння ці памяншэння аб’ё­му парод, хімічных рэакцый у зямной кары і на яе паверхні;

  • трэшчыны, утвораныя ў выніку геамарфалагічных пра­цэсаў: саліфлюкцыі, карста, схілавых працэсаў (абвалаў, апоў­з­няў, часовых вадатокаў) і інш.;

  • ледніковыя трэшчыны, утвораныя ў выніку дзейнасці лед­нікоў.

Тэктанічныя парушэнні– разрыўныя дэфармацыі горных парод,утвораныя ў выніку тэктанічных (эндагенных) працэсаў. Гэта раскрышанасць, кліваж і тэктанічная сланцавасць парод, тэктанічнае разлінзаванне і будынаж, тэктанічныя трэшчыны і разломы.

Раскрышанасць– элементарная (найменшая па памерах) унутраная мікраскапічная, субмікраскапічная або бачная рас­колатасць горных парод. Інтэнсіўнасць і шырыня зоны рас­крышаных горных парод залежаць ад моцы тэктанічных рухаў, а таксама ад складу парод. Раскрышанасць маналітных парод – схаваная, а ў больш мяккіх – бачная, утварае значную па шы­рыні зону. У выніку крохкага здрабнення горных парод утва­раюцца:

  • катаклазіты – абломкі, кавалкі парод рознай велічыні;

  • міланіты – тонказярністыя пароды, перацёртыя ў выніку дыз’юнктыўных дэфармацый да такой ступені, што немагчыма пазнаць першапачатковы склад пароды;

  • ультраміланіты – найбольш раскрышаныя пароды да бесструктурнага стану.

Катаклазіты, міланіты і ультраміланіты складаюць звычайна ўнутраныя часткі разломаў.

Кліваж– частая паралельная расколатасць, звязаная з тэкта­нічнымі працэсамі, якая супадае ці не супадае з наслаеннем (рыс. 17). Некаторыя навукоўцы лічаць кліважом другасную (пасля першаснай паслойнай асобнасці) сланцавасць, якая звязана з тэктанічнымі працэсамі. Часцей за ўсё кліваж развіты ў гліністых пародах.

Вылучаюць некалькі відаў кліважу: паслойны, плыневы, галоўны. Звычайна на першай стадыі тэктанічнай дэфармацыі парод узнікае паслойны кліваж, які часта сустракаецца ў мета­марфізаваных слюдзістых і хларытавых пародах, на другой – плы­невы, а на трэцяй – галоўны кліваж.

Галоўны кліваж мае наступныя формы трэшчын (гл. рыс. 17):

  • веерападобныя, разыходзяцца ў бакі ад ядра складкі;

  • S-падобныя, утвараюцца звычайна ў падверненым крыле складкі і маюць выгін падобны на лацінскую літару «s»;

  • г-падобныя,утвараюцца звычайна ў нармальным крыле складкі і маюць выгін падобны навялікуюкірылічную літару«г»;

  • паралельныя,узнікаюцьувыніку рэалізацыі ўнутраных напружанняў у пародзе.

Кліваж звычайна ўтвараецца пад вуглом 90да жорсткага слоя і праяўляецца ў выглядае трэшчын расцяжэння або сколвання, распасціранне якіх не супадае са слаістасцю.

Тэктанічнае разлінзаванне– працэс утварэння выцягнутых ці разарваных лінз,звычайна невялікіх па памерах (не больш за дзесяткі сантыметраў, першыя метры),у выніку паслойнага расцяжэння і пластычнай дэфармацыі акружаючых іх парод.

Будынаж – працэс утварэння блокаў крохкіх парод (будын) у выніку паслойнага расцяжэння і пластычнай дэфармацыі акружаючых іх парод. Пры будынажы спачатку фарміруюцца папярочныя расколіны сколу ці адрыву (расцяжэння)уперакуленай складцы, а потым – лінзападобныя блокі (рыс. 18). Памеры будын могуць дасягаць 10–15 м.

Тэктанічныя трэшчыны – дыз’юнктыўныя парушэнні горных парод, утвораныя ў выніку тэктанічных дэфармацый.

