Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.docx
Скачиваний:
12
Добавлен:
28.09.2019
Размер:
519.8 Кб
Скачать

Або катанне на конях

У структуры святочна – абрадавага комплексу Масленіцы быў дзень, калі ў цэнтры ўвагі аказваліся памочнікі чалавека ў працы – коні. У адных мясцінах іх ушанаванне адбывалася ў дакладна вызначаны дзень – 24 лютага, а іншых – чацвер на Масленечным тыдні. Гэта быў дзень пакланення старажытнаславянскаму богу Вялесу, пазней Уласу (Аўласу), богу – ахоўніку хатняй жывёлы. Менавіта таму ў гэты дзень каталіся на конях як ніколі шмат. “ Эта яшчэ даўні абычай. Азначала гэта, што коні луччай будуць весціся ў хазяіна. Гэтыя дні нада абавязкова ездзіць, каб коні луччай вяліся, каб здаравей былі”.

Да гэтага дня звычайна прымяркоўвалі і такую важную падзею, як прыручэнне маладога каня. Яго ўпершыню запрагалі, садзіліся ў сані добры тузін хлопцаў ці мужчын і аб’яджалі на ім усё наваколле. Ездзілі да таго часу, пакуль конь не пачне слухаць каманды гаспадара.

Коні станавіліся галоўнымі ўдзельнікамі яшчэ адной Масленічнай забавы, якая мела назву “Рысталішчы”, або “Прызы”. Абапіраючыся на ўспаміны нашых сучаснікаў, укладальнікі 2-га тома “Традыцыйнай мастацкай культуры беларусаў” адзначаюць, што характэрнай з’явай Віцебшчыны была арганізацыя так званых конных спаборніцтвах: “ Больш багатыя людзі ў час Масленіцы на кірмашах, на азёрах арганізоўвалі “рысталішчы”, якія яшчэ называлі “прызы”, “гонкі”. Да гонак задоўга рыхтаваліся, коней выбіралі самых лепшых, давалі больш корму. Вупражы вычышчалі да зіхацення, упрыгожвалі іх шумёламі, лентамі. Пераможцаў каштавалі ў карчме ці давалі прызы – падарункі”.

У каторы ўжо раз адзначым, што тыя ці іншыя гульні, ігрышчы, забавы выконвалі ў кантэксце свята як утылітарную, забаўляльную ( напрыклад, “Магілёўскія губернскія ведамасці” за 1856 год апісваюць, як святкавалася Масленіца ў самім Магілёве. Аднавячоркам афіцэры з дамамі садзяцца ў вазкі, утвараюць цэлы святочны поезд і з песнямі, у суправаджэнні музыкі, ехалі далёка за ваколіцу горада), так і сакральна – магічную ролю: у вёсках Тухавічы, Дарава, Новае Палессе Ляхавіцкага раёна ў 1994 годзе пад час экспедыцыі мясцовыя жыхары расказвалі пра тое, што катанне на конях мела абрадавы характар. Тут на сані садзіліся маладыя сем’і і ехалі як мага далей, каб такім доўгім улетку быў лён. Той, хто заедзе далей (маглі праехаць нават некалькі вёсак), у таго і лён будзе самы доўгі. Шматлікія інфарматары адзначалі, што якраз катанне на конях у данай мясцовасці было самай галоўнай падзеяй масленечных святкаванняў.

Сімволіка свята

Бліны

Кругласпечаны блін сімвалізаваў сонца, якое абагаўлялася чалавекам у старажытнасці, бо яно давала не толькі цяпло і святло, а і абуджала жыццё на зямлі.

Спальванне саламянага пудзіла

У адных мясцінах Беларусі сімвалам заканчэння зімы было спальванне саламянага чучала дзеда або бабы, у іншых – там, дзе адсутнічала ігрышча “Дзед касцёю падавіўся”, “Баба сырніцай падавілася” – у апошні дзень свята рабілі саламянае чучала Масленіцы, або Масленіка. У гэтым абрадавым дзеянні мелі права прымаць удзел толькі жанчыны сярэдняга веку і ў некаторых выпадках дзеці. Людзі збіраліся ў адной хаце, а кожны, хто прыходзіў рыхтавала чучала, нёс з сабой салому, гародніну ( буракі, моркву, салёныя агуркі і капусту ), старыя лахматы, торбу – адным словам, усё тое, што неабходна было для стварэння сімвалічнага вобраза паміраючай Зімы.

У адной мясцовасці рабілі чучала Масленіцы ў выглядзе жанчыны з адпаведнымі гіпертрафіраванымі адметнасцямі полу, у другіх – Масленіка, мужчыны, для стварэння вобраза якога выкарыстоўвалі вялікія буракі і моркву, што павінна было падкрэсліць яго колішнюю гіперсексуальнасць.

Пад вечар чучала ўмацоўвалі на санях, правозілі па ўсёй вёсцы, а затым вывозілі на пагорак, на ўзвышша і спальвалі на захадзе сонца на спецыяльна падрыхтаваным вогнішчы.

Сімвалізацыя масленічнага вогнішча

Нагадаем адну паралель. Тыя, хто прымаў удзел у калядаванні ( рабілі маскі, перапраналі, або надзявалі адзенне на левы бок, гэта значыць уступалі ў абрадавы кантакт з сіламі “таго” свету), абавязкова павінны былі зрабіць тое, што робім мы і да гэтага часу, калі вяртаемся з могілак пасля пахавання: мы мыем толькі рукі, таму што якраз яны былі ў кантакце з “тым” светам

- імі кідалі тры жменькі зямлі ў магілу. Калядоўшчыкі павінны былі цалкам ачысціць сябе ад энеогетычнага кантакту з душамі памёршых продкаў, таму на Вадохрышча яны купаліся ў палонцы пасля яе асвячэння святаром.

Тое ж самае адбывалася і на прыканцы святкавання Масленіцы

(нагадаем, што аналагічны абрад ачышчэння будзе абавязковай складовай напярдадні святкавання Вялікадня – у Чысты чацвер). Фактычна ўсё насельніцтва вёскі прымала ўдзел у падрыхтоўцы святочнага вогнішча.

Сёння, дзякуючы сродкам масавай інфармацыі і этнаграфічнай літаратуры, мы ведаем пра тое, што многія народы Заходняй Еўропы, і асабліва італьянцы, у навагоднюю ноч выкідвалі праз вокны непатрэбныя або састарэлыя рэчы. Тая ж самая традыцыя была характэрная і для ўсходнеславянскіх народаў, толькі яна рэалізоўвалася не на Каляды, а на Масленіцу. Прадстаўнікі кожнай вясковай сям’і павінны былі прынесці да рытуальнага кастра якую – небудзь старызну: паламаны кош, сапсаваную барану, лапці – істопкі, дзеркачы, перацёртую салому з сеннікоў, кавалак анучы. Гэтым самым людзі ачышчалі падворак, вуліцу, усе збудаванні і рыхтавалі сваю асвоеную прастору да веснавога абуджэння і абнаўлення.