Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Курсовая. Дипломная.doc
Скачиваний:
23
Добавлен:
22.02.2016
Размер:
189.95 Кб
Скачать

Патрабаванні да напісання курсавой работы

Згодна вучэбных планаў курсавыя работы, прысвечаныя праблемам гісторыка-тэарэтычнага вывучэння мастацтваў, пішуцца на другім і пятым курсах. Іх напісанню папярэднічаюць вывучэнне гісторыі мастацтваў і мастацтвазнаўства, семінары па мастацтва­знаўстве, практыкумы па рэцэнзаванні, практычныя заняткі па аналізу твораў мастацтва і інш. Пашырэнню навукова-практычных ведаў у галіне мастацтва спрыяюць музейныя экспазіцыі, наведванне тэатраў і канцэртных залаў, мастацтвазнаўчыя экскурсіі па гісторы­ка-культурных цэнтрах Беларусі. Такім чынам, да часу напісання курсавой работы студэнты павінны мець неабходныя веды і навыкі аналітычнага асваення мастацкага твора.

Курсавая работа носіць вучэбна-даследчы характар і ў далей­шым можа стаць асновай для навуковай дзейнасці. Пры напісанні курсавой работы студэнт асвойвае методыку даследавання, авалод­вае спецыяльным тэрміналагічным апаратам, навуковым інструмен­тарыем, выпрацоўвае першасныя навыкі навуковага падыходу да прадмета даследавання.

Асноўная мэта курсавой работы – фарміраванне навыкаў і авалодванне метадамі даследавання таго ці іншага пытання ў галіне мастацтвазнаўства; набыццё ўмення стылістычна правільна і лагічна выказваць свае думкі ў пісьмовым выглядзе і фармуляваць вынікі навуковага пошуку.

У межах вызначанай мэты фармулюцца задачы курсавой работы:

– акрэсліць праблемнае поле (аб’ект даследавання) і асноўную, вызначальную сутнасць (прадмет даследавання) курсавой работы;

– засвоіць навыкі працы з навукова-аналітычнай і рэпрадуцыйна-выдавецкай (мастацкія альбомы, нотныя выданні, аўдыа- і відэазапісы) літаратурай;

– набыць вопыт сістэматызацыі (структурыравання) навуковага матэрыялу, яго асэнсавання і аргументаванага выказвання сваіх думак;

– засвоіць прынцып параўнальнага аналізу асноўнай і дадатковай літаратуры;

– авалодаць навуковым інструментарыем (тэрміналогія, навуко­вы падыход да вывучаемага матэрыялу, самастойнасць асваення і аналізу матэрыялу і інш.);

– асвоіць практыку лагічнага, паслядоўнага выказвання сваіх думак і пераказу іх ў пісьмовым выглядзе.

Праца над курсавой работай прадугледжвае выбар тэмы, падбор навуковай інфармацыі – мастацтвазнаўчай літаратуры і ілюстрацый­нага матэрыялу, распрацоўку структуры курсавой работы, напісанне тэксту, афармленне курсавой работы.

Выбар тэмы

Першая мастацтвазнаўчая курсавая работа, якую студэнты пішуць на ІІ курсе, павінна мець абагульнены і асэнсаваны матэрыял, які быў засвоены падчас вывучэння гісторыі традыцый­ных мастацтваў (музыка, тэатр, выяўленчае мастацтва). Атрыманыя веды сінтэзуюцца ў тэксце курсавой, дзе раскрываюцца логіка і асноўныя заканамернасці развіцця мастацтваў з аналітычнай апорай на найбольш значныя, этапныя творы.

У дадзенай курсавой за ІІ курс выяўляюцца і правяраюцца канкрэтныя веды студэнта ў галіне гісторыі мастацтваў, яго ўменне самастойна (безумоўна ж, пры кансультаванні навуковага кіраўніка) ахарактарызаваць пэўныя з’явы, творы, гістарычныя перыяды, творчасць асобных мастакоў, кампазітараў, акцёраў – г. зн., перш за ўсё, умець акрэсліць і абагульніць тую інфармацыю, тыя веды, набытыя ў аб’ёме вучэбных курсаў па гісторыі мастацтваў.

Курсавая работа на V курсе пашыраецца за кошт новых аб’ектаў даследавання (дадаюцца экранныя мастацтвы, якія ўжо асвоены згодна вучэбнага плана), характарызуецца самастойнасцю студэнта навукова мысліць і павінна мець элемент навізны. У такім разе студэнту (пры кансультаванні навуковага кіраўніка) важна знайсці свой ракурс аналізу той ці іншай з’явы ў мастацтве, вызначыць свой сучасны погляд на гістарычныя факты, сінтэзуючы вядомы тэарэтыка-крытычны матэрыял, знайсці праблемны аспект, які яшчэ не раскрыты ў мастацтвазнаўстве ці вырашаны недастатко­ва поўна. Бо навука аб мастацтве не стаіць на месцы: мяняецца не толькі само мастацтва, навука аб ім, але і погляд на яго, які ў кожнага новага пакалення, у кожнага чалавека свой, адметны.