Кожная трэшчына мае наступныя марфаметрычныя элементы:

  • бакі, ці сценкі, – самкнутыя або ссунутыя адна адносна адной паверхні разрыву горных парод;

  • зіянне – адыход адной сценкі трэшчыны ад другой.

Трэшчыны характарызуюцца колькаснымі паказчыкамі даўжыні, шырыні, глыбіні пранікнення, якія вылічваюцца ў мі­ліметрах, сантыметрах, метрах; а таксама азімута распасцірання і падзення, вугла падзення (нахілу), якія вылічваюцца ў градусах.

Шырынятрэшчыны – адлегласць паміж сценкамі па нармалі (перпендыкуляры).

Даўжынятрэшчыны – працягласць па распасціранні.

Глыбіняпранікнення – адлегласць, на якую трэшчына прасочваецца па падзенні.

Азімуты распасцірання і падзення, а таксама вугал падзення вылічваюцца аналагічна адпаведным параметрам элементаў залягання слаёў (пластоў).

Усе трэшчыны па генезісуможна падзяліць на два асноўныя тыпы:

  • сколы – вязкія разрывы, утвораныя ў выніку расцяг­ваючых ці сціскаючых тангенцыйных (накіраваных па датычнай да паверхні дэфармацыі) напружанняў; візуальна сколы выглядаюць, як шэраг кулісападобных расколін з невялікім правалам ці, часцей, закрытых;

  • разрывы – крохкія разрывы, утвораныя ў выніку расцягваючых ці сціскаючых нармальных накіраваных па перпендыкуляры да паверхні дэфармацыі напружанняў; разрывы звычайна прадстаўлены асобнымі расколінамі або сістэмай субпаралельных трэшчын, якія маюць пэўную (да дзесяткаў сантыметраў і нават метраў) шырыню паміж сценкамі разарваных парод. Разрывы бываюць адкрытымі або запоўненымі (кальмаці­раванымі) абломкавым матэрыялам ці новаўтворанымі мінера­ламі, часам іншымі па складу, чым дэфармаваная горная парода.

М. Гзоўскі ў працах, прысвечаных вывучэнню дыз’юнктыў­ных дэфармацый парод, дэталёва апісаў фізічныя асновы ўтва­рэння тэктанічных разрываў у аднародным асяроддзі.

1. Вырашальнымі пры дэфармацыі горных парод і ўтварэнні разрываў з’яўляюцца памеры геалагічных цел і петраграфічныя асаблівасці парод.

2. Дыз’юнктыўнае парушэнне ўтвараецца ў выніку рэаліза­цыі тэктанічных напружанняў, велічыні якіх змяняюцца ў за­лежнасці ад працягласці дзеяння напружанняў, варыяцыі тэмпературы і ціску.

3. Утварэнне разрыву прыводзіць да змянення поля напру­жанняў. Адбываецца яго аслабленне ў адных месцах і ўзмацнен­не ў іншых. Пасля ўтварэння трэшчыны змяняецца арыенціроў­ка восей напружанняў, што прыводзіць да ўтварэння новых рас­колаў.

4. У адным месцы можаўтварыцца адна ці больш спалучаных пар плоскасцей сколу ў залежнасці ад змянення лакальнага напружанага стану. Трэшчыны адрыву звычайна арыентаваны пад вуглом не больш за 45да напрамку дзеяння пары сіл (расцяжэння і сціскання).

5. Тэктанічныя напружанні, якія дзейнічаюць у зямной кары,рэалізуюцца на працягу даволі доўгага часу. Пры гэтым дыз’юнктыўныя парушэнні праходзяць некалькі этапаў свайго фарміравання:

а) утварэнне асобных невялікіх разрываў;

б) павелічэнне памераў трэшчын да разломаў;

в) злучэнне асобных разломаў у адзін вялікі глыбінны, які развіваецца як тэктанічная адзінка пэўны час да поўнага зату­хання тэктанічных рухаў уздоўж яго.

6. За час фарміравання вялікіх разломаў бывае змена напрамку і моцы напружанняў, у выніку чаго сколы могуць змя­няцца адрывамі, і наадварот.

Акрамя таго, М. Гзоўскі шмат увагі ў сваіх працах надаваў колькасным метадам аналізу трэшчынаватасці, уключаючы вызначэнне напрамкаў тэктанічных напружанняў па даных даследаванай расколатасці з выкарыстаннем графічнай прасто­равай мадэлі – эліпсоіда дэфармацый.

Асобныя трэшчыны аб’ядноўваюцца ў сістэмы, якія фармі­руюцца ў выніку рэалізацыі тэктанічных напружанняў. Для колькаснай ацэнкі сістэм трэшчынаватасці ўжываюцца характа­рыстыкі:

  • інтэнсіўнасць – колькасць адзінкавых трэшчын на пагонны метр горнай пароды;

  • удзельнае расцяжэнне – працэнтныя суадносіны аб’ёму ад­крытых трэшчын да агульнага аб’ёму даследуемай пароды;

  • лінейны правал – працэнтныя суадносіны плошчы адкры­тых трэшчын да плошчы пароды, якая ўключае трэшчыны.

Вынікі колькаснага аналізу трэшчынаватасці трэба прадстаў­ляць у таблічнай форме, а таксама паказваць графічна ў выгля­дзе руж-дыяграм трэшчынаватасці і іншымі спосабамі.

Сярод сістэм трэшчын акрамя агульнага колькаснага падліку асобных разрываў праводзяць узроставы аналіз трэшчын. У гэтым сэнсе вылучаюць аднаўзроставыя трэшчыны, якія ўтвары­ліся адначасова пад уздзеяннем адных і тых жа тэктанічных на­пружанняў, а таксама рознаўзроставыя, якія ўтварыліся пасля­доўна адна за адной пад уздзеяннем тэктанічных напружанняў. Больш маладой лічыцца трэшчына, якая парушае ўтвораную раней (рыс. 19).

Усю разнастайнасць трэшчын класіфікуюць па шматлікіх крытэрыях, сярод якіх можна назваць наступныя:

  • па канфігурацыі плоскасці разрыву вылучаюць роўныя, няроўныя, хвалістыя, каленападобныя, плоскія, радыяльныя, канцэнтрычныя і інш.;

  • па вуглу падзення плоскасці вылучаюць гарызантальныя (0–5), пакатыя (5–25), слабанахіленыя (30–45), стромкія (45–80), субвертыкальныя (80–89) і вертыкальныя (90);

  • адносна перасякаемых слаёў трэшчыны бываюць падоў­жнымі, якія паралельныя распасціранню слаёў; папярочнымі, якія заклаліся ўпоперак распасцірання слаёў; касыя (дыяганальныя), якія знаходзяцца пад вострымі вугламі да распасцірання слаёў ці структур.

Разрыўныя (дыз’юнктыўныя) дэфармацыі парод, утвораныя ў выніку дзеяння тэктанічных рухаў, называюцца разломамі. Разрыў парод пры разломаўтварэнні абумоўлены як вертыкаль­нымі, так і гарызантальнымі рухамі або іх камбінацыяй (спалучэннем). Звычайна разрывы адбываюцца з бачным зрухам парод.

У парушаных пародах разломы вызначаюцца па кантакце рознаўзроставых парод, брэкчыі трэння, адорвеннях парод з аднаго ці двух крылаў разлому, катаклазітах і міланітах, раскола­тасці парод і г. д.

У рэльефе разломы ідэнтыфікуюцца па каленападобных выгінах рэк, змешчаных і засохлых рэчышчах, выхадах на паверхню падземных водаў і г. д.

На рыс. 20 відаць, што адносіцца да асноўных элементаў разрываў з бачнымзрухампарод (разломаў).

Зрушальнік (плоскасць зруху) – галоўны структурны эле­мент разломаў, па якім адбываецца разрыў і зрух аднаго бло­ка парод адносна іншага. Становішча плоскасці зруху ў пра­сторы характарызуецца колькаснымі паказчыкамі па аналогіі

з плоскасцю структурнай паверхні: азімутамі распасцірання і падзення, вуглом падзення (нахілу).

Лінія зрушальніка – перакрыжаванне паверхні зрушальніка з паверхняй рэльефу.