Самастойны выбар тэмы курсавой работы паказвае цікавасць і схільнасць студэнта да даследавання той ці іншай галіны мастацтва з магчымай перспектывай глыбей і шырэй раскрыць вызначаную тэму ў дыпломным ці магістэрскім праектах.

Імпульсам для выбару тэмы можа стаць якое-небудзь вельмі яскравае эмацыянальнае ўражанне ад твора, які студэнт убачыў ці пачуў у канцэртнай зале, у музейнай экспазіцыі, на тэатральнай сцэне ці кінаэкране, а таксама жаданне папоўніць недахоп ведаў пра творчасць таго ці іншага мастака, кампазітара, выканаўцы, або нейкай з’явы ці факта ў гісторыі мастацтваў. Такое лагічнае тлумачэнне самому сабе эмацыянальнага руху думкі становіцца змястоўным ядром курсавой работы.

Калі на ІІ курсе тэма курсавой работы абмежавана адным з відаў мастацтва, то на V курсе пажадана тэму раскрываць на матэрыяле ўсіх відаў мастацтва (асабліва гэта тычыцца спецыялізацыіі “кампаратыўнае мастацтвазнаўства”). Такім чынам, выбар тэмы залежыць ад індывідуальнасці студэнта. Навуковы кіраўнік дапаможа адкарэкціраваць ракурс ці аспект курсавога даследавання, удакладніць фармулёўку тэмы, параіць вызначэнне межаў дасле­давання, каб яно было дастаткова канкрэтным і магло быць раскрыта ў аб’ёме курсавой работы.

Пералік тэм курсавых работ па гісторыі мастацтва на кафедры беларускай і сусветнай мастацкай культуры прынцыпова не прапа­нуецца. Тэму курсавой работы студэнт выбірае самастойна.

Але вызначэнне тыпаў курсавых работ неабходнае.

Тэматыка курсавых работ на ІІ курсе вылучаецца разнастай­насцю жанраў студэнцкай навуковай працы: гісторыка-канцэптуаль­ныя (дзе раскрываюцца заканамернасці мастацкага працэсу пэўнага гістарычнага перыяду), “панарамныя” (дзе даецца шырокі зрэз мастацкага працэсу ў межах розных відаў мастацтва), манаграфіч­ныя (прысвечаныя творчасці мастака ці кампазітара), жанрава-аналітычныя (дзе разглядаюцца асаблівасці фарміравання таго ці іншага жанру ў мастацтве – партрэта, пейзажа, нацюрморта, санаты, сімфоніі, інструментальнага канцэрта, оперы, балета, драмы, каме­дыі і інш.), тэарэтыка-сэнсавыя (прысвечаныя вывучэнню вобразна-сімвалічнага мыслення, кананічных устанаўленняў, сімволіцы гука і колеру ў мастацтве таго ці іншага творцы, той ці іншай мастацкай эпохі) і г. д.

На V курсе вышэйназваная тэматыка можа стаць асновай для напісання курсавой работы, але яна можа пашырыцца “ў прасторы і часе”, наблізіцца да сучаснай інтэрпрэтацыі. Вывучэнне і аналітыч­нае асэнсаванне сучаснага мастацтва (як і ўвогуле мастацтва ХХ ст.) – вельмі складаная задача. У гэтым выпадку студэнт павінен прая­віць уменні свабодна мысліць, знаходзіць тэмы і праблемы, якія яшчэ не раскрыты ў мастацтвазнаўстве ці вырашаны недастаткова поўна. Вывучэнне сучаснага (у тым ліку беларускага) мастацтва можа абапірацца на аналіз публікацый з перыядычнага друку, матэрыялы з архіваў, фотаілюстрацыі, гуказапісы, інтэрв’ю сучас­нікаў, успаміны аб жыцці і творчасці аўтараў. Такім чынам будуць сабраны каштоўныя дакументальныя звесткі, што значна ўзбагаціць не толькі студэнцкую работу, але і сучаснае мастацтвазнаўства.

Курсавая работа на V курсе можа быць прысвечана аналітыч­наму асэнсаванню тэорыі мастацтваў – вывучэнню праблем формы і зместу, г. зн. мовы мастацтва, яго жанравай спецыфікі, асаблівасцей кампазіцыі, рытму, колеру і гуку, гармоніі і каларыту і г.д. Прадме­там даследавання можа стаць і само мастацтвазнаўства, яго гісторыя і тэорыя, эпісталярная спадчына пэўных мастакоў, кампазітараў, дзеячоў тэатра, мемуарная літаратура, мастацкая крытыка.

Курсавая работа любога тыпу можа перарасці ў больш глыбокае і сур’ёзнае даследаванне – дыпломнае. Таму старайцеся захоўваць увесь свой рабочы матэрыял (выпіскі, картатэкі, фатаграфіі і ксеракопіі, бібліяграфічныя спісы і каталогі). Паколькі курсавыя работы студэнтам не вяртаюцца, рэкамендуецца рабіць іх у двух экзэмплярах і адзін абавязкова пакідаць сабе.