Бакі, або крылы, разломаў – часткі блокаў парод, якія падзя­ляюцца разломамі; выдзяляюць апушчаны і ўскінуты бакі, або крылы, разлому; адносна плоскасці зруху крылы падзяляюць на ляжачае, якое знаходзіцца пад зрушальнікам, і вісячае, якое знаходзіцца над плоскасцю зруху. Кожнае з крылаў разлому можа быць ахарактарызавана азімутамі распасцірання і па­дзення, вугламі падзення (нахілу). Акрамя таго, велічынязрухублокаў па разломе вызначаецца амплітудай, якая можа быць:

  • сапраўднай – адлегласць паміж дзвюма кропкамі на плос­касці зрушальніка (да зрухугэта была адна кропка)падзя­ляецца:

а) на вертыкальную– вертыкальная складаючая сапраўдна­га зруху роўная адлегласці па вертыкалі паміж кропкамі на плоскасці зрушальніка;

б) гарызантальную– гарызантальнаяскладаючая сапраўд­нага зруху роўная адлегласці па гарызанталі паміж кропкамі на плоскасці зрушальніка;

  • стратыграфічнай – адлегласць паміж зрушанымі сумежнымі кропкамі па нармалі да паверхняў наслаення (падэшвы ці даху).

Стратыграфічная амплітудападзяляецца на вертыкальны і гарызантальны адыходы.Вертыкальны адыход – адлегласць па вертыкалі паміж зрушанымі слаямі, або вертыкальная скла­даючая стратыграфічнай амплітуды.Гарызантальны адыход– адлегласць па гарызанталі паміж зрушанымі слаямі, або гарызантальная складаючая стратыграфічнай амплітуды.

Літалагічна і стратыграфічна разлом адрозніваецца ад акру­жаючых парод і можа разглядацца як самастойнае геалагічнае цела, тэктанічнае ўтварэнне – уласна разлом. Цела разлому ўяў­ляе сабой зону поўных дэфармацый, у абодва бакі ад якой выдзяляюцца зоны трэшчынаватасці на крылах разломаў, якія называюццазонамі дынамічнага ўплыву разлому.

Адносна парушаных адкладаў усе разломы падзяляюцца на канседыментацыйныя, якія ўтвораны адначасова з назапаш­ваннем парушаных парод, і постседыментацыйныя, якія парушаюць пароды пасля іх літыфікацыі.

Усе разломы па кінематыцы падзяляюць на скіды, рассовы, ускіды, насовы, шар’яжы і зрухі.

Скіды– разрывы, пры якіх вісячае крыло знаходзіцца ніжэй за ляжачае і мае вертыкальную амплітуду зруху крылаў. Аднос­на нахілу слаёў у вертыкальным сячэнні (у разрэзе) выдзяляюць згодныя і нязгодныя скіды.

Згодныя скідымаюць такі самы напрамак нахілу, што і парушаныя ім слаі горных парод (рыс. 21).

Нязгодныя скідымаюць адваротны напрамак нахілу, чым парушаныя ім слаі горных парод.

Адносна распасцірання парушаных слаёў у гарызантальным сячэнні (у плане) выдзяляюць падоўжныя, папярочныя, касыя і дыяганальныя скіды.

Падоўжныя скідынакіраваны перпендыкулярна лініі рас­пасцірання парушаных слаёў горных парод ці па лініі падзення.

Папярочныя скідынакіраваны па лініі распасцірання па­рушаных слаёў горных парод.

Касыя скідызакладзены пад пэўным вуглом да лініі распасці­рання парушаных слаёў.

Дыяганальныя скідыпарушаюць слаі па дыяганалі да лініі распасцірання парушаных слаёў.

Скіды з вертыкальным зрушальнікам (вугал падзення 80–90) называюццанармальнымі, з вугламі большымі за 30 –нахіленымі, меншымі за 30–пакатанахіленымі. У выпадках, калі вуглы зрушальнікаў супадаюць з вугламі падзення слаёў, скіды называюццапаслойнымі.

Зрушальнік скідаў можа мець выгляд плоскасці або мець выгнутую ці ўвагнутую канфігурацыю.

Вертыкальная амплітуда скіду можа затухаць на яго закан­чэнні па распасціранні і пераходзіць у складкавую форму (флексуру). Такі скід называеццашарнірным(гл. рыс. 21).

Рассовы– разломы, у якіх бакі (крылы) рассоўваюцца перпендыкулярна плоскасці зрушальніка без вертыкальнай амплі­туды зрушэння. Рассовы ўтвараюцца звычайна ў выніку выгіну слаёў, інтрузій, а таксама рассоўвання блокаў пры спаўзанні. Такія разломы могуць быць раскрытымі або запоўненымі міне­ральнымі ўтварэннямі, вывергнутымі пародамі і г. д. У такіх вы­падках цела разлому не мае слядоў здрабнення парод, бо апошнія назапасіліся без непасрэднага ўдзелу дынамічнага фактару дзеючых геалагічных працэсаў.

Ускіды– разрывы, пры якіх вісячае крыло знаходзіцца вышэй за ляжачае, мае стромкі (60–90) вугал падзення і верты­кальную складаючую амплітудуперамяшчэння крылаў. Зру­шальнік такіх разломаў называеццаўскідвацелем.

Адносна нахілу слаёў у вертыкальным сячэнні (у разрэзе) выдзя­ляюць згодныя і нязгодныя ўскіды.

Згодныя ўскідымаюць такі самы напрамак нахілу, што і па­рушаныя ім слаі горных парод.

Нязгодныя ўскіды маюць напрамак нахілу адваротны пару­шаным слаям горных парод. Так, як і скіды, ускіды падзяляюцца на падоўжныя, папярочныя, касыя і дыяганальныя. Як і ў выпадку скідаў, целы ўскідаў складзены міланітавым і ката­клазітавым рэчывам са шматлікімі люстэркамі слізгання.

Насовы – ускіды з невялікімі вугламі насоўвання вісячага крыла на ляжачае. Яны часта ўтвараюцца на перакуленых або падверненых крылах складак. Паверхня насоўвання вісячага кры­­ла называецца паверхняй насову, якая на перасячэнні з паверхняй рэльефу ўтварае лінію насоўвання, а па ўнутранаму складу прад­стаўлена брэкчыяй і меланжам са шматлікімі люстэркамі слізгання. Насунутыя часткі блокаў называюцца алахтонам, а аснова (ляжачае крыло), на якую заходзіць насоў, – аўтахтонам.

Па генезісу бываюць насовы:

  • разлому, якія сякуць пласт упоперак ці пад вострым вуглом;

  • расцяжэння, якія ўтвараюцца на падверненым крыле перакуленай складкі;

  • сколвання, якія ўтвараюцца ў гарызантальных слаях або ў слаях, якія залягаюць нахілена;

  • накладзеныя, якія парушаюць сфарміраваныя складкі;

  • пластавыя, якія ссоўваюць адзін слой па паверхні іншага;

  • эразійныя, якія перасоўваюць вісячы бок па дэнудзірава­най паверхні ляжачага боку;

  • зрыву, якія ссоўваюць крохкія пароды па больш пластыч­най аснове.

Па марфалогіі франтальнай часткі насовы бываюць:

  • лускаватыя, якія маюць лускападобную (чарапіцападоб­ную) структуру насоўвання;

  • ныраючыя, зрушальнік якіх мае нахіл процілеглы напрам­ку насоўвання;

  • залівападобныя, якія маюць розную гарызантальную ам­плітуду насоўвання па фронтунасову.

Шаряжы (тэктанічныя покрывы) – насовы з пакатымі або гарызантальнымі паверхнямі слізгання алахтону па аўтахтоне. Алахтон шар’яжу можа быць суцэльным або мець некалькі плос­касцей зрыву ці ўтвараць астанцы (адорвенні). Алахтон можа быць старэйшым за аўтахтон і мець вокны прарыву больш маладых парод скрозь старэйшыя.

Шар’яжы маюць у адрозненне ад іншых кінематычных ты­паў разломаў наступныя назвы элементаў будовы:

  • паверхня покрыва, ці паверхня шар’яжу, ці паверхня вала­чэння – мяжа паміж алахтонам і аўтахтонам, якая па ўнутра­намускладу, як і паверхня насову, прадстаўлена брэкчыяй і меланжам са шматлікімі люстэркамі слізгання;

  • лабавая частка – пярэдняя (франтальная) частка шар’яжу са стромка нахіленымі пластамі;

  • корань шар’яжу – найбольш удаленая ад лабавой частка покрыва.

Зрухі– разрывы з перамяшчэннем парод у гарызантальным напрамку. Зрухі звычайна ўтвараюцца ў выніку дзеяння тангенцыйных сіл і суправаджаюць зрушэнне глабальных пліт або тэк­танічных покрываў.

Па арыенціроўцы плоскасці зрушальніка зрухі бываюць вер­тыкальнымі, гарызантальнымі і нахіленымі.

Па напрамку зрушэння зрухі бываюць левымі і правымі. Напрамак зруху вызначаецца па напрамку перамяшчэння проці­леглага крыла разлому адносна таго, які ўзяты за адлік (рыс. 22).

Адносна падзення слаёў бываюць згодныя і нязгодныя зрухі.

Згодныязрухі адпавядаюць напрамку падзення слаёў, аня­згодныямаюць супрацьлеглы падзенню слаёў напрамак зруху.

На заканчэннях зрухаў утвараюцца гарызантальныя складкі, якія называюцца сігмоідамі (гл. рыс. 22).

Пералічаныя вышэй кінематычныя тыпы разломаў рэдка мо­жна знайсці ў чыстым выглядзе, часцей назіраюцца кінема­тычныя камбінацыі разломаў: скіду-зрухі, зруху-скіды, ускіду-зрухі, зруху-ўскіды (рыс. 23). У названых спалучэннях другое cлова абазначае дамінуючы тып разлому, напрыклад зруху-скід – большае значэнне мае вертыкальная складаючая ам­плітуды зрушэння (скід), чым гарызантальная (зрух).

Акрамя камбінаваных дыз’юнктываў вылучаюць таксама спалучэнне разрыўных форм:

  • ступеньчатыя скіды – блокі, падзеленыя скідамі на тэкта­нічныя ступені, якія паніжаюцца ў бок падзення зрушальніка;

  • ступеньчатыя ўскіды – блокі, падзеленыя ўскідамі на тэк­танічныя ступені, якія ўздымаюцца ў бок паўстання зру­шальніка;

  • ступеньчатыя насовы – блокі, падзеленыя ўскідамі на тэк­танічныя ступені,падобныя да чарапіцы;

  • ступеньчатыя зрухі – блокі, падзеленыя ўскідамі на куліса­падобныя тэктанічныя ступені;

  • грабены– адмоўныя паглыбленыя структуры, абмежаваныя двума скідамі (рыфт) ці ўскідамі (рампавы грабен);

  • горсты – дадатныя прыўзнятыя структуры, абмежаваныя двума скідамі ці ўскідамі;

  • клавіятурныя блокі – чаргаванне грабенаў і горстаў.

Пры спалучэнні некалькіх зрушальнікаў разломаў вылучаюць:

  • сінтэтычныя разломы – сістэма разломаў, у якіх падзенне зру­шальнікаў згоднае, гэта значыць, накіравана ў адным на­прамку;

  • антытэтычныя разломы – сістэма разломаў, у якіх падзенне зрушальнікаў нязгоднае, гэта значыць,накіравана ў розных напрамках;

  • перакрыжаваныя разломы – сістэма разломаў, у якіх зру­шальнікі перакрыжоўваюцца на нейкай глыбіні.

Глыбінныя разломы– разломы глыбокага каравога, а магчыма, мантыйнага закладання (працінаюць зямную кару на сотні кіламетраў) з працяглай гісторыяй развіцця, падзяляюць вялікія блокі зямной кары з рознай геалагічнай будовай. Глы­бінныя разломы яшчэ называюцьглабальнымі лінеаментамі, якія па кінематыцы могуць быць скідамі, ускідамі, зрухамі ці іх камбінацыяй, як і астатнія разломы. Глыбінныя разломы звы­чайна ўтвараюць разломныя зоны, гэта значыць,ускладняюцца разломамі розных кінематычных тыпаў, меншых па памерах.